Прэзідэнт Беларусі правёў нараду — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прэзідэнт Беларусі правёў нараду

24 сентября 2018 - Александра Джежора
article4198.jpg

 

Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па выніках перагавораў у Сочы

 Аляксандр Лукашэнка: беларуска-расійскія перагаворы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя

Беларуска-расійскія перагаворы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе ў Мінску.

"Асноўная частка перагавораў была сам-насам з Прэзідэнтам (Расіі. - Заўвага БЕЛТА). Перагаворы доўжыліся 6 гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перагаворы. Але выніковыя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць вынікі перагавораў з Расіяй па актуальных пытаннях нашых адносін", - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада.

Улічваючы, што многія тэмы падрабязна абмяркоўваліся менавіта кіраўнікамі дзяржаў у фармаце сам-насам, Аляксандр Лукашэнка комплексна праінфармаваў удзельнікаў нарады аб выніках перагавораў.

У прыватнасці, у Сочы размова ішла аб палітычным узаемадзеянні Беларусі і Расіі як у двухбаковым фармаце, так і ў інтэграцыйных аб'яднаннях, фінансавых узаемаадносінах і выдзяленні крэдытных рэсурсаў, прадаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС і зніжэнні працэнтнай стаўкі, пытаннях супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, паставак нафты і нафтапрадуктаў. Абмяркоўвалася таксама тэма перасячэння грамадзянамі трэціх краін беларуска-расійскай граніцы. Закраналася пытанне тытунёвага рынку і акцызаў. У закрытым рэжыме абмеркаваны блок ваенна-палітычных пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў на нарадзе разам падумаць і абмеркаваць, як у далейшым будуць рэалізоўвацца дасягнутыя дамоўленасці. "Перш за ўсё звязаныя з так званай ператаможкай, пастаўкамі Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, пастаўкамі прыроднага газу і аплаты прыроднага газу з боку Беларусі", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы абмеркавалі палітычнае ўзаемадзеянне і ўкраінскую тэматыку

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы абмяркоўвалі палітычнае ўзаемадзеянне і ўкраінскую тэматыку.

У фармаце сам-насам абмяркоўваліся палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

"Канкрэтныя пытанні для нас, вядомыя пытанні, па АДКБ, перш за ўсё, старшынства ў АДКБ і развіцця гэтай арганізацыі. Шмат увагі мы ўдзялілі вострым пытанням у рамках СНД, якія датычацца нашых абедзвюх дзяржаў. Перш за ўсё - Украіна. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог", - расказаў беларускі лідар.

"Думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень (на саміце СНД. - Заўвага БЕЛТА). Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве ў час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў", - дадаў Прэзідэнт.

Беларусь у бліжэйшы час атрымае шосты транш крэдыту ЕФСР

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на беларуска-расійскіх перагаворах у Сочы 21 верасня абмяркоўваўся блок фінансавых праблем. Ён у прыватнасці нагадаў, што некалькі гадоў таму была дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі крэдытных рэсурсаў ЕФСР у агульным аб'ёме $2 млрд.

"Мы атрымалі пяць траншаў. Застаўся шосты і сёмы. Я не бачу ніякіх праблем з выдзяленнем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне па сёмым траншы. Усё залежыць ад таго, як перш за ўсё беларускі бок у гэтым напрамку будзе працаваць. Думаю, што гэта вырашальнае пытанне. Шосты транш Беларусь атрымае ў бліжэйшы час. Сёмы - гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускіх членаў урада", - заявіў беларускі лідар.

Беларусь і Расія дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі

"Нямала ўвагі ўдзялілі (на перагаворах у Сочы 21 верасня. - Заўвага БЕЛТА) пытанню развіцця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію. Тут ёсць поўнае разуменне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае", - заявіў Прэзідэнт.

Адпаведныя балансы будуць падпісаны або на ўзроўні міністэрстваў, або віцэ-прэм'ераў, якія курыруюць гэты напрамак. "Трэба сказаць, што нашы віцэ-прэм'еры ўжо дзве дарожныя карты распрацавалі па вырашэнні гэтых праблем. Але да ўчарашняга дня, ды і да сённяшняга, гэтыя праблемы ў поўным аб'ёме так і не былі вырашаны", - заўважыў беларускі лідар.

"Мной было пастаўлена пытанне, прычым строга, ужо на другім пасяджэнні ў шырокім складзе аб тым, што нам не трэба дзейнічаць такім чынам, як мы цяпер дзейнічаем. Асабліва з боку Расіі. Нешта не спадабалася - закрылі прадпрыемства. І сёння чатыры з палавінай дзясяткі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і, напэўна, два з палавінай дзясяткі мясаперапрацоўчых не маюць магчымасці ў поўным аб'ёме пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прэзідэнт Расіі мне яшчэ раней гаварыў, што гэта сітуацыя няправільная, непрымальная. І яе трэба выпраўляць. Я думаю, што да канца года гэта сітуацыя будзе кардынальным чынам зменена", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не бачыць неабходнасці ствараць у Расіі дубліруючыя вытворчасці і выступае за кааперацыю

"Размова ішла аб вядомых праблемах машынабудаўнічых комплексаў. Мы шмат увагі ўдзялілі гэтаму на перагаворах у фармаце сам-насам. У тым ключы, што нам не трэба было б паўтараць адну і тую ж вытворчасць, ствараючы прадпрыемствы, асабліва ў Расіі", - адзначыў Прэзідэнт на нарадзе ў Мінску па выніках праведзеных перагавораў.

Ён прывёў прыклад, што калі ў Беларусі ёсць прадпрыемства БелАЗ, то навошта такое прадпрыемства па выпуску аўтамабіляў вялікай грузападымальнасці ствараць у Расіі. "Няма такой неабходнасці. Звернута была ўвага на работу па кааперацыі, як гэта было і раней. Поўнае ўзаемаразуменне з Прэзідэнтам Расіі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Але ўся бяда ў тым, што мы там дрэнна працуем. Дрэнна мы яшчэ працуем са сваімі калегамі - міністр з міністрам, віцэ-прэм'ер з віцэ-прэм'ерам", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таксама гаварылі аб аднолькавых умовах гаспадарання, так званым утылізацыйным зборы", - падзяліўся кіраўнік дзяржавы падрабязнасцямі перагавораў.

Уладзіміра Пуціна здзівіла сітуацыя з квотамі для беларускіх перавозчыкаў 

"Мы таксама абмяркоўвалі пытанне нашых грузаперавозчыкаў. Гэта ненармальна, што Расійская Федэрацыя, выдаючы дазволы на перавозку грузаў, павялічыла для Польшчы, Літвы, Латвіі гэтыя дазволы (іх колькасць. - Заўвага БЕЛТА) аж у тры разы за апошнія тры гады, у той жа час знізіўшы іх для беларускіх перавозчыкаў. Ну якая ж тут Саюзная дзяржава..." - адзначыў беларускі лідар.

"Дарэчы, гэта здзівіла Прэзідэнта Расіі, і я так разумею, што яго проста не інфармавалі па гэтым пытанні. Але сказаў (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА), што гэта ненармальна. Мы гэта пытанне абмяркоўвалі і сам-насам. І што мы павінны выправіць гэту сітуацыю. Зноў жа, пытанне за адпаведнымі членамі ўрадаў Беларусі і Расіі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дадаткова абмеркавалі і знайшлі рашэнне па галоўным пытанні сочынскага парадку перагавораў

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дадаткова абмеркавалі і знайшлі рашэнне па галоўным пытанні сочынскага парадку перагавораў. Адпаведная тэлефонная размова лідараў дзвюх краін адбылася пасля праведзенай у Мінску нарады, дзе абмяркоўваліся вынікі беларуска-расійскіх перагавораў 21 верасня.

"Па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў удакладнілі шэраг пытанняў, якія напярэдадні абмяркоўваліся на перагаворах у Сочы. У прыватнасці, канчаткова вырашана пытанне аб выкананні дамоўленасцей па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за пастаўляемы прыродны газ кампаніі "Газпрам", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе заявіў, што самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на сочынскіх перагаворах, было звязана з вяртаннем грашовых сродкаў ад "ператаможкі" сырой нафты ў беларускі бюджэт, а таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў. "Гэта няпростае, складае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ (на палях маючага адбыцца саміту СНД. - Заўвага БЕЛТА) канчаткова ўзгоднім вырашэнне гэтага пытання, - сказаў Прэзідэнт. - Але фактычна яно вырашана. Трэба выбраць той ці іншы варыянт".

Па  матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий