Рабочая паездка Прэзідэнта ў Магілёўскую вобласць — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Рабочая паездка Прэзідэнта ў Магілёўскую вобласць

25 июля 2016 - Administrator
article2581.jpg

22 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і добраўпарадкаванні абласнога цэнтра. Прэзідэнт наведаў прамысловыя прадпрыемствы Магілёва, сустрэўся з кіраўніцтвам вобласці, прадпрыемстваў, працоўнымі калектывамі.

Лукашэнка патрабуе мультыплікатыўнага эфекту ў развіцці прампрадпрыемстваў

Аб гэтым ён заявіў, наведваючы ў Магілёве прадпрыемства "Тэхналіт".

У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнту далажылі аб развіцці інавацыйных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці высакаякасных дэталей рухавікоў і гідратрансмісій, развіцці экспарту і імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка асабліва цікавіўся перспектывамі развіцця прадпрыемства. "Тое, што створана добрая вытворчасць, - гэта факт. Але гэта зярнятка, якое добра ўзышло, прарасло. Сёння ўбяром, а заўтра трэба пасеяць, каб больш атрымаць. Павінен быць мультыплікатыўны эфект", - сказаў Прэзідэнт.

 

Міністр прамысловасці Віталь Воўк далажыў кіраўніку дзяржавы аб прапанове прадаставіць дадатковыя плошчы для развіцця "Тэхналіта" на магілёўскім заводзе "Строммашына", на базе якога прапануецца стварыць індустрыяльны парк з рознымі вытворчасцямі. Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў неабходнасці такога кроку. "Мы дамаўляліся, калі прафсаюзы паставілі пытанне па "Строммашыне", што гэта прадпрыемства як адзіную каманду і тэрыторыю мы "пасадзім" на нейкую сур'ёзную вытворчасць", - сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, як варыянт на плошчах "Строммашыны" можна было б наладзіць вытворчасць рознага абсталявання для калійнай галіны, паколькі цяпер на яго імпарт трацяцца вялікія сродкі. "І гэта прадпрыемства ("Строммашына". - Заўвага БЕЛТА) будзе як цэласны комплекс, яго не трэба будзе дзяліць па цэхах, і так любое прадпрыемства можна падцягнуць, калі гэтага захацець".

 

Як расказаў журналістам дырэктар "Тэхналіта" Аляксандр Бадзяка, прадпрыемства паспяхова працуе і развіваецца дзякуючы распрацаванай інавацыйнай тэхналогіі ліцця, якая не адноўлена нікім у свеце. "Мы атрымліваем высокую якасць ліцця для дробных серый дэталей спецтэхнікі і занялі нішу, якая не пад сілу спецыялізаваным заводам, што масава выпускаюць такія вырабы", - сказаў ён.

 

Дырэктар растлумачыў, што стварэнне ліцейных вытворчасцей на прадпрыемствах, якія маюць патрэбу ў невялікіх серыях такіх дэталей, як правіла, прыводзіць да высокага сабекошту і нізкай якасці прадукцыі. "У выніку шэраг прадпрыемстваў у Беларусі і Расіі закрылі свае ліцейныя вытворчасці на карысць нашых вырабаў. Дробныя серыі дэталей, якія яны рабілі пад сябе, перадалі нам, - расказаў Аляксандр Бадзяка. - У нас сёння ўжо не хапае вытворчых плошчаў, мы будуемся і развіваемся".

"Тэхналіт" займаецца вытворчасцю камплектуючых дэталей да аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай, дарожнай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. Завод выпускае шырокую наменклатуру прадукцыі са спецыяльных зносастойкіх чыгуноў, што атрымліваюцца новым метадам ліцця - намарожваннем. Такі спосаб вытворчасці не мае аналагаў у свеце, за яго распрацоўку і прамысловую рэалізацыю прадпрыемства ўдастоена Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Такая тэхналогія ліцця, абароненая патэнтамі і аўтарскімі пасведчаннямі, забяспечвае абсалютна новыя пластычныя і зносастойкія ўласцівасці чыгуноў і дае магчымасць паспяхова замяняць імі легіраваныя сталі і бронзы ў вузлах адказнага прызначэння.

 

Прадукцыя "Тэхналіта" пастаўляецца на сотні беларускіх прадпрыемстваў, пачынаючы ад ваенна-прамысловага сектара да чыгункі і вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод пастаянных спажыўцоў - ААТ "МТЗ", "МАЗ", "БелАЗ", "МЗКЦ", "Гомсельмаш", ПАТ "КамАЗ", ААТ "Уральскі кампрэсарны завод".

Запатрабавана прадукцыя "Тэхналіта" і за мяжой - у Расіі, Казахстане, Украіне, краінах Еўрасаюза, ЗША. На экспарт пастаўляецца практычна 80 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства.

 

Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пераадолеюць спад прамысловай вытворчасці

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы з працоўным калектывам ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання".

"Рух ёсць. Думаю, што пасля сённяшняй размовы павялічым тэмпы руху наперад. Мы павінны пераадолець той спад, які адбыўся, на жаль. Але не па нашай віне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сітуацыя была няпростая, але я бачу, што яна нават у Магілёўскай вобласці пачынае выпраўляцца".

Прэзідэнт расказаў, што сёння наведаў Магілёўскую вобласць, каб вывучыць сітуацыю ў рэгіёне. "Я хацеў на свае вочы ўбачыць, у якім напрамку развіваецца горад і яго прадпрыемствы. За апошнія гады мы некалькі разоў падыходзілі да мадэрнізацыі рэгіёна, ад многага адмаўляліся. Чарговы раз у канцы мінулага года вызначыліся, у якім напрамку будзем развіваць нашы прадпрыемствы, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - У мінулым годзе скончылі стварэнне вытворчых аб'яднанняў і холдынгаў. Гэта дало магчымасць больш вырабляць уласнай прадукцыі. І мне было цікава, што адбываецца пасля ўсіх прынятых мер".

 

Наведваючы ААТ "Магілёўліфтмаш", Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады аб развіцці прадпрыемства, аб выпуску новай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. Таксама Прэзідэнт азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння і вытворчасцю ліфтавага абсталявання па сучасных тэхналогіях.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "Магілёўліфтмаш" - прадпрыемства рэспубліканскага значэння і яго неабходна актыўна развіваць. "Чаго б нам ні каштавала, мы такія прадпрыемствы будзем захоўваць. Мы не будзем іх закрываць, разбураць, некаму прадаваць, таму што тут ёсць людзі, якія ўмеюць працаваць. Мы толькі будзем нарошчваць у холдынгу аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, патрэбнай на сусветных рынках. Перспектыва вялікая", - падкрэсліў Прэзідэнт.

 

ААТ "Магілёўліфтмаш" - адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе шырокую гаму грузавых і пасажырскіх ліфтаў, а таксама пад'ёмнага абсталявання для маламабільных груп насельніцтва. Завод паспяхова развіваецца і не мае праблем са збытам прадукцыі. За першае паўгоддзе 2016 года выпушчана 5250 ліфтаў, што на 600 адзінак больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Складскія запасы практычна адсутнічаюць. Цяпер ААТ "Магілёўліфтмаш" рэалізуе два інвестыцыйныя праекты, якія дадуць магчымасць асвоіць вытворчасць новага мадэльнага рада ліфтаў эканомкласа, бізнес-класа і ліфтаў для вышыннага будаўніцтва, а таксама стварыць вытворчасць эскалатараў. Праекты павінны быць рэалізаваны да 2020 года.

 

Лукашэнка абяцае падтрымліваць малы і сярэдні бізнес у тым ліку за кошт кітайскіх рэсурсаў

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што наведаў прадпрыемства "Тэхналіт", каб паглядзець, як развіваецца малы і сярэдні бізнес. "Мы дамовіліся з Кітайскай Народнай Рэспублікай, што фінансава недарагімі крэдытамі яны нам дапамогуць: выдзеляць пэўныя сродкі, каб мы маглі праінвесціраваць такія прадпрыемствы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Кітай выдзеліць Беларусі прыкладна паўмільярда долараў для гэтых мэт. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што малыя і сярэднія прадпрыемствы больш гібкія, яны гатовы вырабляць прадукцыю для гігантаў беларускай прамысловасці, якім нявыгадна выпускаць дробную прадукцыю для сваіх патрэб. Паводле слоў Прэзідэнта, наведваючы завод "Тэхналіт", ён яшчэ раз пераканаўся, што неабходна знаходзіць людзей, якія хочуць стварыць свае прадпрыемствы. "Іх трэба падтрымліваць аж да стварэння імі ўласнага прадпрыемства", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Лукашэнка: у Беларусі дастаткова рабочых месц для тых, хто жадае працаваць

"Галоўны мой клопат, каб людзі былі заняты, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для жадаючых працаваць я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё рабочае месца. І такіх рабочых месц і ўмоў для стварэння рабочых месц сёння дастаткова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што людзі павінны і самі шукаць для сябе работу. "Калі раптам у Магілёве не будзе рабочага месца, то яно будзе ў Бабруйску, Мінску, Гродне, Светлагорску, Добрушы", - сказаў Прэзідэнт.

 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для тых людзей, якія хочуць і ўмеюць працаваць, у краіне будуць стварацца рабочыя месцы.

"Але, давайце шчыра, ці ўсе гэтага хочуць (працаваць. - Заўвага БЕЛТА)?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма размеркавання пасля заканчэння ВНУ таксама была ўведзена для таго, каб маладыя людзі не засталіся без работы. "Мы заўсёды прадастаўляем першае рабочае месца, людзей на вуліцу не выкідваем, гатовы дапамагаць ім і падтрымліваць іх", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама заўважыў, што ў краіне ўсё роўна можа быць невялікі ўзровень беспрацоўя, прычым у Беларусі ён у разы меншы, чым у многіх дзяржавах.

 

Лукашэнка: "ваяваць" супраць улады ў Беларусі можна толькі на выбарах

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, размаўляючы з калектывам "Магілёўліфтмаша".

"Што датычыцца бяспекі, вы можаце за гэта не перажываць. Але залішне мяне не крытыкуйце за жорсткую палітыку. Хоць я не пераціскаю, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - А мы нікому не закрываем рот. Калі вы хочаце кагосьці пакрытыкаваць, камусьці зрабіць заўвагу, зрабіце гэта на вытворчасці карэктна. Для гэтага ў вас ёсць адпаведныя сходы. Выйдзі і скажы. І няхай толькі хто-небудзь потым паспрабуе заткнуць вам рот. Чалавек павінен свабодна выказваць сваё меркаванне".

 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, абсалютна не варта і ў прыватным парадку баяцца абмяркоўваць тыя ці іншыя моманты грамадска-палітычнага жыцця. "Ніколі нічога не бойцеся, гаварыце аба мне, аб кім хочаце, але помніце, што "ваяваць" (як у Турцыі, супраць Прэзідэнта і ўлады) можна толькі на выбарах. Будуць парламенцкія выбары - ідзіце і галасуйце за тых, хто вам патрэбны, каго вы хочаце выбраць. Прыйдуць прэзідэнцкія выбары - галасуйце так, як вы хочаце. Я гавару гэта шчыра і буду гэта забяспечваць. Нікога нельга прымушаць там, дзе ён мае права свабодна гаварыць і выказвацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі нейкая група людзей паспрабуе выйсці на вуліцы і арганізаваць беспарадкі, то рэакцыя ўлады будзе імгненнай. "Таму што будзе, як у Арменіі або Казахстане, - нам гэтага не трэба. Гэта - зараза, хвароба. Калі яна ўжо ў грамадства ўкаранілася, то імгненна, як ракавая пухліна, пачынае разрастацца. І тады патрэбна будзе шмат намаганняў, сродкаў і, не дай бог, жыццяў, каб гэта спыніць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка: галоўныя фактары бяспекі Беларусі - эканоміка і дэмаграфія

Адна з работніц прадпрыемства пацікавілася: ад чаго залежыць бяспека і спакой у беларускім грамадстве і што трэба рабіць для іх захавання.

"Нам патрэбны людзі. На гэтым беларускім кавалку зямлі павінна жыць як мінімум у два разы больш чалавек - 20 мільёнаў. Гэта таксама бяспека, абарона, моц краіны. У нас насельніцтва не хапае, - заявіў Прэзідэнт. - Другое, што нас павінна хваляваць у плане бяспекі, - гэта работа эканомікі і прадпрыемстваў. Павінна працаваць вёска, горад - прамысловасць, транспарт, сувязь, будаўніцтва і гэтак далей. Калі ў нас будуць заняты людзі, гэта таксама моц дзяржавы. Можаце не перажываць, іншых праблем на сённяшні дзень у беларусаў няма".

 

Што датычыцца забеспячэння бяспекі ў краіне, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна гэта пытанне абмяркоўвалася са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам. "Я папярэдзіў яго і ўсіх іншых, хто носіць сёння пагоны, - усе мы, ад Прэзідэнта да радавога міліцыянера, супрацоўніка КДБ, МНС, пажарнага, адказваем перад людзьмі за бяспеку, і мы павінны, чаго б нам гэта ні каштавала, яе забяспечыць, як бы ні было складана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Галоўнае - гэта наша з'яднанасць. Мы не павінны расслабляцца, думаючы, што недзе ваююць, а мы тут добра жывём", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу яшчэ на адзін аспект бяспекі грамадзян, але ўжо не на дзяржаўным, а на бытавым узроўні. Ён нагадаў пра шматлікія факты гібелі дзяцей на вадаёмах, выпаданне з акон жылых дамоў. "Гэта ж мы з вамі павінны рабіць, гэта таксама бяспека канкрэтнай сям'і. А паглядзіце, як мы сябе паводзім у аўтамабілях, колькі затрымліваем п'яніц, а наркотыкі? І хоць у нас гэта не самыя страшныя праблемы на фоне іншых, але людзей жа гіне нямала", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка ў Магілёве незапланавана наведаў праблемныя "Строммашыну" і "Магілёўтрансмаш"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка незапланавана наведаў два праблемныя прамысловыя прадпрыемствы абласнога цэнтра: завод "Строммашына" і філіял ААТ "МАЗ" завод "Магілёўтрансмаш".

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы на абодвух прадпрыемствах запрасілі прадстаўнікоў працоўных калектываў, прафсаюзных работнікаў, каб у іх прысутнасці абмеркаваць перспектывы гэтых заводаў.

Як адзначыў Прэзідэнт, на "Строммашыну" ён ужо даўно планаваў прыехаць, і гэты візіт з'яўляецца толькі прамежкавым. "Спецыяльна тут са мной міністр вашай галіны (міністр прамысловасці Віталь Воўк. - Заўвага БЕЛТА). Скажу адразу: угробіць "Строммашыну" не атрымаецца", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не задаволены цяперашнім станам прадпрыемства. Ён заявіў аб неабходнасці дакладнага бачання перспектыў яго развіцця. "Строммашына" будзе працаваць, тут будзе магутны працоўны калектыў, які вы створыце самі. Закасвайце рукавы або, як вы там жартуеце ў інтэрнэце, "распранайся і працуй". Можаце распранацца, можаце не, але з заўтрашняга дня вы пападаеце пад мой строгі кантроль. Вы павінны рухацца і зрабіць максімум самі", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на важнасць забеспячэння працоўнай дысцыпліны, падтрыманне высокай якасці прадукцыі, каб яна была канкурэнтаздольная.

"Той, хто не хоча працаваць, павінен пайсці. Але я не думаю, што на "Строммашыне" шмат такіх людзей. Гэта заўсёды было магутнае прадпрыемства, дзе працавалі сумленныя і адказныя людзі", - адзначыў ён.

"Таму пачынайце варушыцца - ад вас, міністра да ўрада", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб да 1 студзеня стан прадпрыемства даваў магчымасць работнікам быць упэўненымі ў перспектыўнасці вытворчасці. "А да канца 2017 года вы павінны людзям паказаць, што гэта нармальнае прадпрыемства, якое вырабляе добрую прадукцыю, - сказаў Прэзідэнт. - "Строммашына" - справа нашага гонару, мы павінны аднавіць гэта прадпрыемства".

 

У гэтым жа рэчышчы ішла размова з працоўным калектывам і на "Магілёўтрансмашы". "Хачу папярэдзіць і кіраўнікоў холдынга і прадпрыемства, што, як і на "Строммашыне", я шмат не прашу: да 1 студзеня людзі павінны быць упэўнены ў тым, што гэта прадпрыемства будзе жыць і працаваць. А для гэтага патрэбны заказы і зарплаты", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана Аляксандру Лукашэнку, адной з праблем на гэтым прадпрыемстве з'яўляецца няхватка абаротных сродкаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў, што з такімі цяжкасцямі сутыкаюцца і многія іншыя прадпрыемствы, аднак прадастаўленне ў доўг фінансавых сродкаў павінна быць строга абумоўлена канкрэтнымі планамі па рэалізацыі прадукцыі і вяртанні выдзеленых рэсурсаў. "Калі так, то пытанне вырашана. А калі вы хочаце ўзяць грошы, некалі вырабіць тавар, аддаць бясплатна з адтэрміноўкай і невядома калі вярнуць гэтыя грошы - тады не. Я не хачу змярцвіць дадаткова мільёны долараў або рублёў", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

"Перш чым што-небудзь вырабляць, знайдзіце пакупніка гэтай прадукцыі. Мы вам пад гэта дапаможам, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта сапраўды добрае прадпрыемства, і я нікому не дазволю яго загубіць".

Як і на іншых прадпрыемствах, самае важнае, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, забеспячэнне высокай канкурэнтаздольнасці.

"Трэба рабіць тое, што мы ўмеем, чапляцца за рынкі і рабіць якасна, зніжаючы сабекошт", - падкрэсліў ён.

Аб канкрэтных вытворчых планах у прысутнасці працоўных калектываў кіраўніку дзяржавы і работнікам прадпрыемстваў падрабязна расказалі міністр прамысловасці Віталь Воўк і гендырэктар ААТ "МАЗ" Дзмітрый Кацярыніч.

 

Нямецкі банк гатовы дапамагчы ААТ "Магілёўхімвалакно" ў мадэрнізацыі

Аб гэтым у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Руднік.

Паводле слоў Пятра Рудніка, 12 ліпеня было заключана пагадненне паміж Беларусбанкам і адным з банкаў Германіі на суму больш як 27 млн еўра. "Нямецкі банк гатовы выдзеліць нам гэтыя грошы пад невялікую працэнтную стаўку для закупкі абсталявання і мадэрнізацыі хімічнага цэха нумар 2. Нямецкая страхавая кампанія 28 ліпеня павінна разгледзець звароты двух банкаў і прыняць рашэнне. Немцы гавораць, што яно павінна быць станоўчым. Мы таксама спадзяёмся на гэта", - сказаў гендырэктар прадпрыемства.

 

Кіраўнік растлумачыў, што мадэрнізацыя дасць магчымасць выпускаць новыя віды валокнаў, якія запатрабаваны на еўрапейскім рынку. У час даклада было таксама адзначана, што прадпрыемства не стаіць на месцы, яго вытворчыя магутнасці загружаны на 100 працэнтаў, а складскія запасы складаюць не больш як 30 працэнтаў. Звыш за палавіну прадукцыі завод экспартуе ў Расію і краіны Еўрасаюза.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемства мае шмат пустуючых будынкаў і незадзейнічаную тэрыторыю. Як расказаў Пётр Руднік, усяго на заводзе ёсць 95 будынкаў, якія закансерваваны. Іх астаткавы кошт складае Br108 млрд (недэнамінаваных рублёў).

 

Прэзідэнт сказаў, што ў лістападзе наведае ААТ "Магілёўхімвалакно". Да гэтага часу кіраўніцтву прадпрыемства неабходна прыняць рашэнне, што рабіць з пустуючымі тэрыторыямі, распрацаваць план па далейшым развіцці завода.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий