Лукашэнка перамог на выбарах Прэзідэнта Беларусі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Лукашэнка перамог на выбарах Прэзідэнта Беларусі

13 октября 2015 - Administrator
article2003.jpg

 На выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы, паводле папярэдніх даных, 83,49 працэнта галасоў. Канчатковыя даныя будуць агучаны пасля таго, як абласныя выбаркамы і выбаркам горада Мінска падпішуць падагульняючыя пратаколы аб галасах за кожнага кандыдата.

 

Яўка на выбары Прэзідэнта Беларусі склала 87,2 працэнта выбаршчыкаў

"У выбарах удзельнічала 6 102 896 грамадзян, што складае 87,2 працэнта выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. Пяць гадоў таму ў выбарах прыняла ўдзел крыху большая колькасць выбаршчыкаў - 90,6 працэнта", - адзначыла кіраўнік ЦВК.

 

На выбарах Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паводле папярэдніх даных, набраў 83,49 працэнта галасоў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,4 працэнта выбаршчыкаў. За Таццяну Караткевіч па краіне аддалі галасы 4,42 працэнта выбаршчыкаў. Сяргей Гайдукевіч набраў 3,32 працэнта галасоў, Мікалай Улаховіч - 1,67 працэнта.

"Магчыма неістотнае змяненне паказчыкаў, паколькі яшчэ не атрыманы дадатковыя звесткі аб галасаванні грамадзян за мяжой", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

 

Ярмошына: скаргі некаторых наглядальнікаў па яўцы выбаршчыкаў часам абвяргаюцца іншымі наглядальнікамі

Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

"Ацэнка яўкі выбаршчыкаў будзе рабіцца ў час падвядзення вынікаў на кожнай тэрыторыі - дадзена такая рэкамендацыя ў выпадку паступлення скаргаў. Але мы маем інфармацыю, калі такія скаргі абвяргаюцца сведчаннямі іншых наглядальнікаў", - сказала Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што "нельга ацэньваць выбары толькі па тым, хто гучней крыкнуў".

 

Адказваючы на пытанне, чаму такі высокі працэнт галасавання дома ў падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы, Лідзія Ярмошына растлумачыла, што яно праводзіцца, як правіла, сярод грамадзян састарэлага ўзросту - гэта электарат цяперашняга Прэзідэнта.

 

Альтэрнатыўным кандыдатам на выбарах не хапіла палітычнай вядомасці і пазнавальнасці ў грамадстве - Ярмошына

"На мой погляд, ім не хапіла палітычнай вядомасці, пазнавальнасці ў грамадстве. Насельніцтва, скажам так, мела праблему з выбарам - у тым плане, калі выбар рабіўся не на карысць дзеючага кіраўніка дзяржавы, а насельніцтва разглядала іншыя варыянты. Адсутнасць аўтарытэту і прывяло да таго, што ў нас пратэснае галасаванне вышэйшае, чым галасаванне на карысць каго-небудзь", - лічыць Лідзія Ярмошына.

 

"Я не думала, што будзе такі вялікі працэнт пратэснага галасавання. Думала, выбаршчыкі змогуць вызначыцца са сваім выбарам", - сказала Лідзія Ярмошына.

Паводле папярэдніх даных, Аляксандр Лукашэнка набраў 83,49 працэнта галасоў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,4 працэнта выбаршчыкаў. За Таццяну Караткевіч па краіне аддалі галасы 4,42 працэнта. Сяргей Гайдукевіч набраў 3,32 працэнта галасоў, Мікалай Улаховіч - 1,67 працэнта.

У выбарах Прэзідэнта-2015 прынялі ўдзел 87,2 працэнта выбаршчыкаў.

 

ЦВК плануе 16 кастрычніка правесці падагульняючае пасяджэнне па выбарах-2015

Паведаміла 12 кастрычніка журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Гаворачы аб тым, калі будзе вядомы дакладны расклад па выніках галасавання, Лідзія Ярмошына адзначыла: "Краіну ніколі нельга доўга трымаць у няпэўнасці. Мы збіраемся падвесці вынікі ў пяцідзённы тэрмін, плануем правесці пасяджэнне ў пятніцу, 16 кастрычніка".

Кіраўнік ЦВК таксама звярнула ўвагу, што пакуль не атрыманы звесткі аб беларускіх грамадзянах, якія прагаласавалі на мяжой.

 

Акрамя таго, Лідзія Ярмошына паведаміла, што на гэты момант скаргаў па выніках выбараў у Цэнтральную камісію не паступала. "Але іх традыцыйна раніцай пасля дня выбараў не бывае з-за таго, што тыя, хто прайграў і іх каманды збіраюцца з сіламі. Пакуль частка скаргаў, якія ёсць у ЦВК, датычацца ўчарашняга дня галасавання", - расказала яна. Гэта, у прыватнасці, скаргі на якасць складання спісаў выбаршчыкаў - ад грамадзян, якіх у гэтыя спісы не ўключылі.

 

Атмасфера на выбарчых участках у Беларусі была спакойнай і святочнай - Лебедзеў

Аб гэтым заявіў 12 кастрычніка журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі Сяргей Лебедзеў.

"Думаю, вы пагодзіцеся са мной у тым, што атмасфера на выбарчых участках была вельмі спакойнай, у адрозненне ад папярэдніх выбараў, калі я таксама быў кіраўніком місіі. Пяць гадоў таму пэўная напружанасць, на жаль, прысутнічала. Цяпер атмасфера была спакойнай і, я нават сказаў бы, святочнай", - адзначыў Сяргей Лебедзеў.

 

Паводле яго слоў, учора пасля завяршэння работы прадстаўнікі краін СНД, якія назіралі за выбарамі Прэзідэнта Беларусі, абмяняліся меркаваннямі наконт кампаніі. "Усе адзначаюць святочную атмасферу, якая панавала на выбарчых участках, - гучала музыка, выступалі прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці, прафесійныя артысты, працавалі буфеты", - растлумачыў ён.

 

Лебедзеў адзначае высокі ўзровень культуры вядзення выбарчай кампаніі кандыдатамі

"Хацелася б адзначыць больш высокі ўзровень культуры вядзення кампаніі самімі кандыдатамі. Не было кампраматаў, чорнага піяру, узаемных абраз, усе кандыдаты вялі сябе даволі інтэлігентна, паважліва ў адносінах адзін да аднаго", - адзначыў Сяргей Лебедзеў. Паводле яго слоў, галоўнае для кандыдата - пераканаць выбаршчыка ў перавагах сваёй праграмы, а не засяроджваць увагу толькі на крытыцы апанентаў.

 

Сяргей Лебедзеў канстатаваў, што ўсе чатыры кандыдаты ў прэзідэнты даволі падрабязна і прадстаўніча прэзентавалі свае праграмы. "Я сам бачыў у цэнтральных газетах Беларусі тэксты праграм, яны мелі магчымасць выступаць на тэлебачанні, на радыё. У выбаршчыкаў, калі яны хацелі азнаёміцца з гэтымі праграмамі, праблем не было", - сказаў ён.

Паводле слоў Сяргея Лебедзева, місія наглядальнікаў ад СНД лічыць, што выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі на альтэрнатыўнай аснове.

 

Чураў канстатаваў сумленнасць праведзеных у Беларусі выбараў Прэзідэнта

"Цяпер, калі ёсць папярэднія даныя, хацеў бы звярнуць увагу на два важныя фактары, якія з аднаго боку пацвярджаюць наяўнасць у Беларусі апазіцыйных настрояў, з другога - сумленнасць праведзеных выбараў. Першае: графа "Супраць усіх" - 7 працэнтаў, гэта шмат. Другое - вынік галасавання ў Мінску, які кантрасна адрозніваецца ад галасавання ў цэлым па краіне", - адзначыў Уладзімір Чураў. Пры гэтым ён канстатаваў, што вынікі галасавання ў цэлым па краіне і ў Мінску ў прыватнасці беларускім і замежным палітолагам былі відавочныя да пачатку галасавання.

 

Уладзімір Чураў расказаў, што ён не назіраў за выбарамі Прэзідэнта на ўчастках у беларускай сталіцы, за выключэннем аднаго закрытага, ён працаваў у заходнім рэгіёне. "У нас не было скаргаў на разыходжанне даных па датэрміновым галасаванні ні на адным участку, не было скаргаў па галасаванні дома. На кожным участку ў сярэднім было 80-100 заяў на галасаванне дома з прыкладна 1,5 тыс. выбаршчыкаў, унесеных у спісы", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, ні на адным наведаным участку заўваг з боку наглядальнікаў зафіксавана не было. "Адзінае наша пажаданне было, каб на ўсіх участках у рэспубліцы былі празрыстыя урны", - адзначыў Уладзімір Чураў.

 

Рапота: магчымасці для волевыяўлення беларусам на выбарах былі прадастаўлены поўнасцю

Аб гэтым заявіў 12 кастрычніка журналістам дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

"Мы абышлі вялікую колькасць участкаў і агульнае ўражанне станоўчае. Па-першае, сама арганізацыя выбараў была добрая, магчымасці для волевыяўлення былі прадастаўлены поўнасцю, у тым ліку і для тых, хто не мог прагаласаваць 11 кастрычніка, хто хацеў раней гэта зрабіць або не мог зрабіць гэтага на самім участку", - сказаў Рыгор Рапота.

 

Паводле яго слоў, выконвалася тайна галасавання, буйных парушэнняў не зафіксавана. "Дробныя шурпатасці былі. То два чалавекі ў кабіну заходзілі, то пытанні па запаўненні анкеты ўзнікалі. Але ўсё гэта былі дробязі тэхнічнага характару, якія абсалютна не паўплывалі на ход галасавання і вынікі выбараў", - дадаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы.

 

Таксама ён адзначыў высокую яўку выбаршчыкаў і іх актыўнасць у гэту выбарчую кампанію. Акрамя таго, Рыгор Рапота выказаў пункт гледжання, што людзі, якія галасавалі супраць усіх, акрамя якіх-небудзь эмацыянальных фактараў, магчыма, знаходзіліся ў некаторай нявызначанасці наконт праграм, што прапаноўваліся кандыдатамі, і не знайшлі ў праграмах таго, што закранула б і прымусіла звярнуць на сябе ўвагу.

 

Наглядальнікі ад КНР прызнаюць выбары Прэзідэнта Беларусі легітымнымі, дэмакратычнымі і празрыстымі

Аб гэтым паведаміў 12 кастрычніка журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў ад КНР, пасол МЗС КНР Юй Чжэньцы ў інфармацыйным цэнтры ЦВК.

"Місія наглядальнікаў ад Кітая лічыць, што выбары адпавядаюць нацыянальным выбарчым законам Беларусі і агульнапрынятым нормам міжнароднага права, з'яўляюцца легітымнымі, дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі. Права на палітычнае волевыяўленне шляхам галасавання ў грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права, у поўнай ступені забяспечана", - заявіў Юй Чжэньцы.

 

Паводле яго слоў, місія наглядальнікаў ад Кітая, строга выконваючы законы і прававыя нормы Беларусі, прытрымліваючыся прынцыпаў павагі суверэнітэту, аб'ектыўнасці і справядлівасці, сумленна выканала абавязак маніторынгу. У місіі склалася ўражанне, што галасаванне праводзілася паспяхова і спакойна, парушэнняў выяўлена не было. "Выбары шырока асвятляліся беларускімі сродкамі масавай інфармацыі", - падкрэсліў кіраўнік місіі.

 

Гаворачы аб узроўні правядзення палітычнай кампаніі, Юй Чжэньцы звярнуў увагу, што арганізатары выбараў своечасова апублікавалі інфармацыю кандыдатаў у прэзідэнты і эфектыўна забяспечылі права выбаршчыкаў на інфармаванасць.

Місія наглядальнікаў ад КНР ажыццяўляла маніторынг за ходам падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў па запрашэнні ЦВК Беларусі з 9 па 12 кастрычніка. Непасрэдна ў асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка місія наведала некалькі выбарчых участкаў, назірала за падрыхтоўкай бюлетэняў і выбарчых урнаў, праверкай асобы выбаршчыкаў, выдачай бюлетэняў, галасаваннем.

 

Місія таксама выказала ўдзячнасць ЦВК, Міністэрству замежных спраў, іншым органам і ведамствам Беларусі за падтрымку і садзейнічанне.

 

Выбары Прэзідэнта Беларусі адпавядаюць міжнародным стандартам - місія наглядальнікаў ад КНР

Місія наглядальнікаў ад КНР лічыць, што выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі на высокім узроўні і адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным стандартам. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў ад КНР, пасол МЗС КНР Юй Чжэньцы ў інфармацыйным цэнтры ЦВК.

 

Юй Чжэньцы адзначыў, што ў кожнай краіне склалася свая практыка забеспячэння выбарчага працэсу. "Але ёсць і міжнародныя стандарты. Пасля наведвання выбарчых участкаў у нас склалася ўражанне, што выбары адпавядаюць заканадаўству Беларусі і міжнародным нормам", - сказаў ён.

Кіраўнік місіі наглядальнікаў ад КНР згадзіўся з меркаваннем, што ў кожнай краіны ёсць свая дэмакратычная мадэль. "Кожная дзяржава, нацыя мае права распрацаваць сваю дэмакратычную мадэль, адпаведную агульнапрынятым міжнародным нормам права", - лічыць ён.

 

Не трэба штучна навязваць краінам тую ці іншую мадэль дэмакратыі толькі таму, што яна прыжылася ў іншай дзяржаве, адзначыў Юй Чжэньцы. "Паважаць палітычныя прынцыпы, паважаць выбар народа - гэта адпавядае сапраўднаму дэмакратычнаму прынцыпу", - сказаў на заканчэнне ён.

 

Альянс місій наглядальнікаў адзначае добрую арганізацыю выбараў у Беларусі

Аб гэтым 12 кастрычніка журналістам заявіла выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду дэмакратыі Раберта Банаці.

Прадстаўнікі альянсу назіралі за выбарамі ў шасці рэгіёнах краіны, наведалі каля 80 выбарчых участкаў. "Працэс галасавання датэрмінова і ў асноўны дзень быў добра арганізаваны", - сказала Раберта Банаці.

 

Эксперты звярнулі ўвагу на адкрытасць працэдуры галасавання, камфортныя ўмовы, створаныя на ўчастках для выбаршчыкаў і наглядальнікаў.

Раберта Банаці расказала аб некаторых недахопах, якія заўважылі наглядальнікі альянсу. Гэтыя недахопы неістотныя, датычацца канструкцыі урнаў, фармату выбарчых бюлетэняў. Калі іх устараніць, гэта пасадзейнічае павышэнню празрыстасці выбарчага працэсу, лічыць эксперт.

Наглядальнікі альянсу правялі таксама маштабны маніторынг асвятлення выбарчай кампаніі ў СМІ. Яго вынікі будуць прадстаўлены ў справаздачы альянсу, дакумент плануецца абнародаваць 25 кастрычніка.

 

Альянс місій наглядальнікаў - гэта група міжнародных незалежных наглядальнікаў. У яе складзе прадстаўнікі Еўрапейскага інстытута Ліберці (Германія), Еўрапейскага фонду дэмакратыі (Бельгія), Альянсу еўрапейскага інстытута дэмакратыі (Францыя).

 

Выбары ў Беларусі былі праведзены адкрыта, свабодна і дэмакратычна - місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Аб гэтым заявіў 12 кастрычніка журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) на выбарах Прэзідэнта Беларусі, генеральны сакратар ШАС Дзмітрый Мезенцаў па выніках маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення галоўнай электаральнай падзеі.

"Місія заяўляе, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзены адкрыта, свабодна і дэмакратычна, у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам краіны, а таксама прынятымі дзяржавай міжнароднымі абавязацельствамі. Парушэнняў норм і патрабаванняў нацыянальнага выбарчага заканадаўства місія не адзначае", - сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

 

У прыватнасці, па назіраннях маніторынгавай групы, кандыдатам у прэзідэнты былі забяспечаны аднолькавыя правы і магчымасці ў правядзенні выбарчай кампаніі. Таксама місія звярнула ўвагу на высокую актыўнасць грамадзян у ходзе галасавання, зладжаную работу ўчастковых камісій.

Місія ШАС выказала ўдзячнасць Цэнтрвыбаркаму Беларусі за аказанае садзейнічанне па забеспячэнні дзейнасці наглядальнікаў, якім былі створаны для работы ўсе неабходныя ўмовы.

 

У склад місіі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаў - членаў ШАС (Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан), а таксама прадстаўнікі сакратарыята гэтай арганізацыі.

Дзмітрый Мезенцаў дадаў, што ўпершыню ШАС удзельнічала ў маніторынгу выбараў на тэрыторыі дзяржавы, якая мае ў арганізацыі статус наглядальніка.

 

СМІ ў поўным аб'ёме выканалі місію інфармацыйнага забеспячэння выбарчага працэсу - Ананіч

Аб гэтым паведаміла журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

"Вынікі галасавання таго красамоўнае пацвярджэнне. Таксама хацела б сказаць, што выбары чарговы раз пацвердзілі, што краіна развіваецца дынамічна і ёсць падтрымка курсу Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі", - сказала Лілія Ананіч.

 

Міністр інфармацыі звярнула ўвагу, што нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі не толькі размясцілі на сваіх рэсурсах праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, але і адсачылі да дробязей усе дэталі выбарчай кампаніі. Разам з тым яна адзначыла, што замежныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы, зарэгістраваныя за межамі Беларусі, у многім былі заангажыраваны і вялі іншую палітыку, заклікаючы да байкоту.

"Але выбар народа бясспрэчны. І сёння нам усім трэба павіншаваць Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з выбраннем на высокую і адказную пасаду", - падкрэсліла яна.

 

Генеральны сакратар АБСЕ павіншаваў беларускі бок з паспяховым правядзеннем выбараў Прэзідэнта

Генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, выступаючы 12 кастрычніка ў Маскве на пашыраным пасяджэнні Пастаяннага савета АДКБ па пытаннях забеспячэння бяспекі ў Еўразіі, павіншаваў беларускі бок з паспяховым правядзеннем выбараў Прэзідэнта.

 

Ламберта Заньер таксама падзякаваў Рэспубліцы Беларусь за прадастаўленне мінскай пляцоўкі для вырашэння пытанняў унутрыўкраінскага ўрэгулявання. У гэтым кантэксце генеральны сакратар АБСЕ назваў Беларусь "фактарам і гарантам стабільнасці".

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий