Пытанні рэалізацыі дэкрэта № 3 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пытанні рэалізацыі дэкрэта № 3

17 февраля 2017 - Administrator
article2968.jpg

Заканчваецца тэрмін выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год па дэкрэце нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Памер збору - 20 базавых велічынь (за 2015 год - Br360). Выплата збору ажыццяўляецца на падставе паведамлення, якое ўручаецца падатковай інспекцыяй асабіста пад роспіс або шляхам заказнога паведамлення (яно лічыцца ўручаным праз 10 каляндарных дзён пасля таго, як адпраўлена). Інфармацыйную базу плацельшчыкаў фарміруе Міністэрства па падатках і зборах на падставе звестак іншых ведамстваў і арганізацый. Усяго па Беларусі было адпраўлена 470 тыс. паведамленняў аб выплаце збору.

Фізічная асоба, якая атрымала паведамленне на выплату збору, мае права прадаставіць у падатковы орган дакументы і (або) тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яе абавязку па выплаце збору. Даныя на працягу 30 дзён разглядаюцца і выносіцца рашэнне, з якім павінен азнаёміцца заяўнік. Яно або пацвярджае раней уручанае паведамленне, або ўносіць змяненні ў суму збору, або паведамленне поўнасцю анулюецца. Акрамя таго, за мясцовымі Саветамі дэпутатаў альбо па іх даручэнні за мясцовымі выканаўчымі або распарадчымі органамі замацавана права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

З улікам усё большай колькасці зваротаў грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" было прынята рашэнне аб правядзенні выязных прыёмаў кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, памочнікамі Прэзідэнта - галоўнымі інспектарамі ў рэгіёнах і начальнікамі асноўных структурных падраздзяленняў Адміністрацыі ў рай- і гарвыканкамах, адміністрацыях раёнаў у гарадах.

Камісіі па разглядзе зваротаў па выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў 18 лютага будуць працаваць па графіку рабочага дня

Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян, што датычацца выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў па дэкрэце нумар 3, будуць працаваць 18 лютага па графіку рабочага дня.

Людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай аб вызваленні ад збору. Да разгляду кожнага выпадку на месцах падыходзяць індывідуальна.

Качанава аб дэкрэце нумар 3: людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач

Людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач. Аб гэтым паведаміла журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў Жодзіне ў час правядзення выязнога прыёму па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Калі чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ён мае права звярнуцца з заявай у мясцовыя органы ўлады, якія надзелены паўнамоцтвамі вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. "Па краіне я ўжо ведаю даволі шмат выпадкаў, калі людзі звярталіся і іх вызвалілі ад выплаты збору. І гэта работа будзе прадоўжана, прычым больш актыўна", - заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што дэкрэт нумар 3 дзейнічае не так шмат часу, а таму ацэньваць яго эфектыўнасць пакуль рана. "Будзе праходзіць маніторынг, мы будзем бачыць рэзультаты яго работы і пасля гэтага прымаць пэўныя рашэнні", - запэўніла яна.

Наконт паведамленняў на выплату збору па фінансаванні дзяржрасходаў, якія былі накіраваны амаль 470 тыс. беларускіх грамадзян, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла: "Неабавязкова, што ўсе гэтыя людзі з'яўляюцца асобамі, якія сёння не заняты нейкай дзейнасцю". Яна растлумачыла, што яшчэ не завяршылася фарміраванне баз даных, яны абнаўляюцца і ўдакладняюцца, а таму тут магчымы памылкі. "Мы нацэльвалі на гэта Міністэрства па падатках і зборах, нашы інспекцыі на месцах, каб яны прасілі выбачэння ў людзей, калі раптам нейкія недакладнасці былі дапушчаны пры накіраванні паведамленняў", - расказала Наталля Качанава. Аднак у гэтай сітуацыі ёсць і другі бок медаля: нядобрасумленныя грамадзяне, якія па пошце адсылаюць іншым "ліпавыя" дакументы на выплату збору. "Інакш кажучы, існуе і нейкая спекуляцыя на гэтым пытанні", - заўважыла яна.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыла, што ў краіне застаецца катэгорыя грамадзян, якія проста не хочуць працаваць. "Але дэкрэт гэты не нацэлены на тое, каб прымусіць некага працаваць. Гэта няправільна. Размова ідзе аб тым, што ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў", - падкрэсліла яна. Пры гэтым Наталля Качанава канстатавала, што ў Беларусі значныя фінансавыя затраты з бюджэту прыпадаюць на сацыяльную сферу, адукацыю і ахову здароўя. "Гэта даброты, якімі карыстаюцца жыхары нашай краіны, таму адпаведным чынам яны павінны ўдзельнічаць у фінансаванні гэтых расходаў", - падкрэсліла яна.

Наталля Качанава таксама дадала, што вядзецца работа па стварэнні новых рабочых месц, каб грамадзяне, якія маюць складанасці з працаўладкаваннем, маглі вырашыць гэта пытанне.

Качанава аб рабоце са зваротамі грамадзян: калі шмат пытанняў даходзіць да вышэйшых інстанцый - гэта няправільна

Калегія па маніторынгу зваротаў грамадзян адбудзецца ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў бліжэйшы час.

"У бліжэйшы час (мы запланавалі яшчэ ў канцы мінулага года) у Адміністрацыі Прэзідэнта адбудзецца калегія, дзе будзе разглядацца пытанне аб зваротах грамадзян", - расказала Наталля Качанава. Паводле яе слоў, праводзіцца маніторынг, будзе дадзена аб'ектыўная ацэнка рабоце па рэалізацыі дэкрэта нумар 3. "Гэта ніякая не піяр-акцыя, што Аміністрацыя выязджае на месцы. Мы і раней выязджалі, і прадоўжым гэта рабіць, калі будзем бачыць, што ў тым ці іншым рэгіёне ўзнікаюць нейкія вострыя сітуацыі", - падкрэсліла яна.

Наталля Качанава адзначыла неабходнасць больш сур'ёзнай работы са зваротамі грамадзян на ўсіх узроўнях. "Мы павінны разглядаць аператыўна, аб'ектыўна тыя звароты, якія паступаюць", - сказала яна. Пры гэтым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўпэўнена: калі шмат пытанняў даходзіць да вышэйшых інстанцый - гэта няправільна. Кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый павінны максімальна вырашаць узнікаючыя праблемы. "Вядома, ёсць пытанні, якія трэба вырашаць на рэспубліканскім узроўні. Але разам з тым гэта паказчык у рабоце мясцовых органаў улады. Калі павялічваецца колькасць паўторных зваротаў, расце колькасць зваротаў у вышэйшыя інстанцыі або калектыўных зваротаў - гэта ўжо сігнал аб тым, што мясцовыя органы ўлады ў нейкіх пытаннях недапрацоўваюць", - лічыць яна.

"Не дзеля паказухі". Адміністрацыя Прэзідэнта вывучае ў рэгіёнах праблемы, якія хвалююць людзей

Выязныя прыёмы грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якія праводзіць у гэтыя дні ў рэгіёнах кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, нацэлены на тое, каб вывучыць хвалюючыя людзей праблемы. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у час такога прыёму ў Рагачове.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што гэта не паказушныя мерапрыемствы. "Адміністрацыя Прэзідэнта імкнецца праехаць па рэгіёнах, паглядзець сітуацыю са зваротамі грамадзян з акцэнтам на самыя актуальныя пытанні, што датычацца рэалізацыі дэкрэта нумар 3, камунальных плацяжоў, сацыяльна-эканамічнай палітыкі і іншых, - сказаў ён. - Мы імкнёмся вывучыць зрэз праблем, якія хвалююць людзей у рэгіёнах".

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што дэкрэт нумар 3 памылкова звязваюць з барацьбой з дармаедствам. "Людзі, якія працуюць і не паказваюць свае даходы, не дармаеды. Яны ствараюць прадукцыю з дабаўленай вартасцю, прыносяць краіне пэўную карысць. Іншае пытанне, што яны не ўдзельнічаюць у пакрыцці сацыяльных расходаў", - растлумачыў ён. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі заклікаў не ўспрымаць сацыяльна арыентаваную палітыку па-ўтрыманску. Дзяржава прадастаўляе кожнаму сацгарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку шляхам сумленнай выплаты падаткаў.

На прыём да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі запісалася 14 члавек. Многія пытанні былі вырашаны на месцы. Падводзячы ў гутарцы з журналістамі вынікі, Максім Рыжанкоў у цэлым пазітыўна ацаніў работу мясцовых улад са зваротамі грамадзян і выказаўся за тое, каб яны больш актыўна карысталіся прадастаўленымі ім па заканадаўстве паўнамоцтвамі пры вырашэнні ўзнікаючых у людзей пытанняў.

Мясцовыя ўлады стараюцца аб'ектыўна падыходзіць да разгляду цяжкіх жыццёвых сітуацый грамадзян - Кавалькоў

Такое меркаванне выказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, які прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях.

"Калі дэкрэт выдаваўся першапачаткова, складана было прадугледзець усе нюансы, калі людзей можна аднесці да плацельшчыкаў гэтага збору або да тых, хто падпадае пад вызваленне ад выплаты. 12 студзеня прыняты дэкрэт нумар 1, згодна з якім мясцовым органам улады даецца права вызваляць тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ад выплаты. Грамадзяне звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады, іх заявы разглядаюцца, і мы ведаем шэраг выпадкаў, калі станоўчае рашэнне прынята", - расказаў Валерый Кавалькоў.

Паводле яго слоў, органы ўлады імкнуцца аб'ектыўна разглядаць усе сітуацыі і пры наяўнасці падстаў вызваляць людзей ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. "Для гэтага ствараецца спецыяльная камісія, у якую запрашаюцца эксперты ў той галіне, на якую чалавек будзе рабіць спасылку ў сваіх тлумачэннях. Напрыклад, калі ён хварэў, значыць, гэта будуць спецыялісты з сферы аховы здароўя", - растлумачыў Валерый Кавалькоў.

"Але мы павінны разумець: калі чалавек проста не хацеў працаваць (бываюць, на жаль, і такія выпадкі), што пацвярджаецца зваротамі ў службу занятасці, калі прыходзіць беспрацоўны, просіць знайсці яму работу, але пры гэтым удакладняе, што гатовы разглядаць толькі вакансію дырэктара. Гэта значыць, ён ставіць такія ўмовы, якія выканаць практычна нерэальна, асабліва калі гэты чалавек ніколі на кіруючай пасадзе не працаваў", - заўважыў намеснік міністра.

У ходзе пасяджэння ён таксама закрануў тэму рассылкі паведамленняў на выплату збору. Паводле яго слоў, як толькі будуць наладжаны інфармацыйныя базы, непаразуменні будуць ліквідаваны. "Адзіная праблема - міграцыя рабочай сілы. У нашых пяці краінах (ЕАЭС. - Заўвага БЕЛТА) яна свабодная, і абмену інфармацыяй аб наёмных работніках пакуль няма", - заўважыў Валерый Кавалькоў.

У сваю чаргу намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка звярнула ўвагу, што цяпер падатковымі органамі праводзіцца работа па далейшым фарміраванні базы даных, паколькі грамадзянамі прадастаўляюцца дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць іх абавязку па выплаце збору. "База даных плацельшчыкаў фарміруецца ўпершыню. На жаль, улічыць усіх аўтаматычным спосабам не ўяўляецца магчымым. Неабходна сабраць дакументы і даныя аб грамадзянах для таго, каб сказаць, прымаюць яны ўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў або не", - растлумачыла яна.

Паводле слоў Святланы Шаўчэнка, склалася сітуацыя, калі людзі працуюць за мяжой (напрыклад, у Расіі), але атрымалі паведамленні. Калі ў іх адсутнічае абавязак па выплаце збору, таксама неабходна прадаставіць даныя ў падатковы орган. Пры гэтым не абавязкова з'яўляцца асабіста - можна скарыстацца сэрвісам "Электронныя звароты" на сайце МПЗ. Не выключана, што толькі тлумачэння ад грамадзяніна будзе дастаткова, каб ануляваць паведамленне. Акрамя таго, можна прадаставіць дакументы па пошце або асабіста з'явіцца ў падатковы орган.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская дадала, што дэпутатам паступіла даволі шмат зваротаў наконт рэалізацыі дэкрэта. Паводле яе слоў, узнікаючыя пытанні патрабуюць растлумачэння і рэгулявання, асабліва што датычыцца паняцця "цяжкая жыццёвая сітуацыя". У тым ліку маюць патрэбу ў дадатковых растлумачэннях мясцовыя органы ўлады, перад якімі стаіць задача разглядаць заявы.

Медыцынскія прычыны - адны з галоўных у вызваленні ад выплаты збору па дэкрэце нумар 3

Аднымі з галоўных прычын вызвалення грамадзян ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў па дэкрэце нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" з'яўляюцца медыцынскія.

Цяжкая жыццёвая сітуацыя - аб'ектыўныя абставіны, якія не залежаць ад грамадзяніна. Напрыклад, чалавек у пачатку года працаваў і меў пастаянны стабільны даход, потым ён страціў работу з-за таго, што даглядаў хворага чалавека. У такім выпадку ён можа звярнуцца ў мясцовы орган улады і атрымаць вызваленне ад выплаты збору. Атрымальнікі дзяржаўных дапамог з'яўляюцца ўдзельнікамі фінансавання дзяржрасходаў і вызваляюцца ад выплаты збору. Акрамя таго, асаблівая катэгорыя - бацькі, якія даглядаюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Да цяжкай жыццёвай сітуацыі можа адносіцца рэабілітацыя і іншыя абставіны.

Так, у Брэсце ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год вызвалены амаль 50 працэнтаў заяўнікаў. Сярод заяўнікаў, якія атрымалі станоўчы адказ, шмат тых, хто працяглы час хварэў або сам даглядаў састарэлых сваякоў, пражываў за межамі краіны. Падатковая льгота таксама прадастаўлена грамадзянам, якія праходзілі службу ў радах Узброеных Сіл, якія знаходзіліся ў водпусках па доглядзе дзяцей.

У Рэчыцкім раёне каля 60 працэнтаў заяўнікаў, якія падалі заяву на вызваленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, атрымалі станоўчы адказ. "Рабочая група разглядае кожную канкрэтную сітуацыю з пазіцый чалавечнасці. Пры прыняцці рашэння ўлічваюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх пражывае чалавек, стан яго здароўя, наяўнасць утрыманцаў, іншыя аб'ектыўныя абставіны", - адзначыла старшыня Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Бадзюля, якая ўзначальвае рабочую групу па разглядзе такіх заяў.

У Гродзенскай вобласці ад збору па дэкрэце нумар 3 вызвалілі больш за 110 чалавек. Грамадзяне, якія разлічваюць на вызваленне ад выплаты збору ў сувязі са складанай жыццёвай сітуацыяй, звяртаюцца з заявай у службу "адно акно" гар-, райвыканкамаў. У большасці раёнаў вобласці звароты разглядаюць спецыяльна створаныя камісіі ў складзе прадстаўнікоў падатковай службы, дэпутацкага корпуса, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, органаў унутраных спраў, аховы здароўя і іншых ведамстваў.

Ва ўсіх абласцях прадстаўнікі камісій па разглядзе зваротаў грамадзян па вызваленні ад выплаты падатку падкрэсліваюць: кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

Па матэрыялах БелТА. 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий