У Беларусі змяняюцца правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У Беларусі змяняюцца правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ

13 января 2017 - Administrator
article2893.jpg

 Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Асноўнымі новаўвядзеннямі з'яўляюцца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах, пашырэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў, арганізацыя да трох рэзервовых дзён ЦТ.

У адпаведнасці з дакументам уводзяцца льготы для профільных класаў педагагічнага напрамку пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці: залічэнне на дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі выпускнікоў такіх класаў па выніках гутаркі, пры гэтым тэрмін далейшай абавязковай работы па размеркаванні складзе не менш як пяць гадоў.

Акрамя таго, створаны роўныя ўмовы конкурсу пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі. Для паступаючых у скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ.

Таксама ўдакладнены асобныя працэдурныя і тэхнічныя пытанні прыёмнай кампаніі.

Змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму захоўваюць існуючую сістэму прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, забяспечваюць захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржаўных органаў - заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў, а таксама накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі рэспублікі і якасці адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў.

Пры паступленні на скарочаную форму навучання ў ВНУ не трэба будзе здаваць ЦТ

Аб гэтым заявіў журналістам начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч, каменціруючы змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Як паведамлялася, для паступаючых у скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ. Як растлумачыў Сяргей Каспяровіч, размова ідзе аб скарочанай форме навучання, так званай інтэграванай форме, калі выпускнікі каледжаў паступаюць на роднасныя спецыяльнасці ў ВНУ.

Раней дзеючай рэдакцыяй правіл было прадугледжана, што абітурыенты павінны былі здаваць ЦТ па рускай або беларускай мове, а таксама непасрэдна ў ВНУ вусны або пісьмовы іспыт па профільным прадмеце, які яны вывучалі ў каледжы. Цяпер сітуацыя крыху змяняецца. Па-першае, будзе ўстаноўлена дакладная адпаведнасць спецыяльнасцей сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Пералік адпаведных спецыяльнасцей сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе зацверджаны Міністэрствам адукацыі. Па-другое, абітурыенты будуць здаваць два профільныя іспыты па дысцыплінах, вывучаных у каледжы, пералік і форма правядзення якіх вызначаюцца парадкам прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

У цэлым змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі накіраваны на ўдасканаленне сістэмы па прыёме абітурыентаў.

Абітурыенты для паступлення на сельгасспецыяльнасці могуць здаваць ЦТ або ўнутраны экзамен

Сяргей Каспяровіч адзначыў, што ў правілах прыёму, якія зацверджаны, ёсць прынцыповыя змяненні. Для ўсіх, хто паступае ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, а таксама ў ВНУ несельскагаспадарчага профілю, але на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, вызначаны адзіны падыход. Абітурыенты будуць здаваць два ўступныя іспыты па профільных прадметах - або ў форме ЦТ, або ў форме ўнутранага іспыту па вучэбных прадметах у адпаведнай установе адукацыі.

Згодна з папярэдняй рэдакцыяй правіл, абітурыенты толькі ў выпадку паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю на сельгасспецыяльнасці на завочную форму мелі права здаваць уступныя іспыты або прадастаўляць сертыфікаты ЦТ, ва ўсіх астатніх выпадках абітурыентам трэба было здаваць ЦТ.

Структура ЦТ у гэтым годзе істотна не зменіцца

Паводле слоў Сяргея Каспяровіча, часткі А і В у тэстах застаюцца, радыкальных змяненняў у ЦТ у гэтым годзе не адбудзецца.

У той жа час, паводле слоў начальніка ўпраўлення, штогод у тэсты ўносіцца нешта новае з улікам змянення школьнай праграмы. Міністэрства адукацыі сістэмна працуе над удасканаленнем уступных іспытаў з улікам тых даручэнняў, якія гучалі з вуснаў кіраўніка дзяржавы, урада.

Магчымасць здачы ЦТ па 4 прадметах пашырае выбар спецыяльнасці - Мінадукацыі

Адным з асноўных новаўвядзенняў з'яўляецца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. У той жа час пры паступленні ва ўніверсітэт абітурыент падае тры сертыфікаты ў адпаведнасці з правіламі прыёму. "Нават існаваўшая раней рэдакцыя правіл давала магчымасць выбіраць у рамках пераліку прадметаў шэраг спецыяльнасцей, у асобных выпадках гэта быў даволі вялікі выбар. У гэтым выпадку ў абітурыента выбар пашыраецца. У яго з'яўляецца магчымасць, зыходзячы з атрыманых рэзультатаў на ЦТ, выбіраць ужо з большага пераліку спецыяльнасцей, прычым з розных груп, профіляў адукацыі", - сказаў Сяргей Каспяровіч.

Начальнік упраўлення адзначыў, што гэта зроблена для абітурыента, каб пашырыць яго выбар, каб ён мог больш дакладна вызначыцца з будучай спецыяльнасцю.

Новай рэдакцыяй правіл таксама прадугледжана павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў. Паводле слоў Сяргея Каспяровіча, для абітурыентаў гэта выключна станоўчы момант, гэта дадатковая магчымасць. Калі абітурыента раптам напаткае няўдача ў першы год, у яго будзе магчымасць з тымі ж сертыфікатамі, не здаючы паўторна ЦТ, падаваць дакументы ў прыёмную камісію на наступны год. У той жа час гэта новаўвядзенне закране работу прыёмных камісій. Ім будзе неабходна адпрацоўваць дакладны механізм па аналізе дакументаў, якія падаюцца.

Мінадукацыі: змяненні для педкласаў пры паступленні - дадатковая гарантыя работы

Па-першае, новай рэдакцыяй правіл уведзена норма, якая дае магчымасць выпускнікам профільных педагагічных класаў у выпадку станоўчай рэкамендацыі педсавета паступаць без уступных іспытаў, гэта значыць без ЦТ, на адпаведныя педагагічныя спецыяльнасці. Пры паступленні праводзіцца толькі прафесійная гутарка. Пры гэтым важна і высокая паспяховасць у ходзе навучання ў школе, дзякуючы якой педсавет і выдасць адпаведную рэкамендацыю. Гэта новаўвядзенне з'явілася ўпершыню, у ранейшай рэдакцыі правіл прыёму гэтага не было. Пры гэтым тэрмін далейшай абавязковай работы па размеркаванні складзе не менш як пяць гадоў.

Паводле слоў Сяргея Каспяровіча, ацэньваючы ў комплексе гэтыя змяненні, можна адзначыць, што для прафесійна арыентаваных хлопцаў і дзяўчат, якія выбралі прафесію загадзя і хочуць у будучым навучаць дзяцей, - гэта магчымасць атрымаць добрую спецыяльнасць і потым мець гарантаванае месца работы. Пры гэтым размеркаванне трэба ўспрымаць не толькі як нейкае абавязацельства выпускніка, але і як абавязацельства работадаўца. Таму для выпускніка, які хоча працаваць па спецыяльнасці, гэта станоўчы момант, і аб гэтым трэба расказваць моладзі, заключыў начальнік упраўлення.

Выпускнікам педкласаў для паступлення на льготных умовах трэба мець не ніжэй за 8 па профільных прадметах

Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Вадзім Богуш адзначыў, што змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі змяшчаюць вельмі значнае для адукацыйнай сферы новаўвядзенне, якое звязана з асаблівымі ўмовамі залічэння выпускнікоў педагагічных класаў. "Для выпускнікоў профільных педагагічных класаў прадугледжваецца льгота пры іх паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Зразумелая рэч, што ёсць пэўныя патрабаванні. Выпускнікі педкласаў асвойваюць адпаведную праграму ў профільным педагагічным класе, пры гэтым яны павінны мець высокую паспяховасць: ацэнкі па профільных прадметах не ніжэй за 8 і не ніжэй за 7 - па ўсіх астатніх прадметах", - сказаў першы намеснік міністра.

Для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікі павінны мець рэкамендацыю савета ўстановы адукацыі. Пры залічэнні гэта катэгорыя абітурыентаў будзе праходзіць прафесійную гутарку.

"Хлопцы і дзяўчаты, якія прыйдуць у педагагічныя ўніверсітэты атрымаць педадукацыю, будуць цалкам усвядомлена разумець, што яны хочуць і могуць зрабіць у прафесіі. Адпаведна, мы разлічваем, што гэта норма дасць нам магчымасць падрыхтаваць добрых педагогаў", - лічыць першы намеснік міністра. Пры гэтым прадугледжана дадатковая абарона такіх выпускнікоў. Прадугледжваецца, што пры такой форме набору абітурыентаў на працягу пяцігадовага тэрміну пасля заканчэння ВНУ за імі будзе замацоўвацца рабочае месца.

Яшчэ да ўвядзення новых правіл існавала практыка, калі асобы, якія атрымалі дыплом з адзнакай пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы або скончылі сярэднюю школу з медалём, пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці маглі прымацца без уступных іспытаў. Паводле слоў Вадзіма Богуша, гэта практыка сябе даволі нядрэнна паказала. З улікам новых правіл прыёму будуць магчымасці ў тым ліку для карэкціроўкі пераліку гэтых спецыяльнасцей. Адпаведным рашэннем кіраўніка дзяржавы гэтыя паўнамоцтвы Міністэрству адукацыі таксама дадзены.

У Беларусі спрошчаны ўмовы для паступлення ў ССНУ выпускнікоў 9-х і 11-х класаў

Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Лашук.

Аляксандр Лашук адзначыў, што правілы прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі змяніліся нязначна. Што датычыцца 9-класнікаў і 11-класнікаў, то для іх спрошчаны некаторыя ўмовы. Раней адносна часткі з іх распаўсюджвалася абмежаванне - трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па рускай (беларускай) мове і профільным прадмеце. Цяпер абмежаванне адносна рускай (беларускай) мовы знята, яно засталося толькі па профільным прадмеце.

Новаўвядзенне распаўсюджваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія будуць паступаць на спецыяльнасці, конкурс па якіх у мінулым годзе склаў 3 і больш чалавек на месца, а таксама на 11-класнікаў пры паступленні на спецыяльнасці з конкурсам у 2016-м - 1,5 і менш чалавек на месца.

Змяненнямі ў правілы прыёму таксама прадугледжана дадатковая магчымасць для залічэння маладых людзей: выпускнікі 11-х класаў, якія не прайшлі па конкурсе ў бягучым годзе, маюць магчымасць быць залічанымі на вакантныя месцы ў групы на базе 9-х класаў, набраныя год таму. Аляксандр Лашук звярнуў увагу, што гэта магчыма толькі пры ўмове, калі ў такіх групах ёсць вакантныя месцы. Акрамя таго, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадугледжана магчымасць здачы трох ЦТ, хоць для паступлення бяруцца пад вагу два сертыфікаты. Гэта ўведзена для таго, каб пашырыць магчымасць выбару спецыяльнасці. Умовы па здачы ЦТ такія ж, як і ў ВНУ.

У цэлым, паводле слоў начальніка ўпраўлення, гэтыя ўмовы аблягчаюць магчымасць маладым людзям паступіць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ дапаможа абітурыентам спакойней ставіцца да ўступных іспытаў - Богуш

Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Згодна з абноўленымі правіламі, тэрмін дзеяння сертыфікатаў павялічваецца да двух гадоў. "Людзям гэта дасць магчымасць больш спакойна ставіцца да ўступных іспытаў, а нам - больш пільна адбіраць абітурыентаў", - лічыць Вадзім Богуш.

Сярод асноўных новаўвядзенняў - магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. Вадзім Богуш адзначыў, што асабліва гэта новаўвядзенне спросціць жыццё маладым людзям, якія выбралі спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю. Раней яны маглі здаваць матэматыку, мову і на выбар фізіку або хімію. "Цяпер пры жаданні абітурыент можа здаць абодва гэтыя прадметы і выбраць спецыяльнасць, якая яму больш падыходзіць", - сказаў першы намеснік міністра. Пры гэтым сама працэдура залічэння застаецца без змяненняў.

Мінадукацыі пастаянна працуе над удасканаленнем сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання, як са змястоўнага, так і з арганізацыйнага пункту гледжання, дадаў ён.

Першы намеснік міністра звярнуў увагу, што змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыняты ў пачатку года. Гэта дапаможа правільна спланаваць уступную кампанію.

Гутарка пры паступленні ў педагагічныя ВНУ будзе складацца з трох этапаў

Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка Сяргей Якавенка.

"Выпускнікі педагагічных класаў будуць паступаць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў, на падставе гутаркі. Мы плануем, што гутарка будзе складацца з трох этапаў. У першую чаргу абітурыент павінен будзе прадставіць характарыстыку-рэкамендацыю ад педагагічнага савета сваёй школы", - сказаў ён.

Характарыстыка-рэкамендацыя павінна змяшчаць партфоліа школьніка, інфармацыю аб яго дасягненнях за гады вучобы. "Першым этапам гутаркі стане абмеркаванне гэтага партфоліа. Па-другое, абітурыенту зададуць пытанні пра яго будучую педагагічную дзейнасць, пра тое, якім ён бачыць сябе ў прафесіі, чаго хацелася б дасягнуць. А трэці этап - рашэнне пэўнай педагагічнай задачы, абмеркаванне канкрэтнай складанай сітуацыі, якая можа ўзнікнуць у рабоце педагога", - адзначыў Сяргей Якавенка.

Змяненні ў правілах прыёму зробяць сельгасспецыяльнасці больш прывабнымі для абітурыента - БДАТУ

Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА дэкан факультэта электрыфікацыі БДАТУ Карына Гаркуша.

Абноўленыя правілы прыёму прадугледжваюць роўныя ўмовы конкурсу пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, для паступаючых у скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ.

Карына Гаркуша лічыць, што гэта прывядзе да павелічэння конкурсу, а значыць, павысіцца і ўзровень падрыхтаванасці, матываванасці абітурыентаў. Яна пракаменціравала таксама адмену аднаго з уступных іспытаў (па беларускай/рускай мове) для абітурыентаў, якія выбралі сельгасспецыяльнасці.

"Сельская гаспадарка сёння - гэта высокатэхналагічная вытворчасць, і ў першую чаргу ўпор робіцца на тэхналагічны бок. Гэтым прадыктавана тое, што ад аднаго ўступнага іспыту наш абітурыент вызвалены", - адзначыла прадстаўнік БДАТУ.

Карына Гаркуша падкрэсліла, што БДАТУ імкнецца стварыць эфектыўную сістэму прафарыентацыі, накіраваную на прыцягненне сельскай моладзі, павышэнне матываванасці абітурыентаў. Яна звярнула ўвагу, што ў 2016 годзе больш за палавіну студэнтаў паступілі ў ВНУ па мэтавым накіраванні.

Беганіны абітурыентаў паміж ВНУ чацвёртае ЦТ не прыбавіць - эксперт

Такое меркаванне выказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслаў Малафееў.

Магчымасць здаваць чатыры цэнтралізаваныя тэсціраванні замест трох істотна не паўплывае на работу прыёмных камісій. "Мы не чакаем сур'ёзных змяненняў, - сказаў Вячаслаў Малафееў. - І беганіны абітурыентаў паміж універсітэтамі гэта таксама не прыбавіць". Пры гэтым ён не выключыў, што маладыя людзі будуць у апошні момант перакідваць дакументы з адной спецыяльнасці на іншую.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка Сяргей Якавенка таксама лічыць, што будзе крыху ўзрастаць нервовасць у апошні дзень падачы дакументаў. "Абітурыент, магчыма, будзе да апошняга вагацца, забярэ з адной прыёмнай камісіі дакументы і аднясе іх у іншую", - адзначыў ён.

Што датычыцца інфармавання абітурыентаў аб іх рэйтынгу ў паступленні на жаданую спецыяльнасць, то ў кожнай ВНУ распрацавана свая сістэма. У БДУ, напрыклад, гэта асабісты кабінет абітурыента, у БДПУ прынята тры разы на дзень вывешваць інфармацыю аб ходзе падачы дакументаў. У БДАТУ таксама адпрацаваны свае падыходы.

Абітурыенты толькі выйграюць ад змянення правіл прыёму - Малафееў

Адно з асноўных новаўвядзенняў - магчымасць здаваць ЦТ па чатырох прадметах, а не трох, як было раней. Паводле слоў Вячаслава Малафеева, гэта аблегчыць абітурыентам выбар жаданай спецыяльнасці. "Гэта забяспечвае больш свабоды дзеянняў", - упэўнены ён. Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ лічыць, што ў большай ступені гэта закране спецыяльнасці, якія знаходзяцца на стыку прадметных галін. Абітурыент у гэтым выпадку толькі выйграе.

"Пры наяўнасці чатырох сертыфікатаў сітуацыя істотна спрашчаецца, зніжаецца ўзровень нервовасці", - звярнуў увагу Вячаслаў Малафееў.

Адна справа, калі абітурыент прымае рашэнне, куды падаваць дакументы ў маі, да здачы ЦТ, і іншая - калі ў яго на руках усе сертыфікаты.

Вячаслаў Малафееў пазітыўна ацаніў і такія новаўвядзенні, як тры рэзервовыя дні і прадаўжэнне тэрмінаў дзеяння сертыфікатаў да двух гадоў.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий