Візіт Прэзідэнта Беларусі ў В'етнам — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Беларусі ў В'етнам

10 декабря 2015 - Administrator
article2113.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8-9 снежня знаходзіўся з афіцыйным візітам у Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам. Аляксандр Лукашэнка 9 снежня правёў перагаворы з Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на пашырэнне беларуска-в'етнамскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з генеральным сакратаром Камуністычнай партыі Нгуен Фу Чонгам і прэм'ер-міністрам Нгуен Тан Зунгам.

 

Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да Манумента Загінулым Героям і да Маўзалея Хо Шы Міна - першага Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам.

Напярэдадні ў Ханоі прайшоў двухбаковы бізнес-форум, па выніках якога падпісана амаль два дзясяткі дакументаў на пастаўку беларускай прадукцыі на $24 млн. У прыватнасці, падпісаны кантракты на пастаўку ў В'етнам тэхнікі МАЗ, МТЗ, БелАЗ, дагаворы, пагадненні і мемарандумы на пастаўку лікёра-гарэлачнай, шыннай прадукцыі, калійных угнаенняў, сухога малака, сухога дзіцячага, спартыўнага харчавання. У бізнес-форуме прынялі ўдзел 22 беларускія кампаніі і больш за 70 прадстаўнікоў бізнесу В'етнама.

 

Лукашэнка: Беларусь ганарыцца, што адносіны з В'етнамам выходзяць на новы ўзровень глыбокага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва

Аб гэтым заявіў 9 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам.

"Мы ганарымся тым, што нашы адносіны выходзяць на новы ўзровень глыбокага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

 

Як і В'етнам, Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей. Пазіцыі дзвюх краін абсалютна супадаюць па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў дзвюх краін ёсць вялікія рэзервы для далейшага развіцця адносін. Перш за ўсё, гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы.

 

Аляксандр Лукашэнка не першы раз ужо знаходзіцца ў В'етнаме. "І я не пазнаю наш В'етнам. Ён мяняецца на вачах. І  мы рады за вас. І мяне не пакідае пачуццё таго, што я прыехаў на родную зямлю", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт В'етнама, Беларусь паслядоўна прадаўжае свой шлях развіцця. "Я цвёрда ўпэўнены, што беларускі народ пад вашым кіраўніцтвам будзе дасягаць новых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, што дапаможа палепшыць жыццё людзей і павысіць пазіцыю Беларусі ў Еўропе і на міжнароднай арэне", - лічыць Чыонг Тан Шанг.

 

 

Лукашэнка: Беларусь разглядае В'етнам як плацдарм для развіцця супрацоўніцтва з іншымі краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі

"В'етнам - наш стратэгічны партнёр, - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. - В'етнам з'яўляецца нашым надзейным сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, калі хочаце - плацдармам, з якога мы гатовы супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прэзідэнты грунтоўна і дэталёва абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва. Ён канстатаваў адсутнасць рознагалоссяў паміж Беларуссю і В'етнамам як па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, так і па міжнародным парадку дня. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны супрацоўнічаюць у ААН, Руху недалучэння і па самых злабадзённых пытаннях парадку дня.

 

"Мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго і ў далейшым будзем дзейнічаць у такім рэжыме", - сказаў беларускі лідар.

Бакі актыўна падтрымліваюць міжурадавыя і міжпарламенцкія кантакты. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся са сваім калегам аб неабходнасці павялічыць абмен дэлегацыямі на розных узроўнях з тым, каб супрацоўніцтва паміж краінамі выходзіла на больш высокі ўзровень.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што Беларусі і В'етнаму трэба паглыбляць гуманітарнае супрацоўніцтва, адносіны ў сферы культуры, адукацыі, спорту. На яго думку, у краін існуюць вялікія рэзервы для міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

 

Беларусь прапануе В'етнаму актывізаваць супрацоўніцтва ў нафтахіміі і свой удзел у здабычы карысных выкапняў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўзровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі ў памеры $190 млн недастаткова высокі, калі ўлічваць патэнцыялы Беларусі і В'етнама. Беларускі лідар адзначыў, што ў час гэтага візіту падпісаны ўжо шэраг кантрактаў, якія будуць садзейнічаць нарошчванню аб'ёму ўзаемнага гандлю. Прэзідэнт Беларусі пагадзіўся са сваім в'етнамскім калегам, што неабходна павышаць узровень міжурадавай камісіі, каб у бліжэйшыя два гады тавараабарот паміж краінамі дасягнуў і перасягнуў $0,5 млрд.

 

Беларускі бок прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, аўтамабілебудавання, па лініі сумесных зборачных вытворчасцей у В'етнаме. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, для гэтага створана добрая аснова, падпісаны двухбаковыя дакументы, пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у разведцы і здабычы карысных выкапняў у В'етнаме і пастаўляць для гэтага неабходнае абсталяванне і тэхніку.

 

Акрамя таго, на перагаворах размова ішла аб магчымасцях больш шырокай падрыхтоўкі спецыялістаў для народнай гаспадаркі, навукі В'етнама ў ВНУ Беларусі."Мы будзем рабіць усё магчымае, каб традыцыйна падтрымліваць узровень адукацыі ў В'етнаме, навучаючы ў нашых ВНУ будучых вучоных, фізікаў, ІТ-спецыялістаў і іншых", - запэўніў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі вялікую ўвагу ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі. "Мы абсалютна падтрымліваем думку аб паглыбленні гэтага супрацоўніцтва. Забаронных тэм у адносінах па лініі ВПК няма, і мы будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі ў далейшым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Беларусь і В'етнам дамовіліся актыўна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і інвестыцый

Аб гэтым заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт В'етнама Чыонг Тан Шанг.

Прэзідэнт В'етнама падкрэсліў асаблівую важнасць гэтага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў В'етнам, паколькі ён праходзіць пасля нядаўняга ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі і напярэдадні важнага ўнутрыдзяржаўнага мерапрыемства ў В'етнаме. "Візіт пацвярджае паслядоўную палітычную рашучасць бакоў ва ўмацаванні і актывізацыі традыцыйна дружалюбных адносін і шматбаковага супрацоўніцтва паміж краінамі", - сказаў ён.

Чыонг Тан Шанг падкрэсліў, што перагаворы былі адкрытымі і эфектыўнымі, бакі праінфармавалі адзін аднаго аб унутранай сітуацыі, ацанілі вынікі супрацоўніцтва за апошні час і ўзгаднілі асноўныя напрамкі, па якіх будзе актывізавана супрацоўніцтва ў бліжэйшым будучым.

 

"Беларусь і В'етнам маюць спрыяльныя ўмовы, каб двухбаковае супрацоўніцтва развівалася больш дынамічна, эфектыўна і ўсебакова", - падкрэсліў ён.

Бакі дамовіліся садзейнічаць рабоце адзін аднаго на міжнародных форумах, у прыватнасці, у ААН, Руху недалучэння.

На перагаворах абмеркаваны меры павелічэння тавараабароту, ураўнаважвання гандлёвага балансу, прыцягнення інвестыцый. Бакі дамовіліся актыўней садзейнічаць імпарту і экспарту, а таксама развіваць супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці.

"Упэўнены, што рэалізацыя падпісаных сёння дакументаў у значнай ступені стымулюе супрацоўніцтва ва ўсіх сферах", - падкрэсліў Чыонг Тан Шанг.

 

Беларусь і В'етнам падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы, культуры на 2016-2018 гады

Падпісанне дакумента адбылося ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Чыонг Тан Шанга.

Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і В'етнама прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі.

Шэраг дакументаў падпісаны на міжведамасным узроўні. У прыватнасці, пагадненне аб навучанні грамадзян В'етнама ў ВНУ Беларусі, дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук дзвюх краін, план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016-2018 гады.

Акрамя таго, падпісаны мемарандум і план развіцця супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і правінцыяй Бінь Тхуан.

 

Лукашэнка: Беларусі і В'етнаму патрэбны новыя ідэі, якія выведуць дзяржавы на больш высокі ўзровень развіцця

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром ЦК Камуністычнай партыі В'етнама Нгуен Фу Чонгам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра помніць візіт генеральнага сакратара ў Беларусь. "У нас вельмі шмат агульнага, як у народаў, так і па напрамках развіцця, якіх прытрымліваецца В'етнам", - сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі адбудзецца Усебеларускі сход, на якім будуць выпрацаваны арыенціры развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку, а В'етнам рыхтуецца да правядзення ХІІ з'езда Камуністычнай партыі, дзе таксама будуць вызначаны напрамкі развіцця краіны. "І нам, і вам патрэбны новыя ідэі, якія выведуць нашы дзяржавы на больш высокі ўзровень развіцця", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі і В'етнаму на гэтым этапе важна не страціць той узровень супрацоўніцтва, якога дасягнулі краіны.

У сваю чаргу Нгуен Фу Чонг выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт Прэзідэнта Беларусі ў В'етнам надасць новы імпульс двухбаковым адносінам і прынясе выгады бакам.

 

Лукашэнка правёў сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу і прэм'ер-міністрам В'етнама

Кіраўніцтва В'етнама высока ацаніла ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам і выказала ўпэўненасць, што гэты візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў В'етнам і вынікі перагавораў на вышэйшым узроўні нададуць новы імпульс развіццю двухбаковых адносін.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і В'етнам могуць значна дабавіць у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, калі рэалізуюць усе дамоўленасці, дасягнутыя ў гэтыя дні бакамі.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий