Правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ: сёння і заўтра — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ: сёння і заўтра

4 мая 2016 - Administrator
article2423.jpg

 Лукашэнка патрабуе пры падрыхтоўцы спецыялістаў і наборы абітурыентаў улічваць патрэбнасці эканомікі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўлічваць патрэбнасці эканомікі пры падрыхтоўцы спецыялістаў і наборы абітурыентаў у навучальныя ўстановы. Аб гэтым ён заявіў 3 мая на нарадзе па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

 

На нарадзе абмяркоўваўся праект указа, якім прадугледжваецца ўнясенне змяненняў у ход уступнай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ўдзяляе такую пільную ўвагу ўступнай кампаніі. "Для людзей, для будучага нашай краіны гэта важнейшы этап. Няма спецыялістаў - няма краіны. А спецыялістаў мы рыхтуем перш за ўсё ў ВНУ", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў будзе дасканала працаваць, каб вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. "Гэтаму трэба ўдзяляць неаслабную ўвагу", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

 

Тэма паступлення ў ВНУ і раней абмяркоўвалася на прэзідэнцкім узроўні. "У свой час мы пайшлі на радыкальныя рэформы ва ўступнай кампаніі, замяніўшы экзамены на цэнтралізаванае тэсціраванне, - адзначыў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што да гэтага часу існуюць розныя пункты гледжання па гэтым пытанні. - Але няма значнай перавагі меркаванняў ні ў адзін, ні ў другі бок. Ёсць тыя, хто за ЦТ, і нямала тых, хто выступае за былыя формы экзаменаў. Недзе, асабліва ў творчых ВНУ, мы спрабавалі сумясціць ЦТ са звычайнымі формамі экзаменаў. Сёння мы, ды і я ў тым ліку, далёка не адназначныя ў меркаванні па гэтым пытанні. У мяне няма перавагі да якой бы там ні было формы ўступных іспытаў, таму я больш арыентуюся на вас, на грамадства". Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб дамоўленасці штогод, перш за ўсё праз дзейнасць камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй, аналізаваць яе ход да самых дробных нюансаў, рабіць вывады і ўносіць пры неабходнасці змяненні, у тым ліку і ў правілы паступлення ў ВНУ.

 

Пры гэтым Прэзідэнт заявіў, што галоўнае - гэта, вядома ж, патрэбнасці ў эканоміцы, сацыяльнай сферы, ахове здароўя, адукацыі, сельскай гаспадарцы, прамысловасці. "Мы будзем заўсёды зыходзіць з гэтай патрэбнасці па колькасным і якасным складзе нашых абітурыентаў, будучых студэнтаў", - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

 

"Вы прапануеце, каб адбор, крытэрыі былі сур'ёзнымі, калі мы льгатуем якую-небудзь катэгорыю, напрыклад, пераможцаў алімпіяд. Калі спартсмены - то тыя, якія ўжо маюць пэўныя спартыўныя дасягненні, паколькі яны будучыя трэнеры і павінны ў гэтай сферы не проста разбірацца, а мець свае дасягненні. Гэта значыць, падрыхтаваны шэраг прапаноў. І паколькі ў мяне па некаторых пытаннях няма адназначнага меркавання, я вырашыў па кожным пытанні арганізацыі ўступнай кампаніі паслухаць вас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка выступае за мадэрнізацыю ЦТ і захаванне элітарнасці вышэйшай адукацыі

Уступныя іспыты ў Беларусі неабходна асучасніць. На гэтым зрабіў акцэнт Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 3 мая ў час нарады па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, існуючая ў краіне ў выглядзе ЦТ сістэма прыёму ў ВНУ і ССНУ не павінна быць застылай, неабходна, каб яна гібка рэагавала на сучасныя павевы.

 

На нарадзе таксама абмяркоўваліся меры для павелічэння набору абітурыентаў на востра запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў не спрашчаць працэдуру паступлення, каб забяспечыць якасны адбор студэнтаў. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб пры прыёме на такія спецыяльнасці абітурыенты праходзілі гутарку, якая давала б магчымасць ацаніць, наколькі ўзровень іх ведаў адпавядае выбранай спецыяльнасці. Вышэйшая адукацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, не павінна быць масавай у адмоўным сэнсе гэтага слова, неабходна, каб яна заставалася элітарнай.

У час нарады закраналіся іншыя аспекты дзейнасці сістэмы адукацыі ў цэлым. Адзначалася, што яна павінна развівацца на аснове лепшага вопыту з улікам сучасных тэндэнцый.

 

Здаваць ЦТ у Беларусі па чатырох прадметах можна будзе з 2017 года

Гэту прапанову падтрымаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Пры гэтым пры паступленні ў ВНУ неабходна будзе прад'яўляць вынікі трох тэсціраванняў. Што датычыцца абітурыентаў ССНУ, то яны атрымаюць магчымасць здаваць тры ЦТ і прад'яўляць вынікі двух тэсціраванняў.

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адобраная навацыя аблегчыць выбар абітурыентаў паміж блізкімі спецыяльнасцямі, пры паступленні на якія трэба здаваць розныя прадметы ў якасці другіх профільных. "Гэта дае магчымасць абітурыенту здаць чатыры ЦТ, а потым выбраць менавіта тыя тры прадметы па напрамку, на які ён усё ж вырашыць падаваць дакументы", - растлумачыў ён, узяўшы за прыклад паступленне ў ВНУ.

 

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб тым, каб сертыфікат ЦТ дзейнічаў на працягу двух гадоў, а таксама аб павелічэнні колькасці рэзервовых дзён ЦТ да трох.

Па выніках нарады Прэзідэнт адобрыў шэраг прапаноў па карэкціроўцы правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ. Чакаецца, што ўсе прапанаваныя навацыі ўступяць у сілу з 2017 года. Бягучая абітурыенцкая кампанія пройдзе па дзеючых правілах.

 

Пералік востра запатрабаваных спецыяльнасцей плануюць фарміраваць штогод у Беларусі

Аб гэтым журналістам паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Такі пералік будзе складацца з 2017 года і штогод удакладняцца з улікам вынікаў папярэдняй уступнай кампаніі. Як растлумачыў Міхаіл Жураўкоў, гэта спецыяльнасці, якія неабходны эканоміцы, але недастаткова папулярныя сярод абітурыентаў. Аблегчаны парадак залічэння на іх плануецца ўвесці для пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, маладых людзей, якія скончылі школу з залатым, сярэбраным медалём або маюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, а таксама пераможцаў абласных алімпіяд па навучальных прадметах.

 

Паводле слоў міністра, цяпер у такі спіс можна было б уключыць спецыяльнасці, звязаныя з лёгкай прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, частка з машынабудаваннем, металургіяй.

Міністр расказаў аб іншых навацыях, якія чакаюць абітурыентаў у 2017 годзе. Так, выпускнікі педагагічных класаў змогуць паступаць на педспецыяльнасці без уступных іспытаў. Адзнакі для гэтага павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў па ўсіх прадметах навучальнага плана і не ніжэйшыя за 8 балаў па профільных прадметах. У ВНУ такія маладыя людзі будуць праходзіць гутарку. Пры гэтым чакаецца, што тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ў іх будзе перавышаць два гады.

 

Рэгістрацыя на ЦТ у Беларусі пачалася 2 мая

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) у Беларусі пачалася 2 мая. Перыяд рэгістрацыі прадоўжыцца па 1 чэрвеня.

Як і ў мінулым годзе, абітурыент зможа прыйсці ў пункт рэгістрацыі ў адным горадзе, але аформіцца для здачы ЦТ у іншых гарадах. Абітурыента на ЦТ можа зарэгістраваць блізкі сваяк, якому пры сабе трэба мець натарыяльна завераную даверанасць і ксеракопію пашпарта. Такія ж дакументы спатрэбяцца для атрымання дакументаў па выніках ЦТ.

Час работы пунктаў рэгістрацыі - з 9.00 да 19.00 (у суботнія (14 і 28 мая) і нядзельныя дні (22 мая) - з 9.00 да 18.00). Інфармацыя аб пунктах рэгістрацыі прадстаўлена ў раздзеле "Абітурыенту. Паступаючым у ВНУ. Прыём-2016" на партале Міністэрства адукацыі або ў раздзеле "Пункты рэгістрацыі" на сайце РІКВа.

 

Нагадаем, што пры рэгістрацыі абітурыент падае заяву на свой выбар на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (запаўняецца ў пункце рэгістрацыі сумесна з работнікам пункта рэгістрацыі). Паступаючы павінен прадаставіць дакумент, што засведчвае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, што засведчвае асобу.

Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі асабісты рахунак і ажыццяўляе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

Упершыню ў бягучым годзе аплата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у ЦТ будзе праводзіцца з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП) у памеры 0,1 базавай велічыні (Br21 тыс.) за адзін вучэбны прадмет.

Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ абітурыент атрымлівае пропуск. Пропуск лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячаць установы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар.

 

Нагадаем, што іспыты пройдуць з 13 па 27 чэрвеня. 13 чэрвеня - беларуская мова, 14 чэрвеня - руская мова, 16 чэрвеня - грамадазнаўства, 18 чэрвеня - біялогія, 19 чэрвеня - матэматыка, 21 чэрвеня - гісторыя Беларусі, 23 чэрвеня - хімія, 24 чэрвеня - фізіка, 25 чэрвеня - замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 27 чэрвеня - сусветная гісторыя (навейшы час), геаграфія. Пачынацца ЦТ будзе ў 11.00. Рэзервовы дзень праходжання ЦТ - 5 ліпеня. ЦТ па ўсіх вучэбных прадметах у рэзервовы дзень будзе праходзіць у БДУ. Тэрміны рэгістрацыі ў рэзервовы дзень: 28 чэрвеня - 1 ліпеня.

 

Так званае ніжняе парогавае значэнне адзнак ЦТ-2016 па беларускай або рускай мове для абітурыентаў складзе ад 0 да 9 балаў, выключаючы некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, дзе яно знаходзіцца ў дыяпазоне ад 0 да 19 балаў (уключна). У 2016 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту - матэматыка, фізіка, хімія, біялогія - ад 0 да 14 балаў (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - ад 0 да 19 (уключна); па другім прадмеце профільнага іспыту - матэматыка, фізіка, хімія, біялогія - 0 да 9 (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - ад 0 да 14 (уключна).

 

Ніжнія парогавыя значэнні адзнак ЦТ у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў ВНУ па групах спецыяльнасцей "вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства", "жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства", "сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый", "меліярацыя і водная гаспадарка", "аграінжынерыя", у МУС (толькі на месцы дадатковага набору) па такіх прадметах, як беларуская мова, руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), - устаноўлены ад 0 да 4 балаў (уключна).

Па матэрыялах БелТА.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий