«Сакрэт поспеху на рабоце – рабі тое, што табе даручана, спакойна і якасна, нібы ты робіш гэта для Госпада».

З такіх слоў пачалася наша размова з адным з самых вопытных супрацоўнікаў філіяла «Каапнарыхтпрам» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Наталляй Крапіўкінай – тавараведам першай катэгорыі. Сёлета пры падвядзенні вынікаў работы за 2022 год Белкаапсаюзам ёй прысуджана ганаровае званне «Чалавек года» ў намінацыі «Лепшы таваравед».

Нарадзілася Наталля Іванаўна ў Івацэвічах, скончыла СШ № 3. Зусім юнай уладкавалася яна на працу спачатку ў гастраном, стала фасоўшчыцай, потым прадаўцом, завочна скончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Яшчэ ў 1987 падчас вучобы Наталлі Крапіўкінай прапанавалі пасаду статыста ў «Каапнарыхтпраме», а праз год перавялі ў тавараведы, тут і засталася яна да сённяшняга дня. Працоўны стаж Наталлі Крапіўкінай у гэтай галіне – 36 гадоў, у 2017 годзе яна была ўзнагароджана ганаровым нагрудным знакам «30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі». Абраная прафесія ёй падабаецца, сваёй адданасцю рабоце і адказнасцю таваравед заслужыла ў калектыве павагу.

У службовыя абавязкі тавараведа ўваходзіць каардынацыя работы па нарыхтоўцы і рэалізацыі сельскагаспадарчай, плодаагародніннай і дзікарастучай прадукцыі.
Пра водпуск летам звычайна застаецца толькі марыць, адзначае Наталля Іванаўна, бо пачынаючы з мая і па кастрычнік – у нарыхтоўшчыкаў гарачая пара. І толькі сёлета ўдалося выкраіць два тыдні чэрвеня, каб адпачыць. Ды і знаходзячыся ў водпуску, Наталля Крапіўкіна турбуецца пра работу, бо наступае сезон нарыхтоўкі чарніц. Не лічыцца з асабістым часам і ў працоўныя дні, у гарачы сезон часта бывае, што яе рабочы дзень не заканчваецца як у большасці ў 17.00, неабходна вырашаць бягучыя пытанні, таму часта да позняга вечара трэба быць на провадзе з нарыхтоўшчыкамі: колькі нарыхтавана прадукцыі за дзень, колькі патрэбна тары, грошай… У яе кампетэнцыі закупка і нарыхтоўка сыравіннай прадукцыі, а пасля размеркаванне і сбыт па заяўкам, пры гэтым патрэбна яшчэ граматна наладзіць лагістыку.

– На сёння ў нас працуе восем штатных нарыхтовачных пунктаў, яшчэ 25 пазаштатных пунтаў пачнуць сваю работу на даму з пачаткам сезона – з 1 ліпеня на час нарыхтоўкі дзікарастучай прадукцыі: чарніц, грыбоў і журавін. У тых населеных пунктах раёна, дзе журавіны не растуць, работа нарыхтоўшчыка заканчваецца раней, пасля завяршэння збору чарніц, – тлумачыць Наталля Іванаўна.

Ёсць сярод нарыхтоўшчыкаў пастаянныя, якія добра сябе зарэкамедавалі і працуюць ужо не адзін год. Пераважна гэта пенсіянеры, але ёсць і моладзь. Наталля Іванаўна сярод іншых адзначае добрую работу Людмілы Данілаўны Хоміч з в. Вялікая Гаць, Тамары Міхайлаўны Камяк, знакамітага фермера з Коланска, Алены Мікалаеўны Богач з Магіліц.

І нават зімой работы ў Наталлі Крапіўкінай менш не становіцца. Акрамя каардынацыі работы нарыхтовачных пунктаў таваравед у адказе і за работу стабілізацыйнага фонду плодаагародніннай прадукцыі, каб на працягу ўсяго года яна без перабояў была на прылаўках магазінаў і праблем з запасамі вітаміннай прадукцыі ў насельніцтва не ўзнікала. Ноўшаства гэтага года – «Каапнарыхтпрам» дастаўляе плодаагароднінную прадукцыю і ў сельскія магазіны, а раней дастаўлялі толькі каўбасную. І хоць сельскі жыхар у асноўным забяспечвае сябе дадзенай прадукцыяй, на сяле асабліва попыт узрастае на раннюю прадукцыю ў перыяд міжсезоння.

– У цэлым жа работа калектыву залежыць ад разумнага кіраўніка, які накіроўвае, матывуе і вядзе за сабой. Пад кіраўніцтвам Сягея Іванавіча надзейна і спакойна, – лічыць Наталля Іванаўна. – У калектыве не дзеляць работу на тваю і маю, калі трэба, то пасля асноўнай працы пераапранаемся і дапамагем на складзе. Патрэбна і ўзаемапаразуменне з насельніцтвам. Часта да нас звяртаюцца людзі з просьбай даставіць сабраную другасную сыравіну. Калі гэта пажылы чалавек, у якога няма магчымасці даставіць яе, то кіраўніцтва заўсёды знаходзіць спосабы дапамагчы. Няважна, хто звярнуўся з просьбай, кожную трэба разгледзець.


Упэўнены, што зладжаная і якасная работа філіяла «Каапнарыхтпрам» і забяспечваецца такімі адказнымі, і ў той час сціплымі работнікамі, як Наталля Крапіўкіна, якая шмат гадоў бездакорна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі.

– Наталля Іванаўна – работнік, які адносіцца патрабавальна да сябе і іншых, ставіцца адказна да работы. Філіял шматгаліновы, займаецца як вытворчай дзейнасцю, так і нарыхтоўчай, экспартнай, рознічным гандлем, аказвае платныя паслугі, і ва ўсім наш таваравед разбіраецца. За шматгадовую працу вывучыла не толькі свой напрамак работы, яна кампетэнтная ва ўсіх пытаннях нашай дзейнасці. Я вельмі рады супрацоўнічаць з такімі вопытным спецыялістам і спадзяюся на доўгую сумесную работу, – так характарызаваў падначаленую дырэктар філіяла «Каапнарыхтпрам»
Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Сяргей Іванавіч Вабішчэвіч.

Стартуе сезон нарыхтоўкі чарніц

А мы, карыстаючыся выпадкам, пацікавіліся ў Сяргея Іванавіча пра сёлетнюю нарыхтоўку чарніц, якая стартуе ўжо сёння:

– Як справы з ураджаем чарніц сёлета і якой закупачнай цаны чакаць насельніцтву?
– Напэўна, ураджаю будзе менш, чым у мінулым годзе. З 1 ліпеня пачынаецца актыўная нарыхтоўка ягаднай сыравіны. Улічваючы, што з мінулага года засталіся запасы, у тым ліку і ў нашых калег, у камерцыйных структурах (дарэчы, чарніцы могуць захоўвацца на працягу двух гадоў), чакаць высокай цаны на чарніцы не варта, яна будзе вагацца прыкладна ў 1,5 – 2 рублі. Наша задача сёлета – максімальна ўзяць і максімальна рэалізаваць.

– Зараз дазволена збіраць чарніцы ягаднымі ручнымі камбайнамі. А ці будзе адрознівацца кошт чарніц, сабраных рукамі, чыстых, ад сабраных камбайнам?
– Сёння паняцця чыстая ягада амаль няма, вельмі мала паступае сабранай рукамі ці ачышчанай ад лісця. Але калі такія чарніцы ўсё ж паступаюць, то іх стараемся накіраваць на продаж у розніцу, таму што кожны спажывец хоча купіць чыстыя ягады і мець менш клопату з імі. Экспартныя пакупнікі найбольш бяруць ягады з лісцем, таму што яны лепш захоўваюцца і маюць лепшыя смакавыя якасці. Ачытска праходзіць ў замарожаным выглядзе. Былі і пакупнікі, якія закуплялі чарніцы на канфіцюр, іх патрабаванне – ягады павінны быць класу А, нават без пладаножкі, але гэта дататковыя расходы, каб іх ачысціць. У большасці ягады бяруць з лісцем.

– У якіх аб’ёмах і як плануеце ажыццяўляць збыт чарніцаў?
– Пакуль складана меркаваць і ставіць прагнозы на гэты сезон у сувязі з санкцыямі. Еўрапейскі рынак, у прыватнасці Польша і Прыбалтыка, на сённяшні дзень адмаўляюцца купляць ягады. Таму разлічваем на расійскі рынак. У мінулым годзе рэалізацыя на расійскі рынак была паспяховая, перагаворы вядуцца і ў гэтым, але закупачную цэну яны даюць нізкую, так як разумеюць, што будзе вялікая прапанова. Па Беларусі кожны год ажыццяўляем продаж на рынак – Брэст, Мінск, у мясцовую рознічную таргоўлю, таксама магчыма рэалізацыя на кансервавыя камбінаты, якія займаюцца вытворчасцю дзіцячага харчавання. Хаця экспартная цана больш выгадная. У тыя гады, калі аб’ёмы нарыхтоўкі былі вялікімі, то чарніцы ішлі на перапрацоўку і на вінзаводы, кансервавыя камбінаты, магчыма, у гэтым годзе таксама прыдзецца разгледзець і гэтыя варыянты. Але пакуль прагноз ставіць рана, неабходна зразумець, як актыўна пойдзе насельніцтва на збор ягад, адапаведна будуць і прапановы па заключэнні дагавораў з беларускімі заводамі.

Спадзяёмся, сёлетні год будзе багаты на ўраджай плодаагародніннай прадукцыі і не толькі і супрацоўнікі філіяла «Каапнарыхтпрам» зробяць важкі ўнёсак у харчовую бяспеку як раёна, так і краіны.

Аксана Цярэшка.
Фота Таццяны Дылюк.

Поделиться