Прэзідэнт абазначыў прыярытэты ў рабоце МУС — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прэзідэнт абазначыў прыярытэты ў рабоце МУС

29 января 2016 - Александра Джежора
article2216.jpg

Тэма тыдня: Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце МУС

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня прыняў удзел у калегіі МУС па выніках работы органаў унутраных спраў за 2015 год. На пасяджэнні калегіі будуць разгледжаны вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС у 2015 годзе і вызначаны задачы на 2016 год.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце МУС. Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць шэраг напрамкаў і пытанняў, якія неабходна вырашаць не рэагуючы, а змагаючыся, не паддаючыся сумненням у правільнасці выбранага курсу.

Органам унутраных спраў трэба нарошчваць намаганні ў спыненні і прадухіленні распаўсюджання наркаманіі, кардынальна ўзмацніць барацьбу з крадзяжамі, змяніць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтную ўвагу МУС неабходна ўдзяляць абароне дзяцей і пажылых грамадзян ад злачынных замахаў.

У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне эканамічнай злачыннасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым напрамку хацеў бы больш актыўнай работы з боку ведамства.

Сённяшняя сітуацыя патрабуе самага ўважлівага падыходу да падбору і расстаноўкі кадраў. "Вы на правільным шляху. Нельга спыняцца. Тых, хто заслугоўвае, трэба падтрымліваць, заахвочваць, узнагароджваць і прысвойваць званні. Здрадніцтва недапушчальна", — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, перад МУС пастаўлена задача глыбока і ўсебакова прааналізаваць стан крымінагеннай абстаноўкі, вылучыўшы галоўныя прычыны і ўмовы змяненняў, што адбываюцца. "Нельга дзейнічаць усляпую", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна задача заключаецца ў пераглядзе расстаноўкі існуючых сіл і сродкаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў рабоце міліцыі павінна праяўляцца прынцыповасць да тых, хто парушае закон. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання чысціні радоў унутры саміх органаў унутраных спраў. "Вы павінны быць непадкупныя. Міліцыя пранізвае ўсё грамадства. Па вашых дзеяннях мяркуюць аб уладзе ў цэлым", — сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе і ў далейшым надаваць прыярытэтнае значэнне пытанням барацьбы са злачыннасцю, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. "Нараўне з падтрымкай органаў унутраных спраў мае патрабаванні і спагнанне ў гэтай сферы заўсёды будуць вельмі высокімі", — адзначыў ён.

"Я не магу прад'явіць вам вялікіх прэтэнзій ні па адным з пытанняў. У цэлым вы працуеце нармальна. Але ёсць пэўныя напрамкі, дзе трэба значна змяніць сітуацыю. Я вельмі хацеў бы, каб вы гэта зрабілі не адкладаючы на доўгі час", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: работа міліцыі дае магчымасць забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта пацвярджаюць вынікі работы ўсіх структур МУС у 2015 годзе. "Вы ўпэўнена кантралюеце абстаноўку, вы здольны папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я нават часам так стаўлю перад сабой пытанне: не дай бог узнікла б нейкая надзвычайная сітуацыя, мы змаглі б з міліцыяй адрэагаваць? І адразу сабе адказваю: абсалютна! Міліцыя стала зусім іншай, — лічыць Прэзідэнт. — Я абсалютна ўпэўнены, што, калі трэба, амаль сто працэнтаў складу нашай міліцыі гатовы належным чынам адрэагаваць у любой кропцы на дэстабілізацыю і навесці парадак". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў рабоце міліцыі яшчэ ёсць недахопы, якія трэба выпраўляць.

"Па выніках вашай работы грамадзяне ацэньваюць здольнасць улады забяспечыць правапарадак у краіне, асабістую бяспеку, абарону законных правоў і інтарэсаў. Важнейшыя крытэрыі гэтай ацэнкі — магчымасць спакойна знаходзіцца ў любы час на вуліцах, быць упэўненым у бяспецы дзяцей, не апасацца за захаванасць сваёй маёмасці", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя незалежнага сацыялагічнага даследавання, згодна з якім амаль 80 працэнтаў грамадзян выказалі ўпэўненасць у сваёй бяспецы. На думку Прэзідэнта, гэта сведчыць аб тым, што народ высока ацэньвае работу міліцыі. "Я цудоўна разумею, што і сярод работнікаў ДАІ, і сярод міліцэйскага складу, чыноўніцкага — людзі розныя. Але ў цэлым нават не толькі наш народ, але і госці ацэньваюць вашу работу нядрэнна. За гэта я вам вельмі ўдзячны", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: міліцыя сваімі дзеяннямі павінна ствараць станоўчы вобраз у народзе

"Вы павінны рабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі. Але не залішне задобрываць кагосьці", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў навагоднюю ноч, калі тыя аказвалі дапамогу грамадзянам, якія празмерна ўжылі алкаголь.

"Гэта значыць, па-людску, па абстаноўцы глядзіце. Усё ў законе не прапішаш, і вы павінны дзейнічаць такім чынам, абараніць, каго трэба, дапамагчы, каму трэба", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Вы ад участковага да міністра ўнутраных спраў сваёй структурай непасрэдна пранізваеце ўсё наша грамадства. І калі б у нас была ідэальная міліцыя, у нас быў бы ідэальны парадак", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што работа міліцыі пастаянна на вачах, і дробязей у ёй не бывае.

 "Вы для нашых грамадзян — самыя блізкія прадстаўнікі закона, увасабляеце для іх справядлівасць і бяспеку", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што чалавек, які трапіў у бяду, пры звароце ў міліцыю чакае ў першую чаргу ўважлівага стаўлення. "Вы павінны аб'ектыўна, усебакова, своечасова разглядаць скаргі, заявы нашых людзей, раскрываць злачынствы, вырашаць іншыя жыццёва важныя пытанні, якія часам нават не ўваходзяць у кампетэнцыю МУС. Таму што людзі на вас глядзяць, як на ўладу, а для ўлады няма абыякавых пытанняў, няма пытанняў, якія яе не датычацца", — адзначыў Прэзідэнт.

Лукашэнка падтрымлівае прапановы МУС па лібералізацыі адказнасці, але заклікае да асцярожнасці

"Мы з міністрам абмяркоўвалі гэту тэму. Я яго абсалютна падтрымліваю, — сказаў Прэзідэнт. — Забыў дома пасведчанне або яшчэ што-небудзь — мы пачынаем прыцягваць да адказнасці. У вас жа камп'ютар ёсць. Вы бачыце, вадзіцель ён ці не. За што ж прыцягваць?"

"Гэта адзін тып парушэнняў. Але ёсць і іншыя парушэнні, якія нібыта ўжо таксама трэба ледзь ці не адмяніць, перавесці з аднаго ўзроўню на іншы. Будзьце тут вельмі акуратнымі і асцярожнымі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, асноўнай прычынай росту паказчыка злачыннасці стала ўзмацненне мер па спыненні хуліганскіх праяў. Значна больш такіх правапарушэнняў, асабліва звязаных з пашкоджаннем няправільна прыпаркаваных машын, іншай маёмасці, сталі кваліфікавацца асобнымі органамі як крымінальна каральныя дзеянні. "Правільна, што на ўзроўні ўсіх праваахоўных структур вы ўзгаднілі агульныя падыходы да кваліфікацыі такіх праяў, распрацавалі для гэтага адзіныя методыкі. Цяпер прапануеце "знізіць злачыннасць" шляхам дэкрыміналізацыі такіх і іншых хуліганскіх дзеянняў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў праінфармаваць яго пасля вывучэння ўсіх прапануемых новаўвядзенняў. "Каб мы тут не аслабілі націск на правапарушальнікаў. І каб гэта ў выніку не прывяло да росту злачынстваў", — сказаў ён.

Лукашэнка патрабуе змяніць сітуацыю з крадзяжамі і пераадолець злачыннасць у вёсцы

Прэзідэнт прывёў даныя, што крадзяжы складаюць больш як 40 працэнтаў у агульным аб'ёме зарэгістраваных злачынстваў. У Брэсцкай вобласці ў мінулым годзе ўсплёск крадзяжоў дасягнуў максімальных у краіне значэнняў і склаў аснову высокіх тэмпаў росту злачыннасці ў цэлым. Разам з тым у Мінску дабіліся істотнага зніжэння крадзяжоў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вялікая колькасць крадзяжоў сведчыць аб няхватцы прафілактычнай работы. "Трэба выпраўляць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, негатыўны ўплыў на гэтыя працэсы аказвае існуючая сітуацыя ў эканоміцы. Але нейкіх ідэальных умоў для арганізацыі процідзеяння гэтай злачыннасці ніколі не было і не будзе".

"Тут відавочна не хапіла ініцыятывы, эфектыўных рашэнняў, як гэта было зроблена ў барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, гандлем людзьмі", — дадаў беларускі лідар.

Яшчэ адна праблема, на якой асабліва спыніўся кіраўнік дзяржавы, — злачыннасць у вёсцы. "Гэта датычыцца перш за ўсё пажылых і адзінокіх людзей, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтым годзе ў вёсцы трэба навесці парадак усімі сіламі і сродкамі. Не пакідайце сельскіх людзей адных са злачынцамі. Паколькі 90 працэнтаў прысутных у гэтай зале каранямі ідуць у вёску. Там жылі і ў некага яшчэ жывуць бацькі. Мы павінны зрабіць усё, каб вяскоўцы адчувалі сябе ў бяспецы".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на рост злачыннасці сярод непаўналетніх. "Прычым падлеткамі ўчынена асабліва цяжкіх злачынстваў на тры чвэрці больш. Гэта яшчэ адна небяспечная і больш складаная тэндэнцыя. Мы яе павінны змяніць у гэтым годзе", — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: за гібель па віне п'яных вадзіцеляў трэба прыцягваць да самай жорсткай адказнасці

Кіраўнік дзяржавы заклікаў прымаць самыя жорсткія меры ў адносінах да тых, хто ўчыняе правапарушэнні ў стане алкагольнага ап'янення, і асабліва па чыёй віне гінуць людзі. "Каб выпіў і баяўся да аўтамабіля падысці. Ды і колькі забойстваў у п'яным выглядзе...", — адзначыў Прэзідэнт.

Тым больш недапушчальна, калі такія злачынствы ўчыняюць людзі, надзеленыя ўладай. "Ты з вялікім партфелем чалавек, прадстаўнік улады. Ты сеў за руль аўтамабіля і забіў чалавека. Якое ты маеш права пасля гэтага чалавекам звацца", — падкрэсліў беларускі лідар.

"Нам трэба рабіць пакаранне за гэта не проста непазбежным, а жорсткім. І мы атрымаем пэўны эфект", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка сумняваецца ў эфектыўнасці забарон на гандаль алкаголем

"Я схіляюся да таго, што любыя забаронныя меры шкодныя", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана Прэзідэнту, значная частка злачынстваў у Беларусі ўчыняецца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым у грамадстве і на ўзроўні дзяржаўных органаў перыядычна ўзнікае дыскусія і прымаюцца меры па абмежаванні продажу алкагольнай прадукцыі ў пэўныя гадзіны або на шэрагу гандлёвых аб'ектаў.

Паводле слоў Прэзідэнта, эфектыўнасць такіх рашэнняў знаходзіцца пад пытаннем. "Хацелася б атрымаць адэкватны і дакладны адказ: дзе забараняць, як забараняць, у які час, ці забараняць наогул або дзейнічаць нейкімі іншымі метадамі", — адзначыў беларускі лідар.

"Дзесьці мы забаронім, але гэта эфекту не дасць. Гэта дасць работу ценевікам. Справа нават не ў бюджэце, што мы нешта там страцім. Мы тут не выйграем у грашах, таму што больш будзем траціць на раскрыццё злачынстваў", — лічыць Прэзідэнт.

Лукашэнка патрабуе ствараць невыносныя ўмовы распаўсюджвальнікам наркотыкаў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што са свайго боку прыняў усе рашэнні, якіх патрабавалі тыя, хто змагаецца з наркаманіяй.

"Але настойваю чарговы раз: галоўнае — гэта фініш. Вось мы яго злавілі, асудзілі, пасадзілі, па-народнаму кажучы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І вось утрыманне гэтых людзей павінна быць самым жорсткім".

Прэзідэнт нагадаў, што раней ставіў такую задачу, і даручыў праверыць, як гэта выканана. На яго думку, надышоў час прааналізаваць сітуацыю і адказаць на пытанне, ці патрэбны яшчэ нейкія дадатковыя рашэнні і ў гэтым, і ў іншых напрамках.

"Гэта страшная праблема. Гэта людзі, якія на вачах у нас забіваюць людзей. Мы не павінны гэта дазволіць зрабіць. Тым больш кожны знаходзіцца пад гэтым ударам. Асабліва дзеці, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таму тут трэба змагацца самым жорсткім чынам. Скажыце, што вам для гэтага яшчэ трэба".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што настойлівасць і сістэмныя рашэнні ў сферы процідзеяння распаўсюджваннюнаркотыкаў сапраўды дазволілі пераламаць сітуацыю на найбольш пагражальных напрамках.

"Гэта выбіла ў наркадзялкоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу наркотыкаў. Таксама пастаўлена заслона распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё. Вы атрымалі магчымасць больш дакладна наносіць удары па збытчыках зелля, больш эфектыўна перакрываць каналы яго паставак у краіну, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Унесеныя змяненні ва ўмовы адбывання пакарання асобамі, асуджанымі за нарказлачынствы, выключылі пашырэнне кола іх спажыўцоў. На заканадаўчым узроўні выбудавана дакладная сістэма, якая вызначае не толькі галаўное ведамства, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на гэтым напрамку".

Лукашэнка пакрытыкаваў ДАІ за "наватарства" і папярэдзіў аб праверках на прадмет хабараў

"Грамадскасць відавочна негатыўна ацэньвае асобныя новаўвядзенні. У прыватнасці, беспадстаўнае перагароджванне аўтадарог знакамі рамонту для правядзення пад гэтым выглядам нейкіх праверак", — адзначыў Прэзідэнт.

"Стварылі пробку, людзі незадаволены. Знайдзіце іншыя метады. Не стварайце лішніх праблем", — пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што работнікі Дзяржаўтаінспекцыі штодзень па абавязку службы кантактуюць з грамадзянамі і ў многім па іх рабоце мяркуюць аб рабоце праваахоўных органаў у цэлым. Таму маральнае аблічча і непадкупнасць ДАІ не павінны выклікаць сумненняў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не лічыць правакаваннем, калі работніка Дзяржаўтаінспекцыі наўмысна правяраюць на прадмет гатоўнасці браць хабар. "Ніякага правакавання. Гэта мы будзем рабіць. Не бярэш — не бяры наогул. Асобныя гэтыя факты мы павінны выкараніць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў завяршыць аптымізацыю структуры міліцыі ў 2016 годзе

"У сённяшніх няпростых умовах трэба звярнуць увагу на аптымізацыю сіл і сродкаў. У бягучым годзе гэта пытанне трэба вырашыць і скончыць тэму. Дзяржсакратарыяту (Савета Бяспекі. — Заўвага БЕЛТА) падключыцца да гэтага. Нам патрэбны якасны і эфектыўны склад МУС, які будзе рэнтабельным", — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым размова ідзе менавіта аб аптымізацыі структуры міліцыі. "Можа быць, трэба аптымізавацца дзесьці ў плане структуры. Скароціцца колькасць, напрыклад, тылавікоў. На перадавую можна будзе адправіць людзей. У нас сёння палавіна начальнікаў і палавіна на перадавой, а трэба 80 працэнтаў як мінімум на перадавой, а 20 працэнтаў начальнікаў", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць адказнасць і выканальніцкую дысцыпліну.

"Хацелася б вас узбуйніць, каб было менш начальнікаў аддзелаў, узмацніць функцыі, мы ўсё роўна пойдзем гэтым шляхам і ў цывільных ведамствах", — сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, не трэба драбіць РУУС у буйных раёнах Мінска, такіх як Фрунзенскі. "Навошта два-тры аддзелы ў адным раёне? Два-тры гаспадары, два-тры мядзведзі ў адной бярлозе — гэта заўсёды дрэнна. Лепш няхай будзе адзін, але дадзім яму ўладу. Толькі ўнясіце разумную прапанову", — адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўнікоў сістэмы МУС. Ён таксама падкрэсліў, што галоўнае пры гэтай перабудове не страціць важнае звяно — участковых інспектараў.

"Мы не будзем чапаць людзей на перадавой, а асабліва па тых цяжкіх напрамках, дзе ў нас ёсць праблемы", — дадаў кіраўнік дзяржавы наконт аптымізацыі.

"З меншымі затратамі трэба атрымаць большы вынік. Усё, што вы эканоміце, застаецца ў вас. Ваша сэканомленае — гэта ваша, дзяліце, будуйце жыллё, павышайце грашовае забеспячэнне людзям", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што ніхто не дасць міліцыі дадатковую штатную колькасць для пераробкі структуры. У сваю чаргу міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч запэўніў Прэзідэнта, што для такой трансфармацыі органам унутраных спраў не спатрэбяцца дадатковыя супрацоўнікі. "Мы можам зрабіць сёння любую ўнутраную ракіроўку", — сказаў генерал. Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што структура органаў унутраных спраў не можа доўга заставацца статычнай, яна павінна адпавядаць бягучай абстаноўцы. "Безумоўна, заслугоўваюць увагі ініцыятывы МУС па пераходзе ад лінейнага да тэрытарыльнага прынцыпу нясення службы на аб'ектах транспарту, набліжэнні патрульна-паставой службы міліцыі да раённага звяна, аптымізацыі колькасці кіруючага складу і іншыя. Але паглядзіце, за кошт чаго гэта можна зрабіць, прааналізуйце арганізацыйна-штатную пабудову па іншых напрамках. Затым уносьце прапановы", — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, такія падыходы прымяняльныя і да метрапалітэна. Ведамасная служба аховы ў метро ўкамплектавана, як правіла, былымі супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. "Пры яе наяўнасці навошта яшчэ і такая колькасць міліцыянераў?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што трэба правесці дасканалы аналіз, рэвізію па шэрагу напрамкаў дзейнасці і выпрацаваць новыя падыходы да яе рэалізацыі.

Лукашэнка: самая моцная прафілактыка эканамічных злачынстваў — гэта непазбежнасць пакарання

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, статыстыка па эканамічнай злачыннасці сведчыць, што міліцыя ў мінулым годзе актывізавалася ў барацьбе з гэтым злом. "Гэта правільна. Але важна ў гэтай рабоце не гонка за паказчыкамі. Ставіць у аснову не колькасць выяўленых злачынстваў і суму ўрону, а атрыманы эканамічны эфект для краіны", — лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на неабходнасць і прафілактычных мер. "Самая добрая прафілактыка — гэта не расказ і інфармаванне, гэта таксама трэба рабіць, але самая моцная прафілактыка — гэта непазбежнасць пакарання, самае жорсткае пакаранне тых, хто лезе ў дзяржаўную кішэню, калі гавораць аб эканоміцы, і тых, хто пазбаўляе жыцця і здзекуецца з чалавека", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзяржаўны кантроль за эканамічнымі працэсамі важны і аб'ектыўна неабходны. Аднак гэта работа павінна ў сваёй аснове мець папераджальны характар, а калі вінаваты — атрымлівай па поўнай!" — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што меры, якія прымаюцца міліцыяй, павінны заўсёды абапірацца на атрыманую дакладную інфармацыю аб парушэннях у гаспадарчай дзейнасці. "Пры гэтым на ўсіх стадыях разбору ў дзеяннях праваахоўнікаў не павінна быць абвінаваўчага ўхілу. Акцэнт павінен быць зроблены на канчатковы вынік гаспадарчай дзейнасці", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прапануе наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з ТНК для прыцягнення інвестыцый

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, транснацыянальныя карпарацыі пачалі актыўна выводзіць грошы з Кітая. "Куды яны іх выводзяць? Шукаюць месца. Нам трэба прапанаваць", — лічыць Прэзідэнт.

"Гэтыя ж карпарацыі паднялі Кітай, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце прапануем ім. І яны глядзяць на нас ужо, і многія прапануюць у Беларусь інвесціраваць. Гэта для нас добра".

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць строгага парадку. "Ніводны камерсант не прыйдзе сюды, калі тут не будзе парадку, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба гэты час утрымацца і прыцягнуць сюды тых, хто мае грошы, для таго каб зарабіць самім, каб народ жыў лепш".

Лукашэнка перасцярог міліцыю ад празмернага кантролю прадпрымальнікаў

"Нам патрэбны кантроль, але гэты кантроль не павінен быць празмерным", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што праверкі павінны весціся толькі пры наяўнасці аператыўнай інфармацыі. "І гэта ўсё пад кантролем. І мы праверым, на якой падставе", — адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба памятаць адно: ні на каго не трэба ціснуць і цкаваць, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — У вас павінен быць факт, хаця б адзін, для таго каб прыйсці і яго праверыць".

Прэзідэнт адзначыў, што гэта не з'яўляецца тэндэнцыяй у міліцыі, аднак такія факты ёсць.

"Бязлітасна будзем высякаць гэта. Мы павінны быць справядлівымі. Мы жорстка будзем ставіцца да правапарушальнікаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але калі будзеце "ціснуць" незаконна, выпрацоўваючы схемы ў плане канкурыруючых нейкіх структур, кагосьці "ціснуць", а кагосьці падтрымліваць, літасці ад мяне не чакайце".

Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што ў першым квартале мае намер запрасіць на нараду прадстаўнікоў эканамічнага блока, асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, каб прадставіць ім факты сілавых структур аб выяўленых эканамічных злачынствах і тым самым спыніць размовы на тэму забароны праверак.

Лукашэнка лічыць недастатковай работу МУС па выяўленні складаных карупцыйных схем

"Вось тут я работу міліцыі не вельмі бачу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Чаму? Таму што б'яце па дробязях, знаходзіце і прыцягваеце да адказнасці стрэлачнікаў".

"А вось бачыце вы ўсё. Наша міліцыя бачыць і ведае ўсё, што адбываецца ў грамадстве. Але некаторыя маўчаць, некаторыя самі прыкрываюць дзялкоў і, мала таго, яшчэ і ўдзельнічаюць у гэтых схемах. Няхай пышна не працвітаюць карупцыя і злачынствы ў радах МУС, але, тым не менш, гэта ёсць. Вось гэта мяне больш за ўсё насцярожвае", — сказаў Прэзідэнт.

"Вядома, вамі выяўляецца звыш 70 працэнтаў ад агульнай колькасці ўлічаных карупцыйных злачынстваў. Але гэта самы нізкі ўзровень. Каардынацыя гэтай работы ў сістэме міністэрства, выніковасць выяўлення складаных карупцыйных схем і пагадненняў пакуль недастатковыя", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Я не памятаю гучных спраў і ў сферы эканомікі з боку міліцыі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён нагадаў, што менавіта МУС з'яўляецца асноўным органам, які рэалізуе дзяржаўную палітыку ў галіне забеспячэння абароны правоў грамадзян і дзяржавы ад злачынных замахаў карупцыйнага і эканамічнага характару.

Шуневіч лічыць меркаванне насельніцтва галоўным крытэрыем ацэнкі работы МУС

"Дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры ўсёй сваёй строгасці і патрабавальнасці павінны быць бездакорнымі, справядлівымі і зразумелымі людзям. Для гэтага мы і распачалі гэты дыялог (з грамадствам. — Заўвага БЕЛТА). Меркаванне насельніцтва — важнейшы падагульняючы крытэрый. Лічбавыя паказчыкі асобных відаў злачынстваў сёння маюць значэнне толькі для выпрацоўкі мер па рэагаванні ва ўмовах узнікнення новых выклікаў і пагроз", — сказаў міністр. На пасяджэнні грамадскага савета пры міністэрстве ў пачатку 2016 года міліцэйскае ведамства падтрымала ініцыятывы па лібералізацыі адміністрацыйнай адказнасці за нязначныя правапарушэнні. "Нашы прапановы размешчаны на сайце ведамства, і цяпер вывучаецца меркаванне насельніцтва па кожным з іх", — дадаў Ігар Шуневіч.

"У гэтым годзе будзе прыняты шэраг арганізацыйных і практычных мер па навядзенні парадку ў нашых радах. Мы без усялякага жалю будзем расставацца з усімі тымі, хто не даражыць службай у органах унутраных спраў. Правапарушэнні людзей у пагонах не толькі разлагаюча дзейнічаюць на сістэму праваахоўных органаў, але і падрываюць давер да органаў дзяржаўнай улады, даюць падставы для папрокаў ва ўседазволенасці і беспакаранасці", — заявіў міністр на калегіі. Пры гэтым Ігар Шуневіч адзначыў, што належны ўзровень арганізаванасці і дысцыпліны сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў захоўваецца. "Аднак яшчэ не зменена тэндэнцыя росту колькасці супрацоўнікаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Значна павялічылася і колькасць выяўленых фактаў знаходжання міліцыянераў на рабочых месцах або прыбыцця на службу ў стане алкагольнага ап'янення", — канстатаваў кіраўнік МУС.

У 2015 годзе МУС прыклала нямала намаганняў для захавання і ўмацавання кадравага патэнцыялу, павышэння якасці адбору на службу, удасканалення падрыхтоўкі асабовага складу. "У выніку ўкамплектаванасць упершыню за апошнія пяць гадоў перасягнула 90 працэнтаў. Сярэдні конкурс на адно вакантнае месца склаў чатыры чалавекі", — адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства.

Таксама міністр звярнуў увагу, што асноўным падраздзяленнем для міліцыі ў сельскай мясцовасці застаюцца ўчастковыя. МУС прыняло меры, якія далі магчымасць знізіць некамплект сярод гэтых супрацоўнікаў на 3,6 працэнта, і ўпершыню за апошнія гады ён склаў менш за 8 працэнтаў. Для ўчастковых, паводле слоў Ігара Шуневіча, створаны ўсе ўмовы. Засталося толькі якасна працаваць.

Шуневіч заклікае агульнымі намаганнямі стварыць спрыяльныя ўмовы для інстытута сям'і

"Дзейнасць усіх без выключэння ўстаноў і арганізацый павінна быць накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для існавання сям'і. Паколькі менавіта гэты сацыяльны суб'ект з'яўляецца галоўным у прафілактыцы злачыннасці сярод непаўналетніх", — сказаў міністр.

Ігар Шуневіч звярнуў увагу, што ў Беларусі захоўваецца тэндэнцыя павялічэння колькасці нарказлачынстваў, да якіх маюць дачыненне непаўналетнія. "Гэта будзе ўлічана ў бягучым годзе пры арганізацыі як аператыўнай, так і прафілактычнай работы з моладдзю. Нараўне з заканадаўчымі ініцыятывамі неабходна ўзмацніць карэкціруючае ўздзеянне на непаўналетніх, уцягнутых у п'янства, таксікаманію, наркаманію, хуліганскія і іншыя антыграмадскія праявы, а асабліва на ранняй стадыі", — сказаў кіраўнік міліцэйскага ведамства.

Міністр дадаў, што ў цэлым міліцыі ўдалося стабілізаваць сітуацыю, звязаную з сямейна-бытавымі злачынствамі. "Але рэзервы ў гэтай сферы далёка не вычарпаны. Сур'ёзная падтрымка аказваецца нам з боку органаў пракуратуры. Наша задача — правільна распарадзіцца гэтым патэнцыялам, уключаючы ў папераджальную дзейнасць як мага больш шырокае кола суб'ектаў і грамадзян", — адзначыў Ігар Шуневіч.

Праваахоўнікі прымянілі ў 2015 годзе ахоўнае прадпісанне да сямейных агрэсараў 1422 разы. Гэта мера дапамагае эфектыўна вырашаць праблему сямейнага насілля. У цэлым у мінулым годзе ўдалося дабіцца зніжэння колькасці бытавых злачынстваў з 528 (у 2014 годзе) да 477. Да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў быце грамадзян прыцягвалі больш чым у 51 тыс. выпадкаў.

Паводле слоў кіраўніка МУС, адной з самых сур'ёзных сацыяльных праблем застаецца алкагалізм. Гэта непасрэдна ўплывае на аператыўную абстаноўку. "У стане ап'янення ўчыняецца да 80 працэнтаў забойстваў і наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што яшчэ раз сведчыць аб абгрунтаванасці нашых дзеянняў па абмежаванні гандлю алкаголем", — сказаў Ігар Шуневіч. Усяго ў 2015 годзе за распіццё алкагольных і слабаалкагольных напіткаў або піва ў грамадскіх месцах і на рабоце грамадзяне прыцягваліся больш за 349 тыс. разоў.

Больш як 80% жыхароў Беларусі ўпэўнены ў сваёй бяспецы

Больш як 80 працэнтаў жыхароў Беларусі ўпэўнены ў сваёй бяспецы на вуліцы і ў грамадскіх месцах. Аб гэтым сведчаць даныя сацыялагічнага апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам.

Пераважная большасць апытаных (82 працэнты) заявілі, што адчуваюць сябе ў бяспецы, знаходзячыся на вуліцы, у грамадскіх месцах. Адмаўляюць гэта 16 працэнтаў рэспандэнтаў.

Параўнальны аналіз у разрэзе рэгіёнаў паказвае, што доля рэспандэнтаў, у той ці іншай ступені ўпэўненых у сваёй бяспецы, найбольшая ў Гродзенскай і Мінскай абласцях (у сярэднім па 86,5 працэнта), найменшая — у Брэсцкім, Магілёўскім рэгіёнах і Мінску (па 79 працэнтаў).

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, дамінантная большасць рэспандэнтаў (43 працэнты) лічаць, што сітуацыя са злачыннасцю ў іх раёне (горадзе, вёсцы) за год палепшылася. Аб тым, што абстаноўка не змянілася, заяўляюць 36 працэнтаў удзельнікаў апытання, пагоршылася — толькі 6 працэнтаў.

Паляпшэнне сітуацыі са злачыннасцю за апошні год часцей адзначаюць жыхары Мінскай вобласці (50,5працэнта), радзей — Брэсцкай і Магілёўскай абласцей (у сярэднім па 37 працэнтаў).

Ацэньваючы дзейнасць органаў унутраных спраў, 39 працэнтаў насельніцтва лічаць, што за апошні год яна не змянілася. На паляпшэнне работы органаў унутраных спраў указалі 28 працэнтаў грамадзян. Аб пагаршэнні выказаліся 6 працэнтаў рэспандэнтаў.

Згодна з вынікамі апытання, рэжым работы і ўмовы абслугоўвання насельніцтва ў структурах МУС задавольваюць 71,5працэнта рэспандэнтаў. Незадаволены рэжымамі работы і ўмовамі абслугоўвання насельніцтва 5 працэнтаў апытаных.

Якасці работнікаў унутраных спраў (аператыўнасць у рабоце, прафесіяналізм, уменне працаваць з людзьмі, прыстойнасць, адказнасць, ветлівасць, тактычнасць, уважлівасць) у той ці іншай ступені задавольваюць 57 працэнтаў рэспандэнтаў.

Вынікі сацыялагічнага апытання паказваюць, што за апошні год, як і папярэднія перыяды, найбольш часта грамадзяне звярталіся па дапамогу, вырашэнне узнікаючых пытанняў у органы ўнутраных спраў (17 працэнтаў). Сярод грамадзян, якія звярталіся за апошні год у гэтыя органы, больш за палавіну засталіся задаволенымі вырашэннем сваіх пытанняў(55,5 працэнта).

Даныя апытання паказалі, што ўзровень даверу органам унутраным спраў склаў 67 працэнтаў, недаверу — 21 працэнт.

Большасць насельніцтва рэспублікі (69 працэнтаў) адчувае сябе абароненым ад магчымага самавольства з боку супрацоўнікаў разглядаемай структуры. Доля тых, хто лічыць сябе неабароненым перад органамі ўнутраных спраў, склала 20,5 працэнта. Не змаглі адказаць 10,5 працэнта грамадзян.

 Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий