Уручэнне прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Уручэнне прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне

11 января 2018 - Administrator
article3648.jpg

 Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп". Цырымонія ўзнагароджання адбылася 9 студзеня ў Палацы Рэспублікі.

Штогод адзначаць заслугі людзей, жыццё і работа якіх служаць высокім мэтам, - стала ў Беларусі добрай традыцыяй, якой няма аналагаў у свеце. Не дзіўна, што зарадзілася яна менавіта тут, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Нам з вамі дасталася вялікая духоўная спадчына, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яна - у прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх тварэннях народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкантаў, дойлідаў. Яна - у духоўным подзвігу народа, які збярог веру, захаваў любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі, культуры, нягледзячы на неймаверныя выпрабаванні грозных ваенных часоў і сацыяльныя ўзрушэнні".

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ў свеце таксама неспакойна. Ідзе нябачная барацьба ў тым ліку і за душу чалавека, з розных бакоў атакуюцца хрысціянскія асновы маралі, разбураюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі. "Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняюцца светапогляд і спосаб жыцця людзей. Усё больш з'яўляецца спакус, усё цяжэй берагчы сэрцы ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі дабротамі і знешняй мішурой людзі страчваюць сапраўдную прыгажосць - унутранае святло добрых пачуццяў і высакародных учынкаў, якімі так славіўся і славіцца наш народ, усё наша славянства", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тэлебачанне дзеля рэйтынгаў прывучае гледача да негатыўных навін, скандальных ток-шоу. Сацыяльныя сеткі пазбаўляюць жывых стасункаў, а камп'ютарныя гульні падмяняюць рэальнае жыццё віртуальнай рэчаіснасцю.

"Гэта толькі малая частка тых выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння грамадства. І такія рэаліі паволі, але метадычна разбураюць сістэму сталых традыцыйных маральных каштоўнасцей. Цяпер вельмі важна не ўпусціць час, не страціць нашу духоўную сутнасць. Першарадная роля ў гэтым, безумоўна, належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Іх уплыў на свядомасць чалавека вельмі вялікі. Менавіта гэтыя сферы фарміруюць тыя вобразы і ідэалы, на якія многія арыентуюцца і прымаюць як эталон. Таму дзеячы культуры і мастацтва, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, духавенства, педагогі і ўсе, каму не абыякава, якім будзе свет, павінны аб'яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходны духоўны імунітэт супраць амаральнасці, пошласці і дрэннага густу, каб культура і мастацтва заўсёды былі крыніцай энергіі і жыццеўстойлівасці для людзей.

"Мы помнім і шануем багатую спадчыну былых пакаленняў. Нязгаснае святло іх высакародных пачуццяў і сёння паказвае нам шлях, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам. А сучаснікі павінны надаць ёй больш сілы і яркасці, каб нашы дзеці і ўнукі маглі падхапіць эстафету часоў і перадаць яе далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для гэтага мы павінны паказаць сваім прыкладам, наколькі важна шанаваць, паважаць і быць удзячнымі людзям, якія прадаўжаюць вялікую справу захавання і стварэння духоўнай спадчыны Беларусі. Нам ні ў якім разе нельга ў гэтым жыцці спыніцца і нічога ў гэты перыяд не пакінуць за сабой для тых, хто прыйдзе пасля нас".

Ён заўважыў, што свет хутка змяняецца. Бо, напрыклад, нават пяць гадоў таму ніхто не мог падумаць, што глабальная павуціна так пераверне жыццё чалавецтва ў цэлым. "І як бы мы гэтай павуціне ні супраціўляліся, яна нас аблытала. Складанасць у тым, што яна нясе для чалавецтва найвялікшае аблягчэнне: атрыманне ведаў, вокамгненнасць ведаў, перадачу інфармацыі. Вы паглядзіце, як мяняецца жыццё, у тым ліку і да лепшага. З іншага боку, яна нясе вялікія праблемы, з якімі мы сёння сутыкнуліся, мы змагаемся з імі, яшчэ часам не навучыўшыся змагацца", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў эліту грамадства, творчых людзей навучыцца самім і навучыць дзяцей правільна карыстацца існуючымі магчымасцямі, жыць ва ўмовах уплыву і ўздзеяння на розум і душы людзей глабальнай павуціны.

"Трэба навучыць, пачынаючы са школьных гадоў, у сям'і сваіх дзяцей карыстацца многімі крыніцамі, авалодаць многімі ідэямі, каб зрабіць правільныя высновы. Гэта важна для моладзі. Практыка, як нас вучылі з вамі, з'яўляецца крытэрыем ісціны, а практыкі, вопыту ў моладзі не хапае, - канстатаваў Прэзідэнт. - І вось тут мы павінны ім падказаць: стаўце ўсё пад сумненне, бярыце розныя крыніцы, знаёмцеся з рознымі пунктамі гледжання і, грунтуючыся на падказцы і вопыце старэйшых, на сваім вопыце, выбірайце тую, якая сёння адпавядае проста нармальнаму жыццю нашага грамадства".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што галоўныя героі сённяшняй урачыстасці робяць свет лепшым і больш светлым. Сваёй актыўнай дзейнасцю яны ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці.

"Адраджаюць старажытныя традыцыі беларускіх майстроў, абуджаюць цікавасць да гістарычных дасягненняў нашых продкаў. Адстойваюць сямейныя каштоўнасці, развіваюць дабрачыннасць, выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў людзей. Сваім талентам нашы людзі, якія будуць тут (гэта толькі некалькі чалавек), прывіваюць шчырую любоў да высокага мастацтва. Падымаючыся на спартыўны Алімп, праслаўляюць краіну на сусветным узроўні, абуджаюць у сэрцах пачуццё гонару за свой народ і сваю Радзіму", - канстатаваў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, не толькі якія-небудзь камісіі і органы ўлады павінны ўносіць прапановы, каго ўдастоіць прэміі. "Калі вы адчуваеце, што стварылі годны прадукт, які застанецца на вякі, будзе ўзнімаць духоўнасць нашага народа не толькі сёння, але і заўтра, калі ласка, вы прапануйце ў тым ліку і сябе, - заклікаў кіраўнік дзяржавы. - Для мяне гэта вельмі важна. Усе свае гады, што я працую Прэзідэнтам, я заўсёды патрабую, каб было сумленна, справядліва, каб, узнагароджваючы іншых, не пакрыўдзіць тых, хто, можа, на прыступку вышэй. Не саромцеся, прапануйце сябе".

Па выніках 2017 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды ГА "Беларускі саюз жанчын", калектывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці протаіерэй Віктар Перагудаў, муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.

Таксама па выніках 2017 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Іх удастоены дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў сферы інфармацыі, гісторыка-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі.

Спецыяльнымі прэміямі адзначаны аўтарскія калектывы галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Белтэлерадыёкампаніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Узнагароды ўдастоены намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Егарэйчанка, калектывы выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта" і Акцябрскага раённага дома рамёстваў, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі".

Адзначаны спецпрэміяй калектывы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, "Мінскканцэрта", Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастак Валерый Слаук.

Лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Беларускі спартыўны Алімп" 2017 года сталі галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава, спецыяльны карэспандэнт аддзела каментатараў галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5", заслужаны дзеяч культуры Уладзімір Навіцкі і член нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Віялета Скварцова.

Лукашэнка выказаў удзячнасць усім удзельнікам дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзячны ўсім удзельнікам навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп".

"Вы паглядзіце: пачынаючы з каталіцкага Нараджэння Хрыстовага і заканчваючы старым Новым годам, літаральна ўсе, ад прадпрымальнікаў да дзяржаўных служачых і ваенных, у дзяцей - і ўчора, і сёння, і заўтра. Гэта цудоўна, так павінна быць. Хацелася б, каб не толькі адзін перыяд у гэтым жыцці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я дзякую ўсім, тысячам і тысячам людзей, хто адгукнуўся на гэту акцыю і пабываў у дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсіх удзельнікаў акцыі не ўзнагародзіш і не выведзеш на сцэну - тых, хто адгукнуўся на заклік Прэзідэнта і паехаў у калядныя і навагоднія святы да дзяцей, вельмі шмат.

"Вы не ўяўляеце, калі вы гэтага не бачылі, як свецяцца радасцю вочы дзіцяці, яно на ўсё жыццё запомніць, што да яго прыйшлі, яго павіншавалі. Яно разумее, што патрэбна гэтай дзяржаве", - падкрэсліў беларускі лідар.

Штогадовая навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час яе кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрымальнікі наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя бальніцы, аказваюць ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручаюць дзецям падарункі.

РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі накіруе сродкі прэміі "За духоўнае адраджэнне" на развіццё цэнтра

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава плануе накіраваць сродкі прэміі "За духоўнае адраджэнне" на развіццё цэнтра, паведаміў дырэктар РНПЦ Алег Суконка.

Хутчэй за ўсё, дапамога будзе аказана якому-небудзь аддзяленню, дзе патрабуецца абнавіць абсталяванне. Калектыў РНПЦ удастоены прэміі за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці. Паводле слоў Алега Суконкі, анкалогія - тая галіна, дзе ўважлівае стаўленне да пацыента асабліва важна. Маладая змена часам лічыць, што з хворым гутарыць не так неабходна, дастаткова накіраваць на які-небудзь метад даследавання, добра, што іх сёння дастаткова - УГД, КТ, МРТ. "Трэба гутарыць. Анкалогія - тая дысцыпліна, дзе павінны працаваць людзі пэўнага складу, якія могуць суперажываць, якія любяць людзей, уважліва ставяцца да пацыентаў, - упэўнены дырэктар РНПЦ. - Калі будзе ўстаноўлена нармальная псіхалагічная раўнавага, кантакт паміж хворым і ўрачом, у такім выпадку можна перамагчы гэту сур'ёзную хваробу".

Лаўрэатам высокай узнагароды калектыў цэнтра стаў у тым ліку за "Руководство по онкологии" - трохтомнік найвышэйшага ўзроўню, якому няма роўных у краінах СНД.

У Беларусі ўзровень аказання анкалагічнай дапамогі пацыентам знаходзіцца на еўрапейскім узроўні. Па некаторых пазіцыях краіна нават больш паспяховая, у прыватнасці, гэта датычыцца навуковых даследаванняў, адзначыў Алег Суконка. Цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі развіваецца даволі паспяхова дзякуючы дзяржпадтрымцы. Тут прымяняюцца ўсе існуючыя метады лячэння і дыягностыкі, уключаючы малекулярна-генетычныя даследаванні і падбор медыкаментаў індывідуальна для кожнага пацыента.

Колькасць анкапацыентаў у Беларусі, як і ва ўсім свеце, расце. Штогод у рэспубліцы выяўляецца 50 тыс. новых выпадкаў. У многіх краінах анкалагічная паталогія выйшла на першае месца па захваральнасці, апярэдзіўшы кардыялагічныя праблемы. Значны рост пацыентаў за апошнія гады звязаны з актывізацыяй работы па раннім выяўленні захворвання. Такая сітуацыя шмат у чым абумоўлена і старэннем насельніцтва.

Аб'яднанні настаўнікаў для развіцця жаночага бізнесу будуць стварацца пры ўдзеле БСЖ

У Беларусі пры ўдзеле Беларускага саюза жанчын будуць стварацца сеткавыя аб'яднанні настаўнікаў для развіцця жаночага бізнесу, паведаміла старшыня БСЖ, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна.

Беларускі саюз жанчын удастоены прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" за плённую працу па ўмацаванні інстытута сям'і, ахове мацярынства і дзяцінства, актыўную дабрачынную дзейнасць. "Для нас - гэта прызнанне дзейнасці нашага грамадскага аб'яднання. Гэта давер да арганізацыі і вельмі вялікая адказнасць, якая абавязвае ўдасканальваць сваю работу, адпавядаць патрабаванням часу. Але пры гэтым вельмі важна захаваць пераемнасць і традыцыі", - адзначыла старшыня БСЖ.

Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што самае галоўнае для БСЖ - практыка канкрэтных спраў. Так, вялікую ўвагу грамадскае аб'яднанне ўдзяляе развіццю жаночага прадпрымальніцтва. "Нядаўна атрымалі ад урада прапанову прыняць удзел у стварэнні сеткавых аб'яднанняў па настаўніцтве для пашырэння эканамічных магчымасцей жанчын. Абмяркуем гэта пытанне на пасяджэнні Прэзідыума БСЖ і, вядома, будзем развіваць такую работу. У кожнай жанчыны павінны быць магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцей, дасягнення пастаўленых мэт, і калі мы можам у гэтым садзейнічаць - мы павінны гэта рабіць", - пераканана яна.

"Наша сіла ў адзінстве, багацце ў разнастайнасці - меркаванняў, творчасці, падыходаў. Мы пастаянна шукаем новыя формы работы. І ў гэтым вялікая роля належыць абласным, мінскай гарадской арганізацыям", - дадала Мар'яна Шчоткіна. Напрыклад, цяпер, калі Беларусь вядзе актыўную работу па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, БСЖ не застаецца ўбаку. Рэалізуецца праект "Малых гарадоў не бывае", ён накіраваны на выкананне 11-й МУР - забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, жыццястойкасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў. Праект прадугледжвае развіццё невялікіх населеных пунктаў, ліквідацыю няроўнасці тэрыторый, паколькі людзі павінны мець роўныя магчымасці, незалежна ад таго, у якой кутку краіны яны пражываюць.

"На працягу 25 гадоў наша мэта застаецца нязменнай - умацаванне маральных і духоўных каштоўнасцей. Нашы намаганні накіраваны на падтрымку сям'і і ўмацаванне сямейных адносін, абарону правоў і законных інтарэсаў маці і дзяцей, павышэнне ролі жанчын у грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем дабрачыннай і гуманітарнай дзейнасці", - рэзюмавала старшыня БСЖ.

Беларусі трэба будзе вярнуць яшчэ нямала роўных Скарыну імёнаў і кніжных помнікаў - Матульскі

Аб гэтым заявіў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

Планы Нацыянальнай бібліятэкі на бліжэйшыя пяць гадоў звязаны з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, вяртаннем кніжнай спадчыны. "Хочам увесці ў навуковы і штодзённы абарот шэраг помнікаў кніжнай культуры, імёнаў, падзей, якімі Беларусь можа ганарыцца гэтак жа, як і Скарынам, каб яе ў свеце ўспрымалі як краіну з багатымі навуковымі, культурнымі і адукацыйнымі традыцыямі", - адзначыў Раман Матульскі.

Ён сказаў, што на II З'ездзе вучоных Прэзідэнт заклікаў гуманітарыяў дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці, кансалідуючы грамадства, умацоўваючы пачуццё патрыятызму. Нацыянальная бібліятэка прадоўжыць працаваць у гэтым напрамку. Раман Матульскі паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе анансаваны адзін з такіх праектаў.

Па выніках 2017 года, які прайшоў пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, калектыў Нацыянальнай бібліятэкі адзначаны прэміяй Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне". Лаўрэатам высокай узнагароды ён стаў за работу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. "Мы паспрабавалі зрабіць усё для таго, каб дастойна адзначыць юбілей нацыянальнага і міжнароднага маштабу", - падкрэсліў субяседнік. Раман Матульскі звярнуў увагу, што прэмія - высокая ацэнка заслуг не толькі цяперашняга калектыву, але і ўсіх людзей, якія працавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы за 95 гадоў яе існавання. Першыя выданні Францыска Скарыны ў яе фондах з'явіліся практычна адразу пасля заснавання. Усе гэтыя гады супрацоўнікі бібліятэкі даследавалі і захоўвалі спадчыну першадрукара.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий