У Мінску прайшоў ХI Беларускі міжнародны медыяфорум — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У Мінску прайшоў ХI Беларускі міжнародны медыяфорум

article2445.jpg

ХI Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні" прайшоў у Мінску 11-14 мая. Беларускі міжнародны медыяфорум традыцыйна выступае пляцоўкай для абмену думкамі і выпрацоўкі новых ідэй, дае магчымасць кансалідацыі намаганняў міжнароднай прэс-супольнасці, экспертаў розных галін ведаў у паглыбленні партнёрства, удасканаленні міждзяржаўных інтэграцыйных працэсаў, стварэнні агульнай гуманітарнай прасторы СНД.

Асноўныя мерапрыемствы медыяфоруму - пленарнае пасяджэнне з тэматычнымі панэльнымі дыскусіямі, летняя школа журналістыкі, праект "Культурная спадчына Беларусі. Году культуры прысвячаецца". Госці прынялі ўдзел у мерапрыемствах XX Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМI ў Беларусі".

У медыяфоруме прынялі ўдзел кіраўнікі СМІ, вядомыя палітолагі, эксперты краін СНД, блізкага і далёкага замежжа - звыш 300 прадстаўнікоў з 21 краіны свету.

Арганізатарамі Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарадскога, Мінскага і Гродзенскага абласных выканаўчых камітэтаў.

Лукашэнка: культурная і інфармацыйная прастора Беларусі служыць сцвярджэнню ідэй інтэграцыі і міру

Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам XX Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі" і XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

Гэтыя значныя міжнародныя мерапрыемствы па праву лічацца аўтарытэтнымі пляцоўкамі для абмеркавання актуальных пытанняў сучаснай геапалітыкі, грамадскага жыцця, развіцця сродкаў масавай інфармацыі, гаворыцца ў прывітанні.

"Цяперашняя мінская сустрэча кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і экспертаў з блізкага і далёкага замежжа праходзіць у кантэксце асаблівай міратворчай ролі Беларусі ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што культурная і інфармацыйная прастора, сфарміраваная за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь, служыць пазітыўнаму стварэнню, сцвярджэнню ідэй інтэграцыі, міру і добрасуседства, эфектыўнаму супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам выстаўкі і медыяфоруму цікавай плённай работы і творчых поспехаў.

Беларускія СМІ развіваюцца ў кантэксце сусветных трэндаў - Матусевіч

Аб гэтым заявіў 12 мая журналістам намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч у час адкрыцця Летняй школы журналістыкі XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

Уладзімір Матусевіч адзначыў, што ў наш час нацыянальная інфармацыйная прастора Беларусі развіваецца магутна і дынамічна. "Аб гэтым сведчаць і даныя сусветных рэйтынгаў. Так, у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі Беларусь займае 36-е месца ў свеце па распаўсюджванні інтэрнэту, апярэджваючы ўсе краіны СНД і такія краіны, як Літва, Латвія, Турцыя, Балгарыя. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што беларускія СМІ развіваюцца ў кантэксце сусветных трэндаў, паспяхова, канкурэнтна і творча", - падкрэсліў намеснік міністра.

Ён таксама адзначыў, што сёння медыйная прастора змяняецца вельмі дынамічна. Развіваюцца самымі імклівымі тэмпамі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі.

"Пры гэтым якасная журналістыка, прафесійная журналістыка, майстэрства журналісцкага слова, культура перадачы тэкстаў, культура перадачы сэнсаў заўсёды былі і будуць актуальнымі", - сказаў Уладзімір Матусевіч.

Удзельнікі медыяфоруму лічаць галоўным крытэрыем работы журналістаў прафесіяналізм

На думку дырэктара інфармацыйнага агенцтва "Арменпрэс" Арама Ананяна, на работу ў інфармацыйнай сферы аказвае значны ўплыў развіццё сучасных тэхналогій. "Сёння тэхналогіі дыктуюць усё, але яны не могуць замяніць журналістаў, інфармацыю не могуць пісаць робаты. Пры гэтым інфармацыі шмат, і вельмі важна аддзяліць асноўнае ад інфармацыйнага шуму, што становіцца рабіць усё складаней", - лічыць Арам Ананян.

Як адзначыў кіраўнік сектара краін СНД і Балтыі інфармацыйнага агенцтва ТАСС Барыс Грушын, інфармацыйныя агенцтвы застаюцца вядучымі крыніцамі навін не толькі для спажыўца ўнутры краіны, але і за яе межамі. На думку Барыса Грушына, прафесійны журналіст абавязаны даваць беспамылковую інфармацыю і часам, магчыма, на шкоду аператыўнасці яе важна пераправяраць. Складнікамі прафесіяналізму журналіста з'яўляюцца глыбокае веданне роднай мовы і валоданне замежнымі мовамі.

Паняцце "прафесійны журналіст" уключае ў сябе і паняцце "ўніверсальны журналіст", лічыць дырэктар Кыргызскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва "Кабар" Кубанычбек Таабалдыеў. Сёння многія людзі імкнуцца пісаць, спяшаюцца выкладваць інфармацыю ў сацыяльных сетках. Аднак гэта не значыць, што кожны, хто піша, можа лічыць сябе журналістам. На яго думку, журналіст павінен быць прафесіяналам, паколькі толькі прафесіянал можа працаваць на міжнародным узроўні.

Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук перасцярог пачынаючых журналістаў ад захаплення капірайтынгам. "Імкніцеся паказваць сваё "я", гэта заўсёды цікавей", - параіў ён.

Друкаваныя СМІ застаюцца запатрабаванымі, нягледзячы на ўплыў інтэрнэту - эксперт

Аб гэтым заявіў саветнік старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі, кіраўнік магістарскай праграмы факультэта журналістыкі Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта Грайр Заран на майстар-класе для ўдзельнікаў Летняй школы журналістыкі.

Паводле слоў эксперта, намецілася тэндэнцыя вяртання спажыўцоў да друкаваных выданняў. У Арменіі друкаваныя СМІ трымаюцца не ў ранейшых тыражах, але ў іх ёсць адносна пастаянная аўдыторыя. Людзі сумуюць па друкаваным слове, па газеце, таму што гэта атрыбутыка, своеасаблівы субяседнік, лічыць Грайр Заран. Назіраецца вяртанне аўдыторыі да больш якаснай інфармацыі, павялічваецца цікавасць да класічнай музыкі, да добрага кіно.

Міжнародны вопыт паказвае, што на друкаваныя СМІ ёсць попыт. Напрыклад, у Фінляндыі штодзённая газета выходзіць тыражом 300 тыс. экзэмпляраў. У Скандынавіі, краінах Балтыі друкаваныя выданні таксама чытаюцца. "Праз некаторы час бум электронных СМІ, я думаю, крыху сціхне. Тое, што кожны сёння адчувае сябе журналістам, маючы старонку ў сацыяльных сетках, пройдзе. І тыя, хто сёння чытаюць публікацыі блогераў, з часам прыйдуць да таго, што трэба чытаць менавіта той рэсурс, які не падманвае", - упэўнены Грайр Заран.

Асвятленне ўзброеных канфліктаў павінна садзейнічаць хутчэйшаму іх вырашэнню - Лебедзеў

Аб гэтым заявіў 13 мая журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў перад пленарным пасяджэннем XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

"Я глыбока ўпэўнены, што інфармацыйнае асвятленне павінна садзейнічаць хутчэйшаму вырашэнню канфліктаў, хутчэйшаму знаходжанню мірнага вырашэння праблемы", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

Ён таксама адзначыў, што інфармацыйнае асвятленне такіх падзей павінна быць аб'ектыўным і не будзіць у грамадзянах узаемную нянавісць. "І яшчэ павінен быць маральны аспект. Не трэба ў пагоні за сенсацыяй паказваць трупы, кроў... Навошта гэта патрэбна?" - задаў рытарычнае пытанне выканаўчы сакратар.

Інфармацыя павінна пазітыўна ўздзейнічаць на людзей - Лебедзеў

"Роля агульнай інфармацыйнай прасторы з кожным годам узрастае. Гэта звязана з ростам інфармацыйных тэхналогій, патрэбнасцю насельніцтва ў інфармацыйным падсілкаванні. Вы бачыце, што жыццё ў нас даволі бурнае. Часам мы нават хацелі б, каб было больш спакойным. Але падзеі адольваюць нас", - сказаў Сяргей Лебедзеў. Ён адзначыў, што інтэрнэт стаў важнай крыніцай інфармацыі і некаторыя ўжо не глядзяць тэлебачанне, не чытаюць газеты. "У сувязі з гэтым супрацоўніцтва ў сферы інфармацыі вельмі важна. Важна падача аб'ектыўнай, і я хацеў бы яшчэ падкрэсліць, пазітыўнай інфармацыі. Настрой насельніцтва залежыць ад таго, што яно бачыць з экранаў тэлевізараў, што яно чуе. І калі ў нас будзе пераважаць паток негатыву, то гэта прывядзе да дэпрэсіі, а жыццё - яно ўсё ж такі мне бачыцца пазітыўным", - падкрэсліў выканаўчы сакратар.

Паводле слоў Сяргея Лебедзева, іншым разам у пагоні за сенсацыяй СМІ падаюць больш негатыўнай інфармацыі. "Нам хацелася б, каб інфармацыя ўздзейнічала пазітыўна на людзей", - сказаў на заканчэнне ён.

Беларусь заўсёды была цэнтрам інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў СНД - Лебедзеў

"Я хацеў бы адзначыць актыўную ролю Беларусі ў нашай інтэграцыйнай рабоце ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Беларусь заўсёды была цэнтрам інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, сталіцай СНД, як яе часам называюць", - адзначыў Сяргей Лебедзеў і дадаў, што амаль кожны тыдзень у Мінску і ў іншых гарадах Беларусі сустракаюцца прадстаўнікі іншых краін Садружнасці і абмяркоўваюць агульныя цікавыя і важныя пытанні.

Выканаўчы сакратар сказаў, што рэгулярна сустракаецца з кіраўніцтвам Беларусі і бачыць, наколькі шчыра яно імкнецца да таго, каб захаваць дружалюбныя і добрасуседскія сувязі. "Сённяшні медыяфорум сведчыць яшчэ раз аб тым, што Беларусь прадаўжае адыгрываць актыўную ролю ў інтэграцыйным узаемадзеянні. Мне прыемна яшчэ канстатаваць, што на сённяшнім форуме таксама сабраліся не толькі прадстаўнікі краін СНД, але і іншых суседніх дзяржаў", - звярнуў ён увагу.

Кіраўнікі дзяржаў СНД 16 верасня маюць намер падпісаць праграму па павышэнні эфектыўнасці Садружнасці

Аб гэтым заявіў старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў у час урачыстага адкрыцця пленарнага пасяджэння XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

"Цяпер ідзе актыўнае абмеркаванне прапаноў па ўдасканаленні Садружнасці. Гэта пытанне прадугледжваецца разгледзець і на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў 16 верасня ў Бішкеку. Галоўным жа вынікам юбілейнага саміту, як чакаецца, стане канкрэтная праграма дзеянняў па павышэнні эфектыўнасці СНД і яе ролі ў далейшым нарошчванні супрацоўніцтва", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

Паводле яго слоў, усе дзяржавы Садружнасці сёння выступаюць за захаванне і далейшае развіццё інтэграцыйнага аб'яднання. "Але адначасова яны падкрэсліваюць актуальнасць адаптацыі да сучасных рэалій, патрэбнасць у абнаўленні і імкненне да павышэння рэзультатыўнасці нашай дзейнасці", - звярнуў увагу выканаўчы сакратар.

Ананіч: медыйная сфера ў нядобрасумленных руках нясе выклікі і пагрозы

"Роля сродкаў масавай інфармацыі сёння вялікая ва ўсіх працэсах. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі з'яўляюцца як вялікай карысцю, так і выклікамі і пагрозамі, якія стала несці ў сабе ў тым ліку і медыйная сфера, калі яна трапляе ў нядобрасумленныя рукі", - сказала Лілія Ананіч у час урачыстага адкрыцця пленарнага пасяджэння XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

Міністр адзначыла, што, на жаль, медыйнае абмеркаванне канфліктаў і войнаў без беражлівага стаўлення да галоўнага - чалавечага жыцця, светаўладкавання і добрасуседства краін і народаў - адыгрывае адмоўную ролю.

Сучасныя ўмовы патрабуюць ад СМІ стварэння толькі камерцыйна паспяховага кантэнту - Волін

Такое меркаванне выказаў на ХI Беларускім міжнародным медыяфоруме "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі Аляксей Волін.

"Калі вырабляецца прадукт добры, але камерцыйна не паспяховы, то гэта будуць выкінутыя грошы", - лічыць Аляксей Волін.

Спосаб дайсці да гледачоў, чытачоў, на думку Аляксея Воліна, толькі адзін: рабіць матэрыял якасна і цікава, і гэта датычыцца ў роўнай ступені ўсіх тэм. "Нават калі гэта мемуары дзяржаўнага дзеяча, то яны павінны быць напісаны добрай мовай, а апавяданне выкладзена такім чынам, каб чытач не хацеў адкласці кнігу", - сказаў намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі.

Расія і Беларусь аб'яднаюць намаганні ў барацьбе з праявамі тэрарызму і экстрэмізму ў інтэрнэце

Расія і Беларусь будуць супрацоўнічаць у барацьбе з праявамі тэрарызму, экстрэмізму, наркаманіі і дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Аб гэтым заявіў на ХI Беларускім міжнародным медыяфоруме "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі Аляксей Волін.

Аляксей Волін адзначыў, што прыняты план работы па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы прадугледжвае сумесную работу па шэрагу напрамкаў. Сярод іх асвятленне дзейнасці СД, сумесных праектаў у галіне вытворчасці друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўніцтва інфармацыйных агенцтваў, тэлебачання, радыё, асобная ўвага ўдзелена агульным падыходам да пытанняў развіцця інтэрнэту. Бакі выступаюць за суверэнітэт у нацыянальным сегменце інтэрнэту, разам з тым Расія і Беларусь будуць супрацоўнічаць у барацьбе з такімі з'явамі ў сетцы, як дзіцячая парнаграфія, наркаманія, суіцыд, тэрарызм, экстрэмізм, паведаміў ён.

Намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі падкрэсліў, што дакумент аб стварэнні агульнай інфармацыйнай прасторы прымаўся не для ведамстваў, а для грамадзян Саюзнай дзяржавы. У дакуменце ўдзелена вялікая ўвага супрацоўніцтву ў сферы інфармацыі з усімі краінамі СНД, але перш за ўсё гэта датычыцца ЕАЭС, дзе назіраецца вялікая інтэграцыя па шэрагу пазіцый.

Работа з колаў і пагоня за сенсацыяй часам вядуць да падмены журналістыкі прапагандай - Якубовіч

Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч на медыяфоруме.

"У сучасных умовах журналісты працуюць з колаў, што не можа не паўплываць на якасць публікацый", - лічыць галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня".

Паводле яго слоў, некаторыя журналісты не абдумваюць належным чынам пасылы, імкнуцца да нейкай сенсацыйнасці, і атрымліваецца, што прапаганда падмяняе журналістыку, пры гэтым такія байцы інфармацыйнага фронту лічаць, што робяць гіганцкую справу. "На самай справе яны часта сваімі бяздумнымі выступленнямі падаграваюць канфлікты, якія тлеюць на тэрыторыях, унутры людзей, што вельмі небяспечна", - сказаў Павел Якубовіч.

Прадстаўнікі тэлеканалаў заклікаюць канкурыраваць якасным прадуктам

Тэлеканалам неабходна канкурыраваць якасным прадуктам. Такое меркаванне выказаў вядучы праграмы "Кропка адліку" дырэкцыі вяшчання на Расію, СНД і краіны Балтыі і тэлеканала Russia Today Аляксандр Гурноў на пленарным пасяджэнні медыяфоруму.

Выйграць на добрым гусце часам няпроста, але гэта заўсёды ганарова, падкрэсліў Аляксандр Гурноў. Найбольшым попытам у спажыўца сёння карыстаецца інфармацыя, якая далёка не заўсёды вызначаецца якасцю. Тым не менш не варта заахвочваць дурны густ, упэўнены медыяэксперт.

У якасці прыкладу ён прывёў тэлевізійны канцэрт да Дня міліцыі, які традыцыйна збіраў вялікую глядацкую аўдыторыю, яшчэ не так даўно з'яўляўся галоўнай музычнай падзеяй года. Канцэрт да гэтага часу застаецца якасным. Аднак цікавасць гледачоў пераключылася на іншае мерапрыемства ў сферы музыкі: конкурс "Еўрабачанне". Галоўным музычным конкурсам яго зрабіла само тэлебачанне, перакананы Аляксандр Гурноў. На думку эксперта, гэты музычны конкурс не ўяўляе цікавасці з пазіцыі якасці і прафесіяналізму.

СМІ абавязаны максімальна выкарыстоўваць усе новыя магчымасці данесці інфармацыю - Жук

Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук на пленарным пасяджэнні ХI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску.

"Трэба не разважаць аб тым, як выжыць у новых умовах, а максімальна хутка адаптавацца да магчымасцей, што адкрываюцца. І калі ранейшы фармат перашкаджае рухацца ў будучыню, то не варта баяцца ад яго адмовіцца. Створаныя намі самімі рамкі не павінны тармазіць развіццё медыя", - упэўнены гендырэктар БЕЛТА.

На прыкладзе агенцтва ён расказаў аб праекце, які нядаўна рэалізавалі інфармагенцтвы Trend, Кабар, Казінфарм і БЕЛТА. Сэнс яго ў тым, што на пляцоўкай гэтых агенцтваў аўтаматычна з'яўляюцца навіны агенцтваў-партнёраў. "Гэта вельмі правільна, калі не расходуюцца рэсурсы, а навіны аб тваёй краіне аўтаматычна з'яўляюцца на аўтарытэтных рэсурсах іншых краін", - заўважыў ён. Хутка да гэтага праекта далучацца новыя ўдзельнікі.

Дзмітрый Жук таксама лічыць, што няма сэнсу разважаць аб тым, ці трэба выкарыстоўваць у рабоце сацыяльныя сеткі, а варта прыняць факт, што яны ёсць і з імі неабходна працаваць. Аднак важна тлумачыць сваім чытачам, спажыўцам інфармацыі, што ёсць паняцце адказнасці. Прафесійныя СМІ нясуць адказнасць за тое, што паведамляюць, пераправяраючы інфармацыю. Блогеры ж, сярод якіх ёсць прыстойныя і не зусім прыстойныя, пішуць далёка не заўсёды апіраючыся на сапраўдную інфармацыю, падставай для іх выступленняў часта становяцца неправераныя факты альбо залішнія эмоцыі.

На думку Дзмітрыя Жука, трэба прымаць рэчаіснасць і старацца арганізоўваць работу сваіх медыя з улікам таго, што літаральна заўтра можа з'явіцца яшчэ адна новая магчымасць данясення інфармацыі, але гэта не мяняе сутнасці журналістыкі.

Выкарыстанне сучасных тэхналогій вядзе да індывідуалізацыі навін - эксперт

Такое меркаванне выказаў дырэктар інфармацыйнага агенцтва "Арменпрэс" Арам Ананян на пленарным пасяджэнні ХI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску.

"У сучасных умовах узмацняецца барацьба за інфармацыйныя рэсурсы, - лічыць Арам Ананян. - Дзякуючы тэхналогіям сёння колькасць ствараючых інфармацыю стала большай, а значыць, стала больш і інфармацыйнага прадукту. Гэта прыводзіць да яго індывідуалізацыі і індывідуалізацыі чытача".

На думку эксперта, гэтыя тэндэнцыі будуць паглыбляцца, паколькі тэхналогіі становяцца таннейшымі, больш даступнымі, здымаюць нагрузку з чалавечых рэсурсаў, што ў сваю чаргу можа прывесці да змяненняў журналісцкай работы, людзей у прафесіі.

Нягледзячы на такія выклікі, агенцтвы навін, робячы вялікі акцэнт на скорасці падачы матэрыялу, імкнуцца выйграваць за кошт добрасумленнага падыходу да інфармацыі, яе дакладнасці і якаснасці, адзначыў Арам Ананян.

СМІ павінны стаць фактарам кансалідацыі, стварэння, умацавання ўзаемапавагі і дружбы паміж народамі - рэзалюцыя медыяфоруму

Ва ўмовах змянення грамадска-медыйнай парадыгмы, выкліканай імклівым развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, сацыяльных сетак, сродкі масавай інфармацыі павінны ўзяць на сябе асаблівую адказнасць, стаць фактарам кансалідацыі і стварэння, узаемаразумення і супрацоўніцтва, умацавання ўзаемапавагі і дружбы паміж краінамі і народамі. Аб гэтым гаворыцца ў рэзалюцыі, якая прынята па выніках работы ХI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску.

Удзельнікі медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" адзначылі неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння суверэнных дзяржаў у рамках інтэграцыйных працэсаў у мэтах эфектыўнага процідзеяння новым выклікам і пагрозам, забеспячэння міжнароднай бяспекі і справядлівага светапарадку, павышэння якасці жыцця народаў.

"Важным фактарам у дасягненні гэтых мэт з'яўляецца фарміраванне агульнай інфармацыйнай і гуманітарнай прасторы, заснаванай на сістэмнай агульнасці светапоглядных арыенціраў, духоўных традыцый і каштоўнасцей. Ва ўмовах сучаснай глабалізацыі, мы абавязаны захаваць сваю суб'ектнасць, інтэгравацца ў сусветную супольнасць на аснове нацыянальных інтарэсаў, аб'ядноўваючай роднасныя народы адзінай цывілізацыйнай платформы, улічваючы агульнасць культурна-гістарычных лёсаў", - гаворыцца ў рэзалюцыі.

Адзначаючы ў гэтым годзе 25-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў і 20-годдзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, удзельнікі медыяфоруму пацвярджаюць значнасць інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы.

"У інфармацыйнай сферы лічым недапушчальнымі дыктат і націск у імкненні парушыць суверэнныя правы незалежных дзяржаў. Сродкі масавай інфармацыі не павінны станавіцца інструментам палітычных маніпуляцый, распальвання канфліктаў і варожасці, правакавання войнаў і насілля", - гаворыцца ў дакуменце.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий