Інтэрв'ю А.Лукашэнкі прадстаўнікам недзяржаўных СМІ — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Інтэрв'ю А.Лукашэнкі прадстаўнікам недзяржаўных СМІ

6 августа 2015 - Administrator
article1886.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня даў інтэрв'ю прадстаўнікам недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Абяцанне правесці такі дыялог Аляксандр Лукашэнка даў на вялікай студзеньскай прэс-канферэнцыі. Кіраўнік дзяржавы адкрыта і шчыра адказаў на ўсе вострыя пытанні.


Лукашэнка гарантуе, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць празрыста і сумленна

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што на розных нарадах на тэму арганізацыі выбараў ён заўсёды патрабуе не ствараць ніякіх перашкод для дзеянняў ініцыятыўных груп іншых патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты. "Я кажу: не чапайце, няхай збіраюць подпісы, дзе хочуць. Галоўнае, каб боек не было. Хоць правілы ўстаноўлены строгія, - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба нікога хапаць, нават калі яны дзесьці там неяк зачапілі гэтыя правілы. Не думаю, што вы можаце мяне і ўладу ў нечым папракнуць, што не створаны аднолькавыя ўмовы".


Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што ні ў якім разе не зацікаўлены ў тым, каб патэнцыяльныя канкурэнты сышлі з дыстанцыі. "Вы што, хочаце сказаць, што я за тое, каб менш было кандыдатаў у прэзідэнты. Напэўна, зыходзячы з маіх пазіцый, - адваротнае. Таму я ні ў якім разе не тармажу гэты працэс. Няхай збіраюць подпісы, няхай ідуць і пакажуць, чаго яны вартыя", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што асобныя прэтэндэнты нават не зацікаўлены ў рэальнай перадвыбарнай барацьбе. "Самае лепшае для тых, хто цяпер прыйшоў змагацца з Лукашэнкам, - адысці ад гэтай барацьбы. Яны не хочуць быць кандыдатамі ў прэзідэнты. Некаторыя асобы мяне здзіўляюць. Ну, увязаліся ў гэту гонку, чаго цяпер шукаеце падставу выскачыць з яе. І гэта падаецца пад такім вуглом, каб потым Лукашэнку і ўладу абвінаваціць, што гэта яны стварылі перашкоды. А мы не ствараем, каб нас не папракнулі", - сказаў беларускі лідар.


"У нас выбарчае заканадаўства нармальнае, не горшае, чым у іншых. І вы будзеце мець магчымасць і сачыць за падлікам галасоў, і прысутнічаць на выбарчых участках, і атрымаеце ўсю інфармацыю аб гэтых выбарах. Я магу гарантаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: самы галоўны абавязак Прэзідэнта - гэта бяспека грамадства і дзяржавы

"Калі сюды прыйдуць з мячом, ад мяча і загінуць. У гэтым самы галоўны абавязак Прэзідэнта Беларусі. Вы мяне часта крытыкуеце, пачынаючы ад рабочых месц, зарплат і гэтак далей, забываючы аб тым, што ў тым ліку і вы павінны гэтым займацца. Перш за ўсё грамадзянін павінен сам аб сабе паклапаціцца, каб сям'ю накарміць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але самы галоўны абавязак Прэзідэнта - гэта бяспека грамадства і дзяржавы. Гэта галоўнае. Можна месяц, два або тры не атрымліваць зарплату, і народ табе гэта даруе, але калі ты здаш суверэнітэт і незалежнасць дзяржавы, гэтага народ ніколі не даруе і не забудзе", - дадаў Прэзідэнт.


Лукашэнка ўпэўнены, што за год-два зарплаты ў Беларусі ў доларавым эквіваленце вернуцца на дакрызісны ўзровень

"І мне вельмі хацелася б, асабліва ў гэты перыяд, каб у нас зарплата была вышэйшая. Але сітуацыя складваецца, перш за ўсё па аб'ектыўных прычынах, такім чынам, што мы гэту зарплату на высокім узроўні трымаць не можам. Тым больш, мы яе строга прывязалі да прадукцыйнасці працы. Няма вытворчасці, рэалізацыі або ёсць у малых аб'ёмах - такая і зарплата. Грошы друкаваць мы не будзем. Таму такая склалася сітуацыя", - заявіў Прэзідэнт.


"І тое, што вы гаворыце, што, вось я абяцаў зарплату... Так, абяцаў $500. І мы яе пераўзыходзілі значна. Цяпер крыху ніжэй. Але я ўпэўнены, што літаральна на працягу 1-2 гадоў мы перасягнём гэту зарплату, мы вернемся на той узровень зарплат, які ў нас быў учора. Гэта я вам магу дакладна абяцаць. Нават калі будзе сітуацыя на нашых традыцыйных рынках такая, як цяпер, або пагаршацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі цяпер вельмі сур'ёзна займаюцца развіццём гандлю з некалькімі дзясяткамі краін так званай далёкай дугі. "Мы абавязкова вырвемся з той сітуацыі, у якую трапілі, - сказаў беларускі лідар. - Упэўнены, што з нашымі дамоўленасцямі з Кітаем, Пакістанам, Індыяй і іншымі дзяржавамі, дзе патрэбна наша прадукцыя, мы вырвемся".


Лукашэнка: у Беларусі не будуць штучна падтрымліваць курс нацыянальнай валюты

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходнасць 30-працэнтнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ўзнікла ў першую чаргу па знешніх прычынах. Да гэтага аналагічныя працэсы адбыліся ў Расіі, Казахстане, Украіне. "Гэта нашы асноўныя рынкі, куды мы прадаём прадукцыю. Мы не маглі трымаць нават па гэтых прычынах, - адзначыў Прэзідэнт. - І не стрымліваем цяпер. Вы гэта ведаеце. Абсалютна нідзе. Ніякіх інтэрвенцый Нацыянальнага банка. Як складваецца, так і складваецца цана нашай нацыянальнай валюты. І так будзе заўсёды. У гэта вы можаце паверыць, таму што ў нас няма лішніх грошай і ЗВР, каб падтрымліваць моцную валюту".


Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адначасова ў краіне вельмі актыўна ўзяліся за цэнаўтварэнне. "Гэта значыць мы, ведаючы, што не можам вельмі сур'ёзна павысіць заработную плату, і каб яна была высокая ў доларах, мы пачалі стрымліваць цэны. Па ЖКГ мы нават адмовіліся ад штогадовага пяцідоларавага павышэння. І па многіх пазіцыях, дзе дзяржава рэгулюе цэны, мы іх замарозілі фактычна", - сказаў беларускі лідар.


Беларусь мае намер на працягу пяці гадоў разлічыцца па даўгах без новых пазык

Гаворачы аб выплатах па знешніх даўгах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя сродкі прадугледжаны ў бюджэце. "Мы гэтыя грошы знойдзем, збяром і выплацім", - сказаў ён.

"Ва Уфе з членамі ўрада, якія гэтым пытаннем займаюцца, мы далі сабе клятву (я не гаварыў аб гэтым раней): мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў і на працягу пяці гадоў плануем, разлічыўшыся па даўгах, абыходзіцца без пазык", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі ўжо не трэба ў вялікіх аб'ёмах штосьці рабіць у эканоміцы, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў, як раней. "Мы будзем рабіць гэта больш спакойна, не пазычаючы вялікія сродкі. Я не бачу тут праблем. Гэтыя грошы не праядаліся. Мы іх патрацілі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

Што датычыцца праблем на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пэўныя цяжкасці ёсць, і найбольш складаная сітуацыя на МАЗе і "Гомсельмашы". "Зусім нядаўна пад строгія гарантыі кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўрада мною прыняты рашэнні па стабілізацыі там становішча. Людзі гэта ўспрынялі станоўча, але яны павінны разумець, што гэта падтрымка нямала каштуе. І падтрымлівае іх уся дзяржава і ўсё грамадства ў плане адтэрміноўкі выплат па крэдытах, дзяржпадтрымкі, шмат узялі пад дзяржзаказ", - сказаў беларускі лідар.


Лукашэнка ўпэўнены, што Расія не разглядае магчымасць пазбавіць Беларусь незалежнасці

"Мы жывём у сваёй дзяржаве, і сёння рэальна можна гаварыць аб незалежнасці, - адзначыў Прэзідэнт. - Не таму, што мяне насцярожвае, як вы часта пішаце: Расія, Пуцін, сувязі з украінскімі падзеямі. Я абсалютна сумленна не разглядаю будучыню з гэтага пункту гледжання".

"Хоць, аднойчы адкрыта сказаў: "Мы порах трымаем заўсёды сухім". Не важна, хто зробіць замах на наш суверэнітэт і незалежнасць. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, з Расіяй мы будзем ваяваць толькі тады, калі мы самі развяжам гэту вайну. Ніколі Расія не будзе ваяваць з Беларуссю", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Па-першае, гэта не трэба. Няма гэтых прычын. Па-другое, гэта не проста контрпрадукцыйна, гэта будзе катастрофа для самой Расіі. Ды і вы ў гэта не верыце", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.


"Ні па якіх крытэрыях, параметрах, напрамках Расія сёння нават не разглядае пытанне пазбаўлення нас суверэнітэту і незалежнасці. Тым больш, з той палітыкай, якую мы праводзім. Беларусь засталася адзіным сумленным, прыстойным і надзейным саюзнікам Расійскай Федэрацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў сваё меркаванне адносна тэзіса "Рускі свет". "Цяпер амаль знік гэты тэрмін і тэзіс са СМІ, у тым ліку Расіі. Думаю, там пачулі маё крытычнае пытанне і знялі гэта з парадку дня. Згадзіцеся, гэта дзіўна гучала, людзі не разумелі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Добра, мы ў Беларусі. Як у нас гавораць, мы ж рускія людзі. У нас наогул гэтай праблемы не было. А як гэта гучыць у Казахстане, іншых рэспубліках? Глупства нейкае пасля выбараў нехта ідэолагам расійскім падкінуў, і яны пачалі распяваць гэту песню. І гэта насцярожыла наш народ. Гэта не толькі была мая рэакцыя на гэта".


"Я не разумею, што такое "Рускі свет", вы - тым больш, а наш народ наогул не разумее, які рускі свет. Тады можна сказаць пра беларускі, украінскі свет. Гэта што, нейкае процістаянне светаў? Таму гэта надуманая, неразумная нейкая падстава, тэзіс. Не думаю, што ён у беларусаў знайшоў нейкую падтрымку. А насцярожыў сапраўды вельмі многіх", - сказаў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт заклікаў не прыпісваць кіраўніцтву і прэзідэнту Расіі той пазіцыі, якой ён не прытрымліваецца і ніколі не прытрымліваўся. "Так, мы павінны жыць у сваіх кватэрах. Расія - гэта наш брат. Я нават часта кажу - старэйшы брат. Але толькі вы паводзьце сябе, як старэйшыя браты. Калі цяжка малодшаму, то плячо падстаўце, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы жывём няхай у агульным доме, але кожны ў сваёй кватэры".


Лукашэнка: у Беларусі ніхто не мае права ўказваць, на якой мове гаварыць

"Ніхто ў нашай краіне не мае права ўказваць, на якой мове каму размаўляць. Прапаноўваць можна. Але ні ў якім разе ўказваць не можа. І я ніколі гэтага рабіць не буду", - заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што гэта яго прынцыповая пазіцыя. "Мова - гэта больш, чым грошы, адзенне, харчаванне і гэтак далей. Нашы людзі яшчэ гэтага не ўсвядомілі. Але калі б іх за жывое закранулі і сталі б указваць, на якой мове размаўляць, тады людзі зразумелі б, што мова - гэта каштоўней за ўсё. І націскаць на гэта слабое месца я ніколі не стану. Кожны чалавек павінен сам выбіраць, на якой мове яму размаўляць", - упэўнены беларускі лідар.


Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі было праведзена закрытае сацыялагічнае апытанне, якое паказала, што больш як 60 працэнтаў насельніцтва лічаць сваёй роднай мовай менавіта беларускую. "Раней было значна менш. Калі б мы сталі націскаць першапачаткова на гэту тэму і прымушаць людзей або нават мякка прапаноўваць, думаю, эфект быў бы як мінімум адваротны. А як максімум было б тое, што ва Украіне. Там жа з мовы ўсё пачалося", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны не будзе

"З боку Беларусі ніколі гэтага не адбудзецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Ніколі з нашай тэрыторыі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі гэта не будзе супярэчыць нашым інтарэсам і калі Украіна сама не нападзе на Беларусь. Я не думаю, што гэта некалі будзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Ён дадаў, што на беларуска-ўкраінскай граніцы адзначаецца мноства парушэнняў, таму беларускі бок узмацняе яе ахову. Паводле яго слоў, фіксуюцца парушэнні, пачынаючы ад кантрабанды і да пранікнення людзей са зброяй.

Гаворачы аб расійскім кантынгенце на тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне размешчаны дзве ваенныя базы, якія працуюць у мірных мэтах. Паводле яго слоў, гэта малалікія базы, дзе служаць у тым ліку і беларускія ваенныя.


Лукашэнка: абсалютна не падтрымліваю прысутнасць ніякіх войскаў ва Украіне

"Абсалютна не падтрымліваю прысутнасць ніякіх войскаў ва Украіне, не толькі расійскіх, але і амерыканскіх, наёмнікаў з Польшчы, Швецыі і іншых. Дакладна ведаю, што яны там ёсць. Не са сродкаў масавай інфармацыі Расіі", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ідзе інфармацыйная вайна, проціборства дзвюх краін на інфармацыйным полі і больш моцная ў гэтым плане Расія. "Я вельмі добра інфармаваны, што адбываецца ў Данбасе, у Крыме, у цэлым ва Украіне", - дадаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка: Расія і ЗША павінны сесці за стол перагавораў і спыніць канфлікт ва Украіне

"Расія і Амерыка павінны сесці за стол перагавораў і спыніць гэту вайну, - лічыць беларускі лідар. - Гэта галоўнае, усё астатняе - другараднае".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя кардынальна змянілася з таго часу, як ён прапаноўваў план урэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Цяпер зусім іншая сітуацыя, яна не стала прасцей", - сказаў ён.

"Тады гэта не было актуальна, тады гэта пытанне я не мог нават так паставіць. Тады я не так бачыў вырашэнне гэтага пытання і, можа, не трэба было тады падключаць амерыканцаў. Можна было абысціся меншымі сіламі, меншай крывёю, што называецца", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ўсе згодны з тым, што да вырашэння сітуацыі павінны падключыцца ЗША.

"Я ўчора і кангрэсменам сказаў: калі Злучаныя Штаты Амерыкі будуць зацікаўлены ў тым, каб ва Украіне быў мір, і будуць гатовы ў гэтым напрамку рабіць канкрэтныя крокі, яны прыйдуць туды як міратворцы і змогуць вызначыцца з Расіяй", - лічыць беларускі лідар.

На яго думку, Еўропа не будзе супраць, калі пытанне будзе вырашацца ў напрамку міру.

"Гэта мой пункт гледжання, можа, і ў Расіі не ўсе яго ўспрымаюць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка мае намер у верасні наведаць саміт ААН у Нью-Ёрку

"Мы рыхтуемся да гэтага візіту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму што гэта такі саміт, на якім у асноўным кіраўнікі дзяржаў будуць прысутнічаць", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, паступіла прапанова двойчы выступіць у ААН: на агульнай дыскусіі і на тэматычнай. "У той жа дзень будзе выступаць і Прэзідэнт ЗША, што і мне прапанавана, Прэзідэнт Расіі і гэтак далей. Таму, хутчэй за ўсё, давядзецца наведаць ААН", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. "Напэўна, будзе незразумела, калі я не буду там прысутнічаць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, краіны - члены ААН узгаднілі парадак дня глабальнага развіцця на перыяд пасля 2015 года. Як чакаецца, 29-старонкавы дакумент, перагаворы па якім прадаўжаліся больш за два гады, будзе зацверджаны ў верасні на саміце ў штаб-кватэры сусветнай арганізацыі. У парадку дня прапісаны 17 Мэт устойлівага развіцця, разлічаныя на 15 гадоў.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий