Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 11.10.2015 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 11.10.2015

2 июля 2015 - Administrator
article1794.jpg

 Палата прадстаўнікоў Беларусі назначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка 2015 года

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года. Такое рашэнне 30 чэрвеня прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якое завяршае работу сёмай сесіі.

Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў перад назначэннем гэтай даты, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтых выбарах будзе выкарыстоўвацца такое новаўвядзенне, як фінансаванне перадвыбарных кампаній кандыдатаў за кошт іх фондаў.

"Для гэтага павялічваецца ў тры разы гранічны памер выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты з 3 тыс. да 9 тыс. базавых велічынь. На сённяшні дзень гэта сума складае Br1 млрд 620 млн або каля $105 тыс.", - сказала Лідзія Ярмошына.

 

Пры гэтым знята абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. "Цяпер кандыдат зможа цалкам за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію. Раней ён мог уносіць у склад свайго асабістага фінансавага фонду не больш як 50 базавых велічынь", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што гэтыя фонды дазволена фарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп для фінансавання расходаў па зборы подпісаў. "На наш погляд, такія новаўвядзенні, якія прадастаўляюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх расходаў, якія нясуць кандыдаты або патэнцыяльныя кандыдаты", - сказала кіраўнік ЦВК.

 

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў і ўступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Прэзідэнцкія выбары назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней як за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прынёс прысягу 21 студзеня 2011 года, і адпаведна чарговыя выбары павінны адбыцца не пазней за нядзелю 15 лістапада 2015 года.

 

Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Не мае права быць кандыдатам у прэзідэнты грамадзянін, у якога ёсць судзімасць. Кандыдаты вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Пры гэтым ініцыятыўная група павінна налічваць не менш як 100 чалавек. Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты праводзіць ЦВК. Яна пачынаецца за 35 дзён і завяршаецца за 25 дзён да выбараў. Кандыдат мае права мець да 30 давераных асоб, якія дапамагаюць у правядзенні выбарчай кампаніі, вядуць агітацыю і прадстаўляюць яго інтарэсы ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі, выбаршчыкамі і ў выбарчых камісіях.

Кандыдаты маюць права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання расходаў па перадвыбарнай агітацыі ў памеры не большым за 9 тыс. базавых велічынь. Фонды могуць фарміравацца за кошт уласных грашовых сродкаў кандыдата, добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычных асоб. За кошт сродкаў гэтых выбарчых фондаў можна вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плакаты, лістоўкі і іншыя матэрыялы). У сваю чаргу ЦВК вырабляе агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі аб кандыдатах, а таксама інфармацыйныя матэрыялы аб іх для накіравання выбаршчыкам.

 

Перадвыбарная агітацыя можа праходзіць на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі і на сустрэчах з выбаршчыкамі. Для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі вызначаюць і бясплатна прадастаўляюць памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі. Акрамя таго, кандыдаты і іх давераныя асобы маюць права праводзіць у спрошчаным паведамляльным парадку масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне) для мэт агітацыі ў месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі.

 

Зацверджаны каляндарны план па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Беларусі

Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Беларусі прыняты 1 ліпеня на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама Беларусі.

План складаецца з сямі раздзелаў. У прыватнасці, у адным з іх сказана, што мясцовыя ўлады павінны вызначыць месцы, дзе забаронены збор подпісаў, да 17 ліпеня. Ва ўсіх астатніх месцах пікеты будуць дазволены. Таксама да 17 ліпеня неабходна здаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. Сам збор подпісаў будзе праходзіць з 23 ліпеня па 21 жніўня.

Пры гэтым сакратар ЦВК Мікалай Лазавік удакладніў, што да 23 ліпеня пікеты не будуць лічыцца перадвыбарнымі. Іх правядзенне будзе рэгулявацца законам аб масавых мерапрыемствах.

 

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дадала, што, калі на перадвыбарных пікетах будуць збіраць подпісы не за вылучэнне кандыдата, а з нейкай іншай мэтай, то гэта будзе незаконна. "За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць", - сказала яна.

Акрамя таго, пытанне аб стварэнні выбарчых участкаў павінна быць вырашана не пазней за 9 жніўня. Спісы грамадзян, якія маюць права галасаваць, павінны быць гатовы не пазней за 25 верасня.

Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 6 па 15 верасня, а да 26 верасня на выбарчых участках павінны быць вывешаны плакаты з біяграфічнымі данымі кандыдатаў.

Запрашэнне прыняць удзел у выбарах выбаршчыкі атрымаюць не пазней за 30 верасня.

Не пазней як 22 ліпеня будуць утвораны тэрытарыяльныя выбаркамы, а да 26 жніўня - участковыя. З 22 жніўня па 5 верасня трэба будзе падаць у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў. Не пазней як 5 верасня абласныя і Мінская гарадская камісіі падвядуць вынікі збору подпісаў па кожнай кандыдатуры на сваіх тэрыторыях і прадставяць гэтыя вынікі ў Цэнтрвыбаркам.

Датэрміновае галасаванне пройдзе з 6 па 10 кастрычніка.

 

ЦВК зацвердзіў склад наглядальнага савета па кантролі за агітацыяй у СМІ

Лідзія Ярмошына растлумачыла, што ў склад савета ўвайшлі: галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, генеральны дырэктар агенцтва "Мінск-навіны" Кацярына Дубінская, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты "Советская Белоруссия" Міхаіл Лябедзік, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, галоўны рэдактар газеты "Белорусская нива" Сяргей Міховіч, адказны сакратар Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.

 

"Як паказала практыка, утварэнне наглядальнага савета жыццёва важна для Цэнтральнай камісіі", - адзначыла на пасяджэнні ЦВК яго кіраўнік Лідзія Ярмошына. Менавіта гэты кансультатыўны орган, паводле яе слоў, "змякчае дэманізацыю дзеянняў ЦВК, калі прымаюцца  тыя ці іншыя жорсткія меры".

Скаргі ў савет наконт тых ці іншых публікацый СМІ, якія закранаюць інтарэсы тых ці іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты, можна падаваць з самага пачатку выбарчай кампаніі.

 

Ярмошына: адзін выбаршчык можа паставіць подпіс за вылучэнне любой колькасці кандыдатаў

Адзін выбаршчык можа падпісацца за вылучэнне любой колькасці кандыдатаў, але за аднаго чалавека подпіс можна паставіць толькі адзін раз. Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

Калі ж падпісацца за аднаго прэтэндэнта два разы і больш, то такія подпісы будуць прызнаны несапраўднымі.

 

Лідзія Ярмошына нагадала, што подпісы будуць збіраць з 23 ліпеня на пікетах, па месцы работы і дома. Трэба не забываць правяраць дакументы ў зборшчыкаў подпісаў. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што на папярэдніх выбарах не сустракаліся жулікі, якія працавалі пад выглядам зборшчыкаў подпісаў. Аднак былі такія, якія гаварылі, што збіраюць подпісы за аднаго чалавека, а на самай справе збіралі за іншага.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што кожны выбаршчык можа з 25 верасня прыйсці на свой участак, каб праверыць, ці ёсць ён у спісах.

 

Ярмошына спадзяецца на нясумную прэзідэнцкую выбарчую кампанію, але без хваляванняў

"Спадзяюся, што выбарчая кампанія будзе не сумнай, не соннай, але пры гэтым не прынясе неспакою і хваляванняў, якія мы мелі ў 2010 годзе, - сказала Лідзія Ярмошына. - Калі мы ўбачым тых, хто мае намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, зможам гаварыць аб тым, наколькі вяла або весела пройдзе гэта выбарчая кампанія".

Пры гэтым старшыня ЦВК са шкадаваннем канстатавала, што пакуль праяўляе актыўнасць толькі адна асоба, якая не можа вылучацца, паколькі не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі па нараджэнні, - граф Аляксандр Прушынскі. "Ён цудоўны, вясёлы чалавек, і ён актыўны, у той час як мы не можам яго зарэгістраваць", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

 

На пытанне аб тым, якую ацэнку маючым адбыцца выбарам можа даць Захад у асобе наглядальнікаў, Лідзія Ярмошына адказала: "Застаецца толькі верыць у лепшае і працаваць над тым, каб не даваць падстаў для крытыкі". Паводле яе слоў, недахопы можна знайсці ў любой рабоце, але яны не павінны паўплываць на ход выбараў і волевыяўленне грамадзян.

 

Выбары Прэзідэнта павінны стаць аб'яднальным фактарам, а не інструментам расколу грамадства - дэпутат

Такое меркаванне выказаў 30 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктар Русак.

"Сам факт правядзення прэзідэнцкіх выбараў не з'яўляецца прадметам дыскусіі, паколькі гэта канстытуцыйная норма, а дата (11 кастрычніка. - Заўвага БЕЛТА) лагічна абгрунтаваная і асабіста ў мяне сумненняў не выклікае", - заўважыў Віктар Русак. Паводле яго слоў, выбары Прэзідэнта - важная палітычная падзея любой краіны, а ў Беларусі яны маюць асаблівае значэнне, улічваючы ролю і паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. "У гэтай сітуацыі асаблівае значэнне набывае ўзровень арганізацыі гэтага электаральнага мерапрыемства, і яно павінна стаць аб'яднальным фактарам, а не інструментам расколу грамадства і дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі", - перакананы парламентарый.

 

У сувязі з гэтым усе галіны ўлады абавязаны зрабіць максімальна магчымае для забеспячэння цывілізаванай арганізацыйнай работы на ўсіх этапах выбараў, і задача дэпутатаў - аказаць у гэтым на месцах неабходную дапамогу. "Людзям неабходна тлумачыць, што кампанія прэзідэнцкіх выбараў - гэта выпрацоўка стратэгіі руху наперад, а не спаборніцтва, хто больш і эмацыянальней пералічыць існуючыя ў краіне праблемы. Мы ведаем гэтыя праблемы, разумеем іх вытокі, але неабходна, каб гэта разуменне было даведзена і да выбаршчыкаў. Неабходна не пералічваць праблемы і ліць слёзы, а працаваць над іх пераадоленнем", - сказаў дэпутат.

 

Гаворачы аб замежных наглядальніках, якія будуць удзельнічаць у маніторынгу выбараў, Віктар Русак нагадаў, што прадугледжваецца прысутнасць прадстаўнікоў шэрага замежных дзяржаў. "Гэта будуць вельмі розныя людзі ў плане стаўлення да нашай краіны, і вельмі важна сфарміраваць у іх аб'ектыўнае меркаванне наконт Беларусі, працэсаў, што адбываюцца ў нас, а таксама процістаяць магчымым спробам уздзеяння на іх тых, хто выкарыстоўвае тэндэнцыйную, а часам і яўна недакладную інфармацыю", - рэзюмаваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі.

 

Прыняць удзел у маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах гатовы больш за 70 працэнтаў грамадзян Беларусі - сацапытанне

Такія даныя апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, агучыў дырэктар цэнтра Давід Ротман у тэлевізійнай праграме "Галоўны эфір".

"Гэта лічба даволі адносная, але больш за 70 працэнтаў гатовы прыняць удзел у выбарах. Хутчэй за ўсё так і будзе. Гэта даволі вялікі працэнт на сённяшні дзень. У далейшым ён можа ўзрастаць. Можна ўжо цяпер займацца прагнозамі, і яны будуць даволі дакладныя", - сказаў сацыёлаг.

 

Ён адзначыў, што суадносіны ацэнкі ўлады і апазіцыі рэспандэнтамі разыходзяцца дыяметральна процілегла. "Мы разлічваем гэта ў інтэрвале ад мінус 1 да плюс 1 у балах. Узровень даверу да ўлады каля 0,5, бліжэй да адзінкі, а да апазіцыі - мінус 0,5, гэта велізарная розніца", - пракаменціраваў Давід Ротман.

Паводле яго слоў, сітуацыя ва Украіне ўплывае на павышэнне даверу да дзеючай улады. "Гэта адназначна, таму што наша краіна робіць усё магчымае, каб нейкім чынам дапамагчы пераадолець украінцам гэтыя праблемныя сітуацыі. Гэта вельмі пазітыўна", - падкрэсліў сацыёлаг.

 

Давід Ротман паведаміў, што ў ходзе апытання рэспандэнтам была зададзена наступная пазіцыя - што вы зробіце, калі сітуацыя ў краіне будзе пагаршацца? У адказах на гэта пытанне беларусы прадэманстравалі высокі ўзровень свядомага падыходу да вырашэння розных праблем. Амаль палавіна апытаных адказалі, што будуць вырашаць праблемы самастойна, крыху менш за палавіну будуць чакаць лепшых часоў. Паказчык па пазіцыі "падтрымаю змену ўлады ўзброеным шляхам" - нуль. "Гэта значыць, што ніякага значнага ўзроўню агрэсіўнасці ў паводзінах нашых людзей няма і не будзе, а значыць, у нас не можа быць ніякіх каляровых рэвалюцый. Весці аб гэтым размову не даводзіцца", - рэзюмаваў Давід Ротман.

Беларусы, нягледзячы на цяжкасці, захоўваюць даволі высокую ступень аптымізму. Паводле слоў сацыёлага, грамадзяне падкрэсліваюць, што "жыццё цяпер не такое ўжо і дрэннае".

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий