На адным тыдні калектыў участка адзначае адразу дзве значныя даты – дзень заснавання і прафесійнае свята. 1 верасня 2000 года наваспечаны калектыў у 10 чалавек з нуля пачынаў вялікі і адказны шлях у газавай справе на Целяханшчыне.

Усяго на Целяханскім участку сёння пяць пенсіянераў: былы старшы майстар Яўген Самуйліч, слесар-вадзіцель аварыйнай службы Вячаслаў Дзямчыла, вадзіцель небяспечных грузаў Мікалай Купрыянчык, слесар аварыйнай службы Міхаіл Мілеўскі і кладаўшчык Аляксей Ланец. Усе яны ўспамінаюць, як 22 гады таму перанялі ў гаспадарак вялікі пласт работы – дастаўку газавых балонаў па 22 населеных пунктах у Целяханскай зоне, а быў час, калі нашы газавікі абслугоўвалі яшчэ шэсць вёсак суседняга Пінскага раёна.

– У нас былі машыны з дзвюма касетамі на 58 балонаў, і яны, поўныя пад завязку, курсіравалі па сёлах, – успамінае былы кіраўнік Яўген Самуйліч. – Пад 90 балонаў за дзень мянялі нашы хлопцы. Раней амаль у кожнай хаце стаялі тыя балоны, аднаго на месяц магло і не хапіць на вялікую сям’ю. За намі ж былі яшчэ ўстаноўка і рамонт газавага абсталявання, некалькі гадоў на ўчастку дзейнічала паўнавартасная аварыйная служба ў кругласутачным рэжыме. Толькі ў 2014 г. мы пераехалі ў абноўлены будынак па вул. Савецкай. Да гэтага месціліся на базе Целяханскай ЖКГ.

Яшчэ пенсіянеры ўспаміналі, як у пачатку 2000-х з-за моцных маразоў у Целяханах без ацяплення засталіся дзясяткі кватэр або з-за пэўных непаладак у 120 кватэрах у Амяльной вырубіліся калонкі… За ноч трэба было прывесці ўсё ў рабочы стан. Пенсіянеры арганізацыі не абдзеленыя ўвагай, штомесяц яны атрымліваюць даплату да пенсіі і розныя бонусы да святочных дат, яны заўсёды пажаданыя госці на ўчастку. І шчыра радуюцца пенсіянеры за маладое пакаленне, якому зараз, мяркуюць, прасцей і зручней працаваць. Так, на змену тагачасным маршрутным картам прыйшлі планшэты з праграмай «Панарама» з падрабязнай тэлеметрыяй.

Ужо пяць гадоў калектывам у 14 чалавек кіруе старшы майстар Мікалай Мароз. У 2017 годзе ўраджэнец Пінска пачынаў работу на Целяханскім участку слесарам, а ўжо праз год узначаліў невялікі, але вельмі бойкі і працаздольны калектыў. Падначаленыя звярнулі ўвагу – кіраўніцкі шлях Мікалай Мікалаевіч пачаў з закладкі яблыневага саду на тэрыторыі ўчастка, а яна немалая – 1,2 га. Ужо тады стала зразумела: на чале арганізацыі – гаспадар. Таму зараз тут ужо здымаюць неблагі ўраджай яблык, а разам з тым і працоўных дасягненняў нямала. На тэрыторыі ўзорны парадак: нядаўна сваімі сіламі адрамантавалі ганак у адміністрацыйным будынку, тут ёсць участак для рамонту і абслугоўвання трох аўтамабіляў, склад балонаў, матэрыяльны склад, свая невялікая аўтамыйня.

Участак абслугоўвае 19 вёсак і г. п. Целяханы. Працягласць участка вялікая, ад Целяхан да Рудні ці да той жа Гошчы шлях у 25 км. А кожны тыдзень у самыя аддаленыя вёскі павінна завітаць машына з дастаўкай балонаў людзям. З 19 пунктаў газіфікаваныя Целяханы, Горталь, Амяльная, Святая Воля, Вулька-Целяханская, Глінная, Соміна і Турная – па гэтых вёсках праходзіць 111 км газаправодаў. У астатнія вёскі едзе машына з балонамі. Прыёмшчыкі заказаў працуюць з панядзелка па суботу з 8.00 да 20.00, а вадзіцелі разам са слесарам едуць па 8 маршрутах. Мясцовыя газавікі прызнаюцца: нават калі па нейкіх прычынах вясковец не паклапаціўся пра заяўку загадзя, то без газу старэнькую бабулю ці сям’ю з дзецьмі ні ў якім разе не пакінуць, маршрут скарэкціруюць. Такіх абанентаў, спажыўцоў балоннага газу, на Целяханшчыне 2 032.

– Калі я прыйшоў сюды на работу, балонамі карысталіся каля 3 600 абанентаў, – дзеліцца Мікалай Мароз. – Сёння павялічылася газіфікацыя на сяле, а яшчэ паступова змяншаецца сельскае насельніцтва. Але наш фронт работ пад зямлёй – 111 км газаправодаў, за намі абслугоўванне трох газаразмеркавальных пунктаў (ГРП) і сямі шафных рэгулятарных пунктаў (ШРП). У дзень мы прымаем да пяці рамонтных заявак. Сюды дадайце яшчэ сезоннае тэхнічнае абслугоўванне катлоў, праточных воданагравальнікаў і газавых пліт – іх у суме 1 678. За месяц нашы работнікі наведваюць каля ста адрасоў.

– Мікалай Мікалаевіч, у чым складанасць работы газавікоў, як лічыце?
– Я буду казаць аб рабоце ўсёй службы. Мабыць, івацэвіцкім калегам трошкі прасцей – дастаўкай, рамонтам, абслугоўваннем там займаюцца розныя службы. У нас жа кожны павінен быць універсалам: і падыход да чалавека знайсці, і ўстанавіць тую ж пліту, і даставіць балон. А адказнасці на нас, газавіках, не менш чым на ўрачы ці на выратавальніку. Так, калі толькі выйдзе са строю наш газаразмеркавальны пункт у Целяханах, то без газу рызыкуюць застацца каля 900 дамоў і кватэр. Калі гэта трымаеш у галаве, то ніколі не будзеш спаць спакойна. Гэта разумее кожны ў камандзе, і я калектыву вельмі ўдзячны! Віншую калег з прафесійным святам і шчыра дзякую за адданасць працы!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться