Беларусь стала наглядальнікам у ШОС — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Беларусь стала наглядальнікам у ШОС

15 июля 2015 - Administrator
article1822.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8-10 ліпеня прыняў удзел у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем сустрэч на вышэйшым узроўні міждзяржаўнага аб'яднання БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі правёў шэраг двухбаковых сустрэч і прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў краін, якія ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў для абмеркавання найбольш актуальных пытанняў сусветнай палітыкі, эканомікі, фінансавай сферы.

 

Беларусь набыла статус наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 8 ліпеня павіншаваў беларускі бок з тым, што вырашана задача павышэння статусу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

"Беларусь набывае статус наглядальніка ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, роля якой расце ў сучасным свеце", - сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.

"Мы ўпэўнены ў тым, што ваш удзел у рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пойдзе на карысць як Беларусі, так і ўсім удзельнікам арганізацыі", - адзначыў расійскі лідар.

 

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам, саюзнікам Расіі. Ён звярнуў увагу на тое, што краіны супрацоўнічаюць па ўсіх напрамках, пачынаючы ад ваеннай сферы і заканчваючы гуманітарнай, вырашаюцца сацыяльныя пытанні ў інтарэсах грамадзян, развіваюцца кааперацыйныя сувязі як у Саюзнай дзяржаве, так і Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі шмат сур'ёзных планаў.

Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) завяршыўся 10 ліпеня прыняццем пакета дакументаў, у тым ліку накіраваных на пашырэнне арганізацыі. У прыватнасці, падпісана рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Індыі і Пакістана ў члены Арганізацыі. Лідары таксама прынялі рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статусу наглядальніка пры арганізацыі, а статусу партнёра па дыялогу - Азербайджану, Арменіі, Камбоджы і Непалу.

 

Лідары паставілы подпісы пад Уфімскай дэкларацыяй і Стратэгіяй развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва да 2025 года. Акрамя таго, яны зацвердзілі Праграму супрацоўніцтва дзяржаў - членаў арганізацыі ў барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам на 2016-2018 гады.

Наступны саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адбудзецца ў першай палавіне верасня 2016 года ва Узбекістане.

 

Лукашэнка: Беларусь абсалютна падтрымлівае дзеянні БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва на сусветнай арэне

Аб гэтым заявіў 8 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што "нарэшце знайшліся арганізацыі, якія рызыкнулі вызначыць крыху іншыя напрамкі дзеянняў на сусветнай арэне". "Гэта намі абсалютна падтрымліваецца, прымаецца. Гэта будзе толькі на карысць усім людзям, якія жывуць на зямлі. І тыя імпульсы ў фінансавых, эканамічных адносінах, якія вамі зроблены апошнім часам у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, БРІКС, - гэта вельмі добрыя напрамкі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку беларускага боку.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што хацеў бы разгледзець на сустрэчы тры блокі пытанняў. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць праблемы ў Еўразійскім эканамічным саюзе, асабліва ў сувязі з уступленнем Кыргызстана. Паводле яго слоў, вызначалася даўно, што бакі будуць весці кансультацыі па гэтым пытанні.

 

Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы хацеў бы закрануць пытанні беларуска-расійскіх адносін. "Час мы перажываем няпросты, але ў поўнай меры перажываем. Мы з гэтым даўно сутыкнуліся, вы, мабыць, не ў такім аб'ёме цяпер. Таму нам трэба абмеркаваць пытанні прадаўжэння нашага рашэння саюзнага Саўміна, якім чынам нам рабіць далейшыя крокі па пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія могуць узнікнуць у бліжэйшы час", - сказаў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за магчымасць правядзення двухбаковых сустрэч з лідарамі замежных дзяржаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ён плануе сустрэцца з прэзідэнтамі чатырох краін. "Думаю, магчыма, з'явяцца яшчэ сустрэчы", - сказаў ён.

 

Прэзідэнты Беларусі і Бразіліі дамовіліся аб стварэнні змешанай міжурадавай камісіі

Беларусь і Бразілія створаць змешаную міжурадавую камісію, якая вывучыць бягучы стан двухбаковых адносін і перспектывы паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Аб гэтым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Бразіліі Аляксандр Лукашэнка і Дзілма Русеф на сустрэчы, што адбылася 9 ліпеня ва Уфе.

Кіраўнікі дзяржаў таксама дамовіліся, што будуць вызначаны ў бліжэйшы час 4-5 асноўных напрамкаў, праектаў, якія бакі пачнуць рэалізоўваць і якія стануць прыкладам для далейшага развіцця адносін.

 

Нягледзячы на тое, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягае амаль $1 млрд, прэзідэнты перакананы, што патэнцыял далёка не вычарпаны і бакам ёсць над чым працаваць. У Беларусі і Бразіліі ёсць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва ў авіяцыйнай сферы, аграпрамысловым комплексе. Беларусь закупляе ў Бразіліі самалёты Embraer і мае падрыхтаваныя кадры, базу для стварэння рэгіянальнага цэнтра тэхнічнай падтрымкі для гэтых самалётаў. Прэзідэнт Бразіліі згадзілася з гэтай прапановай беларускага боку. Бакі таксама дамовіліся стварыць на тэрыторыі Бразіліі вытворчы кластар, дзе будзе выпускацца на сумесных прадпрыемствах сельскагаспадарчая тэхніка, велікагрузныя аўтамабілі, трактары.

 

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Дзілму Русеф наведаць з візітам Беларусь у любы зручны для яе час, і Прэзідэнт Бразіліі прыняла запрашэнне.

Як расказаў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, сустрэча прэзідэнтаў была добразычлівай, канструктыўнай. Ён выказаў перакананне, што ў бліжэйшы час беларуска-бразільскія адносіны выйдуць на больш высокі ўзровень.

 

Беларусь і Афганістан у бліжэйшы час могуць значна актывізаваць супрацоўніцтва - Лукашэнка

Аб гэтым заявіў 9 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва Уфе на сустрэчы з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Афганістан Ашрафам Гані Ахмадзаем.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней у яго адбыліся тэлефонныя размовы з Прэзідэнтам Афганістана, са спецыяльным прадстаўніком, у час якіх вяліся дыскусіі наконт далейшага беларуска-афганскага супрацоўніцтва. "Афганістан - не такая далёкая для нас краіна, і мы можам у бліжэйшы час актывізаваць наша супрацоўніцтва, давесці яго да ўзроўню патэнцыялу нашых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.

 

"Нам здаецца ў Беларусі, і мы, відаць, не далёкія ад ісціны, што пасля выбрання новага прэзідэнта ў Афганістане намеціўся інтэнсіўны працэс стабілізацыі, нармалізацыі адносін розных палітычных, этнарэлігійных груп, і мы гэта вельмі вітаем, мы вельмі балеем, перажываем за вас па многіх прычынах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў задавальненне тым фактам, што, нягледзячы на вайну, краіны не сталі больш жорсткімі, перагарнулі гэту старонку гісторыі і выбудоўваюць новыя адносіны. "У нас ёсць нейкі абавязак дапамагаць афганскаму народу ў аднаўленні народнай гаспадаркі, рабіць усё для таго, каб у Афганістане людзі жылі добра. Таму што  вы займаеце стратэгічнае становішча ў Азіі і без Афганістана немагчыма ажыццяўляць транзіт, асабліва паміж поўначчу і поўднем, дзе размешчаны гіганцкія дзяржавы з гіганцкім запасам сыравіны", - сказаў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Афганістан знаходзіцца ў цэнтры барацьбы з сучаснымі пагрозамі. На думку Прэзідэнта Беларусі, усе дзяржавы, чые лідары знаходзяцца сёння ва Уфе, вельмі зацікаўлены ў тым, каб Афганістан быў моцнай дзяржавай. "Таму што і наркатрафік, і тэрарыстычныя пагрозы праходзяць праз вашу краіну. Таму ўсе павінны аб'яднацца для таго, каб умацаваць Афганістан па ўсіх пазіцыях, - палітычных, сацыяльных, каб ён мог процістаяць пагрозам, якія сёння існуюць у свеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Беларусь гатова ствараць сумесныя вытворчасці ў Афганістане і выходзіць на рынкі трэціх краін

Аб гэтым ішла размова 9 ліпеня на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Афганістана Аляксандра Лукашэнкі і Ашрафа Гані Ахмадзая, паведаміў памочнік Прэзідэнта Беларусі Валерый Брылёў.

Ён расказаў, што ў час сустрэчы Прэзідэнт Афганістана падрабязна спыніўся на ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, звярнуў увагу на тое, што Афганістан мае націск як з поўначы, так і з захаду.

 

"Краіна мае патрэбу ў інвестыцыях, развіцці супрацоўніцтва, пошуку новых напрамкаў узаемадзеяння, - сказаў Валерый Брылёў. - Мы хацелі б, каб Афганістан развіваўся, і зробім усё, каб дапамагчы афганскаму народу".

Прэзідэнт Афганістана падкрэсліў, што ў яго краіне добра ведаюць беларускую тэхніку і маюць намер развіваць супрацоўніцтва праз далейшы гандаль і стварэнне сумесных вытворчасцей.

"Мы гатовы нарошчваць сваю прысутнасць", - сказаў Валерый Брылёў. Паводле яго слоў, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб стварэнні спецыяльнай групы, якая прапрацуе напрамкі ўзаемадзеяння, што цікавяць бакі, знойдзе агульныя падыходы, вызначыць магчымыя сумесныя праекты.

 

Беларусь і Манголія выказваюць узаемны інтарэс да пашырэння супрацоўніцтва

Гэта пацвердзілі на праходзячай ва Уфе сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. На яго думку, краіны не могуць быць задаволены існуючым узроўнем узаемадзеяння. "У нас вельмі падобныя людзі, вельмі працавітыя, добрыя. У нас ёсць чым гандляваць. Думаю, нам трэба было б арганізаваць на ўзроўні ўрадаў значныя групы, якія вывучылі б і прадставілі нам некалькі напрамкаў супрацоўніцтва, аж да канкрэтных праектаў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пастаўкі ў Манголію беларускіх велікагрузных аўтамабіляў. "Гэта добры праект, мы гатовы яго развіваць, - сказаў беларускі лідар. - Але гэтага мала, трэба ісці далей".

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў ажыццявіць узаемныя візіты спецыялістаў дзвюх краін, а затым на вышэйшым узроўні з тым, каб намеціць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што беларускі бок зацікаўлены ў гэтым.

 

У сваю чаргу Прэзідэнт Манголіі лічыць, што ў дзвюх дзяржаў ёсць шмат магчымасцей для актывізацыі супрацоўніцтва. "Мы добра ведаем беларускія трактары, самазвалы, аўтамабілі БелАЗ. Раней у кожнай сям'і быў халадзільнік "Мінск", а жывёлаводы шырока выкарыстоўвалі матацыклы "Мінск", - сказаў Прэзідэнт Манголіі. Ён падкрэсліў, што Манголія - адна з тых азіяцкіх краін, дзе добра ведаюць беларускую прадукцыю, і прапанаваў беларускаму боку разгледзець пяць канкрэтных напрамкаў, па якіх краіны могуць развіваць далейшае супрацоўніцтва.

 

Цахіягійн Элбэгдорж звярнуў увагу на падабенства Беларусі і Манголіі: "Мы краіны, якія не маюць выхаду да мора, не валодаем ядзернай зброяй, мы амаль адначасова перайшлі да рыначнай эканомікі, знаходзімся паміж буйнымі дзяржавамі". Беларусь і Манголія з'яўляюцца раўнапраўнымі партнёрамі. Ён з задавальненнем адзначыў той факт, што ў 2014 годзе Беларусь адкрыла пасольства ў Манголіі, сумесная беларуска-мангольская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве правяла тры пасяджэнні.

 

Традыцыйна беларускі экспарт у Манголію складае аснову тавараабароту і характарызуецца дастатковай ступенню дыверсіфікацыі. Аснову беларускага экспарту складаюць кар'ерныя самазвалы, ліфты, чыгуначныя вагоны, прадукты харчавання, нафтапрадукты, часткі і прылады да аўтамабіляў і трактароў.

 

Лукашэнка разлічвае на паглыбленне супрацоўніцтва Беларусі і Ірана

Аб гэтым заявіў 9 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ва Уфе з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран Хасанам Раўхані.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Ірана даўнія дружалюбныя адносіны. "Мне здаецца, што іранскі бок ні па адным з пытанняў, якія мы абмяркоўвалі, па якіх мы дамаўляліся, не можа прад'явіць нам прэтэнзіі, таму што мы заўсёды свята шанавалі і выконвалі нашы дамоўленасці", - сказаў беларускі лідар. "Хачу вам сказаць, што так будзе і ў далейшым: калі мы з вамі дагаварыліся, мы свята будзем выконваць нашы дамоўленасці", - запэўніў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што краіны перажылі вельмі складаныя часы ў двухбаковых адносінах, звязаныя са знешнімі прэтэнзіямі, санкцыямі, націскам. "Мы гэты перыяд пражылі, прайшлі паспяхова", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Іран з поспехамі на міжнароднай арэне. "Я вельмі рады, што праходзяць гэтыя перагаворы, адкрываюцца добрыя перспектывы, звязаныя з новым прэзідэнтам Ірана. І мы вельмі спадзяёмся на паглыбленне нашага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Ірана ў сваю чаргу адзначыў зацікаўленасць у развіцці адносін з Беларуссю. "У нас як асабіста з вамі, так і з Беларуссю заўсёды складваюцца вельмі дружалюбныя адносіны", - сказаў ён.

 

Лукашэнка: БРІКС імкліва ператвараецца ў процівагу ў працэсе фарміравання шматпалярнага свету

Такое меркаванне 9 ліпеня выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў.

"Краіны, што ўваходзяць у БРІКС, не ўвязваюць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу з нейкімі дадатковымі ўмовамі. Яны не імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым дзяржавам", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

На яго думку, цяпер краіны БРІКС сталі "лакаматывамі" эканамічнага развіцця, што асабліва важна для стабілізацыі сітуацыі ў сусветнай эканоміцы. "Яны дапамагаюць іншым краінам забяспечыць посткрызіснае аднаўленне, - сказаў беларускі лідар. - Больш таго, сёння ўсе ўдзельнікі БРІКС становяцца рэальнымі цэнтрамі інтэграцыйнага прыцяжэння ў сваіх рэгіёнах".

 

"Скажу шчыра: такія падыходы і тэндэнцыі сугучны з філасофіяй і практычнымі крокамі нашай краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Для вядучых сусветных ігракоў відавочны ўклад дзяржаў БРІКС у фарміраванне гарманічных і справядлівых міжнародных адносін. Таму любыя спробы вырашаць сусветныя праблемы без іх удзелу - непрадукцыйныя", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока ацэньвае прадастаўленую магчымасць для прамога і адкрытага дыялогу з лідарамі БРІКС і іншых дзяржаў, якія прымаюць удзел у форуме.

 

"Упэўнены, што наша сустрэча закладзе аснову для пашырэння і актывізацыі адносін паміж прадстаўленымі тут краінамі", - сказаў ён.

 

Беларусь гатова актыўна падключыцца да розных напрамкаў супрацоўніцтва з БРІКС - Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў.

"Мы даўно і паслядоўна развіваем ідэю "інтэграцыі інтэграцый" у сучасным свеце. Беларусь - гэта саюзнік БРІКС па пабудове ўзаемавыгадных і раўнапраўных адносін паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем без раздзяляльных ліній", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Беларусь можна смела прылічыць да членаў "клуба сяброў БРІКС". Нам удалося выбудаваць узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі аб'яднання", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што Беларусь з'яўляецца надзейным і падказальным партнёрам. "Мы не маем канфліктаў на сваёй тэрыторыі і не ствараем праблем суседзям. Стабільна забяспечваем бяспеку агульных граніц, транзіт энерганосьбітаў. Эфектыўна процідзейнічаем наркатрафіку і нелегальнай міграцыі. Праводзім міралюбівую знешнюю палітыку", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Як лідар дзяржавы, якая старшынствуе ў 2015 годзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку падтрымаць спецыяльныя фарматы ўзаемадзеяння ЕАЭС і БРІКС.

 

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь цэніць уклад БРІКС у падтрыманне і абарону на сусветнай арэне інтарэсаў дзяржаў з пераходнай эканомікай і краін, якія сталі на шлях развіцця. "Мы ўскладаем надзеі на зацікаўленую пазіцыю БРІКС па фарміраванні больш справядлівай міжнароднай эканамічнай і фінансавай сістэмы", - сказаў ён.

Лідары краін БРІКС прынялі падагульняючы дакумент саміту - Уфімскую дэкларацыю. Цырымонія падпісання гэтага і шэрага іншых дакументаў адбылася пасля рабочага пасяджэння ў пашыраным складзе.

 

БРІКС - міждзяржаўнае аб'яднанне Бразіліі, Расіі, Індыі, Кітая, ПАР (далучылася ў снежні 2010 года). Ініцыятарам стварэння аб'яднання выступіў расійскі бок. У красавіку 2015 года да Расіі перайшло старшынства ў аб'яднанні, яна нацэлена на далейшую трансфармацыю БРІКС у механізм стратэгічнага і бягучага ўзаемадзеяння па ключавых пытаннях сусветнай палітыкі і эканомікі.

Наступная нефармальная сустрэча лідараў БРІКС адбудзецца на саміце "групы дваццаці", які пройдзе ў лістападзе 2015 года ў Турцыі.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий