Новы статус – ганаровае імя вядомага пісьменніка, этнографа, краязнаўцы і Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна Алеся Зайкі – Косаўская СШ атрымала 4 ліпеня 2022 года.
У Год гістарычнай памяці гэтая падзея асабліва значная для жыхароў Косаўшчыны. Алесь Зайка – выпускнік Косаўскай СШ 1966 года, слаўны сын беларускай зямлі, які пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. Насіць імя Алеся Фаміча абавязвае да многага – добра вучыцца, быць дастойным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, насіць у сэрцы іскру яго энергіі, папаўняць чашу яго любові да роднай зямлі. Раздзяліць радасць гэтай падзеі і павіншаваць вучняў і першакласнікаў школы з Днём ведаў прыехала многа ганаровых гасцей. У іх ліку – кіраўніцтва аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама, сябры і паплечнікі Алеся Зайкі, пісьменнікі і ветэраны педагагічнай працы, сваякі Алеся Фаміча, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў горада.
Пасля ўрачыстасці адбылася цёплая сустрэча паплечнікаў Алеся Зайкі і педагогаў у літаратурнай гасцёўні школы, дзе была зроблена да гэтага важнага дня ў гісторыі школы цікавая прэзентацыя, а жывыя ўспаміны пра Алеся Фаміча застануцца ў памяці.