Меры ўрада павінны забяспечыць устойлівае развіццё — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Меры ўрада павінны забяспечыць устойлівае развіццё

17 февраля 2016 - Administrator
article2261.jpg

Лукашэнка ўраду: рэзаць па-жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы, нікому не дазволена

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не мае намеру адыходзіць ад абяцанняў, дадзеных у час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Аб гэтым ён заявіў 16 лютага на нарадзе аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу.

"Я ўжо не раз падкрэсліваў, што нам трэба прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў час перадвыбарнай кампаніі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

"Некаторыя ва ўрадзе думаюць так: выбары скончыліся, Прэзідэнта выбралі, так, ён нешта абяцаў. Дык вось, за 20 гадоў я ніколі не адхіліўся ад таго, што абяцаў людзям! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа".

"Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землетрасенне, што мы павінны віляць, змяняючы пастаянна курс? Так, змяніліся ўмовы. Так, крыху будзе складаней, - адзначыў Прэзідэнт. - Але рэзаць па-жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэней у палавіны насельніцтва, нікому не дазволена! З гэтага зыходзьце!"

 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пасля нядаўняй нарады аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі даў даручэнні распрацаваць меры па павышэнні яе эфектыўнасці і пераадоленні негатыўных тэндэнцый, якія сёння складваюцца па прычыне як знешняга, так і ўнутранага парадку. Прэзідэнт таксама выказаў крайнюю незадаволенасць работай кіраўніцтва ўрада. Пасля гэтага ўрад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы цэлы пакет праектаў прававых актаў, у якіх прадугледжваюцца канкрэтныя крокі для вырашэння існуючых праблем. Прэзідэнт адзначыў, што сёння іх трэба ўсебакова разгледзець і аб'ектыўна ацаніць. Менавіта таму на нараду запрошана больш шырокае кола прадстаўнікоў органаў улады, тых людзей, якія будуць выконваць прынятыя па выніках цяперашняга абмеркавання рашэнні.

 

"Нам трэба ацаніць, наколькі дзейснымі будуць прапануемыя меры, ці змогуць яны змяніць сітуацыю ў эканоміцы ў цяперашніх няпростых умовах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Пры гэтым хачу падкрэсліць: усялякія размовы, прабачце мне, якія ператварыліся ў балбатню, наконт нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Змяніліся ўмовы, па асобных напрамках змяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І не толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

"Больш таго, і сітуацыя ў нас іншая. Асабліва пасля ўчарашняга прыняцця Еўрасаюзам адпаведных рашэнняў", - дадаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прадстаўленыя яму на разгляд дакументы закранаюць важнейшыя сферы эканомікі і жыцця людзей.

"І мне вашы рэформы зусім не патрэбны, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства - вось што патрэбна. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада. Ён нагадаў, што ў Беларусі за 20 гадоў пабудавалі дзяржаву, стварыўшы ўсё неабходнае для жыцця людзей.

 

"Таму спыніце гэту балбатню! - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - Прадаўжайце ўдасканальваць матэрыяльную вытворчасць, і самае галоўнае - стварыўшы прадукт, прадайце яго! Вось і ўсе рэформы!"

"Калі вы гэта зробіце, мы паглядзім, на якім узроўні будзем знаходзіцца і ў якіх умовах працаваць. Можа, гэта размова наогул знікне аб нейкіх рэформах", - дадаў Прэзідэнт.

"Але рэформы, якія ідуць уразрэз з тым курсам, які мы з вамі разам абяцалі народу, непрымальныя! Гэта галоўны крытэрый, як бы ні было складана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

"Галоўнае - гэта чалавек. Таму рашэнні, якія мы прымем па выніках абмеркавання, не павінны негатыўна паўплываць на сацыяльную сферу", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

"Я ўжо вам адкрыта гаварыў, па-чалавечы, што калі мы ўзарвём сітуацыю ў краіне, вось гэтай стабільнасці, спакою... Вы ж паглядзіце, што вакол робіцца! Няўжо вы гэтага не бачыце? І, калі мы ў рад станем з тымі, хто ўзарваў гэту сітуацыю ў краіне, дэстабілізуем яе, нам спатрэбіцца ў 10 разоў больш грошай, каб выруліць з той сітуацыі", - лічыць беларускі лідар.

 

Лукашэнка: міністры і дырэктары прадпрыемстваў праяўляюць пасіўнасць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракае міністраў і дырэктарскі корпус прадпрыемстваў у пасіўнасці. Такую ацэнку іх рабоце ён даў на нарадзе.

"Шэраг службовых асоб аказаліся непадрыхтаванымі для кіраўніцтва ў сучасных умовах. Таму няма і належнага эфекту", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

 

"Нейкая, быццам бы, боязь прыняцця самастойных рашэнняў стала агульнай заганнай практыкай. Хоць я ў гэта не веру. Ніхто нікому не перашкаджае прымаць рашэнні. Зноў балбатня! Хто перашкаджае кіраўніку прыняць рашэнне вырабляць у большым аб'ёме якасную прадукцыю? Хто? Ніхто! Хто гэтаму кіраўніку прадпрыемства перашкаджае прадаць гэту якасную прадукцыю па максімальна выгаднай і высокай цане? Ніхто! Але калі гэты кіраўнік спіхнуў прадукцыю на рынкі і не атрымаў грошы, вядома, з яго прыйдуць і спытаюць! Гэта маё жорсткае патрабаванне. А як вы хацелі б?" - сказаў Прэзідэнт.

 

"Вось і ўся боязь. А калі нехта баіцца - гэта жулік, тыповы жулік, які не прымае рашэнні, таму што, відаць, не бачыць выгады для сябе. Або малахольны, маладушны чалавек і яму не месца ў кіруючым корпусе. Таму давайце скончым гэтыя размовы пра боязь прымаць рашэнні. Прымайце! Нават калі вы памыліцеся, не на ўласную кішэню, вам заўсёды будзе даравана. За памылкі не караюць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на да гэтага часу распаўсюджаную практыку розных нарад і ўзгадненняў, якія, на яго думку, азначаюць "перакладванне адказнасці". "Гэтаму павінен быць пакладзены канец!" - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

Прэзідэнт запатрабаваў выразнага раздзялення паўнамоцтваў і павышэння адказнасці на ўсіх узроўнях.

 

"Міністры і дырэктарскі корпус прадпрыемстваў праяўляюць адкрытую пасіўнасць! Напэўна, думаюць, што нехта прыйдзе і за іх вырашыць пытанне. Нічога падобнага! І іншых умоў і распараджэнняў не будзе!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівы папрок Аляксандр Лукашэнка выказаў у адрас органаў мясцовага кіравання, у прыватнасці старшынь аблвыканкамаў, за недастатковую работу па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў і "абсалютную некіруемасць і адсутнасць усялякага задзейнічання старшынь гар- і райвыканкамаў".

"У нас гэта звяно, мне здаецца, і я як Прэзідэнт гэта бачу, па-сапраўднаму ні за што не адказвае! Мы таксама дамовіліся з прэм'ер-міністрам: трэба загрузіць гэта звяно, якое непасрэдна звязана з людзьмі, якое непасрэдна працуе на прадпрыемствах, прытым загрузіць канкрэтнымі паказчыкамі, якія яны павінны дасягнуць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: ЕС прыняў рашэнне, якое нас абсалютна задавольвае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу пракаменціраваў прынятае напярэдадні Саветам Еўрасаюза рашэнне аб адмене большасці санкцый адносна беларускага боку.

 

"Міністру замежных спраў трэба падзякаваць сваім калегам за прыняцце такога рашэння. Еўрасаюзаўцы - малайцы, яны зразумелі, што ёсць момант і своечасова трэба адысці ад гэтага блокавага мыслення і процістаяння з Беларуссю. Яны прынялі рашэнне, якое нас абсалютна задавольвае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду актывізаваць работу з рознымі банкаўскімі структурамі ЕС, а таксама з патэнцыяльнымі інвестарамі. "Мы адкрыты для гэтага", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

 

Лукашэнка: Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з МВФ, але яны павінны чуць і наш голас

"Мы павінны з імі працаваць. Яны прапануюць нам разумныя рашэнні. Але не трэба ўгоднічаць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Інтарэсы народа - перш за ўсё. Мы ні пад каго не павінны прагінацца. Калі МВФ хоча з намі супрацоўнічаць, мы адкрыты, але яны павінны чуць і наш голас. Калі яны гэтага не хочуць, ну што ж, мы пачакаем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Расія дапаможа Беларусі з рэфінансаваннем і пазыкай праз ЕАБР

"Расіяне, пры ўсёй складанасці, вуснамі і прэм'ера, і Прэзідэнта Расіі, з якімі я двойчы сустракаўся за тыдзень, адкрыта сказалі: у нас няма іншага выйсця, як падтрымліваць Беларусь, таму што нашы там інтарэсы, мы шмат у чым залежым ад Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вазьміце, напрыклад, апошнія падзеі, калі заблакіраванымі аказаліся велікагрузныя аўтамабілі на граніцы і па тэрыторыі Украіны, ды і іншых краін", - дадаў ён.

 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што былі праведзены сур'ёзныя перагаворы з вышэйшым кіраўніцтвам Расіі. Спачатку адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў дзвюх краін, затым у Санкт-Пецярбургу прайшлі перагаворы прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі, а пасля - сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым і Уладзімірам Пуціным.

"Сітуацыя няпростая, але не смяртэльная. І яны гавораць: так, не смяртэльная ні ў вас, ні ў нас. Але мы бачым нейкія разрывы ў фінансаванні і гэтак далей, мы дапаможам, у плане рэфінансавання і пазыкі праз Еўразійскі банк развіцця", - адзначыў беларускі лідар.

"Пазітыўны, нармальны трэнд на тое, каб мы разам, узяўшыся за рукі, выходзілі з гэтай складанай сітуацыі. І мы выйдзем з яе, не такія былі часы", - падагульніў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура, запатрабаваўшы далажыць, у якой меры прапановы па фінансавай стабілізацыі, выпрацаваныя Нацбанкам, улічваюць патрэбы рэальнага сектара эканомікі, якія перспектывы супрацоўніцтва з МВФ і на ўсходнім напрамку з Расійскай Федэрацыяй, "якая заўсёды нас падтрымлівала і падтрымлівае".

 

Прэзідэнт Беларусі патрабуе зніжэння сабекошту прадукцыі на 25 працэнтаў

"Важныя павышэнне якасці тавараў і паслуг, зніжэнне іх сабекошту, стрымліванне інфляцыі, збалансаванасць бюджэту. Слухайце, колькі можна аб гэтым гаварыць?!" - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных.

"У нас што, няма магчымасці сабекошт скараціць на 25 працэнтаў? Вы ж паглядзіце: мы ў 10 разоў адстаём ад Заходняй Еўропы, маючы лепшыя цэны на сыравіну і энерганосьбіты!" - сказаў Прэзідэнт.

"Канкрэтная лічба: зніжэнне сабекошту на 25 працэнтаў, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - І гэту лічбу зніжэння не ўдасца нікому нарысаваць. Пойдзеце пад суд, калі паспрабуеце гэта зрабіць!"

 

Прэзідэнт запатрабаваў таксама шукаць дадатковыя рэзервы эканамічнага росту і іх эфектыўнага выкарыстання.

"Іх - мноства! Мы ідзём і спатыкаемся аб гэтыя рэзервы! Як на рэспубліканскім, галіновым, так і на рэгіянальным і мясцовых узроўнях гэтыя рэзервы трэба рэалізаваць!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя на практыцы рэзерваў эканамічнага росту магчыма толькі ва ўмовах ініцыятыўнай і эфектыўнай работы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцця вертыкаллю ўлады рашучых і сістэмных мер. "На жаль, цяпер не ўсе кіруючыя кадры нацэлены на атрыманне выніку. Некаторыя ўвесь час чакаюць дзяржпадтрымкі - і фінансавай, і арганізацыйнай. Не чакайце нічога, зыходзьце з уласных магчымасцей! Будзе магчымасць - нешта вам дабавяць, гэта будзе звыш таго. Але ніхто не будзе за вас працаваць!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт адзначыў, што асноўныя напрамкі работы зразумелыя даўно: гэта экспарт, рацыянальнае імпартазамяшчэнне. "Інакш кажучы, ненармальна, калі мы ўнутраны рынак запаланілі імпартам і нават па тых пазіцыях, якія вырабляем у сябе ў краіне. Такім чынам, мы на водкуп камусьці аддалі ўнутраны рынак і гераічна змагаемся за гэтыя тры, пяць мільярдаў, якія аддалі на знешніх рынках. Хіба гэта нармальна?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях развіцця малога і сярэдняга бізнесу. На думку кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу размова павінна ісці аб рэалізацыі праектаў, якія прыносяць грошы. "Якія яшчэ могуць быць размовы аб малым, сярэднім і іншым бізнесе? Трэба даставаць праекты і пачынаць працаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

"Што значыць развіваць малы і сярэдні бізнес? Мы каму-небудзь перашкаджаем развіваць яго? Ды ў нас самыя дэмакратычныя формы рэгістрацыі гэтага бізнесу, калі ласка, прыйшоў, зарэгістраваўся за адзін дзень - ідзі заўтра працуй, - сказаў Прэзідэнт. - Галоўнае - дапамагчы, калі нехта просіць, калі нехта можа займацца гэтым бізнесам, дапамагчы яму, даць нейкую стартавую капейку, мы ж прынялі ў гэтым напрамку рашэнні". "І я не думаю, што банкіры тут не дапамагаюць і ў нас няма чым дапамагчы", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні занятасці.

"Дайце чалавеку работу, як я ўжо гаварыў, і запатрабуйце з яго за гэту работу, каб ён усё дакладна выконваў. Але ў нас кульгае першая частка. Мы не можам чалавеку прадаставіць работу. І няпраўда, што нашы людзі не ўмеюць або не хочуць працаваць. У пераважнай большасці людзі ўмеюць і хочуць працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

 

"Больш таго, мы дамовіліся, што павінны ў гэтым годзе стварыць 50 тыс. рабочых месц. Распісалі заданні ўсім. Якія яшчэ канкрэтна патрэбны вам задачы?! 50 тыс. рабочых месц, пачынаючы ад мясцовых органаў улады да ўрада. Усім распісана, колькі і дзе, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Галоўнае - каб чалавек быў заняты, каб ён ведаў, куды яму ісці раніцай і адкуль вяртацца ў сям'ю вечарам з заробленым рублём. Вось што сёння галоўнае. Вось і ўся рэформа!"

 

Лукашэнка выступае за разумную аптымізацыю дзяржапарату ў самыя кароткія тэрміны

Прэзідэнт адзначыў, што неабходна ў самыя кароткія тэрміны выканаць работу па аптымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання, іх функцый і паўнамоцтваў. Прычым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, зрабіць гэта трэба нікога не крыўдзячы.

Астатнія дзяржслужачыя павінны атрымліваць дастойную зарплату, несучы пры гэтым адказнасць за рашэнні, якія прымаюцца ў сваёй сферы. "Тады будзе толк", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад таго, каб скарачэнне колькасці дзяржапарату праводзілася, што называецца, агулам. Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе аб аптымізацыі дзейнасці і функцыянавання структур улады, а гэта больш шырокае паняцце. "Тут толькі колькасцю не абыдзешся. Да ўсяго трэба падыходзіць разумна", - падкрэсліў ён.

 

Лукашэнка даручыў ураду на працягу тыдня дапрацаваць прапановы па вырашэнні праблем у эканоміцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду на працягу тыдня дапрацаваць пакет праектаў прававых актаў, якія прадугледжваюць канкрэтныя крокі для вырашэння існуючых праблем у эканоміцы, і прадставіць яму на разгляд. Такую задачу ён паставіў па выніках нарады.

"Вы не забывайце, што па прынятых нарматыўных актах трэба будзе працаваць ужо ў бліжэйшы час і вынік павінен быць адчувальны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што гэта апошняя нарада ў такім фармаце, далей - трэба дзейнічаць.

 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўрад сам настаяў на разглядзе на ўзроўні кіраўніка дзяржавы плана дзеянняў на бліжэйшую перспектыву. "Хочаце нейкі план - давайце разгледзім разам. Мяне цікавіць, наколькі ён зможа забяспечыць устойлівае развіццё краіны і баланс інтарэсаў грамадства і дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ раз паўтараю: першы квартал пройдзе - ацэнім, як усе мы ўпіраліся, вырашаючы гэтыя задачы. Першае паўгоддзе пройдзе - будзе другая і, магчыма, канчатковая ацэнка для тых службовых асоб, якія павінны вырашаць гэтыя пытанні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

 

"Прыйшлі, сталі пад ружжо - дзейнічайце! Толькі наперад, ніякага тармажэння! Калі не ведаеце, што рабіць, - выязджайце да людзей, выязджайце на вытворчасць. Нават калі не вырашыце пытанне, лягчэй дыхаць будзе самім. Вам людзі падкажуць, што рабіць. Калі вы будзеце гэтым заняты, калі вы вылезеце з цёплых кабінетаў, пойдзеце да людзей, вам дакладна лягчэй будзе працаваць, а можа, вы і знойдзеце вырашэнне тых складаных пытанняў, якое мы пастаянна шукаем", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

 Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий