У Беларусі будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У Беларусі будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё

22 октября 2015 - Administrator
article2018.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду па актуальных пытаннях развіцця краіны.

 

Лукашэнка: урад будучага пяцігоддзя сфарміраваны ў асноўным яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, звяртаючыся да членаў урада, што наперадзе чакаецца цяжкая і канкрэтная работа. "Схавацца за нечыя спіны не атрымаецца. Хто не можа і не гатовы - ва ўладу лепш не хадзіце", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што цяпер шмат дыскусій наконт будучага складу ўрада: "Які будзе ўрад, каго Лукашэнка звольніць, каго назначыць. Проста некаторыя так званыя прафесійныя палітолагі дарэмна ядуць хлеб".

 

"Урад будучага пяцігоддзя, у асноўным, і ўсе органы ўлады сфарміраваны да прэзідэнцкіх выбараў. Я аб гэтым гаварыў, другія прэзідэнцкія выбары так праходзяць. Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага Прэзідэнта выберуць. І наступнае, што мною было сказана, - тыя, хто за гэты перыяд пакажа сваю недзеяздольнасць, з улады пойдуць. Вось таму мне трэба вызначыцца, хто будзе працаваць, а хто пойдзе. Кожны з вас павінен даказаць сваю дзеяздольнасць. Я не хачу, каб людзі гэта зразумелі так, што заўтра мы павыганяем дзяржслужачых. Не дай бог, нехта будзе зыходзіць з крытэрыяў асабістай адданасці "падабаецца - не падабаецца", "дагадзіў - не дагадзіў". Гэта зноў жа пытанне чыстаты нашай улады", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка: у новым пяцігоддзі працаваць па-старому будзе немагчыма

Фармулюючы мэту і сэнс нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Паспрабую зрабіць гэта сумленна і шчыра. Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асоб - тыя, хто хочуць працаваць у новым пяцігоддзі, - пры назначэнні на сваю пасаду павінен даказаць сваю здольнасць кіраваць". Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы перыяд, і ён павінен адрознівацца ад іншых сваёй навізной. Менавіта таму патрабаванні да новага ўрада асаблівыя.

"Асабліва гэта датычыцца ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Аб галінах улады я ўжо сказаў. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё, гэтага ад вас буду патрабаваць я", - падкрэсліў Прэзідэнт.

 

Ён сказаў, што асаблівая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам. "Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, - гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры. У сувязі з гэтым вы будзеце абавязаны - усе, нават тыя, хто не назначаецца Прэзідэнтам, - прадставіць канкрэтныя планы сваіх дзеянняў. Вышэйшыя службовыя асобы - да назначэння на пасады, усе астатнія - за канкрэтны перыяд", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю

 

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае чыноўнікаў ад фанабэрыі і непаважлівага стаўлення да людзей.

"Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю. Мы развучыліся размаўляць з людзьмі", - выказаў нездаволенасць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фанабэрыя і непаважлівае стаўленне да людзей зусім недапушчальны з боку чыноўнікаў. Інтарэсы і праблемы людзей - самае галоўнае для ўсіх органаў улады.

Лукашэнка: у грамадстве назбіралася крытычная маса чаканняў, якія трэба задаволіць

 

 

Прэзідэнт падкрэсліў, што не хоча згуляць на папулізме, які павінен быць поўнасцю выключаны з палітыкі. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага. "І асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбны змяненні да лепшага", - выказаў Аляксандр Лукашэнка пажаданні людзей.

"У грамадстве назбіралася вялікая маса чаканняў, я сказаў бы, крытычная маса чаканняў. І не задаволіць гэтыя чаканні мы не маем права", - перакананы беларускі лідар.

Паводле яго слоў, "галоўнае - жыццёвы ўзровень павінен расці".

Тыя, хто выбіраў Прэзідэнта, разлічваюць на павышэнне свайго жыццёвага ўзроўню. "Я не кажу якім чынам. Усе вы павінны даць людзям работу і запатрабаваць за прадукцыйнасць працы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Урад павінен удзяліць сур'ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння - Лукашэнка

"Людзі вельмі незадаволены сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю", - сказаў Прэзідэнт.

"Возьмем адно пытанне, хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэнь. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

 

Прэзідэнт Беларусі патрабуе максімальную ўвагу ўдзяліць экспарту прадукцыі

"Вельмі важным з'яўляецца пытанне росту вытворчасці і ў сувязі з гэтым - экспарту выпускаемай прадукцыі. Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна "паштучна", калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Кантроль - штоквартальны, па некаторых пазіцыях - штомесячны".

Прэзідэнт лічыць, што адказ на праблемы просты: "Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максімальнай цане. Грошы вярнуць у краіну".

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што з банкірамі будзе асобная размова: "З такой цяжкасцю заробленая валюта ідзе на розныя непатрэбныя мерапрыемствы і дробязі і вывозіцца за мяжу". Прэзідэнт лічыць гэта недапушчальным.

 

Ён таксама прадоўжыў: "Мне прапануюць на будучы год некаторыя кабінетныя праекты, разлічаныя па буквары або максімум па падручніку эканомікі, узятым у ВНУ. Пакладзіце гэта для сваіх дзяцей і вывучайце самі ў вольны час, калі вам эта патрэбна".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "сёння самы лепшы час для эфектыўнай работы".

"Вы заўсёды гаварылі, што вельмі высокія цэны на энерганосьбіты і сыравіну, якіх у нас няма. Усё астатняе ёсць - тэхналогіі, дасведчаныя падрыхтаваныя людзі. Сёння цэны на сыравіну самыя нізкія. Вырабляйце і прадавайце", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў: "Санкцыі зняты. Дзейнічайце".

 

Лукашэнка: рэформы ў Беларусі будуць накіраваны на ўдасканаленне існуючага, а не яго ломку

Цяпер шмат гаворыцца аб змяненнях і рэформах у краіне. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі не будзе рэформ, накіраваных на ломку існуючага парадку.

"Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што няма і не будзе грошай на тое, каб дашчэнту ламаць нешта, а потым гераічна аднаўляць.

 

"Некаторыя гавораць: ёсць крэдыт даверу і трэба правесці непапулярныя меры, прычым вельмі хутка, чытай - трэба хуценька рэзаць па жывым. Калі будзеце прэзідэнтамі, тады будзеце рэзаць. Я нікога і нічога рэзаць не маю намеру. А, калі хочаце разануць, пачнём з тых, хто гэта прапануе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Падманваць людзей я не збіраюся, тым самым падносячы падарунак сваім ворагам і, як мінімум, праціўнікам, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта зусім не значыць, што мы спынімся і застынем. Сістэма толькі тады здольна жыць і выжываць, калі яна пастаянна знаходзіцца ў руху і ўдасканальваецца". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў:

"У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца".

 

"І ў гэтым сутнасць нашых рэформ", - заявіў ён.

Прэзідэнт таксама адхіліў прапановы па скарачэнні колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. Паводле яго слоў, да гэтых пытанняў трэба падыходзіць вельмі акуратна і абдумана. "Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

 

 

Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, некаторыя прапануюць цяпер прыняць рашэнне наконт пенсійнага ўзросту. Прэзідэнт лічыць, што людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў бліжэйшы час уносіць такія змяненні.

"Я аб гэтым гаварыў яшчэ ў перадвыбарны перыяд, што пенсійны ўзрост давядзецца павышаць. Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

 

На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа "вырашацца праз людзей". "Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы папросім у іх падтрымкі, - сказаў Прэзідэнт. - Пагодзяцца - правядзём змяненні. Не - значыць, не".

"Мы ўсюды пішам - дзяржава для народа. Дык давайце слухаць народ", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніводнае мерапрыемства немагчыма рэалізаваць без высокай выканальніцкай дысцыпліны. Паводле яго слоў, выканальніцкая дысцыпліна - гэта пытанне нумар адзін.

"Кожны з вас (членаў урада. - Заўвага БЕЛТА) у сваёй праграме павінен прапанаваць, калі вы хочаце працаваць, упарадкаванне структуры, якой вы будзеце кіраваць. Тут і ўпарадкаванне залішняй колькасці, перш за ўсё ў дзяржаўных структурах і кіраванні. І за кошт перш за ўсё аптымізацыі колькасці дзяржструктур мы павінны зрабіць павышэнне зарплаты", - заявіў Прэзідэнт. "Такога ўзроўню зарплаты і грашовага забеспячэння, якія цяпер ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта нашай работы", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў выключыць паператворчасць і бюракратызм

"Паператворчасць павінна быць выключана цалкам, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - Не дай бог, мне паскардзяцца, што хтосьці з вышэйстаячых патрабуе лішняй, незразумела якой інфармацыі або запрашэння да размовы на нарады, часам бескарысныя, крыўдуйце на сябе. Дні вашы ва ўладзе будуць злічаны".

Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: "Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта датычыцца ўсіх - і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Наконт гэтага мною прыняты рашэнні і прашу іх выконваць". "Нарады - толькі ў пазарабочы час, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні".

 

Лукашэнка: трэба забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне незалежнай Беларусі

 

 

Прэзідэнт Беларусі патрабуе вызначыць стратэгічную лінію і дзеянні па далейшым стабільным развіцці краіны.

"Адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы, і мы разам павінны адкрыць гэту старонку - сумленна, прынцыпова, адказна, - адзначыў Прэзідэнт. -

Наперадзе нас чакаюць вельмі сур'ёзныя выпрабаванні. Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне гэтай суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі".

 

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на разварушванне часу няма. Усе сілы і энергію трэба пераключыць на вырашэнне самых актуальных пытанняў. Менавіта таму на сённяшняй нарадзе былі заслуханы службовыя асобы, якія знаходзяцца на ключавых дзяржаўных пасадах. Галоўным пытаннем абмеркавання быў стан і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Урад прадставіў сваё бачанне далейшага развіцця рэспублікі.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пачатая размова будзе прадоўжана, у прыватнасці, на ўзроўні Прэзідэнта будуць разгледжаны пытанні бяспекі. Акрамя таго, асобная размова адбудзецца на ўзроўні Прэзідэнта з кіраўнікамі іншых галін улады.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий