Лукашэнка наведаў Беларускі металургічны завод — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Лукашэнка наведаў Беларускі металургічны завод

28 сентября 2015 - Administrator
article1978.jpg

 25 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Беларускі металургічны завод у Жлобіне. У час наведвання кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у запуску новай вытворчай лініі - драбнасортна-драцянога стана, сустрэўся з работнікамі прадпрыемства, адказаў на іх пытанні.

 

Лукашэнка на БМЗ запусціў новую вытворчую лінію

Пракатны стан укамплектаваны самым сучасным абсталяваннем. Увод у строй гэтай вытворчай лініі дасць магчымасць заводу збалансаваць вытворчасць сталі з яе паглыбленай перапрацоўкай. Гэта значыць фактычна размова ідзе аб выпуску ўжо не проста загатовак, а аб канечнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

Прадукцыйнасць стана - 700 тыс. т пракату ў год з магчымасцю павелічэння вытворчасці да 1 млн т. Пробную прадукцыю пачалі выпускаць яшчэ ў сакавіку бягучага года. Плануецца, што на экспарт будзе накіроўвацца амаль 75 працэнтаў вырабляемай прадукцыі, пры гэтым яе рэалізацыя на ўнутраным рынку дасць магчымасць поўнасцю замясціць імпарт катанкі і больш як на 90 працэнтаў задаволіць патрэбнасць айчынных прадпрыемстваў у сартавым пракаце ў прутках.

З моманту атрымання першай партыі таварнай прадукцыі і да гэтага часу ў цэху вялася актыўная пуска-наладка асноўнага абсталявання. Нягледзячы на гэта, спажыўцам ужо адгружана больш як 36 тыс. т пракату на суму амаль $15 млн. Экспарт ажыццяўляецца ў такія краіны, як Балгарыя, Італія, Літва, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхія, Славакія, Германія, Аўстрыя, Бельгія.

 

Гэты праект з аб'ёмам інвестыцый у памеры 330,2 млн еўра рэалізаваны па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Фінансаванне ажыццёўлена за кошт уласных сродкаў, крэдытных рэсурсаў Еўразійскага банка развіцця і ААТ "ААБ Беларусбанк" пад гарантыю ўрада.

Карэспандэнту БЕЛТА на заводзе расказалі і некаторыя цікавыя факты аб новай вытворчай лініі. Так, скорасць праходжання загатоўкі на новым стане складае 120 м/сек, або 430 км/гадз. Для параўнання: яна роўная рэкорду, устаноўленаму самым хуткім серыйным легкавым аўтамабілем.

 

Магчымасць аказання падтрымкі БМЗ будзе разгледжана ў бліжэйшы час - Лукашэнка

Падрыхтаваны адпаведны праект указа кіраўніка дзяржавы.

Фактычна, размова ідзе аб адтэрміноўцы часткі выплат па крэдытах БМЗ шляхам выпуску прадпрыемствам аблігацый і размяшчэння іх у дзяржаўных банках. Такім чынам, на бліжэйшыя гады прадпрыемства зможа вызваліць абаротныя сродкі і накіраваць іх на развіццё і атрыманне дадатковага прыбытку, а пазней ажыццявіць выкуп аблігацый.

 

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што адпаведны праект указа будзе разгледжаны ў бліжэйшы час і прынята канкрэтнае рашэнне. Аднак пры гэтым ён паставіў шэраг умоў. Адна з іх, каб працэнты па аблігацыях, што размяшчаюцца, былі прадугледжаны на мінімальна магчымым узроўні. "Для нас галоўнае, каб была вытворчасць. Перш, чым я падпішу ўказ, вы (звяртаючыся да чыноўнікаў. - Заўвага БЕЛТА) мне гэта на стол усё пакладзіце: гарантыі, што мы не страцім прадпрыемства, што банкі не змогуць гэтыя аблігацыі прадаць каму-небудзь. Мне патрэбна бяспека і гарантыі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - маржа, якая павялічваецца да працэнта па крэдытах. Гэта мне трэба ведаць, каб грашыма не раскідвацца. Банкі на іх нажывацца не павінны".

 

Яшчэ адна ўмова датычыцца скарачэння выдаткаў на вытворчасць і істотнае зніжэнне сабекошту выпускаемай на БМЗ прадукцыі за кошт розных крыніц.

Кіраўнік дзяржавы вярнуўся да гэтай тэмы і ў час размовы з работнікамі прадпрыемства. Ён адзначыў, што праблема рэалізацыі і цаны прадукцыі з'яўляецца галоўнай ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусветных рынках, асабліва ў цяперашніх эканамічных рэаліях. Прэзідэнт растлумачыў, што пры сусветных цэнах на металапрадукцыю, якія рэзка ўпалі, прадпрыемству цяпер складана абслугоўваць і выплачваць крэдыты, узятыя раней пад стварэнне новай вытворчай лініі. "Ваша кіраўніцтва звярнулася з просьбай прыняць меры, каб вы маглі працаваць. Мы дамовіліся - члены ўрада, міністр, ваша кіраўніцтва, што ў бліжэйшы час мы разгледзім гэта пытанне разам, і мною будзе прынята рашэнне. Вядома, мы не можам спыніць завод. Але вы не адзіныя, хто просіць падтрымкі ў гэты цяжкі час", - адзначыў беларускі лідар.

 

"Скарачаць сабекошт, затраты на вытворчасць прадукцыі вам давядзецца. Калі вы гэта не зробіце, я нават і разглядаць указ аб падтрымцы прадпрыемства па крэдытах не буду. Я вам гэта гавару адкрыта і сумленна, нягледзячы на палітычны момант", - заявіў Прэзідэнт.

У час наведвання БМЗ кіраўніку дзяржавы далажылі аб стварэнні на прадпрыемстве новай вытворчай лініі - драбнасортна-драцянога стана і далейшых перспектывах развіцця вытворчасці. Размова таксама ішла аб эфектыўнасці кіравання прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у структуру холдынга "Беларуская металургічная кампанія". Кіраўнік дзяржавы даручыў да 1 студзеня прыняць рашэнне па некаторых праблемных пытаннях.

 

Прэзідэнту далажылі, што прадукцыя новага цэха дасць магчымасць напалавіну закрыць патрэбнасць айчынных прадпрыемстваў машынабудавання па шэрагу найменняў металапракату. У бліжэйшыя гады таксама плануецца будаўніцтва комплексу для вытворчасці спецыяльных сталей. З яе запускам патрэбнасці ўнутранага рынку ўдасца закрыць ужо на 100 працэнтаў.

Нягледзячы на складаную сітуацыю на сусветных рынках, зніжэнне цэн па некаторых найменнях прадукцыі амаль у два разы, прадпрыемства працуе даволі ўстойліва. Вядзецца актыўная работа па асваенні новых рынкаў збыту. Так, у параўнанні з мінулым годам значна скарацілася доля паставак на расійскі рынак. За 7 месяцаў 2015 года экспарт ажыццяўляўся ў 52 краіны, пры гэтым прадпрыемства імкнецца развіваць супрацоўніцтва з буйнейшымі сусветнымі кампаніямі, якія вырабляюць шыны, легкавыя аўтамабілі і іншую прадукцыю. Самымі буйнымі імпарцёрамі прадукцыі БМЗ з'яўляюцца такія краіны, як Расія, Германія, Польшча, Егіпет, Літва, Турцыя, ЗША, Латвія, Італія і Румынія.

 

 

Лукашэнка растлумачыў прычыны адмовы ад эфірнага часу для выступлення ў якасці кандыдата ў прэзідэнты

Як адзначыў Прэзідэнт, само па сабе яго выступленне ў тэлеэфіры не з'яўляецца праблемай, яго заява па тых або іншых актуальным пытаннях і цяпер практычна штодзённа паказваецца тэлеканаламі. "Я лічу, што павінен неяк на практыцы рэагаваць на працэсы, што адбываюцца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну што, я сяду за экран і буду расказваць, якія ў нас будуць адукацыя або ахова здароўя? Той, хто сочыць за маёй палітыкай, той цудоўна ведае мае падыходы: адукацыя і ахова здароўя павінны быць у асноўным бюджэтнымі. Дзяцей, старых будзем берагчы як зрэнку вока".

 

"Вы гэта ведаеце. І калі я аб гэтым скажу, то вы скажаце: так і будзе. Таму што я такую лінію праводжу два дзясяткі гадоў. Калі нехта з іх (іншых кандыдатаў у прэзідэнты і апазіцыйных палітыкаў. - Заўвага БЕЛТА) гэта скажа, то вы скажаце: мы яго не ведаем, зробіць ён гэта ці не", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад чыста папулісцкіх заяў, якія агучваў адзін з патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты на этапе збору подпісаў. У адной з іх гаварылася аб планах стварыць у Беларусі 1 млн новых рабочых месц. Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што, напрыклад, у стварэнне новага цэха і вытворчай лініі на Беларускім металургічным заводзе былі ўкладзены дзясяткі і нават сотні мільёнаў долараў, і на гэтай вытворчасці будуць працаваць менш як 500 чалавек. "Гэта ж колькі трэба грошай, каб стварыць мільён рабочых месц? - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. - Дзе ён іх возьме? Гэта сведчыць аб тым, што такі чалавек або маніць, або сам не разумее, аб чым гаворыць. І потым, ці патрэбны нам сёння адзін мільён новых рабочых месц, ці знойдзем мы людзей, каб размясціць іх на новых вытворчасцях? І гэта ж павінны быць суперсучасныя вытворчасці, таму што інакш прадукцыю не прадасі".

 

"Таму вось ён - папулізм. Добра, што нашы людзі не дурні, разабраліся", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават у перыяд перадвыбарнай кампаніі ў большай ступені займаецца практычнымі пытаннямі развіцця краіны, робіць розныя замежныя візіты. "Нават у перадвыбарную кампанію я не маю магчымасці быць у краіне: учора - Пекін, заўтра - Нью-Ёрк", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, праанансаваў, што ў бліжэйшы час у яго павінна адбыцца сустрэча з кіраўніком Міжнароднага валютнага фонду для абмеркавання магчымасцей супрацоўніцтва. Акрамя таго, чакаецца ўдзел у саміце ААН, запланавана шмат сустрэч з лідарамі замежных дзяржаў. "Гэта ўсё трэба. Мне нават часам і сорамна: людзі глядзяць, заўтра галасаванне, а прэзідэнта, які зноў балаціруецца, няма ў краіне. Зразумейце, я не адпачываю. Мне ўжо надакучылі гэтыя паездкі, пералёты, - сказаў Прэзідэнт. - Таму калі некаму трэба, я магу яму падарыць гэты час. Але, самае цікавае, яны не хочуць больш. Яны разумеюць, што, выйшаўшы на экран, трэба нешта сказаць. Не дай бог не тое".

 

"Думаю, у мяне будзе яшчэ магчымасць звярнуцца да вас і сказаць літаральна некалькі слоў на працягу 5-7 хвілін напярэдадні выбараў. Калі ў вас ёсць такое жаданне, я абавязкова на тэму выбараў да вас змагу звярнуцца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

 

Лукашэнка гарантуе надзейную абарону беларуска-ўкраінскай граніцы ад спроб пранікнення бандытызму

Пытанні бяспекі на беларуска-ўкраінскай граніцы знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва краіны, і Беларусь здольна выставіць надзейны заслон спробам пранікнення бандытызму на сваю тэрыторыю, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Некаторыя да гэтага часу "балакаюць" аб тым, што, вось, мы там ваюем, мы вернемся, мы пакажам. Мы (дзяржава. - Заўвага БЕЛТА) пакажам ім так, што яны куляцца будуць зноў да Украіны, а праз Украіну ў Чорнае мора, а можа, і далей. Вы за гэта не перажывайце, будзьце спакойныя", - заявіў беларускі лідар.

"З тымі (беларускімі грамадзянамі. - Заўвага БЕЛТА), хто сёння ваюе (ва Украіне. - Заўвага БЕЛТА), мы разбяромся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэнне: калі ты пайшоў ваяваць - гэта значыць забіваць - не важна, на баку Данбаса або супраць яго, то мы з цябе спагонім. Гэта адзінкі, можа, нейкіх два дзясяткі чалавек. Адзін на Майдане паваяваў - труп прывезлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць пэўных праблем, што прыходзяць з Украіны, з якімі ў Беларусі вымушаны змагацца шляхам умацавання пагранічнай бяспекі. "Я ўжо не кажу аб наркотыках... Зброю, аўтаматы, боепрыпасы вязуць, самі едуць сюды. Мы ўмацоўваем граніцу. Мы яе поўнасцю закрылі, а цяпер узвядзём інжынерныя збудаванні, каб мыш не прапаўзла. Мы забяспечым бяспеку сваёй краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я многіх украінцаў ведаю, якія прыехалі. Мы стараемся забяспечыць усіх работай. Але мы цяпер будзем вельмі сур'ёзна ўсіх сартаваць, каб сюды бандыты не прыехалі, якія хочуць дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі. А тых, хто прыехаў жыць і працаваць - калі ласка", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Адзначым, што адно з пытанняў кіраўніку дзяржавы ў час наведвання БМЗ задаў мужчына, які не так даўно прыехаў з Украіны і цяпер працуе на гэтым беларускім прадпрыемстве. Паводле яго слоў, ён хацеў бы застацца ў Беларусі на пастаяннае месца жыхарства.

 

Праблема масавага прытоку мігрантаў з Блізкага Усходу не закране Беларусь - Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што нягледзячы на праблемы з масавым прытокам мігрантаў з дзяржаў Блізкага Усходу, якія назіраюцца цяпер у краінах Еўрасаюза, гэты паток не рынецца ў Беларусь. "Мы не Еўрасаюз, не Амерыка. Мы там не ваявалі. Гэта яны разбурылі гэтыя дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён нагадаў аб забойствах Муамара Кадафі, Садама Хусэйна, якія няхай, магчыма, і не вызначаліся дэмакратычным стылем праўлення, але трымалі пад кантролем сітуацыю ў сваіх краінах, што ўплывала і на рэгіянальную бяспеку ў цэлым. "Яны (Захад. - Заўвага БЕЛТА) поўнасцю дэстабілізавалі арабскі Усход і атрымалі тое, што хацелі. Таму гэта іх праблема, і няхай яны з ёй разбіраюцца. Гэтага наплыву (у Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) не будзе", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

"Нам хапае наплыву з нашай Украіны, брацкай краіны. У нас іх (перасяленцаў. - Заўвага БЕЛТА) ужо каля 150 тыс. Дай бог нам гэта пераварыць", - сказаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што адна з галоўных праблем Беларусі - гэта дэмаграфічная сітуацыя, і ў прынцыпе краіна зацікаўлена ў павелічэнні насельніцтва, у тым ліку за кошт мігрантаў. Аднак, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы, рэзкая аднамомантная міграцыя вялікай колькасці людзей не можа не ствараць пэўных праблем, у тым ліку ў частцы росту злачыннасці, незадаволенасці карэннага насельніцтва. "Я гэта бачу. Гэта адно з галоўных пытанняў работы Прэзідэнта, каб забяспечыць бяспеку краіны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У нас няма пакуль праблем з гэтым і не будзе. Я вам гэта гарантую. Мы тут у нейкую дэмакратыю гуляць не маем намеру".

У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь не закрывае граніцу для тых людзей, якія трапілі ў бяду.

 

Лукашэнка: трэба любіць сваю краіну і быць упэўненым, што гэта твой дом

"Чалавек павінен любіць сваю краіну і быць упэўненым, што гэта яго дом - цёплы і ўтульны. Гэта клопат Прэзідэнта. Як-ніяк мы забяспечваем гэта. Далей горш не будзе. Я вам гарантую", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе сацыяльныя і палітычныя катаклізмы ў дзяржавах заўсёды па большай частцы выкліканы ўнутранымі прычынамі. Прыклад таго - суседняя Украіна, дзе зладзейства і карупцыя прывялі да самых цяжкіх вынікаў.

"Які б у вас ні быў Прэзідэнт, ён таксама не без недахопаў, але ні ён, ні яны (чыноўнікі. - Заўвага БЕЛТА) не раскралі краіну. Мы яе не разбурылі. Хапае праблем. Але калі народ бачыць, што гэта ўлада не зладзейская, ён перацерпіць, перанясе ўсё. А калі мы акунёмся ў гэту карупцыю, зладзейства, расцягнем, раздзелім краіну, мы хутчэй рухнем, чым Украіна", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

З увядзеннем у строй АЭС у Беларусі будуць пашыраць сферы выкарыстання электраэнергіі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер Беларусь вымушана часткова імпартаваць электраэнергію або выкарыстоўваць для яе вытворчасці прыродны газ, які таксама нятанны. У той жа час з уводам праз некалькі гадоў БелАЭС у краіне наадварот з'явіцца лішак электраэнергіі, які неабходна неяк выкарыстоўваць.

 

"Таму я даручыў ураду знайсці варыянт, што мы будзем з гэтай электраэнергіяй рабіць. Значыць, будзем гэты напрамак у краіне развіваць: газавыя пліты на кухні заменім і да электрамабіляў. Вопыт ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама не выключыў, што для заахвочвання насельніцтва да больш шырокага выкарыстання электраэнергіі ў тых ці іншых сферах у шэрагу выпадкаў будуць уводзіцца больш нізкія цэны.

 

 

Лукашэнка расказаў, як у шчыльным прэзідэнцкім графіку знаходзіць час на адпачынак

"Завершацца выбары, прыйдзе Новы год, мы знойдзем двое сутак для таго, каб адпачыць. Можа, будзе больш спакойна ў краіне і вакол яе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне работнікаў Беларускага металургічнага завода.

У цэлым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, як правіла, выкройвае для адпачынку дзень або нейкую частку дня паралельна з вырашэннем рабочых пытанняў, як напрыклад, у час удзелу ў праведзеным нядаўна Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы.

 

"Калі ты ўцягваешся ва ўсё гэта і круцішся як вавёрка ў коле, а ў які-небудзь дзень адчуваеш не тое напружанне, то пачынаеш "аглядвацца" па баках, думаеш, што адбылося", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць, што асабліва для тых, чыя работа не звязана з фізічнай актыўнасцю, вельмі важна паўтары-дзве гадзіны ў дзень прысвяціць фізічным нагрузкам, спорту. "Гэта значна больш дае чалавеку, чым ты будзеш ляжаць недзе на ўзбярэжжы або, завязаўшы ў вузел ногі, глядзець тэлевізар. Хоць гэта таксама трэба", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий