Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан

2 июня 2015 -
article1737.jpg

 28-29 мая адбыўся двухдзённы афіцыйны візіт у Пакістан Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам, сустрэчу з прэм'ер-міністрам гэтай краіны. У гэтыя дні ў Пакістане працавала вялікая беларуская дэлегацыя, якая ўключала як міністраў, так і прадпрымальнікаў, кіраўнікоў  дзяржаўных і прыватных беларускіх прадпрыемстваў. У час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан падпісана каля двух дзясяткаў  дакументаў, якія дадуць магчымасць значна пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва краін.

 

 

Лукашэнка: Беларусі і Пакістану трэба сур'ёзна папрацаваць над развіццём эканамічнага складніка адносін

 

Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 мая на сустрэчы з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Пакістан Мамнунам Хусэйнам.

Аляксандра Лукашэнку, які прыбыў да афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Пакістана "Айван-е-Садр", ля ўвахода ў рэзідэнцыю сустрэў Мамнун Хусэйн. Прэзідэнты спачатку паразмаўлялі ў асабістым кабінеце Мамнуна Хусэйна сам-насам, а затым прадоўжылі перагаворы з удзелам членаў дэлегацыі.

 

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Пакістана вельмі эфектыўна развіваюцца адносіны. "У нас няма практычна ніякіх праблем у сферы палітыкі, мы супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях, падтрымліваем адзін аднаго. Я лічу, гэтым шляхам трэба ісці, падцягваючы да гэтага супрацоўніцтва і дэпутатаў, і кіраўнікоў ведамстваў", - сказаў беларускі лідар.

 

"Што датычыцца эканомікі, тут нам трэба сур'ёзна папрацаваць", - лічыць ён.

"Адкрыццё пасольства ў Ісламабадзе - гэта першы значны крок з нашага боку, які сведчыць аб тым, што мы прыйшлі да вас з вашага дазволу сур'ёзна і надоўга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка і Шарыф падпісалі Ісламабадскую дэкларацыю беларуска-пакістанскага партнёрства

Акрамя таго, у Ісламабадзе быў падпісаны пакет з двух дзясяткаў дакументаў, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў розных сферах. У прыватнасці, Беларусь і Пакістан заключылі дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і гаспадарчых справах.

 

Падпісаны міжурадавыя пагадненні аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, міжурадавы мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі і камунікацый.

Мемарандум аб узаемаразуменні адносна заснавання механізма двухбаковых кансультацый падпісалі міністэрствы замежных спраў Беларусі і Пакістана, мемарандум аб узаемным супрацоўніцтве - Міністэрства юстыцыі Беларусі і Міністэрства права, юстыцыі і правоў чалавека Пакістана.

 

Падпісаны таксама дакумент-пагадненне аб стварэнні беларуска-пакістанскага сумеснага дзелавога савета.

Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, культуры паміж Магілёўскім аблвыканкамам і ўрадам правінцыі Пенджаб, паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Федэрацыяй Пакістанскіх гандлёва-прамысловых палат, паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй "Pakistan Television Corporation", паміж Белдзяржуніверсітэтам і Універсітэтам Каід-і-Азам.

Акрамя таго, падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукі і тэхналогій, інвестыцый, а таксама паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Пакістана, Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі і Нацыянальным універсітэтам навук і тэхналогіі Пакістана.

 

Прэм'ер-міністр Пакістана ў хуткім часе зробіць візіт у Беларусь

 

У Ісламабадзе 29 мая адбыліся афіцыйныя перагаворы Прэзідэнта Беларусі і прэм'ер-міністра Пакістана спачатку ў вузкім складзе, а потым з удзелам членаў дэлегацый.

Аляксандр Лукашэнка расказаў па выніках перагавораў журналістам аб дамоўленасці аб тым, што прыкладна ў жніўні прэм'ер-міністр Пакістана прыедзе ў Беларусь з вялікай дэлегацыяй. Напярэдадні ў Мінску пройдзе пасяджэнне дзелавога савета і міжурадавай камісіі, дзе будуць падрабязна прааналізаваны дамоўленасці, дасягнутыя ў час цяперашняга візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пакістан. "І мы пачнём іх рэалізоўваць, каб візіт прэм'ер-міністра быў напоўнены канкрэтным зместам і каб падпісаныя сёння мемарандумы былі пераўтвораны ў канкрэтныя кантракты паміж кампаніямі і дзяржаўнымі органамі ўлады", - сказаў беларускі лідар.

 

Акрамя таго, бакі дамовіліся, што Беларусь таксама прыме некалькі груп спецыялістаў Пакістана, каб маючы адбыцца візіт прэм'ер-міністра быў маштабным і гістарычным.

 

Лукашэнка запрашае Пакістан да стварэння вытворчасцей у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку

 

З такой прапановай ён звярнуўся да прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі перагавораў, двухбаковыя дамоўленасці адлюстраваны ў двух дзясятках дакументаў, падпісаных у час візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пакістан. "Мы ў Беларусі ўспрымаем Пакістан як аднаго з лідараў мусульманскага свету, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта непарадак, калі такая краіна не прадстаўлена ў цэнтры Еўропы". У сувязі з гэтым бакі дамовіліся аб узвядзенні будынка пасольства Пакістана ў Мінску.

 

У Пакістан прыбыла вялікая беларуская дэлегацыя, у складзе якой як міністры, так і прадпрымальнікі, кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных структур. За час іх работы ў Пакістане дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў абедзвюх краінах сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці патрэбнай для двух бакоў прадукцыі.

 

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што не так даўно Беларусь наведваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін і кіраўнікі дзвюх дзяржаў наведалі месца будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка пад Мінскам, дзе будуць сканцэнтраваны вытворчасці найбольш перадавых кампаній свету. "Гэта ў плане рэалізацыі эканамічнай канцэпцыі Шаўковага шляху Кітайскай Народнай Рэспублікі. Мы запрашаем і вашы кампаніі прыняць удзел у стварэнні сваіх вытворчасцей у гэтым тэхналагічным парку. Мы для гэтага створым вам неабходныя ўмовы. А падатковыя льготы там беспрэцэдэнтныя", - сказаў беларускі лідар.

Беларускі бок асабліва зацікаўлены ў тым, каб, прыйшоўшы ў Беларусь, Пакістан стварыў сучасныя швейныя, тэкстыльныя вытворчасці, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "У вас вялікі вопыт у гэтым. У нас жа ёсць для гэтага вельмі добрая база. І мы гатовы да стварэння з вамі ў цэнтры Еўропы сумесных вытворчасцей", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Ваша прадукцыя з гэтых прадпрыемстваў, наша сумесная прадукцыя будзе карыстацца вялізным попытам. Гэта той тавар, якога сёння не хапае на прасторы былога Савецкага Саюза, і мы яго завозім з розных краін. Думаю, што ваша прадукцыя будзе канкурэнтна і на еўрапейскім рынку", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Пакістан надае вялікае значэнне развіццю адносін з Беларуссю - Шарыф

Аб гэтым заявіў у час перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэм'ер-міністр Ісламскай Рэспублікі Пакістан Наваз Шарыф.

 

"Беларусь з'яўляецца важнай краінай, і мы надаём вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін з Беларуссю. Мы высока цэнім візіт у Пакістан Прэзідэнта Беларусі і беларускай дэлегацыі", - сказаў прэм'ер-міністр.

 

Падводзячы вынікі праведзеных у Ісламабадзе перагавораў, Наваз Шарыф звярнуў увагу на іх плённы характар, бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, у прыватнасці ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыях, культуры, адукацыі, а таксама разгледзелі магчымасці пашырэння кантактаў паміж людзьмі. Прэзідэнт Беларусі і прэм'ер-міністр Пакістана дасягнулі дамоўленасці па рэалізацыі некаторых новых ініцыятыў.

 

"Мы дамовіліся актывізаваць наша ўзаемадзеянне паміж парламентамі дзвюх краін і пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць умацоўваць і пашыраць кантакты паміж людзьмі", - сказаў прэм'ер-міністр.

На сустрэчы былі таксама закрануты пытанні рэгіянальнага і глабальнага ўзаемадзеяння. Бакі дамовіліся развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, а таксама прадаўжаць узаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН, каб зрабіць сённяшні свет больш дэмакратычным.

 

На думку прэм'ер-міністра Пакістана, падпісаныя ў Ісламабадзе два дзясяткі дакументаў ствараюць аснову для далейшага ўзаемадзеяння бакоў. Ён таксама выказаў упэўненасць, што праведзены тут першы бізнес-форум дапаможа прадпрымальнікам. "Пакістан стварае вельмі добрыя ўмовы для прыцягнення замежных інвестыцый, і я перакананы, што ўзнікненне сумесных беларуска-пакістанскіх прадпрыемстваў ужо не за гарамі", - падкрэсліў Наваз Шарыф.

 

Беларусь і Пакістан заключылі кантракты на $42 млн

 

 

Беларусь і Пакістан у першы дзень работы дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў у Ісламабадзе заключылі кантракты на $42 млн.

25 мая ў пакістанскай сталіцы прайшоў пакістана-беларускі дзелавы і інвестыцыйны форум. З боку Беларусі ў ім удзельнічалі прадстаўнікі 25 кампаній, якія працуюць у галіне нафтаперапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, медыцыны, хімічнай, лёгкай прамысловасці, а таксама гандлёвых прадпрыемстваў. З пакістанскага боку на форуме прысутнічала 60 кампаній.

 

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, маючы адбыцца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан ужо дае штуршок развіццю двухбаковых адносін, што відаць па падпісаных дакументах. "Мы хацелі прывезці бізнес, пазнаёміць з партнёрамі Пакістана многія беларускія кампаніі, якія прысутнічаюць тут упершыню", - сказаў Міхаіл Мятлікаў.

 

На працягу апошніх васьмі гадоў аб'ём гандлю Беларусі з Пакістанам вагаўся ў межах $50-120 млн у год. Пакістан з'яўляецца адным з ключавых рынкаў збыту беларускіх трактароў па-за СНД. Штогадовыя пастаўкі гэтай тэхнікі сюды складаюць 3-4 тыс. адзінак.

Міхаіл Мятлікаў выказаў упэўненасць, што наменклатура паставак машынабудаўнічай прадукцыі ў Пакістан будзе пашырана, паколькі ў Ісламабад прыбылі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія выпускаюць увесь спектр навяснога абсталявання для трактароў, а таксама сельгастэхніку, якая можа быць запатрабавана на мясцовым рынку.

 

Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Пакістан акрамя трактароў з'яўляюцца калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, шыны. З Пакістана ў Беларусь пастаўляюцца рыс, фрукты, прадукты харчавання, вырабы са скуры і тканіны, тэкстыль.

 

Пакістан гатовы да супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне разведкі нафтавых радовішчаў, карысных выкапняў

 

 

Аб гэтым паведаміў 27 мая журналістам генеральны дырэктар РУП "Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі" Андрэй Каўхута.

"Спецыялісты Пакістана гатовы да супрацоўніцтва з беларускім бокам, у сваю чаргу беларускія спецыялісты маюць даволі багаты вопыт у разведцы нафтавых радовішчаў, цвёрдых карысных выкапняў, солей, падземных вод. Гэтыя напрамкі таксама цікавяць нашых пакістанскіх калег", - адзначыў Андрэй Каўхута. Паводле яго слоў, Пакістан багаты на карысныя выкапні розных відаў, тут ёсць нафта, газ, руды чорных і каляровых металаў, каштоўныя камяні, золата.

 

"Цяпер адбываецца абмен інфармацыяй, мы прадставілі магчымасці беларускіх геолагаў, пакістанскія калегі паказваюць, чым багатая іх краіна. Вядома ж, нам трэба яшчэ даволі сур'ёзна вывучыць геалагічную будову тэрыторыі Пакістана, вызначыць магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва", - сказаў Андрэй Каўхута. Ёсць пэўны інтарэс з боку пакістанскіх кампаній у тым ліку адносна пошуку вуглевадародаў, нафты і газу. Актуальнай з'яўляецца таксама праблема пошуку падземных вод.

 

Андрэй Каўхута таксама паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб падпісанні рамачнага пагаднення па супрацоўніцтве ў галіне разведкі карысных выкапняў. "Агаворваюцца магчымасці і ўмовы правядзення такіх работ, накіравання сюды спецыялістаў, падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі", - сказаў гендырэктар НПЦ па геалогіі.

 

Амкадор гатовы адкрыць зборачную вытворчасць тэхнікі ў Пакістане

Аб гэтым паведаміў 25 мая журналістам старшыня Савета дырэктараў ААТ "АМКАДОР" - кіруючая кампанія холдынга" Аляксандр Шакуцін.

 

На думку Аляксандра Шакуціна, у Пакістане ёсць магчымасць па продажы не толькі дарожна-будаўнічай тэхнікі, але і сельскагаспадарчай, камунальнай.

"Але мы сёння гаворым не толькі аб продажах машын, але і аб стварэнні зборачнай вытворчасці ў Пакістане. І ў нас ёсць добры партнёр, які гэту ідэю падзяляе і гатовы выступіць удзельнікам гэтага праекта. Размова ідзе аб зборцы спецыяльных машын", - сказаў Аляксандр Шакуцін.

 

"Думаю, што будуць значныя аб'ёмы. Наша краіна калісьці прадавала сюды 12 тыс. трактароў у год. Мы неяк адышлі ад гэтай краіны, можа, не зусім правільную займалі пазіцыю, але, думаю, пасля візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан, перагавораў на вышэйшым узроўні цікавасць да беларускай тэхнікі ўзрасце ў разы, і мы зноў вернем наш спрадвечны рынак. Гэта будзе паспяховы бізнес у гэтай краіне", - падкрэсліў Аляксандр Шакуцін.

 

Пакістан зацікаўлены ў пастаўцы прадукцыі "Беллегпрама" – Яфімчык

 

 

Аб гэтым у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" заявіў старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык.

"Пакістан мае даволі сур'ёзныя традыцыі ў лёгкай прамысловасці, асабліва ў тэкстылі і перапрацоўцы скуры, моцныя сямейныя традыцыі. У іх ёсць, што паглядзець, ёсць, чаму павучыцца, ёсць, з кім супрацоўнічаць. Аднак яны зацікаўлены не толькі ў тым, каб пастаўляць нам прадукцыю, але і наша прадукцыя іх зацікавіла", - адзначыў Мікалай Яфімчык.

 

Паводле яго слоў, ёсць канкрэтныя дамоўленасці з адным з вядучых беларускіх абутковых прадпрыемстваў - "Белвестам". Таксама дамовіліся па пастаўцы пражы кампаніі "Палессе". "Ёсць дамоўленасці наконт Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання. Мы хацелі б, і яны не пярэчаць, даволі значна развіць наш Аршанскі льнокамбінат. Мы падпісалі агульныя пазіцыйныя дамоўленасці ў выглядзе мемарандумаў, рамачныя кантракты, якія маюць пад сабой падставы, складаюць каля $13 млн", - канстатаваў старшыня канцэрна.

 

Беларусь плануе нарасціць пастаўкі рысу, свежых і сухафруктаў, арэхаў з Пакістана

Аб гэтым паведаміла 28 мая журналістам намеснік дырэктара па лагістыцы гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза" Алеся Абадкова.

Рыс з'яўляецца даволі папулярным прадуктам у Беларусі. "Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза" ў месяц імпартуе 300 т рысу. "Мы ўзялі ўзоры рысу ў Пакістане, які пройдзе выпрабаванні па якасці, ацэнім яго, а пакуль падпішам пагадненне аб намерах", - сказала Алеся Абадкова.

 

Кампаніяй вядуцца перагаворы аб пастаўках у Беларусь цытрусавых, у прыватнасці, мандарынаў, а таксама сухафруктаў, арэхаў. "У Беларусі гэта таксама запатрабаваны тавар", - дадала яна.

 

Перагаворы аб пастаўках у Беларусь рысу, цытрусавых, арэхаў і сухафруктаў з трыма дзясяткамі пакістанскіх кампаній праведзены ААТ "Брэсцкая абласная база "Бакалея". Генеральны дырэктар гэтага прадпрыемства Валянціна Хандошка адзначыла, што пакістанскі бок таксама праяўляе цікавасць да шэрага пазіцый беларускай прадукцыі, у прыватнасці, да кандытарскіх вырабаў, плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі, іншых відаў бакалеі. "Мы прадставілі даволі шырокі прайс нашай прадукцыі. Пакістанскім бокам у бліжэйшы час будуць прапрацаваны нашы прапановы па розных таварных групах", - сказала гендырэктар прадпрыемства.

 

Беларусь і Пакістан ствараюць дзелавы савет

 

 

Адпаведнае пагадненне падпісана 26 мая ў Ісламабадзе.

На думку старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіла Мятлікава, першае пасяджэнне дзелавога савета можа прайсці ўжо восенню гэтага года, хутчэй за ўсё, у Беларусі.

Як растлумачыў старшыня БелГПП, у дзелавым савеце могуць прыняць удзел не толькі члены гандлёва-прамысловых палат, але і любыя прадстаўнікі бізнес-супольнасці, якія жадаюць атрымаць кансультацыю або сутыкнуліся з якімі-небудзь праблемамі. "Сутнасць дзелавога савета - дапамагаць вырашаць бізнесу тыя праблемы, якія ёсць у супрацоўніцтве, даносіць іх да ўрадаў, у тым ліку аказваць кансультацыйную дапамогу бізнесу, які жадае супрацоўнічаць", - сказаў Міхаіл Мятлікаў.

 

Прэзідэнт Федэрацыі гандлёва-прамысловых палат Пакістана і старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты сёння таксама падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж гандлёва-прамысловымі палатамі дзвюх краін.

 

Саўмін адобрыў праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій паміж Беларуссю і Пакістанам

Савет Міністраў адобрыў праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій паміж Беларуссю і Пакістанам. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Саўміна ад 21 мая 2015 года нумар 429 "Аб правядзенні перагавораў па праекце пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій і яго падпісанні", апублікаванай 26 мая на Нацыянальным прававым партале.

 

У дакуменце гаворыцца, што Саўмін пастанаўляе адобрыць праект пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій у якасці асновы для правядзення перагавораў.

Паўнамоцтвы на правядзенне перагавораў урад прадастаўляе Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях, дазволіўшы пры неабходнасці ўносіць у дакумент змяненні і дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару. Міністэрства замежных спраў атрымлівае паўнамоцтвы на падпісанне Пагаднення пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта.

Гэта пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.

 

Пакістан цікавіць вопыт Беларусі ў галіне касмічных даследаванняў і біятэхналогій

Аб гэтым расказаў 28 мая журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што НАН Беларусі ўжо даўно падтрымлівае сувязі з пакістанскімі калегамі, паміж бакамі падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, у якім вызначаны некаторыя напрамкі ўзаемадзеяння.

 

"За апошнія дні ў мяне быў шэраг сустрэч у Акадэміі навук, універсітэце, цэнтры сельскагаспадарчай навукі, біятэхналогій. Я дэталёва азнаёміўся з патэнцыялам пакістанскай навукі і адукацыі, і паралельна мы вызначыліся наконт супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў", - сказаў старшыня Прэзідыума НАН.

 

Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, пакістанскі бок зацікавіла перш за ўсё супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў. "Я прадставіў магчымасці нашага спадарожніка і здымкі пакістанскай тэрыторыі. Гэта іх вельмі зацікавіла. Іх цікавяць нашы беспілотныя лятальныя апараты. Думаю, што мы тут прадоўжым супрацоўніцтва", - адзначыў субяседнік.

 

Акрамя таго, Пакістан выказвае інтарэс да сумеснай работы ў галіне біятэхналогій. "Я паглядзеў іх навуковыя цэнтры аграрнага, медыцынскага профілю, біятэхналогій, мяне па-добраму ўразіў іх цэнтр геномікі, які зроблены па апошнім слове тэхнікі", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Ён расказаў, што бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання, аграрных тэхналогій. Уладзімір Гусакоў запрасіў пакістанскіх калег наведаць міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Белагра-2015", якая ў хуткім часе пройдзе ў Беларусі. "Вядома, у навуцы мы рушылі значна далей, і пакістанскі бок гатовы з намі працаваць і пераймаць наш вопыт", - сказаў старшыня Прэзідыума НАН. Ён таксама дадаў, што ў НАН ёсць магчымасць прыняць групу пакістанскіх выпускнікоў ВНУ, аспірантаў, магістрантаў для іх падрыхтоўкі як вучоных.

 

У бліжэйшы час Пакістан наведае група беларускіх вучоных для канкрэтызацыі будучых сумесных праектаў. Уладзімір Гусакоў расказаў, што прадставіў пакістанскаму боку каля 40 праектаў. "Па некаторых з іх пакістанскія калегі ўжо выказалі свае ацэнкі і жаданне супрацоўнічаць, - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН. - Усе гэтыя дні я актыўна працаваў са сваімі пакістанскімі калегамі, і кожны дзень мы вызначаемся па новых напрамках".

Па матэрыялах БелТА.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий