Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі

23 января 2018 - Administrator
article3674.jpg

 Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Рэгістрацыя кандыдатаў завяршылася 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць агітацыю: выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі.

У час анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, расказала аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі.

Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі

Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Яна нагадала, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было вылучана 22 712 кандыдатаў. "Засталося на гэты момант 22 278. З ліку выбыўшых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна і 311 (1,37 працэнта) - гэта адмовы ў рэгістрацыі. Такая карціна на гэты момант, вядома, яна будзе змяняцца: нехта будзе ўдзельнічаць, нехта будзе адклікацца", - растлумачыла кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што большасць сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі. "Што да Саветаў самага высокага ўзроўню - абласных, то ў Брэсцкім рэгіёне сем безальтэрнатыўных акруг, або 12,3 працэнта, у Віцебскай вобласці - 22 (36,7 працэнта), Гомельскай - 3 (5 працэнтаў), Гродзенскай - 40 (66,7 працэнта). У Мінскай вобласці тры безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 працэнтаў, а ў Магілёўскай няма ні адной. Прычым там ёсць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс - крыху менш як тры кандыдаты на месца", - расказала яна.

У Мінску таксама няма безальтэрнатыўных акруг. У сярэднім тут на адно месца прэтэндуюць больш як чатыры чалавекі. "Калі гаварыць аб сталічных акругах, дзе больш за ўсё кандыдатаў, то самыя буйныя ў гэтым плане Акадэмічная нумар 48 Першамайскага раёна і Кальварыйская нумар 38 у Фрунзенскім раёне. Тут балаціруюцца па восем кандыдатаў. Далей ідуць Старавіленская акруга нумар 41 па Цэнтральным раёне - сем кандыдатаў. Па шэсць чалавек прэтэндуюць на дэпутацкі мандат у Пляханаўскім, Чыгуначным, Сухараўскім", - удакладніла Лідзія Ярмошына.

Кандыдаты ў дэпутаты адкрылі ўжо 241 рахунак для вядзення агітацыі на мясцовых выбарах у Беларусі

"Больш за ўсё іх у Мінску - 89. Тут, напэўна, кожны трэці кандыдат адкрыў свой рахунак, нават больш. У Магілёўскай вобласці пакуль толькі 9 рахункаў, у Мінскай - 45, у Гродзенскай - 8, у Гомельскай - 42 рахункі. У Віцебскай і Брэсцкай абласцях іх адкрыта 10 і 38 адпаведна", - расказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што рахункі адкрываюць не толькі прэтэндэнты на месцы ў аблсаветах. "Напрыклад, у Брэсцкай вобласці з 38 рахункаў 29, гэта значыць пераважная большасць, адкрылі кандыдаты ў дэпутаты Брэсцкага гарадскога Савета. А сярод кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарсавета гэта зрабіў толькі адзін чалавек. У Гомельскай вобласці больш за ўсё рахункаў - 24 - адкрылі прэтэндэнты на месцы ў Гомельскі раённы Савет. Значыць, тут конкурс будзе больш вострым", - лічыць Лідзія Ярмошына.

Яна звярнула ўвагу, што кандыдаты ў дэпутаты толькі пачынаюць адкрываць рахункі. Кіраўнік ЦВК не выключыла, што яны разлічваюць на вядзенне бясплатнай перадвыбарнай кампаніі, абапіраючыся цалкам на свае каманды і грамадскія аб'яднанні, якія іх падтрымліваюць.

Яўка выбаршчыкаў на мясцовых выбарах у Беларусі можа перасягнуць 60 працэнтаў - ЦВК

"Думаю, што ў цэлым па краіне яўка будзе больш за 60 працэнтаў. У выніку таго, што ў нас ёсць такі інстытут, як датэрміновае галасаванне", - сказала Лідзія Ярмошына. Пры гэтым яна нагадала, што на мясцовых выбарах у Беларусі бар'ер яўкі не ўстаноўлены. "Яны адбудуцца пры любой яўцы, нават калі прыйдзе адзін чалавек. Але, думаю, мы не можам даводзіць сітуацыю да абсурду. Не можа наогул улада лічыцца ўладай, калі яе падтрымалі менш як 20 працэнтаў выбаршчыкаў. Думаю, што больш за 60 працэнтаў - гэта рэальная яўка", - лічыць кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Яна дадала, што для выбаршчыка прывабна аблічча маладога кандыдата ў дэпутаты. Лідзія Ярмошына лічыць, што ўдзел маладых прэтэндэнтаў у выбарчай гонцы ў тым ліку станоўча паўплывае на яўку выбаршчыкаў з ліку іх равеснікаў.

На гэты момант у якасці кандыдатаў зарэгістравана 1 169 маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў, што складае 5,25 працэнта ад агульнай колькасці ўсіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Дыпламаты з Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі гатовы ўдзельнічаць у маніторынгу мясцовых выбараў-2018

Кіраўнік ЦВК адзначыла істотны інтарэс да ўдзелу ў назіранні з боку замежных дыппрадстаўніцтваў. "Пададзены ўжо заяўкі ад пасольства Расійскай Федэрацыі, пасольства Францыі і пасольства Вялікабрытаніі. Лічу, што чарга і за іншымі. Цікавіліся, дарэчы, выбарамі і, магчыма, таксама пададуць заяўкі прадстаўнікі пасольства Кітая ў нашай краіне", - сказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым яна дадала, што міжнародныя наглядальнікі вольныя самастойна выбіраць участкі для назірання. Тэрмін паўнамоцтваў замежнага наглядальніка на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў пачынаецца з 13 лютага і заканчваецца ў асноўны дзень выбараў, 18 лютага, пасля ўстанаўлення рэзультатаў падліку галасоў.

Як паведамлялася БЕЛТА, амерыканскія дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі, ужо выказалі жаданне ўдзельнічаць у кароткатэрміновым маніторынгу мясцовых выбараў - у сувязі з гэтым яны звярнуліся і ў МЗС, і ў ЦВК. Размова ідзе аб дзевяці супрацоўніках амерыканскага пасольства, сярод якіх часовы павераны ў справах.

Пры ЦВК Беларусі акрэдытавана 10 нацыянальных наглядальнікаў

"У вечару мы атрымаем звесткі аб нацыянальных наглядальніках. Толькі ў Цэнтральнай камісіі ўжо акрэдытавана 10 чалавек. Ва ўсе астатнія, думаю, яны будуць найбольш актыўна падаваць дакументы перад пачаткам датэрміновага галасавання, тады ў нас назіраецца рэзкае ажыўленне. Але і цяпер нацыянальныя наглядальнікі ёсць ва ўсіх абласных камісіях, у тэрытарыяльных камісіях гарадоў іх нямала", - сказала Лідзія Ярмошына.

Раней у ЦВК ужо адзначалі інтэнсіўную работу нацыянальных наглядальнікаў у час кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, пры гэтым найбольшую актыўнасць праяўляюць грамадскія аб'яднанні.

У адрозненне ад нацыянальных наглядальнікаў замежныя могуць удзельнічаць толькі ў кароткатэрміновым маніторынгу. На гэты час адпаведныя заяўкі паступілі ўжо ад дыпламатаў з ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і Расіі.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі 18 лютага. 18 студзеня завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць агітацыю: выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі.

Праводзіць электроннае галасаванне дарэчы толькі для тых, хто жыве за мяжой - Ярмошына

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама пракаменціравала выкарыстанне інавацыйных тэхналогій у выбарчых кампаніях. "Электроннае галасаванне, на мой погляд, павінна прымяняцца ў вельмі рэдкіх выпадках. Бачу яго перспектыву толькі для арганізацыі галасавання грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой", - сказала яна.

Лідзія Ярмошына ўпэўнена, што ніколі не трэба адмаўляцца ад дэмакратычных традыцый, а менавіта ад неабходнасці прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі, дзе яны могуць сустрэцца з суграмадзянамі, убачыць, як працуе выбарчая камісія.

"Увесь свет так жыве. Краіны старой дэмакратыі пры ўсіх сваіх магчымасцях па-ранейшаму выкарыстоўваюць папяровыя бюлетэні, думаючы аб умацаванні грамадства", - падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

У час некалькіх выбарчых кампаній ЦВК запрашала грамадзян на ўчасткі для галасавання па SMS. У гэтым годзе такія паведамленні рассылацца не будуць - ЦВК страціла на гэта права. "Змянілася заканадаўства, якое рэгулюе прадастаўленне паслуг мабільнай сувязі. Цяпер правам рассылаць бясплатныя паведамленні карыстаецца толькі МНС. Але мы, адразу ж магу сказаць, не будзем з гэтым мірыцца. І пры ўсякім планавым змяненні выбарчага заканадаўства мы такое права сабе таксама закладзём абавязкова ў закон. Таму што ад гэтага адмаўляцца не трэба", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

ЦВК не разглядае магчымасць пераходу да збору подпісаў на планшэтах

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі ў БЕЛТА назвала перспектыву пераходу да збору подпісаў з выкарыстаннем планшэтаў малаверагоднай у бліжэйшай будучыні.

Замяніць традыцыйныя папяровыя носьбіты пакуль не ўяўляецца магчымым, сказала кіраўнік ЦВК. "Па-першае, якім чынам будуць ставіцца подпісы выбаршчыка на планшэце? Не ўсе ж выбаршчыкі будуць мець права электроннага подпісу. Па-другое, магчымы любыя маніпуляцыі. Я думаю, гэта самая ненадзейная форма, бо электронныя даныя заўсёды можна знішчыць. Прычым не свядома, а пры дапамозе выпадковага віруса", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Таксама яна чарговы раз адзначыла дачаснасць уводу галасавання за мяжой праз пошту. "Звычайная пошта ставіць пад пагрозу тайну волевыяўлення. Канверт заўсёды мае даныя аб выбаршчыку, бюлетэнь таксама. Дарэчы, Злучаныя Штаты Амерыкі выкарыстоўваюць для грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, галасаванне па электроннай пошце. І яны разумеюць, што тут мае месца парушэнне тайны волевыяўлення, але адзначаюць, што калі выбаршчык ідзе на гэта свядома, то гэта яго праблема", - сказала кіраўнік ЦВК.

Акрамя таго, такі спосаб не дае ніякай эканоміі сродкаў, наадварот, патрабуе стварэння дадатковых умоў. "Аб пераходзе на электроннае галасаванне ў нас наогул пакуль размова не ідзе. Нам бы перайсці хаця б да электроннага рэгістра выбаршчыкаў, тады ўжо можна думаць аб лічбавізацыі далей", - дадала Лідзія Ярмошына.

Арганізоўваць анлайн-трансляцыі з выбарчых участкаў немэтазгодна - Ярмошына

На думку кіраўніка ЦВК, затраты, якія спатрэбяцца на вядзенне трансляцыі на працягу дня і пасля, значна большыя за атрыманы эфект. "Па сутнасці справы, глядзіць гэтыя навіны з участкаў вельмі вузкае кола асоб. Напрыклад, тыя, хто звязаны з медыйнай прасторай", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

"Агульны план участка не дае ацаніць тое, што адбываецца канкрэтна за сталом. Відаць толькі паслядоўнасць дзеянняў выбарчай камісіі, але дэталі не трапляюць у анлайн-трансляцыю. А ў дэталях жа ўся сутнасць. І ці будзе нехта анлайн лічыць колькасць людзей, якія наведалі ўчастак? У нас для гэтага ёсць наглядальнікі", - рэзюмавала старшыня Цэнтрвыбаркама.

ЦВК не выключае магчымых змяненняў выбарчага заканадаўства па рэкамендацыях АБСЕ

Сёння адбыўся візіт спецыяльнага прадстаўніка Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе, кіраўніка дэлегацыі парламента Швецыі ў ПА АБСЕ Кента Харстэда ў Цэнтральную выбарчую камісію. "Зразумела, яго перш за ўсё цікавілі магчымыя змяненні выбарчага заканадаўства на аснове рэкамендацый АБСЕ. Але пакуль мы не гатовы прадаставіць такую інфармацыю, таму што ЦВК не мае заканадаўчай ініцыятывы, наша прапанова адносна рэкамендацый АБСЕ пакуль знаходзіцца на разглядзе кіраўніка дзяржавы. Мы не ведаем аб'ём даручэнняў, якія атрымаем у ходзе разгляду прапановы па змяненні заканадаўства, і якімі яны будуць", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым яна адзначыла, што ўнясенне якіх-небудзь змяненняў з улікам таго, што ў Беларусі выбарчыя кампаніі будуць праводзіцца, відаць, і ў 2019-м, і ў 2020 годзе, тэхнічна магчыма. "Законы рэкамендуецца мяняцца за паўгода да выбараў або за год. Але калі гаварыць аб пераносе выбараў на больш раннія тэрміны - да пачатку выбарчай кампаніі, то ёсць больш як паўтара года. На гэты час даручэнняў такіх няма. Але я ўпэўнена, што гэта не адмова ад змянення закону, а проста абдумванне сітуацыі, стратэгіі, якую вызначае кіраўнік дзяржавы", - рэзюмавала кіраўнік ЦВК.

Пытанне развядзення выбараў 2020 года могуць абмяркоўваць на кансультацыях Прэзідэнт і парламент - ЦВК

Пытанне развядзення па тэрмінах выбараў 2020 года могуць абмяркоўваць на сумесных кансультацыях Прэзідэнт і кіраўніцтва парламента, заявіла сёння старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"Справа ў тым, што пытанне назначэння выбараў Прэзідэнта - гэта пытанне парламента, а пытанне назначэння выбараў у парламент - пытанне Прэзідэнта. Гэта можа ажыццяўляцца шляхам сумесных кансультацый кіраўніцтва парламента з кіраўніком дзяржавы", - растлумачыла Лідзія Ярмошына, гаворачы аб тэхнічным баку развядзення дзвюх палітычных кампаній, якія запланаваны на 2020 год.

Згодна з календаром выбараў і рэферэндумаў, апублікаваным на сайце Цэнтрвыбаркама, прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе павінны прайсці не пазней за 30 жніўня, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў - не пазней за 10 верасня, выбары членаў Савета Рэспублікі - не пазней за 11 верасня.

Раней Лідзія Ярмошына адзначала, што адну з палітычных кампаній мэтазгодна перанесці на больш ранні тэрмін. На яе думку, лістапад 2019 года - "ідэальны перыяд для гэтага".

Ярмошына: кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў памаладзелі і прыбавілі ва ўзроўні адукацыі

За гады выбарчых кампаній кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў памаладзелі і прыбавілі ва ўзроўні адукацыі, паведаміла сёння старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА, адказваючы на пытанне аб тым, як змяніўся партрэт патэнцыяльных кандыдатаў.

"Яны, па-першае, памаладзелі, па-другое, прыбавілі ва ўзроўні адукацыі, асабліва для гарадоў, нават для сельскіх Саветаў, калі яны прыгарадныя. Гэта, увогуле, сельсаветы Мінскага раёна, дзе жывуць гараджане, якія пабудавалі загарадныя дамы і з'яўляюцца ўжо жыхарамі сельскіх Саветаў, хоць на самай справе, па сутнасці, гэта гараджане", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, сучасныя кандыдаты ў дэпутаты - гэта зусім іншыя людзі, якія ўмеюць адстойваць свае інтарэсы і часта выхваляюцца сваёй прававой дасведчанасцю па прынцыпе "я юрыст, і што вы мне тут гаворыце такое?". "Хоць у кожнай галіны заканадаўства ёсць свае спецыялісты, ёсць правілы прымянення, і, зразумела, толькі Цэнтральная камісія мае права растлумачэння закону. Таму, адказваючы на ваша пытанне, зразумела, партрэт кандыдатаў змяніўся, гэта ўжо значна больш гламурныя, напэўна, цяпер у нас кандыдаты ў многім", - лічыць старшыня Цэнтральнай камісіі.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Па выніках вылучэння на 18 тыс. 111 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавалі больш як 22,7 тыс. чалавек. У якасці кандыдатаў з іх зарэгістраваны  22 тыс. 278. Аднак не выключана, што бліжэй да даты выбараў гэта лічба можа зменшыцца.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий