Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

8 октября 2015 - Administrator
article1993.jpg

 Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах праходзіць у Беларусі. Загадзя аддаць свой голас на карысць аднаго з кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду можна да 10 кастрычніка. Участкі будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Пры сабе неабходна мець дакументы, што засведчваюць асобу. Бюлетэні будуць выдавацца пасля прад'яўлення пашпарта або даведкі органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, для ваеннаслужачых тэрміновай службы - пасля прад'яўлення ваеннага білета. Калі ж у выбаршчыка няма пашпарта (напрыклад, пададзены ў пасольства на атрыманне візы), але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь можа быць выдадзены на аснове службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або вадзіцельскіх правоў.

 

Прыйшоўшы на участак, грамадзянін паказвае пашпарт або іншы дакумент, атрымлівае бюлетэнь і пакідае аўтограф у спісе выбаршчыкаў, абавязкова пазначаючы дату датэрміновага галасавання. Бюлетэнь запаўняецца ў кабіне для тайнага галасавання, дзе забараняецца прысутнасць каго б там ні было, акрамя самога выбаршчыка. Выключэнне, праўда, складаюць тыя грамадзяне, якія не маюць магчымасці з-за аб'ектыўных прычын (праблем са здароўем) самастойна запоўніць бюлетэнь. Яны маюць права запрасіць у кабіну іншую асобу паводле свайго меркавання, акрамя членаў участковай і вышэйшай камісій, кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асоб, наглядальнікаў і журналістаў.

 

Бюлетэнь, перш за ўсё, змяшчае растлумачэнне аб парадку запаўнення, на адваротным баку павінны быць прастаўлены подпісы не менш як двух членаў участковай камісіі. У бюлетэнь у адпаведнасці з алфавітам уключаюцца ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзідэнты з пазначэннем прозвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэння, пасады (занятку), месца работы і месца жыхарства, партыйнасці. З правага боку ад даных аб кожным прэтэндэнце на вышэйшую дзяржаўную пасаду знаходзіцца пусты квадрат. У канцы пераліку кандыдатаў ёсць радок "Супраць усіх кандыдатаў" з размешчаным з правага боку ад яго пустым квадратам.

 

Вызначыўшыся, выбаршчык павінен паставіць у бюлетэні любы знак (крыжык, птушачку) у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка "Супраць усіх кандыдатаў".

У Беларусі для галоўнай электаральнай падзеі 2015 года надрукавана больш за 7 млн бюлетэняў. Колькасць рэзервовых не павінна перасягаць 5 працэнтаў, яны размеркаваны па ўчастках.

Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 11 кастрычніка.

 

Лазавік: праверка выбаркамаў па ўсёй Беларусі паказала поўную гатоўнасць да выбараў

Праверка выбарчых камісій і ўчасткаў, якая прайшла 5 кастрычніка па ўсёй Беларусі, паказала поўную гатоўнасць да маючых адбыцца выбараў, паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

"У час праверкі ставілася задача не толькі перадаць у ЦВК пэўную статыстыку, але і прааналізаваць рэальны стан матэрыяльнай базы выбарчых участкаў. Такая інфармацыя паступіла ў Цэнтрвыбаркам, і мы можам канстатаваць, што рэспубліка гатова да правядзення галасавання. Выбарчыя камісіі маюць усе неабходныя ўмовы для нармальнай работы", - сказаў сакратар ЦВК.

 

Пасля таго, як прайшлі гэтыя праверкі на месцах, складаўся дакумент (даведка), які перадавалі ў раённую камісію. У кожнай даведцы пазначалася колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спісы; колькасць атрыманых бюлетэняў; інфармацыя аб забяспечанасці сродкамі сувязі і г.д. У тым ліку было адзначана, што ўчасткі бяруцца пад ахову міліцыі.

Пазней прайшлі пасяджэнні тэрытарыяльных камісій. У прыватнасці, яны збіралі інфармацыю, якая паступала з участкаў. Усе даныя падсумоўваліся і перадаваліся далей, гэта значыць у абласныя камісіі (у Мінску - у гарадскую). Пасля гэтага даныя паступілі ў ЦВК.

 

У Беларусі ў першы дзень датэрміновага галасавання на ўчасткі прыйшлі 4,49 працэнта выбаршчыкаў

У Беларусі ў першы дзень датэрміновага галасавання - 6 кастрычніка - прагаласаваць на ўчасткі прыйшлі 4,49 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы. Такія даныя апублікаваны на сайце ЦВК.

Больш за ўсё выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова ў Віцебскай вобласці - 5,11 працэнта, а менш за ўсё - у Гродзенскай (3,84 працэнта). У Мінску лічба склала 4,62 працэнта.

 

Больш як 5 тыс. празрыстых скрынь для галасавання ўстаноўлена на выбарчых участках у Беларусі

Усяго для галоўнай электаральнай падзеі будзе выкарыстоўвацца 24 283 скрыні для галасавання (у гэтым выпадку не ўлічваюцца ўчасткі, утвораныя за межамі Беларусі), з іх празрыстых урнаў - 5 008.

У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці скрынь для галасавання - 3 438, у тым ліку празрыстых - 389 (гэта лічба ўключае скрыні стацыянарныя і для датэрміновага галасавання); у Віцебскай вобласці - 3 816 (у тым ліку празрыстых - 1 987); у Гомельскай вобласці - 3 798 (празрыстых - 460), у Гродзенскай вобласці - 2 920 (празрыстых - 213), у Мінскай вобласці - 4 185 (празрыстых - 285), у Магілёўскай вобласці - 3 365 (празрыстых - 494). Што датычыцца горада Мінска, тут на ўчастках устаноўлена 2 761 урна для галасавання (празрыстых - 1 180).

 

Усяго ў Беларусі створана 6 080 участковых выбарчых камісій, якія будуць працаваць непасрэдна з грамадзянамі - арганізуюць галасаванне, у тым ліку (пры неабходнасці) - па месцы жыхарства 11 кастрычніка. Яшчэ 49 участкаў створана за мяжой.

 

ЦВК абнародавала правілы запаўнення бюлетэня з трафарэтам для галасавання людзей са слабым зрокам

У ЦВК растлумачылі, што трафарэт уяўляе сабой папку-вугалок з тонкага кардону прамавугольнай формы памерам А4 з адкрытымі правым і верхнім краямі. На правым баку трафарэта знаходзяцца адтуліны круглай, квадратнай і адна прамавугольнай формы. Бюлетэнь для галасавання ўкладваецца правым бокам уверх у трафарэт, пры гэтым прозвішчы кандыдатаў і іншыя пазіцыі бюлетэня супадуць з адпаведнымі адтулінамі на трафарэце. Круглымі адтулінамі на трафарэце абазначаны прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты ў тым парадку, у якім яны размешчаны ў бюлетэні: адным кругам у першым радку - Гайдукевіч Сяргей Васільевіч; двума кругамі ў другім радку - Караткевіч Таццяна Мікалаеўна; трыма кругамі ў трэцім радку - Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч; чатырма кругамі ў чацвёртым радку - Улаховіч Мікалай Дзмітрыевіч.

 

У кожным радку справа ад круглых адтулін маюцца адтуліны ў выглядзе квадратаў, якія супадаюць з такімі ж квадратамі на бюлетэні. Выбаршчыку неабходна выбраць радок, што абазначае прозвішча кандыдата, за якога ён хоча аддаць свой голас, і ў квадраце справа ад патрэбнага круга (кругоў) паставіць любы знак (птушачку, крыжык, кропку і г.д).

Для галасавання "супраць усіх кандыдатаў" унізе на трафарэце ёсць адтуліна ў выглядзе прамавугольніка, размешчанага гарызантальна, і адтуліна ў выглядзе квадрата справа ад яго. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў трэба паставіць любы знак у квадратнай адтуліне справа ад прамавугольніка.

Бюлетэнь, у якім знак пастаўлены больш як у адным квадраце або не пастаўлены ні ў адным з іх, прызнаецца несапраўдным.

 

Укласці бюлетэнь у трафарэт можа сам выбаршчык з парушэннямі зроку з дапамогай члена ўчастковай камісіі або (па яго просьбе) гэта можа зрабіць суправаджальнік. "Калі краі бюлетэня і трафарэта супадаюць, а ў прамавугольнай адтуліне поўнасцю бачны словы "Супраць усіх кандыдатаў", бюлетэнь укладзены ў трафарэт правільна", - растлумачылі ў ЦВК.

Як паведамляла раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, на гэтых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі на агульных участках плануецца па два трафарэты для галасавання інвалідаў па зроку.

 

Ярмошына: пры галасаванні за таго ці іншага кандыдата ў бюлетэні дастаткова паставіць нават кропку

"У бюлетэні ставяць любую адзнаку. Гэта можа быць не толькі праславутая птушка, аб якой гавораць. Можна напісаць слова "За". Дастаткова нават кропку праставіць у нейкай графе, і гэта будзе лічыцца знакам", - растлумачыла старшыня ЦВК. У тым ліку калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён павінен паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка "Супраць усіх кандыдатаў".

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначыла, што грамадзяне Беларусі павінны былі атрымаць па пошце запрашэнні наведаць выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка, аднак некаторыя такіх запрашэнняў не атрымалі, у сувязі з чым Лідзія Ярмошына сёння ўбачыла ў сваёй электроннай пошце прэтэнзіі выбаршчыкаў. "Я прашу прабачэння ва ўсіх, хто не атрымаў гэтага запрашэння. Калі ласка, інфармуйце нас, мы абавязкова будзем умешвацца, і, што называецца, вашы правы будуць абавязкова адноўлены. Выбарчая камісія неабходныя запрашэнні накіруе", - запэўніла яна.

 

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, некаторых беларускіх грамадзян таксама хвалюе пытанне, звязанае з біяграфічнымі данымі кандыдатаў, якія размешчаны ў інфармацыйных матэрыялах. "Ёсць пытанні па біяграфіях кандыдатаў, чаму яны не пазначылі тое або не пазначылі гэта. Адразу хачу адзначыць: ЦВК надрукаваў звесткі ў той рэдакцыі, у якой нам прадставілі самі кандыдаты ў прэзідэнты, мы іх не правілі. Гэта значыць, калі кандыдаты ў прэзідэнты не лічаць патрэбным пазначыць тую ці іншую частку сваёй біяграфіі, гэта іх права", - растлумачыла яна.

 

Заклікі да байкоту выбараў гучаць з боку няўдачнікаў - Ярмошына

Гаворачы аб закліку да байкоту прэзідэнцкіх выбараў, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, у прыватнасці, адзначыла: "Гэта забаронена заканадаўствам, але, тым не менш, у той ці іншай форме такія заклікі гучаць. Яны гучаць з боку няўдачнікаў".

 

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, такую рыторыку можна пачуць ад аднаго з няздзейсненых кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду (удзельнічаў у выбарчай кампаніі ў 2015 годзе) і яшчэ некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі, якія "не могуць удзельнічаць у выбарах па тых ці іншых прычынах або не хочуць гэтага". "Я адразу магу сказаць, што гэта не толькі незаконна, гэта безадказна. Дарослыя людзі, якія вельмі добра ведаюць, што правядзенне выбараў - неабходнасць для кожнай дзяржавы, ведаюць, якія вялікія сродкі ўкладзены ў гэту выбарчую кампанію (як і ў любую іншую) і што ад выбараў залежыць стабільнасць і дабрабыт нашага грамадства, яны проста не маюць права да такой ступені забыцца, страціць пачуццё рэальнасці і адказнасці, каб заклікаць не прыходзіць на выбары", - лічыць старшыня ЦВК.

 

Больш за 500 сустрэч з выбаршчыкамі і больш за 300 пікетаў правялі ў падтрымку кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта

"Усе кандыдаты ў прэзідэнты вядуць даволі інтэнсіўную агітацыйную кампанію. У краіне праведзена больш за 500 мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях. Гэта сустрэчы з выбаршчыкамі і працоўнымі калектывамі. Таксама перадвыбарныя штабы арганізавалі больш за 300 пікетаў і іншых вулічных масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, кандыдаты на пасаду Прэзідэнта актыўна скарысталіся магчымасцямі правядзення перадвыбарнай агітацыі па тэлебачанні, радыё і ў сродках масавай інфармацыі. Такім чынам, кандыдаты выкарыстоўваюць прадастаўленыя ім шырокія магчымасці і ліберальныя ўмовы для правядзення работы з выбаршчыкамі", - сказала Лідзія Ярмошына.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасці з законам.

 

Ярмошына: дзякуючы кампаніі 2015 года па выбарах Прэзідэнта ў Беларусі з'явіліся дзве новыя палітычныя фігуры

Такое меркаванне выказала 6 кастрычніка кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў праграме "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1".

"Можна гаварыць аб кандыдаце Улаховічу, які, у прынцыпе, нікому не быў вядомы як палітык. Ён быў вядомы, мабыць, як гаспадарнік, і тое ў вузкіх колах", - адзначыла Лідзія Ярмошына, дадаўшы, што Беларуская патрыятычная партыя, лідарам якой з'яўляецца Мікалай Улаховіч, была не вельмі актыўная апошнім часам і ў выбарах не ўдзельнічала. "Гэта значыць, хутчэй за ўсё, яна знаходзілася ў нейкім аморфным стане і раптам заявіла аб сабе, і заявіла нядрэнна", - лічыць старшыня ЦВК. "Ён выступае добра, дастойна, шчыра і гаворыць зразумелыя людзям рэчы", - сказала Лідзія Ярмошына аб кандыдаце ў прэзідэнты.

 

Яшчэ адной дэбютанткай выбарчай кампаніі з'яўляецца Таццяна Караткевіч. "Гэта, сапраўды, чалавек ад грамадскасці, з абсалютна няўрадавым пунктам гледжання", - заўважыла Лідзія Ярмошына. На пытанне, чаму ўсё ж такі беларускія апазіцыйныя сілы фактычна адмовіліся ад Таццяны Караткевіч, старшыня ЦВК адказала: "Можа быць, так трэба - адмежавацца поўнасцю, каб паказаць, што гэты чалавек непажаданы апазіцыі, калі апазіцыя так няўдачліва апошнім часам? У рэшце рэшт, нічога нельга скідаць з рахунку".

 

Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што чатырох кандыдатаў у прэзідэнты для цяперашніх выбараў дастаткова, у цэлым такая колькасць аптымальная для галоўнай электаральнай падзеі. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што ўстаноўлены значна больш ліберальныя ўмовы як для вылучэння, так і для вядзення перадвыбарнай агітацыі.

Акрамя Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча кандыдатамі ў прэзідэнты ў цяперашніх выбарах зарэгістраваны Сяргей Гайдукевіч і Аляксандр Лукашэнка.

 

Традыцыйныя прадстаўнікі апазіцыі выпалі з выбарчай кампаніі па ўласным жаданні - Ярмошына

"Я думаю, яны выпалі, таму што жадалі выпасці, ім няма чаго прапанаваць, яны не хочуць браць адказнасць, таму што ў любым выпадку любая барацьба за ўладу і праходжанне ў гэту ўладу - гэта заўсёды персанальная адказнасць. Паверце мне, яны ўсе гучна заявяцца ў наступным годзе на парламенцкіх выбарах, таму што калектыўную адказнасць падзяляць з народам заўсёды прасцей, чым адказваць у гэтай краіне (як і ў любой іншай) за свае ўчынкі", - сказала Лідзія Ярмошына.

"Таму, я лічу, што нікуды яны не пайшлі, яны абавязкова будуць і лідзіруючае месца ў сваіх невялікіх партыйных тусоўках ніколі не ўступяць, таму што яны па-за гэтым, відаць, як прафесіяналы ўжо не існуюць", - заўважыла Лідзія Ярмошына.

 

Больш як 900 замежных наглядальнікаў акрэдытавана для маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі

Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.

Ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ АБСЕ) акрэдытаваны 344 наглядальнікі, ад выбарчых органаў замежных дзяржаў - 19, ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў - 382 (у тым ліку ад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД (МПА СНД) - 44). Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) акрэдытавала 9 прадстаўнікоў, Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) - 68, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС) - 7.

 

Акрамя таго, акрэдытацыю для маніторынгу галоўнай электаральнай падзеі ў Беларусі атрымалі 64 прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і 17 незалежных наглядальнікаў.

Такім чынам, па стане на 5 кастрычніка акрэдытацыю атрымалі 910 міжнародных наглядальнікаў.

Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркама Беларусі, замежныя наглядальнікі, акрамя таго, маюць права сустракацца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, прадстаўнікамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Ім прадастаўлена права прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, правядзенні паўторнага падліку галасоў выбаршчыкаў, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання.

 

Акрамя таго, замежныя наглядальнікі маюць права атрымліваць інфармацыю аб выніках падліку галасоў і складанні пратаколаў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій аб выніках галасавання; знаёміцца з пратаколамі ўчастковых, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах, абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах Прэзідэнта аб выніках галасавання, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйшую камісію.

Пасля дня галасавання замежныя наглядальнікі могуць публічна выказваць сваё меркаванне аб выбарчым заканадаўстве краіны, аб падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, праводзіць прэс-канферэнцыі, звяртацца ў СМІ і г.д.

 

Больш як 37 тыс. нацыянальных наглядальнікаў акрэдытавана для маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі

Грамадзян шляхам падачы заяў акрэдытавана 6 871, прадстаўнікоў працоўных калектываў - 1 685, ад палітычных партый акрэдытавана яшчэ 5 008 чалавек. Іншыя грамадскія аб'яднанні накіравалі для маніторынгу галоўнай электаральнай падзеі 24 307 сваіх прадстаўнікоў.

Такім чынам, па стане на 5 кастрычніка колькасць акрэдытаваных нацыянальных наглядальнікаў склала 37 871. Што датычыцца замежных наглядальнікаў, іх, паводле апошняй інфармацыі, акрэдытавана 910. Міжнародныя наглядальнікі прадстаўляюць БДІПЧ АБСЕ, выбарчыя органы сваіх дзяржаў, СНД (у тым ліку МПА СНД), ПАСЕ, ПА АБСЕ, ШАС і дыпламатычны корпус. Акрамя таго, у гэты лік уваходзяць незалежныя наглядальнікі.

 

Больш як 900 беларускіх і замежных СМІ акрэдытаваны для асвятлення выбараў - Ананіч

Аб гэтым паведаміла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Паводле слоў міністра, нацыянальная інфармпрастора прадастаўляе аб'ёмна і поўна інфармацыю выбаршчыкам. "І праграмныя заявы, і адценні сустрэч з выбаршчыкамі, і работа давераных асоб - нічога не пакінулі без увагі нацыянальныя СМІ", - сказала Лілія Ананіч. Разам з тым асобныя рэсурсы парушалі выбарчае заканадаўства, закон аб СМІ, бачачы своеасабліва сваю ролю ў асвятленні выбарчага працэсу.

"На гэтым этапе важна прадаставіць найбольш поўную інфармацыю, каб грамадзяне зрабілі свой выбар за будучае краіны. Важна, каб усё прайшло галосна і транспарэнтна", - падкрэсліла Лілія Ананіч.

 

Вынікі экзітполаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі плануецца аб'явіць 11 кастрычніка ў 20.30

Аб гэтым паведаміла 5 кастрычніка кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў праграме "Актуальны мікрафон" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што на базе інфармацыйнага цэнтра, які будзе працаваць у Палацы Рэспублікі 11 кастрычніка, кожныя дзве гадзіны будуць праходзіць прэс-канферэнцыі старшыні Цэнтрвыбаркама. Па выніках дня галасавання будуць аб'яўлены два цікавыя вынікі, якія, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, прыблізна падвядуць вынік галоўнай электаральнай падзеі. "У 20.30 аб'явіць вынікі экзітполаў кампанія, якая будзе прызнана асноўнай па іх правядзенні ў нашай краіне. Адначасова я аб'яўлю аб даных так званых закрытых участкаў для галасавання, дзе падлік галасоў завершыцца яшчэ днём. Гэта воінскія часці і бальніцы з санаторыямі", - расказала яна. Лідзія Ярмошына таксама звярнула ўвагу, што даныя гэтых участкаў і, асабліва, бальніц, дзе праходзяць лячэнне ўсе слаі насельніцтва, заўсёды прыкладна паказваюць той самы працэнт галасоў, які дасць потым іх падлік па ўсіх выбарчых участках.

 

Раней старшыня Цэнтрвыбаркама адзначала, што правядзенне экзітполаў у дзень выбараў - традыцыйная для Беларусі практыка. Пры гэтым ЦВК не заказвае іх правядзенне і не ўмешваецца ў гэты працэс. "Для гэтага трэба атрымаць адпаведную акрэдытацыю ў камісіі, якая ўтворана пры Савеце Міністраў, працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук", - растлумачыла Лідзія Ярмошына. Прэтэндэнты на правядзенне экзітполаў павінны абавязкова прадставіць доказы таго, што члены каманды прафесійна валодаюць методыкай правядзення сацыялагічных апытанняў. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.

Цяпер для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне акрэдытаваны шэсць сацыялагічных структур.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий