Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: вылучэнне кандыдатаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: вылучэнне кандыдатаў

13 июля 2016 - Administrator
article2566.jpg

 Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання пройдуць у Беларусі 11 верасня. Працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачаўся 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна. Вылучэнне кандыдатаў магчыма ад палітычных партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

Міжнародныя арганізацыі праяўляюць вялікую цікавасць да выбарчай кампаніі ў парламент Беларусі

Аб гэтым заявіў у Гродне на навучальным семінары для старшынь і членаў абласной і акруговых выбарчых камісій сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.


"Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у асаблівых умовах. Яны звязаны ў першую чаргу з пільнай увагай міжнародных структур і арганізацый, якія імкнуцца наладзіць не толькі эканамічныя, але і палітычныя сувязі з Рэспублікай Беларусь. Наш крок у адказ - паказаць, што выбары і іншыя палітычныя працэсы ў нас праходзяць ліберальна, дэмакратычна, адкрыта і галосна, - лічыць Мікалай Лазавік. - Мы запрашаем прыняць удзел у назіранні за выбарамі міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў нават тых арганізацый, у якіх Беларусь не ўдзельнічае".

Другой асаблівасцю выбарнай кампаніі з'яўляюцца працэдурныя новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу.

У заканадаўства ўнесены змяненні, якія датычацца і арганізацыі выбараў, і іх фінансавання, інфармавання выбаршчыкаў. "Лічу, што цяперашняя выбарчая кампанія будзе інфарматыўна больш насычанай", - адзначыў ён.


У іншым рэчышчы прайшло фарміраванне тэрытарыяльнай і акруговых камісій. "Кожная кандыдатура на іх абмяркоўвалася, праводзілася рэйтынгавае галасаванне, і сёння складана прад'явіць нейкія прэтэнзіі органам, якія фарміруюць камісіі, у плане галоснасці і дэмакратычнасці. Кожны, хто мае ў адпаведнасці з законам права прапаноўваць кандыдатуры ў склад выбаркамаў, гэтым правам мог скарыстацца, быў запрошаны на пасяджэнне аблвыканкама і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, мог выказаць сваё меркаванне. Спадзяюся, гэтак жа дэмакратычна пройдзе фарміраванне ўчастковых камісій і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты", - сказаў Мікалай Лазавік.


Беларусь трымае курс на максімальную дэмакратызацыю і адкрытасць выбарчага працэсу - Лазавік

Аб гэтым паведаміў у Віцебску журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Гаворачы аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік звярнуў увагу на тое, што гэтыя парламенцкія выбары пройдуць ва ўмовах змененага выбарчага заканадаўства і з арыентацыяй на рэалізацыю рэкамендацый міжнародных арганізацый і ў першую чаргу АБСЕ. "Мы ўзялі курс на максімальную дэмакратызацыю і адкрытасць выбарчага працэсу. Такая ўстаноўка дадзена арганізатарам выбараў па ўсіх абласцях. І я павінен у гэтым кантэксце з добрага боку адзначыць Віцебскую вобласць. Тут арганізатары паказалі прыклад, як трэба працаваць, каб зняць непатрэбныя абмежаванні і забароны. Чым менш забарон - тым больш свабодна могуць працаваць і члены ініцыятыўных груп, і агітатары, і самі кандыдаты ў дэпутаты", - сказаў сакратар ЦВК.


Тэрытарыяльныя выбаркамы часткова будуць адыгрываць ролю ЦВК - Лазавік

Мікалай Лазавік падкрэсліў, што ў любой выбарчай кампаніі абласное звяно адыгрывае вельмі важную ролю. "Раней на парламенцкіх выбарах абласных камісій у нас не было. Былі ўчастковыя, якія працавалі з выбаршчыкамі, і акруговыя, якія працавалі непасрэдна з кандыдатамі. Цэнтральная камісія ў цэлым арганізоўвала працэс. Але абласное звяно таксама было задзейнічана, паколькі менавіта на гэтым узроўні размяркоўваюцца фінансы, кантралюецца выкананне выбарчага заканадаўства. У аблвыканкамы прыходзяць некаторыя пытанні па забеспячэнні дзейнасці камісій і кандыдатаў у дэпутаты", - растлумачыў Мікалай Лазавік. Таму пры ўнясенні змяненняў у выбарчае заканадаўства ў снежні 2013 года было прынята рашэнне сфарміраваць Мінскую гарадскую і абласныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якія ўзялі на сябе частку функцый ЦВК і частку функцый акруговых камісій.

"Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі займаюцца пытаннямі фінансавання выбарчага працэсу, кантролю над выкананнем заканадаўства, разглядам скаргаў. Гэтыя выбаркамы будуць выконваць ролю ЦВК, паколькі асноўны паток пісем, скаргаў, зваротаў будзе разглядацца на ўзроўні тэрытарыяльных выбаркамаў, а калі хтосьці будзе скардзіцца далей, то наступная інстанцыя - абласны суд", - адзначыў сакратар ЦВК.

Адказваючы на пытанне аб зваротах, якія паступаюць у выбаркамы, Мікалай Лазавік адзначыў, што скаргі заўсёды былі, ёсць і будуць. "Але ёсць адна асаблівасць - 70 працэнтаў гэтых скаргаў не звязана з выбарамі. Яны датычацца нейкіх жыллёвых, сацыяльных, юрыдычных пытанняў. Шмат пісем з просьбай растлумачыць выбарчае заканадаўства. Ніводную скаргу, ніводнае пісьмо мы не пакідаем без увагі. Калі скарга або зварот не датычыцца выбараў, то мы адпраўляем іх непасрэдна ў той дзяржорган, які павінен займацца вырашэннем пастаўленага пытання", - рэзюмаваў сакратар ЦВК.


Шанцы на ўдзел у выбарчай гонцы вышэйшыя ў тых, хто вылучаецца шляхам збору подпісаў - Лазавік

Сур'ёзныя палітыкі, якія маюць намер змагацца за дэпутацкі мандат, будуць вылучацца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў грамадзян. Такім меркаваннем падзяліўся ў Віцебску з журналістамі сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

"Паводле закона, кандыдат у дэпутаты можа быць вылучаны ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі і шляхам збору подпісаў. Сур'ёзны палітык, які мае намер змагацца за дэпутацкі мандат, абавязкова скарыстаецца спосабам збору подпісаў. Таму што ў час гэтага працэсу ён сустракаецца з выбаршчыкамі, вывучае іх меркаванні, выслухоўвае наказы і тым самым значна павышае свае шанцы на выбранне. Сур'ёзныя прэтэндэнты будуць актыўна займацца зборам подпісаў і для таго, каб данесці сваю праграму да выбаршчыкаў і атрымаць ад іх зваротную рэакцыю ў выглядзе наказаў", - падкрэсліў Мікалай Лазавік.


Акрэдытацыю наглядальніка за парламенцкімі выбарамі ўжо атрымалі 32 прадстаўнікі структур СНД

На 7 ліпеня Цэнтрвыбаркам Беларусі ўжо акрэдытаваў 32 міжнародныя наглядальнікі за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання ад структур СНД, паведаміла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына перад семінарам-вучобай членаў акруговых выбаркамаў Мінскай вобласці па пытаннях выбарчай кампаніі ў парламент.

"Ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў ужо акрэдытаваны 32 наглядальнікі", - расказала Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што міжнародныя наглядальнікі ад СНД будуць працаваць у складзе адной місіі. Пры гэтым яны прадстаўляюць тры розныя арганізацыі: Выканаўчы камітэт СНД, Парламенцкую асамблею СНД і Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі.


Ярмошына перасцерагае ад фармалізму пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій

Фармальны падыход пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій недапушчальны. Аб гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла 7 ліпеня ў час семінара-вучобы членаў акруговых выбаркамаў Мінскай вобласці па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання.

Семінар праходзіў у Мінскім аблвыканкаме. Лідзія Ярмошына размаўляла з членамі акруговых выбарчых камісій Мінскай вобласці пры дапамозе відэасувязі. Адной з асноўных тэм размовы стала фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій, што, на думку старшыні ЦВК, з'яўляецца больш важным і складаным працэсам, чым фарміраванне акруговых выбаркамаў. "Прашу вас правесці гэтыя пасяджэнні не фармальна. Усе кандыдатуры, якія вылучаюцца ў склады ўчастковых выбарчых камісій, павінны абмяркоўвацца", - звярнула ўвагу членаў акруговых выбаркамаў кіраўнік ЦВК. Паводле яе слоў, там, дзе няма конкурсу на ўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі, неабходна сцісла ахарактарызаваць кожную кандыдатуру, пасля чаго можна правесці галасаванне спісам.


Пры наяўнасці конкурсу неабходна прадстаўляць не толькі кароткія характарыстыкі, але таксама праводзіць галасаванне па кожнай кандыдатуры асобна, каб было зразумела, за каго прагаласавалі. У далейшым гэта можа з'яўляцца доказам у судзе ў выпадку абскарджання рашэнняў выканаўчых камітэтаў грамадзянамі або партыямі, прадстаўнікі якіх не трапілі ў склады ўчастковых выбарчых камісій. "Я разумею, што такі падыход патрабуе намнога больш часу. Тады правядзіце пасяджэнне, напрыклад, на працягу двух дзён, але яно павінна адбыцца менавіта ў такім парадку, і ні ў якім іншым. Ніякага спрашчэння!" - запатрабавала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына нагадала аб абяцанні, дадзеным міжнародным наглядальным структурам, перш за ўсё АБСЕ, па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта. "Зразумейце, калі штосьці будзе праведзена не так, гэта потым абавязкова трапіць у падагульняючае заключэнне наглядальнікаў. Нічога не застаецца без увагі", - асабліва падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

У ходзе семінара яна расказала, што максімальны склад участковай выбарчай камісіі можа ўключаць 19 членаў, мінімальны - пяць. "Вы ўжо самі на месцы вызначаеце, якую камісію ўтвараць, але вам абавязкова павінна хапіць выдзеленых на яе сродкаў. Сярэдняя колькасць участковых выбарчых камісій - 15 чалавек", - звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына. У адпаведнасці з заканадаўствам участковыя выбарчыя камісіі павінны быць утвораны не пазней за 27 ліпеня.


Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначыла, што Мінскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў з поспехам вытрымалі экзамен па ўтварэнні акруговых і Мінскай абласной выбарчых камісій. "Пасяджэнне прайшло дэмакратычна, свабодна. Былі выкананы ўсе рэкамендацыі Цэнтральнай камісіі па рэйтынгавым, канкурэнтным галасаванні па кожнай кандыдатуры ў склад аблвыбаркама. Гэта пасяджэнне ўжо атрымала высокую ацэнку міжнародных наглядальнікаў з Выканкама СНД, якія прысутнічалі на ім. Членам акруговых камісій ёсць на каго раўняцца. Лічу, што вы можаце атрымліваць кансультацыі непасрэдна ў вашым вышэйстаячым органе, а не толькі звяртаючыся ў ЦВК", - адзначыла ў звароце да членаў акруговых камісій Лідзія Ярмошына.


Палітычная барацьба на парламенцкіх выбарах будзе даволі вострая - Ярмошына

Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на сайце ЦВК.

Лідзія Ярмошына адзначыла актыўны ўдзел партый, асабліва тых, якія адносяць сябе да апазіцыйнага лагера, у вылучэнні кандыдатаў шляхам збору подпісаў. "Мы можам меркаваць, што палітычная барацьба на маючых адбыцца выбарах будзе даволі вострая і выбаршчыкі з цікавасцю змогуць сачыць за гэтай выбарчай кампаніяй", - лічыць старшыня ЦВК.

Яна нагадала, што на гэты момант у краіне зарэгістравана і збіраюць подпісы 256 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Большая частка тых, хто паспрабуе вылучыцца такім чынам, - беспартыйныя. У той жа час больш як 90 чалавек - гэта прадстаўнікі партый, звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.


ЦВК Беларусі: зарэгістраваны 304 ініцыятыўныя групы

Зарэгістраваны 304 ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, гаворыцца на сайце ЦВК.

Усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 479 заяў аб рэгістрацыі такіх груп. Прыём заявак завяршыўся 7 ліпеня. Як растлумачыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, колькасць зарэгістраваных груп можа яшчэ змяніцца, паколькі на разгляд заяў адводзіцца пяць дзён пасля заканчэння іх прыёму. Колькасць пададзеных жа заявак ужо канчатковая.

Больш за ўсё заявак паступіла ў Мінску - 139 (77 зарэгістравана), а менш за ўсё ў Віцебскай вобласці - 48 (37 зарэгістраваны). Сярод вылучэнцаў, групы якіх зарэгістраваны, 201 беспартыйны і 103 члены палітычных партый. Больш за ўсё такім чынам вылучаецца прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі (24 чалавекі). Далей ідуць: Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" - 16, Партыя БНФ - 16, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) - 12, Камуністычная партыя Беларусі - 11, Ліберальна-дэмакратычная партыя - 10, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 7, Беларуская партыя "Зялёныя" - 3, Беларуская патрыятычная партыя - 3, Партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" - 1.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий