Меры па садзейнічанні занятасці зацверджаны дэкрэтам Прэзідэнта — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Меры па садзейнічанні занятасці зацверджаны дэкрэтам Прэзідэнта

26 января 2018 - Administrator
article3691.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў дэкрэт нумар 1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва.

У гэтых мэтах дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па ўстанаўленні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўленні маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

 

У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады будуць забяспечваць індывідуальную работу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні работы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб спагнанні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі гэтага збору, вызвалены ад яго выплаты.

Дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць ажыццяўляць аплату субсідзіруемых дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

 

Ключавая роля ў арганізацыі работы па выкананні норм дэкрэта адведзена мясцовым органам улады. Для гэтага прадугледжваецца стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзеючых камісій, асноўнымі задачамі якіх з'яўляюцца садзейнічанне грамадзянам у працаўладкаванні.

У склад камісій будуць уключацца дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Узначальваць камісіі, якія ствараюцца на раённым узроўні, будуць, як правіла, старшыні Саветаў дэпутатаў.

Дэкрэт прадастаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасці ў іх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Для рэалізацыі дэкрэта ўрадам будзе прыняты шэраг пастаноў, якімі будуць у тым ліку вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, пералік паслуг, што аказваюцца гэтым грамадзянам па поўным кошце, парадак разліку платы за гэтыя паслугі і іншыя пытанні.

 

Акрамя таго, прадугледжваецца прыняцце ўрадам мер, накіраваных на актывізацыю прафілактычнай работы з працаздольнымі непрацуючымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця; дзейнасці падатковых органаў па выяўленні і падаткаабкладанні скрытых даходаў фізічных асоб.

Дэкрэт № 1 26 студзеня афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пасля чаго ўступае ў сілу.

ІНТЭРВ'Ю: Касцевіч: дапамагчы тым, хто хоча і можа зарабляць

У Беларусі падпісаны дакумент аб садзейнічанні занятасці насельніцтва. Ва ўсім свеце магчымасць працаваць з'яўляецца адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі паспяховасці чалавека ў грамадстве, стабільнасці. БЕЛТА звярнулася да міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч з просьбай расказаць, якія новыя магчымасці адкрываюцца з прыняццем дэкрэта.

- Ірына Анатольеўна, якая асноўная мэта прынятага дэкрэта?

- Асноўная мэта дэкрэта - садзейнічанне занятасці насельніцтва. Зыходзячы з гэтага, вызначаюцца і дзве асноўныя задачы. Першая - максімальнае стварэнне на месцах найбольш спрыяльных умоў для занятасці насельніцтва: гэта і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляванне самазанятасці, і, безумоўна, індывідуальная работа з тымі грамадзянамі, якія сёння не працуюць, але хочуць і могуць зарабляць сабе на жыццё легальным спосабам. Па сутнасці, занятасць насельніцтва становіцца адным з важнейшых крытэрыяў ацэнкі работы мясцовай улады. Другая - стымуляваць да занятасці праз "рубель".

- Калі мы гаворым пра першую задачу, то якім чынам яна будзе выконвацца?

- Асноўныя рашэнні па паляпшэнні і лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу прыняты ўжо. У краіне сістэмна разгорнута работа па стварэнні новых рабочых месцаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, у 2017 годзе на новыя рабочыя месцы былі працаўладкаваны 70 тыс. грамадзян. Задача 2018 года - тэмпы не зніжаць. Акрамя агульнаэканамічных мер неабходна сканцэнтраваць намаганні і на аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні кожнаму чалавеку. У мінулым годзе работа па аказанні грамадзянам садзейнічання ў працаўладкаванні была выбудавана ў новым фармаце. Да работы мясцовых органаў улады па вырашэнні праблем занятасці насельніцтва актыўна падключыліся дэпутаты ўсіх узроўняў.

Дэкрэтам прадугледжана стварэнне камісій пры мясцовых органах улады, у склад якіх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты, прадстаўнікі ЖКГ, МУС, а таксама могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. За гэтымі камісіямі замацоўваецца асноўная адказнасць за работу на месцах. Яны абавязаны будуць забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага, хто звярнуўся за дапамогай або трапіў у няпростую сітуацыю.

Практыка паказала, што нам трэба працаваць актыўней, больш настойліва прапаноўваць свае паслугі па працаўладкаванні, праяўляць ініцыятыву.

- Галоўная роля ў вырашэнні пытанняў занятасці насельніцтва адводзіцца мясцовым органам улады. Якія менавіта функцыі на іх ускладзены?

- Занятасць насельніцтва - гэта ў першую чаргу сфера адказнасці канкрэтнага рэгіёна, і хто, як не мясцовыя органы ўлады, бачаць сітуацыю, валодаюць усёй інфармацыяй, для таго каб вырашаць існуючыя пытанні. Таму дэкрэтам на мясцовыя органы ўлады ўскладзена рэалізацыя канкрэтных мер па забеспячэнні занятасці насельніцтва, у тым ліку стварэнне рабочых месцаў, садзейнічанне ў працаўладкаванні, перанавучанне, прадастаўленне часовай работы. Ацэнка іх дзейнасці на ўсіх узроўнях будзе ажыццяўляцца штоквартальна. Пры гэтым дэкрэтам вызначана, што правядзенне эфектыўнай палітыкі садзейнічання занятасці насельніцтва, стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці стануць аднымі з асноўных паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

- У дэкрэце з'яўляецца новае паняцце "тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы". Што яно азначае і чаму было прынята рашэнне выдзеліць асобныя рэгіёны?

- Сапраўды, ураду даручаецца штогод зацвярджаць пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Нягледзячы на паляпшэнне сітуацыі ў цэлым па краіне, рэгіянальныя рынкі працы характарызуюцца значнай дыферэнцыяцыяй па паказчыках беспрацоўя і яго працягласці, тэрытарыяльнымі дыспрапорцыямі попыту і прапанавання рабочай сілы.

І калі раней пры вызначэнні раёнаў з высокім узроўнем напружанасці мы ўлічвалі толькі суадносіны зарэгістраваных беспрацоўных і колькасць вакансій, то цяпер прапануем улічваць і шэраг эканамічных паказчыкаў: напрыклад, суадносіны прынятых і звольненых работнікаў, маштабы вымушанай няпоўнай занятасці. Вызначэнне пераліку такіх тэрыторый дасць магчымасць абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў дадаткова накіроўваць сродкі адпаведных мясцовых бюджэтаў на вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва менавіта ў гэтыя раёны.

- Вы гаварылі аб стымуляванні занятасці праз "рубель". Што тут маецца на ўвазе?

- Перш за ўсё, хачу адзначыць, што ў рэспубліцы ёсць пэўная катэгорыя працаздольных грамадзян, якія не працуюць і не зацікаўлены ў пошуку работы. Магчыма, частка з іх - гэта грамадзяне, занятыя ў ценявым бізнесе. Таму неабходна фарміраванне ўмоў, пры якіх грамадзянін будзе сам зацікаўлены ў працаўладкаванні.

Дэкрэтам прадугледжана, што працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, будуць аплачваць паслугі па цэнах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Такая норма пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года. Што датычыцца непасрэдна саміх паслуг, то іх пералік і парадак разліку будзе вызначаны ўрадам да 1 красавіка бягучага года.

Такім чынам, у чалавека ёсць практычна год, каб вызначыць свой статус і, пры жаданні, змяніць яго.

- Хто будзе вызначаць, што канкрэтны грамадзянін павінен аплаціць паслугу па поўным кошце?

- Дэкрэтам прадугледжана стварэнне і вядзенне ў рэспубліцы базы даных працаздольных грамадзян у працаздольным узросце, не занятых у эканоміцы. У бліжэйшы час урад вызначыць парадак яе фарміравання і вядзення. Прадугледжваецца, што механізм фарміравання будзе двухузроўневым. На першым этапе на рэспубліканскім узроўні будзе фарміравацца асноўная база даных на аснове рэспубліканскіх інфармацыйных рэсурсаў. Другі этап, мясцовы ўзровень - карэкціроўка асноўнай базы мясцовымі органамі з улікам існуючых у іх інфармацыйных рэсурсаў і іншай інфармацыі.

Звесткі з базы даных будуць выкарыстоўвацца на месцах у першую чаргу для аказання садзейнічання непрацуючым грамадзянам у працаўладкаванні. Па выніках гэтай работы мясцовыя органы і будуць вырашаць пытанне аб прадастаўленні канкрэтнаму чалавеку паслуг з пакрыццём затрат.

- Якія катэгорыі грамадзян будуць адносіцца да не занятых у эканоміцы?

- Урад у месячны тэрмін вызначыць пералік катэгорый грамадзян, якія адносяцца да не занятых у эканоміцы.

Хачу падкрэсліць, дэкрэт перш за ўсё накіраваны на абарону правоў нашых грамадзян, якія добрасумленна хочуць працаваць, і дапаможа забяспечыць справядлівасць як базавы прынцып сацыяльнай палітыкі.

Лабовіч: задача мясцовых органаў улады пры рэалізацыі дэкрэта нумар 1 - дайсці да кожнага чалавека

Задача мясцовых органаў улады пры рэалізацыі дэкрэта нумар 1 - дайсці да кожнага чалавека, разгледзець яго сітуацыю з працаўладкаваннем і дапамагчы, сфарміраваўшы спісы не занятых у эканоміцы грамадзян на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і з індывідуальным падыходам. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

"Рэспубліканская база не занятых у эканоміцы будзе фарміравацца на аснове існуючых рэсурсаў дзяржорганаў і выкарыстоўвацца мясцовымі органамі ўлады для канкрэтнай выверкі спісаў грамадзян, якія будуць лічыцца не занятымі ў эканоміцы. Грамадзяне аб гэтым даведаюцца ад мясцовых органаў улады, задача якіх - дайсці да кожнага грамадзяніна, які патэнцыяльна можа трапіць у гэтыя спісы, і аказаць садзейнічанне, прапанаваць свае паслугі па працаўладкаванні, перанавучанні і іншых формах эфектыўнай палітыкі садзейнічання занятасці", - адзначыў Андрэй Лабовіч.

Пры гэтым кожны грамадзянін, калі будуць фарміравацца спісы, можа звярнуцца ў камісію або адміністрацыю раёна, у Мінгарвыканкам і заявіць аб тым, што яму патрэбна работа, у яго цяжкая жыццёвая сітуацыя. Гэта могуць зрабіць і члены яго сям'і.

У Беларусі ўдасканаляць падыходы да садзейнічання ў працаўладкаванні - Мінпрацы

"Цяпер дзейнічае заяўны прынцып - калі чалавек прыйшоў у адпаведную службу, яму аказваецца паслуга па садзейнічанні ў працаўладкаванні. У гэтым дэкрэце мы пераходзім на іншы ўзровень у аказанні садзейнічання  занятасці. Мы будзем выяўляць гэтых грамадзян, самі ісці да іх і прапаноўваць свае паслугі", - адзначыў Андрэй Лабовіч.

Ключавая роля ў рэалізацыі адводзіцца мясцовым органам улады, яны будуць ствараць умовы, каб у чалавека была магчымасць для працаўладкавання.

Паводле слоў першага намесніка міністра, у другім паўгоддзі 2018 года ў тэставым рэжыме будзе праведзена апрабацыя ўзаемадзеяння ўсіх органаў улады як на рэспубліканскім, так і на мясцовым узроўні па фарміраванні базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Пытанне аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі пакуль не разглядаецца - Мінпрацы

"У мінулым годзе ўрадам прапрацоўваліся і былі ўнесены прапановы па ўкараненні сістэмы страхавання ад беспрацоўя, па павелічэнні памеру дапамогі, але на гэтым этапе пакуль такія меры дачасныя. Цяпер пытанне аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі ўрадам не разглядаецца", - растлумачыў Андрэй Лабовіч.

Таму дэкрэтам нумар 1 і прапанавана двухузроўневая сістэма разгляду пры фарміраванні баз незанятых у эканоміцы, дадаў першы намеснік міністра. Мясцовыя органы ўлады прааналізуюць сітуацыю кожнага чалавека, высветляць яго сацыяльны статус, і толькі пасля адпрацоўкі на месцах будуць фарміравацца спісы на аснове рашэнняў мясцовых органаў улады.

Прынцып сацыяльнай справядлівасці пакладзены ў аснову дэкрэта нумар 1 - Лабовіч

"Дэкрэтам нумар 1 прадугледжваецца рэалізацыя ўрадам і мясцовымі органамі ўлады мер па садзейнічанні занятасці насельніцтва з акцэнтам на ўзмацненні ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у вырашэнні гэтых пытанняў. Дэкрэт нацэлены на максімальнае садзейнічанне ў працаўладкаванні, забеспячэнні легальнай занятасці людзей і заснаваны на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і ўдзелу ўсіх грамадзян у жыцці грамадства і краіны", - падкрэсліў Андрэй Лабовіч.

Работа мясцовых органаў улады будзе сканцэнтравана на мерах па рэалізацыі актыўнай палітыкі занятасці, прымяненні індывідуальнага падыходу пры аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам, якія не могуць канкурыраваць як роўныя на рынку працы.

Прынцыпова новым у вырашэнні праблем занятасці насельніцтва стане штогадовае вызначэнне ўрадам пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Гэта дасць магчымасць адрасна вырашаць пытанні занятасці насельніцтва ў асобных раёнах або гарадах Беларусі. На такіх тэрыторыях абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

"Таксама будуць устанаўлівацца паквартальныя значэнні ў сферы прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях. Маніторынг выканання ўладай гэтых заданняў дасць магчымасць кантраляваць сітуацыю на рынку працы рэспублікі і рэгіёнаў і аператыўна прымаць рашэнні па яе рэгуляванні", - дадаў Андрэй Лабовіч.

Камісіі па садзейнічанні ў працаўладкаванні нацэлены на дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі - дэпутат

Камісіі па садзейнічанні ў працаўладкаванні будуць нацэлены на дапамогу тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, паведаміла журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская.

"Камісіі ствараюцца не толькі для садзейнічання занятасці, аказання дапамогі ў працаўладкаванні, але і каб убачыць, у якой сёння сітуацыі знаходзіцца сям'я, падключыць да вырашэння праблем іншыя органы, такім чынам, гэта комплекснае пытанне. Складаныя сітуацыі, у якіх аказваюцца людзі, абавязкова будуць разглядацца створанымі камісіямі. Прычым заявы можа пакінуць не толькі той чалавек, у дачыненні да якога разглядаецца канкрэтная жыццёвая сітуацыя, але і члены яго сям'і", - расказала Тамара Красоўская. Яна растлумачыла, што вырашэннем такіх пытанняў дэпутаты займаліся і ў час работы ў сваіх выбарчых акругах.

Калі чалавек трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю (напрыклад, у сувязі з хваробай блізкага чалавека і неабходнасцю догляду яго, у іншых выпадках), камісія будзе прымаць рашэнне, каб чалавек не лічыўся ў спісах не занятых у эканоміцы. "Ключавое слова ў прынятым дакуменце - чалавечы падыход да вырашэння ўсіх праблем", - падкрэсліла Тамара Красоўская.

Адказваючы на пытанне, якія паслугі прапаноўвалася ўключыць у спіс паслуг, што будуць аплачвацца працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы, па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне, дэпутат расказала, што пры абмеркаванні ішла размова толькі аб жыллёва-камунальных паслугах. "Сёння дачасна гаварыць, якім будзе пералік паслуг. Рашэнне прыме ўрад. Мы папрацуем у рэгіёнах, будзем раіцца з людзьмі", - дадала яна.

Акцэнт на садзейнічанне занятасці і самазанятасці сельскага насельніцтва - важны элемент дэкрэта нумар 1

Тамара Красоўская адзначыла адну з важных навацый - вызначэнне тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. "Працуючы ў выбарчых акругах, мы ўбачылі, што не ва ўсіх рэгіёнах сёння сітуацыя працы спрыяльная. А трэба клапаціцца і пра сельскіх жыхароў, - падкрэсліла яна. - Тыя вёскі, якія аддалены ад райцэнтраў, дзе закрываюцца школы, клубы, змяншаецца колькасць жыхароў, сутыкаюцца з праблемай працаўладкавання асабліва востра. Менавіта там органам выканаўчай улады трэба асабліва клапаціцца пра людзей, каб ствараліся новыя рабочыя месцы. Гэта важна. Каб людзей, у кантэксце новых указаў, прыцягвалі да заняцця індывідуальнай дзейнасцю".

Важна прымяняць усе формы садзейнічання занятасці і самазанятасці, падкрэсліла Тамара Красоўская. Каб людзі маглі зарабляць дастойную зарплату, трэба стварыць умовы. Дэкрэтам вызначана не толькі адказнасць мясцовых органаў улады за гэту работу, але і некаторыя дадатковыя механізмы, у прыватнасці, магчымасць для Саветаў дэпутатаў дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

Лібералізацыя ўмоў вядзення бізнесу стварае добрыя ўмовы для занятасці насельніцтва - дэпутат

У Беларусі ў 2017 годзе быў прыняты шэраг дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу, ключавым з якіх стаў дэкрэт нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". "Прыняцце гэтых дакументаў неабходна было для разняволення дзелавой актыўнасці, каб бізнесу даць свабоду. Гэтыя дакументы ўжо адыгралі сваю ролю", - адзначыла Тамара Красоўская і прывяла ў прыклад Барысаўскі раён Мінскай вобласці, дзе былі праблемы з працаўладкаваннем, а сёння сітуацыя выпраўляецца. Паводле яе слоў, многія людзі ўжо ацанілі магчымасці прынятых дакументаў і вырашылі стварыць сваю справу, зарэгістравацца ў якасці ІП.

Таму прыняцце дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу і дэкрэта нумар 1 у комплексе дадуць добры вынік для садзейнічання занятасці насельніцтва, цяпер справа за мясцовымі органамі ўлады, дадала дэпутат.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий