Дзяржпадтрымка ветэранаў вайны ў Беларусі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дзяржпадтрымка ветэранаў вайны ў Беларусі

25 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1665.jpg

 

23 красавіка на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прайшла анлайн-канферэнцыя на тэму "Дзяржпадтрымка ветэранаў вайны". У ёй прынялі ўдзел міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, спецыялісты міністэрства.

 

У Беларусі ў I квартале абследаваны ўмовы пражывання 16,8 тыс. ветэранаў ВАВ

 

Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна на анлайн-канферэнцыі. Ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі штогод праводзіцца абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Прадстаўнікам гэтых катэгорый грамадзян аказваюць дапамогу ў рамонце кватэр, дамоў, надворных будынкаў, печаў, электраправодак, сантэхнічнага, газавага, электратэхнічнага абсталявання, устаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. Вырашаюцца бытавыя праблемы - па апрацоўцы прысядзібных участкаў, забеспячэнні палівам, аказанні гуманітарнай дапамогі, прадастаўленні сацыяльных паслуг. Паводле слоў міністра, просьбы ветэранаў улічваюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з планамі мерапрыемстваў, зацверджаных у выканкамах, гарадскіх адміністрацыях, сельскіх выканкамах.

 

Цяпер сацпаслугі дома прадастаўляюцца ўсім ветэранам і пацярпелым ад наступстваў вайны, якія маюць у іх патрэбу. Ім прадастаўляюць сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-медыцынскія, сацыяльна-рэабілітацыйныя паслугі, паслугі сядзелкі і некаторыя іншыя віды сацпаслуг. "Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў адносінах да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў і знаходзяцца на абслугоўванні ў аддзяленнях сацыяльнай дапамогі дома, прымаюцца рашэнні аб устанаўленні льготных умоў сацабслугоўвання", - адзначыла Мар'яна Шчоткіна.

 

Цяпер у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў пражываюць 126 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 129 грамадзян, якія пацярпелі ў гады вайны. Калі няма працаздольных дзяцей або яны з'яўляюцца інвалідамі першай і другой груп, то ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і грамадзяне, якія пацярпелі ў гады вайны, накіроўваюцца ў дамы-інтэрнаты на ўмовах дзяржзабеспячэння.

 

Адказваючы на пытанне аб забеспячэнні тэлефоннай сувяззю, Мар'яна Шчоткіна праінфармавала, што на 1 красавіка бягучага года няма ветэранаў ВАВ і асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны, якія маюць патрэбу ва ўстаноўцы кватэрнага тэлефона. У мінулым годзе ўстаноўлены чатыры кватэрныя тэлефоны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

 

У Беларусі 39 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны перасягнулі 100-гадовы рубеж

 

Паводле аператыўных даных на 1 красавіка бягучага года, у Беларусі пражываюць амаль 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 11,3 тыс. чалавек - удзельнікі ВАВ, сярод якіх 3 тыс. з'яўляюцца інвалідамі вайны. На 1 красавіка ў рэспубліцы налічвалася 4,5 тыс. чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 286 чалавек, якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог. У Беларусі на 1 красавіка было 73 чалавекі, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у  размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 600 блакаднікаў Ленінграда. У Беларусі налічваецца 832 інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем'яў загінуўшых воінаў і партызанаў з'яўляюцца 1,8 тыс. чалавек, былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання - 24,9 тыс. чалавек.

 

Адказваючы на пытанне аб аказанні падтрымкі ветэранскім арганізацыям, Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што ў адпаведнасці з падпраграмай "Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў" Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ажыццяўляецца ўдзел у фінансаванні мерапрыемстваў, што праводзяцца грамадскімі аб'яднаннямі ветэранаў у адпаведнасці з іх статутнай дзейнасцю. У 2014 годзе аказана дапамога ветэранскім арганізацыям на суму Br11 млрд.

 

У структуру Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў уваходзяць 6 абласных, Мінская гарадская, 12 галіновых, 11 гарадскіх, 142 раённыя і 6 тыс. 55 пярвічных ветэранскіх арганізацый.

 

Выплата матэрыяльнай дапамогі да 70-годдзя Перамогі практычна завершана - Шчоткіна

 

Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі пачалася ў Беларусі 1 красавіка бягучага года. Яна выплачваецца ў памеры Br10 млн Героям Савецкага Саюза, асобам, узнагароджаным ордэнамі Славы трох ступеней; Br8 млн - інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны; Br3,5 млн - астатнім катэгорыям ветэранаў і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

 

Паводле аператыўных даных, матэрыяльную дапамогу атрымалі 44,1 тыс. чалавек, або 99 працэнтаў унесеных у выплатныя ведамасці. Сума выплат склала Br204,6 млрд. "Усе выплаты будуць завершаны ва ўстаноўлены тэрмін - да 1 мая, - запэўніла міністр. - Ветэранам, якія знаходзяцца ў гасцях або ў бальніцы, дапамога будзе дастаўлена ў індывідуальным парадку".

 

Адказваючы на пытанне, Мар'яна Шчоткіна праінфармавала, што аднаразовая матэрыяльная дапамога, не атрыманая ў сувязі са смерцю атрымальніка ў перыяд выплаты (з 1 красавіка да 1 мая), членам сям'і не выплачваецца.

 

Пенсіі ў ветэранаў ВАВ значна вышэйшыя, чым сярэдні памер пенсіі па ўзросце - Шчоткіна

 

З улікам асаблівага статусу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, іх заслуг перад дзяржавай і грамадствам да памераў пенсій устаноўлены павышэнні. Так, памеры павышэння цяпер складаюць для інвалідаў вайны першай і другой групы Br1 млн 428 тыс. 100 (400 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце), для інвалідаў трэцяй групы і ўдзельнікаў вайны - Br892 тыс. 563 (250 працэнтаў МПУ). Да пенсій гэтых катэгорый жыхароў Беларусі таксама выплачваюцца даплаты ў памерах Br267 тыс. 769 - людзям старэйшым за 75 гадоў і Br357 тыс. 25 - людзям старэйшым за 80 гадоў. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце інвалідаў вайны ў сакавіку-красавіку складае Br4 млн 836 тыс. 559. Для параўнання: сярэдні памер пенсіі па ўзросце - Br2 млн 748 тыс. 458.

 

Што датычыцца павышэння памераў пенсій, то працоўныя пенсіі ветэранам вайны пералічваюцца (як і ўсім пенсіянерам) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў і змяненнем велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

 

Акрамя таго, дадатковая матэрыяльная падтрымка ветэранам аказана ў сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на суму Br235,9 млрд. З 1 красавіка да 1 мая бягучага года ў краіне праводзіцца выплата ветэранам да 70-годдзя Перамогі, на гэтыя мэты накіравана Br217 млрд са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

 

Адказваючы на пытанне аб тым, як суадносяцца памеры пенсій ветэранаў ВАВ у Беларусі і іншых постсавецкіх дзяржавах, Мар'яна Шчоткіна адзначыла: "Кожная краіна арыентуецца на свае магчымасці і свае прыярытэты - з улікам гэтага вызначаюцца формы і спосабы забеспячэння, падтрымкі непрацаздольных катэгорый насельніцтва". Яна падкрэсліла, што для ветэранаў вайны нацыянальным заканадаўствам прадугледжаны значны аб'ём ільгот і гарантый у галіне сацыяльнай абароны, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту, гандлю і інш.

 

"З улікам адрозненняў у стане эканомікі дзяржаў і, адпаведна, магчымасцей сістэм сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння параўноўваць узровень матэрыяльнага забеспячэння той ці іншай катэгорыі грамадзян у розных дзяржавах не карэктна, - лічыць міністр. - Самае галоўнае, на маю думку, гэта тое, што нашы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны акружаны пастаяннай увагай і шчырым клопатам".

 

Яна дадала, што ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны краін СНД Беларусь забяспечвае льготны праезд па сваёй тэрыторыі, устаноўлены Пагадненнем аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асоб, прыраўнаваных да іх.

 

У Беларусі не разглядаецца магчымасць увядзення статусу "дзеці вайны"

 

Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года "Аб ветэранах" устаноўлены катэгорыі грамадзян, пацярпелых ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны. "Прававы статус іншым катэгорыям грамадзян, пацярпелым у гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку дзецям вайны, заканадаўствам не ўстаноўлены, - адзначыла Мар'яна Шчоткіна. - Унясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства па пашырэнні льготных катэгорый грамадзян цяпер не прадугледжваецца".

 

Паводле слоў міністра, у рэспубліцы пражывае больш за 950 тыс. чалавек ва ўзросце 70 гадоў і старэйшых, якія перажылі цяжар і нягоды Вялікай Айчыннай вайны. "Дзяржава ў межах існуючых фінансавых магчымасцей аказвае дадатковую падтрымку старэйшаму пакаленню", - адзначыла яна. Так, людзям, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, устанаўліваецца надбаўка на догляд у памеры 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (МПУ з 1 лютага бягучага года складае Br357 тыс. 25). З 1 студзеня 2012 года ўстаноўлены даплаты да пенсій непрацуючым атрымальнікам пенсій у органах па працы, занятасці і сацабароне: людзям, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў - у памеры 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, якія дасягнулі 80 гадоў - у памеры 100 працэнтаў МПУ. Прадугледжана штогадовае права грамадзянам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў), на 50-працэнтную скідку з кошту праезду на чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных шляхоў зносін (акрамя таксі) на перыяд сезонных сельгасработ з 1 мая па 30 верасня. Акрамя таго, дадатковую сацыяльную падтрымку аказваюць арганізацыі, у якіх людзі працавалі да выхаду на пенсію. Размова ідзе аб выдзяленні матэрыяльнай дапамогі, аказанні дапамогі ў рамонце жылля, вырашэнні бытавых праблем і інш.

 

У Беларусі з 1 мая будуць пераразлічаны памеры павышэнняў, надбавак і даплат да пенсій у сувязі з ростам БПМ

 

Адказваючы на пытанне аб тым, ці чакаецца ў маі чарговае павышэнне пенсій, Мар'яна Шчоткіна праінфармавала: "На перыяд з 1 мая па 31 ліпеня будзе ўстаноўлена новая велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Зыходзячы з гэтай велічыні з 1 мая будуць пераразлічаны памеры павышэнняў, надбавак і даплат, што выплачваюцца да пенсій. Адначасова з гэтай даты будуць пераразлічаны сацыяльныя і мінімальныя працоўныя пенсіі, памеры якіх таксама вылічваюцца зыходзячы з велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму".

 

У Беларусі распрацавана канцэпцыя дзяржпраграмы "Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян на 2016-2020 гады"

 

Як адзначыла Мар'яна Шчоткіна, новая дзяржпраграма ўключае падпраграму "Развіццё сістэмы сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання інвалідаў і пажылых грамадзян". Яе мерапрыемствы будуць накіраваны на далейшае ўдасканаленне існуючых і фарміраванне новых структур і механізмаў, прызначаных для жыццеўладкавання, жыццезабеспячэння і сацыяльнай камунікацыі пажылых людзей. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю і ўкараненню новых форм сацыяльнага абслугоўвання, новых відаў сацыяльных паслуг. Мэта гэтай работы - стымуляванне і падтрымка актыўнай жыццёвай пазіцыі пажылых людзей, рэалізацыя іх унутранага патэнцыялу, падкрэсліла міністр.

 

Праграма знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Актыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы прымаюць грамадскія аб'яднанні ветэранаў і інвалідаў. Мар'яна Шчоткіна запэўніла, што ў Мінпрацы і сацабароны гатовы разгледзець усе прапановы грамадзян, і запрасіла зацікаўленых да ўдзелу ў фарміраванні гэтага дакумента.

 

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий