Старшынства ў АДКБ перайшло Беларусі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Старшынства ў АДКБ перайшло Беларусі

18 октября 2016 - Administrator
article2745.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Ерэване.

Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прайшла ў вузкім і пашыраным складах. Старшынства ў арганізацыі перайшло да Беларусі. Прыярытэты беларускага старшынства будуць у бліжэйшы час дадаткова прапрацаваны і прадстаўлены краінам - членам АДКБ.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі стратэгію калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года. Падпісаны пакет дакументаў у сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму, прыняты заявы па шэрагу праблемных міжнародных пытанняў, а таксама іншыя рашэнні аб дзейнасці арганізацыі і яе органаў.

 

 

Лукашэнка: АДКБ не трэба чакаць прызнання з боку НАТА

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў Ерэване.

"Мы ўсе канстатавалі, што АДКБ ніхто не хоча прызнаваць, асабліва НАТА (ці бачыце, арганізацыя не тая). Я слухаў гэтыя размовы і думаў: калі мы будзем іх прасіць, каб яны нас прызналі, яны ніколі нас не прызнаюць. Нам трэба зрабіць такім чынам, каб прымусіць іх прызнаць нашу арганізацыю", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе працяглых перагавораў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце.

 

"Прытым па перыметры ўсіх граніц - і на заходнім напрамку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і нявырашаныя праблемы, - адзначыў беларускі лідар. - Шчыра прызнаюся, што тыя падрыхтаваныя матэрыялы па прыярытэтах нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле".

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначана група ваенных і спецыялістаў у іншых галінах. "Прыцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша арганізацыя выйшла на даволі сур'ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прыярытэты маючага адбыцца беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах арганізацыі, дадаў беларускі лідар. "Лічу, мы штосьці добрае можам прапанаваць нашай арганізацыі ў плане адзінства і паважання з боку контрпартнёраў", - рэзюмаваў ён.

 

Лідары краін АДКБ зацвердзілі стратэгію калектыўнай бяспекі да 2025 года

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян на падагульняючым брыфінгу для прадстаўнікоў СМІ праінфармаваў, што на саміце прыняты шэраг сур'ёзных дакументаў і рашэнняў, накіраваных на істотнае ўмацаванне патэнцыялу арганізацыі з удасканаленнем механізмаў калектыўнай бяспекі і рабочых органаў АДКБ.

Прынятую стратэгію калектыўнай бяспекі АДКБ да 2025 года Прэзідэнт Арменіі назваў адным з самых важных дакументаў гэтага саміту. Работа над дакументам доўжылася на працягу некалькіх гадоў.

"Стратэгія АДКБ фіксуе прыярытэт у дзейнасці арганізацыі да 2025 года, замацоўвае арыенціры далейшага развіцця па ўсіх асноўных напрамках супрацоўніцтва. Дзяржавы-члены зноў пацвердзілі сваю рашучасць выбудоўваць адносіны з членамі сусветнай супольнасці на асновах роўнасці і непадзельнасці бяспекі. Устрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымянення ў вырашэнні ўзнікаючых праблем, аддаючы прыярытэт палітыка-дыпламатычным метадам", - сказаў Прэзідэнт Арменіі.

Па выніках сустрэчы таксама прыняты заявы, што адлюстроўваюць падыходы краін АДКБ да асноўных актуальных міжнародных пытанняў, дадзены ацэнкі бягучай сітуацыі з улікам новых пагроз і выклікаў.

 

Кіраўнікі дзяржаў яшчэ раз пацвердзілі ролю АДКБ у якасці важнейшага інструмента, які садзейнічае падтрыманню міру, стабільнасці, забеспячэнню бяспекі, незалежнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў.

Прэзідэнт Арменіі адзначыў, што на саміце абмеркаваны і іншыя важныя пытанні. У прыватнасці, падведзены вынікі работы па ўдасканаленні дзейнасці АДКБ, умацаванні яе ваеннага складніка, нарошчванні функцыянальных магчымасцей арганізацыі. "Прынята рашэнне аб стварэнні Цэнтра крызіснага рэагавання АДКБ, на які ўскладаюцца функцыі па інфармацыйна-аналітычным і арганізацыйна-тэхнічным суправаджэнні прыняцця статутнымі органамі адпаведных рашэнняў, а таксама па забеспячэнні абмену інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу", - падкрэсліў ён.

 

Падпісана рашэнне аб канцэпцыі развіцця сістэмы сумеснай падрыхтоўкі ваенных кадраў, а таксама па стандартызацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў АДКБ.

Акрамя таго, падпісаны дакументы ў сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму. У іх ліку - Палажэнне аб фарміраванні адзінага спіса арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі. Серж Саргсян асобна выдзеліў рашэнне аб палажэннях, што рэгламентуюць дзейнасць Аб'яднанага штаба АДКБ.

Паводле слоў Прэзідэнта Арменіі, партнёры па АДКБ выказалі падтрымку адносна дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе арганізаваных у бягучым годзе самітаў у Вене і Санкт-Пецярбургу па нагорна-карабахскай праблеме. Сутнасць гэтых дамоўленасцей у недапушчэнні эскалацыі сітуацыі ў зоне канфлікту, у стабілізацыі абстаноўкі і стварэнні ўмоў для пашырэння мірнага працэсу. Пацверджана неабходнасць выключна мірнага вырашэння нагорна-карабахскай праблемы.

Серж Саргсян праінфармаваў, што пытанне аб генеральным сакратары АДКБ, якое з самага пачатку заяўлялася ў парадку дня ерэванскага саміту, будзе абмеркавана ў канцы года ў Санкт-Пецярбургу.

 

Старшынства ў АДКБ перайшло Беларусі

Серж Саргсян шчыра пажадаў поспехаў кіраўніку беларускай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку і Беларусі ў цэлым у рэалізацыі старшынства і прынятых у ходзе гэтага саміту рашэнняў. Ён адзначыў, што ў тым ліку ў 2017 годзе маюць адбыцца юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзю АДКБ. "Гатовы аказаць усямернае садзейнічанне", - сказаў ён.

Як паведамлялася, на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што пры ўдзеле спецыялістаў з розных краін прыярытэты беларускага старшынства будуць дадаткова прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах АДКБ.

 

Макей прадставіў у Ерэване прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Беларусі пры старшынстве ў АДКБ

Да пачатку сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у Ерэване адбылося сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ. Ад беларускага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр абароны Андрэй Раўкоў і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на сумесным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ прадставіў прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Беларусі ў перыяд будучага старшынства краіны ў арганізацыі.

 

"Асноўная ўвага будзе акцэнтавана на каардынацыі агульных намаганняў дзяржаў-членаў на міжнародных пляцоўках, умацаванні патэнцыялу крызіснага рэагавання і развіцці міратворчага кампанента Арганізацыі, удасканаленні інфармацыйных аспектаў барацьбы з тэрарызмам", - расказалі ў ведамстве.

На сустрэчы бакі абмяняліся думкамі па развіцці супрацоўніцтва дзяржаў - членаў АДКБ на бліжэйшую перспектыву, у тым ліку, у сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і па шэрагу іншых актуальных пытанняў. Абмеркаваны таксама парадак дня маючага адбыцца пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Удзельнікі пасяджэння адобрылі шэраг дакументаў, што прадугледжваюць узгадненне стратэгіі калектыўнай бяспекі на перыяд да 2025 года, узмацненне барацьбы з тэрарызмам і эстрэмізмам, умацаванне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, нарошчванне сумесных намаганняў па забеспячэнні пагранічнай бяспекі, падрыхтоўцы ваенных кадраў, рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі і ажыццяўленні міратворчых місій.

 

Беларусь будзе дастойна выконваць функцыі старшынства ў АДКБ

Такім меркаваннем у Ерэване з беларускімі журналістамі падзяліўся прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

"Старшынства абяцае быць насычаным з пункту гледжання зместу. Мы ў нашых беларускіх партнёрах абсалютна ў гэтым выпадку ўпэўнены, што Беларусь будзе дастойна выконваць такія функцыі", - сказаў Дзмітрый Пяскоў.

Ён падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца вельмі важным і адказным членам АДКБ. Дзмітрый Пяскоў канстатаваў, што акружэнне ў зоне адказнасці арганізацыі не самае спакойнае, і часам даводзіцца сустракацца з вельмі агрэсіўнымі і патэнцыяльна непрадказальнымі дзеяннямі па розных напрамках.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий