Каментарыі да Паслання Прэзідэнта беларускаму народу — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каментарыі да Паслання Прэзідэнта беларускаму народу

29 апреля 2016 - Administrator
article2414.jpg

 Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, якое прагучала 21 красавіка, абазначыла мэты і прыярытэты развіцця краіны на бліжэйшую перспектыву. Пасланне стала адной з самых абмяркоўваемых тэм у СМІ, у тым ліку на сайце інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА. Прадстаўнікі ўлады, бізнесу, дзеячы навукі і культуры падключыліся да абмеркавання асноўных тэзісаў, абазначаных кіраўніком дзяржавы ў Пасланні.

 

Пасланне Прэзідэнта стала праграмным дакументам на сярэднетэрміновую перспектыву

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні гэтага парламенцкага органа.

"Гэта сапраўды праграмны дакумент на сярэднетэрміновую перспектыву ва ўсіх адносінах. І я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на навізну шэрага задач, якія сфармуляваны ў Пасланні Прэзідэнта", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Ён растлумачыў, што парламенту ў другім квартале бягучага года неабходна прааналізаваць інвестыцыйнае заканадаўства. Гэта неабходна для таго, каб аптымізаваць механізмы інвестыцыйнай дзейнасці, стварыць камфортныя ўмовы для інвестараў, якія маюць намер укладваць грошы ў стварэнне вытворчых магутнасцей у Беларусі. "Гэта датычыцца як нацыянальных, так і замежных інвестараў, а таксама сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

 

Спікер звярнуў увагу на тое, што неабходна ўстараніць розныя бар'еры, бюракратызм і суб'ектыўны падыход пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў. "Наша з вамі работа павінна быць ініцыятыўнай і даволі эфектыўнай", - падкрэсліў ён. Міхаіл Мясніковіч таксама папрасіў сенатараў данесці асноўныя ідэі Паслання да насельніцтва на месцах. Старшыня даручыў Прэзідыуму Савета Рэспублікі яшчэ раз вывучыць Пасланне і выпрацаваць меры па выкананні пастаўленых задач. Гэты дакумент неабходна зацвердзіць на бягучай сесіі.

 

Дабрабыт Беларусі кожны стварае на сваім рабочым месцы

Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

"Нам трэба звярнуць увагу на сябе і на тое, як ставімся да сваёй работы, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Дабрабыт нашай краіны мы ствараем кожны на сваім рабочым месцы. Калі гэтага жыхары Беларусі не зразумеюць, то цяжка будзе вырашаць праблемы".

Пры гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што не трэба дабівацца паказчыкаў у развіцці эканомікі любой цаной. "Потым за гэта прыходзіць вельмі вялікая плата, - лічыць спікер. - Сёння трэба працаваць над зніжэннем сабекошту прадукцыі, павышэннем прадукцыйнасці працы, стварэннем высокаэфектыўных рабочых месц".

 

Мэтай бягучай пяцігодкі будзе паляпшэнне якасці жыцця беларусаў

Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец.

Аляксандр Косінец падкрэсліў: "Мэтай 2016-2020 гадоў перш за ўсё будзе паляпшэнне якасці жыцця людзей нашай краіны, павелічэнне дабрабыту, стварэнне ўсіх неабходных умоў для фарміравання чалавечага капіталу, далейшае развіццё адукацыі, аховы здароўя, стварэнне рабочых месц".

Закранаючы перспектывы развіцця прамысловасці, АПК, Аляксандр Косінец адзначыў, што яны будуць арыентаваны на нарошчванне экспарту. "Мы будзем рабіць усё неабходнае, каб быць, перш за ўсё, канкурэнтаздольнымі ў СГА, забяспечыць значнае паступленне нашай якаснай прадукцыі на знешнія рынкі", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

 

Зацверджаны арганізацыйны камітэт, які займаецца падрыхтоўкай да V Усебеларускага народнага сходу. Падводзіць пасля заканчэння кожнай пяцігодкі вынікі стала ўжо добрай традыцыяй. На Усебеларускіх народных сходах ставяцца канкрэтныя мэты і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта канстатаваў, што ў Беларусі вельмі шмат зроблена за папярэднюю пяцігодку: мадэрнізавалася прамысловасць, АПК, пабудавана больш за 25 млн кв.м жылля. Па апошнім паказчыку Беларусь, безумоўна, лідар сярод краін СНД, звярнуў увагу Аляксандр Косінец. Акрамя таго, шмат зроблена для развіцця транспарту, гандлю, сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя і культуры. "Пабудавана значная колькасць аб'ектаў - і ўсё гэта робіцца для таго, каб у нас была сапраўды моцная, працвітаючая дзяржава", - дадаў ён.

 

Пасланне Прэзідэнта дакладна вызначыла акцэнты і прыярытэты на бліжэйшую перспектыву

Такое меркаванне старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.

"Практычна Прэзідэнт прайшоў па ўсіх напрамках, пачынаючы з эканомікі і знешніх сувязей, завяршаючы сацыяльнай сферай. Былі дакладна расстаўлены акцэнты і вызначаны прыярытэты: не нейкія далёкія перспектывы, а што неабходна рабіць у бягучым годзе. Пасланне не мела агульнага характару. Былі дадзены канкрэтныя ўказанні ўраду, мясцовым органам улады. Гэта вельмі важна", - адзначыў губернатар.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць вырашэння праблем занятасці насельніцтва. "Гэта асноўная задача. Тым больш што з наступнага года пачне павышацца на паўгода пенсійны ўзрост. Людзі не павінны быць без работы. На гэта Прэзідэнт дакладна арыентаваў. Нягледзячы на мадэрнізацыю, абнаўленне вытворчасці і скарачэнне ў сувязі з гэтым рабочых месц, мясцовыя органы ўлады і кіраўніцтва прадпрыемстваў абавязаны паклапаціцца аб працаўладкаванні людзей", - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

 

У Брэсцкай вобласці ў бягучым годзе павінна быць створана не менш як 5 тыс. рабочых месц. "Праграма напружаная, але яна будзе выконвацца. Гэта не проста прыдуманая прыгожая лічба. Мы дакладна распісалі па раёнах і гарадах: хто, што і калі будзе рабіць. Таму я ўпэўнены, што не менш як 5 тыс. рабочых месц будзе створана ў гэтым годзе ў Брэсцкай вобласці і 50 тыс. - у рэспубліцы", - выказаў упэўненасць старшыня аблвыканкама.

 

V Усебеларускі сход павінен стаць водгукам на абазначаныя ў Пасланні тэмы

Такое меркаванне выказаў памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк.

"Я думаю, на Усебеларускім сходзе атрымаюць развіццё тэмы, якія былі ў Пасланні Прэзідэнта. Важна, што пасля таго як беларускі лідар агучыў напрамкі работы, зрабіў пасыл, грамадзяне будуць мець магчымасць выказаць сваё стаўленне да гэтых пытанняў, выказацца па актуальных тэмах і, калі палічаць патрэбным, унесці прапановы. У гэтым значнасць Усебеларускага сходу", - адзначыў Аляксандр Пазняк.

"Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту было комплексным і шматгранным. Кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў ключавыя напрамкі, па якіх неабходна працаваць ва ўсіх сферах, абазначыў прыярытэты. Але першарадная задача па ўсіх напрамках - нам трэба вельмі разумна і хутка рухацца наперад, таму што той, хто не ідзе наперад - ідзе назад. Па ўсіх напрамках кожнаму з нас (ад рабочага да кіраўніка рэгіёна і чыноўніка рэспубліканскага ўзроўню) трэба прыкласці максімум намаганняў, каб паляпшаць якасць жыцця людзей", - рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта.

 

Дэлегатам Усебеларускага сходу неабходна будзе выпрацаваць план дзеянняў у эканоміцы

Такое меркаванне выказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

Паводле слоў губернатара, вопыт папярэдніх гадоў сведчыць, што ўзровень жыцця людзей і развіццё сацыяльнай сферы ў нашай краіне ў першую чаргу залежаць ад стану спраў у эканоміцы. Таму так важна, зыходзячы з існуючых рэалій, выпрацаваць стратэгію яе далейшага развіцця. "Прэзідэнт у сваім Пасланні абазначыў, што гэта павінна быць эканоміка ведаў, арыентаваная на фарміраванне высокатэхналагічных сектараў, у аснове якіх інтэлектуальная праца. Неабходна вырашыць, якія ж з напрамкаў прынясуць найбольшую карысць для краіны", - лічыць Уладзімір Дворнік.

Эканамічная сфера

 

Першачарговай задачай з'яўляецца зніжэнне сабекошту прадукцыі на 25 працэнтаў

"Прэзідэнт абсалютна дакладна, хоць некаму магло здацца, што ў гэтым няма асаблівай навізны, сказаў: зніжайце затраты. Не прасіце грошай на падтрыманне неэфектыўнай, стратнай дзейнасці, а прыводзьце сваю дзейнасць у адпаведнасць з новымі эканамічнымі ўмовамі. Гэтыя ўмовы ніхто не зменіць: яны ёсць такія, як ёсць. Вядома, будзем спрабаваць змякчыць негатыўныя з'явы, але калі прадпрыемства не можа забяспечыць баланс паміж даходамі і расходамі, то наогул няма чаго размаўляць. Першачарговая задача - зніжэнне на 25 працэнтаў сабекошту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

 

Прэм'ер-міністр упэўнены, што перш за ўсё зніжэннем затрат павінны заняцца неэфектыўныя, стратныя прадпрыемствы, у якіх магчымасцей для гэтага дастаткова.

"Але многія лічаць, што вось пагавораць-пагавораць, а потым усё роўна дадуць грошы і ўсе пачнуць жыць прыпяваючы, праядаючы іх у надзеі, што потым дадуць яшчэ. Гэтага не будзе", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады, які ў бліжэйшы час будзе разглядацца на Усебеларускім народным сходзе, не прадугледжваецца безадказнай грашовай экспансіі, якая прыводзіць да росту цэн і дэвальвацыі нацыянальнай валюты, іншых негатыўных наступстваў. "Там размова ідзе аб тым, што мы павінны прыйсці да нармальных параметраў макраэканамічнай, грашова-крэдытнай палітыкі, каб на 2020 год мець інфляцыю ў межах 5 працэнтаў", - сказаў прэм'ер-міністр.

 

Замежныя крэдытныя лініі будуць прыцягвацца пад акупныя праекты.

"Замежныя крэдытныя лініі - гэта сродкі, якія трэба вяртаць. Прычым выдаюцца яны, як правіла, пад урадавыя гарантыі. Таму да новых праектаў мы падыходзім вельмі ўважліва. Мы маглі б запоўніць гэтыя крэдытныя лініі сацыяльнымі, інфраструктурнымі праектамі, тымі, якія замянілі б нашы бюджэтныя расходы. А вяртаць як? Якія крыніцы вяртання? Таму мы зрабілі стаўку на камерцыйныя, акупныя праекты. І ў гэтым плане ёсць дэфіцыт праектаў, думак, прапаноў", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

У 2015 годзе было прыцягнута $1,6 млрд замежных інвестыцый на чыстай аснове. "Але ў асноўным, на 80 працэнтаў, - гэта рэінвесціраваны прыбытак замежных інвестараў, якія прыйшлі ўжо і працуюць у нашай эканоміцы. З аднаго боку, можна наракаць на тое, што новых інвестараў мала, з другога боку, радуе, што тыя, хто прыйшлі, зацікаўлены ў развіцці вытворчасцей. І гэта вельмі важна захаваць", - канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Андрэй Кабякоў расказаў, што патрабаванне Прэзідэнта па стварэнні 50 тыс. рабочых месц будзе выконвацца з акцэнтам на новых прадпрыемствах і вытворчасцях. На стварэнне новых рабочых месц неабходна стымуляваць як дзяржсектар, так і прыватны бізнес.

 

Беларусь будзе рабіць усё неабходнае для нарошчвання рацыянальнага імпартазамяшчэння

Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец, адказваючы на пытанне аб магчымых задачах, якія будуць пастаўлены на V Усебеларускім народным сходзе.

Аляксандр Косінец адзначыў, што ў Беларусі ствараецца Нацыянальны навукова-тэхналагічны парк "БелБіяград", развіццё якога дасць магчымасць забяспечыць каля $3 млрд імпартазамяшчэння. Таксама будуць будавацца прадпрыемствы ў сферы нана- і інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку.

Акрамя гэтага будзе інтэнсіўна развівацца айчынная вытворчасць аўтакампанентаў. "Нам неабходна рабіць імпартазамяшчэнне ў частцы камплектуючых МТЗ, МАЗа, БелАЗа, "Гомсельмаша", "Амкадора", - сказаў Аляксандр Косінец. - Нашы брэнды мы ніколі не кінем, будзем рабіць усё неабходнае для іх развіцця".

 

Сельгаспрадпрыемствам трэба зменшыць затраты і сабекошт прадукцыі

Для гэтага патрэбны самыя новыя і прагрэсіўныя тэхналогіі, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

У прыватнасці, адзначыў міністр, нямала рэзерваў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, у гэтых галінах неабходна ўкараняць сучасныя метады па ўсёй тэрыторыі краіны. Гэта дапаможа "сераднячкам", якія працуюць ніжэй за свае магчымасці, павысіць рэзультатыўнасць і стаць упоравень з лепшымі гаспадаркамі, дасягнуць больш высокай планкі, адзначыў Леанід Заяц.

 

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю можа запрацаваць у Беларусі ў бліжэйшы час

"На гэты момант падрыхтаваны праект указа. Па яго ўзгадненні ўсе заўвагі зняты, і мы чакаем у самы бліжэйшы час падпісання дакумента. Пасля гэтага на працягу трох месяцаў, згодна з палажэннямі праекта ўказа, мы павінны будзем прывесці ўсю нарматыўную базу ў адпаведнасць і зрабіць новую структуру міністэрства", - сказаў Уладзімір Калтовіч.

Міністр звярнуў увагу, што Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, з якім 21 красавіка выступіў кіраўнік дзяржавы, у большай ступені датычылася эканамічных пытанняў.

"Адносна Мінгандлю была пастаўлена задача па стварэнні на базе міністэрства магутнага антыманапольнага органа", - нагадаў міністр.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, ёсць рашэнне ўзмацніць ролю Мінгандлю як рэгулятара на ўнутраным рынку.

"На базе Мінгандлю неабходна стварыць магутны антыманапольны орган, які аб'яднае ў сабе функцыі падтрымкі добрасумленнай канкурэнцыі і недапушчэння злоўжыванняў з боку манапалістаў. Гэта мэтавая задача, вырашэнне якой не дазволіць неабгрунтавана павышаць цэны", - упэўнены беларускі лідар.

Яшчэ адзін напрамак, які, на думку Прэзідэнта, трэба развіваць, - гэта самарэгуляванне ў гандлі, паляпшэнне прывабнасці гэтага віду дзейнасці ў малалікіх і аддаленых населеных пунктах.

 

У праграму інавацыйнага развіцця да 2020 года закладзены прынцыпова новыя падыходы

"У новай праграме інавацыйнага развіцця, якая знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе, прадугледжана некалькі прынцыповых адрозненняў ад папярэдніх праграм. У прыватнасці, прадугледжваецца з'яўленне прамых крыніц фінансавання праектаў за кошт цэнтралізацыі інавацыйных фондаў", - растлумачыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін.

"Другое адрозненне - канцэнтрацыя рэсурсаў на інавацыйных праектах, што грунтуюцца на распрацоўках 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў. Так, з 66 праектаў праграмы 18 належаць да гэтых тэхналагічных укладаў, а аб'ём іх фінансавання складае 69 працэнтаў ад агульнага аб'ёму фінансавання", - адзначыў старшыня ДКНТ.

 

Важным момантам стане стварэнне венчурнай сістэмы фінансавання і павелічэнне фінансавання Беларускім інавацыйным фондам мерапрыемстваў праграмы.

У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы даручыў ураду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, у якой павінны быць вызначаны ўсе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструменты для фарміравання эканомікі ведаў.

 

Кожнае прадпрыемства абавязана мець праграму павышэння якасці прадукцыі

Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Сяргей Іўлеў. Ён падкрэсліў, што якасць стала вызначальным момантам сусветнай эканомікі і толькі яе наяўнасць у канкрэтнага тавару або паслугі дае магчымасць паспяхова канкурыраваць на рынку.

Выказванне кіраўніка дзяржавы аб тым, што "дыктатура якасці" павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі, вельмі дакладна характарызуе становішча на розных прадпрыемствах.

 

"Там, дзе гэтай рабоце ўдзяляюць увагу, а гэта датычыцца ў першую чаргу буйных кампаній, якія працуюць на экспарт, сістэма кантролю добра адладжана. Там, дзе няма прафесіяналізму ў адносінах да якасці, адпаведны вынік", - лічыць Сяргей Іўлеў. У якасці прыкладу ён прывёў беларускія прадукты харчавання, якія маюць нядрэнныя пазіцыі на расійскім рынку і паступова прасоўваюцца ў іншыя краіны.

 

Павысіць прадукцыйнасць працы можна за кошт укаранення эфектыўнага абсталявання і матывацыі работнікаў

Такое меркаванне выказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Дудкін.

Ён абазначыў два шляхі павышэння прадукцыйнасці працы. Па-першае, гэта замена працы капіталам - шляхам тэхнічнага перааснашчэння вытворчасці, укаранення новага эфектыўнага абсталявання. Па-другое, матывацыя супрацоўнікаў на больш якасную работу і прымяненне на прадпрыемстве адміністрацыйных мер, якія накіраваны на паскарэнне выканання пастаўленых задач.

Сяргей Дудкін таксама выказаў меркаванне, што на прадпрыемстве ад кіраўніка залежыць многае, але не ўсё. "Канечны прадукт усё ж робяць людзі. Кожны павінен аб'ектыўна ацэньваць уласную работу і разумець яе канчатковы вынік", - лічыць дэпутат.

 

Ствараемыя рабочыя месцы павінны быць высокапрадукцыйнымі

Такое меркаванне выказала член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Вольга Палітыка.

"Важкі акцэнт у Пасланні зроблены на палітыцы занятасці насельніцтва. Задача ў тым, каб штогод ствараць не менш за 50 тыс. рабочых месц. Гэта не значыць, што, умоўна кажучы, трэба паставіць экскаватар на прыкол і раздаваць рабочым сем рыдлёвак. Рабочых месц будзе шмат, але які вынік мы ад іх атрымаем? Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта павінны быць у большай ступені высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. А для гэтага патрэбны новыя, высокаэфектыўныя вытворчасці, якія маглі б быць арыентаваны і на экспарт, і на імпартазамяшчэнне", - растлумачыла Вольга Палітыка.

На яе думку, у гэтых пытаннях ураду і мясцовым органам улады неабходна працаваць на апярэджанне. "Сітуацыя на рынку працы зменлівая, і трэба хутка на гэта рэагаваць", - сказала парламентарый.

 

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі звярнуў увагу, што важны акцэнт у Пасланні быў зроблены на пытаннях, звязаных з эфектыўнасцю вытворчасці і скарачэннем выдаткаў. "Другая пазіцыя - гэта стварэнне рабочых месц, асабліва ў сельскай мясцовасці і на тых вытворчасцях, якія на сёння неэфектыўныя. Трэба не закрываць прадпрыемствы, а перапрафіляваць іх", - заўважыў дэпутат.

На думку Віктара Валюшыцкага, планка па стварэнні 50 тыс. рабочых месц - высокая, аднак цалкам пасільная з улікам развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

 

Тэхпераўзбраенне буйных прадпрыемстваў прымусіць шукаць свабодныя нішы для стварэння рабочых месц

Такое меркаванне выказала член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Галіна Філіповіч.

"Што датычыцца стварэння рабочых месц, мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Гэтага чакаюць людзі. Тэхнічнае пераўзбраенне, якое ідзе на буйных прадпрыемствах краіны, так ці інакш прымусіць нас шукаць свабодныя нішы для стварэння рабочых месц. На адно з Пасланняў Прэзідэнта я рыхтавала пытанне, якое датычылася развіцця сферы платных паслуг. У нас шмат не да канца прапрацаваных пачынанняў. Сёння мы бачым, што свабодныя нішы вельмі актыўна займаюць замежныя кампаніі. Нашы нацыянальныя вытворцы маглі б для павышэння канкурэнтаздольнасці больш актыўна ўдзельнічаць у гэтым", - лічыць Галіна Філіповіч.

У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік адзначыла, то Пасланнем абазначаны задачы ў галіне эканомікі, сфармуляваны шляхі ўдасканалення аховы здароўя, адукацыі, культуры. "Для сябе я выдзеліла галоўнае: наша дзяржава захоўвае сацыяльную накіраванасць сваёй палітыкі. Прэзідэнт праяўляе вялікі клопат аб людзях, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Гэта перш за ўсё людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя сем'і, ветэраны вайны. Вельмі ўразіла мяне тая ацэнка, якая дадзена рабоце дэпутацкага корпуса пятага склікання", - прызналася парламентарый.

 

Забяспечыць занятасць людзей - важнейшая задача для органаў мясцовай улады

Узровень жыцця нашага насельніцтва ў значнай ступені залежыць ад велічыні даходаў, што ў першую чаргу атрымлiваюць ад працоўнай дзейнасці. "Невыпадкова кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рабочыя месцы ствараюцца не для справаздач, а для людзей, і запатрабаваў ад мясцовых органаў улады сканцэнтраваць намаганні на стварэнні неабходнай інфраструктуры для новых рабочых месц у малым бізнесе, а таксама ўмоў для яго росту", - адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

"Калі першапачаткова мы планавалі ў 2016 годзе працаўладкаваць у вобласці на наваствораных рабочых месцах 2,5 тыс. чалавек, то цяпер ужо ёсць праграма, якая дасць магчымасць забяспечыць работай на такіх месцах больш як 5 тыс. чалавек", - дадаў Уладзімір Дворнік.

Актыўная роля ў забеспячэнні працоўнай занятасці насельніцтва адводзіцца прыватнаму сектару эканомікі.

 

Кожнаму чалавеку трэба даць магчымасць працаваць

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што ўдасканаленне вытворчасцей дае магчымасць дабіцца высокай прадукцыйнасці працы і значнага зніжэння сабекошту прадукцыі. Але разам з тым мадэрнізацыя непазбежна прыводзіць да змяншэння колькасці працуючых на прадпрыемствах. "У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, каб ні адзін чалавек не аказаўся лішнім. Кожнаму трэба даць магчымасць працаваць. Патрэбны новыя прадпрыемствы, вытворчасці, каб задзейнічаць вызваленыя працоўныя рэсурсы. Мы павінны забяспечыць права на працу для кожнага.

 

Калі чалавек працаўладкаваны і мае магчымасць зарабляць дастойную заработную плату, то ў яго сям'і ўсё добра, у краіне - мір і парадак.

Немалаважна, што дзякуючы рабочым месцам папаўняецца бюджэт, значная частка сродкаў якога накіроўваецца ў сацыяльную сферу", - падкрэсліў губернатар.

У мінулым годзе ў рэгіёне было створана больш як 1 тыс. 700 новых рабочых месц. У бягучым годзе пастаўлена задача стварыць 5 тыс. новых рабочых месц. "За першыя тры месяцы ў нас створана больш як 500 новых рабочых месц. Таму тыя, хто гавораць, што задача па стварэнні новых рабочых месц невыканальная, глыбока памыляюцца", - лічыць ён.

 

Галоўным гарантам для інвестараў у Беларусі з'яўляецца спакойная абстаноўка ў краіне

"Заканадаўства рэспублікі стварае, я лічу, даволі добрыя ўмовы для замежных кампаній, прыцягнення замежных інвестыцый. У рэйтынгу па ўмовах для стварэння і вядзення бізнесу Беларусь значна рушыла наперад. Я не думаю, што ёсць нейкія апасенні ўкладваць капітал у нашу краіну. У сваім Пасланні Прэзідэнт адзначыў шматвектарнасць палітыкі Беларусі. Мы адкрыты для ўсіх краін, гатовы да кантактаў, узаемадзеяння па ўсіх напрамках. Галоўная гарантыя - гэта тое, што мы міралюбівая дзяржава, у нас спакойная абстаноўка", - падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.

 

Прыцягненне крэдытаў магчыма толькі пад эканамічна эфектыўныя інвестпраекты

Старшыня праўлення ААТ "Банк "БелВЭБ" Мікалай Лузгін адзначыў, што сёння крэдытаваць інвестпраекты банкам даволі складана, сведчанне таго - шэраг праектаў у офісным і жыллёвым будаўніцтве, якія з цяжкасцю рэалізуюцца. Таму асноўны ўпор трэба рабіць на крэдытаванне праектаў у вытворчасці, тым больш, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, рэсурсы для гэтага ёсць. "Прэзідэнт сказаў, што прадпрыемствы павінны самі шукаць фінансавыя сродкі, не спадзеючыся на дзяржаву. А для гэтага неабходна распрацоўваць такія бізнес-планы, якія дадуць належную эканамічную аддачу, каб у далейшым выключыць нагрузку па абслугоўванні і пагашэнні крэдытаў", - лічыць Мікалай Лузгін.

Старшыня праўлення "Банк "БелВЭБ" дадаў, што ў банка цяпер няма праблем з ліквіднасцю і ён можа прадаставіць прадпрыемствам сродкі са сваіх крыніц (у рублях і валюце). "Магчымасць выдзялення крэдытных ліній будзе залежаць толькі ад эфектыўнасці прапанаваных прадпрыемствамі праектаў", - рэзюмаваў Мікалай Лузгін.

 

Нараўне з высокатэхналагічнымі вытворчасцямі трэба развіваць і малы бізнес

Такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў розных форм прадпрымальніцтва "Садружнасць" Яўген Клімянцёнак.

"Для мяне асабліва актуальна тэма стварэння рабочых месц, якая прагучала ў адной звязцы з развіццём прадпрымальніцтва. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, будаўніцтва новых высокатэхналагічных вытворчасцей - працэс доўгі, паралельна з ім павінны стварацца ўмовы для самазанятасці і развіцця малога бізнесу. Ад рэалізацыі ўсіх гэтых задач залежыць і будучыня краіны ў цэлым, і сацыяльная стабільнасць у грамадстве, і дабрабыт канкрэтнага чалавека. У першую чаргу, размова ідзе аб палітыцы прыцягнення інвестыцый. І тут хацелася б зрабіць акцэнт на інвестыцыях унутраных, стварэнні ўмоў, каб нашаму прадпрымальніку было больш выгадна, зручна, проста ўкладваць сродкі і развіваць вытворчасць тут", - адзначыў Яўген Клімянцёнак. Ён перакананы, што з айчынным інвестарам і работніку, і дзяржаве прасцей будаваць узаемаадносіны.

 

Развіццё рамесніцтва - адзін са шляхоў вырашэння праблемы занятасці насельніцтва

Такое меркаванне выказала генеральны дырэктар гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Марына Філонава.

На думку субяседніцы, гэты від прадпрымальніцкай дзейнасці можна аднесці да такога паняцця, як малы бізнес, на неабходнасць усямернага развіцця якога ўказаў кіраўнік дзяржавы. І трэба адзначыць, што айчыннае заканадаўства ў цэлым стымулюе гэты працэс. "У 2015 годзе ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 17 660 фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, што практычна ў два разы перавышае аналагічны паказчык папярэдняга справаздачнага перыяду. Фактычна гэта значыць стварэнне на працягу года амаль 9 тыс. новых рабочых месц", - адзначыла яна.

Акрамя таго, развіццё рамесніцтва, у першую чаргу народных промыслаў, выконвае яшчэ адну важную функцыю - захаванне ідэнтычнасці ў свеце, багатай і разнастайнай гістарычнай спадчыны беларусаў. Гэта частка культуры, якая, як адзначыў Прэзідэнт, "павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з'яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый".

 

Узаемадзеянне краіны з міжнароднымі арганізацыямі стымулюе малы і сярэдні бізнес

Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат эканамічных навук, дацэнт Марына Карпіцкая.

"Развіццё праграм з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі прынясе эканамічны эфект для Беларусі - размова ў асноўным ідзе аб прытоку замежных інвестыцый. Інвестары будуць абапірацца і на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Вопыт краін, якія дынамічна развіваюцца, паказвае, што якраз роля прадпрыемстваў гэтага сектара даволі вялікая ў характэрных для сучаснай сусветнай эканомікі працэсах", - лічыць субяседніца. "Малы і сярэдні бізнес у Беларусі цікавы тым, што гэта новы напрамак для інвестыцый, гэта крэатыўныя віды тавараў, работ, паслуг, якія сёння цалкам канкурэнтныя. Вопыт міжнародных кірмашоў паказвае, што яны даволі паспяхова ідуць на міжнародны рынак", - растлумачыла яна.

 

Узмацненне звязанай з уступленнем у СГА канкурэнцыі павінна быць стваральным

Такое меркаванне выказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах кандыдат эканамічных навук Валерый Барадзеня.

"Прэзідэнт адзначыў, што мы, у першую чаргу, павінны прааналізаваць багаты вопыт суседзяў, якія ўжо ўступілі ў СГА. На жаль, многія краіны з нашага бліжэйшага акружэння мелі ад гэтага негатыўныя наступствы для сваіх эканомік. Хацелася б сарыентавацца так, каб наша ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і ўзмацненне звязанай з гэтым канкурэнцыі было стваральным, а не разбуральным. Гэта вельмі важна", - лічыць парламентарый.

Валерый Барадзеня адзначыў, што пасля Паслання паспеў паразмаўляць з намеснікам міністра замежных спраў, які расказаў, якім чынам будуецца перагаворны працэс па магчымым уступленні Беларусі ў СГА. "Лічу, мы зможам пазбегнуць памылак, якія зрабілі нашы суседзі", - рэзюмаваў дэпутат.

 

Аб рабоце парламента

Далейшае ўдасканаленне выбарчага заканадаўства абмяркуюць пасля выбараў

Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына таксама пракаменціравала тэзісы прэзідэнцкага Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, у якім Аляксандр Лукашэнка заявіў, што маючая адбыцца палітычная кампанія стане экзаменам палітычнай культуры грамадства. "Мы пастаянна здаём экзамен, калі ідзе выбарчая кампанія. Гэта экзамен улады, гэта экзамен на палітычную сталасць. Гэта экзамен на адпаведнасць улады тым мандатам, якія яна атрымала ад выбаршчыкаў. І ўпершыню мы загаварылі аб палітычнай культуры. Гэта сведчыць аб тым, што ў прынцыпе выбары пераходзяць на новую больш высокую ступень адпаведнасці патрабаванням, якія, напрыклад, прад'яўляюць да нас міжнародныя структуры", - сказала яна.

 

Міжпарламенцкае супрацоўніцтва павінна выходзіць на канкрэтныя эканамічныя праекты

Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Віталь Бусько.

Дэпутат звярнуў увагу на тое, што міжнароднае супрацоўніцтва заняло значную частку Паслання. "У першую чаргу, гэта адзін з важнейшых участкаў работы парламентарыяў. Тут у нас цэлы спектр напрамкаў, новыя рэгіёны і краіны. Усе нашы сустрэчы і перагаворы павінны вылівацца перш за ўсё ў гандлёва-эканамічныя адносіны, выходзіць на канкрэтныя праекты. Перад парламентарыямі стаіць задача развіваць розныя формы эканамічнай інтэграцыі", - сказаў Віталь Бусько.

Адным з канкрэтных напрамкаў па інтэнсіфікацыі адносін парламентарый назваў краіны Заходняй Еўропы.

"Дзякуючы шматвектарнай палітыцы, якую мы праводзім, Беларусь пачалі ўспрымаць як раўнапраўнага партнёра. Размаўляць з намі з пазіцыі ўльтыматумаў дарэмна", - адзначыў Віталь Бусько.

Віталь Бусько выказаў меркаванне, што да гэтага часу ў развіцці міжпарламенцкіх адносін з іншымі краінамі Беларусь дасягнула значных поспехаў, аб чым сведчаць рэгулярныя ўзаемныя візіты і сустрэчы.

 

Знешняя палітыка

Беларусь адкрыта для мірных ініцыятыў

Беларусь адкрыта для мірных ініцыятыў і вітае вырашэнне рэгіянальных канфліктаў з улікам інтарэсаў бакоў, у тым ліку прадастаўляючы пляцоўку для перагавораў. Такое меркаванне выказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Алег Леўшуноў.

Алег Леўшуноў адзначыў, што ў Пасланні Аляксандр Лукашэнка асобны блок прысвяціў пытанням знешняй палітыкі і бяспекі. "Сапраўды, на сёння абстаноўка ў свеце змянілася, расце колькасць рэгіянальных канфліктаў. Узнікаюць тэрарыстычныя арганізацыі, якія нясуць вялікую пагрозу для грамадства і яго бяспекі", - сказаў дэпутат. Паводле яго слоў, беларускі лідар неаднаразова звяртаў увагу на гэту праблему, гаварыў аб неабходнасці процідзеяння тэрарызму, у тым ліку за кошт аб'яднання намаганняў асобных краін і цэлых інтэграцыйных блокаў. "Гэта сведчыць аб нашай выразнай пазіцыі адносна тэрарызму, аб гатоўнасці сумесна працаваць для выкаранення гэтай праблемы", - лічыць Алег Леўшуноў.

 

"Паступова Беларусь прыйшла да больш важкай ролі ў сусветнай палітыцы. Мы прадастаўляем пляцоўку для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Беларусь - міралюбівая краіна, якая праводзіць шматвектарную палітыку, адкрыта для мірных ініцыятыў і вітае вырашэнне рэгіянальных канфліктаў з улікам інтарэсаў бакоў", - сказаў дэпутат.

Сярод іншага ён звярнуў увагу, што ў Беларусі была глыбока перапрацавана Ваенная дактрына, якая, аднак, захавала абарончую накіраванасць. "Такім чынам, мы не збіраемся ствараць камусьці праблем, але ўласныя інтарэсы гатовы адстойваць любымі спосабамі", - дадаў Алег Леўшуноў.

 

Беларусь прыхільна да каштоўнасцей міру і глабальнай бяспекі

Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эквадора ў Беларусі Карлас Ларэа Давіла.

"У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў абсалютную каштоўнасць міру і бяспекі. Такая пазіцыя не можа не вітацца, - падкрэсліў дыпламат. - Роля Беларусі на міжнароднай арэне сёння ў цэлым характарызуецца яе важкай лептай у мірнае ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне, развіццём стратэгічных адносін з Расіяй унутры Саюзнай дзяржавы і рэгіянальных аб'яднанняў, умацаваннем палітычных і эканамічных сувязей з Кітаем і многімі іншымі краінамі".

Гэтыя фактары, паводле слоў пасла, ствараюць добрыя перадумовы для актыўнага пашырэння нацыянальных і эканамічных інтарэсаў Беларусі, умацавання яе міжнародных кантактаў.

"Прыняцце сучаснай Ваеннай дактрыны, якая мае абарончы характар, умацаванне патэнцыялу Узброеных Сіл - гэта, на мой погляд, таксама істотны ўклад Беларусі ў барацьбу з тэрарызмам у глабальным кантэксце", - дадаў Карлас Ларэа Давіла.

Дыпламат лічыць, што ўдзел краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе - адным з буйнейшых агульных рынкаў у свеце - можа ў песпектыве стаць каталізатарам пэўнага збліжэння з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, "геапалітычным акном", якое дасць магчымасць Беларусі заняць новае становішча на міжнароднай арэне.

"Еўразійскі эканамічны саюз можа стаць магутным актарам глабальнай палітычнай і эканамічнай сістэмы XXI стагоддзя. Лічу, наладжванне цесных сувязей ЕАЭС з інтэграцыйнымі працэсамі, што адбываюцца цяпер у Лацінскай Амерыцы, і перспектыўнае, і неабходнае", - сказаў пасол.

 

Беларусь адданая сваім міжнародным абавязацельствам па барацьбе з тэрарызмам

Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Віктар Русак.

"У Пасланні было адзначана, што мір і спакой - гэта важнейшыя аспекты ў жыцці грамадства і дзяржавы. У адваротным выпадку пад пагрозай знаходзіцца рэалізацыя эканамічных планаў, дэмаграфічнай праграмы і гэтак далей. Адным з фактараў, што ўплываюць на стабільнасць развіцця грамадства, цяпер з'яўляецца тэрарызм", - адзначыў Віктар Русак.

Ён таксама нагадаў, што ў Палаце прадстаўнікоў цяпер рыхтуюцца да разгляду ў другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях барацьбы з тэрарызмам. "Гэты законапраект накіраваны на ўдасканаленне работы па выяўленні і спыненні тэрарыстычных праяў на самай ранняй стадыі. Лічу, што дзякуючы прыняццю гэтага закона і тым падыходам, якія абазначыў кіраўнік дзяржавы, у нас склалася зладжаная сістэма для таго, каб нас гэта негатыўная з'ява не захліснула", - дадаў дэпутат.

 

Чалавечы капітал

Пытанне падтрымкі маладых спецыялістаў вельмі важнае

Неабходна, каб маладыя педагогі заставаліся працаваць у школе. Такое меркаванне выказала намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава.

"Чарговы раз кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўважліва вывучыць сітуацыю з заработнай платай. І, што вельмі важна, не толькі маладых спецыялістаў. Мы зробім гэта. У сувязі з гэтым хачу адзначыць некаторых кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія працуюць на перспектыву. Бачыць дырэктар маладога і перспектыўнага настаўніка, разумее, што школе ён патрэбны, - тут жа разглядае розныя варыянты заахвочвання ў выглядзе прэміяльных, квартальных і г.д. Вось правільны падыход", - адзначыла віцэ-прэм'ер. "Нам задача пастаўлена - мы вывучым, і зможам прыняць сур'ёзныя меры з тым, каб падтрымаць маладых педагогаў", - падкрэсліла Наталля Качанава.

"У сістэме адукацыі самым галоўным звяном быў і застаецца педагог. Якія ні былі б створаны матэрыяльны ўмовы, база, новыя тэхналогіі - без настаўніка школа нішто. Калі няма педагога з яго вопытам - нічога не будзе", - выказала меркаванне віцэ-прэм'ер, адказваючы на пытанні педагогаў.

 

Падрыхтоўка маладых спецыялістаў у ВНУ і ССНУ павінна ісці ў цеснай звязцы з наймальнікам

"У Пасланні Прэзідэнт гаварыў, што ў сучасных умовах нельга дапускаць разрыву паміж навукова-тэхнічным узроўнем новай вытворчасці і кваліфікацыяй кадраў. Такім чынам, наймальнікі нараўне з адукацыяй павінны ўдзельнічаць у падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў", - лічыць рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Рагачоў.

Аляксандр Рагачоў паведаміў, што некалькі гадоў запар асабіста прысутнічаў у Доме ўрада ў час звароту кіраўніка дзяржавы да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, ён таксама адзначыў пазітыўны настрой Паслання. "Упэўнены, што агучаныя Прэзідэнтам даручэнні будуць садзейнічаць стабільнаму і паступальнаму руху наперад", - рэзюмаваў Аляксандр Рагачоў.

 

Беларусі трэба арыентаваць адукацыю на падрыхтоўку кадраў для прарыўной эканомікі

"У Пасланні лейтматывам гучала накіраванасць краіны ў будучыню: асваенне высокіх тэхналогій, пабудова эканомікі, у якой інтэлект - прыярытэтны рэсурс. Нетры Беларусі не такія багатыя, але ў нас ёсць вялікі чалавечы патэнцыял, які мы, як і асобныя краіны, якія кіраўнік дзяржавы прыводзіў у прыклад, можам выкарыстоўваць, каб зрабіць прарыў. Для гэтага нам патрэбны ініцыятыўныя і падрыхтаваныя кадры, прафесіяналы, якіх у патрэбнай колькасці вузаўская адукацыя пакуль не прадастаўляе", - адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Шыцько.

Беларусь ужо некаторы час робіць захады ў гэтым напрамку. Створаны Парк высокіх тэхналогій, які праз адукацыйныя і практыка-арыентаваныя праекты рыхтуе сабе спецыялістаў. "Прэзідэнт у сваім Пасланні не выпадкова згадаў, што нам патрэбна перабудоўваць адукацыю пад сучасныя выклікі. Нярэдка выкладчыкі ў ВНУ гадамі чытаюць адзін і той жа курс, які даўно ўжо не актуальны. Думаю, ёсць сэнс адмовіцца ад некаторых прадметаў або курсаў, што не забяспечваюць руху наперад. І трэба даць дарогу маладым спецыялістам, якія хутчэй схопліваюць інавацыйныя распрацоўкі, асвойваюць перадавыя тэхналогіі. Яны павінны перадаваць свае веды ўжо цяпер. І такая работа, калі яна эфектыўная, павінна ацэньвацца адпаведна, каб у маладога педагога быў стымул", - упэўнены дэпутат.

 

Беларускай школе неабходна захаваць свае моцныя бакі і традыцыі

Такое меркаванне выказаў дырэктар ліцэя нумар 1 горада Гродна лаўрэат рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года" Ігар Маслаў.

"Сучасны школьнік павінен ведаць вельмі шмат. Сёння мы жывём у інфармацыйным грамадстве і вучань павінен выходзіць з навучальнай установы падрыхтаваным да жыцця ў такім свеце. Таму патрабаванні ўзрастаюць, у тым ліку і да настаўніка, - лічыць ён. - У той жа час сёння беларускай школе неабходна захаваць свае моцныя бакі і традыцыі. Педагог павінен валодаць не толькі ўсімі перадавымі тэхналогіямі навучання, але быць гатовым размаўляць з сучасным падлеткам, разумець яго".

"Такія людзі ёсць і будуць, беларуская школа заўсёды славілася таленавітымі настаўнікамі, упэўнены, што так будзе і ў далейшым", - адзначыў субяседнік.

 

Педагогі павінны больш увагі ўдзяляць узаемадзеянню з сям'ёй вучня

Такім меркаваннем падзялілася рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна прафесар, доктар педагагічных навук Ганна Сендэр.

Ганна Сендэр падтрымала думку Прэзідэнта аб тым, што настаўнікі павінны больш увагі ўдзяляць узаемадзеянню з сям'ёй свайго вучня. На гэтым трэба акцэнтаваць увагу будучых педагогаў яшчэ на этапе іх універсітэцкай падрыхтоўкі, лічыць яна.

Прэзідэнт у Пасланні таксама ўзнімаў пытанне амаладжэння кадраў. Паводле слоў Ганны Сендэр, гэта думка сугучная з той кадравай палітыкай, якая рэалізуецца ва ўніверсітэце імя Пушкіна. У прыватнасці, тут з 10 дэканаў - 6 ва ўзросце да 45 гадоў, а з 5 прарэктараў - 4 ва ўзросце да 40 гадоў.

 

Неабходна больш уважліва падыходзіць да дзяржзаказу ў вышэйшай адукацыі

Аб гэтым заявіў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

"Мы павінны больш уважліва і беражліва падыходзіць да такой рэчы, як дзяржаўны заказ. Калі ласка, за свае грошы вучыся хоць 30 гадоў. Крытэрыі набору на бюджэт і небюджэт павінны быць перагледжаны, на мой погляд, - сказаў сенатар. - Так атрымалася, што сто чалавек паступае на бюджэт, дрэнна вучыцца і ўсё роўна не плаціць за гэту адукацыю, а той, хто добра вучыцца на платнай аснове, - усё роўна плаціць, і ў яго практычна няма шанцаў, каб перайсці на бясплатнае навучанне. Тут ёсць, пра што гаварыць".

Што датычыцца ролі настаўніка, аб якой гаварылася ў Пасланні, то, на яго думку, у сучаснай канкурэнцыі выйграюць тыя, у каго добрыя настаўнікі матэматыкі, фізікі і іншых дысцыплін.

 

Беларускія падручнікі трэба адаптаваць да сучасных рэалій і магчымасцей школьнікаў

Такое меркаванне выказаў галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак.

"Значную частку выступлення заняла тэма адукацыі, якая мяне таксама асабліва хвалюе, - адзначыў Дзяніс Юрчак. - Напрыклад, Прэзідэнт зноў закрануў праблему падручнікаў. Многія з іх сапраўды трэба дапрацоўваць. Не перапісваць, а адаптаваць да сучасных рэалій і магчымасцей школьнікаў. У прыватнасці, размова ішла аб электронных падручніках. Чаму б, напрыклад, параграфы па гісторыі не суправадзіць відэаматэрыяламі, уключаючы 3D рэканструкцыі старажытных паселішчаў, вядомых падзей, побыту жыхароў Беларусі? Як паказвае практыка, два добра падрыхтаваныя студэнты могуць падрыхтаваць відэаматэрыял за некалькі тыдняў. І дзецям гэта будзе цікава". Дзяніс Юрчак упэўнены, што такі фармат падачы матэрыялу вучні ўспрымуць намнога лепш, чым чытанне некалькіх абзацаў у параграфе. Тым больш, што інтэрнэт ёсць амаль ва ўсіх. "У крайнім выпадку, гэта праблема вырашальная на ўзроўні школы. І гэта ўжо не заўтрашні дзень. Гэта павінна стаць сучаснай рэальнасцю", - падкрэсліў субяседнік.

 

Вышэйшая школа прапануе дастаткова магчымасцей для навучання прадстаўнікоў бізнесу

Такое меркаванне выказала дэкан факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат эканамічных навук, дацэнт Марына Карпіцкая.

"Развіццё малога і сярэдняга бізнесу павінна быць звязана з развіццём сістэмы адукацыі. Як падкрэсліў у Пасланні беларускаму народу Прэзідэнт, стаіць задача падрыхтаваць практыка-арыентаванага спецыяліста, а зрабіць гэта можна, толькі ведаючы патрэбнасці рынку працы цяпер і на перспектыву", - лічыць дэкан.

"На мой погляд, сістэма вышэйшай адкацыі ў Беларусі становіцца ўсё больш практыка-арыентаванай і цалкам гарманічна забяспечвае патрэбнасць у кадрах для рэальнага сектара эканомікі, прыватнага бізнесу. Яна адпавядае патрэбнасцям рынку працы", - падкрэсліла эксперт.

 

Аб дэмаграфіі і здароўі

Стварэнне ўмоў для росту насельніцтва краіны - важнейшая дзяржаўная задача

У Пасланні кіраўнік дзяржавы падкрэсліў самае галоўнае, што без насельніцтва краіне не быць. "Мы не можам развівацца толькі за кошт знешняй міграцыі. Павінны быць людзі, якія любяць гэту зямлю, нарадзіліся тут, стварылі тут сем'і і зацікаўлены ў развіцці сваёй тэрыторыі", - адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

Пры гэтым таксама важна, каб насельніцтва краіны было здаровае як духоўна, так і фізічна. "Здаровае насельніцтва - гэта, з аднаго боку, здароўезберагальныя тэхналогіі, клопат чалавека аб самім сабе, з іншага - ахова здароўя, стварэнне сацыяльных паслуг, развітая сацыяльная інфраструктура. Якраз развіццю гэтых напрамкаў у краіне апошнім часам удзяляецца прыярытэтная ўвага. Гэта значыць, маецца на ўвазе комплексны падыход, уключаючы тэму экалогіі", - сказала міністр.

"Я падтрымліваю прынцыповую пазіцыю Прэзідэнта ў тым, што інвестыцыі ў сям'ю - гэта інвестыцыі ў будучае развіццё", - дадала Мар'яна Шчоткіна.

 

Клопат аб шматдзетных сем'ях у Беларусі заўсёды будзе ў аснове асноў

"Дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць шматдзетныя сем'і. Гэта датычыцца і дапамог, і дадатковых выплат, і выдзялення льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, і мацярынскага капіталу. Але і шматдзетныя бацькі не павінны забываць аб тым, што перш за ўсё адказнасць за дзяцей ляжыць на сям'і", - сказала старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" Таццяна Краўчанка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адзначыў, што дэмаграфічныя праграмы даказалі сваю рэзультатыўнасць, іх рэалізацыя прадоўжыцца ў поўным аб'ёме. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што павялічваецца і колькасць дзяцей у беларускіх сем'ях. Так, 56 працэнтаў нованароджаных - гэта другія і наступныя дзеці. Усяго ў мінулым годзе ў рэспубліцы нарадзілася амаль 120 тыс. дзяцей.

 

Вялікая сям'я не павінна займаць утрыманскую пазіцыю ў адносінах да дзяржавы

"Адчуваем падтрымку ад дзяржавы ў матэрыяльным плане. Так, раней станоўча было вырашана жыллёвае пытанне маёй сям'і. Аднак займаць утрыманскую пазіцыю, маўляў, у нас шмат дзяцей, давайце вырашайце нашы праблемы, не збіраемся. Наадварот, разлічваем на свае сілы", - падкрэсліла Ганна Баўшэвіч. На яе думку, вялікая сям'я - гэта тое, да чаго павінен імкнуцца кожны.

 

Прывычку да здаровага ладу жыцця ў моладзі ў многім фарміруе асабісты прыклад педагога  

Такое меркаванне выказала старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава, каменціруючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Паводле слоў Ларысы Волкавай, Мінская гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза адной з асноўных задач бачыць мэтанакіраваную работу па стымуляванні педагагічнай супольнасці да здаровага ладу жыцця. "Мы прыцягнулі ўвагу сталічных педагогаў да актыўнага ўдзелу ў такіх мерапрыемствах, як аўта- і велапрабегі, турніры па пейнтболе, боўлінгу, картынгу на гарадскім, рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Гэта важна не толькі для здароўя чалавека, але і выхавання падрастаючага пакалення. На наш погляд, менавіта асабісты прыклад педагога ў найбольшай ступені фарміруе прывычку да здаровага ладу жыцця", - сказала яна.

 

Узровень інфарматызацыі паліклінік Беларусі складае 80 працэнтаў

"Інфарматызацыя паліклінік дасягнула 80 працэнтаў. Усе ўрачы агульнай практыкі ў рэгіёнах маюць аўтаматызаванае рабочае месца з забяспечаным выхадам у інтэрнэт. Да канца 2017 года па ўсёй краіне плануем забяспечыць укараненне электроннага рэцэпта і электроннай карткі. Крок за крокам адыдзем ад папяровых носьбітаў. Гэта знізіць нагрузку на паліклінікі", - сказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Вялікую ўвагу ведамства ўдзяляе кадраваму пытанню. "Акцэнт робіцца на ўмацаванні кадравых рэсурсаў, павышэнні прафесійнага ўзроўню нашых участковых дактароў і навучанні іх па прынцыпе ўрача агульнай практыкі", - сказала Людміла Жылевіч.

У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт падкрэсліў, што ў забеспячэнні дабрабыту ўсіх слаёў насельніцтва асаблівую ролю адыгрывае дынамічнае развіццё аховы здароўя, гэта сфера з'яўляецца прыярытэтам беларускай дзяржавы. "У паліклініках не павінна быць чэргаў. Трэба завяршыць інфарматызацыю рабочых месц урачоў для ўкаранення тэхналогіі электроннага рэцэпта і пераходу на электронныя карткі пацыента", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Аб культуры

Магчымасці Года культуры для з'яднання беларускага грамадства актыўна выкарыстоўваюцца

"У Пасланні Прэзідэнта асаблівы акцэнт быў зроблены на тым, што 2016 год - Год культуры, а значыць, і намаганні ў тым ліку павінны быць накіраваны на аб'яднанне, кансалідацыю грамадства для дасягнення мэты - павышэння культурнага патэнцыялу краіны, а таксама на развіццё гарадоў і вёсак праз рэсурсы культуры. Цяпер наша галіна максімальна гэтаму садзейнічае", - падкрэсліла намеснік дырэктара ДУ "Вілейскі Палац культуры" Вольга Шляпо.

Яна ўпэўнена, што задачы Года культуры па аб'яднанні намаганняў бізнесу, дзяржаўных інстытутаў, грамадскасці і непасрэдна сферы культуры прапісаны не толькі на паперы, яны працуюць і ўжо прыносяць практычныя вынікі.

 

Беларуская культура - гэта культура высокаразвітой еўрапейскай дзяржавы

"Беларуская культура - гэта культура па-сапраўднаму высокай, еўрапейскай дзяржавы. У яе вялікая багацейшая гісторыя. Тут людзі ў 18-19-х стагоддзях размаўлялі на сямі-васьмі мовах, тут іграліся спектаклі - гэта быў цэнтр Еўропы", - адзначыў рэжысёр народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў.

На думку народнага артыста, каб абараніць культуру ад хамства, трэба захоўваць традыцыі, акунацца ў яе гісторыю. "Не трэба дбаць аб прыярытэтах той культуры, якая, як бы гэта пафасна ні гучала, насаджаецца Захадам, каб прыўнесці ў нашу свядомасць каштоўнасці, якія, з майго пункту гледжання, разбуральна дзейнічаюць на менталітэт славянскага народа", - сказаў Аляксандр Яфрэмаў.

 

Культура з'яўляецца важным рэсурсам для павышэння эфектыўнасці сацыяльных інстытутаў

Такім меркаваннем падзяліўся прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога Віктар Кірыенка.

"Культуру часта называюць рухавіком эканамічнага развіцця, таму не дарма Прэзідэнт у сваім Пасланні зрабіў акцэнт на тым, што яна павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з'яднанні народа вакол стваральных мэт", - сказаў Віктар Кірыенка.

Падзеі, якія адбываюцца апошнім часам у некаторых краінах, паказваюць, што там, дзе нацыя страчвае свае культурныя вытокі, сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. Ён падкрэсліў, што апошнім часам адбываюцца спробы ўмацаваць тэзіс, што культура - гэта нешта знешняе. "На самай справе культура - гэта частка ўсіх працэсаў, у тым ліку палітыкі і эканомікі. Таму трэба як мага больш удзяляць увагі развіццю гэтай формы чалавечай дзейнасці ў самых розных яе праяўленнях: вытворчасці, земляробстве, побыце, чалавечых адносінах і іншых сферах", - рэзюмаваў Віктар Кірыенка.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий