"За духоўнае адраджэнне" — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"За духоўнае адраджэнне"

14 января 2016 - Administrator
article2181.jpg

12 студзеня адбылася цырымонія ўручэння прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп".

Рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2015 года прысуджана 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды аўтарскі калектыў у складзе пазаштатнага супрацоўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Алены Харашэвіч і прафесара кафедры крымінальна-выканаўчага права Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова. Іх намаганнямі створана кніга-рэквіем "Жыць і помніць", у якой абагульнены вынікі работы па вызначэнні і вывучэнні месц пахавання беларусаў — абаронцаў Айчыны ў розных кутках Еўропы.

 

Прэміяй адзначаны епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін, які ўнёс важкі ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, асветную і дабрачынную дзейнасць.

Лаўрэатам прэміі стаў калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця", які дасягнуў значных поспехаў у рэалізацыі мерапрыемстваў па захаванні жыцця і здароўя маці і дзяцей.

 

Узнагароды ўдастоены таксама калектыў Нацыянальнага мастацкага музея, які паспяхова рэалізаваў буйнамаштабныя выставачныя праекты, накіраваныя на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей у сучасным грамадстве.

У ліку лаўрэатаў прэміі і настаяцель рэлігійнай абшчыны "Парафія Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна мясцовага рэлігійнага аб'яднання "Віцебская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі" Часлаў Курэчка, чый важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама актыўны ўдзел у духоўна-асветнай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця заслужылі шырокае прызнанне ў грамадстве. 

 

Па выніках 2015 года прысуджаны таксама 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Імі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва, навукі, педагогі, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага і тэатральнага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання моладзі. 

 

Прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Белтэлерадыёкампаніі ў складзе карэспандэнта спецыяльнага аддзела навін культуры Наталлі Бардзілоўскай, галоўнага рэжысёра Алега Даўгаполава і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага за стварэнне гісторыка-дакументальнага серыяла "Яны спявалі за Радзіму" і іншыя праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі. 

 

Аўтарскі калектыў у складзе галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі нелінейнай оптыкі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паўла Апанасевіча, першага намесніка генеральнага дырэктара ТАА "Магія святла" Сяргея Гінака, старшыні савета дырэктараў ЗАТ "Галаграфічная індустрыя" Леаніда Таніна ўзнагароджваецца прэміяй за значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварэнне візуальных вобразаў праваслаўных святынь з дапамогай галаграфічных тэхналогій.

Узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў складзе галоўнага мастака Аляксандра Касцючэнкі і галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ за значныя дасягненні ў развіцці сучаснага опернага мастацтва і пастаноўку спектакля "Царская нявеста".

 

Сярод узнагароджаных таксама выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Антон Бельскі, які выканаў роспіс у храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў гарадскім пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна. 

Прэміі ўдастоены калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, які ўнёс значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварыў на высокім мастацкім узроўні спектакль "Пясняр", прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна.

 

Узнагародай адзначаны калектыў Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, які дасягнуў высокіх творчых поспехаў і ўнёс важкі ўклад у развіццё і папулярызацыю тэатральнага мастацтва. Лаўрэатам прэміі стаў калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны за значны ўклад у развіццё музейнай справы і патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

У ліку ўзнагароджаных старшы выкладчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанцін Касцючэнка, які стварыў манумент "Брама памяці" мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" і іншыя творы манументальнага мастацтва, а таксама член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Анатоль Кузняцоў, удастоены гэтай узнагароды за шматгадовую творчую дзейнасць і стварэнне высокамастацкіх твораў жывапісу. 

 

Прэмія прысуджана і ўзорнаму ансамблю "Аношкаўскія музыканты" Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Нясвіжскага раёна за мэтанакіраваную работу па захаванні нацыянальных мастацкіх традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць. 

Прыняцце ўказаў аб прысуджэнні прэмій з'яўляецца яркім сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, развіцця беларускай культуры і мастацтва.

 

Лукашэнка: уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэмій адкрывае Год культуры

Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэмі

"Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Галоўная задача — актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы".

Як лічыць Прэзідэнт, Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з'яўляюцца гордасцю краіны. Яскравым пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне юбілеяў выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.

 

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што на высокім узроўні будзе праведзены і маючы адбыцца 25-ы юбілейны фестываль "Славянскі базар у Віцебску", які стаў той сусветнай пляцоўкай, на якой выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў час Года культуры ўвага будзе ўдзяляцца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнага жыцця грамадзян.

 

Лукашэнка: культура з'яўляецца фундаментам фарміравання і развіцця нацыі

"Культура знаходзіцца ў аснове ідэалогіі дзяржаў, указваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства, — перакананы кіраўнік краіны. — Гэта шматгранная з'ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: нельга забываць аб тым, што культура — гэта і мера чалавечнасці. Без яе не могуць быць паўнацэннымі ні асоба, ні грамадства.

 

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння людзі маюць патрэбу ў гуманнасці, міласэрнасці, узаемаразуменні і дабраце. "Без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

Прэзідэнт: агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы жывём у няпросты, вельмі трывожны час. "Я вельмі часта аб гэтым кажу, і паверце, нездарма. Вельмі глыбокі духоўны крызіс ахапіў многія краіны, — канстатаваў Прэзідэнт. — І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцей. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці".

 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што высокія тэхналогіі, нябачаная ў гісторыі скорасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэйшымі адзін да аднаго. Якраз наадварот — у нядобрых руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці.

"На жаль, ужо відаць горкія плады такой палітыкі. Адхіляюцца інстытут сям'і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, усёдазволенасць і карысталюбства асуджаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: адмаўленне ад маральных самаабмежаванняў прывяло да кровапралітных канфліктаў і войнаў

"Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмаўленне ад маральных самаабмежаванняў прывяло да невырашальных супярэчнасцей, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, бяздумнае стаўленне да навакольнага асяроддзя паставіла чалавецтва на мяжу экалагічнай катастрофы.

 

"Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, — адзначыў кіраўнік краіны. — Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Яшчэ апостал Павел гаварыў: "Усё мне дазволена, але не ўсё карысна".

 

Згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных каштоўнасцей з'яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу — Лукашэнка

"Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцей з'яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.<o:p></o:p>

Таму не выпадкова на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Беларусь названа сімвалам міру. "Беларускі народ умее атрымліваць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве. Застаецца адданым высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям", — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт лічыць важным, каб дзеячы культуры і мастацтва разумелі гэта і сваёй творчасцю процістаялі бескультур'ю і іншым негатыўным з'явам, якія часта засмучаюць наша жыццё.

 

На думку Аляксандра Лукашэнкі, узнагароды за выдатны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за дабрачыннасць і актыўную дзейнасць па ахове мацярынства і дзяцінства сведчаць аб тым, якую важную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі адыгрывае духоўнасць, маральныя і эстэтычныя прынцыпы.

"У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі "За духоўнае адраджэнне" сталі калектывы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця" і Нацыянальнага мастацкага музея, дзеячы Рускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў, аўтары кнігі-рэквіема "Жыць і помніць". Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва атрымалі журналісты, вучоныя, мастакі, калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

"Мы ўшаноўваем таксама лаўрэатаў прэміі "Беларускі спартыўны Алімп". Ваша мэтанакіраванасць, воля да перамогі і працавітасць становяцца добрым прыкладам для выхавання чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь", — адзначыў Прэзідэнт.

Ён выказаў упэўненасць, што ўсенароднае прызнанне, якое набылі лаўрэаты, стане для іх стымулам да новых дасягненняў на карысць Радзімы.

 

Лукашэнка папрасіў усіх падключыцца да ўборкі снегу

"Некалькі слоў на злобу дня — шмат снегу, значыць, будзе шмат збожжа, і гэта значыць, што не вымерзне ўраджай, як гэта было ў мінулую зіму", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт папрасіў кіраўнікоў, у тым ліку вертыкалі ўлады, а таксама прадпрыемстваў узмацніць работу па ліквідацыі снежных затораў, якія ўзніклі ў гарадах і вёсках на дарогах, а таксама на аўтамагістралях.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў людзей падключыцца да ўборкі снегу ў дварах дамоў, на тэрыторыях. "Я вас пераканаўча прашу — трэба выйсці і дапамагчы з уборкай снегу", — сказаў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што, на жаль, у Мінску не паспяваюць убраць снег, нягледзячы на ўсе прынятыя меры, менавіта таму патрабуецца дапамога ўсіх, каб прывесці горад у парадак.

 

Гэтыя пытанні даручана ўзяць на кантроль прэм'ер-міністру Андрэю Кабякову і кіраўніку Адміністрацыі Аляксандру Косінцу. У пятніцу яны даложаць кіраўніку дзяржавы аб выкананні гэтага даручэння.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий