ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

article2494.jpg

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 7-8 чэрвеня ў Мінску. Напярэдадні быў дадзены старт шэрагу знакавых для беларуска-расійскага супрацоўніцтва мерапрыемстваў. У іх ліку Дні Масквы ў Мінску, IV Расійска-беларускі маладзёжны форум, I Фестываль рэгіянальных тэлекампаній Беларусі і Расіі "Вобраз часу" і іншыя. Спецыяльна да Форуму рэгіёнаў прымеркавалі і міжнародную выстаўку "Белагра-2016", якая прайшла на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 і аб'яднала 535 кампаній з 23 краін свету.

У час форуму прайшло пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Арганізавана 9 секцый: "Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны насельніцтва", "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст", "Расійска-беларускае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Стан і перспектывы развіцця", "Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Стан і перспектывы развіцця", "Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі", "Арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі - важнейшы рэсурс захавання здароўя нацыі. Узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі", "СМІ як значны фактар міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, фарміравання агульнай прасторы гуманітарных каштоўнасцей Саюзнай дзяржавы", "Паглыбленне гандлёва-эканамічных сувязей рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь як важны фактар у забеспячэнні харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы", "Развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў прамысловай сферы".

У другі дзень форуму адбылося пленарнае пасяджэнне на тэму "Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы". На пасяджэнні выступілі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва іншых органаў улады дзвюх краін.

Удзельнікамі форуму сталі парламентарыі, кіраўнікі федэральных і рэгіянальных органаў улады, прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін.

Мэта форуму - пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, наведалі 26-ю Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Белагра-2016". Да ўдзелу ў форуме прэзідэнты правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін.

Лукашэнка адзначае неабходнасць зняцця абмежаванняў ва ўзаемным гандлі з Расіяй

Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Павышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расіян садзейнічала б зняцце яшчэ існуючых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эканамічны крызіс павінен з'яднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках. "Вырашэнне гэтых задач у беларуска-расійскай "двойцы" дапаможа развіццю іншых фарматаў інтэграцыйнага аб'яднання", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым канстатаваў, што ўжо не раз адзначаўся значны рух наперад Саюзнай дзяржавы ў плане інтэграцыі, і на гэты вопыт у тым ліку арыентуюцца іншыя інтэграцыйныя аб'яднанні постсавецкай прасторы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў гатоўнасць у ходзе цяперашняй сустрэчы абмеркаваць злабадзённыя пытанні двухбаковых адносін. "Закрытых тэм ні ў нас, ні ў Расіі няма. Упэўнены, што па ўсіх праблемах мы зможам знайсці рашэнні ў духу нашых саюзніцкіх адносін", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Актывізацыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дасць магчымасць паскорыць аднаўленне тавараабароту Беларусі і Расіі - Лукашэнка

"У міжрэгіянальным супрацоўніцтве сканцэнтраваны вялікі патэнцыял, які можа паскорыць тэмпы аднаўлення аб'ёмаў узаемнага тавараабароту Беларусі і Расіі. Мы ж, абмяркоўваючы праблемы на вышэйшым узроўні, павінны паказаць рэгіянальнай вертыкалі прыклад канструктыўнага і рэзультатыўнага супрацоўніцтва. Мы вызначаем нейкі вектар нашага руху на вышэйшым узроўні", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што бакам пакуль не ўдалося змяніць негатыўную дынаміку тавараабароту. Так, аб'ём узаемнага гандлю за студзень-красавік 2016 года склаў $7,6 млрд, знізіўшыся да ўзроўню аналагічнага перыяду 2015 года амаль на 12 працэнтаў. Экспарт Беларусі ў Расію дасягнуў амаль $3 млрд, скараціўшыся да адпаведнага перыяду мінулага года прыкладна на 6 працэнтаў. Імпарт з Расіі склаў больш за $4,5 млрд і знізіўся на 15 працэнтаў. "Але, што прыемна, дзякуючы нашым скаардынаваным намаганням у пераадоленні наступстваў эканамічнай нестабільнасці ў свеце тэмпы спаду тавараабароту значна запаволіліся. Калі па выніках чатырох месяцаў мінулага года ўзаемны тавараабарот знізіўся на 30 працэнтаў, то ў гэтым годзе зніжэнне склала амаль 12 працэнтаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Спадзяюся, што ў ходзе сумеснай работы мы зможам знайсці рэзервы для замацавання станоўчай тэндэнцыі".

Саюзная дзяржава па многіх параметрах можа служыць прыкладам для іншых інтэграцыйных структур

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Дваццаць гадоў таму мы пачалі рэалізацыю інтэграцыйнага праекта, нацэленага на забеспячэнне эфектыўнага эканамічнага і сацыяльнага развіцця нашых дзяржаў, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Без перабольшання можна сказаць, што ў сацыяльна-гуманітарнай сферы мы ўжо дасягнулі такога ўзроўню развіцця, які не толькі не ўступае, але і па многіх параметрах можа служыць прыкладам для іншых наднацыянальных, інтэграцыйных структур".

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, што вынікі саюзнай работы бачны і зразумелы не толькі палітыкам, але і простым людзям.

Ён выказаў упэўненасць, што і ў далейшым будзе прадаўжацца канструктыўная і плённая работа на карысць дзвюх народаў і дзяржаў.

Прэзідэнт Беларусі таксама ўпэўнены, што цяперашні форум стане значным этапам на шляху вырашэння агульных задач.

Беларусі і Расіі ва ўмовах сусветнага крызісу важна аб'яднаць намаганні

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што прадоўжыць пошук новых агульных падыходаў у розных сферах Беларусь і Расія змогуць толькі пры дынамічным развіцці эканомік. "Бясспрэчна, стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дало магчымасць у значнай ступені актывізаваць тавараабарот, ажыццявіць шэраг буйнамаштабных сумесных праграм і праектаў. Прынесла ўзаемныя выгады і стала платформай для развіцця адносін па многіх іншых напрамках", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Аднак даводзіцца канстатаваць, што замест таго, каб аб'яднаць намаганні ва ўмовах крызісу, мы выжываем паасобку. Навошта? Прэзідэнт Расіі паставіў у аснову менавіта гэта пытанне. Давайце ў гэтых умовах будзем разам, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - З аднаго боку, атрымліваецца, што мы на самым высокім узроўні прымаем меры па стварэнні агульнага рынку, а з іншага - дзяржавы, рэагуючы на сусветныя выклікі, часта абараняюць толькі свае нацыянальныя інтарэсы. Беларусі і Расіі няма чаго баяцца адна адну - мы ўзаемадапаўняльныя па многіх пазіцыях, калі не па ўсіх, і трэба гэтым скарыстацца, аб гэтым сёння гаварыў і Прэзідэнт Расіі".

"Нягледзячы на шматгадовыя інтэграцыйныя працэсы, у нас да гэтага часу на практыцы не забяспечаны ў поўным аб'ёме роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. А гэта дало б магчымасць павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі, стварыць сотні тысяч рабочых месц і перайсці да новых узаемавыгадных праектаў. Дарэчы, амаль 20 праектаў мы падпісваем у гэты час, і яны якраз вырашаюць гэту праблему, гэта добра", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка лічыць важным для Беларусі і Расіі больш актыўнае фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі

"Зняцце бар'ераў, фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі і адзінага рынку - у нашых агульных інтарэсах, - падкрэсліў беларускі лідар. - Трэба не канкурыраваць адзін з адным, а, наадварот, аб'ядноўваць рэсурсы, каб сапернічаць з замежнымі карпарацыямі ўнутры саюза, а потым пацясніць іх і на знешніх рынках. І, паверце, гэта ў нас атрымаецца".

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, ахоўныя меры павінны прымацца па знешнім контуры Саюзнай дзяржавы - у гэтым аснова паспяховасці яе функцыянавання сёння і развіцця ў будучым.

Прэзідэнт Беларусі таксама лічыць: "Сумеснымі намаганнямі нам неабходна выпрацаваць ідэалогію абароны і ўмацавання нашага інтэграцыйнага аб'яднання, якое па праву з'яўляецца самым развітым на постсавецкай прасторы, і не толькі на постсавецкай. Гэта яшчэ і таму, што ў нас ёсць вопыт жыцця ў адной дзяржаве, і, дзякуй богу, расіяне і беларусы яго не зусім страцілі".

Лукашэнка: Беларусі і Расіі трэба актыўна прадаўжаць збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы

"Уніфікацыю і збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы нам трэба актыўна прадаўжаць і далей, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым трэба ўлічваць высокую ступень эканамічнай інтэграцыі, агульны рынак працы і падобныя сацыяльна-дэмаграфічныя ўмовы".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што больш глыбокай гарманізацыі патрабуе заканадаўства ў галіне аховы здароўя. "Сістэмы яго арганізацыі могуць мець адрозненні, але неабходна ўрэгуляваць механізм роўнадаступнасці медыцынскіх паслуг, узаемных паставак лекавых сродкаў, іншыя пытанні. Добра, што на форуме ідзе пошук падыходаў да вырашэннях гэтых праблем", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Цяперашні Форум прысвечаны сацыяльна-гуманітарным пытанням. "Трэба прызнаць, што да гэтага часу ў такой сферы зроблена нямала. Грамадзяне нашых краін маюць роўныя правы ў галіне аплаты, умоў і аховы працы, у пенсійным забеспячэнні. Створана нарматыўная база, якая забяспечвае свабодны доступ да атрымання адукацыі. Ажыццёўлены канкрэтныя крокі па фарміраванні адзінай прасторы ў ахове здароўя, культуры, спорце, турызме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта на беларускай зямлі два гады таму была закладзена добрая традыцыя правядзення форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першыя два з іх, што адбыліся ў Мінску і Сочы, сталі фундаментальнымі пляцоўкамі для канструктыўнага дыялогу па пытаннях эканамічнай інтэграцыі, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, ім удзялялася самая пільная ўвага, у тым ліку і на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, нагадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: разам Беларусь і Расія могуць і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне

Прэзідэнт упэўнены ў неабходнасці ствараць умовы для пашырэння супрацоўніцтва вучоных і канструктараў Саюзнай дзяржавы. "Свой важкі ўклад у яго арганізацыю могуць унесці расійскія рэгіёны, якія маюць буйныя навуковыя і прамысловыя цэнтры, моцныя вышэйшыя школы. Агульнымі намаганнямі мы можам і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння выйграюць тыя краіны, якія могуць імкліва асвойваць найноўшыя тэхналогіі.

"Таму важнае месца ў тэматыцы форуму адведзена навуковаму і навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, фарміраванню агульнай адукацыйнай прасторы. Гэтыя неад'емныя складнікі шматграннага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі маюць доўгатэрміновы перспектыўны характар", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заклікае развіваць саюзны студатрадаўскі рух

Беларускі лідар асаблівую ўвагу ўдзяліў развіццю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. "Сёння ва ўсім свеце запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды - на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. У многіх галінах менавіта моладзь аказваецца ў авангардзе, як у эканамічнай, так і ў культурнай сферы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што дзяржаўная маладзёжная палітыка мае шэраг напрамкаў. "На рэгіянальным узроўні нам неабходна развіваць студэнцкі абмен, сістэму маладзёжнага турызму. Магутны імпульс актывізацыі такога супрацоўніцтва дае развіццё саюзнага студатрадаўскага руху", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: пры стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы важна захаваць Тэлерадыёвяшчальную арганізацыю СД

У ліку прынцыпова важных тэм цяперашняга форуму кіраўнік беларускай дзяржавы назваў стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы.

Што датычыцца Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "яе трэба не загубіць, а неабходна развіваць".

Ён нагадаў, што ў адрозненне ад беларускіх абласцей, дзе ў эфіры прысутнічаюць усе вядучыя расійскія тэлеканалы, на Расію вяшчае толькі адзін - "Беларусь 24", і тое не ўсюды. "Адкрыта скажу: ва ўмовах насычанасці расійскага медыяполя нашаму каналу патрэбна ваша падтрымка ў рэгіёнах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, вельмі важна, каб расіяне ведалі, як на самай справе жывуць беларусы, каб атрымлівалі сапраўды аб'ектыўную інфармацыю.

Лукашэнка: Беларусі і Расіі нельга дазволіць убіць клін у свае брацкія адносіны

"Пэўным сілам і ў нас, і ў вас не даспадобы наша ўсебаковае супрацоўніцтва і збліжэнне, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Усякімі спосабамі яны імкнуцца разбурыць наша адзінства, пасварыць Расію, Беларусь, аслабіць тым самым нашы пазіцыі. Таму нам ні ў якім разе нельга паддавацца на гэтыя патугі і ўбіць клін у нашы брацкія адносіны".

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць рэгіянальнага партнёрства ў сферы культуры, якая для беларусаў і расіян ідзе сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. "У ёй заключаны каласальныя духоўныя багацці. За шматвяковую гісторыю сфарміравана значная і самабытная гістарычная спадчына. І сёння ў нас няма ніякіх прычын, каб адмовіцца ад добрых традыцый яе ўзаемадзеяння і ўзаемнага ўзбагачэння як у сусветным, так і ў рэгіянальным маштабе", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Прытым найбольш цесныя і плённыя сувязі ў беларусаў з рускай культурай. "Нашай культурай", - акцэнтаваў Прэзідэнт.

Пацвярджэннем таго служаць такія маштабныя мерапрыемствы, як "Славянскі базар у Віцебску". Аляксандр Лукашэнка згадаў праведзены нядаўна фестываль нацыянальных культур у Гродне, высока ацаніўшы пры гэтым узровень яго правядзення, а таксама кінафорум "Лістапад", творчыя сустрэчы дзеячаў культуры і мастацтва. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў той факт, што руская мова ў Беларусі мае статус дзяржаўнай разам з беларускай.

Лукашэнка: прыезд Прэзідэнта Расіі ў Мінск важны для беларускага народа

"Цяперашні прыезд Прэзідэнта Расіі - гэта важны сімвалічны крок, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта бачым не толькі мы, дзяржаўныя служачыя, гэта цэняць і беларусы, і расіяне, і асабліва беларускі народ. Я гэта гавару, каб вы пераканаліся, што не толькі мы, чыноўнікі, але і беларускі народ гэта бачыць - што вы за апошнія месяцы не першы раз прыехалі ў Беларусь".

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэта сведчыць шмат аб чым. "Гэта сведчыць аб перакананасці кіраўніка Расіі, што Беларусь - не чужая, гэта блізкі край. І мы гэта павінны заўсёды цаніць", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: клопат аб ветэранах - асабліва адказная галіна інтэграцыйнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі

"Праз два тыдні сумная дата 75-годдзя з дня вераломнага нападу нацысцкай Германіі на СССР зноў нагадае беларусам і расіянам, што клопат пра ветэранаў - асабліва адказная галіна інтэграцыйнага ўзаемадзеяння", - сказаў Прэзідэнт.

"Дапамога людзям, якія прайшлі праз многія нягоды, аднавілі краіну, - наш прыярытэт і важны напрамак сацыяльнай палітыкі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Недапушчальна забываць аб тым, што беларусы і расіяне прайшлі праз агульныя самыя цяжкія выпрабаванні, перакананы кіраўнік дзяржавы. "Мы заўсёды былі разам. І ў радасці, і ў няшчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі і расійскі народы не толькі прайшлі праз гэтыя выпрабаванні, але і з гонарам плячо ў плячо выстаялі ў іх.

"На беларускай зямлі беражліва ставяцца да гістарычнай праўды, да сумесных баявых і працоўных подзвігаў нашых народаў. Мы свята шануем памяць аб Вялікай Айчыннай вайне", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ніколі не было фактаў несумленнага, ненармальнага стаўлення да памяці абедзвюх сусветных войнаў. "У нас ніколі не разбураліся помнікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі іх тысячы, але нават тыя, што размешчаны ў самых аддаленых вёсках, не застаюцца без догляду. Прычым клапоціцца аб гэтым падрастаючае пакаленне, якому са школьнага ўзросту прывіваецца павага да подзвігу абаронцаў агульнай Айчыны, якія загінулі на беларускай зямлі, сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка прапануе парламентарыям Беларусі і Расіі ўзяць пад патранаж супрацоўніцтва органаў мясцовага самакіравання

"Мясцовае самакіраванне неяк часам з поля зроку цэнтральных органаў улады знікае", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Калі вы палічыце патрэбным узяць гэта пад свой кантроль, мы ў Беларусі будзем гэта толькі вітаць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да парламентарыяў.

Аляксандр Лукашэнка назваў добрай практычнай справай, якая дапамагае ўмацоўваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Куратарамі іх правядзення выступаюць верхнія палаты парламентаў дзвюх краін.

Пуцін выступае за павелічэнне паставак беларускай прадукцыі ў Расію

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Беларусь - наш важны эканамічны партнёр. Першае месца (займае Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) па тавараабароце з Расіяй сярод краін СНД. На расійскі рынак пастаўляецца палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі, - сказаў Уладзімір Пуцін. - Але можа быць яшчэ больш".

Расійскі лідар лічыць, што калі прыняць некаторыя захады па забеспячэнні інтарэсаў сваіх вытворцаў сельгаспрадукцыі, то беларускія калегі змогуць пастаўляць яшчэ больш прадукцыі на рынак Расіі.

"Трэба скарыстацца сённяшняй сітуацыяй, каб пашырыць вытворчасць, у тым ліку, пад патрэбы расійскага рынку. Калі мы сёння гэтага не зробім, а будзем прапускаць на свой рынак санкцыйную прадукцыю, то і беларускім вытворцам будзе больш складана асвойваць расійскі рынак. А мы хочам мець яблыкі і іншыя сельгаспрадукты, мяса, малако беларускага паходжання, а не транзітам прайшоўшыя праз беларускую тэрыторыю", - сказаў Уладзімір Пуцін. Ён лічыць, што гэта ў інтарэсах беларускіх вытворцаў.

Прэзідэнт канстатаваў, што, нягледзячы на скарачэнне ўзаемнага тавараабароту з-за нестабільнасці сыравінных цэн і валютных ваганняў у 2015 годзе, сумеснымі намаганнямі ў 2016 годзе ўзаемны гандаль удалося вярнуць у ранейшае рэчышча. У першым квартале гэтага года фізічныя аб'ёмы паставак узраслі на 2,6 працэнта. Расійскі экспарт у Беларусь прыбавіў 1,6 працэнта, а беларускі - 4,4 працэнта.

Пашыраюцца і сустрэчныя патокі капіталаў. У студзені-сакавіку 2016 года аб'ём расійскіх інвестыцый у Беларусь перасягнуў $1,5 млрд. У рэспубліцы ёсць 961 прадпрыемства са стапрацэнтным расійскім капіталам.

Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў, што сустрэчы прадстаўнікоў рэгіянальнага кіраўніцтва, дзелавых колаў дзвюх краін становяцца ўсё больш важкім фактарам у адносінах Беларусі і Расіі.

Пуцін: неад'емная частка супрацоўніцтва Беларусі і Расіі - узаемадзеянне рэгіёнаў

"Разам з беларускімі сябрамі ў нас выбудавана добрая інфраструктура двухбаковага супрацоўніцтва. Яе неад'емнай састаўной часткай, безумоўна, з'яўляецца цеснае ўзаемадзеянне па лініі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. 80 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі са сваімі калегамі ў абласцях Беларусі", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Пры гэтым ён пазітыўна ацаніў правядзенне Дзён Масквы ў Мінску. Прэзідэнт Расіі даручыў арганізаваць аналагічны праект у расійскай сталіцы.

"Прававая база супрацоўніцтва па лініі рэгіёнаў налічвае амаль 300 пагадненняў. У ходзе гэтага форуму падпісваецца яшчэ больш за 20 новых дакументаў, а таксама каля 150 камерцыйных кантрактаў на агульную суму $230 млн", - паведаміў Уладзімір Пуцін.

Мясніковіч прапануе перайсці на нацвалюты пры заключэнні беларуска-расійскіх кантрактаў

Беларусі і Расіі неабходна пры заключэнні кантрактаў рабіць прывязку не да долараў, а да нацыянальных валют, заявіў 8 чэрвеня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Пры актыўным дэбатаванні пытанняў дэдаларызацыі ўзаемных разлікаў на практыцы захоўваецца прывязка цэн па заключаных на міждзяржаўным узроўні кантрактах да вядучай сусветнай валюты, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - У якасці важнага кроку ў напрамку дэдаларызацыі ўзаемных разлікаў нам бачыцца цалкам відавочным на ўзроўні ўрадаў і дзяржаўных кампаній перайсці да вызначэння кошту ў кантрактах у нацыянальных валютах".

Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу, што ўзросшая валацільнасць фінансавых рынкаў патрабуе больш каардынаваць грашова-крэдытныя палітыкі Беларусі і Расіі. "Размова ідзе аб фарміраванні сістэмы забеспячэння фінансавай стабілізацыі ў рамках нашай Саюзнай дзяржавы і інтэграцыйнага аб'яднання Еўразійскага эканамічнага саюза. Адзначу, што дагэтуль такое пытанне не атрымала належнага адлюстравання ў дагаворнай базе ЕАЭС", - падкрэсліў кіраўнік Савета Рэспублікі.

Беларусь прапануе Расіі актывізаваць стварэнне сумесных вытворчасцей

Пытанне стварэння сумесных кампаній было ключавым на папярэднім Форуме рэгіёнаў у Сочы. "На жаль, іх колькасць не павялічылася, а, наадварот, знізілася да 2 256. Спад нават на 6 працэнтаў - гэта страты рабочых месц і даходаў у бюджэт, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Па прычыне аб'ектыўных абставін, калі ёсць праблемы ў рабоце з далёкім замежжам, і беларускаму, і расійскаму бізнесу адкрываюцца значныя магчымасці для вядзення сумеснай інвестыцыйнай камерцыйнай дзейнасці. Калі штосьці не задавольвае ў заканадаўстве, давайце абмяркоўваць".

"Стварэнне сумесных расійска-беларускіх кампаній, а таксама іх арганізацыю з удзелам рэзідэнтаў з трэціх краін нам мэтазгодна разглядаць як прыярытэт нашага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

У плане супрацоўніцтва з трэцімі краінамі асноўнымі партнёрамі могуць стаць Індыя і Кітай. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, гэтыя краіны становяцца глабальнымі цэнтрамі ўплыву, што фарміруюць сістэму міжнародных адносін, і расійска-беларускаму саюзу выгадна ўдзельнічаць у працэсах пабудовы шматпалярнага свету.

Мацвіенка: супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі становіцца больш маштабным

Аб гэтым 7 чэрвеня заявіла старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка на адкрыцці Беларускага аграпрамысловага тыдня і III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску.

Валянціна Мацвіенка звярнула ўвагу:

"Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва набірае свае абароты, яно становіцца больш маштабным, рэзультатыўным, прагматычным, нацэленым на канчатковыя вынікі".

Старшыня Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі адзначыла, што аб сур'ёзнасці намераў расійскага боку сведчыць той факт, што на Форум рэгіёнаў прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя з 40 рэгіёнаў Расіі. "Гэта рэкордная колькасць удзельнікаў за ўсе форумы", - сказала Валянціна Мацвіенка.

"Мы хочам зрабіць усё, каб III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі быў рэзультатыўным, каб мы ў рамках міжрэгіянальнага прыгранічнага супрацоўніцтва ўносілі свой магутны ўклад у паглыбленне і пашырэнне нашага эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва", - падкрэсліла спікер верхняй палаты расійскага парламента.

Мацвіенка: на III Форуме рэгіёнаў гучыць шмат ідэй для развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі

Валянціна Мацвіенка адзначыла зацікаўлены і змястоўны дыялог аб развіцці шматпланавага супрацоўніцтва ў час пленарнага пасяджэння форуму. "Такое мноства двухбаковых праектаў прагучала ў выглядзе таго, што ўжо зроблена, і таго, што плануецца зрабіць, што ўсё проста немагчыма пералічыць. Аб'ёмы супрацоўніцтва растуць з кожным годам", - сказала яна.

"Шмат новых ідэй прагучала, шмат думак, якія будуць у далейшым рэалізаваны", - пераканана старшыня верхняй палаты расійскага парламента. Беларусь і Расія, дабавіла Валянціна Мацвіенка, імкнуцца да гарманізацыі заканадаўстваў у Саюзнай дзяржаве, пры стварэнні адзінага рынку працы, адукацыйнай, інфармацыйнай прасторы і ў іншых сферах.

Беларусі і Расіі трэба паскорыць узгадненне саюзных праграм

Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота на пленарным пасяджэнні III Форуму Беларусі і Расіі.

"У выступленнях на форуме прагучалі пажаданні па больш эфектыўным выкарыстанні бюджэту Саюзнай дзяржавы, а таксама па працаёмкасці, працягласці, пакутлівасці нават узгаднення праграм Саюзнай дзяржавы. Над гэтым трэба яшчэ папрацаваць", - адзначыў Рыгор Рапота.

Дзяржаўны сакратар паведаміў, што на рэалізацыю саюзных праграм у 2016 годзе з бюджэту Саюзнай дзяржавы будзе выдзелена 3 млрд расійскіх рублёў. "Падлягаюць асваенню ўжо 2 млрд расійскіх рублёў, ёсць яшчэ 1 млрд, які можа быць асвоены", - растлумачыў ён.

Пры гэтым дзяржсакратар адзначыў, што за 20 гадоў існавання Саюзнай дзяржавы зроблена ўжо шмат. "Можна гаварыць аб тым, што ў нас сфарміраваны агульны рынак працы, дасягнута гармонія ў прававым полі ў сферы медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны, узаемна прызнаецца працоўны стаж для атрымання пенсіі па выслузе гадоў. Ідзе актыўнае ўзаемадзеянне ў адукацыйнай сферы. На розных узроўнях - рэгіянальных, ведамасных, вузаўскіх - заключана больш за 300 дагавораў аб супрацоўніцтве. У ВНУ Расіі ў 2015 годзе вучыліся больш за 14 тыс. студэнтаў з Беларусі, а ў Беларусі - каля 2 тыс. расіян", - падкрэсліў ён. Таксама, паводле яго слоў, ужо сфарміравана агульная інфармацыйная прастора, галоўную ролю ў якой адыгрываюць саюзныя СМІ.

Рыгор Рапота растлумачыў, што супрацоўніцтва ў гуманітарных галінах залежыць ад дынамікі развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязей. "Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі паўплываў на дынаміку гандлёва-эканамічных сувязей Саюзнай дзяржавы. У рэгіянальнае супрацоўніцтва ўключаны 80 суб'ектаў РФ і ўсе рэгіёны Беларусі. Кожнае другое беларускае прадпрыемства мае сувязі з расійскімі партнёрамі. У Беларусі працуюць 2,5 тыс. расійскіх кампаній, і больш за тысячу беларускіх фірм ёсць у Расіі", - расказаў ён.

Пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расіі падпісаны на пленарным пасяджэнні форуму

На пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў падпісаны тры пагадненні беларускага ўрада з расійскімі рэгіёнамі і два паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Так, пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з урадам Беларусі падпісалі прадстаўнікі Рэспублікі Хакасія, Пермскага края і Томскай вобласці.

Акрамя таго, пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і культурнай сферах падпісалі Гомельская і Уладзімірская вобласці, Валагодская і Мінская вобласці.

Беларусь і Расія падрыхтавалі 9 новых праектаў саюзных праграм

Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Аляксандр Шумілін.

"Перспектывы дастаткова радасныя. Мы добра рухаемся ў рамках саюзных праграм. Рэалізуецца 10 праграм у Саюзнай дзяржаве па розных напрамках: пачынаючы ад космасу і заканчваючы аграрным напрамкам, сельскай гаспадаркай. Падрыхтавана яшчэ 9 новых праектаў праграм, якія мы збіраемся рэалізоўваць у СД", - сказаў Аляксандр Шумілін.

Гаворачы аб выніках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, старшыня ДКНТ адзначыў, што было актывізавана супрацоўніцтва ў галіне космасу і біятэхналогій. У прыватнасці, хутка будзе створаны Навукова-тэхналагічны парк "БелБіяград".

Ананіч: маштабнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі павінна адлюстроўвацца ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў

Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч перад стартам I Фестывалю рэгіянальных тэлекампаній Беларусі і Расіі "Вобраз часу" ў Мінску.

"Для нас самае галоўнае, каб маштабнае супрацоўніцтва нашай краіны з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі знаходзіла сваё адлюстраванне ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў. Мы разлічваем, што гэты першы праект не застанецца пілотным, і мы з году ў год будзем прырастаць добрым, якасным кантэнтам аб падзеях, якія адбываюцца ў нашай краіне, расійскіх рэгіёнах", - сказала Лілія Ананіч.

Напярэдадні фестывалю быў арганізаваны конкурс рэгіянальных тэлепраектаў Беларусі і Расіі "Вобраз часу". Паводле слоў міністра інфармацыі, вельмі важна, каб з'явілася новая творчая прафесійная пляцоўка, дзе рэгіянальныя тэлеканалы Беларусі і Расіі могуць спаборнічаць на беларускай зямлі ў лепшых праектах. Лілія Ананіч не выключыла, што фестываль можа атрымаць і расійскую прапіску.

Святлоў: галоўная задача міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі - падтрымка любых сустрэчных ініцыятыў

Аб гэтым заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на пасяджэнні секцыі "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст" ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"На сённяшнім этапе развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры галоўная задача міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі - падтрымка любых сустрэчных ініцыятыў. Мы павінны звязваць паміж сабой прапановы на самых розных узроўнях, ад самай вялікай да самай малой, для таго, каб далей ішло іх развіццё ўжо самастойна", - адзначыў Барыс Святлоў.

Паводле яго слоў, у Беларусі і Расіі праходзіць апошнім часам даволі шмат мерапрыемстваў у плане культурнага абмену. Яны грунтуюцца ў тым ліку на створаным добрым нарматыўным фундаменце - паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі падпісана праграма супрацоўніцтва на 2015-2017 гады.

Расія прапануе Беларусі паўдзельнічаць у маштабным абнаўленні расійскага парку сельгастэхнікі

Аб гэтым паведаміў намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расіі Аляксандр Марозаў на секцыйным пасяджэнні "Развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў прамысловай сферы" трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Традыцыйна Беларусь з'яўляецца адным з галоўных ігракоў на рынку сельгастэхнікі. Мы з Мінпрамам Беларусі будзем рэалізоўваць пілотны праект, звязаны з фарміраваннем да 2025 года балансу паставак сельскагаспадарчай тэхнікі", - адзначыў Аляксандр Марозаў.

Задача па абнаўленні сельгастэхнікі стаіць вельмі амбіцыйная, расійскія аграрыі гавораць аб тым, што ім трэба абнавіць парк, аснову якога складаюць трактары, збожжа- і кормаўборачныя камбайны. Фарміруецца дэталёвы графік паставак, дзе кожны з расійскіх рэгіёнаў інфармуе аб патрэбнасцях у тэхніцы.

"Думаю, што гэты пілотны праект будзе першай ластаўкай, у час якога нашы прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання сфарміруюць свае сярэдне- і доўгатэрміновыя праграмы не толькі па выпуску прадукцыі, але і па інвестыцыях, распрацоўках", - рэзюмаваў Аляксандр Марозаў.

Па выніках секцыі было падпісана некалькі пагадненняў паміж беларускімі і расійскімі кампаніямі.

Дакументы аб супрацоўніцтве ў сацыяльна-працоўнай сферы падпісаны на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Сярод гэтых дакументаў - мемарандум аб намерах паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Рэспублікі Татарстан аб супрацоўніцтве ў сацыяльна-працоўнай сферы, а таксама праграма сумесных дзеянняў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Міністэрства сацыяльнага развіцця і працы Астраханскай вобласці па развіцці супрацоўніцтва ў сацыяльна-працоўнай сферы.

Удзельнікі пасяджэння таксама прынялі рэкамендацыі, у якіх адлюстраваны намеры бакоў па правядзенні ўзгодненай сацыяльна-працоўнай палітыкі ў далейшым.

Беларусь і Расія плануюць актыўна развіваць дыстанцыйныя формы навучання

Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш, падводзячы вынікі пасяджэння секцыі "Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Стан і перспектывы развіцця" ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Супрацоўніцтва ў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі мае вельмі добрыя перспектывы, у нас гарманізаваны падыходы да дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Але больш за ўсё перспектыў адкрываецца ў супрацоўніцтве паміж універсітэтамі краін. Нягледзячы на існуючыя істотныя дасягненні ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых, ёсць значныя рэзервы ў арганізацыі і правядзенні сумеснай работы па арганізацыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Напрыклад, актывізавана супрацоўніцтва ў сферы павышэння кваліфікацыі педагогаў", - сказаў Вадзім Богуш. Ён падкрэсліў, што для гэтага неабходна забяспечыць развіццё дыстанцыйнай формы атрымання дадатковай адукацыі дарослых.

Кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі падпісалі 7 пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве.

Удзельнікі Форуму рэгіёнаў рэкамендавалі верхнім палатам парламентаў Беларусі і Расіі нарошчваць узаемадзеянне

Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савету Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі неабходна нарошчваць беларуска-расійскае парламенцкае ўзаемадзеянне для паглыблення супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, заяўлена ў падагульняючым дакуменце III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Прадаўжаць работу, накіраваную на пашырэнне ўзаемадзеяння паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Рэспублікі Беларусь і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі", - таксама рэкамендавалі ўдзельнікі форуму верхнім палатам парламентаў абедзвюх краін. Пры гэтым размова ідзе аб рэалізацыі канкрэтных двухбаковых праектаў, у тым ліку ў рамках Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Таксама ўдзельнікі форуму лічаць, што органам дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў у абедзвюх краінах трэба актывізаваць намаганні па выпрацоўцы рознабаковых узаемавыгадных і эфектыўных форм міжрэгіянальнага супрацоўніцтва на базе Саюзнай дзяржавы ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў сацыяльна-эканамічнай галіне.

У дакуменце адзначана, што на ўзроўні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы неабходна ўдзяляць першарадную ўвагу прыярытэтнаму фінансаванню інтэграцыйных праектаў, правядзенню ўзгодненай сацыяльнай палітыкі па забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі і г.д.

У Саюзнай дзяржаве, як лічаць удзельнікі форуму, неабходна і далей фарміраваць адзiную навукова-тэхналагічную і міграцыйную прастору, агульныя адукацыйную, культурна-інфармацыйную прасторы, маладзёжную палітыку і рынак працы.

Неабходна паглыбляць узаемадзеянне краін у сферы навукі і інавацый, аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, аховы здароўя і іншых галінах.

Яшчэ адзін прыярытэт - работа па далейшым развіцці пенсійных сістэм Беларусі і Расіі з улікам высокай ступені эканамічнай інтэграцыі, агульнага рынку працы і падобных сацыяльна-дэмаграфічных умоў.

Саюзны турзлет для студэнтаў правядуць Беларусь і Расія

У падагульняючым дакуменце III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адзначаецца, што неабходна ў цэлым пашырыць практыку сумесных маладзёжных мерапрыемстваў. Удзельнікі форуму лічаць патрэбным актывізаваць намаганні па развіцці міжвузаўскага ўзаемадзеяння для нарошчвання рэгіянальнага супрацоўніцтва ў адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай сферах.

Беларускі і расійскі бакі плануюць заключыць пагадненні і мемарандумы па гэтых напрамках паміж рэгіёнамі.

Удзельнікі форуму лічаць, што неабходна каардынаваць сумесныя намаганні па развіцці сярэдняй і дадатковай прафесійнай адукацыі і падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей у абедзвюх краінах. Другі важны пасыл - падтрымка рэалізацыі праекта Еўразійскага сеткавага ўніверсітэта, прызначанага садзейнічаць вырашэнню шэрага кадравых і навуковых задач у інтарэсах еўразійскай інтэграцыі.

Другі напрамак, важнасць якога падкрэсліваецца ў падагульняючым дакуменце, - гэта распрацоўка, падтрымка і рэалізацыя асветных, у тым ліку інтэрактыўных, праграм і праектаў на грамадзянска-патрыятычную тэму. Яны павінны быць прысвечаны дасягненням Беларусі і Расіі, выдатным людзям і значным падзеям у навейшай гісторыі дзвюх краін, умацаванню маральных каштоўнасцей, сацыяльнай, міжнацыянальнай і міжканфесійнай згоды ў маладзёжным асяроддзі. Неабходна таксама ўзаемадзейнічаць з маладзёжнымі субкультурамі і нефармальнымі рухамі, захоўваць беларускую і расійскую культуры, гістарычную спадчыну двух народаў.

Акрамя таго, удзельнікі форуму выказаліся за штогадовае правядзенне Фестывалю рэгіянальных тэлеканалаў Беларусі і Расіі "Вобраз часу", за інтэнсіфікацыю маладзёжных абменаў і актывізацыю ўзаемадзеяння таленавітай моладзі дзвюх дзяржаў.

Акрамя таго, у падагульняючым дакуменце гаворыцца аб стварэнні міждзяржаўнага інтэрнэт-партала для абмену навукова-тэхнічнай інфармацыяй. Яшчэ адна прапанова - стварэнне электроннай бібліятэкі Саюзнай дзяржавы і садзейнічанне абмену абавязковымі экзэмплярамі друкаванай прадукцыі для нацыянальных бібліятэк Беларусі і Расіі.

Вынікі Форуму рэгіёнаў пацвярджаюць эфектыўнасць выбранай формы ўзаемадзеяння - падагульняючы дакумент

Вынікі трэцяга і двух папярэдніх форумаў пацвярджаюць эфектыўнасць выбранай формы ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Расіі як значнага спосабу інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, гаворыцца ў падагульняючым дакуменце III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Вынікі трэцяга і двух папярэдніх форумаў пацвярджаюць эфектыўнасць выбранай формы ўзаемадзеяння рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі як значнага спосабу інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, паглыблення саюзніцкіх, сацыяльна-эканамічных, навуковых, навукова-тэхнічных, адукацыйных і культурна-гуманітарных сувязей. Увага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна да форумаў рэгіёнаў надае гэтай двухбаковай пляцоўцы асаблівы статус і павышае ступень адказнасці яго ўдзельнікаў за выкананне прынятых рашэнняў і рэкамендацый", - заяўлена ў падагульняючым дакуменце.

Акрамя таго, удзельнікі форуму адзначылі гістарычную і культурную агульнасць народаў Беларусі і Расіі, братэрскі характар двухбаковых сувязей. Яны звярнулі асаблівую ўвагу на неабходнасць далейшага паслядоўнага пашырэння беларуска-расійскага ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні для ўмацавання Саюзнай дзяржавы, развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, стымулявання інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД.

Яны пацвердзілі, што Беларусь і Расія з'яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі і бліжэйшымі саюзнікамі.

"Беларуска-расійскае ўзаемадзеянне мае шматпланавы і ўсёабдымны характар і паступальна развіваецца па ўсіх напрамках", - канстатуецца ў дакуменце.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий