Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан

2 июня 2016 - Administrator
article2479.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30-31 мая зрабіў рабочы візіт у Казахстан. Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні двухбаковых адносін і ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Перагаворы прайшлі ў вузкім і пашыраным складах. На парадку дня былі пытанні паглыблення эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Акрамя кіраўніка беларускай дзяржавы ў саміце прынялі ўдзел прэзідэнты Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.

 

Лукашэнка: Беларусі і Казахстану ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін патрэбны новы глыток паветра

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 мая ў Астане на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

"Наша сустрэча вельмі важная. У сувязі з сітуацыяй на міжнародных рынках, у суседняй Расіі, Украіне (нашы асноўныя партнёры), у нас, у Казахстане і Беларусі, сітуацыя няпростая. І наша даверная дружалюбная размова заўсёды прыносіла карысць. Думаю, мы сёння дамовімся, як выходзіць з гэтага становішча", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Паводле яго слоў, бакам пакуль не ўдалося пераламаць тэндэнцыю да зніжэння ўзаемнага тавараабароту. "Нам пакуль не ўдаецца ў адваротны бок запусціць працэс, а мы абавязаны гэта зрабіць. Мы блізкія, родныя дзяржавы ў адным эканамічным саюзе. І нам, вядома, трэба фундамент нашых адносін (гандаль, эканоміку) падцягваць. Тым больш мы з вамі ў свой час вызначылі шляхі, па якіх павінны рухацца, і нямала зрабілі ў гэтым напрамку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але патрэбны нейкі новы глыток паветра. І мы сёння, як бы ні было складана, павінны даручыць урадам і самі падштурхнуць нашы адносіны, каб хутчэй выйсці з гэтай сітуацыі".

 

 

Што датычыцца міжнароднага парадку дня, Прэзідэнт Беларусі канстатаваў поўнае супадзенне поглядаў дзвюх краін. "Мы вас падтрымліваем у ААН па глабальным дакуменце - маніфесце, які вылучаны вамі. Тут абсалютна няма ніякіх пытанняў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядуцца перагаворы па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам. "Думаю, мы прыйдзем да пагаднення да часу вашага візіту (у Беларусь. - Заўвага БЕЛТА), - дадаў беларускі лідар. - Вельмі шмат напрамкаў, і мы гатовы з казахстанскім бокам працаваць".

 

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Казахстанам склаліся блізкія саюзніцкія адносіны. Дзякуючы сумесным намаганням у апошнія гады створана шмат сумесных прадпрыемстваў.

Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што, нягледзячы на зніжэнне тавараабароту ў фінансавым выражэнні, яго фізічныя аб'ёмы захаваліся. "Крызіс вечна не бывае, - упэўнены ён. - Цяпер мы вядзём работу па далейшым стратэгічным супрацоўніцтве".

 

Беларусь і Казахстан вызначаць праграму супрацоўніцтва на дзесяцігоддзе наперад

Аб гэтым прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў дамовіліся 30 мая на сустрэчы ў Астане, паведаміў пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў.

"Лідары дзвюх краін сёння падвялі рысу таму перыяду, які характарызуе эканоміку нашых двухбаковых адносін як эканоміку, што патрабуе перазагрузкі, - сказаў пасол. –

Прэзідэнты вылучылі ідэю, што павінен быць новы праграмны дакумент, які будзе падпісаны ў бліжэйшы час. У ім будуць абазначаны новыя буйныя праекты Беларусі і Казахстана".

 

Паводле слоў Анатоля Нічкасава, плануецца прапрацаваць прапановы беларускага і казахстанскага бакоў і разгледзець праект адпаведнай праграмы ў чэрвені на пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Месцам правядзення мерапрыемства вызначаны Гомель. "На мерапрыемстве плануецца разгледзець праект праграмы фарміравання эканамічных адносін паміж Казахстанам і Беларуссю на дзесяцігоддзе, - адзначыў дыпламат. - Пасяджэнне камісіі адбудзецца для таго, каб разгледзець гэты дакумент у першым чытанні. Ён, хутчэй за ўсё, будзе падпісаны ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь".

 

Беларускі і казахстанскі бакі распрацавалі таксама праекты міждзяржаўных пагадненняў аб мірным выкарыстанні космасу, далейшым развіцці інфраструктуры сувязі. "Гэта прадмет для новых сур'ёзных платформ фарміравання эканамічных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. Мы разлічваем, што такія пагадненні будуць падпісаны ўжо ў гэтым годзе ў прысутнасці нашых прэзідэнтаў, і мы пачнём рэалізацыю канкрэтных праектаў", - сказаў Анатоль Нічкасаў.

На сустрэчы ў Астане кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі не толькі новыя, але і тыя праекты, якія традыцыйна фарміравалі двухбаковыя адносіны ў эканоміцы. Гэта, перш за ўсё, сфера машынабудавання, сумесныя прадпрыемствы. "Яны паспяхова працуюць, але ім неабходны новыя параметры, каб быць канкурэнтнымі", - падкрэсліў пасол.

 

"Канкурэнтнасць расце, і аб гэтым сёння прэзідэнты сказалі. З улікам таго, што Казахстан уступіў у СГА, і Беларусь ідзе па шляху ўступлення ў гэту арганізацыю. На нашым рынку з'яўляюцца новыя канкурэнты, і гэта патрабуе спецыяльных намаганняў", - канстатаваў Анатоль Нічкасаў.

Беларусь і Казахстан цяпер актыўна працуюць над рэалізацыяй некалькіх новых праектаў. Так, ствараецца вытворчасць камунальнай тэхнікі ў свабоднай эканамічнай зоне Астаны. Тут будзе вырабляцца тэхніка для прыбірання бытавога смецця, а таксама самазвалы.

Яшчэ адзін праект, запуск якога запланаваны ўжо ў 2016 годзе, - вытворчасць у горадзе Какчэтаў па зборцы шырокай лінейкі сельскагаспадарчай тэхнікі на базе прадукцыі МТЗ і "Бабруйскаграмаша", у тым ліку навясная тэхніка і прычапное абсталяванне.

"Мы дамаўляемся цяпер аб тым, што ў Казахстане неабходна пачаць зборку пасажырскай тэхнікі. Шырокая лінейка такой вельмі перспектыўнай тэхнікі ёсць у Беларусі, і казахстанскі бок праяўляе цікавасць да стварэння сваіх уласных магутнасцей. Сёння Прэзідэнт Казахстана гаварыў, што варта разглядаць таксама перспектыву работы на рынкі трэціх краін. Таму, хутчэй за ўсё, і перазагрузка (гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА) будзе грунтавацца на стварэнні такіх сумесных вытворчасцей новай якасці, якія будуць канкурыраваць з замежнымі кампаніямі", - рэзюмаваў пасол.

 

Лукашэнка: роўныя эканамічныя ўмовы ў ЕАЭС і безбар'ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе.

"Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў - удзельніц ЕАЭС і безбар'ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны. Больш таго, пасля падпісання дагавора аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюза толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні $65 млрд, у 2015 годзе - усяго $45 млрд. Відаць, не ўсе пазіцыі дагавора адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў эканоміцы і нашым чаканням", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

"Трэба пазбавіцца ад унутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша аб'яднанне ні эвалюцыяніравала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць гэтых выключэнняў і абмежаванняў не змянілася. Так і засталася на ўзроўні шасці соцень", - канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.

Пакуль нерэалізаванай застаецца ініцыятыва аб выпрацоўцы механізма функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў - членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў верасні мінулага года на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета прыняты Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва. Бакі вызначыліся з параметрамі ўзгодненых мер па падтрымцы нацыянальных вытворцаў, намецілі арыенціры ўзаемадзеяння ў развіцці экспарту прамысловай прадукцыі.

 

"Цяпер неабходна актыўна пачаць практычную рэалізацыю пастаўленых намі ж задач", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, у ЕАЭС зроблены першыя крокі па інтэграцыі ў энергетычнай сферы. Выпрацавана і зацверджана канцэпцыя фарміравання агульнага рынку электраэнергіі. На цяперашнім пасяджэнні ў Астане бакі разгледзелі такія ж планы па газе, нафце і нафтапрадуктах. "Але ад канцэпцый да іх ажыццяўлення шлях часам бывае вельмі доўгі. І прычына таго - мы самі. Таму Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацніць работу ў гэтым напрамку і прыняць вычарпальныя меры для рэалізацыі гэтых праектаў", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Разам з гэтым, прадоўжыў беларускі лідар, даўно абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. "Аднак і тут далей за размовы справа не пайшла", - дадаў ён.

 

Лукашэнка назваў умову эфектыўнай работы ЕАЭС са знешнімі партнёрамі

У ЕАЭС неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак, што з'яўляецца абавязковай умовай для эфектыўнага ўзаемадзеяння саюза са знешнімі партнёрамі.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, у парадку дня саміту ў Астане многія пытанні звязаны з вызначэннем месца ЕАЭС у сусветнай эканамічнай сістэме.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для ўпэўненага дыялогу са знешнімі партнёрамі ў ЕАЭС неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак.

 

"Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз. Тады нам лягчэй будзе весці дыялог і з Еўрапейскім саюзам, і з КНР, і з іншымі. Тады мы будзем моцнымі і будзем выступаць з адзіных пазіцый. Пакуль гэтага няма. А без гэтага Еўразійскі эканамічны саюз не зможа эфектыўна рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку", - упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за два гады з моманту падпісання дагавора аб ЕАЭС былі прыняты сур'ёзныя канцэптуальныя рашэнні. Закладзены асновы лібералізацыі транспартных паслуг, фарміравання адзінага рынку электраэнергіі, экспартнай палітыкі.

"На жаль, не ўсё развіваецца так, як мы планавалі. Праблемы яшчэ застаюцца. Самыя вострыя з іх мы сёння абмеркавалі. Перш за ўсё неабходна перавесці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

 

Пуцін прапанаваў краінам ЕАЭС прыняць удзел у расійскай праграме імпартазамяшчэння

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета запрасіў дзяржавы ЕАЭС прыняць удзел у расійскай праграме імпартазамяшчэння.

"Перспектыўным бачыцца далучэнне дзяржаў саюза да праграмы імпартазамяшчэння, што праводзіцца ў Расіі, - адзначыў Уладзімір Пуцін. - Мы запрашаем усіх нашых партнёраў да сумеснай вытворчасці абсталявання і камплектуючых больш як у 25 галінах".

 

Расійскі лідар адзначыў, што, у прыватнасці, размова ідзе аб машынабудаванні, электроннай і лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы.

Прэзідэнт Расіі таксама падтрымаў ініцыятыву Казахстана аб правядзенні канферэнцыі па наладжванні ўзаемадзеяння ЕАЭС і Еўрасаюза. "Вітаем ініцыятыву казахстанскіх партнёраў аб правядзенні міжнароднай канферэнцыі па наладжванні ўзаемадзеяння паміж ЕАЭС і ЕС. Неабходна, каб ЕЭК актыўна далучылася да яе прапрацоўкі", - сказаў Уладзімір Пуцін на саміце ЕАЭС.

 

Прэзідэнты краін ЕАЭС абмеркавалі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і Кітаем

Супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Кітаем і шэрагам іншых краін абмеркавана ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё эканамічнага супрацоўніцтва ЕАЭС з трэцімі краінамі. У парадку дня пасяджэння было шмат адпаведных пытанняў", - сказаў старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

У прыватнасці, абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва з ЕС, выказаны шэраг прапаноў, як у гэтым напрамку рухацца далей. У цэнтры ўвагі прэзідэнтаў таксама былі падыходы да развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з КНР. "Гэта партнёрства мае прынцыповае значэнне для нашых краін, і Еўразійская эканамічная камісія пачне перагаворны працэс у рамках мандата, які нам дадзены. Мы будзем выбудоўваць гэтыя адносіны перш за ўсё з улікам інтарэсаў суб'ектаў гаспадарання нашых краін. Перыядычна будуць праводзіцца кансультацыі, і з нашага боку будуць прыняты неабходныя захады, каб кітайскі рынак адкрыўся для нашых прадпрыемстваў", - сказаў Тыгран Саркісян.

 

Абмеркавана таксама супрацоўніцтва ЕАЭС з Камбоджай. Старшыня Калегіі ЕЭК праінфармаваў, што нядаўна з гэтай краінай быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. "Адначасова я праінфармаваў кіраўнікоў дзяржаў, што такі ж мемарандум мы падпісалі з Сінгапурам. Гэта дае нам магчымасць па гэтых мемарандумах стварыць рабочыя групы, якія будуць вывучаць патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння з Камбоджай і Сінгапурам. На аснове такой работы нам будуць прапанаваны шляхі выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін з гэтымі краінамі", - сказаў ён.

Адначасова прэзідэнты прынялі рашэнне, неабходнае для ўступлення ў сілу і імплементацыі пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі і В'етнамам. Акрамя таго, шэраг краін групы АСЕАН выказалі жаданне наладзіць непасрэдныя кантакты з Еўразійскай эканамічнай камісіяй і праяўляюць інтарэс да ўстанаўлення з саюзам гандлёва-эканамічных адносін.

Прынята таксама рашэнне аб пачатку перагавораў з Сербіяй аб уніфікацыі ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі гандлёвага рэжыму з гэтай краінай.

 

Савет кіраўнікоў органаў у галіне санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці ствараецца ў ЕАЭС

Такое рашэнне прынята па выніках праведзенага ў Астане пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, паведаміў журналістам старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

"На пасяджэнні прынята рашэнне аб стварэнні дапаможнага новага органа ЕАЭС - Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва дзяржаў - членаў саюза", - заявіў Тыгран Саркісян.

Паводле яго слоў, савет прызначаны аказваць усебаковае садзейнічанне краінам саюза ў рэалізацыі ўзгодненай палітыкі ў гэтай сферы, каардынаваць узаемадзеянне ўпаўнаважаных органаў.

 

Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі ЕАЭС на 2016-2017 гады маюць антыкрызісны характар

"На пасяджэнні прэзідэнты зацвердзілі Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады. Дакумент з'яўляецца антыкрызісным. Ён вызначае найбольш важныя кароткатэрміновыя і сярэднетэрміновыя задачы, якія стаяць перад эканомікамі нашых краін", - расказаў старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

Паводле яго слоў, сістэматычна будзе ажыццяўляцца маніторынг мер, што рэалізуюцца краінамі. "Ён дае магчымасць нам выяўляць асноўныя вузкія месцы, а таксама сумесныя мерапрыемствы, якія неабходна рэалізаваць для таго, каб асноўныя прынцыпы, што закладзены ў нашым саюзным дагаворы, былі рэалізаваны", - адзначыў Тыгран Саркісян.

 

Ён удакладніў, што каардынацыя работ у рамках макраэканамічнай палітыкі ідзе ў напрамку дасягнення трох асноўных мэт па паказчыках узроўню інфляцыі, памераў бюджэтнага дэфіцыту і дзяржаўнага знешняга доўгу. "Маніторынг дае магчымасць выяўляць адхіленні ад мэтавых паказчыкаў, якія вызначаны саюзным дагаворам. Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі, якія мы сёння абмеркавалі і якія прыняты, даюць магчымасць краінам праводзіць скаардынаваную палітыку з тым, каб звесці да мінімуму адхіленне асноўных паказчыкаў ад мэтавых", - дадаў Тыгран Саркісян.

 

Канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў зацверджаны на саміце ЕАЭС

Аб гэтым заявіў журналістам па выніках праведзенага ў Астане пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

"Кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў. У адпаведнасці з канцэпцыяй энергетычныя кампаніі саюзных краін атрымаюць недыскрымінацыйны доступ да нафтавай інфраструктуры партнёраў. Змогуць закупляць нафту і нафтапрадукты без колькасных абмежаванняў па рыначнай цане (якая будзе фарміравацца ў тым ліку на біржавых таргах) і без экспартных пошлін", - сказаў Тыгран Саркісян.

 

Рэалізацыя канцэпцыі плануецца ў тры этапы. У наступным годзе павінна быць распрацавана і прадстаўлена на зацвярджэнне прэзідэнтам праграма рэалізацыі гэтай канцэпцыі, а ў далейшым будзе падрыхтаваны адпаведны дагавор. Пасля яго прыняцця ў 2025 годзе будзе дзейнічаць адзіны энергетычны рынак.

"Па гэтай жа логіцы выбудавана канцэпцыя фарміравання агульнага рынку газу ў ЕАЭС. Гэты рынак на тых жа прынцыпах таксама будзе сфарміраваны да 2025 года", - дадаў Тыгран Саркісян.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий