Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан

1 декабря 2016 - Administrator
article2822.jpg

 У ходзе візіту Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Лідары дзвюх краін абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін, у тым ліку гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, работу па кааперацыйных праектах, узаемадзеянне ў сферы інвестыцый, аграпрамысловага комплексу, спорту.

 

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Гейдара Аліева. Узнагароджанні ордэнам Гейдара Аліева робяцца рэдка. Замежным грамадзянам гэта ўзнагарода ўручаецца за выдатныя заслугі перад Азербайджанам, за асаблівыя заслугі ў справе ажыццяўлення азербайджанскай ідэі, умацавання салідарнасці азербайджанцаў усяго свету, за асаблівыя заслугі ў наладжванні палітычных, эканамічных, навуковых і культурных сувязей Азербайджана з іншымі краінамі.

29 лістапада Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да магілы агульнанацыянальнага лідара Азербайджана Гейдара Аліева на Алеі ганаровага пахавання ў Баку, усклаў вянок да манумента на Алеі шахідаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў сустрэчу з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ, на якой абмеркаваў перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін.

Па выніках візіту падпісаны шэраг міжнародных дакументаў.

 

Лукашэнка: Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што, прыязджаючы ў Баку, заўсёды здзіўляецца таму, як у горадзе сучасныя збудаванні ўдачна гарманіруюць з гістарычнымі будынкамі. Прэзідэнт таксама павіншаваў Ільхама Аліева з пераканаўчай падтрымкай грамадзянамі Азербайджана прапанаваных канстытуцыйных змяненняў, звязаных з павелічэннем прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў.

"Засталося самае малое - рухацца такім жа чынам, як гэта было дасюль, дзякаваць свайму народу вось такімі поспехамі ў развіцці народнай гаспадаркі Азербайджана. Зразумела, вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

"У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках.

Мы нікому не шкодзім нашым супрацоўніцтвам, мы адкрытыя і далей будзем адкрытыя, публічныя пры абмеркаванні самых злабадзённых пытанняў нашай рэчаіснасці", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: Беларусь гатова супрацоўнічаць з Азербайджанам у нафтавай сферы на доўгую перспектыву

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у пашыраным фармаце.

"Калі ў вас ёсць інтарэс на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовы на доўгую перспектыву працаваць з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў лідару Азербайджана за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. т нафты. "Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца наперад настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што партнёрства ў нафтавай сферы - гэта не галоўнае ў адносінах і перагаворах паміж Беларуссю і Азербайджанам. "Але гэта важны напрамак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць - калі ласка. У нас два самыя магутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы завяршаем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш як 90 працэнтаў глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовы разгледзець на гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Беларусь і Азербайджан могуць за кароткі час павялічыць аб'ём тавараабароту - Аліеў

Аб гэтым Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным фармаце.

"Мы рады таму, як складваюцца адносіны. Але ўзровень узаемнага гандлю нас радаваць не можа. Мы сёння ўжо абмяняліся думкамі, як пашырыць дыяпазон супрацоўніцтва, наменклатуру і павялічыць тавараабарот. Для гэтага ёсць вельмі добры патэнцыял. Мы можам павялічыць узаемны экспарт за вельмі кароткі час, правільна арганізаваўшы работу", - упэўнены Ільхам Аліеў.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь і Азербайджан з'яўляюцца надзейнымі партнёрамі не толькі адзін для аднаго, але і для трэціх краін.

"На міжнароднай арэне нашы краіны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам з-за прынцыповай палітыкі і сумленнасці ў адносінах", - падкрэсліў ён.

 

Беларусь і Азербайджан плануюць выйсці на ўзровень тавараабароту $700 млн

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ ў час візіту ў Азербайджан.

"Мы не ўтойваем, што апошнія гады ў сувязі з сусветным крызісам мы праселі ў нашым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сёння дамовіліся аб тым, што ў будучым годзе мы можам дасягнуць тавараабароту ў памеры $700 млн. А гэта амаль у два разы больш, чым у самым паспяховым годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі ёсць шмат незадзейнічаных рэзерваў.

У прыватнасці, Беларусь гатова развіваць з Азербайджанам узаемадзеянне ў сферы сельскай гаспадаркі, будуючы самыя сучасныя прадпрыемствы і больш шырока прадстаўляючы тавары на рынку.

 

Беларусь прапануе Азербайджану развіваць кааперацыю ў вытворчасці дываноў і вырабаў з бавоўны

"Вельмі правільна, з майго пункту гледжання, Азербайджан узяў курс на развіццё баваўнаводства, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці будзе такое, што мы можам разлічваць на 25-30 тыс. т, а можа, і 40 тыс. т баваўнянага валакна. Я прапанаваў разгледзець пытанне магчымай кааперацыі ў плане нашага Баранавіцкага баваўнянага камбіната. У нас ёсць магчымасць там сумесна супрацоўнічаць. Мы не супраць, калі Азербайджан увойдзе ў капітал гэтага прадпрыемства".

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць вытворчасць азербайджанскіх дываноў у Беларусі. "Давайце разам ствараць гэту вытворчасць, і вы атрымаеце не толькі беларускі рынак, але і рынак суседніх дзяржаў, якія не выпускаюць дывановых вырабаў такой якасці", - адзначыў Прэзідэнт.

Краіны таксама разглядаюць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і фармацэўтыкі. Беларусь гатова будаваць у Азербайджане сельгаспрадпрыемствы і адкрываць сумесныя вытворчасці лякарстваў.

 

У сваю чаргу Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў прапанаваў развіваць супрацоўніцтва ў сферы транспарту. "Мною было ўзнята пытанне аб тым, што трэба пачаць кансультацыі. Мы ажыццяўляем буйныя праекты ў нашым рэгіёне па стварэнні новых транспартных калідораў. Геаграфічнае становішча Азербайджана і Беларусі прадугледжвае, што мы павінны вельмі актыўна ўзаемадзейнічаць у гэтым напрамку, выкарыстоўваючы свае магчымасці і кантакты з рознымі краінамі", - сказаў ён.

 

Лукашэнка: Беларусь пастараецца не ўступіць Азербайджану ў душэўнасці пры правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры правядзенні І Еўрапейскіх гульняў Азербайджан вельмі высока падняў планку патрабаванняў да правядзення гэтага спартыўнага форуму.

"Мы, вядома, пераўзысці не зможам, але душэўнасцю сваёй, беларускай, мы пастараемся не ўступіць Азербайджану ў адкрыцці, закрыцці і правядзенні гульняў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусі будзе цікавы вопыт Азербайджана ў арганізацыі Еўрапейскіх гульняў. "Мы хацелі б той каштоўны вопыт, які назапашаны вамі, пераняць для таго, каб дастойна, на высокім узроўні правесці гэтыя гульні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І па іншых напрамках канкрэтнага супрацоўніцтва ў спорце мы гатовы ў вас запазычыць гэты вопыт".

 

За 25 гадоў незалежнасці Беларусь і Азербайджан дасягнулі высокіх вяршынь - Аліеў

Аб гэтым Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў пасля сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ ў час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан.

Ільхам Аліеў павіншаваў Беларусь, якой выпаў гонар праводзіць у 2019 годзе ІІ Еўрапейскія гульні. "Сімвалічна, што гульні праводзяцца ў адных з самых паспяховых краін былога СССР. Думаю, што гэта прызнанне заслуг нашых краін. Нашы краіны як незалежныя дзяржавы маладыя - ім толькі 25 гадоў. За гэтыя гады мы дасягнулі самых высокіх вяршынь і паказваем здольнасць праводзіць мерапрыемствы любога ўзроўню, - заявіў Прэзідэнт. - Упэўнены, што другія гульні будуць не горшыя, чым першыя. Таму што той вопыт, тая арганізацыйная работа, якую вы праводзіце, і тое імкненне да арганізацыі такіх мерапрыемстваў даюць магчымасць гаварыць, што гэта будуць унікальныя гульні".

 

"Вы пакажаце не толькі душу беларускага народа, але і сілу сучаснай Беларусі. Пакажаце ўсёй Еўропе, што Беларусь - магутная, незалежная, дастойная дзяржава", - адзначыў ён.

Прэзідэнт Азербайджана таксама адзначыў асаблівую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў будаўніцтве сучаснай, дынамічнай і самадастатковай дзяржавы - Беларусі. "Раю ўсім грамадзянам Азербайджана паехаць і ўбачыць добрую душу беларускага народа, цудоўны горад Мінск, які сёння з'яўляецца адной з лепшых еўрапейскіх сталіц і па архітэктуры, і па чысціні, і па інфраструктуры", - сказаў Ільхам Аліеў.

 

Азербайджан гатовы абараняць Беларусь ад неабгрунтаваных нападкаў у міжнародных арганізацыях - Аліеў

Ільхам Аліеў адзначыў, што Беларусь і Азербайджан актыўна падтрымліваюць адно аднаго на міжнароднай арэне. Асабліва каштоўна, падкрэсліў Прэзідэнт, калі краіны падтрымліваюць адна адну або выказваюцца ў тых арганізацыях, у якіх не з'яўляюцца членамі.

"Мы ведаем, калі ў рамках гэтых структур будуць спробы неабгрунтаваных нападкаў на нашы краіны, мы заўсёды выкажам прынцыповую пазіцыю. Мы даражым гэтым узроўнем супрацоўніцтва", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

Беларусь і Азербайджан адкрыюць гандлёвыя дамы адно аднаго на сваіх тэрыторыях

"Сёння было прынята рашэнне аб стварэнні гандлёвых дамоў - Азербайджана ў Беларусі, Беларусі ў Азербайджане. Мы ад беларусаў у гэтым пытанні адстаём, яны ўжо маюць свае гандлёвыя кропкі, аб'екты ў Азербайджане, мы толькі збіраемся", - сказаў Ільхам Аліеў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што каштоўнасць адносін паміж дзвюма дзяржавамі таксама заключаецца ў тым, што краіны не канкурыруюць на рынках. "Таму мы дамовіліся аб тым, каб мэтанакіравана ажыццяўляць кантроль і адкрываць новыя напрамкі для таго, каб нарасціць аб'ём тавараабароту", - рэзюмаваў азербайджанскі лідар.

 

Беларусь і Азербайджан пацвярджаюць зацікаўленасць у актыўным развіцці супрацоўніцтва

Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева, прынятай па выніках перагавораў 28 лістапада ў Баку.

"Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у прадаўжэнні актыўнага развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковых адносін у мэтах павышэння дабрабыту народаў Беларусі і Азербайджана", - гаворыцца ў дакуменце.

Кіраўнікі дзяржаў у час сустрэчы ў традыцыйна дружалюбнай і давернай атмасферы абмеркавалі ключавыя тэмы беларуска-азербайджанскага партнёрства, пацвердзіўшы прыхільнасць духу і прынцыпам адносін, замацаваных у Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай ад 2 мая 2007 года.

Прэзідэнты выказалі задавальненне паступальным развіццём беларуска-азербайджанскіх сувязей ва ўсіх сферах міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, высока ацанілі пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва ў двухбаковым і шматбаковым фарматах, а таксама рэалізацыю дамоўленасцей, раней дасягнутых на вышэйшым узроўні.

 

Лідары краін канстатуюць супадзенне або блізкасць падыходаў дзвюх дзяржаў па ключавых праблемах сусветнага развіцця і міжнароднай бяспекі. Выказана імкненне і далей умацоўваць дружалюбныя адносіны і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

"Бакі прадоўжаць рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні, які садзейнічае павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння ў розных сферах, далейшаму напаўненню адносін стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі канкрэтным зместам, - адзначаецца ў заяве. - Бакі, падкрэсліваючы важнасць нарошчвання каардынацыі ў знешнепалітычнай сферы як на двухбаковай аснове, так і ў рамках рэгіянальных і міжнародных арганізацый, пацвярджаюць гатоўнасць і далей развіваць цеснае ўзаемадзеянне па тэматыках, якія ўяўляюць агульны інтарэс, аказваць падтрымку пазіцый дзвюх краін у ААН і яе інстытутах, АБСЕ і ў іншых міжнародных арганізацыях універсальнага і рэгіянальнага характару".

 

Беларусь і Азербайджан маюць намер паглыбляць культурна-гуманітарныя сувязі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў маюць намер усяляк садзейнічаць паглыбленню культурна-гуманітарных сувязей паміж краінамі. Аб гэтым гаворыцца ў іх сумеснай заяве, прынятай па выніках перагавораў 28 лістапада ў Баку.

"Бакі маюць намер усяляк садзейнічаць паглыбленню культурна-гуманітарных сувязей, што збліжаюць народы Беларусі і Азербайджана. З гэтай мэтай бакі будуць і далей садзейнічаць паслядоўнаму пашырэнню і ўдасканаленню супрацоўніцтва ў сферах культуры і мастацтва, інфармацыі, маладзёжнай палітыкі, спорту і турызму, аказваць на дзяржаўным узроўні садзейнічанне распаўсюджванню беларускай мовы ў Азербайджане і азербайджанскай мовы ў Беларусі", - гаворыцца ў заяве.

Дзяржавы выказалі гатоўнасць пашыраць узаемадзеянне ў галіне навукі, а таксама ў сферах нацыянальных сістэм адукацыі праз рэалізацыю сумесных праграм навучання студэнтаў і навучэнцаў, падрыхтоўку і перападрыхтоўку спецыялістаў, абмен праграмамі навучання.

 

Беларусь і Азербайджан падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах

Адпаведныя пагадненні, праграмы развіцця супрацоўніцтва і пратаколы падпісаны пасля завяршэння перагавораў у Баку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева.

Бакі падпісалі план мерапрыемстваў па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2025 года.

Для развіцця ўзаемадзеяння ў сферы аграпрамысловага комплексу падпісана комплексная праграма супрацоўніцтва паміж краінамі да 2025 года.

У сферы фізічнай культуры зацверджана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2017-2018 гады. Паміж дзяржавамі таксама падпісана праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2016-2020 гады.

 

Для барацьбы з мытнымі парушэннямі, звязанымі з перамяшчэннем тавараў паветраным транспартам, падпісаны пратакол аб узаемадзеянні паміж дзяржаўнымі мытнымі камітэтамі.

Акрамя таго, па выніках перагавораў падпісаны пагадненні аб устанаўленні міжрэгіянальных сувязей паміж Гроднам і выканаўчай уладай Габалінскага раёна, аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і ЗАТ "Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне", а таксама шэраг іншых дакументаў.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий