Дзень беларускай навукі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дзень беларускай навукі

27 января 2017 - Administrator
article2922.jpg

 Лукашэнка: Год навукі павінен стаць знакавым і па-сапраўднаму пераломным

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам.

Навуку часта параўноўваюць з акіянам - стыхіяй, якая ў многім нязведаная, але адкрывае перад чалавекам тысячы магчымасцей. "І сапраўды, у бурлівым патоку пошуку і адкрыццяў пераможцам стане толькі той, хто, смела выходзячы за межы стандартнага, ідзе новымі сцежкамі і шляхамі. Толькі паставіўшы перад сабой высокую, магчыма, невыканальную мэту, можна наблізіцца да чагосьці сапраўды важнага", - перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што менавіта такія мэты ставяць перад сабой сапраўдныя вучоныя, у тым ліку і людзі, якія сабраліся ў гэтай зале.

Сёння ў вучоных сапраўды ўрачысты дзень і незвычайная падзея - уручэнне дыплома доктара або атэстата прафесара. Паводле слоў Прэзідэнта, цырымонія мае асаблівую значнасць для Беларусі. "Яна фактычна адкрывае аб'яўлены ў краіне Год навукі. Год, які павінен стаць для гэтай сферы знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Размова ідзе не аб нейкіх маштабных мерапрыемствах або новых адкрыццях. Усё гэта, вядома, істотна. Але што больш важна - у гэты год мы павінны надаць галіне новае гучанне, якасна абнавіць яе структуру", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі - Лукашэнка

У такіх маладых краінах, як Беларусь, якія дынамічна развіваюцца, навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад сумненне суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы".

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў гэтай зале знаходзяцца людзі, распрацоўкі якіх ужо ўкаранёны і паказваюць высокія вынікі ў важных і запатрабаваных сферах жыцця нашага грамадства.

"Прысутнасць тут і зусім маладых вучоных азначае, што ў нас створана нямала магчымасцей для дасягнення поспеху ў любым узросце. Трэба толькі прыкласці працу і талент", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да вучоных, ён падкрэсліў: "Усе вы праявілі сябе ўжо і заслужылі высокую ацэнку калег. Дзейнічайце, стварайце, вынаходзьце, і калі прадукт вашай творчасці будзе канкурэнтаздольным, вы можаце разлічваць на поўную падтрымку і маю, і дзяржавы. Няхай прызнанне будзе стымулам для новых навуковых перамог і здзяйсненняў, і абавязкова ў нашай роднай Беларусі, дзе выбудавана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўнай падтрымкі навукі і вучоных".

Лукашэнка: лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з вучонымі асаблівую ўвагу ўдзяліў нявырашаным пытанням, якія існуюць у галіне. "Некаторыя з іх сапраўды насцярожваюць", - заўважыў Прэзідэнт. На яго думку, далёка не заўсёды запатрабаваны эканомікай спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеней. Гэта відавочная недапрацоўка ўсіх, хто ажыццяўляе планаванне ў гэтай галіне.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, зроблена, вядома, шмат. Але разам з тым так і не ўдалося дабіцца, каб усе даследаванні як па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых, так і па гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць.

"Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах, - заявіў Прэзідэнт. - І па гэтым пытанні мною прынята вычарпальнае, радыкальнае рашэнне, і яно залежыць толькі ад вас".

"Ніхто сёння ў краіне не можа адмовіцца ад асваення або ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў. І калі гэтага ўкаранення няма, значыць, вінаваты кіраўнік Акадэміі навук і ўсе інстытуты, міністр адукацыі, людзі, якія курыруюць гэты напрамак ва ўрадзе. Вінаватыя толькі яны. Не маюць права работнікі вытворчасці адмовіцца ад перспектыўных распрацовак. Перспектыўныя ці не, вырашае фактычна кіраўнік Акадэміі навук, і ён нясе за гэта адказнасць. Таму гэта пытанне вырашана раз і назаўсёды, і вы, вучоныя, яго больш не ўзнімайце перада мною. Ёсць спецыялісты, якія ацэняць перспектыўнасць распрацовак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У ліку іншых вострых праблем Аляксандр Лукашэнка назваў нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар'еру ў даследчай сферы. "Паглядзіце, у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны - тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: "Ці можам мы сёння задаволіць здаровыя навуковыя амбіцыі таленавітай моладзі і прадаставіць для работы патрэбныя ўмовы?"

На думку Прэзідэнта, у навуковай галіне існуе яшчэ нямала задач, якія трэба вырашыць.

Лукашэнка патрабуе большай эфектыўнасці мадэлі кіравання навукай у краіне

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што трэба "крытычна і рацыянальна, па-дзелавому зірнуць на эфектыўнасць дзеючай мадэлі кіравання навукай у нашай краіне".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сённяшняя сустрэча - прэлюдыя да вялікай размовы, якая адбудзецца ў Нацыянальнай акадэміі навук.

"Мы павінны вельмі сур'ёзна прааналізаваць сітуацыю ў навуцы, пагаварыць пра яе сучаснае і будучае", - заявіў Прэзідэнт.

На яго думку, ёсць нямала задач, якія неабходна вырашыць. "Нейкія з іх вы можаце і павінны абазначыць у ходзе сённяшняй размовы. Акрамя таго, на маючай адбыцца ў бліжэйшы час маштабнай нарадзе па развіцці навуковай сферы мы зможам развіць усе вашы прапановы і, можа, нават вырашыць некаторыя з іх. Таму заклікаю вас прыняць самы дзейны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства - патрэбны свежыя ідэі і ініцыятывы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні Дня беларускай навукі ён выказаў словы ўдзячнасці вучоным за праведзеную імі вялікую работу, а таксама ўручыў дыпломы і атэстаты.

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт заклікаў: "Зрабіце так, каб грамадства адчувала і ведала не толькі тое, што ў нас ёсць вучоныя, але і што яны здольны на штосьці вялікае. Важна, каб гэты год сапраўды прагучаў як Год навукі".

Лукашэнка: паляпшэнне якасці жыцця людзей немагчыма без інавацый ва ўсіх галінах эканомікі

"Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш таго - гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце".

Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую актуальнасць набывае ўкараненне зялёных тэхналогій, другаснае выкарыстанне рэсурсаў, энергазберажэнне. "Гэта не проста модны агульнасусветны трэнд, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Тут і здароўе грамадзян, і ўстойлівае гарманічнае развіццё нашых тэрыторый".

Лукашэнка: дзяржава вельмі разлічвае на вучоных

"Хачу, каб вы разумелі - будучыня краіны сёння ў вашых руках", - заявіў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў: "У нас няма геапалітычных амбіцый, самае галоўнае для нас - зберагчы гэты кавалачак зямлі. Усе праблемы ў сувязі з гэтым, як ні дзіўна, ляжаць у сферы эканомікі. Эканоміка ў нас абсалютна адкрытая. І нам трэба яе захаваць у самай жорсткай канкурэнтнай барацьбе. А канкурэнцыі без навукі не бывае".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што цяпер беларускія тэхналогіі, прадукцыя запатрабаваны, але трэба глядзець наперад і рухацца далей, пашыраць рынкі збыту. Прэзідэнт закрануў праведзеныя візіты ў Егіпет і Судан, асноўнай мэтай якіх было пашырэнне паставак туды беларускай прадукцыі і прыцягненне беларускіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што існуюць велізарныя магчымасці для экспарту ў афрыканскія дзяржавы тэхналогій і прадукцыі, шырокага выкарыстання там беларускага вопыту. І гэтыя магчымасці неабходна актыўна выкарыстоўваць, каб не ўпусціць час.

"У нас ёсць тэхналогіі, і яны сёння запатрабаваны. Але заўтра спатрэбяцца іншыя, новыя тэхналогіі. Без навукі ні ў сябе, ні на знешніх рынках мы нічога зрабіць не можам. Менавіта таму такія высокія патрабаванні выстаўляюцца да вучоных", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка: цяжкія задачы ў эканоміцы можна вырашыць, толькі аб'яднаўшыся

"Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе наша брацкая Украіна. Нам нельга дапусціць таго, каб ваяваць. Мы народ міралюбівы. Напэўна, Бог перад намі паставіў гэтыя цяжкія задачы, каб мы адчувалі, што такое незалежнасць. Пераадолець усё гэта мы можам, толькі аб'яднаўшыся. І, дзякуй богу, галоўны напрамак нашай барацьбы за незалежнасць праходзіць праз эканоміку - не ў ваеннай сферы, не ў палітычнай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таму, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна паскоранымі тэмпамі займацца развіццём эканомікі, і навука тут павінна быць галоўным складнікам.

"Таму чакайце вельмі сур'ёзнага націску з майго боку ў сферы навукі. Нам не патрэбна проста навука, якая нават калі і не за бюджэтныя грошы жыве, то проста існуе. Нам патрэбна эфектыўная навука для вытворчасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Качанава: 2017 год павінен стаць пераломным для беларускай навукі

Аб гэтым заявіла 25 студзеня кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

Чакаецца, што мерапрыемствы Года навукі нададуць новы імпульс развіццю акадэмічнай і вузаўскай навукі, распрацоўцы інавацый і ўкараненню айчынных распрацовак у рэальны сектар эканомікі. "Разлічваем, што гэты год будзе пераломным у рабоце навуковых арганізацый, перш за ўсё Нацыянальнай акадэміі навук. Паколькі інавацыйнае развіццё, якое абазначана прыярытэтным для Беларусі, немагчыма без сучасных навукова-тэхнічных распрацовак", - адзначыла Наталля Качанава.

У бліжэйшы час у Беларусі будзе зацверджана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады, якая вызначыць прыярытэтныя напрамкі развіцця навукі і задачы па асваенні інавацый у розных галінах эканомікі. Асаблівая ўвага пры гэтым будзе ўдзелена прымяненню інавацый у вытворчасці.

"Інтэграцыя навукі і вытворчасці вельмі важная на сучасным этапе, - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Неабходна, каб навукова-тэхнічныя распрацоўкі прымяняліся ў рэальным сектары эканомікі".

Наталля Качанава адзначыла дасягненні беларускіх вучоных у сферы касмічных тэхналогій, ІТ-тэхналогій, у машынабудаванні, медыцыне, у прыватнасці транспланталогіі. Асобна кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта спынілася на пытаннях развіцця фармацэўтычнай галіны. Доля беларускіх прэпаратаў на айчынным фармрынку павялічваецца, з'яўляюцца новыя беларускія лекавыя прэпараты - як аналагі імпартных, так і арыгінальныя распрацоўкі беларускіх вучоных. Адзін з такіх прыкладаў - прэпарат для лячэння раку крыві. Важна, каб такіх унікальных распрацовак не толькі ў фармацэўтыцы, але і іншых навуковых сферах было больш, падкрэсліла Наталля Качанава.

Асаблівую ўвагу яна ўдзяліла пытанням развіцця вузаўскай навукі. Усе яе дасягненні павінны знаходзіць прымяненне на практыцы, заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Яшчэ адзін прыярытэт - пашырэнне ўзаемадзеяння навучальных устаноў з прадпрыемствамі, каб яшчэ на этапе навучання студэнты маглі набыць пэўныя навыкі ў выбранай прафесіі.

"Навучаючыся ў ВНУ, маладыя людзі не павінны быць адарванымі ад прадпрыемстваў. Гэта задача пастаўлена сёння перад Міністэрствам адукацыі. Яны актыўна працуюць над ёй, разглядаючы пры гэтым і тэрміны навучання ў ВНУ, і якасць тых праграм, па якіх навучаюцца маладыя людзі", - сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, вырашэння патрабуюць і іншыя пытанні, звязаныя з беларускай навукай, у тым ліку па прыцягненні ў галіну большай колькасці маладых людзей, павелічэнні фінансавання перспектыўных навуковых даследаванняў і праектаў.

Наталля Качанава паведаміла, што ў бліжэйшы час у кіраўніка дзяржавы пройдзе нарада па пытаннях развіцця беларускай навукі, на якой будуць разгледжаны асноўныя задачы, якія стаяць перад вучонымі, і шляхі іх вырашэння.

Аб'ём выпускаемай навукаёмістай прадукцыі ў Беларусі за пяць гадоў павялічыўся больш як у два разы

Аб гэтым паведаміў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў 25 студзеня ў час прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі.

Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы навукі стаў яе ўклад у эканоміку. "Так, за апошнія пяць гадоў у Беларусі рэалізавана каля 7,5 тыс. дагавораў з рознымі заказчыкамі на стварэнне навукова-тэхнічнай прадукцыі і больш як 1,7 тыс. міжнародных праектаў, дагавораў і грантаў. Акрамя таго, падрыхтавана больш за 1 тыс. інавацыйных праектаў для розных сфер гаспадаркі нашай краіны. На кожны рубель бюджэтных сродкаў атрымана 48 рублёў ад рэалізацыі навукаёмістай прадукцыі", - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Уладзімір Гусакоў таксама звярнуў увагу на тое, што ў 2013-2016 гадах у Акадэміі навук створана 33 інавацыйныя вытворчасці.

У Антарктыдзе ў гонар Дня навукі беларускія палярнікі паднялі сцяг Беларусі

У Антарктыдзе ў гонар Дня навукі беларускія палярнікі паднялі сцягі Беларусі і Акадэміі навук.

"У Антарктыдзе ў гонар Дня навукі беларускія палярнікі паднялі сцягі Беларусі і Акадэміі навук. Акрамя таго, ад імя ўдзельнікаў 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў прыслаў віншаванне калектыву НАН Беларусі і ўсім работнікам навуковай сферы краіны", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Як адзначыў у сваім звароце Аляксей Гайдашоў, абвяшчэнне 2017 года Годам навукі не толькі ганарова, але і вельмі адказна. "Гэта сведчыць аб высокім даверы дзяржавы да навукі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з'яўляецца прызнаным флагманам перадавой навуковай думкі ў нашай краіне, а ўнікальныя прыборы, матэрыялы, найноўшыя тэхналогіі і методыкі, распрацаваныя ў інстытутах і лабараторыях НАН, іншых рэспубліканскіх навуковых установах і арганізацыях, ідуць у нагу з часам і паспяхова ўкараняюцца ў розных сферах дзейнасці ў нашай краіне і далёка за яе межамі", - канстатаваў ён.

Начальнік экспедыцыі нагадаў, што вынікі даследаванняў беларускіх вучоных у Антарктыцы шырока прызнаны і запатрабаваны сусветнай навуковай супольнасцю. "Праводзячы мэтанакіраваную і доўгатэрміновую палітыку ў гэтым напрамку, Беларусь упэўнена ўмацоўвае свае пазіцыі ў шэрагу краін - удзельніц Дагавора аб Артарктыцы і на міжнароднай арэне. Беларускі Год навукі стартаваў у Антарктыдзе з прадаўжэння работ па рэалізацыі значнага нацыянальнага праекта - у студзені 2017 года ўдзельнікі 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў складаных кліматычных і прыродных умовах паспяхова выканалі мантаж першых канструкцый другога аб'екта нацыянальнай даследчай станцыі, чым забяспечылі добры задзел для далейшага развіцця беларускай палярнай інфраструктуры і перспектыўнага пераходу да круглагадовых зімовачных даследаванняў", - расказаў ён.

Акрамя таго, Аляксей Гайдашоў паведаміў, што напярэдадні Дня навукі ўпершыню ў гісторыі айчынных палярных даследаванняў Беларуская антарктычная станцыя выйшла ў прамы эфір у караткахвалевым дыяпазоне сувязі. "Гэта падзея знамянальная яшчэ і тым, што па палярнай традыцыі першы выхад на сувязь на кароткіх хвалях апавяшчае міжнародную супольнасць аб з'яўленні новага нацыянальнага аб'екта на карце Антарктыды і пацвярджае сур'ёзнасць намераў краіны ў гэтым рэгіёне. Беларусі, калектыву Нацыянальнай акадэміі навук, усім беларускім вучоным і спецыялістам ёсць чым ганарыцца: нацыянальная антарктычная станцыя - гэта практычнае ўвасабленне айчынных перадавых навуковых ідэй і інжынерных рашэнняў, парытэтнае спалучэнне шматфункцыянальнасці і эканомікі", - рэзюмаваў ён.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий