Сустрэча Лукашэнкі з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Сустрэча Лукашэнкі з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ

18 ноября 2016 - Administrator
article2798.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада правёў сустрэчу з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка амаль 6 гадзін размаўляў з расійскімі журналістамі, якія задалі ў час сустрэчы з кіраўніком дзяржавы больш як 30 пытанняў. Гэта традыцыйнае мерапрыемства было арганізавана 13-ы раз і прайшло ў фармаце давернага дыялогу, да якога кіраўнік дзяржавы заклікаў у самым пачатку сустрэчы. Расійскія журналісты і блогеры падрабязна дзяліліся сваімі ўражаннямі аб убачаным у прэс-туры па Магілёўскай вобласці, а таксама цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта па шырокім спектры пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх адказах вялікую ўвагу ўдзяліў беларуска-расійскаму супрацоўніцтву, будаўніцтву Саюзнай дзяржавы, міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню, прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй, ажыццяўленню беларуска-расійскіх культурных і адукацыйных праектаў. Была закранута таксама тэматыка маючых адбыцца перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін, вуглевадароднай сыравіны, магчымасцей для паставак прадукцыі, інтэграцыі ў фармаце ЕАЭС, выбараў у ЗША.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў многія ўнутраныя тэмы, у тым ліку ўзровень даходаў насельніцтва, эканамічную палітыку, развіццё сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, функцыянаванне ЖКГ, адукацыйнай сферы, спорту і турызму, будаўніцтва гасцініц у рэгіёнах, перспектывы развіцця касмічнай сферы і атамнай энергетыкі, пытанні банкаўскай сферы.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні, якія датычацца яго асабістых спартыўных, літаратурных і мастацкіх схільнасцей, стаўлення да малой радзімы, адпачынку.

Мерапрыемства было арганізавана для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікаў прэс-туру ў Беларусь. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі.

Лукашэнка: Беларусь з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

"Нашы дзверы заўсёды шырока расчынены для добрых людзей. Да разумення гэтага паступова прыходзяць і ў Старым, і ў Новым Свеце. Беларусь ніколі не была парушальнікам спакою ў Еўропе. Больш таго, сёння яна з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. "Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь значна больш цікавая і багатая, чым яе ўяўляюць

"Апошнім часам мы тут часта гаворым аб тым, што трэба па-новаму адкрываць Беларусь. Не ў тым сэнсе, што мы нейкая закрытая тэрыторыя - не. Мы адкрытыя ўсяму свету, амаль 70 працэнтаў таго, што вырабляем, ідзе на экспарт. Па гэтых прычынах мы не можам быць закрытай краінай, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Што такое Беларусь для тых, хто тут не бываў, якія выклікае асацыяцыі? Дранікі, Белавежская пушча, добрыя дарогі, зубры, гіганцкія самазвалы, шматфункцыянальныя трактары, якасныя прадукты... Але на самай справе Беларусь значна больш цікавая і багатая".

"Можна шмат расказаць пра яе прыроду, мастацтва, традыцыі, знакамітых беларусаў, новыя прадпрыемствы і сучасныя тэхналогіі. Аб тым, як мы захоўваем гістарычную памяць і чаму навучаем сваіх дзяцей. Мы хочам, каб вы ўсё гэта бачылі на ўласныя вочы, - адзначыў Прэзідэнт. - Мне прыемна, што на гэты раз удзельнікі вялікага расійскага прэс-туру наведалі, як прынята казаць, маю малую радзіму, азнаёміліся з Магілёўскай вобласцю - там пачыналася мая працоўная біяграфія".

У мерапрыемстве прымаюць удзел як журналісты, якія ўжо не раз бывалі ў Беларусі, так і новыя асобы. Прысутнічаюць у зале і інтэрнэт-блогеры. "Хачу падзякаваць вам за імкненне ўнесці свой уклад у развіццё дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Гэтаму садзейнічае аб'ектыўнае, праўдзівае адлюстраванне вамі ў сродках масавай інфармацыі таго, што адбываецца на беларускай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра беларуска-расійскія адносіны

Лукашэнка: Расія для Беларусі была і застаецца брацкай дзяржавай

Расія для Беларусі была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам, а брацкай дзяржавай, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такі абсалютна даверны дыялог з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ Расіі стаў добрай традыцыяй. "Галоўная мэта такіх сустрэч - збліжэнне нашых народаў, магчымасць данесці аб'ектыўную інфармацыю аб самай блізкай і, спадзяюся, самай роднай для вас зямлі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Расійская Федэрацыя для нас таксама была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам і саюзнікам, а блізкай і брацкай дзяржавай".

Прэзідэнт адзначыў, што важнейшым напрамкам інтэграцыі Беларусі і Расіі з'яўляецца рэгіянальнае супрацоўніцтва.

"У гэтым мы чарговы раз пераканаліся ў час форуму ў Мінску, куды ў чэрвені гэтага года з'ехаліся прадстаўнікі рэгіёнаў дзвюх краін. Тады на спецыяльнай выстаўцы, як і раней у Сочы, былі ярка прадэманстраваны практычныя вынікі нашай сумеснай работы, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Калі б не рэгіянальнае супрацоўніцтва, мы сёння тут з вамі не знаходзіліся б і не гаварылі б аб тым, што мы брацкія народы. Менавіта рэгіёны Расійскай Федэрацыі выратавалі брацтва дзвюх славянскіх дзяржаў".

Удзельнікі Форуму рэгіёнаў у Мінску падпісалі рэкордную колькасць пагадненняў, дагавораў, камерцыйных кантрактаў на $300 млн. Важкасць мерапрыемству надаў актыўны ўдзел у ім прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. У сваіх выступленнях лідары краін адзначылі велізарнае значэнне міжрэгіянальных сувязей і дамовіліся ўсяляк садзейнічаць іх развіццю.

"Вось чаму мы пастаянна запрашаем вас, супрацоўнікаў рэгіянальных СМІ Расіі, у Беларусь.

Нам неабыякава, якой паўстае наша дзяржава ў вачах жыхароў Паволжа, Урала, Сібіры, Далёкага Усходу, Кубані - усіх краёў і абласцей вашай неабсяжнай краіны. Ад таго, што вы ўбачыце тут і як гэта паднесяце потым, у многім залежыць развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

- Сёння яно мае нядрэнную дынаміку. Штогод дзясяткі дэлегацый расійскіх рэгіёнаў на чале з кіраўнікамі наведваюць Беларусь. Не менш і візітаў у адказ".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вытворчай кааперацыяй звязаны больш як 8 тыс. прадпрыемстваў абедзвюх краін. На тэрыторыі Расіі створана звыш 70 сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі. Расійскія кампаніі таксама рэалізуюць шэраг буйных праектаў у Беларусі. Напрыклад, яны заняты на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі.

У Магілёўскай вобласці фірма з Омска разгортвае магутнасці па вытворчасці тэхнічнага вугляроду. У Гомельскай - група расійскіх кампаній стварыла завод па выпуску пранікаючай гідраізаляцыі. Сумесна з прадпрыемствамі Ленінградскай вобласці ў Беларусі ствараецца лагістычны цэнтр, жывёлагадоўчы комплекс малочнага напрамку.

Лукашэнка: беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень

"Хачу адзначыць, што мы выконваем усе дамоўленасці з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС. Адстойваем эканамічныя інтарэсы, спыняючы спробы ўвозу заходніх тавараў, што падпалі пад эмбарга. Адначасова праводзім работу па іх замяшчэнні нашай прадукцыяй. У сувязі з няпростай сітуацыяй на гандлёвых рынках прапануем унесці ў прававую базу паняцце "Тавар Саюзнай дзяржавы". Гэта забяспечыла б аднолькавы доступ нашых і вашых вырабаў да нацыянальных і рэгіянальных праграм падтрымкі айчынных вытворцаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, - заявіў Прэзідэнт.

- Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб'яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе падняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадзяне абедзвюх краін прывыклі ўжо да адсутнасці граніц паміж дзвюма дзяржавамі, аднолькавага доступу да адукацыі, паслуг аховы здароўя, адзіных падыходаў да сістэмы сацыяльных гарантый, бесперашкоднага працаўладкавання, свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства.

"Нашы моцныя саюзніцкія адносіны нязменна праяўляюцца і на міжнароднай арэне, дзе мы сутыкаемся з новымі пагрозамі і выклікамі. Сёння планету трасе ад міжусобіц, тэрарызму і ваенных канфліктаў. Не раз абмяркоўваючы гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расіі, мы дэманстравалі ў іх ацэнцы поўную згоду. Разыходжання па міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаў няма. І не выпадкова, калі размова ідзе аб ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, Беларусь і Расія выступаюць адзіным фронтам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэты няпросты час, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, беларусам і расіянам трэба трымацца разам. Быць моцнымі, умець прымусіць лічыцца з сабой, разам адстойваць свае інтарэсы.

"У нас ёсць ні з чым не параўнальная каштоўнасць - мір і згода ў доме. Усімі сіламі мы абавязаны берагчы гэты здабытак. Каб за спакойнае жыццё людзей не давялося плаціць крывёй, як гэта адбываецца ў многіх мясцінах. На вялікі жаль, і ў вельмі блізкай і роднай нам Украіне. У нас з вамі агульны боль, агульная слава, агульная будучыня. І вы ніколі не будзеце ў Беларусі чужымі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Бягучы год не з'яўляецца лепшым у развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва - Лукашэнка

"Ні па дасягненнях, ні ў нашых адносінах гэты год не з'яўляецца лепшым", - сказаў Прэзідэнт.

"Што датычыцца эканомікі, вы цудоўна разумееце, што адбылося. Мы вельмі залежым ад расійскага рынку, асабліва па пастаўках сыравіны і энергарэсурсаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. На расійскім рынку здарыўся сур'ёзны абвал, была дэвальвавана нацыянальная валюта, у сувязі з чым за апошні час абодва бакі панеслі сур'ёзныя страты, значна знізіўся тавараабарот. "Адзіная светлая пляма ва ўсім гэтым - тое, што фізічныя аб'ёмы тавараабароту і паставак Беларусі ў Расію не зменшыліся, у фізічных аб'ёмах мы прырастаем, але тавараабарот мы лічым у доларавым эквіваленце. Тут у нас асабліва хваліцца няма чым", - канстатаваў беларускі лідар.

Лукашэнка адзначае няроўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання ў Беларусі і Расіі

Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу прывёў расклад па сабекошце прадукцыі беларускага і расійскага прадпрыемстваў МАЗ і КамАЗ. Так, КамАЗ спажывае прыродны газ па цане $65 за 1 тыс. куб.м, МАЗ - па $278, электраэнергію - 2,8 цэнта і 12 цэнтаў адпаведна. "Як канкурыраваць, калі для суб'ектаў гаспадарання апошнім часам створаны няроўныя ўмовы? Перакос вельмі вялікі, - сказаў беларускі лідар. - Каб канкурыраваць на вашым рынку, на нашым агульным рынку, нам даводзіцца скарачацца па ўсіх напрамках, у тым ліку па заработнай плаце. Адсюль і падаткі меншыя, і ваенныя атрымліваюць менш, якія павінны абараняць адзіную прастору, і г.д.".

"Хоць мы дэкларавалі выхад на роўныя ўмовы, але пакуль гэтага няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І мы людзям тлумачым, што не можам проста падняць заработную плату нават пры нашых жорсткіх эканамічных разліках".

Беларусь гатова пастаўляць неабходныя аб'ёмы прадуктаў харчавання ў Расію па выгадных цэнах

"Для нас расійскі рынак цяпер, можна сказаць, прэміяльны. Кіраўніцтва Расіі, асабліва ў гэты час, асенне-зімовы перыяд, просіць паставіць пэўныя аб'ёмы. Мы нават здымаем з іншых рынкаў, каб забяспечыць прадуктамі сельскай гаспадаркі расіян", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што беларуская прадукцыя запатрабавана, прадстаўлена ў розных рэгіёнах свету, у тым ліку ёсць зацікаўленасць з боку Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў могуць звярнуцца да любога вытворцы.

"Галоўнае, без пасрэднікаў, як у вас прынята. Пяць жулікаў да пастаўшчыка - якая цана будзе? Але гэта вашы справы, як вы там гандлюеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што калі ёсць жаданне закупляць беларускія тавары, канкурэнтныя па якасці і цане, то Беларусь гатова задаволіць попыт на іх.

Беларусь гатова зрабіць усё неабходнае для развіцця сувязей з Калінінградскай вобласцю Расіі

"Мы гатова зрабіць для Калінінградскай вобласці ўсё, што неабходна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы не лічым Калінінград чыёйсьці чужой тэрыторыяй. Мы ні ў якім разе не прэтэндуем на ўключэнне Калінінграда ў склад Беларусі - неабавязкова ўключаць у склад, можна наладзіць такія адносіны, што яны будуць не менш цеснымі, чым тая ці іншая зямля ў тваім складзе".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праблем ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю, якія патрабавалі б увагі, няма. У гэтым расійскім рэгіёне жыве немалая колькасць этнічных беларусаў.

Прэзідэнт нагадаў аб прапановах у сферы развіцця сельскай гаспадаркі, якія ён у час наведвання рэгіёна адрасаваў кіраўнікам Калінінградскай вобласці. "Трэба зрабіць так, каб Калінінградская вобласць не завозіла прадукты харчавання", - сказаў ён, дадаўшы, што бачыў нямала пустуючых зямель. "Чаму б не прывесці ў парадак гэтыя землі і не атрымліваць там пэўную колькасць прадуктаў харчавання, забяспечыць сябе. Лічу, што і мы атрымаем ад гэтага пэўны вынік, дывідэнды", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка прапаноўваў Расіі ўдзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў у абмен на акцыі "Башнафты"

"Расіяне часта крытыкуюць нас: "Лукашэнка не хоча прыватызаваць чатыры прадпрыемствы", - расказаў Прэзідэнт. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта буйныя прадпрыемствы, і Расія хацела б іх прыватызаваць. Напрыклад, вытворца трэйлераў і машын для перавозкі "Таполяў", ядзерных боегаловак, ракет. "Гэта толькі Беларусь вырабляе. У СССР гэта было магутнае прадпрыемства, мы яго захавалі і мадэрнізавалі. Таксама ў касмічнай галіне прадпрыемствы расіяне хочуць. "Інтэграл" ёсць - вылічальная тэхніка, інтэгральныя схемы - таксама хочуць прыватызаваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі ёсць свае інтарэсы. "У вас ёсць інтарэс да гэтых прадпрыемстваў, вы хочаце іх выкупіць. У мяне ёсць інтарэс да здабычы нафты: каб не 25 млн т, якія мы перапрацоўваем у Беларусі, але 7-8 млн т мы маглі здабываць самі і пастаўляць у краіну. І калі была прыватызацыя "Башнафты", я накіраваў прапановы вашаму ўраду і кіраўніцтву. Давайце, беларусы зразумеюць, калі мы гэтыя прадпрыемствы з умовай, што яны будуць працаваць лепш, чым сёння, абмяняем на акцыі "Башнафты", якія вы "Раснафце" перадалі або прадалі. Да гэтага часу адказу няма, значыць, не хочуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Расія не зацікаўлена ў допуску Беларусі да нафтараспрацовак на сваёй тэрыторыі - Лукашэнка

Адказваючы на пытанне, што перашкаджае Беларусі вярнуцца да нафтараспрацовак на тэрыторыі Расіі, як гэта было ў гады СССР, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: "Пазіцыя расійскага кіраўніцтва". "А як потым уплываць на Беларусь, калі яна сама будзе нафту здабываць, а потым яшчэ і прыродны газ? Калі быць шчырым, то вы амаль паўтарылі ў нейкай ступені мае словы: калі ў нас ідуць спрэчкі па нафце, па газе, я нагадваю расійскім кіраўнікам і аб Лангепасе таксама, я там быў, на радовішчах, дзе працавалі беларусы, украінцы, рускія. Мы тады не дзялілі нічога", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ўплываць на Беларусь з дапамогай нафтагазавых пытанняў - няправільна. "Калі нехта ў Расіі думае, што мы ў вас купляем нафту і газ, і гэтым можна дзесьці ўплываць на Беларусь, гэта няправільна. Можна ўплываць, але лепш уплываць такім чынам, каб у нас былі агульныя праекты. Каб гэта былі праекты, якія прыцягваюць Беларусь да Расіі, не нахіляюць, а прыцягваюць. Свет зусім іншы, гэта не той свет, калі можна было нахіліць", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь разглядае розныя варыянты паставак нафты ў краіну. "Сёння нафты - бяры не хачу. Так, можа, даражэй будзе, але мы разглядаем некалькі варыянтаў. Дапусцім, пастаўку праз Украіну, а такая магчымасць ёсць, мы яе некалі задзейнічалі, калі вы перасталі нам пастаўляць нафту. Мы венесуэльскую нафту ўзялі і пастаўлялі праз Украіну. Проста на расійскі рынак тады прыйдзе іншая нафта: усё ж такі 25 млн т мы перапрацоўваем, і праз нас на захад ідзе па 60-80 млн т расійскай нафты. Можна ж выпрацаваць баланс інтарэсаў і дамовіцца? Трэба, але пакуль не дамовіліся", - адзначыў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў савецкія часы Беларусь здабывала да 7 млн т нафты ў год, у 2016 годзе плануецца здабыць 1,6 млн т. "Сем  мільёнаў нам для ўнутраных патрэб дастаткова. Калі б у нас было 7-8 млн т нафты ў год, мы не мелі б ніякіх праблем, і гэта была б самая працвітаючая еўрапейская краіна", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: беларускія прадпрыемствы па лініі кааперацыі даюць работу 10 млн расіян

"Калі эканоміка Беларусі спыніцца, то заўтра на вуліцу будуць выкінуты 10 млн чалавек у Расіі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы па кааперацыі атрымліваем са многіх расійскіх заводаў камплектуючыя, сыравіну, матэрыялы і гэтак далей".

На расійскіх прадпрыемствах вырабляецца да 50-60 працэнтаў камплектуючых для беларускіх заводаў. "Прамысловасць, сельская гаспадарка - гэта такі вялікі кусок, які дае магчымасць мінімум 10 млн расіян працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Яраслаўскай вобласцю, Прэзідэнт пацвердзіў, што Беларусь гатова прадаўжаць супрацоўніцтва з Тутаеўскім маторным заводам. Цяпер рухавікі вытворчасці гэтага завода выкарыстоўваюцца пры вытворчасці збожжаўборачных камбайнаў на "Гомсельмашы", іншай тэхнікі. У Яраслаўскую вобласць наладжаны пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, асабліва запатрабаваны сыры.

Ніякіх беларускіх гастарбайтараў у Расіі няма - Лукашэнка

Прэзідэнт звярнуў увагу, што некаторыя расійскія СМІ распаўсюджваюць інфармацыю, што ў Расіі працуюць амаль 1 млн беларусаў-гастарбайтараў. "У Расіі няма ні аднаго беларускага гастарбайтара. Гэта арганізаваныя будаўнічыя брыгады і цэлыя трэсты", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У свой час улады Масквы звярталіся да Беларусі па дапамогу ў прыцягненні кваліфікаваных спецыялістаў - муляраў, плітачнікаў і г.д. "У нас нядрэнна развіваўся будаўнічы комплекс, я ў міністра пытаю: чым можам дапамагчы? Ён гаворыць, што свабодных рук няма. І мы тады арганізоўвалі даччыныя кампаніі нашых дзяржаўных кампаній і пасылалі людзей да вас, перш за ўсё ў Маскву", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Таму беларускія грамадзяне цяпер аддаюць перавагу афіцыйнаму працаўладкаванню ў такіх кампаніях. "Мы сваіх людзей не арыентуем, каб яны самі па сабе ехалі. Можа, нехта едзе сам па сабе, дамаўляецца. Але мы гэта не падтрымліваем, мы іх аб'ядноўваем у брыгады, дамаўляемся праз пасольства, выходзім на органы ўлады, каб яны ў цывілізаваных умовах працавалі", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аналагічна працаўладкоўваюцца і расійскія грамадзяне ў Беларусі. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў будаўніцтва Беларускай АЭС. "Яны ў нас жывуць не як гастарбайтары, а ў добрых кватэрах. Мы там пабудавалі ўжо тысячы кватэр і засялілі туды людзей, якія прыехалі з Расіі будаваць атамную станцыю", - растлумачыў Прэзідэнт. Пасля запуску АЭС гэта жыллё перададуць тым, хто будзе займацца эксплуатацыяй станцыі. Не выключана, што сярод гэтых спецыялістаў таксама могуць быць расіяне.

Лукашэнка паабяцаў разабрацца з праблемнымі пытаннямі пастаўкі сельгастэхнікі ў Расію

Аб гэтым ён заявіў, адказваючы на пытанне журналіста з Краснаярскага края. Пытанне, у прыватнасці, датычылася якасці беларускай сельгастэхнікі, навучання і падрыхтоўкі кадраў для работы на ёй.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што, магчыма, ёсць некаторыя праблемы з якасцю тэхнікі. "Але трэба разумець, што на тэхніцы працуюць людзі. Вы назвалі КЗС-7. Гэта першы наш камбайн, ён больш дапрацаваны. А новыя камбайны - яны вельмі складаныя... На такіх камбайнах у нас працуюць супермеханізатары, часам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і якія прайшлі навучанне на самім "Гомсельмашы", - сказаў Прэзідэнт. Такія спецыялісты лепш бачаць і ведаюць слабыя месцы, прынцыпы работы, таму што назіралі працэс зборкі камбайнаў. Трэба навучаць работнікаў, тады праблем будзе менш, адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанні сэрвіснага абслугоўвання сельгастэхнікі. "Тэхніка - рэч такая (я з ёй працаваў паўжыцця і ведаю), што выехаў у поле - зламалася, але калі сэрвіс побач - не праблема", - сказаў ён. У Беларусі створана шырокая сетка сэрвісных цэнтраў, камбайн на гарантыі рамантуецца ў самыя кароткія тэрміны. "Ніводнай скаргі не было за апошнія гады, каб мы на працягу сутак не аднаўлялі камбайн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Расіі беларуская тэхніка часта прадаецца праз трэція рукі, таксама адзначыў Прэзідэнт. "Вы гаворыце, што вялікая колькасць людзей прадае гэту тэхніку, але яны не заўсёды абслугоўваюць яе", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што разбярэцца з пытаннямі пастаўкі і эксплуатацыі беларускай сельгастэхнікі ў Расіі.

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з Расіяй: за праблемамі нельга ўпускаць звычайнае жыццё

Адказваючы на пытанне, на якія сферы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі трэба звярнуць асаблівую ўвагу, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў першую чаргу гэта сферы, якія звязаны са звычайным жыццём людзей. "Харчаванне, адзенне, спакой, бяспека - усё, што вакол чалавека, гэта галоўнае. Таму што іншыя - абараназдольнасць і іншае - так, гэта важна, гэта адна з асноўных сфер нашага супрацоўніцтва, але давайце гаварыць шчыра: ніхто на нас нападаць заўтра не будзе і паслязаўтра таксама, ведаючы, што мы можам адказаць. А вось не ўпусціць бы нам за гэтымі вялікімі нібыта праблемамі звычайнае жыццё, каб не паўтарыць памылкі мінулага, гэта я лічу галоўным", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной важнай сферай, паводле слоў Прэзідэнта, з'яўляецца эканоміка. "Вось часта кажуць, Лукашэнка хоча выгады. Як быццам Пуцін ад чагосьці выгады не хоча? Ды ніколі расійскае кіраўніцтва не будзе рабіць штосьці сабе на шкоду. Так, могуць зрабіць сёння штосьці на шкоду, бачачы заўтра плюсы. Дурняў у расійскім кіраўніцтве няма, там усё лічыцца і падлічваецца, ды яшчэ як. У вас жа там і лабіраванне ідзе - ад прыватнага бізнесу, адтуль узнікаюць гэтыя спрэчкі па таварах народнага спажывання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і звярнуў увагу, што расійскія журналісты мелі магчымасць азнаёміцца з беларускімі прадуктамі і пераканацца ў іх якасці. "Мы ДАСТы захавалі, а вы замянілі іх нейкімі тэхнічнымі рэгламентамі. І калі вашы вытворцы не могуць з намі канкурыраваць па якасці ды яшчэ і па цане - тады ідуць ва ўрад і пачынаюць там скардзіцца, што Лукашэнка не своечасова і не туды паставіў", - заўважыў беларускі лідар і дадаў, што пасля гэтага Рассельгаснагляд і Расспажыўнагляд пачынаюць шукаць падставы забараніць пастаўкі беларускіх прадуктаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што практыка паводзін на рынках, якая ўжо выпрацавана, не заўсёды вытрымліваецца. "Але ж мы тады проста пойдзем на іншыя рынкі. Сёння не далі нафту - мы яе возьмем, няхай крыху даражэй, у іншых краінах. А які нас інтарэс тады будзе звязваць з Расіяй? Фундамент любых адносін - эканоміка. Калі мы эканамічна павязаны, ніхто нас не разарве. Вунь паспрабавала Украіна разарваць - што атрымалі? Ні вам, ні нам гэта не трэба, але паводзіць трэба сябе цывілізавана - і нам, і вам", - канстатаваў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе такія пытанні - вырашальныя. "Галоўнае пытанне - гэта жыццё людзей, іх бяспека і забеспячэнне. Гэта для нас вельмі важнае пытанне - і мы яго павінны вырашыць. Пасля і астатнія пытанні - і космас, і абарону, і ВПК - будзем вырашаць паступова. Людзі есці хочуць кожны дзень, яны хочуць карміць сваю сям'ю, сваіх дзяцей, яны павінны быць цёпла апрануты зімой. Над гэтым мы павінны працаваць, бачачы, вядома, і стратэгічныя пытанні", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аб інтэграцыйных аб'яднаннях

Лукашэнка аб Саюзнай дзяржаве: зроблена нямала, але ёсць пэўнае тармажэнне

"Зроблена нямала, але ёсць пэўнае тармажэнне, і за гэта мы атрымліваем з вашага боку крытыку, але гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Вельмі рамантычныя мы, напэўна, былі 20 гадоў таму, а калі пачалі прапрацоўку канкрэтных пытанняў, то аказалася - усё не так проста. З'явілася шмат груп уплыву, ды і ў дзяржаў з'явіліся нейкія розначытанні. Спадзяюся, што нам удасца, можа, не ў бліжэйшы час, а ў сярэднетэрміновай перспектыве, у гэтым напрамку зрабіць дадатковыя крокі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, што было зроблена ў Саюзнай дзяржаве за 20 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія прайшлі пэўны шлях, але многага зрабіць так і не ўдалося. "Калі мы не стварылі адзіны парламент, адзіны ўрад, да чаго некалі імкнуліся, і гэта прапісана ў дагаворы, не прынялі на рэферэндуме адзіную Канстытуцыю, а мы павінны былі гэта зрабіць, то Беларусь не з'яўляецца прычынай гэтага", - растлумачыў ён.

Пры гэтым беларускі лідар нагадаў аб поспехах у беларуска-расійскіх адносінах, у прыватнасці, аб свабодным перамяшчэнні людзей і капіталу, аб узгодненай знешняй палітыцы, аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы.

"У большасці выпадкаў мы працуем па адзіных нормах, правілах і законах. Акрамя таго, мы навучыліся абараняць сваю Айчыну, як мы часта гаворым, у Беларусі мы толькі так гэта разумеем, адзінымі ўзброенымі сіламі. Вы ведаеце, што ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы, а яшчэ раней - па дагаворах і пагадненнях з Расіяй, мы тут, на заходнім напрамку, у альтэрнатыву НАТА стварылі адзіную беларуска-расійскую групоўку, аснову якой складае 70-тысячная армія Узброеных Сіл Беларусі. Гэта, па прызнанні натаўцаў, лепшая ў СНД абучаная і добра ўзброеная армія, якая сёння знаходзіцца наперадзе, на перадавым фронце, як раней гаварылі, і абараняе нашы сумесныя рубяжы", - расказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб ахове здароўя і адукацыі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзвюх краінах практычна адзіныя стандарты. "Няма ніякіх праблем, вы можаце прыязджаць да нас на лячэнне, мы можам ехаць у Маскву, Санкт-Пецярбург або любы іншы горад. Папросту можам атрымліваць адукацыю, у нас створана некалькі сумесных універсітэтаў. У нас амаль аднолькавыя праграмы сярэдняй школы, ды і ў ВНУ таксама, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. А дзе-нідзе мы нават апярэджваем вас у плане патрыятычнага выкладання таго ці іншага матэрыялу, у нас не было такіх "шараханняў", як мы назіралі ў Расіі ў плане вывучэння айчыннай гісторыі. Мы ніколі пад ногі не кідалі гісторыю, не знішчалі помнікі, не перайменавалі вуліцы - так было ў гісторыі нашай краіны, значыць, так павінна застацца. Жыццё з цягам часу ўсё расставіць на свае месцы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Расказваючы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што планавалася прыцягнуць у саюз і Украіну. "Мыслілася на траіх. Тады. Але атрымалася, як атрымалася", - растлумачыў ён.

Лукашэнка: для мяне Масква ніколі чужой не была і не будзе

"Для мяне, як і для любога беларуса, Масква чужой ніколі не была і не будзе", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што для стварэння Саюзнай дзяржавы зроблена ўжо шмат. "Вось вы да нас прыехалі, просты прыклад, і вас ніхто на граніцы не спыніў, пашпарт не патрабаваў, візу вы не афармлялі. У нас рух людзей, рабочай сілы, ды і капіталу абсалютна свабодны. Любы расіянін можа прыехаць у любую кропку Беларусі, а любы беларус - у любую кропку Расіі і быць як дома", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ходзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ў свядомасці практычна кожнага расіяніна, які зацікаўлены ў наведванні Беларусі, а беларуса - у наведванні Расіі, укаранілася тое, што яны жывуць на адной зямлі, агульнай зямлі. "І гэта дарагога каштуе", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка апасаецца дэзынтэграцыі на прасторы ЕАЭС

"Спад тавараабароту на 30-40 працэнтаў у Еўразійскім эканамічным саюзе - гэты факт гаворыць сам за сябе: значыць, тут нямала праблем. І аб гэтым гавораць усе прэзідэнты. І калі ў бліжэйшы час мы не выпрацуем нармальны план выхаду з гэтай сітуацыі, баюся, пачнецца нейкая дэзынтэграцыя, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, каб не адстаць, неабходна ўдасканальваць створанае.

"Нядаўна прэм'ер-міністры сабраліся ў Маскве і дапрацавалі новы Мытны кодэкс, фактычна яго прадставілі на зацвярджэнне кіраўнікам дзяржаў. Але ж мы некалі ўжо стварылі Мытны кодэкс, і гэта галоўны дакумент у мытным, ды і ў эканамічным саюзе. Чаму мы раптам праз некалькі гадоў выпрацавалі новы дакумент? Таму што ўбачылі, што цяперашні ўжо не адпавядае рэаліям, якія сёння існуюць", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Мы па многіх напрамках рушылі быццам бы наперад, але арганізацыя (Еўразійскі эканамічны саюз. - Заўвага БЕЛТА) яшчэ не ўстаялася, не прыстасавалася да гэтага жыцця, і, напэўна, калі мы бачым нейкія недахопы, нам трэба іх своечасова пераадольваць натуральным шляхам, а ні ў якім разе не разгортваць гандлёвыя войны, якія паміж намі пастаянна ўспыхваюць. Ёсць яшчэ шмат белых плям, якія трэба запаўняць, але з-за розных інтарэсаў нашых дзяржаў не ўдаецца. Мы ўсё гэта можам пераадолець пры жаданні", - упэўнены Прэзідэнт.

Лукашэнка: праблемы з развіццём інтэграцыі ў ЕАЭС звязаны не з інтарэсамі народаў, а асобамі

Пытанне адной з журналістак датычылася таго, чаму працэсы развіцця інтэграцыі па-рознаму асвятляюцца ў беларускіх і расійскіх СМІ. Паводле яе слоў, СМІ ў Беларусі актыўна публікуюць аб гэтым навіны, а расійскім масмедыя гэта тэма не вельмі цікавая.

"У нас з інтэграцыяй праблем шмат, і яны перш за ўсё звязаны не з інтарэсамі народаў, дзяржаў, а, калі ўжо шчыра, яны звязаны з асобамі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час на адным з расійскіх тэлеканалаў паказалі цыкл фільмаў "Хросны бацька". "Я іх не глядзеў, але мне расказвалі, што там было - усякай гадасці хапала. Але я ж чалавек вопытны і разумеў, што без адабрэння звыш наўрад ці хто сабе дазволіць такое, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Навошта гэта робіцца? У мяне шмат сяброў у Расіі і ў вышэйшых эшалонах улады. Я ім задаваў такое пытанне, і многія з іх мне гаварылі, цытую: вельмі ўжо высокі градус Лукашэнкі ў рэгіёнах Расіі, ды і ў Маскве, і ў Піцеры, трэба панізіць. І яго паніжалі".

"Як быццам Лукашэнка робіць усё, каб прыбегчы ў Крэмль, схапіць шапку Манамаха і ў Мінск адвезці. Ну абсурд, згадзіцеся. Гэта немагчыма юрыдычна, ды і нікому не патрэбна, перш за ўсё мне", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова развіваць і паглыбляць супрацоўніцтва, аднак любы саюз павінен будавацца на прынцыпах раўнапраўя. "Гучыць прыгожа: давайце ўвядзём адзіную валюту. Якая яна будзе? Расійскі рубель. Паўстае пытанне - чаму не беларускі? Дзе будзе эмісійны цэнтр? У Расіі. Тады як вырашаецца пытанне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Мы прытрымліваемся разумнай інтэграцыі на прынцыпах раўнапраўя. Вазьміце гісторыю: любы саюз толькі тады можа існаваць, калі ён створаны празрыста, на класічных прынцыпах. Адзін з іх - гэта раўнапраўная аснова, калі гэтага не будзе - не будзе саюза, разваліцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аб сацыяльна-эканамічнай палітыцы ў Беларусі

Лукашэнка: галоўнае - справядлівасць, людзей крыўдзіць нельга

"Вось некаторыя кажуць: беларусы - патрыёты. Пытаюцца: як вы патрыятызм выхоўваеце? Ды ніяк не выхоўваем. Патрыётам заўсёды будзе чалавек у той краіне, дзе ён будзе лічыць, што гэта яго зямля, і ён будзе шчаслівы, што яго дзеці будуць жыць на гэтай зямлі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"А для гэтага трэба стварыць справядлівае грамадства, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я не скажу, што мы яго ўжо стварылі. Але мы да гэтага імкнёмся. Галоўнае - гэта справядлівасць. Нельга крыўдзіць людзей. Калі чалавек будзе пакрыўджаны на ўладу і на парадкі ў краіне, ён ніколі не будзе патрыётам. Што яму абараняць, што ён губляе, калі раптам штосьці здарылася? Вось аснова гэтага патрыятызму. Усё ў простым".

Лукашэнка заяўляе, што ў беларускай эканоміцы няма нейкага шарлатанства

"У нас шарлатанства ў эканоміцы няма, мы лічым кожную капейку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Калі дазволіць шарлатаніць і некаму набіваць кішэні, то людзі на прадпрыемствах застануцца без работы.

"Як складваецца сёння ў эканоміцы сітуацыя, так мы і жывём. Хоць калі ўзяць у цэлым сацыяльны пакет, то мы абсалютна не горш жывём, чым іншыя", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы не скінулі праблемы на плечы людзей. Калі падняць зарплату і скінуць на іх і ЖКП, і адукацыю, і ахову здароўя, то людзі не выцягнуць. Мы на гэта пайсці не можам", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь у наступным годзе дасягне ўзроўню сярэдняй зарплаты $500

"У будучым годзе мы наблізімся да гэтай лічбы або выйдзем на $500. Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на $500", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аднак для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. "Прадукцыйнасць працы перш за ўсё, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Няма прадукцыйнасці працы - якая зарплата? Але трэба і прыватныя, і дзяржаўныя бізнес і кампаніі падштурхоўваць, каб яны займаліся гэтым пытаннем".

Закранаючы тэму абароны правоў чалавека, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Ніколі нікому не дазволю несправядліва паступіць з чалавекам. Для ўсёй вертыкалі ўлады гэта галоўны прыярытэт".

Лукашэнка: адносна невысокая зарплата ў Беларусі кампенсуецца таннасцю паслуг

Кіраўнік дзяржавы прывёў статыстычныя даныя па сярэдняй заработнай плаце ў Расіі і Беларусі і суаднёс гэтыя паказчыкі з коштам паслуг. Так, цяпер зарплата работнікаў у Беларусі набліжаецца да $400, у Расіі яна ў паўтара раза большая. Але пры гэтым за жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтва Беларусі плаціць значна менш, чым у Расіі, Украіне, еўрапейскіх краінах. У прыватнасці, аплата за кубаметр вады ў Мінску - 15 цэнтаў (у рэгіёнах рэспублікі - яшчэ ніжэй), а ў Маскве - 53 цэнты, у Санкт-Пецярбургу - 41 цэнт, у Смаленску - 36 цэнтаў, у Кіеве - 27 цэнтаў, у Берліне - $2,5. Прыблізна такая ж карціна і з коштам для насельніцтва іншых ЖКП (па каналізацыі, гарачым водазабеспячэнні, цеплазабеспячэнні, тэхнічным абслугоўванні, за карыстанне ліфтам). Акрамя таго, у Беларусі захоўваецца бясплатная адукацыя (амаль 90 працэнтаў студэнтаў ВНУ навучаюцца за кошт бюджэту), ахова здароўя.

"Можна чалавеку даць двайную зарплату, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэту зарплату зможа купіць - пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і прадукты ў Беларусі былі б значна таннейшыя, "калі б не падганяў расійскі рынак".

Лукашэнка: пры нармальных умовах жыцця ніякіх каляровых рэвалюцый не будзе

"Нам (у Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА) трэба цяпер паглядзець на вельмі важныя пытанні, якія патрэбны для нармальнага жыцця чалавека, тады ён будзе патрыётам, і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас не перавернуць. Але калі мы не будзем гэтым займацца, нас без каляровых рэвалюцый народ скіне пры той шалёнай дэмакратыі, якая сёння ў свеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра складаныя часы, калі ў Савецкім Саюзе былі недаступны многія тавары, напрыклад, пральны парашок. "Трэба займацца жыццёвымі пытаннямі і, выправіўшы памылку Савецкага Саюза, забяспечыць насельніцтва ўсім неабходным", - падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь сёння поўнасцю забяспечыла харчовую бяспеку, хоць яшчэ гадоў 20 таму з гэтым былі праблемы, адзначыў Прэзідэнт. "Помню, даклад мне: у Мінску засталося на 3 дні мукі, хлеба не будзе. Гэта была першая задача, якую мне давялося вырашаць у Мінску. Тады я даў сабе слова: я ўсё зраблю, каб накарміць беларускі народ, каб людзі не цялёпкаліся з гэтымі талончыкамі, каб, як жабракі, купіць кавалак масла або булку хлеба", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова кааперавацца з расійскімі рэгіёнамі ў плане вытворчасці, каб не дапусціць дэфіцыту якіх-небудзь тавараў. "Калі вы хочаце штосьці зрабіць, прыязджайце, мы гатовы разам з вамі рабіць, прытым па цане ніжэйшай, чым вы самі для сябе гэта зробіце. Мы гэта прадэманстравалі ўжо, не трэба ніякім жулікам нічога плаціць - мы вам зробім гэта за паўцаны. Мы хочам, каб вы атрымлівалі дастаткова прадуктаў харчавання і каб мы канчаткова не загубілі вытворчасць адзення, абутку", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што і сам сёння ў беларускім касцюме. "Я лічу, што ў Беларусі павінны вырабляць нармальнае адзенне", - сказаў ён.

Сферу ЖКГ нельга падзяліць на кускі і прыватызаваць - Лукашэнка

"Лічу, што нельга гэту сферу (жыллёва-камунальнай гаспадаркі. - Заўвага БЕЛТА), прынамсі цяпер і ў бліжэйшым будучым, падзяліць на кускі і прыватызаваць. Там бізнес не атрымае жаданых вынікаў, калі працаваць сумленна і пад кантролем, а тое, што трэба пад кантролем трымаць усе гэтыя праблемы, вы добра разумееце, таму што гэта датычыцца кожнага - і журналіста, і настаўніка, і ўрача", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. "Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя Прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30 працэнтаў кошту паслуг ЖКГ, а 70 працэнтаў кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў аказалася, што насельніцтва пакрывае 52 працэнты. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў творыцца, хто іх кантралюе?" - сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.

"МВФ патрабуе - сёння 75 працэнтаў, а заўтра 100 працэнтаў павінна насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ, тады яны дадуць крэдыт. Добра, сёння 100 працэнтаў зробім, а заўтра будуць дзікія неплацяжы, людзі проста не змогуць заплаціць. І гэтым самым пачнём знішчаць тых, хто аказвае паслугі. Таму тут трэба ісці вельмі акуратна", - лічыць Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб рашэнні кожны год паднімаць кошт ЖКП не больш як на $5 у эквіваленце. "У будучым годзе я дакладна ведаю, і народ ведае, што жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць на $5. Тады будзе не 52 працэнты, а, можа, 58 працэнтаў пакрыццё. І вось так павольна мы будзем ісці. І калі раптам адбудзецца нейкі нечаканы абвал, інфляцыя вырасце і іншае, мы палічым, і Прэзідэнт указам зацвердзіць. І ніякага шарлатанства тут быць не павінна і не будзе", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыкладзе Мінска адпрацоўваецца новая сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Мы ў немцаў нешта падгледзелі, у іншых. Бачым, што ў немцаў паслугі па некалькіх дамах аказвае хаус-майстар - адзін прафесійны чалавек, кожны чалавек у доме ведае, у каго запытаць. Ён адказвае за гэты дом. Цяпер мы вядзём гэту рэформу, паглядзім, што атрымаецца, і распаўсюдзім некаторыя элементы на ўсю краіну. Трэба выпрацаваць сістэму і парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка абяцае ў бліжэйшы час навесці жалезны парадак у пытанні даходаў банкіраў

"У краіне крызіс, у Расіі крызіс. Давайце паглядзім, як жывуць банкіры. Нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады, нягледзячы на крызіс. У тым ліку па зарплаце, крэдыты самі сабе выдаюць. У бліжэйшы час мы навядзём там жалезны парадак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас чвэрць гандлю дзяржаўная. Я павінен бачыць, як фарміруецца цана", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, наяўнасць долі дзяржаўнага гандлю з'яўляецца стрымальным фактарам для прыватнага бізнесу ў гэтай сферы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінгандаль зрабілі Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Няхай кантралююць цэнаўтварэнне", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выступае супраць бяздумных рэформ у сельскай гаспадарцы

"Мы штучна, агулам, як вы зрабілі некалі, не разбураем ні сельскую гаспадарку, ні прамысловыя прадпрыемствы, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Калі, дапусцім, ёсць добры прыватнік, які гатовы ўзяць калгас, саўгас па-старому, калі ласка. І ў нас ужо амаль чвэрць сельскай гаспадаркі прыватная. Але мы яе на кускі не парэзалі, як у вас у некаторых месцах".

Трэба прыкладна 15 тыс. га, каб прымяніць энерганасычаную тэхніку, атрымліваць нармальны прыбытак і ўпэўнена адчуваць сябе на рынку. "Якая будзе акупнасць, рэнтабельнасць на 10 гектарах? Ніякай!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І калі б мы падзялілі на кускі гэту зямлю, мы проста яе загубілі б, яна зарасла б бур'яном. А мы цалкам, калі ёсць жадаючыя, прадавалі гэты калгас. Прытым за малыя грошы. Дарэчы, расіяне многія купілі латыфундыі ў Беларусі".

"І калі заходнікі да нас прыехалі, я іх прымаў, фермеры і іншыя, немцы толькі захапляліся: вось бы нам такое! Я гавару: бог з вамі, вы ж нас вучыце, як працаваць у вёсцы. А яны: не зрабіце так, як у нас. Ну хіба на 30-50 гектарах можна працаваць? Вось яны і ходзяць, просяць датацыі пастаянна. Гавораць: нам бы такія масівы, была б высокарэнтабельная сельская гаспадарка", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

"Таму нельга тут бяздумна ажыццяўляць гэтыя рэформы і праводзіць агулам. Трэба гэта рабіць акуратна, разумна, і на пульсе трымаць руку, каб не было карупцыі і несправядлівасці", - яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Гэтак жа мы рабілі і ў прамысловасці, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі кульгае нейкае прадпрыемства і ёсць добры інвестар, які гатовы выканаць нашы ўмовы, калі ласка. Прыходзь, працуй. Але мы перад табой ставім умовы. Першая ўмова - людзей на вуліцу не выганяць, зарплата вось такая, падаткі вось такія. Дамовіліся? Ідзі працуй. І ён ведае, што ён пад кантролем".

Лукашэнка: часы нафты і газу адыходзяць, будучыня - за найноўшымі тэхналогіямі

Менавіта найноўшыя тэхналогіі стануць крыніцай багацця ў далейшым, упэўнены Прэзідэнт.

Беларусь, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, укараняе высокія тэхналогіі ва ўсе сферы жыцця, развіваючы атамную энергетыку, касмічныя тэхналогіі. "Яны ў нас і ў ахове здароўя, і ў адукацыі - усюды", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы згадаў, у прыватнасці, унікальную аперацыю, якую правялі нядаўна беларускія хірургі па перасадцы комплексу "сэрца-лёгкія". "Усюды мы патроху робім штосьці новае, каб на ім выхоўвалася будучыня", - сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка запрашае замежны бізнес працаваць у Беларусі, але па правілах

"У нас ёсць пэўныя ўмовы, пэўныя абмежаванні, усе павінны разумець, што яны прыйшлі не ў чыстае поле, дзе вецер гуляе, - растлумачыў сваю пазіцыю кіраўнік дзяржавы. - У нас цывілізаваная краіна, і мы будзем падтрымліваць гэты стандарт. У нас ёсць інтарэсы. Інтарэсы, якія не супярэчаць ні ў якім выпадку ні Польшчы, ні Прыбалтыцы, ні Украіне, ні Расіі, нашым суседзям, але гэта нашы інтарэсы. Калі вы гатовы па гэтых правілах працаваць - прыходзьце. Мы ні ад каго гэта не ўтойваем".

У прыклад Прэзідэнт прывёў куплю расійскім бокам "Белтрансгазу": "Я адразу і вашаму Прэзідэнту, і прэм'еру сказаў: майце на ўвазе, у нас кадравая палітыка такая, што вы на гэты аб'ект самі не назначыце кіраўніка. Умову паставілі: ён павінен захоўваць інтарэсы як Расіі, так і Беларусі, калі ён тут працуе".

"Так, нас за гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, часам крытыкуюць, але мы да гэтага спакойна ставімся. Захаваць гэты астравок ціхім і спакойным - гэта нямала каштуе. І павінен быць парадак і дысцыпліна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

- Прычым не тая бязглуздзіца, што на вуліцы некага схапілі, пасадзілі і гэтак далей. Пасадзяць толькі таго, хто падаткі не плаціць, абкрадае дзяржаву. Любы прыватнік павінен гэта разумець - спуску тут нікому няма". Другое правіла - не крыўдзіць грамадзяніна любой краіны, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Плаці падаткі і не чапай іншых людзей. І ніхто табе перашкаджаць працаваць не будзе. І абмежаванняў у цябе практычна няма ніякіх, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Для таго, каб бізнес весці, у нас трэба заяву напісаць, пакласці на стол і ісці. У нас заяўны прынцып рэгістрацыі бізнесу. Але вельмі жорсткія ўмовы паводзін, менавіта паводзін самога бізнесмена. Каб не было, ведаеце, гэтых алігархічных замашак. Таму што людзі гэтага цярпець не будуць".

Аб інфармацыйнай палітыцы, мове, гістарычных каштоўнасцях

Лукашэнка: у Беларусі няма ніякага залішняга націску на СМІ

У Беларусі захаваны ўсе вядучыя газеты - не толькі рэспубліканскія, але і абласныя, раённыя. "Гэтыя выданні атрымліваюць датацыі ад  органаў улады. Гавораць, што калі дзяржава фінансуе з бюджэту - значыць, выданне залежнае. Але ніхто з вядучых сродкаў масавай інфармацыі не скажа, што залішне нехта над імі стаіць. Так, мы просім журналістаў, каб у сваіх матэрыялах яны былі аб'ектыўныя, але і крыху нахілены ў бок дзяржавы, каб захаваць мір, спакой, стабільнасць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я іх (СМІ. - Заўвага БЕЛТА) крытыкую, чаму мала крытыкі. Людзі бачаць, калі мы трубім у адзін бок, і чытаць не будуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што трэба паказваць і станоўчыя прыклады, і недахопы - павінна быць збалансаванасць.

"Мы залішне не націскаем на сродкі масавай інфармацыі. Яны павінны творча ставіцца да сваёй работы", - падкрэсліў Прэзідэнт. І дадаў, што кожны дзень праглядае па дыяганалі асноўныя газеты.

Лукашэнка лічыць Беларусь самай свабоднай краінай у плане інтэрнэту

"Мы - самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту, і калі ў нас спрабавалі праз інтэрнэт здзейсніць каляровыя рэвалюцыі, мне многія гаварылі, што яго трэба закрыць. Але я сказаў, што трэба на гэтых сайтах, гэтых старонках змагацца з імі іх жа метадамі. І мы не закрылі, не абмежавалі нікога, а ў сацсетках працавалі як належыць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Інтэрнэт - гэта вельмі добра, але ён з вялікімі недахопамі. Павуціна вялікую прыносіць карысць у плане стасункаў і гэтак далей, але і вельмі вялікія ёсць адмоўныя моманты", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу негатыўнага ўплыву інтэрнэту Прэзідэнт прывёў арганізацыю ўзрыву ў мінскім метро некалькі гадоў таму. "Быў адзіны тэракт, калі наш беларус, з Віцебска родам, з інтэрнэту ўсё атрымаў, стварыў узрыўное ўстройства, у метро аднёс і ўзарваў для таго, каб, ведаеце, палюбавацца або паказаць сябе. Але мы пасля гэтага ўсё роўна інтэрнэт не закрылі. Працаваць трэба. Значыць, недзе мы не дапрацоўваем", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама прызнаўся, што сам вельмі акуратна ставіцца да інтэрнэту, таму што для яго кніга, друкаванае слова - гэта святое. "І калі інтэрнэт пачынае зацягваць поўнасцю, калі многія людзі становяцца залежнымі па розных напрамках, мяне гэта вельмі хвалюе і насцярожвае", - заўважыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у яго няма старонак у сацыяльных сетках і ён не з'яўляецца інтэрнэт-залежным чалавекам. Акрамя таго, ён кантралюе, колькі часу ў сетцы праводзіць яго малодшы сын.

Расіі не трэба баяцца прысутнасці Беларусі ў сваёй інфармпрасторы - Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, можа, расійскія журналісты лепш працуюць у прафесійным плане, але ў пытаннях ідэйнасці, зместу, каштоўнасці матэрыялаў варта павучыцца ў беларускіх калег. "Мы ніколі сабе не дазвалялі ўшчаміць інтарэсы Расіі, каб нешта паказвалі, нешта не. Чаму вы баіцеся, што мы будзем прысутнічаць у вашай інфармацыйнай прасторы?" - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі каштоўнымі такія сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Важна, каб расіяне больш ведалі пра Беларусь, асабліва ў далёкіх рэгіёнах краіны. Такую форму супрацоўніцтва неабходна прадаўжаць.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму супрацоўніцтва ў культурнай сферы. Рэгулярна праводзяцца Дні культуры Расіі ў Беларусі і наадварот, ёсць сумесныя праекты ў выдавецкай справе, у правядзенні выставак. Будзе разгледжана пытанне ўдзелу Беларусі ў культурным форуме, прысвечаным юбілейнай даце стварэння СНД.

Лукашэнка: у рускай мове - душа беларускага чалавека

"У рускай мове - душа беларускага чалавека. Колькі мы разам жылі, размаўлялі на гэтай мове і ўкладвалі не толькі душу, але і свае каштоўнасці. Гэта наша агульная мова, наш найвялікшы здабытак", - адзначыў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што ад такой спадчыны нельга адмаўляцца.

Ён нагадаў, што пытанне аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай выносілася на рэферэндум і большасць насельніцтва падтрымала яго.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што, паводле даных сацыялагічнага апытання, больш як 90 працэнтаў жыхароў Беларусі выказаліся за "выключна добрыя адносіны з Расіяй".

Гаворачы аб інфармацыі ў СМІ аб тым, што нібыта ў рэспубліцы ідзе працэс "мяккай беларусізацыі", мае месца ўціск рускамоўнага насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "У нас палавіна ўрада рускіх, а то і больш. Няма ў нас такіх праблем. Мы гэтым ганарымся, гэта наш імідж".

Лукашэнка: памяць аб Вялікай Айчыннай вайне - гэта святое

Нават расіянам варта павучыцца ў беларусаў стаўленню да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, сказаў Прэзідэнт. У Беларусі няма недагледжаных помнікаў, нават калі гэта створаныя па ініцыятыве вяскоўцаў "саматужныя" аб'екты. Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад помніка ў Александрыі, які быў устаноўлены яшчэ ў савецкія гады па ініцыятыве калгаса. Мінула шмат гадоў і стан помніка жанчыне, якая страціла на вайне дзяцей, на долю якой выпаў вялікі цяжар тых гадоў, пакідае жадаць лепшага, але заўсёды тэрыторыя каля аб'екта дагледжаная, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Там заўсёды парадак. Чаму? Таму што кожнае дзіця ў школе ведае, што два разы ў год, а, можа, тры, трэба прыйсці, навесці парадак вакол гэтых помнікаў. Гэта памяць. Як мы ставімся, так і да нас будуць ставіцца потым нашы дзеці і нашы ўнукі. Таму гэта святое, у нас няма дыскусій у грамадстве па гэтым пытанні. Мы ніколі не ставілі яго пад сумненне", - сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка забараніў пісаць гісторыю "пад сябе"

"Перш, чым крамсаць мінулае, трэба паглядзець на сучаснае. Не трэба кідаць камяні ў мінулае. Мы гэтага не робім, таму што яно неадназначнае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гісторыю часта пад палітыку нахілялі. Гэтага ў Беларусі ўдалося пазбегнуць. "Я, калі стаў Прэзідэнтам, адразу сказаў інтэлігенцыі: вы пад мяне не падстройвайцеся і гісторыю пад мяне не пішыце", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, не трэба інтэлігенцыю ламаць аб калена: прыйшоў адзін кіраўнік - яна спявае адно, прыйшоў новы - яны пачынаюць спяваць іншае. "Я лічу, гэта знявага інтэлігенцыі. Нельга гэтага рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Створаную пакаленнямі гісторыю трэба перадаць дзецям і ўнукам у тым выглядзе, якая яна ёсць, не перапісваючы. Гісторыя не ідэальная - ідэальнага нічога няма. Проста трэба спрабаваць убачыць яе аб'ектыўнай, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Свята 7 лістапада адмяняць дачасна - Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кастрычнік здарыўся яшчэ і таму, што тады было мноства праблем. Інакш не перавярнулі б краіну. "Гэта ў гісторыі ў нас было, мы не адышлі ад гэтай даты. Яна ў нас афіцыйная - 7 лістапада. Прыйдзе час, калі народ перастане адзначаць гэта свята і не будзе звяртаць на яго ўвагі, і пакалення таго не будзе... можа, нехта яго (свята 7 кастрычніка. - Заўвага БЕЛТА) і адменіць. Сёння - не час", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што не трэба навязваць і нейкія новыя святы.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, няма таго, што неабходна з гісторыі выкінуць. "Не трэба, каб дагадзіць нечаму, таптаць мінулае. Усё было: і камсамол быў, і партыя была", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба быць аб'ектыўнымі. Факты гісторыі, якія былі, - іх не выкінеш. І акцэнтаваць увагу трэба на ўсіх фактах. Нельга вырываць з гісторыі тое, што здаецца нам цяпер з пункту гледжання палітыкі выгадным, а астатняе замоўчваць. Будзем пажынаць дрэнныя плады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба ўсё паказваць і тлумачыць, як яно было, наколькі гэта сёння магчыма".

Лукашэнка аб міжканфесійным міры ў краіне: жывём як адзіны народ

Адна з журналістак пацікавілася ў кіраўніка дзяржавы, як у краіне ўдаецца забяспечваць міжканфесійны мір і якія меры прымае дзяржава, каб не дапусціць канфліктаў на рэлігійнай глебе.

"У нас няма гэтай праблемы. Нават не магу сказаць, што мы робім для таго, каб так было. Мы проста жывём. Жывём як адзіны народ, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца рэлігіі, лозунг адзін - кожны знойдзе сваю дарогу да свайго храма".

Прэзідэнт прывёў у прыклад нядаўняе адкрыццё Саборнай мячэці ў Мінску. Хоць у Беларусі пражывае не такая вялікая колькасць мусульман, як праваслаўных або католікаў, яны таксама з'яўляюцца грамадзянамі краіны. "І я для іх таксама Прэзідэнт. Яны ніколі ніякіх праблем нам не стваралі. У нас з імі ідэальныя адносіны, як з католікамі і праваслаўнымі. Я вельмі акуратна і ўважліва назіраю за тым, як начальнікі, чыноўнікі і духоўныя асобы ставяцца да іншай веры. Я трымаю гэта на асаблівым кантролі. Улада павінна падкрэсліваць: усе маюць аднолькавыя правы. І ў нас гэта сапраўды так", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў краіне не існуе прадузятага стаўлення і да якіх-небудзь нацыянальнасцей. "Каб быў міжнацыянальны мір, не трэба падкрэсліваць, што ты яўрэй, паляк, башкір або татарын... Усе людзі аднолькавыя", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аб знешняй палітыцы

Лукашэнка аб Трампе: гэта жорсткі праамерыканскі грамадзянін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае спыніць ажыятаж у сувязі з выбраннем Прэзідэнтам у ЗША Дональда Трампа і лічыць яго выключна па-праамерыканску настроеным.

"Цяпер усе ахаюць-вохкаюць - маўляў, не той чалавек прыйшоў у ЗША. Ды нармальны прыйшоў чалавек, той! І яшчэ якая будзе праамерыканская палітыка. Гэта жорсткі праамерыканскі грамадзянін, які будзе бачыць Амерыку перш за ўсё, і мы павінны падумаць, дзе будзе наша месца ў гэтай палітыцы. Гэта новы чалавек, у яго няма ніякіх абавязацельстваў ні да вас, ні да нас, ён нічога не абяцаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Амерыка прагаласавала за Дональда Трампа таму, што назбіралася мноства ўнутраных праблем. "Калі сярэдні клас адхіляе ўсё і галасуе за такога чалавека, трэба рабіць высновы. На гэтыя граблі нам наступаць нельга. Нам трэба звярнуцца да вырашэння праблем унутранага характару - расійскіх, беларускіх, у Казахстане. Іх мора, і калі нашы ведамствы сур'ёзна зоймуцца вырашэннем гэтых праблем, мы значна можам умацаваць унутрыэканамічны стан нашых дзяржаў, што абавязкова ў добрым сэнсе паўплывае на стан у знешняй палітыцы. Трэба ўмацоўваць свой фундамент, і потым будзе лягчэй размаўляць і з Амерыкай, і з іншымі дзяржавамі", - упэўнены Прэзідэнт.

Беларусь гатова садзейнічаць міру ва Украіне аж да арганізацыі мясцовых выбараў

"Калі два бакі дамовяцца і ўбачаць ролю Беларусі, мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір. Калі вы хочаце, каб мы правялі мясцовыя выбары (прытым сумленна, абсалютна сумленна), пра якія столькі гавораць, - мы гатовы гэта арганізаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы хочаце навесці парадак на 400 км граніцы паміж Украінай і Расіяй, калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце - самі мы не палезем туды".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба лічыць беларусаў пабочнымі людзьмі, якія проста павінны назіраць за канфліктам. "Гэта ж не Сірыя. Мы сёння на граніцы ловім адмарозкаў з боепрыпасамі. Больш таго, з Беларусі, няхай мізэрная колькасць, але хтосьці ваюе на баку апалчэнцаў, хтосьці ваюе на баку ўкраінцаў. А яны куды вяртаюцца? У Беларусь. Так, мы іх кантралюем, але гэта грошай каштуе. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу: "Мы гатовы працаваць толькі для таго, каб гэта сітуацыя ўстаканілася і ўціхамірылася. Там патрэбны мір. Мы свае прапановы і Захаду ўносілі: яны ў нас пыталіся. Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін. - Заўвага БЕЛТА) ведае нашы прапановы. Маўчаць. Значыць, ім не хочацца, каб у гэтым рэчышчы развіваліся падзеі. Асабліва Захад. Мы ім яшчэ ў пачатку канфлікту гэтыя прапановы ўнеслі - цішыня. Значыць, ім не патрэбны мір ва Украіне. Мы гатовы ўключацца і вырашаць задачу ва Украіне, нават калі з першага погляду яна нам не патрэбна і не выгадна. Потым усё роўна гэта і нас закране. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не Сірыя, якая знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў. Гэта ля нашага парога".

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы, расіяне, украінцы - родныя адзін аднаму людзі. "Ці ж нам сёння біцца? Гэта ж трэба было колькі грошай затраціць, гэта трэба было як марыць, каб сутыкнуць нашы народы! Вядома, ніхто не хоча ўплыву Расіі - трэба яе прыцягнуць недзе да канфліктаў, перш за ўсё ва Украіне. І ніякае кіраўніцтва ЗША, Еўрасаюза ад гэтага не адыдзе. Ім не патрэбна моцная ні Расія, ні Беларусь. Украіна таксама. Вось і выкарыстоўваюць. Але ж нам трэба галаву на плячах мець і рабіць нейкія крокі. Мне здаецца, мы можам штосьці прыдумаць, каб там пачаўся адваротны працэс", - упэўнены беларускі лідар.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: "Мы не рвёмся ў нейкія міратворцы або пасрэднікі. Я гэтага цярпець не магу. Я не цярплю пасрэдніцтва, а па-чалавечы, па-мужчынску, па-братэрску мы гатовы падключыцца там, дзе трэба".

Лукашэнка аб канфлікце ва Украіне: пераможцаў у гэтай бойні не будзе

"Я сказаў нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу (Пуціну. - Заўвага БЕЛТА), што, чаго б ні каштавала, трэба цяпер штосьці прыдумаць такое, каб пачаўся адваротны працэс, аднаўленне адносін. Пераможцаў у гэтай бойні не будзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба сёння выходзіць з гэтай сітуацыі. Мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, чым даўжэй будзе працягвацца канфлікт, тым горш будзе і для Украіны, і для Расіі. "Я ўжо не гавару аб тых, хто там (у зоне канфлікту. - Заўвага БЕЛТА) застаўся. У чым вінаватыя людзі, якія там жывуць? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Так, страшна, калі чакаеш, што зверху штосьці ўпадзе і разарвецца. Але яшчэ горш няпэўнасць. Яны не ведаюць, што будзе заўтра, паслязаўтра, як ім быць".

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий