Паездка Прэзідэнта ў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС рэгіёны — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Паездка Прэзідэнта ў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС рэгіёны

27 апреля 2016 - Александра Джежора
article2411.jpg

26 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць, у ходзе якой азнаёміўся з развіццём раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Ельскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў адно з сельгаспрадпрыемстваў, дзе Прэзідэнту даложаць аб вытворча-эканамічным развіцці рэгіёна, завяршальным этапе вясенніх палявых работ, рабоце па стварэнні трывалай кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі.

 

У аграгарадку Дабрынь Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з мерамі, што прымаюцца па стварэнні ўмоў для камфортнага пражывання насельніцтва ў сельскай мясцовасці і раёнах, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. У цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання, газіфікацыі пацярпелых раёнаў.

Лукашэнка: Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы па шляху рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый

Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі стаў Прэзідэнтам Беларусі, перад ім стаяў сур'ёзны выбар, што рабіць адносна пацярпелых тэрыторый. "Людзі былі напалоханы. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта - наша зямля і яе трэба адраджаць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вынік сёння відавочны. Можна шчыра і адкрыта сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны ўдар ад аварыі на ЧАЭС прыняла на сябе менавіта Беларусь.

За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмныя.

Вынік бачны на прыкладзе Ельскага раёна, які наведаў Прэзідэнт. "Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы ўзворваюць, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Вазьміце Дабрынь (аграгарадок, дзе пабываў Аляксандр Лукашэнка. - Заўвага БЕЛТА): 50 чалавек у дзіцячым садзе, яшчэ столькі ж гатовы ў хуткім часе туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё".

"Гэта значыць, мы зрабілі нямала і прынялі правільнае рашэнне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і складанасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забылі трагедыю, што адбылася".

Гаворачы аб дасягненнях у рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэту работу варта было пачаць значна раней, яшчэ ў часы існавання СССР. "Але тады быў страчаны час. Прыкладна 10-15 гадоў змарнавалі ў разважаннях і спрэчках. Калі б можна было вярнуць час назад, трэба было б пачынаць гэта раней. Але і так зроблена нямала, сваімі рукамі", - сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: беларускі народ праявіў сапраўдны гераізм, пераадольваючы наступствы чарнобыльскай катастрофы

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на фінальным канцэрце творчага марафону "Адраджэнне" ў Ельску, прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

"Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаны адначасова з вырашэннем задач па аднаўленні кіруемасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароне людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знатакоў гаварылі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадракалі хаос і выраджэнне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз бывала ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы з'яднацца і таму выстаяў".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрон, нанесены эканоміцы краіны чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца прыкладна $235 млрд. Да сённяшняга дня расходы Беларусі на пераадоленне наступстваў аварыі перавысілі $22 млрд. Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, у гэту суму ўвайшлі не ўсе падлікі, затрачаныя чалавечыя рэсурсы, таму канчатковая лічба можа перавысіць $30 млрд.

"Дапамога міжнароднай супольнасці была і застаецца вельмі нязначнай - каля 1-2 працэнтаў ад нашых унутраных расходаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Зразумела, крыўдна, што Захад многія гады націскаў на нас санкцыямі, фінансаваў нашу апазіцыю замест таго, каб аказаць нам важкую падтрымку. Гэта было б у духу тых самых агульначалавечых каштоўнасцей і гуманізму, якія ён так старанна адстойвае. Тым больш што беларусы сталі заложнікамі катастрофы, якая здарылася не па іх віне".

З-за радыеактыўнага забруджвання давялося агарадзіць вялікія зоны, куды ўваход забаронены. Амаль 140 тыс. чалавек былі пераселены ў іншыя месцы. З абароту выведзена 264 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, пацярпела больш як чвэрць ляснога фонду Беларусі. "Дзякуй богу, у нас хапіла мудрасці і вытрымкі, каб не паддацца паніцы. Інакш цяпер вялікая частка тэрыторыі краіны ўяўляла б сабой вартае жалю відовішча запусцення і вымірання", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што чарнобыльская катастрофа стала агульным болем для трох брацкіх краін - Беларусі, Украіны і Расіі, прадстаўнікі якіх сабраліся сёння ў Ельску на фінальным канцэрце творчага марафону "Адраджэнне". "Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб'яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену "чорнай былі" для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпынена, але не ліквідавана на ўсходзе Украіны", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: рэгіёны, якія зведалі радыяцыйную атаку, удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці

"Тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Праблемныя рэгіёны нам удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння толькі ў пацярпелых раёнах Гомельскай вобласці дзейнічаюць больш за 2 тыс. прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. А 20-36 працэнтаў паступленняў у бюджэт гэтых раёнаў фарміруюць менавіта прыватныя структуры.

Дэмаграфічная сітуацыя ў чарнобыльскіх раёнах стала лепшай, нараджальнасць няўхільна расце, а смяротнасць зніжаецца.

"Як мне сказаў сёння губернатар Гомельшчыны Уладзімір Дворнік, на 2-3 працэнты прырост нараджальнасці тут (у пацярпелых рэгіёнах. - Заўвага БЕЛТА) вышэйшы, чым у вобласці. Значыць, можна тут жыць. Значыць, людзі вырашылі тут жыць. Мы ж сілай нікога не ўтрымліваем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па мэтавых дзяржпраграмах у пацярпелых раёнах праведзена сістэмная работа па дэзактывацыі, узведзена мноства ачышчальных збудаванняў, пракладзены тысячы кіламетраў газаправодаў, водаправодных сетак і каналізацыі, сучасных дарог. Акрамя таго, пабудавана амаль 100 тыс. дамоў і кватэр, каля 500 аб'ектаў сацыяльнага прызначэння: школ, дзіцячых садоў, медцэнтраў, спартыўных збудаванняў. "У гэтай пяцігодцы мы поўнасцю газіфікуем раённыя цэнтры і аграгарадкі, а таксама буйныя населеныя пункты, якія маюць перспектыву развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вельмі важна, на думку Прэзідэнта, і тое, што не забыта духоўная сфера. У старажытных самабытных гарадах і вёсках беражліва захоўваюцца культурныя традыцыі, унікальныя абрады і народныя рамёствы.

"Цяпер мы ўжо ставім задачу не проста адрадзіць абпаленыя Чарнобылем рэгіёны, а забяспечыць іх далейшае развіццё. Пры гэтым не маем намеру адступаць ад той палітыкі, што праводзілі да гэтага часу ў адносінах да людзей, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях. У мінулай пяцігодцы мной было прынята рашэнне аб перадачы ўсіх "чарнобыльскіх" грошай на месцы ў распараджэнне мясцовых органаў улады і людзей", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што такое ж рашэнне прынята і на бягучую пяцігодку, каб улада на месцах разам з народам сама думала, куды ўкладваць гэтыя сродкі: у газіфікацыю, будаўніцтва дарог або добраўпарадкаванне.

Лукашэнка: Усебеларускі народны сход разгледзіць рэалістычную праграму на пяцігоддзе без манілаўшчыны

Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

"Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай. Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага - мадэрнізацыя, якую мы правялі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі мадэрнізацыя закранула не толькі такія галіны, як сельская гаспадарка або дрэваапрацоўка, але вялікія сродкі за мінулыя гады ўкладзены ў прамысловасць.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з'явам абавязкова прыйдзе рост.

"Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача - мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходны больш маштабны падыход у ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта не адна, а ўжо некалькі пяцігадовых перыядаў. "Мы больш за ўсё гаворым, што крызіс, але забываем сказаць, што зроблена за гэты час. А зроблена нямала. І, грунтуючыся на гэтым, нам трэба зрабіць значны рывок", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адказваючы на існуючае меркаванне, што ад правядзення Усебеларускага народнага сходу варта было б адмовіцца ў складаны час, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У такі час людзям патрэбны арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі".

"Праграму мы робім рэалістычную. Яна для таго і робіцца, каб быць рэалістычнай і паказаць шляхі выхаду з існуючага становішча і напрамкі руху наперад", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Прэзідэнт: трэба рыхтавацца да таго, каб замест газу і нафты выкарыстоўваць электрычнасць

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы ў Ельскім раёне з мясцовымі жыхарамі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасля пачатку функцыянавання БелАЭС у краіне будзе лішак электраэнергіі, які неабходна выкарыстоўваць. "Купіць у нас гэту электраэнергію наўрад ці змогуць суседзі. У Расіі таксама лішак, ва Украіне электраэнергіі хапае. У Еўропе свая электраэнергія. Значыць, гэта тавар, ідзе канкурэнцыя. Яе прадаць будзе цяжка", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму я гавару, што сёння трэба рыхтавацца да таго, каб замест газу, нафты выкарыстоўваць электрычнасць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнае нават не зрабіць больш таннай электраэнергію, што выпрацоўваецца ў Беларусі, а захаваць цяперашні ўзровень цэн. "Будуць даражэць газ і нафта (а ў нас іх няма), а энергія будзе значна таннейшая", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным ужо цяпер пры ўводзе ў строй новых аб'ектаў, жылля прадугледжваць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі. "А калі вы ўбачыце, што электрычнасць будзе больш выгадная, чым газ, вы самі купіце электрычную пліту", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - развіццё сегмента электрамабіляў, лічыць Прэзідэнт.

Райцэнтры і аграгарадкі ў бліжэйшыя гады трэба прывесці ў ідэальны стан - Лукашэнка

Такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання аграгарадка Дабрынь у Ельскім раёне.

"У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан. І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан (як у Дабрыні. - Заўвага БЕЛТА), каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы.

Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

У час наведвання аграгарадка Дабрынь Прэзідэнту далажылі аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры, стварэнні ўмоў для адукацыі, заняткаў спортам, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай дзіцячага сада, Дома культуры і спартыўнага комплексу.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню гандлю ў вёсцы, наведаў мясцовы магазін. Тут абмяркоўвалася работа арганізацый Белкаапсаюза, новыя падыходы ў арганізацыі гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.

Лукашэнка: сельскай гаспадарцы неабходна паступова пераходзіць на зялёныя тэхналогіі

Адпаведныя даручэнні даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання аднаго з сельгаспрадпрыемстваў у Ельскім раёне.

Пытанне аб больш пашыраным выкарыстанні зялёных тэхналогій было закранута ў час даклада Прэзідэнту аб завяршальным этапе вясенніх палявых работ і падкормцы азімых культур, для чаго выкарыстоўваюцца ў тым ліку розныя мінеральныя ўгнаенні. "Выходзіць (на добрыя паказчыкі ўраджайнасці. - Заўвага БЕЛТА) трэба толькі за кошт арганікі, - адзначыў Прэзідэнт. - Да гэтага трэба прывыкаць. Азотныя ўгнаенні трэба ўносіць акуратна. Я вас рыхтую ўжо да зялёных тэхналогій. Людзі плацяць вялікія грошы за чыстыя прадукты. У нас, дзякуй богу, няма гэтай перадазіроўкі. Трэба на гэтым і спыніцца".

Абмяркоўвалася таксама развіццё льнаводчай галіны. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, на знешніх рынках склалася добрая кан'юнктура цэн на льновалакно, у выніку чаго льновырабляючыя арганізацыі ў першую чаргу зацікаўлены ў экспарце прадукцыі. Разам з тым не да канца загружаны магутнасці айчыннай перапрацоўкі. Урад у гэтай сітуацыі прапануе вырашыць праблему дадатковым рэгуляваннем цэн на ўнутраным рынку.

Аляксандр Лукашэнка даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму вырашыць пытанне недастатковых паставак сыравіны на Аршанскі льнокамбінат, не адмаўляючыся пры гэтым і ад экспарту. "Калі продаж на экспарт выгадны, то гэтым трэба скарыстацца. Пасейце больш лёну і прадайце", - даручыў Прэзідэнт.

У час наведвання сельгаспрадпрыемства таксама размова ішла аб стварэнні трывалай кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў неабходнасць рацыянальнага расходавання сродкаў у сельскай гаспадарцы і строгага захавання ўсіх тэхналагічных ланцужкоў вытворчасці прадукцыі. Нараканні кіраўнік дзяржавы выказаў і наконт нядбайнага ўтрымання і захоўвання тэхнікі, што пакуль мае месца ў шэрагу гаспадарак. "Тэхніка абы-як захоўваецца. Жахліва глядзець на гэтыя мехдвары. Гэта нецярпіма", - пакрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў да 1 мая ў асноўным завяршыць пасяўныя работы ў сельгасарганізацыях. "Але ўсё трэба рабіць вельмі якасна", - дадаў ён.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік далажыў Прэзідэнту аб асноўных паказчыках развіцця сельскай гаспадаркі ў рэгіёне. Так, за пяць гадоў вытворчасць малака ў вобласці павялічылася амаль на чвэрць, перасягнуўшы ў 2015 годзе ўзровень 1 млн т. Высокія паказчыкі росту прадэманстраваны і па іншых напрамках.

Лукашэнку ўручылі 30-метровы ручнік-абярэг у гонар гадавіны аварыі на ЧАЭС

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў час фінальнага канцэрта творчага марафону "Адраджэнне" ў Ельску ўручылі неглюбскі ручнік-абярэг "Кола жыцця" ў гонар гадавіны на Чарнобыльскай АЭС.

Унікальны ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе 30 гадоў, якія мінулі з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Уручаючы выраб Прэзідэнту, адна з ткачых папрасіла кіраўніка дзяржавы захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф.

У 1977 годзе Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў адкрыла ў вёсцы Неглюбка ткацкі цэх. Вытканыя тут вырабы выстаўляліся на выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў многіх краінах свету, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Бельгіі, Францыі і Японіі.

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий