Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі

30 августа 2016 - Administrator
article2655.jpg

 Інфляцыю ў 2016 годзе можна будзе ўтрымаць у межах 12 працэнтаў - Кабякоў

Ва ўрадзе разлічваюць, што інфляцыю ў 2016 годзе ў Беларусі можна будзе ўтрымаць у межах 12 працэнтаў. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы 23 жніўня.

"Мы інфармавалі, што, на жаль, у той матрыцы задач, якая вызначана кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны. Гэта паказчык інфляцыі, - заявіў Андрэй Кабякоў. - Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што па выніках года, як і прадугледжвалася, інфляцыя не перавысіць 12 працэнтаў".

Прэм'ер-міністр удакладніў, што ў жніўні на працягу першай палавіны месяца нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязана з сезонным фактарам.

Што датычыцца іншых паказчыкаў, была звернута ўвага, што па пераважнай большасці з іх прысутнічае дадатная дынаміка, якая характарызуе якасныя змяненні ў эканоміцы.

 

"Мы паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны. Абмеркаваны праблемныя пытанні, якія датычацца функцыянавання праблемных дзяржпрадпрыемстваў. Разгледжана выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідзіравання ў сферы ЖКГ.

 

Кабякоў: па выніках работы на 1 верасня Беларусь зможа прэтэндаваць на трэці транш крэдыту ЕФСР

"Праграма рэалізуецца паспяхова. І ёсць усе перадумовы для таго, што мы можам па выніках работы на 1 верасня прэтэндаваць і на трэці транш. Сітуацыя на валютным рынку даволі стабільная. Існуе прафіцыт прапанавання валюты на рынку. Нацыянальны банк ажыццяўляе куплю і папаўненне ЗВР за кошт гэтага прафіцыту", - заявіў прэм'ер-міністр.

 

Акрамя таго, паводле слоў Андрэя Кабякова, на мінулай сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся і пытанні, звязаныя з магчымым супрацоўніцтвам з МВФ.

Як паведамлялася, у канцы ліпеня Беларусі быў пералічаны другі транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры $300 млн. Сродкі паступілі ў рэспубліканскі бюджэт 29 ліпеня.

Міністэрства фінансаў Беларусі і Еўразійскі банк развіцця 25 сакавіка 2016 года падпісалі пагадненне аб прадастаўленні фінансавага крэдыту са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Пагадненнем прадугледжана выдзяленне фінансавых рэсурсаў на суму $2 млрд у падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка Беларусі на 2016-2018 гады, адобраных Саветам Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

Сродкі будуць прадастаўлены сямю траншамі на працягу 2016-2018 гадоў: два траншы пералічаны ўжо, у 2016 годзе чакаецца яшчэ адзін транш, тры - у 2017-м і адзін - у 2018 годзе.

 

Амаль 10 працэнтаў сем'яў у Беларусі з 1 кастрычніка змогуць скарыстацца безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі

 

З 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прапановай урада. Праект адпаведнага ўказа быў прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку.

Разлічваць на падтрымку змогуць сем'і, дзе аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе перасягаць устаноўлены працэнт ад сукупнага даходу. "Для гараджан гэта расходы больш за 20 працэнтаў у сукупным даходзе, а для сельскай мясцовасці - 15 працэнтаў", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Прадастаўленне гэтых субсідый пенсіянерам і інвалідам з 1 кастрычніка будзе ажыццяўляцца па выяўляльным прынцыпе, гэта значыць аўтаматычна. Астатнія грамадзяне для атрымання безнаяўных субсідый павінны будуць звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі.

 

Усяго на гэтыя мэты, паводле ацэнкі ўрада, спатрэбіцца накіраваць амаль Br50 млн (дэнамінаваных рублёў). "Гэтыя грошы ў бюджэце ёсць. Яны атрымліваюцца за кошт таго, што на працягу гэтага гэта былі зніжаны затраты на аказанне ЖКП і, як вы помніце, у пачатку года было пэўнае павышэнне шэрага тарыфаў на ЖКП. Усё гэта ў сукупнасці дало магчымасць перад пачаткам ацяпляльнага сезона аказваць такія безнаяўныя жыллёвыя субсідыі тым катэгорыям грамадзян, якія сапраўды ў гэтым маюць патрэбу", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле папярэдніх ацэнак, безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі ў Беларусі змогуць скарыстацца каля 10 працэнтаў, або амаль 400 тыс. сем'яў.

 

Кабякоў аб тарыфах на ЖКП у ацяпляльны сезон: разглядаем розныя варыянты

"Аналізуем, разглядаем розныя варыянты. У любым выпадку мы будзем у максімальнай ступені пры ўмове планавання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі разглядаць катэгорыі грамадзян, якія не змогуць зрабіць адпаведную аплату з-за ўзроўню даходаў. Прынцып адзін: хто можа, той павінен плаціць, а тым, хто не зможа з-за аб'ектыўных прычын, дзяржава акажа сацыяльную падтрымку", - заявіў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што і кіраўнік дзяржавы патрабуе адпаведнага падыходу.

 

Ён заключаецца ў тым, што калі ўрад плануе нейкія рашэнні, якія могуць паўплываць на жыццёвы ўзровень насельніцтва, то неабходна адрасным чынам у адносінах да канкрэтных катэгорый грамадзян прадугледжваць нівеліруючыя меры.

"Гэта значыць канцэпт сацыяльнай дзяржавы, што мы сваіх грамадзян не кінем у цяжкую хвіліну і заўсёды, плануючы тыя ці іншыя рашэнні, будзем прадугледжваць пэўныя меры па абароне. Гэта патрабаванне Прэзідэнта, ад якога ўрад не мае права адступаць", - дадаў прэм'ер-міністр.

 

Давер да банкаўскай сістэмы Беларусі захоўваецца як унутры краіны, так і за мяжой - Калаур

Аб гэтым заявіў 23 жніўня журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур.

"Нягледзячы на тое, што мы сутыкнуліся ў гэтым годзе з новымі выклікамі - гэта зніжэнне экспарту ў цэнавым выражэнні, у першую чаргу па такіх групах, як нафтапрадукты і калій - урад і Нацбанк разам з банкаўскай сістэмай прынялі адпаведныя меры, якія далі магчымасць сітуацыю на валютным рынку істотна стабілізаваць. Гэты стабільны стан прагназуецца і да канца года", - заявіў старшыня праўлення Нацбанка.

 

Паводле яго слоў, у час даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу ўрада і Нацбанка, а таксама іншых банкаў на неабходнасць прыкласці адпаведныя намаганні для захавання належнай рэсурснай падтрымкі непасрэдна для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі.

"Давер да банкаў захоўваецца з боку партнёраў за межамі краіны. Банкі не зніжаюць, а павялічваюць рэсурсную базу за кошт сродкаў нерэзідэнтаў. Захоўваецца давер да банкаўскай сістэмы і ўнутры нашай краіны, што выяўляецца ў пэўнай дынаміцы ўкладаў насельніцтва", - канстатаваў Павел Калаур.

 

Калаур: далейшае зніжэнне стаўкі рэфінансавання будзе цесна ўвязана з плацежным балансам краіны

 

"Што датычыцца далейшых крокаў, безумоўна, мы будзем дзейнічаць вельмі ўзважана, асцярожна, ацэньваючы ў першую чаргу стан плацежнага балансу, робячы адпаведныя прагнозы на будучае", - заявіў старшыня праўлення Нацбанка.

Павел Калаур падкрэсліў, што Нацбанк праводзіць сваю палітыку ў цесным узаемадзеянні з урадам. "Пазітыўныя вынікі манетарнай палітыкі шмат у чым абумоўлены тымі мерамі, якія прымаюцца ў фіскальнай і эканамічнай сферах. Праводзячы такую збалансаваную палітыку, маючы пазітыўны рэзультат па інфляцыі, па сітуацыі на валютным рынку, праўленне Нацбанка свядома і цалкам прафесіянальна зрабіла выбар у частцы таго, каб яшчэ раз знізіць стаўку рэфінансавання. Мы ведаем, што гэта выклікала пэўную дыскусію грамадскасці. Але тым не менш гэта цалкам усвядомленыя і прафесіянальныя дзеянні з улікам той макраэканамічнай сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы", - заявіў ён.

 

ВУП Беларусі ў 2017 годзе плануецца павялічыць на 1,5 працэнта

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2017 годзе плануецца павялічыць на 1,5 працэнта, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў 23 жніўня.

Гаворачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год, кіраўнік урада адзначыў, што колькасныя значэнні адпавядаюць мэтавым арыенцірам пяцігодкі. Важнейшымі паказчыкамі для ўрада і Нацыянальнага банка вызначаны рост ВУП на 1,5 працэнта, рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 1,2 працэнта, рост прадукцыйнасці працы па ВУП на 1,6 працэнта і яго перавышэнне над тэмпамі росту рэальнай заработнай платы. Экспарт тавараў і паслуг павінен павялічыцца на 3,6 працэнта; сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі плануецца дадатным на ўзроўні $103 млн, або плюс 0,2 працэнта да ВУП; прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) запланаваны ў аб'ёме $1,4 млрд.

 

Паводле слоў Андрэя Кабякова, стаіць задача выхаду на адназначныя параметры інфляцыі - 109 працэнтаў (снежань да снежня 2016 года).

"Няўхільна будзем захоўваць прыярытэт збалансаванага развіцця эканомікі - гэта збалансаванасць плацежнага балансу і бюджэту, выкананне знешніх абавязацельстваў без зніжэння золатавалютных рэсурсаў краіны, зніжэнне інфляцыі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Цяпер завяршаецца работа па фарміраванні мэтавых задач для міністэрстваў, канцэрнаў і прадпрыемстваў. Падыходы да выбудоўвання ключавых паказчыкаў эфектыўнасці для ўсёй вертыкалі ўлады, як і планавалася, не будуць істотна зменены ў параўнанні з гэтым годам. "Асноўны акцэнт робім на якасныя паказчыкі росту і экспарт. Усе яны будуць улічаны ў пастанове ўрада, і тым самым мы сфарміруем вертыкальна інтэграваную матрыцу задач, пачынаючы ад урада да кіраўнікоў прадпрыемстваў, праз сістэму бізнес-планавання", - адзначыў кіраўнік урада.

 

Гаворачы аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што ён захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць.

"У поўным аб'ёме ўлічаны ўсе расходы па сацыяльных выплатах, і, нягледзячы на вельмі абмежаваныя магчымасці бюджэту, захаваны на ўзроўні бягучага года рэсурсы для падтрымкі экспарту", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"У 2017 годзе мы павінны не толькі захаваць, але і нарасціць золатавалютныя рэзервы дзяржавы. Ставім для сябе арыенцір у памеры плюс $500 млн. Задача складаная, але пры зладжаных дзеяннях урада і Нацыянальнага банка выканальная. Напрацоўкі і дамоўленасці ёсць, у тым ліку з міжнароднымі фінансавымі структурамі. Трэба актыўна і найбольш аптымальна для краіны іх выкарыстоўваць", - адзначыў кіраўнік урада.

 

Паводле яго слоў, прымаемыя меры па фінансавым аздараўленні рэальнага сектара эканомікі, арганізацый сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі дапамагаюць вырашыць некаторыя пытанні і банкаўскага сектара, забяспечыць іх устойлівае функцыянаванне.

"Кошт крэдытаў для эканомікі - вечная праблема. Але яна паступова вырашаецца. У гэтым годзе ўжо ўвайшлі ў запланаваны калідор. У ліпені 2016 года сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах у беларускіх рублях без уліку льготных склала 24,7 працэнта гадавых. Гэта ніжэй, чым па крэдытах снежня 2015 года, на 8,6 працэнтнага пункта", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Ён звярнуў увагу, што пытанні павінны вырашацца ўпэўнена, але "вельмі акуратна, не звальваючыся на простыя рашэнні".

 

Мясніковіч: паляпшэнню інвестклімату будзе садзейнічаць адзіны закон аб інвестыцыйнай дзейнасці

 

Аб гэтым заявіў 24 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, дзе размова ішла аб ролі і задачах Савета Рэспублікі ў рэалізацыі прыярытэтаў, прадугледжаных асноўнымі палажэннямі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады.

"Лічу, што паляпшэнню інвестыцыйнага клімату, стварэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці шмат у чым будзе садзейнічаць распрацоўка і прыняцце адзінага закона аб інвестыцыйнай дзейнасці, які змяшчае нормы прамога дзеяння", - растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы інвестыцый вядзецца больш як 40 дзяржорганамі, пытанні ажыццяўлення інвестыцый рэгулююць 34 нарматыўныя прававыя акты.

 

"Разнастайнасць крыніц нарматыўнага рэгулявання выклікае яшчэ адну праблему - адсутнасць прававой стабільнасці ва ўмовах гаспадарання. А для інвестараў гэта вельмі важна, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Акрамя таго, сур'ёзныя апасенні ў інвестараў выклікае сфера прымянення адказнасці. Узнікае пытанне аб несуразмернасці штрафных санкцый па інвестыцыйных дагаворах і выяўленых парушэннях".

На думку старшыні Савета Рэспублікі, трэба больш актыўна практыкаваць вынясенне перасцярогі або папярэджання аб недапушчальнасці парушэння як першага кроку кантролю замест штрафу або больш цяжкага пакарання.

Прытоку замежных інвестыцый таксама перашкаджае дзеянне пераважнага права аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на куплю некаторых катэгорый акцый, магчымасць выкарыстання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі фармальных падстаў для скасавання інвестыцыйных дагавораў нават з-за нязначных парушэнняў тэрмінаў іх рэалізацыі.

 

Старшыня Савета Рэспублікі дадаў, што ўвядзенне мараторыя на правядзенне праверак адносна наваствораных прадпрыемстваў, якія інвесціруюць у асноўныя фонды, хоць і замацавана заканадаўча, але аказвае слабае стымулюючае развіццё інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемстваў не толькі малога бізнесу, але і буйных greenfield-праектаў. Для вырашэння гэтых пытанняў спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у законы аб інвестыцых, аб канцэсіях, аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, прыняцце новага закона аб інвестыцыйных фондах, а таксама карэкціроўка асобных палажэнняў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў Беларусі.

 

Таксама трэба будзе паскорыць прававое замацаванне механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. "Прыняты ў мінулым годзе закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў многім з'яўляецца рамачным і ў большай ступені мае рэйтынгавы характар, ствараючы прававую аснову для мадэрнізацыі і стварэння прыватнымі інвестарамі публічнай інфраструктуры, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Аднак пытанні бюджэтнага планавання, падаткаабкладання патрабуюць дадатковай дэталёвай нарматыўна-прававой базы. Пастанова Савета Міністраў ад 6 ліпеня 2016 года нумар 532 не ў поўным аб'ёме вырашае гэтыя пытанні".

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што інвестыцыйная дзейнасць з'яўляецца важнейшым прыярытэтам развіцця Беларусі і адной з галоўных крыніц росту ВУП.

У Савеце Рэспублікі праведзена пэўная работа па аналізе заканадаўства, якое рэгулюе гэту сферу дзейнасці. "Выяўлены пэўныя пытанні, прапанаваны шляхі іх вырашэння. Інфармацыя накіравана зацікаўленым дзяржорганам", - дадаў ён.

 

Мясніковіч прапануе ўвесці ў Беларусі патэнтную сістэму для самазанятых

Гэта сістэма дасць магчымасць легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без адкрыцця ІП.

"Трэба ўводзіць патэнт для самазанятасці і вызначыць прававы статус самазанятага, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі работу, выхад з ценю людзей, якія доўга не працуюць, але ўключаны ў ценявую занятасць".

Тэрміны "самазанятасць" і "самазаняты" ў нацыянальным заканадаўстве цяпер адсутнічаюць. На думку Міхаіла Мясніковіча, да самазанятых могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка - рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. "Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абаронены, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе", - канстатаваў ён.

 

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, самазанятасць можа сумяшчацца і з асноўнай работай па працоўным дагаворы. Пры паспяховым вядзенні бізнесу самазанятасць можа перайсці да статусу ІП.

Кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку, лічыць Міхаіл Мясніковіч. Спатрэбяцца таксама меры падтрымкі самазанятых: мікракрэдытаванне, бязвыплатнае прадастаўленне памяшканняў, кансультацыі і г.д. "Фіскальны эфект будзе невысокі, але ён перакрываецца па значнасці сацыяльным эфектам, - упэўнены ён. - Самазаняты не будзе атрымліваць сацыяльнай дапамогі, але ён не дэградуе, ён забяспечвае сябе работай, корміць сям'ю, аказвае значныя паслугi або вырабляе запатрабаваныя тавары. У сацыяльным плане ён не беспрацоўны, што таксама важна для чалавека".

На думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна фарміраваць грамадскую думку па гэтай тэме, выхоўваць у людзях пачуццё адказнасці за свой дабрабыт, спыняць культываванне ўтрыманства і імкненне жыць за чужы кошт.

 

Пытанне занятасці павінна быць прадметам асаблівай увагі дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. Пільную ўвагу пры гэтым трэба ўдзяляць сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва - інвалідам, шматдзетным і няпоўным сем'ям, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. Асаблівая роля пры гэтым належыць мясцовым Саветам дэпутатаў.

"Трэба актывізаваць работу дэпутацкіх груп па разглядзе пытанняў занятасці і аплаты працы", - дадаў ён.

Звяртаючыся да абласных і мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Міхаіл Мясніковіч закрануў праблемы бюракратычнай валакіты пры ўзгадненні і выдачы дазвольных дакументаў на стварэнне і работу ІП, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. "Спрасціце, паважаныя калегі, адпаведныя парадкі", - сказаў ён.

Прымаючы меры па павышэнні занятасці, толькі давядзеннем заданняў па стварэнні новых рабочых месц усё не вырашыць, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. "Трэба ствараць умовы для новых прадпрыемстваў і пашырэння дзеючых. На жаль, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, - канстатаваў ён. - У свой час быў разлік на рамесную дзейнасць".

Сёння рамеснікаў толькі 6636 чалавек. "Узнікае пытанне - чаму не атрымлівае развіццё гэта форма занятасці, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - На думку МПЗ, асноўная прычына - у строгіх і не заўсёды абгрунтаваных патрабаваннях з боку ўзгадняючых арганізацый. Напрыклад, каб праводзіць тэхабслугоўванне і рамонт аўтатранспартных сродкаў, фiзiчнай асобе трэба атрымаць дзевяць узгадненняў, у тым ліку ад санітарнай службы, Мінпрыроды, Дзяржстандарту, Мінгандлю, выканкамаў і г.д.".

 

Рынак страхавых паслуг Беларусі павінен развівацца больш дынамічна - Мясніковіч

 

"Рынак каштоўных папер і страхавых паслуг у нас працуе недастаткова эфектыўна, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Сам факт таго, што аб'ём страхавых паслуг па валавой дабаўленай вартасці ў ВУП займае толькі 0,3 працэнта, ужо сведчыць, што гэтаму сектару эканомікі трэба надаць больш дынамізму".

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, развіццё фінансавага рынку прадугледжвае распрацоўку і прыняцце ў асноўным на працягу 2016-2017 гадоў шэрага праектаў указаў, якія рэгулююць эмісію каштоўных папер на прынцыпах рыначных інструментаў, удасканаленне дзейнасці рынку страхавых паслуг, уключаючы стварэнне больш прывабных умоў для насельніцтва ў галіне пенсійных накапленняў з боку страхавых арганізацый.

 

У асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады змешчаны меры па разняволенні дзелавой ініцыятывы, у ліку якіх абарона і недатыкальнасць права прыватнай уласнасці. "Ключавым з'яўляецца мадэрнізацыя адносін уласнасці, паколькі трэба будзе даць адказ на запыты аб тэрмінах іскавай даўнасці па прыватызацыі, пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы і іх прыватызацыі, стварэнні ў гэтых мэтах спецыялізаваных арганізацый і гэтак далей", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у падатковы, грамадзянскі, крымінальны кодэксы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, законы аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі, аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, аб гаспадарчых таварыствах, аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у ААТ.

"Таксама наперадзе ўдасканаленне пытанняў грашова-крэдытнай палітыкі ў сувязі з заяўленым больш глыбокім пераходам да рыначных прынцыпаў гаспадарання, скарачэннем і далейшай адмовай ад дырэктыўнага льготнага крэдытавання, ліквідацыі эмісійнага крэдытавання", - дадаў старшыня Савета Рэспублікі.

Развіццё рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі будзе забяспечана за кошт спрашчэння ўмоў камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і прадуктаў навуковых даследаванняў, што належаць дзяржаве.

 

Плануецца ўвесці і шэраг эканамічных стымулаў. Гэта, у прыватнасці, вызваленне на працягу двух гадоў наваствораных у сельскай мясцовасці і гарадах, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў, прадпрыемстваў ад падаткаў на прыбытак і нерухомую маёмасць. Плануецца спрасціць працэдуру і на справе забяспечыць бязвыплатную перадачу невыкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомай маёмасці для стварэння вытворчага бізнесу і рабочых месц. Трэба будзе прыняць новыя законы аб неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб электраэнергетыцы, аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі.

"Усяго, на думку міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы праекта асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, трэба будзе прыняць каля 170 нарматыўных прававых актаў, прычым большасць з іх - на працягу 2016-2017 гадоў", - падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

 

Мясніковіч прапануе павысіць ролю мясцовага самакіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач

 

"Справядлівай будзе пастаноўка задачы павышэння ролі мясцовага самакіравання ў рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Дзейснае мясцовае самакіраванне можа стаць магутным рэсурсам для развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны, фарміравання спрыяльнага прадпрымальніцкага асяроддзя, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў, стварэння новых вытворчасцей і рабочых месц".

 

Звяртаючыся да старшынь абласных і мінскага гарадскога саветаў дэпутатаў, старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што дэпутаты не павінны чакаць нейкай каманды, а самі ініцыіраваць прапановы па вырашэнні праблем на месцах, больш актыўна працаваць з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі.

"Маніторынгавым і дэпутацкім групам трэба актывізаваць работу ў рэгіёнах сумесна са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў, задзейнічаць рэальныя магчымасці і рэзервы кожнай тэрыторыі. Вельмі важна гэта зрабіць цяпер, пакуль ідзе абмеркаванне праектаў мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы год", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, на сесіях саветаў дэпутатаў трэба прымаць канкрэтныя рашэнні. "Няхай іх будзе менш, але яны будуць вырашаць пэўныя задачы ў інтарэсах людзей", - рэзюмаваў старшыня Савета Рэспублікі.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий