Вялікая размова з Прэзідэнтам — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Вялікая размова з Прэзідэнтам

6 февраля 2017 - Administrator
article2935.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства прайшло ва  ўнікальным фармаце пад агульнай назвай "Вялікая размова з Прэзідэнтам". На яго былі запрошаны амаль 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел каля сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб'яднанняў.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут. У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.

На заканчэнне Прэзідэнт сказаў, што найлепшым вынікам мерапрыемства будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія сёння былі ўзняты. "Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў - іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб выніках 2016 года: не ўсё атрымалася, але нам удалося захаваць мір і стабільнасць

 

"Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур'ёзныя знешнія фактары - яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці - гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.

"Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сённяшнім мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. "Але ў адным мы адзіныя - у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: не прымаю іншай мадэлі эканомікі, чым сацыяльна арыентаваная

 

"Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў - сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. "Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка - гэта эканоміка для людзей", - растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. "Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб сацыяльнай сферы

 

Заработная плата і пенсіі могуць быць павышаны толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі - Лукашэнка

 

"Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ёсць другі шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас і так запазычанасць вялікая - дзяржаўная, карпаратыўная і г.д. Асабліва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць зарплаты і пенсіі, не трэба".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: "што заробім, тое і атрымаем". Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Лукашэнка патрабуе безумоўнага выканання патрабавання аб павышэнні сярэдняй зарплаты да $500 у 2017 годзе

 

"Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат".

"Сярэдняя зарплата ў краіне $500 - гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. - Заўвага БЕЛТА) - не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы - хто колькі заробіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы "ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца".

Лукашэнка: $500 сярэдняй зарплаты - гэта справядліва ў адносінах да людзей

 

"Чаму ў Беларусі многія раз'язджаюць на шыкоўных лімузінах, маюць магчымасць па паўгода адпачываць на нятанных курортах, выводзіць у афшоры грошы, а іншыя павінны перабівацца з вады на хлеб? Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я не рэтраград, не папуліст: $500 сярэдняй зарплаты - гэта справядліва. Амаль алігархі беларускія могуць адпачываць і раз'язджаць на шыкоўных машынах толькі таму, што працуюць людзі. Дык давайце дадзім ім хаця б $500. Вось і ўся эканамічная мадэль. З гэтага я зыходжу. На большым пакуль не настойваю. Але хтосьці, можа, і $600 атрымае, і $1000 - і на здароўе".

"Гэта ганьба, калі мы, нябедныя людзі (і такіх нямала), прыходзім да ўрача, патрабуем ад урача, каб ён нас вылечыў на высокім узроўні, і не думаем аб тым, што гэты ўрач сёння атрымлівае нейкіх Br800, а то і гэтага не мае. Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, - зноў падкрэсліў беларускі лідар. - Трэба ў жыцці крыху разбірацца, жыццё гэта адчуваць".

Людзям трэба даць магчымасць зарабляць $500 - Лукашэнка

 

"Людзям трэба даць магчымасць зарабіць зарплату ў памеры $500. Людзі не павінны звяртацца да Прэзідэнта і гаварыць: "Дай $500 зарплату". Я магу даць, але тады праз падаткі я павінен буду з усіх вас у два разы больш узяць і тады даць праз бюджэт. Трэба ставіць пытанне аб заробленых грашах. Прадукцыйнасць заўсёды павінна быць вышэйшая", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Даведзена заданне па штогадовым стварэнні не менш як 50 тыс. рабочых месц. "Не думаю, што нехта прыпіскамі займаецца. Можа, недзе і ёсць, але ўсё ж такі працэс пайшоў", - канстатаваў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ствараемыя рабочыя месцы павінны быць не мінулага стагоддзя, а будучага.

"Мы манілаўшчынай не займаемся, не абяцаем мільён. Але калі будзем ствараць па 50 тыс. кожны год, гэта ўжо будзе добра. У гэтым напрамку будзем дзейнічаць і даваць магчымасць людзям зарабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка

Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему з дзіцячымі садамі

 

Гаворачы пра будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах (дзіцячыя сады, бальніцы), кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праблема вырашаецца. "Мы гэту праблему вырашым, бо яна звязана з дзецьмі, гэта адказнасць дзяржавы, асабліва дзіцячыя сады", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і паясніў, што, магчыма, гэта пытанне вырашаецца не так хутка ў сувязі з фінансавай сітуацыяй у краіне.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што праблема з дзіцячымі садамі актуальная, у асноўным, для Мінска. "Бяда атрымалася: у цэнтры горада перасталі нараджаць, вызваліліся дзіцячыя сады, ды і ў школах месцы ёсць, а ў мікрараёнах - наадварот. У нас атрымалася так, што дзіця трэба везці з Каменнай Горкі ў цэнтр у дзіцячы сад, дзе ёсць месцы. Мы падумалі-падумалі - нікуды ад гэтага не дзецца, давялося нават прадаваць некаторыя дзіцячыя сады ў цэнтры, а грошы перакідваць, каб пабудаваць у мікрараёнах інфраструктуру. Вось такая сітуацыя склалася", - адзначыў ён.

Лукашэнка аб школьных праграмах: дзяцей нельга перагружаць

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець школьныя праграмы і падручнікі для таго, каб аптымізаваць нагрузку на дзяцей.

"Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. "Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу - паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей... Добра, няхай будзе факультатыў. Трэба да гэтага па-чалавечы падысці", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. "А ў нас сёння чатыры, у старшых класах - пяць, і яшчэ рэпетытарства", - заўважыў Прэзідэнт.

"Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем. Хацеў бы атрымаць дапамогу ад нашага рэктарскага корпуса. Хоць некаторыя ўжо, сапраўды, засядзеліся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка заклікае арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне

 

"Калі мы заканчвалі школу, мы ведалі, адкуль у лямпачцы святло, маглі хаця б закруціць у патрон лямпачку, маглі разетку адрамантаваць. Мы разумелі ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэту разетку - заб'е! Нас вучылі гэтаму ў школе. Нам паказвалі, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска і гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелі рабіць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэніцца - ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрозніць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрозніць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"І ўсе плачуцца ў школе - зарплата малая... Дык навучыце дзяцей жыць!" - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.

Паводле яго слоў, субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання і часам - рэпетытарства. Няма неабходнасці ў празмерных нагрузках. "Я настойваў на тым, каб зняць нейкія гімназічныя класы і іншае, калі за грошы або лепшанькіх, разумненькіх адбіралі ў асобныя класы, асобна вучылі, а вы тут ужо адкіды", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ільгатаваць у Беларусі будуць тое, што дасць вынік - Прэзідэнт

 

"Ільгатаваць будзем толькі тое, што заўтра дасць вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Яшчэ раз падкрэсліваю - мы жывём у рыначнай эканоміцы. Тым больш, усе хочуць у СГА - вы ведаеце, як ставяцца ў СГА да льгот", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што ў пытанні прадастаўлення льгот трэба ўлічваць эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых сродкаў. "Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкія невялікія грошы - каму вы іх дасце? Проста "закапаць у пясок", або вы падумаеце, што прынясе гэта пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа і ў дзяржаве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Усе льготы і іншае - вы ж разумееце, што гэта ўсё з кішэні нашага народа. Нехта ў бюджэт аддае грошы, а некага мы з бюджэту льгатуем", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. З улікам гэтага льготы даюцца ў першую чаргу тым, каго дзяржава абавязана падтрымліваць, - сярод іх шматдзетныя сем'і, ваенныя.

Лукашэнка: аб'ёмы льготнага крэдытавання жылля будуць павялічвацца з ростам эканомікі

 

"Ніхто не адмяняў ільготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, іх трэба недзе ўзяць. І на доўгі час. А гэта грошы прадпрыемстваў і вашы грошы. Ільготнае жыллё было і ёсць, але не ў такім аб'ёме. Будзем багацейшыя - будзе больш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва жылля разглядаецца як лакаматыў эканомікі. "Калі чалавек пабудаваў кватэру, туды шмат чаго трэба, і ён пачынае гэта купляць, рухаючы наперад развіццё прадпрыемстваў. З гэтага пункту гледжання мы глядзім на пашырэнне жыллёвага будаўніцтва", - растлумачыў Прэзідэнт.

Насельніцтва ў Беларусі павінна быць у 2-3 разы больш - Лукашэнка

 

"Насельніцтва ў Беларусі павінна быць у 2-3 разы больш. Гэта галоўная сіла краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым дзяржава прадоўжыць падтрымліваць шматдзетныя сем'і. У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шматдзетныя сем'і не павінны скласці рукі і разлічваць толькі на падтрымку Прэзідэнта.

"Дзяржава павінна дапамагчы, і мы гэта робім. Калі ў нас будзе больш грошай, мы будзем больш дапамагаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Падтрымка ваенных таксама застанецца адным з прыярытэтаў дзяржавы. "У любы момант (ваенны. - Заўвага БЕЛТА) пойдзе па загадзе і аддасць сваё жыццё. Дык давайце дадзім ім магчымасць мець свой куток, каб ён мог жыць і гадаваць сваіх дзяцей", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка маладым спецыялістам: не рвіцеся адразу наверх і не думайце, што мільёны пасыплюцца

 

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у свой час пытанне размеркавання маладых спецыялістаў стаяла, і было прынята рашэнне, што першае рабочае месца дзяржава гарантуе. Аднак многія, не маючы вопыту работы, ірвуцца адразу ў бізнесмены. "Вы хочаце такімі стаць адразу? Гэтак цудаў не бывае! Трэба ісці па спецыяльнасці, ты ж вызначыў для сябе гэту спецыяльнасць - педагога, юрыста, эканаміста (дзявяць іх няма куды сёння), журналіста і гэтак далей. Ідзі і працуй. Табе першае месца па спецыяльнасці дзяржава прадастаўляе. Не рвіся адразу наверх і не думай, што табе адразу ж на наступны год мільёны пасыплюцца ў кішэню", - сказаў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы папрасіў дакладваць яму аб фактах, калі прадугледжанае заканадаўствам першае рабочае месца па нейкіх прычынах не прадастаўляецца. "Разбяромся, прытым, на працягу некалькіх сутак", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не выключае магчымасці адмены дэкрэта нумар 3

 

"Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. "Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу - заплаці", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

"Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка: усе сродкі транспартнага збору да капейкі накіраваны на рамонт і будаўніцтва дарог

 

"Я паабяцаў, што мы ўсё да капейкі накіруем на будаўніцтва і рамонт дарог. Тут было прынята канцэптуальнае рашэнне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што многія, асабліва аўтамабілісты, абураліся ўвядзеннем транспартнага збору. "Як быццам можна на аўтамабілі перамяшчацца без дарог? Гэта ж для вас дарогі рабіліся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што сродкі ў асноўным пайшлі на будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі. "Пабудаваць яе ў бетоне была мая ідэя, маё патрабаванне, - падкрэсліў Прэзідэнт, закрануўшы таксама пытанне вытворчасці цэменту ў Беларусі. - Нам не было куды дзяваць цэмент, за гэта мяне таксама крытыкуюць - закрану і гэта пытанне. Мы калісьці выраблялі 4,5 млн т цэменту, сёння вырабляем 9 млн т, а то і 10 млн т можам вырабіць. Раней быў вялікі попыт на цэмент. І я прыняў рашэнне, калі самі будуем, цэменту не хапае, давайце нашы цэментныя заводы мадэрнізуем і пашырым. Тым больш рэсурсы свае, сыравіна свая", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі надышоў крызіс, Расія і іншыя суседзі пачалі купляць менш цэменту, таму давялося пашырыць сферу яго прымянення. "Адсюль і ўзнікла ідэя выкарыстоўваць яго пры будаўніцтве другой кальцавой. Калі нехта не разумее гэтага, мне шкада. Мы пабудавалі дарогу, але і там не хапіла гэтай крыхі, якую мы збіралі, і давялося з бюджэту дабаўляць грошы. І калі вы намякаеце, што яны расходаваны кудысьці не туды, я гарантую, што гэта не так", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што засталося завяршыць невялікі кусок дарогі ад Астрашыцкага Гарадка да Кургана Славы. "Застаўся кавалачак - кіламетраў 15. Там ёсць добрая дарога, але яе трэба зрабіць пад першую катэгорыю, у гэтым годзе мы завершым. У нас атрымалася цудоўная дарога, дарога будучага для таго, каб разгрузіць гэту кальцавую (першую кальцавую. - Заўвага БЕЛТА), каб Мінск не задыхнуўся, вось туды пайшлі гэтыя грошы", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка паабяцаў падтрымліваць будаўніцтва жылля ў рэгіёнах

 

"Жыллёвае будаўніцтва разглядаем з пункту гледжання лакаматыва эканомікі. Будзем старацца ствараць умовы для большага будаўніцтва. Але пра Мінск трэба паціху забываць, там мы будаваць не будзем. Прынамсі, такімі тэмпамі, як было раней. Я не хачу, каб у Мінск мы сабралі ўсю краіну і агалілі ў плане працоўных рэсурсаў рэгіёны. Мы ім ільготы далі, няхай там бізнес развіваецца, там будзем старацца падтрымліваць будаўніцтва жылля", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў рамках падтрымкі жыхароў сельскіх населеных пунктаў дзяржава выдзяляла крэдыты на будаўніцтва жылля пад 1 працэнт гадавых. "Нам трэба было затрымаць там людзей. І гэта часткова ўдалося. Таму будзем у гэтым напрамку працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі будзе захавана дзяржаўная падтрымка спорту - Лукашэнка

 

"Дзяржпадтрымка спорту захаваецца на ўзроўні мінулага года", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб падтрымцы клубаў па гульнявых відах спорту, Прэзідэнт адзначыў, што ў эканоміцы краіны бягучы год будзе не горшы за мінулы, а магчыма, у чымсьці і лепшы. У падтрымцы ж магчыма захаваць той узровень, які склаўся ў мінулым годзе.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў праінфармаваў, што заработкі кожнага з клубаў розняцца. "Вядома, у такім клубе, як БАТЭ, заробленыя сродкі складаюць больш як 50 працэнтаў у бюджэце. Але ў цэлым, калі мы ўзялі 58 клубаў па гульнявых відах спорту, то за мінулы год палавіну ўсіх сродкаў зарабілі яны самі, уключаючы міжнародную дапамогу", - праінфармаваў Максім Рыжанкоў.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што падтрымка клубаў будзе прадоўжана. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на іншую сітуацыю, якая не датычыцца гульнявых відаў. Напрыклад, біятлон, падтрымка якога прадаўжаецца. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэты від мае добрую базу, але сітуацыя ў відзе спорту не тая - "трэнера нанялі - не падышоў, перагрузіў спартсменаў. Тады сур'ёзная размова была з кіраўніком федэрацыі". "Хутка пачынаецца чэмпіянат свету па біятлоне. Потым паглядзім, якая будзе падтрымка", - сказаў Прэзідэнт.

"Падтрымліваць спорт будзем, але галоўнае - рэзультат. Золата, серабро, бронза - тады можна прасіць, што патрэбна. Так яно і было. Прыходзіў чалавек, прасіў выдзеліць участак зямлі для будаўніцтва дома, а я адразу даю каманду, каб адказныя вырашылі пытанне, паколькі чалавек славу прынёс краіне. Не - да пабачэння", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што адмовіўся ад прапановы выбарачнай падтрымкі відаў спорту. "Давайце дадзім шанц усім, але няма рэзультату - і падтрымліваць не будзем", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прадпрымальніках і бізнесе

 

Лукашэнка: цяжкія часы аднолькава ўдарылі па прыватных і дзяржаўных прадпрыемствах

 

Прэзідэнт расказаў, што асабіста кантралюе стан спраў на такіх прамысловых гігантах, як МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш", БМЗ, параўноўвае з тым, што адбываецца на прыватызаваных прадпрыемствах, напрыклад, "Амкадоры". "Цяжкія часы аднолькава ўдарылі і па прыватных прадпрыемствах, і па дзяржаўных. Практычна адно і тое ж", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым "Амкадор" выйграе ў хуткасці рэалізацыі праектаў. "Глядзіш - за год-паўтара ўжо стаіць новае вытворчае прадпрыемства, гэта значыць хутчэй гэта робіцца. Але ўсё роўна тыя ж праблемы - абаротных сродкаў не хапае", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка паабяцаў прыйсці на Асамблею дзелавых колаў

 

"Калі запросіце, прыйду на Асамблею", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ідзе сур'ёзнае рэфармаванне Савета па прадпрымальніцтве пры Прэзідэнце.

Прапанова прыйсці на Асамблею дзелавых колаў прагучала ад кіраўніка Цэнтра Мізеса Яраслава Раманчука. Паводле яго слоў, гэта адкрытая пляцоўка, на якой прадпрымальнікі гавораць аб праблемах і ставяць задачы на перспектыву. "Малы і сярэдні бізнес - вось сапраўдны драйвер і інстытут незалежнасці краіны", - лічыць Яраслаў Раманчук.

Асамблею дзелавых колаў запланавана правесці ў Мінску 1 сакавіка.

Савет па прадпрымальніцтве будзе рэфармаваны - Прэзідэнт

 

"Мы цяпер сур'ёзна рэфармуем Савет па прадпрымальніцтве", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, цяпер гэты орган працуе неэфектыўна.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрымальнікі павінны прыняць актыўны ўдзел у фарміраванні абноўленага складу савета. "Накіруйце таго, хто там павінен быць. Але без тых, хто ўмее толькі балбатаць, але нічога не хоча рабіць", - даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што члены савета павінны быць сумленнымі і гаварыць аб тым, што ў цэлым хвалюе прадпрымальнікаў.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку цэнтра Мізеса Яраславу Раманчуку ўвайсці ў Савет па прадпрымальніцтве. "Калі вы захочаце як перадавы чалавек быць членам гэтага савета, я супраць не буду. Мы цяпер падбіраем добрага старшыню, каб ён меў адміністрацыйны рэсурс, мог дастукацца да Прэзідэнта ў любы час. Па задуме і яго палажэннях, савет павінен акумуляваць увесь негатыў, але не толькі ў прыватнасці, а ў цэлым, і ўносіць Прэзідэнту для вырашэння", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Пакуль, паводле яго слоў, члены савета ў асноўным вырашаюць асабістыя пытанні, звязаныя са сваёй прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Лукашэнка паабяцаў строга разабрацца па фактах "наездаў" на інвестараў

 

"Разборкі будуць жорсткія, калі паступіць сігнал аб тым, што на інвестара нехта "наехаў", - у нас зусім іншая палітыка. Калі такое будзе, давядзіце да мяне, разбяромся, у мяне ўлады для гэтага дастаткова, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ёсць людзі, якія любога паставяць на месца за "наезды", за рэкет".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі прыняты вычарпальныя меры для прыцягнення інвестыцый. "Патрэбны проста веды, імкненні, уменні. Ну і грошы", - дадаў Прэзідэнт.

Ён праінфармаваў аб перагаворах з КНР па прыцягненні $700 млн для малога і сярэдняга бізнесу. "Я думаю, мы дамовімся, і нейкую суму будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бізнес і г.д.)", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прычым бізнес павінен прыносіць карысць не толькі інвестарам, але і дзяржаве, рэзюмаваў ён.

Аб адносінах Беларусі і Расіі

 

Лукашэнка: пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека кінуты не будзе

 

"Пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. "Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага - сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго складваюцца часам няпростыя, але ў цэлым добрыя адносіны з расійскім Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку "некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі самога Прэзідэнта", канстатаваў беларускі лідар.

Лукашэнка аб нафтагазавых перагаворах Беларусі і Расіі: дамовіцца пакуль не змаглі

 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку. "Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, добра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэта цяганіна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. "І Беларусь плаціла гэту цану", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана - $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. "Так яно і атрымліваецца - мы ўжо да меж дайшлі", - заўважыў Прэзідэнт.

Беларусь падала ў суд наконт скарачэння паставак расійскай нафты

 

"Спрэчка ішла выключна наконт газу. Яны пачалі ў парушэнне ўсіх дамоўленасцей рэзаць нафту. Мы звярнуліся, вядома, у суд. Судовы разбор будзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія - дзве самыя блізкія краіны, і такія канфлікты не павінны быць.

Лукашэнка: без расійскай нафты мы абыдземся, хоць і будзе цяжка

 

"Без расійскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашамі". Прэзідэнт падкрэсліў: "Гэта несупастаўна, калі на адной чашы незалежнасць, а на другой - расійская, іранская, азербайджанская або амерыканская нафта".

"Незалежнасць, прыстойнасць, наша гістарычнае мінулае даражэйшае, чым нафта", - дадаў беларускі лідар.

Беларусь усё роўна знойдзе выхад, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. "Гэтага ў Расіі, на жаль, не разумеюць", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт назваў магчымыя прычыны цяперашняга стану беларуска-расійскіх адносін. "Напэўна, у Расіі з'явілася нейкая насцярожанасць, што Беларусь пойдзе на Захад", - выказаў меркаванне беларускі лідар. Некаторыя расійскія СМІ крытыкуюць за гэта кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзіміра Макея. "Ніякі Макей без згоды Прэзідэнта не вядзе перагаворы ні ў Бруселі, ні ў Берліне, ні ў Вашынгтоне. У Расіі ўсе павінны разумець, што гэта ўзгодненая пазіцыя, на якую мяне некалі падштурхнуў мой сябар, Прэзідэнт Пуцін", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад санкцыямі, Уладзімір Пуцін раіў яму выйсці з заходнімі калегамі на нармальныя адносіны. Цяпер, пасля адмены санкцый, яны развіваюцца больш актыўна, але не на шкоду ўзаемадзеянню з Расіяй. "Расія - гэта святое", - падагульніў Прэзідэнт.

З-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла $15 млрд - Лукашэнка

 

"З-за няроўных цэн, няроўных умоў Беларусь страціла (толькі з-за вось гэтага цэнавага фактару) $15 млрд. Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у Расіі агучваецца крытыка ў адрас Беларусі, у свой час там знялі цыкл фільмаў "Хросны бацька". "Я не бачыў ніводнага, усё збіраюся да гэтага вярнуцца, паглядзець, аб чым яны. Але кажуць, што даходзіць да зняваг Прэзідэнта. Гэта што, нармальна? А мы ж дамовіліся з расіянамі, з прэзідэнтамі: мы можам спрачацца, колькі хочаце, але не дапускаецца зневажанне адзін аднаго", - сказаў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі такіх выказванняў у адрас Прэзідэнта і прэм'ер-міністра Расіі не было. "Пачынаецца ад асабістага - да эканомікі. Гэта не нармальна, гэта трэба заканчваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларусь не парушыла ніводнага дагавора з Расіяй - Лукашэнка

 

"Ніводнага дагавора з Расіяй мы не парушылі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Іншая справа - расійскі бок. "Па нафце дамовіліся 24 млн т штогод пастаўляць. Да 18-ці скарацілі, потым да 16-ці нібыта хочуць, а наогул гавораць - 12 будзем пастаўляць", - расказаў Прэзідэнт.

Закранаючы перагаворы па кошце расійскага газу для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у 2016 годзе плаціла $107 за тыс. куб.м, хоць павінна была плаціць $83 - па формуле роўнадаходных цэн і з улікам спаду кошту нафты на сусветных рынках. Раней агавораная для Беларусі цана складала $132,77 за тыс. куб.м. Расійскі бок, як адзначыў Прэзідэнт, палічыў, што Беларусь недаплаціла $550 млн, калі зыходзіць з цаны ў памеры $132,77 за тыс.куб.м, і запатрабаваў гэту суму вярнуць. "Вярніце нам $550 млн і іншае. І ўсё там зайшло ў тупік", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, расійскім кіраўніцтвам прапаноўваліся розныя варыянты ўрэгулявання гэтай сітуацыі, праблема пакуль застаецца нявырашанай.

Лукашэнка аб перагаворах з РФ у прамысловасці: забясплатна прасілі аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы

 

"У мяне просяць забясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта па-брацку? Гэта прыстойна?"

Як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, у свой час размова ішла аб продажы на нявыгадных для Беларусі ўмовах "Інтэграла", МЗКЦ, "Пеленга" і "Гродна Азота", а таксама аб далучэнні МАЗа да КамАЗа. Аднак ён не згадзіўся.

"Мы расіянам гаворым: давайце вашы і нашы лепшыя прадпрыемствы ахоўваць, давайце не будзем ствараць альтэрнатыўныя прадпрыемствы ў Расіі. Ну навошта ствараць, напрыклад, вытворчасць БелАЗ у Расіі?" - задаўся пытаннем Прэзідэнт.

"Я часта Пуціну гавару: калі "лясне" наша эканоміка, як мінімум дзесяць мільёнаў праблем з'явіцца ў цябе і ў прадпрыемстваў. Дык калі мы адзіныя, трэба дапамагаць хаця б крэдытамі, я не гавару - субсідзіраваннем, крэдыт даць гэтым прадпрыемствам, каб яны працавалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: не хачу, каб на МАЗе заўтра пачалі дыскі штампаваць або гайкі круціць

 

"Напрыклад, МАЗ. Я не супраць, давайце скааперуемся (з расіянамі. - Заўвага БЕЛТА), адзіны рынак і гэтай далей. Цана - добра, гатовы прадаць танна, аб'яднаць МАЗ і КамАЗ. Але я баюся, каб з МАЗа ён не ператварыўся ў нейкі цэх, дзе будуць гайкі рабіць, - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўжо гэту гаечную вытворчасць на МАЗе прайшлі, у тым ліку з немцамі, калі я стаў Прэзідэнтам. Мы прайшлі і не хочам, каб замест МАЗа заўтра дыскі штампавалі або гайкі з балтамі круцілі".

Паводле слоў Прэзідэнта, ён загадзя паспрабаваў удакладніць у партнёраў, колькі грошай яны плануюць укласці ў развіццё гэтага прадпрыемства, аднак выразнага адказу не атрымаў. "Што я няправільна зрабіў? Я паставіў перад імі пытанні - мадэрнізацыя, пашырэнне вытворчасці, новыя рынкі, інвесціраванне і цана прадпрыемства. І яшчэ сказаў: майце на ўвазе, наступны эфект - вы мне павінны паказаць, што ў бюджэт больш паступіла грошай ад гэтага прадпрыемства і людзей вы не выкінулі на вуліцу, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны не прынялі мае ўмовы. Дык я штосьці новае вынайшаў, штосьці невыканальнае перад імі паставіў?"

"Не хачу нагнятаць абстаноўку, але вы павінны разумець: мы выжывем. Я ў гэтым проста ўпэўнены. Але калі мы разыдземся, калі паміж намі ўзнікне вось гэта бездань, яе потым засыпаць, выраўнаваць спатрэбяцца дзесяцігоддзі. І Пуціна не будзе, і Лукашэнкі не будзе, і мы пакінем у спадчыну нашым дзецям і ўнукам гэта няшчасце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь не пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты, а перапрацоўвае імпартуемую сыравіну

 

"Другі момант - Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга - яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну - малако, яблыкі, рыбу і іншае - мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі - гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак. "Мы ім паставім выключна беларускае, у нас пры гэтым, як у савецкія часы, на экспарт якасць павінна быць ідэальная. Транзіту мы ў Расію не накіроўваем", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што і ў Беларусі выяўляюцца выпадкі, калі сапраўды пераклейваюцца наклейкі або падробліваюцца накладныя на санкцыйныя прадукты. "Але гэта мізэр, гэта нават не паўпрацэнта, гэта сотыя працэнта. І мы з гэтым змагаемся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што часцей за ўсё такія махінацыі ажыццяўляюцца пры непасрэдным удзеле расійскіх мытнікаў і іншых службовых асоб.

Лукашэнка: за нанясенне ўрону Беларусі трэба ўзбудзіць крымінальную справу на Данкверта

 

"Што датычыцца прадуктаў харчавання, я толькі аб галоўным скажу - розныя Данкверты і іншае. Трэба вывучыць пытанне, Ігар Анатольевіч (міністр унутраных спраў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), і ўзбудзіць крымінальную справу па Данкверце, як некалі па Керымаве і Баумгертнеры было, за нанясенне ўрону дзяржаве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "ўсе гэтыя Данкверты - людзі зацікаўленыя". "У кожнага - вялікія латыфундыі, яны самі часта з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту. Яны, вядома, па якасці і цане не могуць канкурыраваць з беларускай прадукцыяй. Цяпер вы разумееце, чаму ўстанаўліваюцца гэтыя бар'еры", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы і нагадаў, што Расія закупляе каля 7 млн т малочнай прадукцыі. "Мы ж пастаўляем ім крыху больш за 4 млн т - 3 млн т яшчэ свабодна. Дык чаго вы ўпіраецеся, чаго блакіруеце беларускі тавар? Нам жа яго трэба прадаць, каб заплаціць за нафту і газ. Я расійскаму боку заўсёды аб гэтым кажу - мы на гэтым не нажываемся", - канстатаваў ён.

Лукашэнка: увядзенне Расіяй пагранічнай зоны - гэта чыста палітычны выпад

 

"Яны ад каго граніцу закрываюць сёння? Што гэта за пагранічная зона 30 км? Яны што, лепш абараняюць граніцу, чым мы? У тысячу разоў горш. І ў іх ёсць дзе абараняць граніцу. Гэта (увядзенне Расіяй пагранічнай зоны. - Заўвага БЕЛТА), лічу, чыста палітычны выпад. Нельга гэтага рабіць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што ўстанаўленне пагранічнай зоны расійскі бок апраўдвае ўвядзеннем пяцідзённага бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што такі загад быў падпісаны Федэральнай службай бяспекі Расіі яшчэ ў канцы снежня 2016 года.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў свой час Беларусь неаднаразова прымала рашэнне не закрываць граніцу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не паўплывае на нацыянальную бяспеку Расіі, паколькі мытны і пагранічны кантроль у пункце прыбыцця іншаземцаў беларускі бок адмяняць не мае намеру. Да таго ж Беларусь і Расія карыстаюцца адзіным спісам грамадзян, чыё знаходжанне ў краінах непажадана.

"Мы свята аберагаем агульную прастору. Для нас расіянін ніколі не быў чужым чалавекам і не будзе. Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга", - лічыць беларускі лідар.

Лукашэнка аб увядзенні РФ пагранічнай зоны: ніколі не пойдзем на меры ў адказ

 

Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне - гэта што Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур'ёзны канфлікт".

"Мы ж не дамовіліся, як будзе на карце праходзіць граніца, на мясцовасці, толькі пасля гэтага трэба ўстанаўліваць нейкія знакі і кропкі. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кусок чужой граніцы. Таму я не думаю, што расіяне на гэта адважацца, гэта ўжо сур'ёзны канфлікт, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Не думаю, што яны будуць рабіць нейкія дадатковыя крокі".

"Але я магу сказаць цвёрда: мы ні ў якім выпадку не пойдзем на повадзе ў расіян, і расіяне могуць быць упэўнены, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так яны і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі дзеянні ў адказ і тым самым неяк нашых братоў-расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на нашай граніцы, але мы на гэта ніколі не пойдзем. Яны нам не ворагі, не праціўнікі, гэта нашы браты, нашы расіяне. Як ездзілі сюды, так і будуць ездзіць. Людзі ад гэтага пацярпець не павінны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: ніколі не зміруся са зневажаннем беларускай дзяржавы і народа

 

"Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю.

Ні адзін рускі чалавек не паверыць, што Лукашэнка вораг Расіі - Прэзідэнт

 

"Я не прэтэндую ні на што расійскае, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Але вы гэта робіце дарэмна, на гэтым вы пацерпіце вялікае паражэнне. Ні адзін рускі чалавек, ні адзін расіянін не паверыць, што Беларусь, што Лукашэнка - вораг Расіі, чужы, што ён на Захад павярнуўся і яшчэ некуды. Гэтаму не павераць. І ваша кіраўніцтва на гэтым апячэцца", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да ўдзельніка сустрэчы з РФ, які задаў пытанне.

"Вось самы страшны корань зла. Так нельга паводзіць сябе", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць Беларусі прыняць ваенныя вучэнні з Расіяй "Захад-2017"

 

"Мы прымем гэтыя вучэнні", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней ён прапанаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну праводзіць вучэнні рознага маштабу з перыядычнасцю праз два гады, прычым па чарзе. Вучэнні "Захад-2017" будуць адкрытымі, "на іх запросяць тых, хто хоча пераканацца ў тым, што мы ні на каго не збіраемся нападаць". "Неймаверна, што мы станем агрэсарам супраць нейкай краіны. У нас толькі абарончая пазіцыя", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Гаворачы аб крытыцы маючых адбыцца сумесных вучэнняў у некаторых СМІ, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія не ставіць мэту акупіраваць Беларусь. "Расійскія войскі, якія будуць уведзены ў Беларусь, гэтак жа адсюль і пойдуць. Расія ніколі не акупіруе Беларусь", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што абарона дзяржавы з'яўляецца фундаментальным крытэрыем. "Ніякая эканоміка не патрэбна дзяржаве, калі людзі не будуць адчуваць сябе ў бяспецы, калі яны будуць не абаронены", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не бачыць неабходнасці ў стварэнні расійскай ваеннай авіябазы ў Беларусі

 

"Кажуць, ваенная база. Каму патрэбны гэтыя 10 самалётаў, якія Расія хацела пасадзіць у Бабруйску? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я Пуціну гавару, трэба аднаўляць гэты аэрадром, там ужо ўзлётна-пасадачную паласу напалавіну разабралі. Гавару, дайце нам 20 самалётаў. У нас выдатныя пілоты, выдатная школа, вы ведаеце, што мы ўмеем ваяваць на ваенных самалётах, мы ж адзіная групоўка. Не. Шайгу (міністр абароны РФ. - Заўвага БЕЛТА) хацеў не так".

Прэзідэнт Беларусі адзначыў няяснасць задач з ваеннага пункту гледжання, якія павінна была б вырашыць такая база. "Што такое ў сучаснай вайне, дапусцім, супраць НАТА самалёт? Гэта 10 хвілін бою: ён узляцеў - і яго няма. Вайна сёння іншая. Гэта ў Сірыі можна лятаць, калі няма сістэмы проціпаветранай абароны. У нас жа ўсё відаць, нават калі самалёт узляцеў дзесьці за 200 км", - адзначыў беларускі лідар.

"І потым, што такое аэрадром на пярэднім краі тэатра ваенных дзеянняў, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Не дай бог вайна - дзве ракеты на ўзлётна-пасадачнай паласе і ні адзін самалёт не ўзляціць. Навошта іх сюды? Потым Пуцін ужо сказаў, што час падлёту самалётаў са Смаленска складае 4 хвіліны. Тады я зноў задаў пытанне аб мэтазгоднасці такой ваеннай базы. Прэзідэнт Расіі згадзіўся, што яна ў Беларусі не патрэбна".

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што знаходжанне 10 або 20 расійскіх самалётаў у Беларусі нельга было б назваць паўнацэннай ваеннай базай, а дэманстрацыяй, якая краіне не патрэбна. Ён нагадаў, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года расійскаму боку прапаноўвалася перакінуць звяно знішчальнікаў для сумеснага забеспячэння бяспекі сусветнага першынства. Тады ў Баранавічы былі перакінуты чатыры самалёты. "Пасля таго, як адпрацавалі, я думаў, што пакінуць гэтыя самалёты тут. Не пакінулі. Потым зноў узнікла пытанне аб базе. Навошта? Усё ж ужо адпрацавана з пункту гледжання ваенных - няхай служаць далей як рускія, так і беларусы. Тады я зрабіў вывад, што гэта не ваенная прапанова", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб унутранай палітыцы

 

Лукашэнка: у Беларусі не павінна быць паліцэйскай дзяржавы

 

"Усё павінна быць абгрунтавана, па законе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб затрыманнях чыноўнікаў і бізнесменаў.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што не павінна быць такога і няма цяпер, калі ў цяжкі для краіны час хтосьці з чыноўнікаў будуе сабе асабнякі і рэзідэнцыі. "Можа, хтосьці і павёў сябе непрыстойна, але мы ж гэтага не тоім. Я часам пабойваюся: у нас столькі на пасадку пайшло чыноўнікаў, і немалога калібру. Але гэта павінна быць справядліва: узяў - сеў, не браў - жыві і працуй. У нас не павінна быць паліцэйскай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам шэрагу банкіраў прабачылі парушэнні заканадаўства. "Плаці ў бюджэт у трохразовым памеры тое, што зафіксавана, і з мятлой на вуліцу. Банкірам ты ўжо ніколі не будзеш, ты ўжо на ўліку стаіш", - канстатаваў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне ёсць і сумленныя бізнесмены. "А калі парушыў закон, больш таго, паяўляўся ў адным кадры з Прэзідэнтам, гэта накладае строгае абавязацельства. Мала людзей, якія з касой са мной ходзяць, і калі ты папаўся, журналісты цябе зафіксавалі, то павінен быць цішэй вады, ніжэй травы. А калі ты дзесьці парушыў закон, то я дапамагу Шуневічу з Вакульчыкам, каб яны цябе засадзілі і надоўга. І я так раблю", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі народ справядлівы і нават крыху савецкі, адзначыў Прэзідэнт. "Гэта шчасце. Але трэба адвыкаць з-за вугла паглядаць суседу ў кішэнь, у агарод. Часы мяняюцца, мы далі свабоду людзям, далі магчымасць зарабіць, не парушыўшы закон. Так, я бачу, што ён багаты, але закон ён не парушыў, мы ж не можам яго даймаць. Так мы ўсіх разгонім у краіне - нікога не застанецца. І ў савецкае мінулае ніхто не хоча вяртацца, дык давайце выберам дарогу, каб кагосьці не пакрыўдзіць, не зачапіць, не насаліць празмерна. Давайце шукаць кансэнсус, каб праз 25 гадоў незалежнасці з-за соткі зямлі або нейкай халупы не пачалі касіць адзін аднаго - тыя часы мінулі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: аптымізацыя дзяржрасходаў праводзіцца пастаянна і пачынаецца з Прэзідэнта

 

"Што датычыцца дзяржрасходаў, то іх аптымізацыю, якую мы сёння праводзім, мы пачынаем якраз з сябе, вось непасрэдна з Прэзідэнта", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у Палацы Незалежнасці, дзе праводзяцца важнейшыя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, працуюць усяго тры чалавекі. "Я беру канкрэтны прыклад, каб прадэманстраваць, што скарачэнне дзяржаўных расходаў - гэта праграмнае палажэнне Прэзідэнта Лукашэнкі. Я ведаю, чаго гэта ўсё каштуе", - адзначыў ён.

"Вы думаеце, што можна прыйсці - і, раз, касой усё выкасіць. Нічога падобнага. Гэта ад лёсаў людзей да канкрэтных мерапрыемстваў, якіх можна пералічыць мноства. Ні з сяго ні з таго гэтага адразу не зробіш", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мне зусім нядаўна прынеслі прапанову аб аптымізацыі, палічылі па людзях і іншае, атрымліваецца 15 працэнтаў. Я сказаў - не. Калі толькі дзяржапарат браць... - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Там жа аптымізацыя не толькі дзяржапарату. Не, кажу, гэта народам не будзе ўспрынята".

"Але праўда яшчэ ў тым, што я пастаянна паскараю гэты ход, павялічваю скорасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Напрыклад, у раёне, дзе я працаваў, у сельскай гаспадарцы было 32 гаспадаркі, па-мойму, 32 кіраўнікі. Сёння 10 або 12. Таксама аб'ядналі, аптымізавалі, працаваць пачалі лепш", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: беларусы пакуль не прыйшлі да стварэння нацыянальнай ідэі, а выдумаць яе немагчыма

 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў краіне на працягу доўгага часу спрабавалі сфармуляваць нацыянальную ідэі, прыцягвалі да гэтага розных экспертаў і грамадскіх дзеячаў. "Мы не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуму і па сэрцу. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. "Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю. - Заўвага БЕЛТА) сёння сфармуляваць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх".

"Можа, я яе не бачу. Гэта ўжо вам мінус: вы павінны данесці яе да мяне. Але фармуляваць яе трэба, таму што гэта кароткі рух наперад, пасланне ўсім пакаленням - вось наша будучыня. Увогуле, патрэбны час. Час усё пакажа і расставіць на свае месцы", - лічыць беларускі лідар.

Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні ВНУ з беларускай мовай навучання

 

Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы мой пункт гледжання наконт моў - беларускай, рускай і іншых - ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. А магло быць, зыходзячы з палітыкі, якую праводзіў той Вярхоўны Савет, у якім мы служылі з Іосіфам Паўлавічам (Сярэдзічам. - Заўвага БЕЛТА) у свой час".

"Тады ўжо вельмі было палітызавана гэта пытанне, і я лічу добра, што мне ўдалося ўсё ж такі неяк пагасіць у грамадстве напал гэтай спрэчкі па мовах. Не будзем да гэтага вяртацца. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра - час пакажа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, - прадоўжыў ён. - Вы ведаеце, я не магу сказаць "не" і не магу сказаць "так", таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. Не толькі сям'я Алега Трусава ці ваша, ці мая і гэтак далей, а сапраўды будуць жадаючыя там атрымліваць адукацыю на беларускай мове", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Так, я і вас бы рэктарам там назначыў - не праблема. Марзалюк (Ігар Марзалюк - старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага БЕЛТА) таксама вельмі добра ведае беларускую мову. Можна: вы прарэктар, ён рэктар. Таму трэба прапрацаваць гэта пытанне. Гэта нават было б нядрэнна".

"Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ну не трэба!"

"Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Вы камусьці падарунак зробіце", - падкрэсліў ён.

"Не спяшайцеся! Руская мова - гэта вялікае і гэта наша, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ж вам расказваў прыклад, калі мне Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін гаворыць: дзякуй табе за тое, што ты так ставішся да рускай мовы. Я кажу: гэта наша мова, яна ў нас дзяржаўная нараўне з беларускай. Беларуская - таму што мы нацыя. Гэта прыкмета нацыі, таму ў нас ёсць беларуская мова. Але мы багацейшыя за вас, таму што мы ведаем дзве мовы: беларускую і рускую".

"Трэба ўсё рабіць вельмі асцярожна, вельмі акуратна", - яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уводзіць прыватную ўласнасць на зямлю дачасна - Лукашэнка

 

З пытаннем увядзення прыватнай уласнасці на зямлю спяшацца не трэба, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Не гатовы пакуль для гэтага. Тым больш што аддаём зямлю ў арэнду на працяглы перыяд - калі ласка, ідзі, працуй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кажуць, маўляў, калі зямля будзе ў прыватнай уласнасці, то яе не адбяруць. Ды кіньце: калі вы парушыце закон, то адбяруць, у нас жа ў адпаведнасці з законам вызначана канфіскацыя маёмасці".

Прэзідэнт лічыць лішнім зацыклівацца на пытанні прыватнай уласнасці на зямлю. "У нас ёсць усё для таго, каб працаваць справядліва і сумленна. Калі ты ўзяў зямлю для сельгаспрызначэння ў арэнду - займайся сельскай гаспадаркай, калі ўзяў зямлю пад прысядзібны ўчастак і для абслугоўвання дома - будуй дом і займайся прысядзібным участкам, толькі не хлусі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У нас зямля дагледжаная, усе зайздросцяць. У тым ліку і таму, што яна не ў прыватнай уласнасці".

Лукашэнка гатовы ўвесці мараторый на смяротную кару, калі гэта падтрымае большасць беларусаў

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не мае права адмяніць смяротную кару або накласці мараторый на яе прымяненне, паколькі праведзены ў Беларусі рэферэндум паказаў: большасць насельніцтва падтрымлівае вышэйшую меру пакарання. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгарнуць у грамадстве (у парламенце, партыях, грамадскіх аб'яднаннях) дыскусію па гэтым пытанні, каб вывучыць усе за і супраць. "І калі мы потым у грамадства спытаем, і людзі прагаласуюць большасцю супраць смяротнай кары, я ў гэты ж дзень падпішу па выніках гэтага рэферэндуму", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я падпісваю кожны ўказ па смяротнай кары. Вы не ўяўляеце, што са мной адбываецца. Я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мне адразу нясуць папку - за што: фатаграфіі, аператыўныя матэрыялы і іншае. Я калі гэта бачу, у мяне кроў стыне ў жылах".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад нядаўнюю крымінальную справу аб магілёўскай бандзе "чорных рыэлтараў", якія некалькі гадоў забівалі людзей, закопвалі іх жывымі ў магілы дзеля кватэр. "Колькі яны загубілі старых... За што?" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, пытанне аб смяротнай кары часта палітызуецца: "Я часта кажу еўрапейцам: давайце пачнём з Амерыкі. Вы іх прымусіце адмяніць смяротную кару. І іншых, у каго грошы вялікія бераце, з кім абдымаецеся. Давайце з іх пачнём. Вось яны, двайныя стандарты".

Прэзідэнт нагадаў, што ў Расіі даўно было прынята рашэнне ўвесці мараторый на смяротную кару, аднак у краіне з часам сталі шкадаваць аб гэтым. Цяпер адмяніць яго там не адважваюцца па шэрагу прычын. "Так, сапраўды, можа, дрэнна, што мы на гэтым кавалку зямлі адны апынуліся ў такой сітуацыі. А можа, мы маем рацыю? Тыя, хто гэта ўвялі, сёння гатовы адмяніць такі мараторый, але не ведаюць, як гэта зрабіць".

Ніякіх лагераў для бежанцаў у Беларусі не будавалі і будаваць не будуць - Лукашэнка

 

"Часам гляджу на Еўропу, і балюча становіцца ад таго, што там адбываецца, і за тых кіраўнікоў. Стогнуць, плачуць, дзеляць гэтых беглякоў - па 500, па тысячы чалавек, а Прыбалтыка і краіны Усходняй Еўропы ўпіраюцца - не, не пусцім тысячу чалавек. А мы з Украіны, і не толькі, прынялі амаль 170 тыс. чалавек. Мы як да гэтага паставіліся? Я падпісаў указ, і мы ім прадаставілі ўсе ўмовы як беларусам. Думаеце, нам лёгка гэта было, а яны там за тысячу спрачаюцца. Давайце разам працаваць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму, якая прагучала ў СМІ, маўляў, Беларусь стварае лагеры для бежанцаў, 7 млн (еўра. - Заўвага БЕЛТА) Еўрасаюз выдзеліў. "Дакладвае мне камандуючы пагранвойскамі, я яму кажу - якія лагеры ствараеш? Ён адказаў - калі б хоць адзін лагер будавалі, мы адразу б вам далажылі як галоўнакамандуючаму. Дык што маецца на ўвазе? Мы, гаворыць, папрасілі ў Еўрасаюза, калі вы хочаце з намі па міграцыйнай тэме супрацоўнічаць, дайце нам грошай (тое, што я заўсёды гаварыў - плаціце, тады мы будзем вас неяк абараняць), і мы хочам пабудаваць ізалятары часовага ўтрымання на граніцы, калі мы затрымліваем, каб яны хаця б у чалавечых умовах там знаходзіліся, пакуль вырашым, што з імі рабіць", - расказаў Прэзідэнт.

"Добра, думаю, цывілізаваныя людзі, заўсёды ёсць нейкія пункты знаходжання і іншае, гэта тады, калі ў нас будзе дагавор аб рэадмісіі - ад Расіі да Кітая і Афганістана, не толькі з Захадам. Вось дамовіліся, яны нам выслалі людзей, якія быццам бы праз нашу граніцу з Еўрасаюзам перайшлі, мы іх пасялілі ў гэтыя лагеры, не ведаем, што з імі рабіць. Дагавор павінен быць з тымі, адкуль яны прыйшлі, каб мы маглі іх узяць і туды адправіць. Толькі ў такім выпадку я магу разгледзець пытанне. Там яшчэ дэталі павінны быць, таму мы нават не наблізіліся да гэтай тэмы. А для таго каб на пагранічных заставах, пагранічных атрадах ствараць гэтыя пункты для іншаземцаў, і паабяцалі 7 млн. Скажыце, што ў гэтым дрэннага? Усё роўна мы затрымлівалі і будзем затрымліваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Але ніякіх лагераў па прыёме бежанцаў мы ніколі не будавалі і будаваць не будзем", - запэўніў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ні ў якім выпадку не пойдзе на тое, каб "стварыць тут нейкі адстойнік, гэтага ніколі не будзе".

Лукашэнка анансаваў вялікую нараду па ЖКГ

 

На нарадзе будзе разгледжаны вопыт Мінска па рэфармаванні сістэмы ЖКГ. "Мінчане нам даложаць, як яны выканалі маё даручэнне па рэфармаванні ЖКГ. І ў залежнасці ад гэтага мы пойдзем па ўсёй краіне пераймаць гэты вопыт. Але пакуль, мне здаецца, у Мінску не вельмі варушацца. І былога міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Андрэя Шорца. - Заўвага БЕЛТА) я назначыў на Мінск, каб вырашыць гэту праблему. Пакуль ажыўлення вялікага няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адносна павышэння кошту жыллёва-камунальных паслуг Прэзідэнт сказаў, што ў пачатку 2017 года яно склала $5 у эквіваленце.

"Мне не хацелася б ламаць існуючую сістэму. Гэта будзе балюча для людзей. Пакуль мы гэту зламаем, потым выбудуем новую, і яшчэ не вядома, што атрымаецца. Можа, яна і архаічная, але яна працуе. І людзі ў нас у адрозненне ад некаторых суперрыначных краін, якія ўчора з намі разам былі, жывуць і не скардзяцца. Так, хацелася б большую зарплату, хацелася б, каб ствараліся рабочыя месцы, можа, больш хуткімі тэмпамі. Але ніхто нас не папракне, што мы гэтага не робім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб знешняй палітыцы

 

Лукашэнка: у нас няма іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку

 

"У нас няма іншага лёсу, як будаваць нашу знешнюю палітыку як шматвектарную, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта было маё строгае патрабаванне - шматвектарнасць палітыкі, я хутчэй інтуітыўна гэта адчуў".

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што "ў нас не ўсё атрымалася з гэтай шматвектарнасцю".

"Вы гэта ведаеце, не хачу паўтарацца - ляцелі на адным крыле. Куды прыляцелі - таксама ведаеце. Таму мы, знаходзячыся сёння ў эпіцэнтры (нават не ў цэнтры Еўропы) гэтага еўразійскага кантынента, не маем іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - На народнай мове гэта традыцыйныя, згодна з нашым менталітэтам паняцці - мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі. Нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя. Таму што гэта нашы суседзі. Кропка. Больш нічога не трэба гаварыць, хоць можна паставіць коску і пералічыць многае".

"Што датычыцца далей вектараў - у нас адкрытая эканоміка. Што нам рабіць? Калі маглі б нашым суседзям прадаць усё (што вырабляецца ў краіне. - Заўвага БЕЛТА), каб нармальна жыць (45 працэнтаў або палавіну), тады не трэба ехаць на гэту далёкую дугу, як мяне нядаўна крытыкавалі некаторыя - чаго паехаў у Егіпет, Судан, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Лабіраваць сваю прадукцыю паехаў, як бы ні сорамна гэта было гаварыць. Іду туды, дзе адкрыты дзверы. Дзякуй богу, апошнім часам дзверы адкрылі многія, вось туды і едзем. І ні адна паездка Прэзідэнта стратнай не была".

Лукашэнка: выхад Беларусі з ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы - поўны вымысел

 

Прэзідэнт адзначыў, што такая інфармацыя з'яўляецца, таму што ёсць людзі, якім гэта выгадна, яны радуюцца распаўсюджванню такіх звестак.

"Што датычыцца пасяджэння саюзнага Савета Міністраў, Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, паездкі на саміт ЕАЭС, маё было дакладнае разуменне і патрабаванне ў гэтым плане: аб чым гаварыць, калі не вырашаюцца пытанні, аб якіх мы дамовіліся?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Іх трэба вырашыць, паколькі мы ў ганьбу ператвараем гэтыя ўсе пасяджэнні Саюзнай дзяржавы. Пытанні не вырашаюцца, а мы засядаем. Аб чым размова? Трэба вырашаць іх", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь ніколі не была супраць інтэграцыйных праектаў, а выступала ініцыятарам усіх іх.

"Мы рыхтуем вельмі шырокую інфармацыю (працуе цэлая група вучоных, спецыялістаў) па беларуска-расійскіх адносінах. Я помню, як пачынаўся Мытны саюз... Чаму мы туды пайшлі? Мы разлічвалі, што гэты саюз будзе заснаваны на раўнапраўі, будуць створаны роўныя ўмовы. Гэта галоўнае, без гэтага не бывае саюза. Калі няроўныя ўмовы, то навошта туды ісці, дзеля чаго?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Лукашэнка растлумачыў, чаму не падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС

 

"Я не падпісаў Мытны кодэкс, таму што многае, што павінна было быць, не працуе. Больш таго, я даручыў адклікаць асноўных нашых спецыялістаў з мытных органаў. Без вырашэння праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэкса і іншых пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, калі Беларусь хочуць бачыць у інтэграцыйных структурах, краіны-ўдзельніцы павінны прыстойна сябе паводзіць у адносінах адзін да аднаго, падтрымліваць адзін аднаго і не ствараць дадатковых перашкод. "Ці ж гэта добра, што мы ў ЕАЭС за 2015 год упалі ў тавараабароце на 40 працэнтаў, а ў мінулым годзе яшчэ 18 дабавілі. Амаль 60 працэнтаў - гэта нармальна? У Казахстан мы амаль нічога не пастаўляем, а з Расіяй вы бачыце, якія адносіны. Таму трэба нам знаходзіць шляхі аднаўлення гэтых адносін. Мы да гэтага гатовы, акуратна і добрасумленна, без нацягвання коўдры на сябе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка пракаменціраваў ход перагавораў з МВФ па новай праграме

 

Адным з пытанняў, што абмяркоўваецца з міжнароднымі экспертамі, з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Пітэр Долман (кіраўнік місіі МВФ па Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) спачатку не ўспрымаў наогул Беларусь. Цяпер два пытанні засталіся, адно з іх - дзяржуласнасць. І тое, яны толькі пытаюцца аб перспектывах дзяржпрадпрыемстваў, не кажуць парэзаць іх на кавалкі, раздаць і прадаць. Калі я ім растлумачыў, што адбудзецца, калі мы аб'явім аб продажы прадпрыемстваў, і дзе яны апынуцца, яны ўжо не ставяць гэта пытанне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Калі я цяпер гэтыя прадпрыемствы выстаўлю на продаж, кожны з вас 100 працэнтаў адкажа, дзе яны апынуцца, хто іх купіць. Я ж адказваць буду перад народам. Пра Яраслава Раманчука могуць нават забыць, што ён мне гэта раіў зрабіць, а я ў гісторыі назаўсёды застануся, калі, як у суседніх некаторых нашых дзяржавах, "прыхватызацыя" адбудзецца. І, больш таго, гэтыя прадпрыемствы не ў нашых людзей у руках апынуцца, калі гэта будзе сумленна і рыначна", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму пытанне ў тэрмінах - я хачу па-людску, па-чалавечы, а вы хочаце вось гэтак - "секану і ўсё". Так, можа, будзе хутчэйшы эфект... Хоць Расія гаворыць аб тым, што не атрымалася, калі вось гэтак агулам шокавую тэрапію правялі. Можа, хутчэй. Але ці вытрымаюць людзі? - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Таму я аптымізую, але ўсё не так хутка".

"Справа не ў тым, што Лукашэнка закасцянеў і не ведае, што рабіць. Мы ўсё робім, але розніца ў тым, што гэта нельга зрабіць адным махам. Перш за ўсё я бачу тут лёсы людзей", - заявіў Прэзідэнт.

Беларусь не імкнецца ў НАТА - Лукашэнка

 

"Мы ў НАТА не імкнёмся. Мы свята беражом нашу дамоўленасць аб абароне нашай прасторы, як я заўсёды гавару, нашай Айчыны - Беларусі і Расіі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прадаўжаючы тэму адносін з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я хацеў бы, каб гэты канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся да нізоў. Таму, я вас вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян, яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, і не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць, а народы застаюцца - гэта галоўнае".

"Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся. А то з'яўляецца: вось быццам войскі ўвядуць, акупіруюць. Ніхто нас не акупіруе, ніхто да нас войскі не прывядзе, ніякай вайны не будзе. Мы будзем абараняць сябе і сваю незалежнась, мы хочам "людзьмi звацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падтрымаў ідэю правядзення міжнароднай канферэнцыі па Беларусі

 

"Абсалютна вас падтрымліваю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі палічыце патрэбным, каб я там пабываў, - калі ласка, знайду дзве-тры гадзіны, каб прыехаць на канферэнцыю, перагаварыць з людзьмі, пачуць нейкае іншае меркаванне".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэту канферэнцыю маглі б прыехаць і тыя людзі, "якія некалі крытыкавалі нас", якія з недаверам ставіліся. "Няпраўда, што мы не пускаем тых людзей, якія нас дзесьці крытыкуюць або дрэнна гавораць, - не мая пазіцыя. Нават на чэмпіянат свету практычна ўсіх пусцілі. Калі яны сумленныя, паедуць з іншым меркаваннем. Няхай мы недзе недацягваем, але ў нас прыгожая краіна, у нас цудоўныя людзі. Няхай яны гэта ўбачаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што ён не прытрымліваецца пазіцыі ізаляцыянізму. "Гэта не мая палітыка - забараняць і не пускаць. Забаронамі ты нічога не даб'ешся", - сказаў ён. Галоўнае - без зняваг, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прапанову аб правядзенні канферэнцыі выказаў палітолаг Яўген Прэйгерман. Ён адзначыў, што адна з праблем Беларусі ў сістэме міжнародных адносін у тым, што то з Захаду, то з Усходу на рэспубліку глядзяць з пазіцыі чужых інтарэсаў. У сувязі з гэтым, магчыма, мела б сэнс завесці традыцыю, як гэта робяць у многіх іншых дзяржавах, раз у год праводзіць вялікую міжнародную канферэнцыю з удзелам кіраўніка дзяржавы. На гэтай канферэнцыі не толькі беларускія, але і вядучыя міжнародныя эксперты, якія пішуць і гавораць пра Беларусь, маглі б з першых вуснаў чуць пазіцыю дзяржавы.

Лукашэнка просіць Літву не палітызаваць пытанне будаўніцтва БелАЭС

 

"Я літоўцам гавару: навошта вы ваюеце супраць нас? Мы ж не крычым, што ў вас небяспечная Ігналінская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай бог што здарыцца, гэта ж горшая станцыя ў свеце! Мы вас разумеем і не крычым", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што БелАЭС гатова прыняць на работу літоўскіх спецыялістаў, якія вызваліліся, сюды гатовы прыехаць і пераязджаюць працаваць мноства людзей. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусі электраэнергію гатовы прадаць Літве па нармальных цэнах. "Яны згаджаюцца, а потым на публіцы пачынаюць палітызаваць гэта пытанне. Але палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю справу зробіць: калі з'явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах і агрэгатах станцыі ўжо ўдалося аптымізаваць затраты на сотні мільёнаў долараў, сказаў ён. "Сямашка (намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) адказвае за кожны болт і гайку", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што станцыю будуе Расія - ядзерная краіна. І ў яе інтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый - самае бяспечнае. Беларусь жа зацікаўлена ў бяспечнасці гэтай АЭС больш, чым хтосьці: у постчарнобыльскай краіне людзі ставяцца да пытанняў бяспекі вельмі сур'ёзна. Таму калі здарыўся выпадак з рэактарам, без размоў было прынята рашэнне яго замяніць, нагадаў кіраўнік дзяржавы

Лукашэнка аб выбудоўванні адносін з Захадам: хачу, каб убачылі ў Беларусі незалежную суверэнную дзяржаву

 

"Хачу, каб убачылі ў Беларусі суверэнную, незалежную дзяржаву, больш нічога ад Захаду не хачу", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Адно з зададзеных Прэзідэнту пытанняў датычылася двухбаковых адносін з Германіяй. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь закупляла нямала нямецкага абсталявання для прадпрыемстваў, выкарыстоўвала германскія крэдыты, сёння нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізуюцца за кошт гэтага.

"Мы вельмі хацелі б перайсці на адкрыты дыялог і дамовіліся, нарысавалі пэўную дарожную карту, як жыць будзем далей, - сказаў Прэзідэнт. - Мы высокатэхналагічная краіна, вы - супервысокатэхналагічная, немцы далёка наперад пайшлі. Нам патрэбны высокія тэхналогіі, энергазберагальныя, рэсурсазберагальныя, і мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Больш таго, ведаю, немцы хацелі б паўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў. У нас не забаронена прыватызацыя любога прадпрыемства, але я выклаў свае падыходы, дакладна так як бачу іх у адносінах да Расіі. Трэба садзіцца і дагаворвацца".

Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі з'явілася шмат прадстаўнікоў нямецкіх дзелавых колаў. "Я з некаторымі з іх сустракаўся, і мы цяпер вядзём перагаворы па стварэнні новых прадпрыемстваў, - расказаў Прэзідэнт. - Таму я хачу, каб вы нарэшце ўбачылі ў Беларусі сучасную незалежную дзяржаву і ўсё, што з гэтага вынікае. Больш я нічога ад Захаду не хачу. А калі вы думаеце, што Лукашэнка развярнуўся і пайшоў на Захад, слухайце, гэта для наіўных. Я разумею: ніхто мяне там не чакае, я абсалютна нікому там не патрэбны, як і Беларусь з нейкім канкурэнтным таварам там таксама не патрэбна. Там ёсць Германія, Францыя... Давайце нармальныя адносіны падтрымліваць і вырашаць праблемы, з якімі сутыкнуліся. Можа, мы вам у нечым будзем карыснымі".

Зняцце Захадам санкцый надасць дадатковы імпульс эканоміцы - Лукашэнка

 

"Мы не заслугоўвалі санкцый. Знялі іх - добра. Мы пачалі дамаўляцца, напрыклад, па тэкстылі і г.д. Мы хочам, каб наша эканоміка не тое што ўздыхнула за кошт Захаду, але хаця б дадатковы глыток яна павінна атрымаць", - сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што запатрабуе немалых намаганняў прасоўванне на заходнія рынкі прадукцыі айчыннага машынабудаўнічага, а таксама нафтахімічнага комплексу і іншай.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі лічыць першачарговым пытаннем фінансаванне. "На Захадзе вялікая колькасць грошай, і калі б мы маглі падкрэдытоўвацца там хаця б пад сярэдні невялікі працэнт, гэта для нас было б добра. Гэта значыць, мы змаглі б атрымаць больш танныя грошы. Працуем цяпер па розных напрамках, такая магчымасць ёсць, яна адкрываецца. Што ў гэтым дрэннага?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь разлічвае на прыцягненне $700 млн кітайскіх рэсурсаў для малога і сярэдняга бізнесу

 

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваў аб перагаворах з КНР па прыцягненні $700 млн для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. "Думаю, мы дамовімся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І нейкую суму - па патрэбнасці - будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бізнес і г.д.)".

Беларусь поўнасцю разлічылася па дзярждоўгу ў 2016 годзе - Лукашэнка

 

"Не ведаю, чаму вы гаворыце адразу аб рэфінансаванні. Калі гэта трэба, мы будзем аб гэтым думаць. Але пакуль мы разлічваем у бягучым годзе сваімі сіламі колькі трэба, столькі і заплаціць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"У мінулым годзе мы поўнасцю разлічыліся па даўгах, лічу, будзе гэта і ў бягучым годзе", - адзначыў ён.

"Але калі трэба рэфінансаваць, то будзем рэфінансаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Шанцы Беларусі і Латвіі прыняць ЧС-2021 па хакеі вялікія - Лукашэнка

 

"Паводле апошніх даных, шанцы атрымаць чэмпіянат свету вельмі вялікія, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Адзін з маіх сяброў, які мае непасрэднае дачыненне да хакея ў Латвіі, расказаў, што там ёсць людзі на дзяржаўным узроўні, а таксама бізнес, якія гатовы пайсці ў звязцы і падаць сумесную заяўку ў выпадку падтрымкі з боку Прэзідэнта Беларусі. Прапанова прыйшла з Латвіі і не афішыравалася". Кіраўнік дзяржавы сказаў, што падумаў і згадзіўся з такой прапановай. "Цяпер ідзе гэты працэс, і верагоднасць таго, што чэмпіянат свету можа быць тут, такая ж, як і ў іншых краінах-прэтэндэнтах, нават, магчыма, крыху вышэйшая", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў выказаў меркаванне, што правядзенне сумесна дзвюма краінамі чэмпіянату прыцягвае больш балельшчыкаў. Гэта значыць кожны бок прымае ў сябе больш папулярныя на яе тэрыторыі каманды.

Ён дапоўніў, што ў выпадку сумеснай арганізацыі ЧС з латвійскім бокам дасягнута прынцыповая дамоўленасць. Спецслужбамі абедзвюх дзяржаў будзе забяспечаны суцэльны трансгранічны калідор так, каб балельшчыкі, удзельнікі, афіцыйныя асобы без віз, без асаблівых надглядаў, але з адпаведным узроўнем бяспекі маглі перасякаць граніцу ў любым напрамку ў час сусветнага форуму столькі разоў, колькі спатрэбіцца.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий