Дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва" — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва"

29 ноября 2017 - Administrator
article3561.jpg

 Лукашэнка падпісаў ключавы дакумент па паляпшэнні бізнес-клімату ў Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які з'яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне.

Дэкрэт прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб'ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы.

Для дасягнення гэтых мэт уводзіцца паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Іх пералік вызначаны дэкрэтам: гэта бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасці. Такім чынам, дзеянне дакумента ахоплівае сферы, у якіх сканцэнтравана амаль 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу.

Цяпер для займання гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу "адно акно" (дапускаецца паштовае адпраўленне з паведамленнем аб уручэнні) або з дапамогай партала электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці.

Дэкрэтам таксама зацверджаны агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі да размяшчэння, уладкавання, абсталявання, утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны. Яны будуць абавязковымі для выканання ўсімі суб'ектамі пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці.

Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў гэтай сферы, цяпер будуць мець для прадпрымальнікаў рэкамендацыйны характар да іх адмены.

Дэкрэтам максімальна знімаюцца адміністрацыйныя бар'еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і доўгіх працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі.

Так, прадпрыемствам сферы гандлю і грамадскага харчавання не трэба будзе звяртацца ў выканкамы за ўзгадненнем рэжыму работы магазінаў, рэстаранаў і кафэ. Выключэнне зроблена толькі для ўстаноў, якія працуюць у начны час (з 23 да 7 гадзін). У сферы транспартнай дзейнасці адыходзіць у мінулае абавязковае патрабаванне аб афармленні пуцёвак для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.

Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічныя затратныя патрабаванні і абмежаванні для бізнесу ў сферах вытворчасці прадукцыі, будаўнічай і транспартнай дзейнасці, гандлі і іншых.

Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай работы прадпрыемства. У прыватнасці, за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, што прывяло да шкодных наступстваў, калі няма прыкмет злачынства або іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.

Гэта мера прызначана на фоне лібералізацыі патрабаванняў павысіць адказнасць бізнесу за сваю дзейнасць перад грамадствам і дзяржавай.

Дэкрэт прызначаны надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне.

У Беларусі да 2020 года не будуць павышаць і ўводзіць новыя падаткі

Гэта прадугледжана дэкрэтам нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які падпісаны 23 лістапада Прэзідэнтам.

Дэкрэтам устаноўлена забарона на павышэнне падатковых ставак, а таксама на ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін) да 2020 года.

Суб'ектам гаспадарання, якія займаюцца рознічным гандлем праз інтэрнэт-магазін, прадастаўлена права з 1 студзеня 2018 года прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Акрамя таго, не праводзіцца спагнанне падаткаў з суб'ектаў гаспадарання ў выпадку непрадстаўлення патрабавання аб іх выплаце на працягу 5 гадоў з дня заканчэння тэрміну выплаты. Выключэнне складаюць выпадкі перавышэння правяраемага перыяду 5 гадоў (згодна з заканадаўчым актам), прадстаўлення суб'ектамі гаспадарання падатковых дэкларацый з унесенымі змяненнямі і (або) дапаўненнямі.

Абавязковыя для выканання суб'ектамі гаспадарання тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты (ТНПА) павінны прайсці юрыдычную экспертызу на прадмет іх адпаведнасці заканадаўчым актам і пастановам Савета Міністраў. Экспертыза будзе праводзіцца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі. Даныя ТНПА будуць уключацца ў Нацыянальны рэестр прававых актаў і афіцыйна публікавацца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Саўмін на працягу трох месяцаў павінен забяспечыць распрацоўку і размяшчэнне на адзіным партале электронных паслуг і сайце Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі метадычных рэкамендацый па ажыццяўленні суб'ектамі гаспадарання найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Такі ж тэрмін адводзіцца для скарачэння відаў архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці (іх складнікаў), якія ажыццяўляюцца суб'ектамі гаспадарання пры наяўнасці атэстатаў адпаведнасці.

Інтэрнэт-магазіны змогуць прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання з 1 студзеня

Гэта прадугледжана дэкрэтам нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва".

Суб'екты гаспадарання, якія займаюцца рознічным гандлем праз інтэрнэт-магазін, будуць мець права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання ў парадку і на ўмовах, вызначаных главой 34 Падатковага кодэкса.

Дакумент уводзіць шэраг іншых мер, якія стымулююць развіццё інтэрнэт-гандлю. Так, магазіны больш не будуць абавязаны прадастаўляць звесткі аб рознічным і аптовым тавараабароце ў Гандлёвы рэестр (да гэтага яны павінны былі даваць справаздачу штогод).

Дэкрэтам таксама прадугледжана, што суб'екты гаспадарання маюць права не выкарыстоўваць пячаці (выключэнне - выпадкі, прадугледжаныя міжнароднымі дагаворамі Беларусі).

На працягу 6 месяцаў на разгляд Прэзідэнта павінны паступіць прапановы аб зніжэнні падатковай нагрузкі на суб'екты гаспадарання ў сувязі са стварэннем імі новых рабочых месц, ажыццяўленнем эканамічнай дзейнасці на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў і сельскай мясцовасці, рэінвесціраваннем прыбытку ў развіццё вытворчасці, а таксама аб спрашчэнні падатковага адміністравання. Паўгода адводзіцца і для падачы прапаноў аб замацаванні магчымасці выплаты падаткаў у замежнай валюце плацельшчыкамі, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць за межамі Беларусі.

У Беларусі маюць намер прадугледзець максімальную адмову ад пазбаўлення волі за эканамічныя злачынствы

Гэта прадугледжана дэкрэтам нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва".

Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў разам з Саветам Міністраў пры распрацоўцы праекта закона аб унясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс неабходна скарэкціраваць меры адказнасці за эканамічныя злачынствы.

У прыватнасці, трэба прадугледзець максімальную адмову ад назначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за ўчыненне эканамічных злачынстваў. Асобныя склады эканамічных злачынстваў прадугледжваецца перавесці з катэгорыі цяжкіх або менш цяжкіх у катэгорыі менш цяжкіх або не ўяўляючых вялікай грамадскай небяспекі адпаведна.

Акрамя таго, даручана прадугледзець максімальную адмову ад разгляду адносна эканамічных злачынстваў такой акалічнасці, як "учыненне злачынства групай асоб або арганізаванай групай", у якасці кваліфікуючай прыметы, што прыводзіць да павышанай крымінальнай адказнасці.

Прадугледжваецца таксама павялічыць памер буйнога і асабліва буйнога ўрону, што прыводзіць да больш строгай адказнасці, а таксама выключыць выкарыстанне неадназначных і ацэначных азначэнняў у крымінальным заканадаўстве.

Мінэканомікі чакае першых вынікаў ад прыняцця дэкрэта па прадпрымальніцтве ў І паўгоддзі 2018-га

"Першыя вынікі ад прыняцця гэтага дакумента павінны з'явіцца ў першай палове 2018 года", - адзначыў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч.

Ён падкрэсліў, што дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва мае ідэалагічную накіраванасць. "Таму можна сказаць, што ён уступае ў сілу з моманту падпісання, таму што там закладзены прынцыпы, якія кардынальна мяняюць адносіны дзяржаўных органаў да бізнесу. Пры гэтым дэкрэт будзе распаўсюджвацца не толькі на малы бізнес і ІП, але таксама на ўвесь бізнес", - заявіў ён. Намеснік міністра ўдакладніў, што канкрэтныя нормы дэкрэта ўступаюць у сілу ў розныя тэрміны: нейкія пасля афіцыйнага апублікавання, нейкія - праз паўгода.

Дакументам у краіне ўведзены паведамляльны прынцып работы, растлумачыў Дзмітрый Матусевіч.

"Гэты прынцып уведзены ў нашай краіне так масава ўпершыню. Мы лічым, што гэта дасць магчымасць больш аператыўна і мабільна адкрываць новыя прадпрыемствы, вытворчасці, ствараць новыя рабочыя месцы літаральна на наступны рабочы дзень пасля адпраўлення паведамлення", - расказаў ён.

"Акрамя таго, прадугледжваецца замарозка павелічэння падаткаў - па сутнасці, гэта мараторый на ўвядзенне новых падаткаў або іншых падатковых выплат да 2020 года. Таксама дэкрэтам прадугледжана, што зменіцца адказнасць бізнесу і адносіны да яго дзяржорганаў, органаў расследавання, судовых органаў. Г. зн. будзе вызначана прэзумпцыя добрасумленных паводзін бізнесмена - на гэтай аснове яму прадастаўляюцца шырокія паўнамоцтвы па вызначэнні сваіх непасрэдных актыўнасцей, выкарыстанні або невыкарыстанні розных нарматыўных прававых актаў, стандартаў. Пры гэтым дэкрэтам уводзіцца персанальная адказнасць кіраўніка ў значным памеры, якая не будзе датычыцца самога прадпрыемства", - растлумачыў Дзмітрый Матусевіч.

Намеснік міністра адзначыў, што дэкрэтам прадугледжваецца скарачэнне розных агульных патрабаванняў у сферы пажарнай бяспекі, ветэрынарыі, санітарна-эпідэміялагічных норм, спрашчаюцца адносіны ў будаўніцтве - напрыклад, у рэгістрацыі аб'ектаў.

Адказваючы на пытанне, ці чакае Мінэканомікі павелічэння колькасці прадпрымальнікаў пасля прыняцця дакумента, Дзмітрый Матусевіч сказаў, што ёсць планавыя лічбы, якія вызначаны дзяржпраграмай развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2020 года. "Мы хацелі б, каб доля суб'ектаў МСП да 2020 года вырасла да 40 працэнтаў, але гэты дэкрэт - больш ідэалагічны, хоць і мае прамы эканамічны эфект. Хацелася б, каб інвестыцыйны клімат у выніку прыняцця гэтага дэкрэта палепшыўся і ўсе гэта максімальна хутка адчулі", - рэзюмаваў ён. Цяпер доля МСП у эканоміцы - 25-27 працэнтаў.

Намеснік міністра падкрэсліў, што пры распрацоўцы дакумента на грамадскае абмеркаванне выносіліся ўсе без выключэння прапановы. "У гэтым годзе ўзаемадзеянне з бізнес-саюзамі, прадпрымальнікамі, саюзамі рамеснікаў мае беспрэцэдэнтна высокі і вельмі канструктыўны характар", - канстатаваў ён.

Арушаньянц: дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва - вынік беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва дзяржорганаў і бізнесу

"Дэкрэт - гэта вынік беспрэцэдэнтнай сумеснай работы дзяржаўных органаў і бізнесу. З боку прадпрымальніцкіх структур усе, хто быў зацікаўлены ў стратэгічным развіцці галіны, прынялі ўдзел у гэтай рабоце", - заявіў дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц.

Пры гэтым Пётр Арушаньянц адзначыў, што ключавой задачай, якая была рэалізавана ў дэкрэце, з'яўляецца мінімізацыя ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць суб'ектаў гаспадарання.

"Размова ідзе аб дэрэгуляванні дзелавога асяроддзя і прадпрымальніцкай дзейнасці. У дакуменце прадугледжаны цэлы блок пытанняў заканадаўчага ўзроўню менавіта ў гэтай частцы - гэта радыкальнае скарачэнне ўсіх патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных норм, патрабаванняў аховы навакольнага асяроддзя, ветэрынарыі. Нават колькасна нормы скараціліся ў 10-15 разоў", - растлумачыў ён.

На думку дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве, прыняцце дэкрэта не толькі прывядзе да сур'ёзнага спрашчэння дзейнасці, але і да зніжэння расходаў. "Менш патрабаванняў да прадпрыемстваў - адпаведна, у іх менш накладных расходаў. Гэта дасць магчымасць значна панізіць сабекошт прадукцыі. Іншыя важныя прынцыпы, якія замацаваны дэкрэтам, - гэта паведамляльны парадак пачатку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, самарэгуляванне бізнесу, накіраванасць работы кантралюючых органаў на прафілактыку правапарушэнняў", - нагадаў ён.

Пётр Арушаньянц звярнуў увагу, што першыя вынікі прыняцця дакумента будуць відаць ужо ў наступным годзе. "У першую чаргу мы ўбачым вынікі на больш простых формах і відах эканамічнай дзейнасці. У такім выпадку размова ідзе не аб самім дэкрэце, а аб іншых нарматыўных актах з пакета дакументаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу, якія рэгулююць работу аграсядзіб, рамеснікаў. Дарэчы, па рамесніках мы ўжо назіраем пэўную актыўнасць. А пасля выхаду дэкрэта вынікі будуць дэманстраваць у першую чаргу тыя віды эканамічнай дзейнасці, якія не патрабуюць вялікіх капітальных затрат і працоўных рэсурсаў. Ажыўленне такога бізнесу мы ўбачым ужо ў бліжэйшы год. Далей будзе расці актыўнасць і ў тых відах дзейнасці, для ажыццяўлення якіх патрабуюцца больш складаныя сістэмы кіравання, больш складаныя тэхналогіі", - заявіў ён.

Дырэктар дэпартамента па развіцці прадпрымальніцтва паведаміў, што канкрэтных прагнозных лічбаў па росце колькасці прадпрымальнікаў пасля прыняцця пакета дакументаў няма. "Але дзякуючы новым нормам мы здольны выканаць наш асноўны арыенцір - дасягнуць 40-працэнтнай долі малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы да канца 2020 года. Гэта вельмі амбіцыйная задача, каб яе рэалізаваць, і прымаюцца меры па спрашчэнні ўмоў для бізнесу", - канстатаваў ён.

Дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва стымулюе самазанятасць і знімае бар'еры пры адкрыцці справы - эксперт

Такое меркаванне выказаў член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Сяргей Навіцкі.

"Асноўныя задачы - ліквідаванне залішніх адміністрацыйных бар'ераў, устарэлых і надуманых патрабаванняў, якія выстаўляліся суб'ектам гаспадарання. На мой погляд, гэты дакумент дапаможа вырашыць такія глабальныя задачы, як самазанятасць насельніцтва і разняволенне дзелавой актыўнасці", - сказаў ён.

Самае галоўнае, чаму павінна пасадзейнічаць прыняцце гэтага дакумента, каб людзі перасталі баяцца адкрываць уласны бізнес, лічыць эксперт.

"Трэба гэты псіхалагічны бар'ер зламаць. Люді не павінны баяцца займацца тым, што не супярэчыць заканадаўству, не наносіць урон дзяржаве і яе грамадзянам. Усё астатняе трэба рабіць, і дзяржава гэта павінна поўнасцю заахвочваць", - упэўнены субяседнік.

Сяргей Навіцкі пералічыў найбольш важныя моманты для бізнесу, якія прадугледжвае дэкрэт. Перш за ўсё гэта паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Напрыклад, бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, гандаль, грамадскае харчаванне, перавозкі грузаў і пасажыраў. Тыя сферы, дзе сканцэнтравана амаль 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу. "Адна заява - і можна працаваць. Гэта вельмі зручна", - дадаў ён.

Другі значны момант - максімальна сістэматызаваны і скарочаны патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя, ветэрынарныя, нормы аховы навакольнага асяроддзя, прадоўжыў эксперт. Напрыклад, каб адкрыць кафэ, трэба было выканаць 19 пунктаў санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Не трэба будзе выконваць ні аднаго. Прадпрымальнік сам заяўляе аб тым, што яго арганізацыя адпавядае нормам.

Акрамя таго, Сяргей Навіцкі адзначыў ліквідаванне адміністрацыйных бар'ераў, звязаных з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур атрымання даведак, узгадненняў, іншых відаў дазвольнай дакументацыі. Усё будзе максімальна пераведзена ў лічбавую форму, і неабходныя дакументы можна атрымаць дыстанцыйна. "Таксама мінімізуецца колькасць адміністрацыйных працэдур: будзе адзіны пералік, адкрыўшы які, адразу стане зразумела, якія працэдуры трэба выканаць пры рэгістрацыі і ажыццяўленні таго ці іншага віду дзейнасці. Усё ў канцэнтраваным выглядзе і ў адным месцы, без адсылачных норм", - канстатаваў эксперт.

Ёсць яшчэ вельмі важны момант: як гэтыя дакументы будуць выконвацца, асабліва ў сельскіх і раённых Саветах, працягнуў субяседнік. "Павінны быць групы людзей, якія змогуць чалавеку лёгка і даступна растлумачыць, што ён можа рабіць, якія ў яго правы і абавязкі, і даць яму зялёную вуліцу на адкрыццё сваёй справы. Гэта асноўная ідэалогія дакумента", - падкрэсліў ён.

Эксперт таксама адзначыў, што доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, ІП, безумоўна, вырасце. "Сегмент прадпрыемстваў з колькасцю 25-100 работнікаў павінен паказаць найбольшы рост. Ён з'яўляецца найбольш актыўным, дынамічным і інвестыцыйна прывабным", - рэзюмаваў Сяргей Навіцкі.

Метадычныя рэкамендацыі па прымяненні норм дэкрэта па прадпрымальніцтве распрацуюць у бліжэйшы час

Аб гэтым паведаміў кіраўнік Апарату Савета Міністраў, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын.

"Асноўная задача цяпер - гэта правапрымяняльная практыка дэкрэта. Дакумент аб'ёмны, сур'ёзны, і мы плануем падрыхтаваць метадычныя рэкамендацыі, каб усім было зразумела, як выконваць яго нормы", - адзначыў Аляксандр Турчын. Паводле яго слоў, зроблена гэта будзе ў бліжэйшы час. Гэта будзе сумесны дакумент Савета па развіцці прадпрымальніцтва і дзяржорганаў. "Важна, каб было дакладнае разуменне і безумоўнае выкананне гэтага дакумента. Таму нам трэба зрабіць нейкую квінтэсенцыю ўсяго, што напісана, якая стане настольнай кнігай і для бізнесу, і для прадстаўнікоў улады", - растлумачыў ён.

Старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва таксама расказаў, што плануюцца выязныя пасяджэнні ў рэгіёнах. "Мы плануем у абласцях з актывам бізнес-супольнасці і прадстаўнікамі дзяржорганаў правесці такія нарады, дзе асноўнай з тэм будзе рэалізацыя норм дэкрэта. Безумоўна, гэта вельмі важна. Прычым гэта павінна быць узаемная работа - і бізнесмен павінен разумець свае правы, і дзяржаўны орган, каб не ўзнікала непатрэбных канфліктаў і спрэчак", - заявіў ён. Арганізацыя такіх нарад пачынаецца ўжо і будзе сістэмна весціся ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.

Аляксандр Турчын нагадаў, што асноўныя нормы дэкрэта - нормы прамога дзеяння, таму так важна яго правапрымяняльная практыка.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий