ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

22 сентября 2015 - Administrator
article1970.jpg

Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 17-18 верасня ў Сочы. У першы дзень работы форуму адбыліся тэматычныя секцыйныя пасяджэнні, прысвечаныя вывучэнню беларускага і расійскага вопыту рэалізацыі асноўных прынцыпаў і задач прамысловай палітыкі. Асноўнае мерапрыемства форуму прайшло 18 верасня ў фармаце пленарнага пасяджэння на тэму "Прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы: агульныя падыходы і рэгіянальныя аспекты".

У час форуму працавала сумесная беларуска-расійская выстаўка прамысловай прадукцыі. На ёй была прадстаўлена прамысловая прадукцыя некалькіх соцень беларускіх прадпрыемстваў - інавацыйная прадукцыя ўзроўню пятага, шостага тэхналагічных укладаў у такіх галінах, як машынабудаванне, лёгкая прамысловасць, нафтахімія. Галоўнай тэмай выстаўкі сталі імпартазамяшчэнне і беларуска-расійская прамкааперацыя.

 

У форуме прынялі ўдзел больш за 350 прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады Беларусі і Расіі, рэгіёнаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцей. Па выніках форуму падпісаны шэраг пагадненняў і кантрактаў.

Урад Беларусі заключыў пагадненні аб супрацоўніцтве з пяццю рэгіёнамі Расіі. Пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве заключаны з Камчацкім краем, Белгародскай, Пензенскай, Сахалінскай і Цюменскай абласцямі.

Беларускі бок на ІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы заключыў 67 экспартных камерцыйных кантрактаў. Акрамя таго, беларускім бокам падпісаны шэраг выгадных імпартных кантрактаў. Заключаны пагадненні паміж урадам Беларусі і рэгіёнамі Расіі, а таксама на ўзроўні абласцей Беларусі і расійскіх рэгіёнаў.

 

Лукашэнка: беларуская дзяржава з вялікай павагай ставіцца да ўзаемаадносін з рэгіёнамі Расіі

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Я асабіста і наша дзяржава з вялікай павагай ставімся да ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і паміж рэгіёнамі і Беларуссю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. "Мы сапраўды разумеем, што адбываецца вакол нас. Хапае і ў нас праблем, таму мы і збіраемся на такія рэгіянальныя мерапрыемствы (форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА)", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар нагадаў, што калі расійскія губернатары бываюць у Беларусі, то няма такога выпадку, каб кіраўнік дзяржавы асабіста не сустрэўся з кіраўніцтвам рэгіёнаў і не пацікавіўся бягучымі справамі, "што трэба, што мы можам зрабіць, што разам можам зрабіць".

"Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў мінулыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам вельмі складана было б утрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду вельмі цяжкі быў час", - нагадаў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі тавараабарот з некаторымі рэгіёнамі Расіі вышэйшы, чым з іншымі дзяржавамі. "Прыкладна палавіна ўсяго беларускага тавараабароту прыпадае на Расію. Адсюль і каштоўнасць, і значнасць нашых адносін", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Што датычыцца форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта мерапрыемства набыло рэзананс. "Для верхніх палат парламентаў знайшлі сур'ёзную канкрэтную тэму, і яны з задавальненнем гэтым займаюцца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка і падзякаваў Уладзіміру Пуціну, губернатарам за добра арганізаванае мерапрыемства і выказаў упэўненасць, што яно стане традыцыйным.

 

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў, што двухбаковыя беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова. "Ёсць пытанні, якія, безумоўна, патрабуюць нашай асаблівай увагі, дасканалага разгляду, але ў цэлым, хацеў бы адзначыць, што тыя мэты, якія мы перад сабой ставім у ходзе нашага ўзаемадзеяння, дасягаюцца", - сказаў Уладзімір Пуцін.

"Мы ведаем і праблемы, звязаныя з сённяшнімі эканамічнымі пытаннямі і ў свеце, і ў нашых краінах. Разумеем, што адбываецца, ведаем, што трэба зрабіць, не заўсёды ўсё атрымліваецца, гэта зразумела, але мы будзем упэўнена ісці наперад. І не сумняваюся - усе гэтыя складанасці будуць пераадолены", - рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.

 

Расія гатова да самага цеснага прамысловага супрацоўніцтва з Беларуссю - Пуцін

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы ў Сочы на ІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

На думку Уладзіміра Пуціна, цеснае прамысловае супрацоўніцтва дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць дзвюх краін, прыцягнуць інвестыцыі і ў цэлым станоўча паўплывае на дабрабыт народаў.

Прэзідэнт Расіі адзначыў, што Расіі і Беларусі сумесна ўдалося стварыць добрую структуру супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што ў Расіі добра ведаюць высокую якасць беларускіх прадуктаў, а ў рэгіёнах ёсць вопыт прамысловай кааперацыі.

 

"Беларусь - наш стратэгічны партнёр і бліжэйшы саюзнік, - падкрэсліў расійскі Прэзідэнт. - Наша ўзаемадзеянне мае шматпланавы і паступальны характар".

Уладзімір Пуцін заўважыў, што на дынаміку беларуска-расійскага гандлю паўплывала негатыўная знешнеэканамічная кан'юнктура. Разам з тым ён падкрэсліў, што зніжэнне паказчыкаў адбылося толькі ў доларавым эквіваленце, а таварныя патокі ў цэлым не зменшыліся.

 

Лукашэнка: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - адзін з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальных эканомік Беларусі і Расіі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы.

Саюзная дзяржава з'яўляецца лакаматывам стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

"Без сумнення, у новым інтэграцыйным фармаце будуць шырока запатрабаваны нашы напрацоўкі і па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Па сутнасці, гэта адзін з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальных эканомік", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з сусветным крызісам, кантакты паміж рэгіёнамі дзвюх краін значна пашырыліся: толькі за 8 месяцаў бягучага года ў Беларусі прынялі 36 рэгіянальных дэлегацый з Расіі. У сваю чаргу беларускія прадстаўнікі наведалі 21 расійскі рэгіён. Такія дзелавыя кантакты даюць рэальны эканамічны эфект у рэалізацыі сумесных праектаў.

 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ім цвёрда ўведзена практыка заўсёды знаходзіць час для сустрэчы з дэлегацыямі расійскіх рэгіёнаў і канкрэтна абмяркоўваць планы далейшых дзеянняў. За апошнія паўгода Прэзідэнт прыняў кіраўнікоў 8 расійскіх рэгіёнаў. "Такія стасункі  сам-насам даюць магчымасць убачыць і нашы дасягненні, і недапрацоўкі, і існуючы каласальны патэнцыял", - заўважыў ён.

Беларусь і расійскія рэгіёны ўзаемавыгадна супрацоўнічаюць па многіх напрамках. У Расіі запатрабавана баларуская прадукцыя. "Якасць, даступныя цэны з'яўляюцца яе канкурэнтнай перавагай. Наша краіна гатова і ў далейшым нарошчваць пастаўкі тавараў і паслуг", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Смаленскай і Маскоўскай абласцямі, Татарстанам тавараабарот значна перасягае аб'ёмы гандлю Беларусі са многімі замежнымі краінамі.

 

Лукашэнка прапануе канкрэтныя крокі для фарміравання адзінай прампалітыкі ў Саюзнай дзяржаве

Існуючая ў свеце сітуацыя прадэманстравала наяўнасць пэўнай неабароненасці як Беларусі, так і Расіі ад знешніх фактараў, адзначыў беларускі лідар. "Нестабільнасць еўразоны, ваганні сусветных фондавых рынкаў, кітайскага юаня - усё гэта патрабуе карэкціроўкі праводзімай эканамічнай палітыкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер асабліва патрэбна кансалідацыя нашага патэнцыялу як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым. Важнейшае значэнне, на наш погляд, мае каардынацыя дзеянняў у прамысловым сектары, якая можа быць забяспечана фарміраваннем адзінай прамысловай палітыкі. Галоўная яе мэта - дыверсіфікацыя нацыянальных эканомік, стварэнне новых вытворчасцей і развіццё чалавечага капіталу".

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў у гэтым напрамку, пачаўшы з неабходнасці забяспечыць аднолькавыя канкурэнтныя ўмовы суб'ектам гаспадарання для работы на агульным рынку тавараў і паслуг. "Неабходна максімальна ўстараніць існуючыя бар'еры і абмежаванні ў гандлі, якія прыводзяць да страты прывабнасці двухбаковага супрацоўніцтва і адпаведна нівеліруюць саму ідэю інтэграцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Акрамя таго, на яго думку, неабходна ўзмацніць меры па абароне агульнага рынку, у тым ліку ад шэрага імпарту, скаардынаваць дзеянні па рацыянальным размяшчэнні і паглыбленні спецыялізацыі прамысловай вытворчасці, пашырэнні тэхналагічнага супрацоўніцтва, сумеснай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Яшчэ адзін крок заключаецца ў тым, каб выпускаць новы прадукт, які можа замяніць замежныя аналагі. "Тут патрабуецца комплексны прадуманы падыход, накіраваны на аб'яднанне навуковых, матэрыяльных і інвестыцыйных рэсурсаў для структурнай перабудовы прамысловасці і прыярытэтнага развіцця навукаёмістых вытворчасцей", - дадаў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што рэалізацыя гэтых крокаў дасць магчымасць вырашыць праблемы імпартазамяшчэння і стымулявання вытворчасцей, арыентаваных на экспарт, будзе садзейнічаць скарачэнню тэхналагічнага разрыву з заходнімі краінамі.

 

Лукашэнка: Беларусь не спяшаецца ўступаць у СГА, каб не нанесці шкоды ЕАЭС

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнія дамоўленасці Казахстана з СГА, мытныя пошліны, аб якіх яны дамовіліся, стварылі рэальную праблему функцыянавання адзінага эканамічнага саюза. "Мы вымушаны прыстасавацца да таго, што там накруцілі СГА і Казахстан. І гэта будзе няпроста, там панізілі пошліны так, што можа хлынуць прадукцыя на расійскі і беларускі рынкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Амаль усе прамысловыя прадпрыемствы трапляюць пад удар, дадаў ён.

 

Беларусь таксама ў сваю чаргу аднавіла перагаворны працэс з СГА. "Але ў гэтым выпадку мы не спяшаемся ўступіць у СГА", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, трэба прааналізаваць сітуацыю. "Можа, няўдзел сёння Беларусі ў СГА нам прынясе большую карысць, чым уступленне ў СГА. Зразумела, што нас цяпер будуць "прэсаваць", каб мы з боку Беларусі яшчэ ніжэй апусцілі мытныя пошліны, але гэта разбурыць увесь эканамічны саюз", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы спыніліся, акуратна вывучаем сітуацыю для таго, каб не дапусціць гэтых памылак, і нашы партнёры і калегі павінны аб гэтым ведаць", - сказаў беларускі лідар.

 

Прэзідэнт Беларусі: у свеце няхай павольна, але ўсведамляюць бесперспектыўнасць санкцый і ізаляцыі асобных краін

Беларускі лідар канстатаваў, што новы час не прынёс чалавецтву пазбаўлення ад катаклізмаў, крызісаў і войнаў. "На сусветнай арэне зноў перамагае не сіла права, а права сілы. Ідзе глабальны перадзел сфер уплыву. Аднак эгаістычныя амбіцыі, разлікі і інтарэсы не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці. Помніць аб гэтым павінны кіраўнікі дзяржаў, грамадскія дзеячы, ды і самі народы", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

 

"У свеце адбываецца, няхай павольна, усведамленне бесперспектыўнасці санкцый і тым больш ізаляцыі асобных краін, а таксама нагнятання ваенных пагроз. Мы заўсёды былі супраць такіх метадаў", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Вяртаючыся да тэмы Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна павінна стаць ядром Еўразійскага эканамічнага саюза.

"Трэба максімальна эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял інтэграцыі, - прадоўжыў ён. - Выканаўшы гэтыя задачы, Беларусь і Расія змогуць надаць магутны імпульс інтэграцыі краін і народаў, актывізаваць узаемадзеянне рэгіёнаў і гаспадарчых структур".

 

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй Саюзнай дзяржавы, ніколі не страчваў сваёй актуальнасці і эфектыўнасці, служыў добрым стымулам для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння.

 

Лукашэнка заклікае спыніць размовы наконт развароту Беларусі ад Расіі

"Трэба спыніць размовы наконт нейкага развароту Беларусі, павароту і г.д.", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што гэта тэма, у прыватнасці, узнімаецца некаторымі расійскімі СМІ. "Мы не збіраемся ні з кім канфліктаваць, мы выбудоўваем роўныя добрыя адносіны, як гэта робіць сёння Расійская Федэрацыя", - прадоўжыў Прэзідэнт.

"Не трэба нас папракаць, што мы кудысьці разварочваемся. Нам няма куды разварочвацца. Мы з вамі будзем заўсёды разам", - рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Мясніковіч: Беларусь прыходзіць на расійскі рынак не з устарэлай, а інавацыйнай прадукцыяй

Аб гэтым 17 верасня заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, адкрываючы сумесную беларуска-расійскую прамысловую выстаўку на II Форуме рэгіёнаў у Сочы.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што 20 працэнтаў прадукцыі, якую Беларусь пастаўляе на расійскі рынак, інавацыйная. "Мы прыходзім не з устарэлай, мы прыходзім з добрай інавацыйнай канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыяй", - сказаў спікер.

 

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што Расія і Беларусь - індустрыяльна развітыя дзяржавы. "У нас удзельная вага апрацоўчай прамысловасці ў валавым унутраным прадукце амаль 30 працэнтаў. Гэта вельмі вялікая ўдзельная вага. Рэспубліка Беларусь займае 43-е месца ў сусветным рэйтынгу па індэксе ведаў", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, гэтыя лічбы сведчаць аб вялікім патэнцыяле, які можа быць рэалізаваны на ўзроўні міжрэгіянальных адносін дзвюх краін.

 

Мацвіенка: прамысловы патэнцыял Беларусі і Расіі вялізны

Аб гэтым заявіла старшыня Савета федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка ў Сочы на адкрыцці сумеснай беларуска-расійскай прамысловай выстаўкі.

Валянціна Мацвіенка адзначыла, што выстаўка яе вельмі парадавала. "Гэта самы сапраўдны агляд новай высокатэхналагічнай прадукцыі, створанай у рамках кааперацыі Беларусі і Расіі, - сказала яна. - Тут прадстаўлены шырокі спектр прадукцыі, пачынаючы ад бытавой і заканчваючы сельскагаспадарчай тэхнікай".

На думку Валянціны Мацвіенка, экспазіцыя сведчыць аб тым, што беларуска-расійская прамысловая інтэграцыя паспяхова развіваецца. Амаль 8 тыс. прадпрыемстваў дзвюх краін уключаны ў сумесныя кааперацыйныя праекты.

"Прадстаўленая экспазіцыя высокатэхналагічнай прадукцыі ўсяляе ўпэўненасць, што мы пераадолеем усе цяперашнія эканамічныя цяжкасці", - заўважыла старшыня Савета федэрацыі.

 

Беларуска-расійская прамысловая выстаўка адкрылася ў рамках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што праходзіць у Сочы. Валянціна Мацвіенка ўпэўнена, што гэты форум запатрабаваны, паколькі толькі колькасць яго ўдзельнікаў у параўнанні з першым форумам павялічылася ў два разы. У час форуму плануецца падпісаць шэраг сумесных пагадненняў, накіраваных на паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва. "Упэўнена, што II Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі дасць новы парадак дня для ўмацавання двухбаковых сувязей", - заявіла спікер.

 

Прадпрыемствам Беларусі і Расіі павінны быць створаны аднолькавыя ўмовы на рынках дзвюх краін - Мантураў

Аб гэтым заявіў міністр прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніс Мантураў 18 верасня ў Сочы на пленарным пасяджэнні ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Дзяніс Мантураў вылучыў чатыры ключавыя элементы правядзення скаардынаванай прамысловай палітыкі паміж Беларуссю і Расіяй. Гэта павелічэнне тавараабароту за кошт вытворчай кааперацыі, асваенне новых прамысловых сегментаў у рамках працэсаў імпартазамяшчэння, пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і ўзаемныя інвестыцыі.

 

На думку міністра, павялічваць тавараабарот можна за кошт ужо асвоеных знешніх рынкаў, але на іх неабходна пазбягаць канкурэнцыі беларускіх і расійскіх тавараў. "Трэба знаходзіць формы кааперацыі ў сумесных пастаўках, гэта можна рэалізаваць у рамках стварэння агульных балансаў вытворчасці прамысловай прадукцыі", - сказаў ён.

Гаворачы аб стварэнні парытэтных умоў для прадпрыемстваў дзвюх краін, Дзяніс Мантураў адзначыў, што трэба правесці аналіз і карэкціроўку нарматыўных актаў у гэтай сферы. Ён паведаміў, што расійскі бок ужо змяніў правілы субсідзіравання куплі сельгастэхнікі, распаўсюдзіўшы прэферэнцыі на беларускую тэхніку. Таксама плануецца камплектуючыя з ЕАЭС, што выкарыстоўваюцца ў Расіі, прыраўнаваць да расійскіх тавараў. Акрамя таго, расійскія механізмы падтрымкі экспарту ўжо могуць прымяняцца да сумесных расійска-беларускіх прадпрыемстваў.

 

Вялікія перспектывы Дзяніс Мантураў бачыць на ўнутраных рынках дзвюх краін у сферы імпартазамяшчэння. "Тут неабходна сфарміраваць сумесныя вытворчыя ланцужкі, якія могуць выпускаць канкурэнтаздольны высокатэхналагічны тавар", - адзначыў ён.

 

Пакет пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі падпісаны на сумеснай прамвыстаўцы ў Сочы

У прыватнасці, пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах падпісалі Рэспубліка Комі і Гродзенская вобласць, Іванаўская вобласць Расіі і Віцебская вобласць, Арэнбургская і Гомельская вобласці. Пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, сацыяльнай сферах і АПК падпісаны паміж урадам Іванаўскай вобласці і Магілёўскім аблвыканкамам.

 

Адміністрацыя Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай галінах з Брэсцкім і Віцебскім абласнымі выканаўчымі камітэтамі.

Урад Валагодскай вобласці РФ і Гродзенскі аблвыканкам падпісалі праграмы развіцця супрацоўніцтва на 2016-2018 гады ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах.

 

Акрамя таго, Беларусбанк і Расэксімбанк падпісалі генеральнае пагадненне аб фінансаванні з мяжой запазычанасці 2 млрд расійскіх рублёў.

Адкрытае акцыянернае таварыства "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" паставіць партыю кар'ерных самазвалаў расійскаму ЗАТ "Будсэрвіс".

Акрамя таго, ААТ "БелАЗ" плануе закупіць 147 адз. электрапрыводаў пераменнага току вытворчасці ААТ "Сілавыя машыны". Таксама заключана пагадненне аб стратэгічным партнёрстве паміж беларускім прадпрыемствам, акцыянерным таварыствам "Расійскі экспартны цэнтр" і ААТ "ВІСТ Груп" у галіне сумеснага прасоўвання прадукцыі і рэалізацыі комплексных інавацыйных праектаў на замежных рынках.

 

ЗАТ "Мяса-малочная кампанія" на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі заключыла кантракты на пастаўку сваёй малочнай прадукцыі ў Расію на $80 млн. Новымі партнёрамі беларускай кампаніі сталі малочна-кансервавы завод у Гагарыне (Смаленская вобласць) і кампанія "Экамілк" (Масква).

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий