Візіт Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Візіт Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь

23 ноября 2015 - Administrator
article2083.jpg

 Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі 18-20 лістапада. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Сербіі правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах. Лідары дзвюх краін падпісалі сумесную заяву.

 

Кіраўнік сербскай дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея "Замкавы комплекс "Мір", наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ААТ "Мінскі трактарны завод".

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч 20 лістапада заклалі капсулу на будпляцоўцы эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір", што сімвалізуе пачатак яго будаўніцтва.

 

Праект рэалізуецца з прыцягненнем сербскіх інвестараў. Аб'ект размесціцца на плошчы 320 га на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1. Там з'явіцца 30 тыс. кватэр, новы парк плошчай 50 га, чатыры школы і дзевяць дзіцячых садоў, а таксама гандлёвы і фінансавы цэнтры. Аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове з Сербіі ў першым паўгоддзі 2015 года склаў $45,5 тыс. У Беларусі з удзелам сербскага капіталу дзейнічаюць 6 сумесных і 5 замежных арганізацый, 2 прадстаўніцтвы.

 

Лукашэнка: у адносінах Беларусі і Сербіі няма праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са сваім сербскім калегам Таміславам Нікалічам 19 лістапада.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Таміславу Нікалічу за падтрымку як на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, так і на гэтых, і сербскі народ за тое, што апошнім часам удалося рушыць наперад у адносінах. "Вы ў нас не першы раз, вы сапраўдны сябар, таму што вы не толькі па абавязку сваёй службы наведваеце Беларусь, вы і не будучы Прэзідэнтам былі тут", - сказаў ён.

 

Гаворачы аб гандлёва-эканамічных адносінах, Прэзідэнт Беларусі нагадаў аб пастаўленай перад урадамі дзвюх краін задачы па дасягненні аб'ёмаў узаемнага гандлю ў памеры $0,5 млрд. У 2014 годзе краіны дасягнулі ўжо $250 млн тавараабароту. "У гэтым годзе мы таксама прырастаем у нашым тавараабароце, таму, думаю, у бліжэйшы час, прынамсі ў гэтай пяцігодцы, мы дасягнём таго ўзроўню тавараабароту, які з вамі намецілі. Я буду вельмі рады, і, думаю, вы таксама, калі нам давядзецца адкарэкціраваць гэту лічбу ў бок павелічэння", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

 

Што датычыцца палітычных адносін, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем таксама няма. "Мы разумеем сістэму ўлады ў Сербіі. Калі нейкія партыі выказваюць сваё меркаванне, і гэта не сыходзіцца з нашай і вашай пазіцыяй, то гэта не агрэсіўнае меркаванне, гэта меркаванне асобных людзей. А ў пераважнай большасці мы маем вельмі пазітыўны прагрэс у гэтым", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, у гэтым заслуга цяперашняга Прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча. "Мы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, таксама, як і вы, у міжнародных арганізацыях. Мы паабяцалі, што ў час вашага старшынства ў АБСЕ зробім максімум для таго, каб вы ніколі не сказалі, што мы былі пасіўныя ў гэты перыяд", - дадаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што Беларусь нядаўна наведваў міністр замежных спраў Сербіі. Адбылася вельмі канструктыўная размова, абмеркаваны многія пытанні, больш за ўсё закранаючы тэму Украіны. "І ўсё, аб чым прасілі нас вашы калегі, мы свята выконваем, і не толькі таму, што гэта трэба рабіць, што мы вам паабяцалі, але яшчэ і таму, што Украіна - вельмі блізкая, родная нам краіна. І мы хацелі, каб там заўсёды быў мір", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

 

"Словам, такіх праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б у адносінах нашых дзяржаў, сёння абсалютна няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што цэніць існуючыя асабістыя дружалюбныя адносіны з Таміславам Нікалічам. На яго думку, яны многае значаць для адносін дзяржаў.

 

Лукашэнка адзначае стабільную станоўчую дынаміку ў развіцці адносін Беларусі і Сербіі

Асабліва гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы, галіны гуманітарнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што маштабная задача па павелічэнні тавараабароту да $500 млн яшчэ не выканана, але аб'ём двухбаковага гандлю расце і ў 2014 годзе дасягнуў $250 млн. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, у значнай ступені гэтаму садзейнічае рэалізацыя дамоўленасці па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, што ахопліваюць усе сферы ўзаемадзеяння. Разам з тым прадаўжаецца пошук новых эфектыўных форм і перспектыўных напрамкаў сумеснай работы.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы ў вузкім складзе ўжо абмеркаваў з Прэзідэнтам Сербіі шэраг пытанняў і бакі могуць з задавальненнем канстатаваць, што ў Беларусі і Сербіі няма прынцыповых рознагалоссяў. Гэта датычыцца як пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, так і міжнароднага парадку дня.

Краіны падтрымліваюць рэгулярны палітычны дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях. З 2013 года гэта ўжо трэцяя афіцыйная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Сербіі, што, на думку беларускага лідара, пацвярджае дружалюбны характар адносін паміж дзвюма краінамі.

 

Лукашэнка прапанаваў распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі на бліжэйшыя гады

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час зможам распрацаваць нейкі перспектыўны план, або, як сёння модна гаварыць, дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі на бліжэйшую будучыню", - сказаў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, гэта стала б добрай асновай для далейшага развіцця супрацоўніцтва дзвюх славянскіх дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты дамовіліся, што на пасяджэнні міжурадавай камісіі, якое пройдзе сёння, бакі паспрабуюць вызначыць новыя напрамкі супрацоўніцтва, каб паскорыць і надаць маштабны характар эканамічным адносінам. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што Беларусь і Сербія пакуль не ў поўнай меры выкарыстоўваюць патэнцыял інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

 

Лукашэнка: Беларусь нязменна разглядае Сербію як ключавога партнёра на Балканах

У дзвюх краін шмат узаемных інтарэсаў, у аснове якіх - актыўнае эканамічнае, гуманітарнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і шматлікія міжчалавечыя кантакты.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі і сербскай дэлегацыяй у адкрытым даверным дыялогу быў грунтоўна абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў беларуска-сербскага супрацоўніцтва, пры гэтым акцэнт быў зроблены на выкананні раней пастаўленых кіраўнікамі дзяржаў задач.

 

Фундаментам двухбаковага ўзаемадзеяння з'яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля падпісання ў 2009 годзе пагаднення аб свабодным гандлі тавараабарот паміж дзвюма краінамі за 5 гадоў павялічыўся ў 5 разоў. "Безумоўна, і гэта лічба не адпавядае патэнцыялу нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", - лічыць беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, значны патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння маецца ў паліўна-энергетычнай сферы, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, будаўніцтве, удасканаленні транспартнай інфраструктуры, сферы навукі, адукацыі, турызме.

 

"Я вельмі разумею Прэзідэнта Сербіі, які гаворыць аб тым, што сёння для Сербіі вельмі важныя інвестыцыі ў вытворчасць. І гэта правільны шлях: будуць працуючыя прадпрыемствы, будуць заняты людзі, будуць паступленні ў бюджэт і самае галоўнае - заўсёды будзе стабільнасць у краіне", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь і Сербія знаходзяцца на тым этапе выбудоўвання адносін, калі ў бакоў ёсць разуменне неабходнасці пераходу ад простых тавараабменных аперацый да больш складаных і эфектыўных кааперацыйных форм прамысловага, навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што ў Сербіі ўжо дзейнічаюць зборныя вытворчасці беларускіх трактароў, аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, якія знайшлі сваю нішу на рынку Сербіі і краін Балканскага рэгіёна. Намечаны таксама перспектыўныя праекты сумесных вытворчасцей па выпуску пажарных машын і сельскагаспадарчай тэхнікі.

 

Лукашэнка запрашае прадпрымальнікаў Сербіі да рэалізацыі праектаў у Беларусі

На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанц, і ім трэба скарыстацца, перш за ўсё прадпрымальнікам Сербіі. "Мы разумеем, у якой сітуацыі знаходзіцца Сербія. Яна аказалася ў цісках дзяржаў, якія бачаць у Сербіі толькі ўласны інтарэс або ў асноўным бачаць уласны інтарэс, але слаба глядзяць на інтарэсы Сербіі. І, вядома, Сербіі трэба праяўляць сёння максімум дыпламатыі і гібкасці, каб выжываць у гэтай сітуацыі", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў. "Прыходзьце, давайце будзем развіваць тут тое, што цікавіць Сербію. Давайце мы будзем тое, што вам цікава, ствараць разам з вамі на вашай тэрыторыі і гандляваць з іншымі дзяржавамі. Але нельга траціць час, таму што ўпушчанае будзе вельмі складана навярстаць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

 

"Я хачу, каб сербскі народ, прадпрымальнікі Сербіі разумелі: мы як былі сябрамі для вас, такімі і застаёмся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі Балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цвёрдыя намеры па развіцці двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, праведзены ўжо шэраг сумесных даследаванняў, вучоныя сумесна рэалізуюць праекты ў сферы эксперыментальнай батанікі, фізікі, інфарматыкі, у іншых галінах. "Задача, якая стаіць на парадку дня, - не проста забяспечыць фінансаванне навуковых распрацовак, але і дабіцца ўкаранення атрыманых вынікаў у вытворчасць, наблізіць навуку да жыцця, надаць ёй прыкладны характар", - лічыць беларускі лідар.

 

Лукашэнка: Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі

"Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі і вітае намаганні сербскага кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў краі Косава і Метохія для забеспячэння мірнага жыцця ў гэтым рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што ў Беларусі і Сербіі адсутнічаюць рознагалоссі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і актуальных міжнародных праблемах.

Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь і Сербія паспяхова ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях.

 

"Падводзячы папярэднія вынікі праведзеных перагавораў, магу з упэўненасцю сказаць, што партнёрства нашых краін набывае новыя грані, становіцца ўсё больш паўнаважкім і плённым", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што гэта сустрэча прынясе значныя вынікі ўжо ў самы бліжэйшы час.

 

Сербія цэніць падтрымку Беларусі ў эканоміцы і палітыцы - Нікаліч

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч на перагаворах у пашыраным складзе з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што Сербія зведвае цяжкасці. "Вельмі цяжка ёй цяпер ісці наперад пад цяжарам праблем, якія яна стварыла сама для сябе. І падтрымка Беларусі вельмі цэнная для нас", - сказаў ён і выказаў удзячнасць беларускаму боку.

 

Сербія цэніць і палітычную падтрымку Беларусі, улічваючы прынцыпы міжнароднага права, якіх яна прытрымліваецца ў знешняй палітыцы. "Калі Сербія звяртаецца да вас для абароны яе інтарэсаў у Косаве і Метохіі, вы гэта робіце для нас", - падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.

Лідары дзвюх краін рэгулярна праводзяць сустрэчы, абмяркоўваюць эканамічныя адносіны. "Эканоміка лягчэй развіваецца, калі наладжваецца дружба. Думаю, паміж нашымі і вашымі грамадзянамі існуе і дружба, і каханне, і абсалютнае разуменне", - адзначыў Таміслаў Нікаліч.

 

Нікаліч спадзяецца на трываласць рашэння ЕС па адмене санкцый супраць Беларусі

"Спадзяюся, што адмена санкцый будзе трывалая. Санкцыі - заўсёды ганьба для тых, хто іх уводзіць, а не для тых, у адносінах да каго іх уводзяць", - падкрэсліў Прэзідэнт Сербіі. Санкцыі - знак бескантрольнай сілы, дадаў ён.

Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што ЕС памыляўся, не супрацоўнічаючы з Беларуссю. Затым нармандская чацвёрка сабралася менавіта ў Мінску, каб весці перагаворы, калі сітуацыя ва Украіне стала трагічнай, звярнуў увагу Прэзідэнт Сербіі.

Закранаючы двухбаковыя адносіны, ён адзначыў, што лідары дзвюх краін умацавалі супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі і асабістую дружбу.

 

Нікаліч: дружба Беларусі і Сербіі моцная, такім жа павінна быць эканамічнае супрацоўніцтва

Таміслаў Нікаліч падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за неацэнную падтрымку, якую Беларусь аказвае Сербіі. "Наша дружба моцная, і такім павінна быць наша эканамічнае супрацоўніцтва", - упэўнены Прэзідэнт Сербіі.

Ён звярнуў увагу, што сумеснымі намаганнямі Беларусь і Сербія нарасцілі тавараабарот, які ў 2014 годзе склаў $250 млн. Бакі ўсведамляюць, што гэты паказчык можа быць значна лепшым, і маюць намер працаваць у гэтым напрамку, адзначыў Таміслаў Нікаліч.

 

Прэзідэнты падпісалі заяву, у якой адзначаецца неабходнасць павялічыць тавараабарот і знайсці новыя магчымасці для эканамічнага супрацоўніцтва, павелічэння ўзроўню жыцця грамадзян Беларусі і Сербіі.

 

Лукашэнка і Нікаліч падкрэсліваюць прыхільнасць Беларусі і Сербіі да выканання міжнароднага права

Аб гэтым сказана ў сумеснай заяве, якую падпісалі 19 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч.

Прэзідэнты падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін да выканання таксама мэт і прынцыпаў ААН, умацавання яе цэнтральнай ролі ў вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міру і бяспекі, сустрэчы з сучаснымі выклікамі і пагрозамі, мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і спрэчак. Лідары дзвюх краін дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва па лініі рэгіянальных аб'яднанняў і ініцыятыў.

 

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў АБСЕ. Падкрэслілі прыхільнасць бакоў да мэт захавання ролі арганізацыі як важнейшага форуму для вядзення раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва, павышэння яе эфектыўнасці пры захаванні асноўнага прынцыпу кансэнсусу.

Зыходзячы з узаемнага імкнення да далейшага ўмацавання доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі як на двухбаковай аснове, так і ў шматбаковым фармаце, Прэзідэнты канстатавалі пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, заснаванага на традыцыйна блізкіх духоўных і культурных сувязях двух славянскіх народаў.

 

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч высока ацанілі вынікі супрацоўніцтва і прагрэс у розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2014 годзе ў Бялградзе, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, дынамічным развіцці міжпарламенцкіх сувязей, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва.

Прэзідэнты Беларусі і Сербіі адзначылі новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічных адносін, якія прадастаўляюць членства Беларусі ў ЕАЭС, наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрапейскім саюзам, Цэнтральна-Еўрапейскай асацыяцыяй свабоднага гандлю і іншымі краінамі. Бакі выказалі задавальненне станоўчай дынамікай супрацоўніцтва і намецілі прыярытэтныя напрамкі паглыблення двухбаковых сувязей.

 

Лукашэнка: Мінск разлічвае ў 2016 годзе сабраць кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам. Сустрэча прайшла перад удзелам кіраўнікоў дзяржаў ва ўрачыстай цырымоніі закладкі памятнай капсулы ў знак пачатку будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір", якая адбылася 20 лістапада ў беларускай сталіцы.

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч паразмаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы. Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, адзначыў, што гэта будзе вельмі сімвалічна, калі ў наступным годзе тут змогуць сабрацца кіраўнікі рэспублік былой Югаславіі з вельмі важнай нагоды - будаўніцтва комплексу "Мінск-Мір".

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. Таміслаў Нікаліч у сваю чаргу расказаў, што пэўныя захады па арганізацыі гэтай сустрэчы ўжо зроблены. Напрыклад, наконт удзелу прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі. "Тут будзе прадстаўлена ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепш жыць. Гэта ваша вялікая заслуга", - падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.

 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб яшчэ адным праекце з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік, і Прэзідэнт Сербіі пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву. Ён лічыць, што было б цудоўна, калі б можна было аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі.

 

Прэзідэнт Сербіі ўпэўнены ва ўстанаўленні моцных эканамічных адносін з Беларуссю

Таміслаў Нікаліч выказаў словы захаплення прагрэсам, які дэманструе Беларусь у сваім развіцці, і выказаў надзею на ўмацаванне двухбаковых эканамічных сувязей. "Нашы адносіны настолькі добрыя і дружба з Прэзідэнтам Беларусі настолькі моцная, што нам удасца звязаць Беларусь і Сербію ў эканамічнай сферы даволі моцна", - падкрэсліў сербскі лідар.

 

Краўнік сербскай дзяржавы канстатаваў невысокі ўзровень тавараабароту дзвюх краін - $250 млн у год. "Мы дамовіліся павялічыць тавараабарот да $500 млн у год", - сказаў Таміслаў Нікаліч, падкрэсліўшы, што існуючы фундамент двухбаковых адносін дасць магчымасць дасягнуць пастаўленых мэт.

Таміслаў Нікаліч 20 лістапада наведаў корпус зборкі трактароў МТЗ. Высокага госця суправаджалі міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк і выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара МТЗ Уладзімір Макаранка. Прэзідэнт Сербіі таксама на тэрыторыі агледзеў выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў міністэрства прамысловасці (МАЗ, МТЗ, "Амкадор", "Палессе").

 

Таміслаў Нікаліч быў уражаны дасягненнямі беларускай прамысловасці. На пытанні журналістаў адносна якасці беларускай тэхнікі ён даў адказ, расказаўшы сербскі анекдот: "Сербскі селянін выкарыстоўваў трактар "Беларус" на працягу 50 гадоў. На пытанне, што ён мяняў на гэтым трактары, селянін адказаў: "Нічога не мяняў, толькі трактарыста".

Па выніках наведвання ААТ МТЗ Прэзідэнт Сербіі пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей прадпрыемства.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий