Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Рэспублікі Беларусь — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Рэспублікі Беларусь

14 февраля 2018 - Administrator
article3742.jpg

 У Мінску 9 лютага прайшло ўрачыстае ўшаноўванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу. Удзел у мерапрыемстве прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На ўрачыстую цырымонію запрошаны больш за 400 чалавек. Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі менавіта тыя, хто непасрэдна кожны дзень заняты ў АПК - кіраўнікі гаспадарак, перапрацоўчых арганізацый і тых, што абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс, фермеры, перадавікі сельгасвытворчасці, заслужаныя работнікі гэтай сферы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, Падзякі Прэзідэнта і падарачныя сертыфікаты лепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай галіны рэспублікі.

Лукашэнка: у Беларусі беражліва захоўваюць прыгожую традыцыю адзначаць свята ўраджаю

Гэты факт Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым працаўнікам аграрнай сферы.

"Шмат гадоў мы падводзілі вынікі работы вяскоўцаў восенню, святкуючы "Дажынкі". Гэта традыцыя ў крыху відазмененым, але вельмі карысным і прагматычным плане прадаўжаецца і цяпер. Мы ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў. Здаўна менавіта яны лічыліся галоўнымі карміцелямі свайго народа, таму і заставаліся адзінымі героямі гэтай урачыстасці да сённяшняга дня. Мы і ў далейшым будзем беражліва захоўваць гэту прыгожую традыцыю - адзначаць свята ўраджаю, - сказаў Прэзідэнт. - Але надышоў час пашырыць кола яго ўдзельнікаў і правесці больш маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя вынікам работы ўсіх сфер АПК. Люты выбраны не выпадкова. Да гэтага часу ўжо вядома, хто як спрацаваў у галіне ва ўсіх рэгіёнах. І самы час  рыхтавацца да веснавых палявых работ".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што толькі працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы. І нягледзячы на тое, што на дапамогу аграрыям прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі, праца земляробаў па-ранейшаму застаецца адной з самых напружаных і цяжкіх.

"У гарачую пару няма месца святам і выхадным. Зямлі трэба аддаць столькі часу і сіл, колькі яна запатрабуе. Іх не змераеш ні святлом дня, ні стомай. Зямля правярае кожнага, на што ён здольны. Забярэ ўсю ўвагу, але і аддасць больш, калі ставіцца да яе з клопатам", - адзначыў ён.

"Чалавек, які вырас у вёсцы, сярод палёў, лясоў і рэк, ведае, якой сілай і энергіяй напаўняе прырода ўсіх, хто з ёю блізкі. Куды б потым ні закінуў лёс, ён пранясе гэту сувязь праз усё сваё жыццё. І Радзіма назаўсёды застанецца ў яго сэрцы", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Годам малой радзімы аб'яўлены 2018 год у Беларусі

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. "Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых - кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. А для тых, хто паехаў шукаць шасце ў іншыя краіны, малой радзімай стала Беларусь", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі.

"Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай - хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь - прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай. "Дзяржава шмат зрабіла ў гэтым напрамку і не спыніцца на дасягнутым. Але ж няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца дзе прымяніць уласныя сілы. Беларусь - наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным, - сказаў ён. - Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.

"І гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае - якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і сваёй краіне - тым мацнейшая дзяржава. І разуменне гэтай сувязі трэба перадаць, як ген, сваім дзецям", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Гэта немагчыма без выхавання гордасці за сваю краіну, горад, вёску, сям'ю. Каб прывіць гэтыя пачуцці, трэба самім быць адказнымі за словы, справы, учынкі, за блізкіх людзей.

"Мы павінны паказаць нашым дзецям, што, як ні склалася б іх жыццё ў будучым, у іх ёсць дом, ёсць малая радзіма, дзе яны заўсёды знойдуць суцяшэнне і адчуюць нябачную падтрымку ад гэтай зямлі. Мне не трэба вам расказваць, што такое малая радзіма, асабліва, што такое вёсачка, у якой, можа, ужо засталося тры-пяць дамоў, - калісьці вялікая вёска ператварылася ў зусім маленькі куток, як у нас раней гаварылі, у хутарок. І мне не трэба вас пераконваць, што з гадамі цягне туды, дзе ты зрабіў першыя крокі. Пакуль у нас ёсць час і магчымасці, давайце выратуем гэтыя хутаркі", - заклікаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: тыя, у каго ёсць магчымасці адбудаваць і адрадзіць гэтыя вёсачкі, няхай назавуць іх сваім імем. "Але мы яго захаваем. І калі глядзець у сутнасць тэмы года глыбей, то стане зразумела, што гэта не краіна, а мы самі маем патрэбу ў тым, каб зрабіць штосьці добрае і карыснае для свайго роднага краю. Гэта нам важна адчуць сябе патрэбнымі, шчодрымі. Усвядоміць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістую прыналежнасць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка ставіць задачу вырашыць пытанне прывабнасці жыцця ў вёсцы для моладзі

"Жыццё імкліва ідзе наперад. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі. Каму, як не моладзі, уключыцца ў гэты сучасны рабочы рытм? Пытанне прыцягнення ў сельскую мясцоваць маладых спецыялістаў на гэты момант адно з самых актуальных. Вырашаць яго неабходна як у вёсцы, так і ў гарадах. Думаю, каб дзейнічаць у гэтым напрамку больш эфектыўна, для пачатку трэба аб'ектыўна паглядзець на тое, што перашкаджае жыць і працаваць у вёсцы", - заявіў беларускі лідар.

"Трэба паставіць сябе на месца працаўнікоў вёскі, каб зразумець, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння ўмоў іх працы, жыцця і адпачынку. Не менш важна падумаць аб тым, чым можа быць прывабная сёння вёска для моладзі. Што трэба зрабіць, каб яны - сучасныя, актыўныя, адукаваныя людзі - не пакідалі вёску, а, наадварот, імкнуліся прыехаць туды жыць і працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час у Беларусі ўдзялілі шмат увагі гэтаму пытанню, узнялі на новы ўзровень амаль паўтары тысячы вёсак, ператварыўшы іх у сучасныя аграгарадкі. "Будучыня будзе фарміравацца вакол гэтых аграгарадкоў і ўнутры", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усім разам трэба будзе яшчэ многае зрабіць, каб жыццё ў глыбінцы стала не толькі камфортным, але і цікавым.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыгожыя і дагледжаныя вёскі і гарадкі, даступнасць для іх жыхароў элементарных даброт цывілізаванага свету - гэта паказчык узроўню культуры ўсёй нацыі. "І няважна, хто будзе жыць і працаваць у вёсцы будучага, чыя яна малая радзіма, - мы ўсе за яе адказныя. Таму што кожны куток краіны - гэта частка Беларусі, нашай агульнай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма павінна прайсці чырвонай ніткай праз увесь Год малой радзімы, якім у Беларусі аб'яўлены 2018 год. "Ёсць мэта, ёсць напрамак работы, ёсць канкрэтныя аб'екты для прымянення творчай, стваральнай і іншай прыкладной дзейнасці - значыць, павінен быць і рэзультат! А вынікі мінулага года сёння паслужылі добрай падставай адкрыць вялікае рэспубліканскае свята аграпрамысловага комплексу. Спадзяюся, яно стане нашай новай традыцыяй ушаноўвання працаўнікоў вёскі", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: харчовая бяспека краіны - аснова паспяховай эканомікі

"Сёння ў гэтай зале сабраліся людзі, якія аддаюць сябе нашай зямлі і роднаму краю штодзённа і без астатку па прычыне сваёй прафесіі і прызвання. Хачу шчыра падзякаваць ад імя беларускага народа ўсім за цяжкую штодзённую працу. Усе вы не па чутках ведаеце, што лёгкага хлеба не бывае, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мінулы год для аграрыяў у цэлым быў нядрэнны па выніках, хоць і прайшоў у няпростых кліматычных умовах. Гісторыя для нашых шырот не новая. Надвор'е чарговы раз выпрабавала працаўнікоў палёў на трываласць. І зноў вы забяспечылі краіну хлебам, перасягнуўшы мінулагодні вынік. За гэта вам нізкі паклон".

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт выказаў лідарам года па зборы збожжавых. Імі сталі гаспадаркі Гродзенскай і Мінскай абласцей. Самая высокая ўраджайнасць атрымана ў ААТ "Гастэлаўскае" Мінскага раёна (амаль 100 ц/га). Звыш 96 ц ураджайнасці збожжавых дасягнулі ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах Гродзенскага раёна імя Крамко і "Свіслач".

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэтыя гаспадаркі працавалі ў аднолькавых умовах надвор'я з суседзямі, аднак змаглі значна іх перасягнуць. На думку кіраўніка дзяржавы, гэта лішні раз даказвае, што пры правільным тэхналагічным падыходзе ніякія прыродныя фактары не з'яўляюцца перашкодай для эфектыўнай працы.

Парадавалі ў мінулым годзе і поспехі жывёлаводаў. Упершыню ў краіне сярэднегадавы ўдой малака дасягнуў гістарычных 5 тыс. кг. Аднак для многіх гаспадарак гэта даўно пройдзены рубеж. У лідарах - "Моладава-Агра" Іванаўскага раёна, "Вітэкс" Уздзенскага раёна, СВК "Агракамбінат Сноў" Нясвіжскага раёна і "Ларынаўка" Аршанскага раёна. У кожным вырабляецца звыш 10 тыс. кг малака на карову ў год.

"Усё гэта садзейнічае стварэнню трывалай сыравіннай базы для перапрацоўчай прамысловасці. Па выніках 2017 года вытворчасць прадуктаў харчавання павялічылася больш як на 3 працэнты, гэта да таго высокага ўзроўню, які мы мелі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Вядучымі рэгіёнамі ў гэтай сферы з'яўляюцца Брэсцкая, Мінская і Гродзенская вобласці, якія ўзялі на сябе 60 працэнтаў ад гэтага аб'ёму".

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным вырашэнне яшчэ адной праблемы - захавання ўраджаю.

Была пабудавана дастатковая колькасць агароднінасховішчаў, дзякуючы якім экалагічна чыстая свежая агародніна і садавіна цяпер у продажы фактычна да сезона новага ўраджаю.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтак жа сур'ёзна трэба вырашыць праблему са стварэннем сховішчаў для кармоў. "Патрэбны добрыя сховішчы. Рашэнне прынята, і яно павінна быць выканана", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, гэта павінна даць вельмі высокі вынік.

"Нам асабліва прыемна адзначыць той факт, што Беларусь уваходзіць у першую групу краін з высокім узроўнем забяспечанасці прадуктамі харчавання насельніцтва. Гэта меркаванне міжнародных экспертаў - спецыялістаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вытворчасць прадуктаў на душу насельніцтва ў рэспубліцы на гэты момант адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным тое, што, забяспечваючы патрэбнасці айчыннага рынку, беларускія прадпрыемствы захоўваюць і свае экспартныя пазіцыі як на постсавецкай прасторы, так і ў асобных дзяржавах Еўрасаюза, а таксама арабскага, азіяцкага, афрыканскага і лацінаамерыканскага рэгіёнаў. Гэта больш за 60 краін.

На думку Прэзідэнта, беларускія малочныя прадукты без перабольшання сталі адным з нацыянальных брэндаў. Краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў гэтай прадукцыі. Беларусь на чацвёртай пазіцыі ў свеце па экспарце сыроў і на пятай - па экспарце сухога абястлушчанага малака. Па гандлі сметанковым маслам - у тройцы сусветных лідараў. Дарэчы, на сённяшні дзень у асартыменце малочнай прамысловасці больш як 1,5 тыс. найменняў. І вырабляюцца гэтыя прадукты, у адрозненне ад замежных аналагаў, выключна з натуральнага малака.

"Да таго ж мы адзіныя сярод былых савецкіх рэспублік захавалі ДАСТ, і яго трэба няўхільна прытрымлівацца. Людзі, якія разумеюць, што гарантуе маркіроўка гэтым знакам якасці на этыкетцы, едуць за такімі прадуктамі часам за тысячы кіламетраў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Айчынныя сыраробы правялі паспяховую работу па імпартазамяшчэнні італьянскіх і французскіх брэндаў. Цвёрдыя, мяккія, з цвіллю сыры, зробленыя ў Беларусі, не ўступаюць па смакавых характарыстыках вядомым аналагам, але пры гэтым значна таннейшыя.

Агульнавядома і высокая якасць айчыннай мясной прадукцыі. У Беларусі захавалі традыцыйныя тэхналогіі яе вырабу без дабавак - узмацняльнікаў смаку і кансервантаў, якія павялічваюць тэрмін годнасці прадукту, але не яго карысныя ўласцівасці.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на той факт, што Беларусь займае восьмае месца ў свеце сярод экспарцёраў ялавічыны і мяса птушкі. Геаграфія паставак налічвае больш за 20 краін.

"Заваяваныя пазіцыі на буйнейшых сусветных харчовых рынках - вялікі крок наперад. Важна не толькі захаваць іх, але і пашырыць, - перакананы кіраўнік дзяржавы.

- Мы самі вырабляем і абслугоўваем сельскагаспадарчую тэхніку. Для дзяржавы, арыентаванай на аграрны сектар эканомікі, гэта вялікая перавага і залог паспяховага развіцця".

Лукашэнка: работа вяскоўцаў самая цяжкая, але і самая цікавая

"У маім жыцці пашчасціла нямала гадоў працаваць непасрэдна ў вёсцы. Я не скажу, што я выдатны аграрый, як некаторыя тут лічаць, не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Ніякі я не аграрый. Я - вясковы чалавек. Гэта значна шырэй, чым аграрый, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму што калі мы гаворым аб вёсцы, аб укладзе вёсцы, мы гаворым аб людзях, аб узаемаадносінах гэтых людзей, аб соцыуме ў вёсцы. Аб стаўленні людзей да працы. Гэта значна шырэй. Прабачце за нясціпласць, але ў гэтым я спецыяліст, а не толькі і не столькі ў тым, як сеяць, убіраць, захоўваць. Вы гэта, амаль усе ў гэтай зале, лепш за мяне ўмееце рабіць".

"У сваім жыцці, стаўшы Прэзідэнтам і да гэтага, я бачыў вельмі шмат. Я паспрабаваў у сваім жыцці вельмі шмат. Але самыя цудоўныя мае гады - гэта работа ў вёсцы. Паверце, гэта самая цяжкая праца, гэта самая складаная і цяжкая прафесія. Таму што, асабліва кіраўніку, фермеру, трэба ведаць усё. Там усё жывое - глеба, расліны, жывёлы, людзі. Там трэба ведаць і ветэрынарыю, і аграномію, быць інжынерам... Гэта самыя шматгранныя людзі, якія займаюцца сельскай гаспадаркай", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Самая цудоўная і цікавая работа ў вас. Таму што яна самая цяжкая. І вынікі гэтай работы вы бачыце амаль кожны дзень - надаіўшы, сабраўшы, атрымаўшы прыплод. Ні адна прафесія не дае такога шанцу чалавеку - бачыць кожны дзень вынік працы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Трэба данесці моладзі гэта. Кожнаму данесці, каб яны разумелі, - сказаў ён. - Тым не менш наша моладзь павінна разумець, што яе чакаюць там і самая цікавая работа там".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўдалося пераламаць у свядомасці людзей крыху негатыўныя адносіны да вясковага жыцця.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў неабходнасць быць гатовымі да трансфармацый, якія адбываюцца ў вёсцы, прыходу новых тэхналогій. "Робаты ў сельскай гаспадарцы - гэта рэальнае жыццё ў многіх краінах. Мы не толькі прыглядаемся ўжо да гэтага, але і пачынаем асвойваць. Спачатку ў жывёлагадоўлі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што, пачынаючы сваё прафесійнае палітычнае жыццё, інтуітыўна прадбачыў: без вёскі няма краіны і дзяржавы.

"Вёску трэба берагчы як зрэнку вока. Таму што гэта аснова нашага жыцця. Вёска заўсёды не толькі карміла, але і ратавала нацыю ад выраджэння. Так было і ў Беларусі. Таму наша задача - захаваць вёску", - заявіў беларускі лідар.

Лукашэнку падарылі Грамнічную свечку - сімвалічны абярэг беларусаў

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання перадавікоў аграпрамысловага комплексу падарылі памятны сувенір - Грамнічную свечку, якая лічыцца сімвалічным абярэгам беларусаў.

Грамніцы (Стрэчанне) - свята народнага календара, якое прыйшло з глыбокай старажытнасці і адзначаецца 15 лютага, знамянуе сустрэчу зімы з летам і пачатак новага сельскагаспадарчага года. На Малыя Грамніцы калісьці рыхтавалі вялікія васковыя свечкі, якія называліся "грамнічнымі" або "грамніцамі". Грамнічная свечка - сімвалічны абярэг, які дорыць людзям і жывёлам здароўе, зямлі ўрадлівасць, абуджае прыроду да новага жыцця.

"Вы заўсёды мне дарылі сноп прыгожых каласоў, а гэта, напэўна, яшчэ каштоўней, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вялікі дзякуй, дарагія сябры! Тысячы ўжо, напэўна, узнагароджанняў за маё прэзідэнцкае жыццё. Але, калі я сустракаюся з вяскоўцамі, - гэта асабліва кранае сэрца і душу. Вы - сапраўдныя людзі. Вы прынеслі ў гэту залу сапраўдны дух творчасці і нашага жыцця. Я за гэта вам вельмі ўдзячны".

Грамнічныя свечкі традыцыйна вырабляюць з пчалінага воску, упрыгожваюць, асвячаюць у царкве і затым захоўваюць у доме на працягу ўсяго года як сямейны абярэг. Такая свечка запальвалася ў асабліва важных выпадках працоўнага і сямейнага жыцця, у тым ліку ў пачатку ворыва, сяўбы і жніва, пры першым выгане жывёлы на пашу, пры заручынах, нараджэнні дзіцяці.

Падораная Прэзідэнту свечка выканана ў традыцыйнай цыліндрычнай форме, што сімвалізуе накіраванасць да неба і святла. Яе кнот сплецены з 7 рознакаляровых нітак, якія ўвасабляюць 7 рэгіёнаў краіны - шэсць абласцей і горад Мінск. На свечцы змешчаны контур карты Беларусі і элементы арнаменту - вышыванкі, якія сімвалізуюць агонь (полымя Грамнічнай свечкі) і маладосць (адраджэнне зямлі да новага жыцця).

Па матэрыялах БелТА.

На фота: Аляксандр Лукашэнка ўручае ліст аб аб'яўленні Падзякі старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолю Лісу.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий