Беларусь і далей пойдзе па выбраным народам шляху — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Беларусь і далей пойдзе па выбраным народам шляху

4 января 2016 - Administrator
article2157.jpg

 30 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў радзільны дом 5-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, аб стане сістэмы аховы здароўя Мінска, а таксама аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта па будаўніцтве радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аснашчэннем і арганізацыяй медыцынскай дапамогі жанчынам і нованароджаным у радзільным доме.

 

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і далей пойдзе па выбраным народам шляху. Прэзідэнт падкрэсліў, што на неабдуманых рэформах сёння настойваюць тыя, каму патрэбны развал, мітусня, непарадкі. "Тады можна і да ўлады прыйсці, тады можна павярнуць краіну ў іншы бок. Гэтага не будзе. Краіна будзе ісці ў тым напрамку, у якім лічаць патрэбным, каб яна ішла, беларускія людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

У якасці прыкладу правільнага рэфармавання, мадэрнізацыі кіраўнік дзяржавы прывёў ахову здароўя. Наведваючы сёння радзільны дом 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта паказчык таго, як дзяржава клапоціцца пра будучыню краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды былі добрыя ўрачы і дастойныя ўстановы аховы здароўя, а да гэтага часу ўдалося вырашыць праблему з іх аснашчэннем.

 

"Вось і ўся рэформа, так будзем рэфармавацца, мадэрнізавацца па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што дзяржава і далей будзе падстаўляць плячо, знаходзіць любыя рэсурсы для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Беларусы могуць заўсёды разлічваць на падтрымку ў гэтым плане, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка: у Беларусі ніколі не будуць эканоміць на дзецях і маці

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі спатрэбіцца, у Беларусі будуць скарачаць фінансаванне дзяржаўных праграм.

"А вось на дзяцей і на тых, хто нараджае, мы грошай шкадаваць не павінны. Для іх усё павінна быць", - падкрэсліў ён.

 

Як было даложана кіраўніку дзяржавы, па выніках 2015 года ў Беларусі ўпершыню ўзровень нараджальнасці зраўнаваўся з узроўнем смяротнасці. За 10 гадоў дзіцячая смяротнасць знізілася ў 2,5 раза. Па гэтым паказчыку Беларусь зраўнавалася з перадавымі краінамі свету. За год не было зарэгістравана ні аднаго выпадку мацярынскай смяротнасці, а за пяцігодку такі выпадак быў адзін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сапраўдная перамога. Прэзідэнт даручыў вызначыць тых, чыімі заслугамі яна дасягнута, і адпаведным чынам заахвоціць. Такія дасягненні - гэта галоўнае, як бы ні былі важны вытворчыя паказчыкі, лічыць ён.

 

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з аснашчэннем радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Яго структура будзе ўключаць 11 падраздзяленняў, у тым ліку гінекалагічныя аддзяленні для экстраннай дапамогі. Уведзеныя ў строй радзільныя залы аснашчаны сучасным абсталяваннем. На плошчах новага акушэрска-гінекалагічнага корпуса размесцяцца таксама экстранная лабараторыя з найноўшым абсталяваннем, кабінеты фізіятэрапіі, функцыянальнай дыягностыкі, памяшканні для кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Усяго ў новым корпусе штодзённа будуць атрымліваць лячэнне амаль 300 жанчын. З яго адкрыццём колькасць родаў павялічыцца з 3 тыс. да 5,5 тыс. у год. Гэты радзільны дом будзе самым буйным у Мінску.

 

Лукашэнка перасцерагае ад празмернасцей пры будаўніцтве медыцынскіх і іншых аб'ектаў

"Рабіце ўсё функцыянальна. Не трэба будаваць з празмернасцямі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што на аснашчэнне і абсталяванне грошай шкадаваць не трэба. І спрашчацца не варта, дадаў ён.

 

"Усё гэта трэба мець на ўвазе. У нас умеюць маляваць - як намалююць - хоць плач", - прадоўжыў Прэзідэнт. У якасці пазітыўнага прыкладу ён прывёў заходнія падыходы, калі будынкі будуюцца вельмі проста, але выкарыстоўваецца суперсучаснае абсталяванне. "Нам трэба ў іх вучыцца", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка адзначае важнасць таго, што да акцыі "Нашы дзеці" далучыліся бізнесмены

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што СМІ паказваюць, што з падарункамі ў дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты напярэдадні Каляд і Новага года прыязджаюць дзяржслужачыя, чыноўнікі. Ён звярнуў увагу журналістаў, што ў дабрачынную акцыю актыўна ўключыліся бізнесмены. "У нас столькі бізнесменаў, проста багатых людзей, якія дзеляцца сваім дабром, грашамі. Ідуць з падарункамі ў дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты, да старых, хворых", - сказаў ён.

"Бачу, што ўся краіна адгукнулася, я вельмі рады, малайцы! Вось так і павінна быць у сапраўднай дзяржаве. Тады ніякія крызісы не страшныя", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

Журналісты закранулі таксама тэму таго, што Аляксандр Лукашэнка ў вольны час займаецца вырошчваннем агародніны на тэрыторыі сваёй рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўды гэта яго хобі. Многае з гэтых агародніны і садавіны перадаецца потым у дзіцячыя дамы, інтэрнаты для састарэлых.

 

Лукашэнка: 70-годдзе Перамогі - галоўная падзея 2015 года

"Самай вялікай падзеяй у адыходзячым годзе было святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не толькі ўнутраная падзея. Гэта сусветнага характару падзея. Так, некаторыя не хочуць гэтага бачыць і чуць, некаторыя замоўчваюць, некаторыя фальсіфікуюць гісторыю. Але 70 гадоў Перамогі ў Другой сусветнай вайне - гэта галоўная падзея 2015 года", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

 

Міралюбівая беларуская палітыка паслужыла падставай для адмены санкцый - Лукашэнка

Закранаючы ўкраінскую тэматыку, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што "нам не трэба перабольшваць сваю ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту".

"Нашу пазіцыю можна вітаць, таму што скрозь і ўсюды Беларусь, кіраўніцтва Беларусі выступае за мір, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы не прымаем вайны, не прымаем ніякіх канфліктаў, ва Украіне гэта, Сірыі, Лівіі, або Іраку. Мы гэтага не прымаем, гэта наша пазіцыя".

 

"І тое, што адбылося ў Мінску, вы ведаеце, я сказаў бы, што гэта павінна было адбыцца ў Мінску, таму што ў свеце няма іншай дзяржавы, якая была б так прыхільна да міру. Фундамент гэтага - тая перамога, якая адбылася 70 гадоў таму", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб мінскіх дамоўленасцях і мірных сустрэчах у Беларусі па ўкраінскай тэматыцы, Прэзідэнт падкрэсліў: "Таму падзея, якая адбылася, яна была вельмі важнай - для Украіны перш за ўсё, для Расіі, для нашага кантынента, для гэтага рэгіёна. Але яна дала штуршок, паслужыла прычынай, і нават не прычынай, а падставай (гэта як падарунак Захаду) для адмены супраць нас розных санкцый. Ім патрэбны быў нейкі такі моцны штуршок, і яны, атрымаўшы яго, гэтым скарысталіся".

 

"Ну, што тут граху таіць, за гэта трэба ім быць удзячнымі, цяперашнім еўрапейскім палітыкам, Злучаным Штатам. За тое, што яны, скарыстаўшыся гэтым выпадкам, шанцам для нас і сябе, адышлі ад гэтай канфрантацыі з Беларуссю", - выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий