Пра беларускую сістэму адукацыі і ўступную кампанію — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пра беларускую сістэму адукацыі і ўступную кампанію

11 августа 2016 - Administrator
article2627.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня заслухаў даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года. Аднак галоўнай мэтай нарады стала не проста вывучэнне падрабязных справаздач. Кіраўнікі зацікаўленых ведамстваў і члены ўрада разам з Прэзідэнтам правялі своеасаблівы "мазгавы штурм", каб вычленіць усе праблемы, якія ёсць у адукацыі: ад школы да паслядыпломнай падрыхтоўкі спецыялістаў. На наступны дзень, 10 жніўня, на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш расказаў аб папярэдніх выніках уступнай кампаніі - 2016.

 

Лукашэнка: калі ў настаўнікаў не будзе дастойнага статусу і зарплаты, дзяржава страціць лепшыя кадры

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў: настаўнік у школе - галоўны чалавек, таму неабходна павышаць статус педагогаў. Аднак ён перш за ўсё залежыць ад самога настаўніка. "Давайце загружаць настаўніка такім чынам, каб сапраўды яго статус быў высокі. Каб у вёсцы і горадзе, асабліва ў вёсцы, настаўнік быў галоўнай дзеючай асобай", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

 

З іншага боку, адзначыў Прэзідэнт, і дзяржава павінна падставіць сваё плячо педагогам: "Гэта дрэнна, калі ўжо сёння настаўнік у добрых, сярэдніх гаспадарках мае палавіну зарплаты ад механізатара, даяркі. Гэта ненармальна. Таму гэта пытанне карэннае, цэнтральнае. Як бы мы ад яго ні адыходзілі, як бы мы сябе ні заспакойвалі, што настаўнікі не ставяць перад намі нейкіх матэрыяльных пытанняў, мы дакладна павінны разумець, што для кожнага чалавека гэта важны момант. А для настаўнікаў архіважны, паколькі іх сярэдняя заработная плата ніжэйшая, чым па краіне".

Аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што далёкі ад папулізму "проста павысіць зарплату настаўнікам, і кропка". "Я не хачу так ставіць пытанне. Я хачу сказаць па-іншаму: сітуацыя з матэрыяльным забеспячэннем настаўніцтва далей нецярпіма, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць дастойную зарплату. Мы настаўніка не страцім: настаўнікі былі і заўсёды будуць. Але мы вымываем самыя моцныя кадры з сістэмы нашай адукацыі, перш за ўсё школы. Мы страчваем самых лепшых настаўнікаў", - дадаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт: усе дзеці павінны вучыцца ў школах у роўных умовах

"Не галоўнае пытанне, бягучае пытанне, але яно вельмі важнае - школа. Заўтра дзеці пойдуць у школу. Маё патрабаванне адно, яно ідзе ад грамадства: усе дзеці павінны быць у роўных умовах і павінны пайсці ў школу "аднолькава". Яны павінны быць апрануты, як усе. Ёсць бяднейшыя слаі насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апрануты і падрыхтаваны: партфелі, рукзакі і іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, - усё павінна быць аднолькава. Дзе браць грошы, я ўжо дзесяць разоў аб гэтым гаварыў у папярэднія гады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асобна падкрэсліў, што не будзе сёння заслухоўваць падрабязныя справаздачы аб тым, як завяршыўся набор абітурыентаў у ВНУ, як школы гатовы да новага навучальнага года, і іншыя даклады. "Мы гэта ўсё роўна абмяркуем у бліжэйшы час на асобнай нарадзе", - адзначыў беларускі лідар і дадаў, што на ёй прымуць рашэнне па праблемах, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі: ад школы да паслядыпломнай адукацыі.

"Сёння задача адна - мы павінны абазначыць гэтыя праблемы і да нарады падрыхтаваць рашэнне або прыняць рашэнне па гэтых праблемах. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Лукашэнка: хопіць рэформ у адукацыі, трэба даць нармальныя падручнікі школам

Рэформы ў беларускай сістэме адукацыі не патрэбны, аднак школам неабходны нармальныя падручнікі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Хопіць гэтых рэформ у адукацыі - трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё, падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае - гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаннямі, якія сёння надзённыя, злабадзённыя для нашай сістэмы адукацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што рэформы проста разбураць старую, нармальную сістэму адукацыі, а на яе месцы нічога не з'явіцца. "Нас ужо заходнікі папярэджваюць: вы адзіныя ў былым сацыялістычным лагеры, не кажучы аб Савецкім Саюзе, засталіся, хто не разбурыў сістэму адукацыі, і яна дае вам эфект, не паламайце яе. Асабліва нас папярэджваюць нашы заходнія суседзі - усходне-еўрапейскія дзяржавы, якія мелі такую сістэму адукацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Да эксперымента па дыферэнцыраванай аплаце працы настаўнікаў далучацца новыя рэгіёны

Аб гэтым паведаміў журналістам пасля даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

"Мы пашыраем эксперымент па галіновай сістэме аплаты працы, ён у гэтым годзе будзе распаўсюджаны ўжо на цэлыя рэгіёны і нават вобласць", - сказаў Міхаіл Жураўкоў. Паводле яго слоў, гэта навацыя паказала сваю эфектыўнасць. "Тыя школы, якія ўжо некалькі гадоў у эксперыменце, не хочуць вяртацца на старую сістэму аплаты", - адзначыў міністр.

Ён пакуль не назваў, якая менавіта вобласць прыме ўдзел у эксперыменце. Вядома, што на гэта прэтэндуюць дзве адміністрацыйныя адзінкі.

Міхаіл Жураўкоў растлумачыў, што эксперымент прадугледжвае дыферэнцыраванне аплаты працы ў залежнасці ад нагрузкі педагога. Улічваецца не толькі колькасць навучальных гадзін, але і наяўнасць у настаўніка гурткоў, факультатываў, аб'ём пазакласнай работы, удзел у падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяд і спаборніцтваў.

Укараненне базавых падручнікаў знізіць нагрузку на школьнікаў - Жураўкоў

"Базавы падручнік, базавыя веды маюць на мэце разгрузіць нашых вучняў у школе. Мы іх будзем укараняць паэтапна. Нельга фарсіраваць, таму што падрыхтоўка падручнікаў, навучальных дапаможнікаў - гэта вельмі сур'ёзная справа, пытанне, якое не патрабуе спешкі", - адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

Міністр расказаў, што 9 жніўня кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі першыя базавыя падручнікі па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. "Гэта якраз падручнікі, якія падрыхтаваны ў адпаведнасці з нашай новай канцэпцыяй. Да іх ёсць дадатковыя матэрыялы, якія можна знайсці на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі, у хрэстаматыі. Ёсць у падручніку і інфармацыя аб турыстычных паходах, паездках, звязаных з вывучэннем той ці іншай тэматыкі", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Міхаіла Жураўкова, базавыя падручнікі і новыя хрэстаматыі будуць гатовы да 2019 года.

Дзесяць новых дашкольных устаноў адукацыі адкрыецца ў Беларусі да канца года

"Да новага года вядзецца капітальны рамонт устаноў адукацыі. У гэтым годзе ўведзены тры новыя дашкольныя ўстановы, да канца года намечана ўвесці дзесяць дашкольных устаноў. Таксама ўведзены дзве школы", - расказаў Міхаіл Жураўкоў.

Паводле яго слоў, за 2015 год чарга ў дашкольныя ўстановы зменшылася ў два разы. Калі ў 2014 годзе на ёй знаходзілася больш за 14 тыс. дзяцей, то ў мінулым - звыш 7 тыс.

Міністр падкрэсліў, што сістэма адукацыі да новага навучальнага года гатова і фінансуецца ў рамках выдзеленых сродкаў у поўным аб'ёме. "Такія артыкулы, як заработная плата, стыпендыя, выплачваюцца ў поўным аб'ёме", - адзначыў ён.

Больш як 27 тыс. абітурыентаў залічана ў ВНУ на бюджэтную форму навучання

Аб гэтым заявіў 10 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

"У дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі на бюджэтную форму ўсяго прынята крыху больш як 27 тыс. чалавек на гэты час, - праінфармаваў Вадзім Богуш. - У сельскагаспадарчых вышэйшых навучальных установах прыём яшчэ будзе праводзіцца на завочную форму навучання".

Першы намеснік міністра адзначыў, што ўступная кампанія ў бягучым годзе праводзілася арганізавана, рэзультаты цэнтралізаванага тэсціравання паказалі дастойны ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў. Набор планаваўся з улікам павелічэння колькасці выпускнікоў школ. "Іх колькасць у бягучым годзе была крыху большая, чым у мінулым годзе", - падкрэсліў ён.

Усяго для праходжання ЦТ было зарэгістравана крыху больш як 98,5 тыс. абітурыентаў. У бягучым годзе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ можна было праводзіць праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП).

"У цэлым падыходы да правядзення ўступнай кампаніі не змяніліся", - рэзюмаваў Вадзім Богуш.

Вакантнымі пасля дадатковага набору ў ВНУ засталіся 18 месц

"Па выніках дадатковага набору прынята 126 чалавек, 94 - на дзённую форму. Вакантнымі засталіся 18 месц, або 0,08 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму", - сказаў Вадзім Богуш. У 2015 годзе па выніках дадатковага набору вакантнымі засталіся 144 месцы, або 0,6 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму на дзённую форму навучання.

На завочную форму навучання па дадатковым наборы прыняты 32 чалавекі, вакантных месц не засталося.

Парогавыя значэнні прахадных балаў пры правядзенні дадатковага набору, як і ў 2015 годзе, не зніжаліся.

У прыватнасці, па выніках прыёму дакументаў у час дадатковага набору ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова конкурс на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка" склаў 2,2 чалавека на месца. Прахадны бал у ходзе асноўнага набору быў 131, дадатковага - 166. Конкурс на спецыяльнасць "фізіка і інфарматыка" склаў 1,4 чалавека на месца. Прахадны бал - 175 і 205 адпаведна. У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна конкурс на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка" склаў 2,8 чалавека на месца (прахадны бал у час асноўнага набору - 110, дадатковага - 168).

Больш за ўсё 100-бальнікаў было на ЦТ па рускай мове і грамадазнаўстве

Па выніках ЦТ у 330 выпадках атрыманы рэзультаты 100 балаў. У 2015 годзе такіх было 277. Больш за ўсё 100-бальнікаў па рускай мове (86) і грамадазнаўстве (62). Па беларускай мове максімальны рэзультат адзначаны ў 50 выпадках, фізіцы - 34, замежных мовах - 33, матэматыцы - 25, біялогіі - 25, гісторыі Беларусі -14, хіміі - 1.

Пятнаццаць абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах. У 2015 годзе такіх было 11. Тры абітурыенты паказалі максімальны рэзультат па трох вучэбных прадметах (у 2015 годзе такія адсутнічалі).

Максімальна магчымы рэзультат у бягучым годзе маюць 276 выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэтага года (у тым ліку 135 выпускнікоў гімназій, 39 - ліцэяў, 102 - сярэдніх школ), 3 абітурыенты, якія скончылі ў 2016 годзе ўстановы адукацыі за межамі краіны, а таксама 30 выпускнікоў мінулых гадоў.

У цэлым рэзультаты ЦТ паказалі дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў, канстатаваў Вадзім Богуш.

Колькасць іншаземцаў, якія хочуць атрымаць адукацыю ў беларускіх ВНУ, павялічваецца

Як расказаў Вадзім Богуш, у цэлым колькасць іншаземцаў, якія атрымліваюць адукацыю ў Беларусі ў бягучым годзе, складае каля 19 тыс. Большая частка - гэта студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Замежныя грамадзяне прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць прафесійную моўную адукацыю. Запатрабаваны сферы, звязаныя з эканомікай, высокімі тэхналогіямі. Карыстаецца папулярнасцю і медыцынская адукацыя.

Геаграфія прадстаўленых краін вельмі шырокая - гэта больш як 60 дзяржаў. Значная доля замежных грамадзян прыязджае з краін Азіі і Блізкага Усходу, Заходняй Еўропы.

Укараненне ў ВНУ электроннай сістэмы залічэння з парадку дня не здымаецца - Богуш

Як адзначыў Вадзім Богуш, арганізацыя так званай камп'ютарнай сістэмы залічэння ў адной установе адукацыі і ў рамках некалькіх устаноў адукацыі - дзве абсалютна розныя задачы. "У кожнай ВНУ ёсць пэўныя асаблівасці, - заўважыў першы намеснік міністра. - Мы гэта пытанне абмяркоўвалі, і пакуль няма такой стройнай сістэмы, якая ўсіх задаволіла б з пункту гледжання электроннага залічэння. Думаю, гэта тэма будзе аналізавацца і ў далейшым, яна з парадку дня пакуль не здымаецца".

Аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння (АСПЗіЗ) у ВНУ распрацавана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ў 2010 годзе і паспяхова ўкаранёна ў час уступнай кампаніі 2011 года. Вадзім Богуш звярнуў увагу, што цяпер многія ўніверсітэты выкарыстоўваюць напрацоўкі БДУІР па персанальным кабінеце і магчымасцях, якія спрашчаюць працэдуру афармлення і падачы дакументаў.

 

Па  матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий