Дэкрэт аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дэкрэт аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады

13 ноября 2015 - Administrator
article2064.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада падпісаў дэкрэт нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)". Поўны тэкст дакумента прыведзены на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта па адрасе www.president.gov.by.

 

Працэнты па кароткатэрміновых банкаўскіх укладах з красавіка 2016 года будуць абкладацца падаходным падаткам

Гэта прадугледжана дэкрэтам Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)", паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка.

 

"Дэкрэтам прадугледжана змяненне падыходаў да льготнага падаткаабкладання даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі ў выглядзе працэнтаў па банкаўскіх рахунках і ўкладах (дэпазітах) у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях. Так, з 1 красавіка 2016 года вызваленню ад падаходнага падатку з фізічных асоб не будуць падлягаць працэнтныя даходы, атрыманыя пры фактычным размяшчэнні грашовых сродкаў на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) на тэрмін меншы за 1 год - у беларускіх рублях, і меншы за 2 гады - у замежнай валюце. Пры гэтым падаходны падатак будзе спаганяцца толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу, і толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы даход, перавышае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладзе да запатрабавання", - заявілі ў Нацбанку.

 

У выпадку неабходнасці выплаты падаходнага падатку з атрыманых працэнтных даходаў ніякіх дадатковых дзеянняў з боку ўкладчыка не спатрэбіцца - банк сам разлічыць суму падатку і пералічыць яе ў дзяржаўны бюджэт. Пры заключэнні дагавора банкі абавязаны падрабязна інфармаваць укладчыкаў аб усіх умовах прыцягнення ўкладу, а ў выпадку неабходнасці спагнання падаходнага падатку з атрыманых укладчыкам працэнтных даходаў - аб суме пералічаных у бюджэт сродкаў.

 

У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца безадзыўныя банкаўскія ўклады

У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца безадзыўныя банкаўскія ўклады, пры якіх датэрміновае вяртанне па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Адпаведная норма закладзена ў дэкрэце Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)".

"З 12 лістапада 2015 года ў Беларусі змяняецца класіфікацыя банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), - заявілі ў Нацбанку. - Дакумент (дэкрэт нумар 7. - Заўвага БЕЛТА) уступіў у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на новазаключаемыя дагаворы банкаўскага ўкладу (дэпазіту)".

 

У прэс-службе растлумачылі, што ў адпаведнасці з дзеючай цяпер класіфікацыяй банкаўскія ўклады ў Беларусі падраздзяляюцца на некалькі відаў: тэрміновыя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пасля заканчэння тэрміну, вызначанага дагаворам, працэнтная стаўка залежыць ад сумы і тэрміну размяшчэння ўкладу - чым большая сума ўкладу і тэрмін яго размяшчэння, тым вышэйшы працэнтны даход); умоўныя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пры надыходзе пэўнай умовы (падзеі), зафіксаванай у дагаворы); уклады да запатрабавання (грошы з такога ўкладу можна знімаць у любы час без страты працэнтаў, але працэнтная стаўка па іх звычайна ніжэйшая ў параўнанні з іншымі відамі ўкладаў).

 

"У адпаведнасці з дэкрэтам нумар 7 пачынаючы з 12 лістапада 2015 года дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падраздзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў стануць умовы датэрміновага вяртання ўкладу", - расказалі ў Нацбанку.

Пры заключэнні адзыўнога дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.

 

Безадзыўным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Вярнуць уклад да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора можна будзе толькі са згоды банка.

"Дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), заключаныя да 12 лістапада 2015 года, будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння. Пры прадаўжэнні дагавора на новы тэрмін яго палажэнні будуць прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі дэкрэта нумар 7", - адзначылі ў прэс-службе.

"Пры гэтым дзяржава па-ранейшаму гарантуе поўную захаванасць грашовых сродкаў фізічных асоб у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады ў банках, і кампенсацыю 100 працэнтаў сумы гэтых сродкаў у валюце рахунку або ўкладу з выплатай працэнтаў", - падкрэслілі ў Нацбанку.

 

Новыя падыходы да класіфікацыі банкаўскіх укладаў адпавядаюць міжнароднай практыцы - Нацбанк Беларусі

Падыходы дэкрэта Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)" да класіфікацыі банкаўскіх укладаў поўнасцю адпавядаюць міжнароднай практыцы. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджаным Нацыянальным банкам прэс-рэлізе.

 

У адпаведнасці з дэкрэтам з 12 лістапада ў Беларусі змяняецца класіфікацыя банкаўскіх укладаў (дэпазітаў). Дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў стануць умовы датэрміновага вяртання ўкладу. Безадзыўным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Вярнуць уклад да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора можна будзе толькі са згоды банка.

 

"У многіх краінах свету распаўсюджана катэгорыя банкаўскіх укладаў, якія адрозніваюцца да укладаў да запатрабавання. Агульным прынцыпам з'яўляецца неабходнасць узгаднення магчымасцей і ўмоў датэрміновага вяртання ўкладаў паміж банкам і ўкладчыкам. Як правіла, укладчык можа забраць грошы да заканчэння тэрміну ўкладу, але закон не абавязвае банк вяртаць уклад датэрмінова", - расказалі ў прэс-службе.

 

Так, у Італіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі магчымасць датэрміновага вяртання тэрміновых укладаў вызначаецца банкам і ўкладчыкам самастойна ў дагаворы. У Аўстрыі датэрміновае вяртанне тэрміновага банкаўскага ўкладу разглядаецца як крэдыт, за які выплачваюцца працэнты ад датэрмінова вернутай сумы за кожны поўны месяц, якога не хапае да надыходу тэрміну вяртання ўкладу. У Вялікабрытаніі паняцце "тэрміновы банкаўскі ўклад" не выкарыстоўваецца, аднак заканадаўства не перашкаджае дагаворным бакам узгадняць любыя тэрміны і ўмовы банкаўскіх укладаў, уключаючы штрафы і г.д. Такім чынам, усе ўмовы і правілы павінны быць вызначаны і ўзгоднены ў кожным асобным дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.

 

Беларускія банкі ўводзяць новыя прапановы па ўкладах

Аб гэтым сведчыць інфармацыя, размешчаная на сайтах банкаў.

Так, Беларусбанк прапануе фізічным асобам новы ўклад "Класік Безадзыўны" ў беларускіх рублях з тэрмінам захоўвання 1 год і магчымасцю папаўнення. Пры гэтым да надыходу тэрміну вяртання ўкладу расходныя аперацыі па ўкладзе ажыццяўляюцца ў межах астатку капіталізаваных і незапатрабаваных працэнтаў. Правядзенне іншых расходных аперацый па ўкладзе да надыходу тэрміну яго вяртання не дапускаецца.

 

Мінімальная сума прыцягнення складае Br500 тыс. Поўная працэнтная стаўка ўключае асноўныя працэнты ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка (цяпер яна складае 25 працэнтаў) і дадатковыя працэнты ў памеры 5 працэнтаў гадавых.

Адпаведныя прапановы ёсць і па ўкладах у замежнай валюце. Працэнтная стаўка па ўкладзе на 2 гады ў расійскіх рублях складае 6,1 працэнта гадавых, у доларах ЗША і еўра - 5 працэнтаў гадавых.

 

Як паведаміў БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення маркетынгу і грамадскіх сувязей - начальнік аддзела грамадскіх сувязей Юрый Карпіцкі, банк працуе ў штатным рэжыме. "Аб усіх змяненнях мы на сайце банка сёння паведамім. Будзем працаваць у рамках заканадаўства і ствараць усе ўмовы для таго, каб нашы ўклады былі па-ранейшаму прывабнымі для кліентаў", - сказаў ён.

Паводле слоў прадстаўніка банка, для жадаючых сёння размясціць уклад ніякіх праблем не будзе: "У рамках дзеючых на сёння прапаноў, якія ў банка ёсць, будзе магчымасць".

 

Разам з тым пакуль няма інфармацыі аб тым, якой будзе розніца ў прапануемых працэнтах паміж адзыўнымі і безадзыўнымі ўкладамі. "Гэта вырашаюць органы банка, якія на гэта ўпаўнаважаны, і зацвярджаецца калегіяльна. Пакуль яшчэ няма даных. На працягу дня банк адрэагуе некаторымі змяненнямі сваіх прадуктаў", - дадаў Юрый Карпіцкі.

 

Аб змяненні ўмоў прыцягнення грашовых сродкаў у тэрміновыя банкаўскія дэпазіты для фізічных асоб з 12 лістапада на сваім сайце паведамляе ААТ "БПБ-Ашчадбанк". У залежнасці ад сумы ўкладу і тэрміну прыцягнення (90-1000 дзён) працэнтная стаўка па ўкладах у беларускіх рублях вагаецца ад 24,5 працэнта да 30 працэнтаў гадавых.

Іншыя буйныя ігракі на банкаўскім рынку таксама заяўляюць аб з'яўленні новых прапаноў і паступова абнаўляюць інфармацыю на сайтах.

Як запэўніваюць у Нацбанку, безадзыўныя ўклады будуць гарантаваць больш высокую даходнасць. Стаўка па адзыўных дэпазітах можа скласці 20-25 працэнтаў, безадзыўных - 25-30 працэнтаў.

 

Як паведамлялася, з 12 лістапада 2015 года ў Беларусі змянілася класіфікацыя банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), а з 1 красавіка 2016 года працэнтны даход з кароткатэрміновых укладаў будзе абкладацца падаходным падаткам. Гэта прадугледжана дэкрэтам Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)". Дакумент уступіў у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на новазаключаемыя дагаворы банкаўскага ўкладу (дэпазіту).

 

Прыняцце дэкрэта нумар 7 накіравана на фарміраванне банкамі Беларусі доўгатэрміновай рэсурснай базы і больш эфектыўнае яе выкарыстанне, у тым ліку за кошт павышэння даступнасці крэдытаў для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва. "Пры гэтым Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь будзе прадоўжана палітыка па падтрыманні працэнтных ставак па ўкладах на ўзроўні, які перавышае памер інфляцыі і забяспечвае захаванасць зберажэнняў грамадзян", - падкрэслілі ў прэс-службе рэгулятара.

 

Стаўка па адзыўных дэпазітах можа скласці 20-25 працэнтаў, безадзыўных - 25-30 працэнтаў - Нацбанк

Аб гэтым паведаміў 12 лістапада журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

"Стаўка па безадзыўных укладах будзе 25-30 працэнтаў. Яна будзе вагацца ў дыяпазоне "стаўка рэфінансавання - стаўка па інструментах грашовага рынку", - лічыць Тарас Надольны. Пры гэтым стаўкі па адзыўных укладах будуць крыху ніжэйшыя з улікам рызыкі ліквіднасці. "Стаўкі будуць на 3-4 працэнтныя пункты ніжэй з улікам рызыкі ліквіднасці. Хутчэй за ўсё, дзесьці ў дыяпазоне 20-25 працэнтаў гадавых", - растлумачыў ён.

 

Па дзеючых дэпазітах умовы застануцца ранейшымі. Пры гэтым Тарас Надольны выказаў меркаванне, што банкі ў некаторых выпадках могуць знізіць працэнты па ўкладах.

У Беларусі з 12 лістапада 2015 года змяняецца класіфікацыя банкаўскіх укладаў (дэпазітаў). Дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Пры заключэнні адзыўнога дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. З 1 красавіка 2016 года вызваленню ад падаходнага падатку з фізічных асоб не будуць падлягаць працэнтныя даходы, атрыманыя пры фактычным размяшчэнні грашовых сродкаў на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) на тэрмін меншы за 1 год - у беларускіх рублях, і меншы за 2 гады - у замежнай валюце.

 

Пры гэтым падаходны падатак будзе спаганяцца толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу, і толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы гэты даход, перавышае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладзе да запатрабавання.

Дакумент не распаўсюджваецца на ўжо дзеючыя дэпазіты.

 

Безадзыўны ўклад будзе гарантаваць больш высокую даходнасць - Нацбанк

"Сёння безадзыўны ўклад, з аднаго боку, не прадугледжвае датэрміновага адзывання грошай, але, з іншага боку, ён можа гарантаваць больш высокую даходнасць для фізічных асоб з пункту гледжання кіравання сваімі зберажэннямі", - адзначыў Тарас Надольны. Пры гэтым нормамі дэкрэта прадугледжана ў асобных выпадках магчымасць датэрміновага скасавання дагавора нават безадзыўнога ўкладу. Аднак гэта можа адбыцца толькі са згоды ўкладаатрымальніка, г.зн. банка.

 

"Магчымасць выбару якраз і закладзена ў дэкрэце нумар 7. Кожны будзе сам выбіраць - атрымліваць больш высокі даход і пагаджацца на ўмовы безадзыўнасці або мець магчымасць адзывання ўкладу па крыху меншай стаўцы", - растлумачыў Тарас Надольны.

У Нацбанку лічаць, што стаўка па адзыўных дэпазітах можа скласці 20-25 працэнтаў, безадзыўных - 25-30 працэнтаў.

 

Датэрмінова зняць безадзыўны ўклад можна будзе толькі ў выключных выпадках - Нацбанк

"Такія выпадкі будуць крайнім выключэннем. Рашэнне будзе прымацца непасрэдна банкам", - адзначыў Тарас Надольны. Ён дапусціў, што падставай для датэрміновага адзывання ўкладу могуць стаць нейкія трагічныя абставіны, якія закранулі самога ўкладчыка або яго сям'ю, калі могуць тэрмінова спатрэбіцца грошы. "Пры прад'яўленні нейкіх пацвярджальных дакументаў, я думаю, банк можа пайсці на тое, каб датэрмінова вярнуць. Але гэта не будзе мець сістэмны характар і не будзе стандартнай практыкай. Размова ідзе толькі аб выключных выпадках", - растлумачыў ён.

 

У сувязі з гэтым Нацыянальны банк не збіраецца распрацоўваць нейкія крытэрыі або даваць банкам рэкамендацыі, што можна лічыць выключным выпадкам. Такое рашэнне можа прыняць толькі банк, у якім захоўваецца ўклад.

 

Нацбанк прагназуе павелічэнне долі безадзыўных дэпазітаў у доўгатэрміновай перспектыве

"Любое новаўвядзенне на фінансавым рынку, безумоўна, успрымаецца крытычна. Хутчэй за ўсё, на першым этапе, пакуль будуць растлумачвацца прававыя аспекты дэкрэта нумар 7 пэўны адток можа быць. Але ў доўгатэрміновай перспектыве насельніцтва пойдзе ў "доўгія дэпазіты", - лічыць Тарас Надольны.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што банкі па-ранейшаму ў поўным аб'ёме выконваюць усе свае абавязацельствы перад укладчыкамі. "Сёння з пункту гледжання ліквіднасці банкаўскай сістэмы праблем асаблівых няма. Мы сустракаліся з банкамі і правялі папярэднюю работу. Наша ўмова: хоча чалавек забраць уклад - калі ласка, безагаворачна трэба аддаць. Тут ніякіх праблем няма. Але ў доўгатэрміновай перспектыве насельніцтва зразумее - навошта страчваць у даходнасці выключна з-за магчымасці зняцця ўкладу? Мне здаецца, ільгота па падаткаабкладанні даходаў павінна адыграць істотную ролю", - адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

 

Што датычыцца аб'ёмаў дэпазітаў, то Тарас Надольны дапусціў, што яны могуць не павялічыцца. Тым не менш, іх структура з цягам часу зменіцца ў бок павелічэння долі ўкладаў з больш доўгімі тэрмінамі, лічыць ён.

"Банкі будуць зацікаўлены ў гэтых умовах прапанаваць насельніцтву прадукт (можа, гэта будзе абсалютна новы прадукт, не заснаваны на дэпазітах), які дасць магчымасць прыцягнуць рэсурсы насельніцтва. Гэта мера дасць магчымасць запусціць нейкія альтэрнатыўныя інструменты фінансавага рынку", - рэзюмаваў Тарас Надольны.

 

Дэкрэт нумар 7 павінен стымуляваць доўгія зберажэнні - Нацбанк

Дэкрэт нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)" павінен стымуляваць доўгія, г.зн. доўгатэрміновыя зберажэнні. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

"Мэтай прыняцця дэкрэта нумар 7 было стымуляванне доўгіх зберажэнняў у беларускіх рублях - больш за год. Тэма атрымання дадатковага даходу ў бюджэт у выглядзе падатковых паступленняў не стаяла. Мы зыходзілі з таго, каб прапанаваць механізм, які ўкладваецца ў ідэалогію сусветнай практыкі і дае магчымасць вырашыць пытанне ўраўноўвання ўнутраных умоў падаткаабкладання, стымулюючы пры гэтым доўгія зберажэнні", - адзначыў Тарас Надольны.

 

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка звярнуў увагу, што суму магчымых паступленняў падаходнага падатку можна падлічыць зыходзячы з даных, якія ёсць у адкрытым доступе.

 

Доля ўкладаў у беларускіх рублях на тэрмін меншы за год складае каля 80 працэнтаў

"Сёння сярод укладаў у беларускіх рублях пераважаюць уклады тэрмінам да года. Прыкладна 80 працэнтаў - гэта менавіта ўклады да года, адпаведна, на ўклады звыш года прыпадае 20 працэнтаў", - сказаў Тарас Надольны. Сярод укладаў да года найбольш папулярныя ў беларусаў уклады да трох месяцаў. Паводле ацэнак Нацбанка, яны складаюць амаль палавіну "хуткіх" укладаў у беларускіх рублях.

Што датычыцца валютных укладаў, што тут уклады да года складаюць каля 60 працэнтаў, частка ўкладаў мае тэрмін звыш двух гадоў.

 

Тарас Надольны акцэнтаваў увагу, што згодна з дэкрэтам нумар 7 пралангацыя старых укладаў не дапускаецца. "Напрыклад, быў гадавы ўклад, ён скончыўся - далей толькі на ўмовах дэкрэта нумар 7. Новыя ўклады будуць прапаноўвацца ў адпаведнасці з нормамі прынятага дэкрэта", - падкрэсліў ён.

 

Уладальнікам зарплатных картак падаходны падатак плаціць не давядзецца - Нацбанк

"Што датычыцца картак, то дэкрэтам нумар 7 прадугледжана норма, што пад падаткаабкладанне падпадаюць толькі тыя ўклады, стаўка па якіх перавышае стаўку да запатрабавання. Сёння Нацбанк давядзе банкам рэкамендацыі па арыенцірах па працэнтнай стаўцы да запатрабавання. Гэтыя стаўкі складуць прыкладна 3 працэнты па беларускіх рублях і 0,2 працэнта па замежнай валюце. Фактычна зарплатныя праекты, дзе стаўка да запатрабавання вельмі нізкая, не маюць ашчаднага характару, не падпадаюць пад падаткаабкладанне. Калі ж прырода ўкладу прадугледжвае выкананне функцый зберажэння, то ў гэтым выпадку яны падпадаюць пад падаткаабкладанне", - растлумачыў Тарас Надольны.

 

Дэкрэт нумар 7 распаўсюджваецца ў тым ліку на іншаземцаў

Тарас Надольны звярнуў увагу, што ў тэксце дэкрэта не пазначана, што для нерэзідэнтаў устанаўліваюцца якія-небудзь абмежаванні або выключэнні. "Адпаведна, яны таксама будуць плаціць", - сказаў ён.

Намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка адзначыла, што банкі будуць налічваць і ўтрымліваць падаходны падатак з працэнтаў самастойна. "Гэта працэдура будзе выконвацца непасрэдна банкамі, грамадзяніну не трэба будзе прадастаўляць дэкларацыі, і сродкі дэклараванню не падлягаюць", - растлумачыла яна. Пры заключэнні дагавора банкі абавязаны падрабязна інфармаваць укладчыкаў аб усіх умовах прыцягнення ўкладу, а ў выпадку неабходнасці спагнання падаходнага падатку з атрыманых укладчыкам працэнтных даходаў - аб суме пералічаных у бюджэт сродкаў.

 

Нацбанк у бліжэйшы час прадставіць праграму развіцця фінансавага рынку

Паводле слоў Тараса Надольнага, праект указа аб надзяленні Нацбанка функцыямі мегарэгулятара фінансавага рынку ўжо знаходзіцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта. "У бліжэйшы час мы плануем прадаставіць на разгляд грамадскасці праграму развіцця фінансавага рынку. Гэта адбудзецца пасля завяршэння ўсіх працэдур сканцэнтравання функцый мегарэгулятара ў Нацбанку. Адпаведны праект указа ўнесены ў Адміністрацыю Прэзідэнта, цяпер ідзе работа над ім", - адзначыў ён.

 

Прадугледжваецца, што ў праграме развіцця фінансавага рынку могуць быць адлюстраваны ў тым ліку пытанні стварэння хедж-фондаў і перспектывы стварэння нацыянальных рэйтынгавых агенцтваў.

Тарас Надольны таксама праінфармаваў, цяпер ідзе работа па стварэнні міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі.

 

Нацбанк рэалізуе комплекс мер для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці - Надольны

Паводле слоў Тараса Надольнага, вядзецца работа па зніжэнні інфляцыі, рэалізаваны механізмы, звязаныя з таргетаваннем грашовай масы, свабодным курсаўтварэннем. "Пытанне забеспячэння фінансавай устойлівасці і стабільнасці таксама застаецца актуальным. У сувязі з гэтым рэалізуецца шэраг мер, якія выяўляюцца, у прыватнасці, у прапанове сканцэнтраваць функцыі мегарэгулятара фінансавага рынку ў руках Нацыянальнага банка", - дадаў ён.

 

Што датычыцца дэкрэта нумар 7, Тарас Надольны звярнуў увагу, што пры яго падрыхтоўцы ўлічваўся вопыт шэрага іншых краін. "За аснову мы бралі міжнародную практыку і сусветны вопыт як у пытаннях падаткаабкладання, так і ў пытаннях адзыванняў укладаў. Ёсць шэраг краін, у тым ліку Германія, Італія, дзе зняць дэпазіт датэрмінова можна толькі са згоды банка. Напрыклад, законам не вызначана, што нямецкі банк павінен вярнуць грошы па першым патрабаванні", - растлумачыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий