Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

3 октября 2016 - Administrator
article2704.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28-30 верасня знаходзіўся з дзяржаўным візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Па праграме візіту адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па іх выніках падпісана каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.

Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне таксама правёў сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

Прэзідэнт Беларусі наведаў Пекінскі ўніверсітэт.

 

Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцу КНР прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя ў складзе членаў урада, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, дырэктараў буйных прамысловых прадпрыемстваў. У іх адбыўся шэраг плённых рабочых сустрэч і перагавораў з кітайскімі партнёрамі.

 

 

 

Беларусь і Кітай дасягнулі самых даверных адносін - Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 верасня ў Пекіне на сустрэчы са Старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

"За апошнія два з палавінай дзесяцігоддзі ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай мы дасягнулі самай давернай і адкрытай не толькі размовы, але і адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі цэняць высокі ўзровень супрацоўніцтва з Кітаем, і запэўніў у тым, што ў асобе Беларусі кітайскі бок заўсёды зможа знайсці самага надзейнага сябра і партнёра.

У сваю чаргу Юй Чжэншэн адзначыў, што дзякуючы дружалюбнаму стаўленню беларускага лідара да Кітая ўносіцца вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін і шматпланавага супрацоўніцтва. "Пад вашым моцным кіраўніцтвам у Беларусі захоўваецца палітычная стабільнасць і з'яднанасць грамадства", - сказаў ён.

Юй Чжэншэн таксама выказаў упэўненасць, што дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНР надасць магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

 

Лукашэнка: Кітай можа разлічваць на Беларусь у пашырэнні сваіх інтарэсаў у Еўропе

Аб гэтым заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне на сустрэчы са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Кітай дасягнулі самага высокага ўзроўню супрацоўніцтва. Ён канстатаваў адсутнасць якіх-небудзь праблем у палітычным супрацоўніцтве, а таксама наяўнасць добрых адносін як на ўзроўні лідараў дзвюх краін, так і асобных міністэрстваў і ведамстваў. "Мы гэтыя адносіны выбудоўвалі доўга, па цаглінцы і прыйшлі да ўзаемнага даверу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гэта цэнім у Беларусі, і вы павінны быць упэўнены, што ў цэнтры Еўропы вы маеце пляцоўку для пашырэння сваіх інтарэсаў. Вы можаце на нас разлічваць. Мы будзем рабіць усё, каб вашы інтарэсы былі прадстаўлены на еўрапейскім кантыненце".

 

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўжо вельмі даўно пазнаёміўся з Кітаем і добра ведае гэту краіну. "За апошнія гады вы зрабілі велізарны рывок у сваім развіцці", - сказаў ён.

У сваю чаргу Чжан Дэцзян падкрэсліў вялікі асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё кітайска-беларускіх адносін. "Кітайскі бок разглядае вас у якасці блізкага сябра, і мы гатовы прыкладаць дадатковыя намаганні па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва", - сказаў ён.

 

Лукашэнка ўдзячны Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін

Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў ў Пекіне на афіцыйных перагаворах у пашыраным складзе з лідарам КНР.

"Мы сапраўды сур'ёзна рушылі наперад у напрамку нашага супрацоўніцтва. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць вам асабіста за такі ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для лідараў дзвюх краін стала ўжо добрай традыцыяй сустракацца некалькі разоў у год. "Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным развіццём тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і, перш за ўсё, Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта сапраўды важнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў беларускі лідар.

 

Паводле яго слоў, у мінулы перыяд актыўна ажыццяўляліся дзелавыя кантакты паміж дзвюма краінамі. Толькі з верасня 2015 года праведзена больш за чатыры дзясяткі візітаў у Кітай беларускіх дэлегацый на чале з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, рэгіёнаў і вялікіх кампаній. У сваю чаргу Беларусь наведалі многія дэлегацыі дзяржаўных і партыйных органаў КНР як цэнтральнага, так і рэгіянальнага ўзроўню, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Кітая.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у пашыраным фармаце кіраўнікі дзяржаў даволі працяглы час размаўлялі ў фармаце сам-насам.

 

Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара, на перагаворах абодвума бакамі адзначаўся беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Тым не менш адзначана, што шмат яшчэ трэба будзе зрабіць.

 

Сярод іншых тэм Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна найбольш актыўна выкарыстоўваць. Менавіта трывалыя рэгіянальныя сувязі садзейнічаюць умацаванню ўзаемаадносін паміж дзяржавамі.

Размова на перагаворах таксама ішла аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме.

Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях дарогай з больш інтэнсіўным рухам, узмацняць узаемную падтрымку.

Старшыня КНР прапанаваў захаваць дынаміку адносін і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях.

 

Сі Цзіньпін: адносіны Кітая і Беларусі ўзнімаюцца на новы ўзровень

Аб гэтым у Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.

"Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця", сказаў Сі Цзіньпін.

"Ваш візіт праходзіць у вельмі важны момант, калі мы падводзім вынікі кітайска-беларускіх адносін. Кітай і Беларусь - сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і ўзнімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах", - заявіў Старшыня КНР.

Ён таксама адзначыў, што бакі ажыццяўляюць эфектыўнае ўзаемадзеянне і каардынацыю падыходаў па пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.

"Вельмі рады бачыць, што дасягнутыя намі дамоўленасці эфектыўна рэалізуюцца. Мы гатовы разам з вамі займацца адзіным планаваннем далейшага развіцця двухбаковых адносін, каб надаць ім новы імпульс на карысць нашых народаў", - падкрэсліў Старшыня КНР.

 

Сі Цзіньпін таксама адзначыў асабісты ўклад Прэзідэнта Беларусі ў развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. "Вы - вялікі сябар кітайскага народа. Я высока ацэньваю ваш вялікі ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін", - сказаў ён.

 

Беларусь і Кітай устанавілі адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне падпісалі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

 

"Дзякуючы сумесным мэтанакіраваным намаганням кантакты на высокім узроўні, палітычны ўзаемадавер і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх краін узняліся на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем перайшлі на новы этап. Кіруючыся прынцыпамі ўзаемнай павагі, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і шматвяковай дружбы, бакі будуць бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць "усепагодную дружбу", ствараць супольнасць агульных інтарэсаў і супольнасць адзінага лёсу", - гаворыцца ў дэкларацыі.

 

У дакуменце падкрэсліваецца, што палітычны ўзаемадавер служыць краевугольным каменем беларуска-кітайскіх адносін. Заяўлена аб паважанні і падтрымцы шляхоў развіцця ўнутранай і знешняй палітыкі кожнага з бакоў, а таксама суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Беларусь зацвердзіла прыхільнасць да прынцыпу "аднаго Кітая". А кітайскі бок падтрымаў намаганні Беларусі, нацэленыя на забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступіў супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі пад любой маркай і заявіў аб прызнанні важнай ролі беларускага боку ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Узровень усебаковага стратэгічнага партнёрства ў Кітая ўстаноўлены прыкладна з двума дзясяткамі краін. Да гэтага часу ў гэтай групе знаходзілася і Беларусь. Яшчэ больш высокі, асаблівы ўзровень адносін існуе толькі з невялікай колькасцю дзяржаў. Эксперты адносяць да іх ліку Вялікабрытанію, Расію і Пакістан. Цяпер якасна новы партнёрскі статус набылі і беларуска-кітайскія адносіны.

 

Беларусь будзе ўдзельнічаць у стварэнні Інфармацыйнага пояса Шаўковага шляху

Беларусь мае намер пачаць удзел у стварэнні Інфармацыйнага пояса Шаўковага шляху, што дасць магчымасць забяспечыць адзіны падыход да ўзаемадзеяння з КНР, прымаючы пад увагу агульнасусветную тэндэнцыю да глабалізацыі інфармацыйнай прасторы. Гэта замацавана ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне.

 

Бакі маюць намер сумесна выкарыстоўваць беларускія цэнтры апрацоўкі даных, што ствараюцца ў тым ліку з удзелам кітайскіх кампаній.

Беларусь і Кітай заявілі аб намеры сумесна развіваць будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху", умацоўваць спалучэнне гэтай ініцыятывы са стратэгіяй развіцця Беларусі, паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва ў інфраструктурнай, транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай і іншых практычных галінах, сумесна забяспечваць бяспечную і паспяховую рэалізацыю агульных праектаў у інтарэсах далейшага павышэння ўзроўню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Беларускі бок таксама выказаў зацікаўленасць у нарошчванні ўзаемадзеяння з Кітаем у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, у садзейнічанні супрацоўніцтву па спалучэнні будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху" з будаўніцтвам ЕАЭС, а таксама ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў рамках рэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва ШАС у інтарэсах яе шматузроўневага развіцця.

 

Беларусь і Кітай у эканамічным супрацоўніцтве маюць намер фарміраваць архітэктуру ўзаемнай выгады

Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне.

"Бакі адзіныя ў тым, што гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і фінансавае супрацоўніцтва ўяўляе сабой рухаючую сілу беларуска-кітайскіх адносін. Бакі прымуць узгодненыя меры па фарміраванні архітэктуры ўзаемнай выгады і сумеснага выйгрышу, што характарызуецца шматпланавым, шырокамаштабным і шматузроўневым супрацоўніцтвам, паслядоўным напаўненні матэрыяльнай базы беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства", - адзначаецца ў дакуменце.

 

Бакі таксама гатовы пры выкананні рыначных правіл пашыраць гандаль і вытворчасць прадукцыі машынабудавання, высокіх і новых тэхналогій, электронікі, сельскагаспадарчых прадуктаў, хімічных, тэкстыльных і іншых канкурэнтаздольных тавараў, разам спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, разглядаць такія новыя формы вядзення гандлю, як электронны бізнес, садзейнічаць сінхроннаму росту аб'ёму і ўзроўню двухбаковага гандлю.

Заяўлена таксама аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва ў сферы вытворчага патэнцыялу, якое дасць магчымасць адкрыць новыя перспектывы для ўзаемадзеяння, прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал беларускіх прадпрыемстваў.

Беларусь і Кітай дамовіліся ўмацоўваць інвестыцыйнае і тэхніка-эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва інфраструктуры, машынабудавання, зборкі аўтамабіляў, сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетыкі, электраэнергіі, асваення і глыбокай апрацоўкі карысных выкапняў, біяфармацэўтыкі, нерухомай маёмасці, цэлюлозна-папяровай прамысловасці і іншых сферах.

 

Бакі маюць намер у далейшым удасканальваць сістэму функцыянавання і кіравання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, забяспечаць спрыяльны палітычны і інвестыцыйны клімат. Пры гэтым Кітай гатовы прадаўжаць аказваць падтрымку буйным вытворчым і высокатэхналагічным кітайскім прадпрыемствам па ўваходжанні ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк у якасці рэзідэнтаў, заахвочваць інвесціраванне кітайскіх кампаній у інавацыйныя праекты і стварэнне ў індустрыяльным парку новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў.

У дэкларацыі заяўлена таксама аб зацікаўленасці ў актывізацыі разлікаў у нацыянальных валютах у двухбаковым гандлі і інвестыцыйным супрацоўніцтве.

У цэлым у дакуменце адлюстраваны намеры развіваць беларуска-кітайскае супрацоўніцтва па самым шырокім спектры напрамкаў - ад адукацыі і турызму да міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, лагістыкі і авіязносін. Асобнае адлюстраванне ў дакуменце знайшлі палажэнні аб сумесным процістаянні розным відам злачыннасці, узаемадзеянні ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

 

Беларусь і Кітай заключылі пакет пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах

Адпаведныя дакументы падпісаны 29 верасня ў Пекіне ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.

Падпісаны пратакол абменамі ратыфікацыйнымі граматамі Дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КНР ад 10 мая 2015 года.

Падпісана міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе і мемарандум паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам камерцыі КНР аб супрацоўніцтве ў мэтах развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ў рамках тэхніка-эканамічнай дапамогі.

Зацверджаны комплекс мер па сумесным развіцці будаўніцтва канцэпцыі "Адзін пояс, адзін шлях" паміж урадамі Беларусі і КНР.

 

Заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі адукацыі дзвюх краін у галіне сумеснай падрыхтоўкі кадраў, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж ДКНТ і Міністэрствам навукі і тэхнікі КНР аб супрацоўніцтве ў галіне сумеснага фінансавання беларуска-кітайскіх навуковых і навукова-тэхнічных праектаў.

Бакі зацвердзілі план рэалізацыі мемарандума паміж МНС Беларусі і Міністэрствам грамадзянскай адміністрацыі Кітая аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый на 2016-2018 гады.

Асобнае пагадненне падпісана паміж МНС Беларусі і Адміністрацыяй па пытаннях землетрасенняў КНР.

 

Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Міністэрствам чалавечых рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння КНР.

Падпісана рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве і механізмах узаемадзеяння паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Беларусі і Камітэтам па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце Кітая.

Мінсельгасхарч Беларусі і Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне па кантролі якасці, інспекцыі і каранціне КНР заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы паставак беларускай ялавічыны ў Кітай.

Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Адміністрацыяй па стандартызацыі Кітая.

Прынята рашэнне аб стварэнні Беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця. Адпаведнае пагадненне заключылі НАН Беларусі і Кітайская акадэмія грамадазнаўчых навук.

 

Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана паміж БелГПП і Камітэтам садзейнічання развіццю міжнароднага гандлю Кітая.

Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларусбанкам, Міністэрствам фінансаў Беларусі і Дзяржаўным банкам развіцця Кітая аб прадастаўленні крэдыту пад гарантыю ўрада Беларусі.

Паміж Беларусбанкам і Дзяржаўным банкам развіцця Кітая заключана пагадненне аб пачатку выбаркі крэдытных сродкаў па праекце "Славкалій".

Мемарандум аб пашырэнні інвестыцый кітайскіх кампаній у Беларусь заключаны паміж урадам Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая.

Бакі зацвердзілі пратакол па плане работы ў мэтах рэалізацыі праектаў машынабудаўнічай вытворчасці паміж міністэрствамі фінансаў і прамысловасці Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая.

 

Падпісана пагадненне (дарожная карта) паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Кітайскай карпарацыяй аэракасмічнай навукі і тэхнікі (CASC) аб развіцці ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва.

Мемарандум аб узаемаразуменні і доўгатэрміновым супрацоўніцтве заключаны паміж Мінпрамам Беларусі і Усекітайскай аэракасмічнай карпарацыяй навукі і прамысловасці.

ААТ "БелАЗ" і Кітайская касмічная карпарацыя "Санцзян" падпісалі мемарандум аб намерах.

Заключаны пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў сферы турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і карпарацыяй "Кітайская нацыянальная турыстычная група".

Дарожная карта супрацоўніцтва на доўгатэрміновую перспектыву падпісана паміж Мінпрамам Беларусі і кампаніяй Zoomlion.

 

Мінпрам таксама заключыў мемарандум аб супрацоўніцтве з кампаніяй Weichai Power Co.Ltd па арганізацыі вытворчасці ў Беларусі дызельных рухавікоў.

Падпісана таксама пагадненне аб узаемадзеянні па стварэнні Кітайска-беларускага інвестыцыйнага фонду паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі, Беларусбанкам і кампаніяй CITIC Construction Со. Ltd.

У Пекіне ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў заключана міжурадавае пагадненне аб адкрыцці генеральнага консульства Беларусі ў кітайскім Гуанчжоу.

Пасля афіцыйных перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы".

 

Прэзідэнт Беларусі і Прэм'ер Дзяржсавета КНР правялі перагаворы ў Пекіне

30 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэм'ер Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Кэцян правялі перагаворы ў Пекіне.

У пачатку сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўжо на працягу двух з палавінай дзясяткаў гадоў цікавіцца вопытам развіцця Кітая, і яго знаёмства з гэтай краінай пачалося яшчэ да выбрання Прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, з'яўляючыся дэпутатам, прапаноўваў выкарыстоўваць кітайскі вопыт у развіцці Беларусі, не разбураючы існуючую тады сістэму і дзяржаўны лад. "Але ў нас тады вельмі шмат было лібералаў, якія выбралі заходні шлях развіцця", - адзначыў беларускі лідар.

 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на гэта, прадаўжаў вывучаць кітайскі вопыт. "Я прыязджаў да вас, бываў у гарадах, вывучаў функцыянаванне свабодных эканамічных зон, бываў у вашых вёсках. Я вельмі добра ведаю агульны напрамак станаўлення і развіцця гэтай цудоўнай і старажытнай дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт. - Інтуітыўна яшчэ тады - да свайго прэзідэнцтва - я зразумеў, што будучае нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся".

У сваю чаргу Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што дзяржвізіт Аляксандра Лукашэнкі надасць дадатковы магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускіх адносін.

"Я гатовы абменьвацца з вамі меркаваннямі па двухбаковым парадку дня і пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс", - сказаў ён.

 

Лукашэнка: нават добрыя мэты не павінны дапускаць нягодных сродкаў іх дасягнення

Аб гэтым 30 верасня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта.

"Я ўжо гаварыў, быўшы ў ААН, што глыбінная крыніца ўсіх крызісаў тоіцца ў штучным несуразмерным культываванні індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам", - сказаў Прэзідэнт. - Прыкрываючыся лозунгам абароны правоў чалавека, звяргаюцца ўрады, разбураюцца дзяржавы, арганізуюцца ваенныя інтэрвенцыі. Па сутнасці, насаджваюцца хаос і анархія са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Але ж нават шчырыя, добрыя мэты не павінны дапускаць нягодных сродкаў іх дасягнення.

 

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што "каляровыя рэвалюцыі" ў розных краінах не прывялі ў выніку да міру і дабрабыту. Наадварот, іх вынікам сталі перманентная нестабільнасць, разбалансіроўка дзяржаўных механізмаў, страта кіруемасці, зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, міжнародная палітыка сёння характарызуецца моцнай канкурэнцыяй дзяржаў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, уключаючы эканамічную, навуковую і культурную. Абстаноўка ў свеце вельмі абвастрылася, з'явіліся новыя сур'ёзныя выклікі. Прэзідэнт, у прыватнасці, згадаў праблемы радыкалізацыі Блізкага Усходу, узнікнення "Ісламскай дзяржавы", канфлікты ў Сірыі і Паўночнай Афрыцы, ва Украіне. Гэта таксама пагрозы міжнароднага тэрарызму, маштабная міграцыя, шырокае выкарыстанне розных механізмаў санкцыйнага націску ў сусветнай палітыцы. "Нельга не браць пад увагу і такія нявырашаныя праблемы, як беднасць, дзіцячая і мацярынская смяротнасць, доступ да адукацыі і аховы здароўя, мараль і духоўнасць, рэлігійная і культурна-нацыянальная свабода, экалогія, няроўнасць і іншыя. Нягледзячы на станоўчыя зрухі ў жыцці нашай планеты, сёння мы вымушаны прызнаць, што за шмат гадоў свет не толькі не змог пабароць глабальныя небяспекі, але і парадзіў новыя", - канстатаваў беларускі лідар.

 

"Але ўсім вядома, што новыя выклікі - гэта і новыя шанцы. Сусветная супольнасць проста абавязана знайсці выхады і развязкі для іх дастойнага вырашэння. Галоўным прынцыпам павінны быць не канфрантацыя краін, не насілле, а ўзаемаразуменне, дружалюбнасць і супрацоўніцтва дзеля агульнай карысці чалавецтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка: Кітай з'яўляецца адной з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта.

"Толькі шматпалярны свет можа ўтрымаць і выратаваць нашу планету ад разбурэнняў. Ні адна сістэма не можа доўга ўстаяць на адной апоры. Чым іх больш, тым магутней сістэма. І адной з апор гэтай шматпалярнасці і ўстойлівасці з'яўляецца КНР. І мы вельмі зацікаўлены, каб гэта апора пастаянна ўмацоўвалася. У гэтым наш прагматызм", - заявіў Прэзідэнт.

"Будзе магутны і моцны Кітай - будзе суверэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся", адзначыў ён.

 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь цвёрда прытрымліваецца шматвектарнай знешняй палітыкі, развівае адносіны з усімі без выключэння рэгіёнамі свету, з усімі дзяржавамі. "Гэта наш шлях адаптацыі і гарманічнага ўбудоўвання ў імкліва зменлівы глабальны свет. Мы заклікаем да дыялогу, пазбаўленага націску і прымушэння. Паколькі кожная краіна, кожны суб'ект міжнародных адносін адказны за тое, каб наш свет у цэлым стаў больш стабільным, камфортным і бяспечным для людзей", - адзначыў беларускі лідар.

"Мы заўсёды зыходзім з такога разумення пры выпрацоўцы і ажыццяўленні сваёй знешняй палітыкі. Таму нацэлены выключна на ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва з усімі суседзямі - і на Усходзе, і на Захадзе - настолькі глыбока, наколькі гэта магчыма, але не на шкоду каму-небудзь. Мы вядзём дыялог з тымі партнёрамі, якія гатовы будаваць адносіны з Беларуссю на раўнапраўнай аснове, без дыктату і прымушэння", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама дадаў, што Беларусь выступае за бясспрэчнае вяршэнства права ў міжнародных адносінах, на якім павінна грунтавацца сучаснае справядлівае і шматпалярнае светаўладкаванне.

 

Лукашэнка: індустрыяльны парк "Вялікі камень" павінен стаць узорна-паказальным комплексам

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення ў Пекінскім універсітэце.

Прэзідэнт назваў парк "Вялікі камень" узорам інвестыцыйнага супрацоўніцтва. "Хоць, напэўна, правільней было б гаварыць, што гэта ў шырокім сэнсе міжнародны праект, паколькі кампаніі розных краін імкнуцца туды, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Парк удачна размешчаны і стаў рэгіянальным лагістычным цэнтрам. Ён знаходзіцца ў экалагічна чыстай зоне, і мы разлічваем на прымяненне зялёных тэхналогій. Парк павінен стаць жамчужынай Шаўковага шляху. Упэўнены, гэты праект прадэманструе Еўропе і ўсяму свету ўзрастаючы тэхналагічны ўзровень Кітая".

 

"Праводзячы перагаворы з прэм'ерам Дзяржсавета Кітая і з Сі Цзіньпінам, мы дамовіліся, што індустрыяльны парк "Вялікі камень" у Беларусі павінен стаць узорам яшчэ і для таго, каб прадэманстраваць усяму свету, і перш за ўсё высокатэхналагічнай Еўропе, што такое Кітай сёння, - сказаў беларускі лідар. - Нам трэба пабудаваць узорна-паказальны тэхналагічны комплекс, каб іншыя краіны Еўропы, убачыўшы гэта, пажадалі супрацоўнічаць з Кітаем. І чаго б нам ні каштавала, гэты праект будзе рэалізаваны".

Прэзідэнт адзначыў, што вакол імкненняў Кітая ходзіць мноства небыліц, паколькі многія не хочуць узмацнення і пашырэння зон эканамічнага ўплыву Кітая. "У свеце ідзе жорсткая канкурэнцыя, і перш за ўсё ў эканоміцы. Кітай правільна выбраў тактыку, вызначыўшы напрамак Шаўковага шляху. І ў гэтым плане тыя дзяржавы, праз якія будзе праходзіць гэта дарога, становяцца сябрамі Кітая", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

Беларусь змагла стаць востравам стабільнасці ў рэгіёне - Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні ў Пекінскім універсітэце.

"Гістарычна склалася, што праз нашы землі ў цэнтры Еўропы шмат стагоддзяў праходзіць так званая лінія сутыкнення інтарэсаў буйнейшых дзяржаў, якую шэраг даследчыкаў называюць лініяй сутыкнення цывілізацый. Не прэтэндуючы на глабальныя геапалітычныя амбіцыі, мы змаглі стварыць востраў стабільнасці ў нашым рэгіёне, сфарміраваўшы дружалюбныя і ў дастатковай ступені даверныя адносіны з усімі нашымі суседзямі: Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Украінай", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта цалкам натуральным для Беларусі, тэрыторыя якой спрадвеку была скрыжаваннем, дзе ў літаральным сэнсе сустракаліся Усход і Захад, Поўнач і Поўдзень.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь - дзяржава, якая падпарадкавала сваю знешнюю палітыку прагматычным і зразумелым мэтам, галоўнымі з якіх, безумоўна, з'яўляюцца павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця народа, а таксама забеспячэнне бяспекі ў краіне і добрасуседства на граніцах.

 

"І калі фактычна на нашых граніцах ва Украіне (а гэта нашы самыя блізкія браты разам з расіянамі) разгарэўся небяспечны канфлікт, менавіта Мінск аказаўся ў пэўным сэнсе ідэальнай для ўсіх бакоў пляцоўкай для перагавораў па ўрэгуляванні крызісу. Роля Беларусі, наша шчырае імкненне быць стабілізуючым фактарам ужо ацэнены многімі дзяржавамі, якія разглядаюць нашу краіну як пункт апоры ў пашырэнні сваіх, у першую чаргу эканамічных, інтарэсаў на постсавецкай прасторы і ва Усходняй Еўропе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Беларусь падтрымлівае ідэю спалучэння інтэграцыі ў ЕАЭС з праектам Шаўковага шляху

"Беларусь не проста актыўны ўдзельнік, але і ініцыятар розных узроўняў інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Мы бачым у інтэграцыі будучае не толькі сваёй дзяржавы, але і ўсёй Еўропы, усяго нашага кантынента, усёй Еўразійскай прасторы. З'яўляючыся адным з заснавальнікаў новай уплывовай міжнароднай арганізацыі - Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь зацікаўлена ў сціранні раздзяляльных ліній паміж суседнімі краінамі ў мэтах дапаўнення адна адной, дасягнення найбольшай карысці і выгады для нашых народаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна выступае за фарміраванне ўстойлівых механізмаў дыялогу і супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ ў 2011 годзе Беларусь прапанавала ідэю "інтэграцыі інтэграцый". Практычна ў гэты ж час была вылучана кітайская канцэпцыя Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. "Жаданне нашых народаў весці дыялог, сістэмна паглыбляючы сувязі з партнёрамі, вылілася ў прапанову па спалучэнні "інтэрацыі інтэграцый" і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Учора на перагаворах з Сі Цзіньпінам адзначана важнасць таго, каб рэалізацыя ідэі пояса Шаўковага шляху была звязана з інтэграцыяй у ЕАЭС. Мы з гэтым згодны", - заявіў Прэзідэнт.

"У Беларусі глыбока перакананы ў тым, што істотную карысць у рэалізацыі нашых гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных інтарэсаў магло б прынесці супрацоўніцтва ЕАЭС з ШАС, АСЕАН, Еўрасаюзам і іншымі рэгіянальнымі аб'яднаннямі. Мы неаднаразова заяўлялі, што Беларусь, як самая заходняя краіна - наглядальнік ШАС, па сутнасці, з'яўляецца варотамі гэтай арганізацыі ў Еўропу", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка расказаў, што лічыць самым важным у беларуска-кітайскай дружбе

Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў, адказваючы на пытанні студэнтаў Пекінскага ўніверсітэта.

Самым важным беларускі лідар назваў той факт, што на чале Кітая стаіць кіраўнік - Сі Цзіньпін, з якім за кароткі прамежак часу ўдалося выбудаваць цяперашні вельмі высокі ўзровень адносін.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго асабістае знаёмства з Сі Цзіньпінам адбылося яшчэ тады, калі той на пасадзе намесніка Старшыні КНР наведаў з візітам Беларусь. "Мы пяць гадзін у мяне ў кабінеце стаялі перад глобусам і разважалі аб сусветных праблемах. Размова была абсалютна шчырая. Кітайцы - людзі стрыманыя. Яны доўга могуць ісці (да прыняцця тых або іншых важных рашэнняў. - Заўвага БЕЛТА), але калі прымуць рашэнне, то пойдуць. Так атрымалася з Сі Цзіньпінам, - сказаў Прэзідэнт. - Я бачу, што, стаўшы кіраўніком такой імперыі, як Кітай, ён памятае да коскі ўсю гэту размову ў кабінеце. А потым ён стаў Старшынёй КНР, і мне прасцей ужо было з ім выбудоўваць адносіны, таму што мы былі знаёмы".

 

"Я вельмі ўдзячны лёсу, што ў Кітаі мой калега - менавіта Сі Цзіньпін. Хоць я працаваў пры трох кіраўніках - з Цзян Цзэмінем, Ху Цзіньтаа і цяпер Сі Цзіньпінам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стратэгія развіцця сучаснай Беларусі грунтуецца на сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы, у якой дзяржаве адведзена вельмі важная роля па мадэрнізацыі вытворчасці і стымуляванні росту прадукцыйнасці працы. "Але зразумела, што дасягненне гэтых мэт немагчыма без тэхнічнага прагрэсу, інвестыцый і ўзаемадзеяння са знешнім светам. І знакавае месца ў гэтым працэсе займае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Шчырая зацікаўленасць і ўсведамленне ўзаемнай выгады далі магчымасць нам рэалізаваць буйныя і высокатэхналагічныя сумесныя праекты. У іх ліку запуск беларускага спадарожніка з касмадрома "Січан". Мадэрнізацыя электрастанцый, рэканструкцыя аўтамабільных дарог і электрыфікацыя чыгунак", - сказаў Прэзідэнт.

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем былі ўстаноўлены амаль 25 гадоў таму. "Мы можам з гордасцю адзначыць, што за такі малы перыяд у параўнанні з іншымі краінамі нашы адносіны набылі асаблівы даверны статус усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вялікі Кітай толькі з чатырма дзяржавамі мае такі высокі ўзровень супрацоўніцтва, і ў іх лік уваходзіць Беларусь. Мы гэтым ганарымся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь з задавальненнем будуе і развівае свае адносіны з Кітаем, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць у тысячы кіламетраў. "У першую чаргу таму, што за 25 гадоў вы ніколі не ставілі нам ніякіх папярэдніх умоў. Вы заўсёды сумленна і прыстойна выбудоўвалі адносіны на раўнапраўнай аснове. І гэта дае свой плён", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка і Сі Цзіньпін разлічваюць на развіццё маладзёжнага і студэнцкага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва

Лідары Беларусі і Кітая ўскладаюць надзеі на развіццё маладзёжнага і студэнцкага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні ў Пекінскім універсітэце.

"Гэта мой дзявяты візіт у Кітай, і кожны раз я прыязджаю ў фактычна новую краіну і не перастаю ёю захапляцца. Мне даводзілася бываць тут і да таго, як я стаў Прэзідэнтам. Аднак гэта маё першае выступленне перад кітайскімі студэнтамі. І хачу сказаць, што менавіта на вас, на маладзёжнае і студэнцкае супрацоўніцтва і я, і Сі Цзіньпін ускладаем асаблівыя надзеі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, для развіцця такога супрацоўніцтва закладзены добры фундамент: адкрыта каля двухсот адукацыйных праграм, у Беларусі створаны тры інстытуты і сем класаў Канфуцыя, у Другім Пекінскім універсітэце замежных моў адкрыты курсы беларускай мовы.

 

"Але паверце, каля дзвюх тысяч кітайскіх студэнтаў у беларускіх універсітэтах і каля шасцісот беларусаў у вас у Кітаі - гэта кропля ў моры для нашых краін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў шукаць і выкарыстоўваць самыя разнастайныя формы для развіцця маладзёжных і студэнцкіх кантактаў. "Давайце разам вучыцца і працаваць. Гэта будзе добрым фундаментам для развіцця ў далейшым нашых адносін", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў разнастайнасць культурных падзей і запрасіў студэнтаў і выкладчыкаў наведаць Беларусь - краіну блакітных рэк, азёр і сярэдневяковых замкаў. "Да таго ж літаральна напярэдадні мы вырашылі шэраг візавых фармальнасцей. Беларусь адкрыта для вас", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий