Выступленне Прэзідэнта Беларусі на міжнароднай канферэнцыі ў Ашхабадзе — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выступленне Прэзідэнта Беларусі на міжнароднай канферэнцыі ў Ашхабадзе

14 декабря 2015 - Administrator
article2119.jpg

 У ходзе афіцыйнага візіту ў Туркменістан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 снежня прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця". Канферэнцыя арганізавана з нагоды 20-годдзя з дня набыцця Туркменістанам статусу пастаяннага нейтралітэту. Генеральная Асамблея ААН 12 снежня 1995 года прыняла адпаведную рэзалюцыю. Гэты дзень аб'яўлены ў Туркменістане нацыянальным святам. У канферэнцыі прынялі ўдзел прэзідэнты 13 краін, у тым ліку Арменіі, Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Індыі, Кыргызстана, Манголіі, Турцыі, Узбекістана, Харватыі, кіраўнікі 12 міжнародных арганізацый, 38 краін былі прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў урадаў або парламентаў.

 

Лукашэнка заклікае Расію і Турцыю пайсці на ўступкі і кампрамісы для згладжвання сітуацыі

Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на Міжнароднай канферэнцыі "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця" ў Ашхабадзе.

"Трэба пераадолець усякія нагнятанні сітуацыі і знайсці магчымасць зрабіць для пачатку хаця б паўкроку насустрач адзін аднаму, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І праблема вырашыцца. Адновяцца тыя добрыя, блізкія адносіны, якія былі паміж гэтымі народамі і дзяржавамі і абавязкова будуць".

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў цяперашнім свеце ўсе ўзаемазвязаны. "Калі палыхне ў адной частцы свету, то імгненна адгукнецца і ў іншай. І калі мы дапусцілі дзесьці памылкі, трэба іх умець прызнаваць і, як гаварыў Прэзідэнт Узбекістана, прызнаўшы іх, знайсці ў сабе сілы пайсці на ўступкі і кампрамісы для таго, каб згладзіць сітуацыю", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Памылкі ў гэтым бурным свеце непазбежны, і іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Прабачце мне, гэта датычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і дружалюбнай нам Турцыяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Катэгарычнасць у навязванні мадэлей развіцця нічым не лепшая за рэлігійны фанатызм - Лукашэнка

"Міжнароднае супрацоўніцтва можа быць эфектыўным і ўзаемавыгадным толькі на аснове ўзаемнай павагі. Гэта тое, чаго катастрафічна не хапае ў сучасным свеце. Сёння часта адсутнічае элементарная гатоўнасць паважаць выбар іншых", - канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

"І тая катэгарычнасць, з якой нам спрабуюць звонку навязаць быццам бы ўніверсальныя мадэлі развіцця, нічым не лепшая за рэлігійны фанатызм", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца гістарычныя, культурныя асаблівасці як асобных дзяржаў, так і цэлых рэгіёнаў.

"Пара зразумець, што ўсе мы, вобразна кажучы, знаходзімся ў адной лодцы. Спробы ўладных людзей забяспечыць уласны дабрабыт за кошт іншых краін і народаў вядуць абавязкова ў тупік, адкуль цяжка выбірацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння ўсё залежыць ад усіх. І калі палыхне ў адной частцы свету, то імгненна адгукнецца і ў іншай", - адзначыў Прэзідэнт.

 

Лукашэнка лічыць неабходным адрадзіць давер на міжнароднай арэне

"Мы, маладыя незалежныя дзяржавы, не патрабуем нічога звышнатуральнага. Неабходна адрадзіць давер у міжнародных справах, без якога немагчыма ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. А супрацоўніцтва - гэта, перш за ўсё, дыялог, гэта ўменне пайсці на кампраміс дзеля агульнай карысці", - сказаў беларускі лідар.

"Паглядзіце, што адбываецца сёння на планеце. Такое адчуванне, што свет проста звар'яцеў. Імкліва памнажаецца колькасць рэгіянальных канфліктаў, што правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Санкцыйныя, інфармацыйныя войны даводзяцца да абсурду. Вядучыя сусветныя ігракі практыкуюцца ў ваяўнічай рыторыцы і бразганні зброяй", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

 

Паводле яго слоў, "малыя і сярэднія дзяржавы часта штучна сутыкаюцца з альтэрнатывай выбару".

"Зноў замаячыла здань новых блокавых процістаянняў, што падрываюць фундаментальныя асновы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. І гэта асабліва прыкра ўсведамляць у год 70-годдзя заканчэння самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва - Другой сусветнай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Мінск і далей гатовы адыгрываць ролю нейтральнай пляцоўкі для вырашэння самых сур'ёзных пытанняў - Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэты Беларусі і Туркменістана сугучныя. "У аснове беларускай знешняй палітыкі таксама імкненне да міру, раўнапраўнага ўзаемадзеяння з усімі без выключэння партнёрамі, узаемная павага. Па сутнасці, наша шматвектарнасць у знешняй палітыцы блізкая да туркменскага нейтралітэту", - сказаў беларускі лідар.

 

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь, як і Туркменістан, выступае за безумоўны прыярытэт палітыка-дыпламатычных метадаў урэгулявання любых міжнародных канфліктаў, у тым ліку тых, што апошнім часам назіраюцца ў рэгіёне.

"Наша краіна прыкладае максімум намаганняў для мірнага ўрэгулявання гэтых канфліктаў і сведчаннем таго з'яўляецца канфлікт ва Украіне. Мінск сёння стаў той ідэальнай нейтральнай пляцоўкай, на якой могуць вырашацца самыя сур'ёзныя пытанні. І калі ў далейшым гэта трэба мірным дзяржавам, мы гатовы адыгрываць сваю ролю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка канстатуе ўсё большую ролю малых і сярэдніх дзяржаў у сучасным свеце

"Іх уклад (малых і сярэдніх дзяржаў. - Заўвага БЕЛТА) ва ўстойлівае развіццё і забеспячэнне міру і бяспекі ў сваіх рэгіёнах цяжка пераацаніць", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Таму вельмі важна, што менавіта гэтыя словы - мір, бяспека, развіццё - з'яўляюцца дэвізам канферэнцыі. Удачны выбар. Яны ж павінны стаць і галоўнымі маякамі нашых сумесных дзеянняў на будучыню", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

"Перакананы, што гісторыя па заслугах ацэніць ініцыятыву кіраўніцтва Туркменістана ў правядзенні гэтага мерапрыемства, якое стане  важным укладам у справу забеспячэння міру і стабільнасці на Зямлі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне Прэзідэнта Туркменістана да ўдзелу ў канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю з дня набыцця краінай статусу пастаяннага нейтралітэту.

"Гэта сапраўды знамянальная падзея. Па-першае, таму што паміж нашымі дзяржавамі і народамі склаліся дружалюбныя, я сказаў бы, брацкія адносіны. А тое, што важна для нашых сяброў, важна і для нас, - сказаў беларускі лідар. - Па-другое, мы шчыра рады тым дасягненням, якіх кіраўніцтва і народ Туркменістана дабіліся за апошнія гады незалежнасці на шляху нейтралітэту. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, тэматыка сённяшняй канферэнцыі, што называецца, на злобу дня, яна актуальная не толькі для самога Туркменістана, але і для рэгіёна і ўсяго свету".

"Азіраючыся ў мінулае, можна сказаць, што з распадам Савецкага Саюза ўсе постсавецкія рэспублікі ў адно імгненне апынуліся на пакутлівым раздарожжы: куды і як ісці далей. У эканоміцы панавала разруха, у палітыцы - хаос і анархія. Народ галадаў, жыў у беднасці. Задач, якія зваліліся на нас, з лішкам хапіла б на некалькі пакаленняў. Нашы краіны сутыкнуліся з шэрагам сапраўды эпахальных выклікаў: неабходнасцю правядзення найскладанейшых эканамічных пераўтварэнняў, пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і сцвярджэння на міжнароднай арэне", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

"Трэба было выбіраць не проста вектар развіцця, трэба было вызначаць, па сутнасці, свой лёс. І 20 гадоў таму Туркменістан прыняў, як аказалася, лёсавызначальнае для сябе рашэнне - уступіць на шлях нейтралітэту", - сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь з вялікай павагай паставілася да гэтага кроку і не проста падтрымала спецыяльную рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН па гэтым пытанні, але і стала суаўтарам гэтага дакумента.

"Напэўна, мудрасць і дар прадбачання туркменскага народа, а таксама, хутчэй за ўсё, благаславенне Усявышняга дапамаглі Туркменістану знайсці тую аптымальную для сябе ўнікальную ідэю, якая ў далейшым забяспечыла ўстойлівае і паступальнае развіццё краіны, яе безумоўнае прызнанне на міжнароднай арэне. На гэтым фоне апошнія два дзесяцігоддзі найлепшым чынам дэманструюць мудрасць і правільнасць стратэгічнага выбару нашых туркменскіх сяброў. Туркменістан не проста дабіўся ўражальных поспехаў у будаўніцтве суверэннай і працвітаючай дзяржавы, краіна сёння развіваецца сямімільнымі крокамі, і можна толькі белай зайздрасцю зайздросціць гэтаму. Вы імкняцеся да таго, каб мір і спакой панавалі не толькі ў Туркменістане, але і ва ўсім рэгіёне. І як вынік - тысячы бежанцаў з канфліктных раёнаў у свой час знайшлі дом і прыстанішча на ўдзячнай туркменскай зямлі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Вы ні да кога не хочаце далучацца. Але пры гэтым нікому не хочаце перашкаджаць жыць. Вы хочаце жыць у міры і спакоі на сваёй зямлі і будаваць шчасце для свайго народа. Вы не ствараеце ніякіх праблем для сваіх суседзяў", - адзначыў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тую вялікую сацыяльную падтрымку, якая аказваецца ў Туркменістане людзям, умацоўваючы іх веру ва ўласную будучыню і будучыню роднай дзяржавы. "Вось гэта і ёсць фактычна той ідэал развіцця дзяржавы, да якога мы ўсе павінны імкнуцца. Гэта і ёсць забеспячэнне сапраўдных, а не эфемерных правоў чалавека, аб якіх так любяць сёння паразважаць некаторыя нашы партнёры", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Ён адзначыў, што ва ўнутранай палітыцы Беларусь таксама нацэлена на стварэнне эфектыўнай нацыянальнай эканомікі, дастойных умоў жыцця для сваіх грамадзян, эвалюцыйныя пераўтварэнні пры захаванні сацыяльнай адказнасці дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Туркменістана і яго Прэзідэнта з 20-годдзем нейтралітэту гэтай краіны. "Гэта падзея вялізнай гістарычнай важнасці для туркменскай дзяржавы, якая з першых дзён незалежнасці адстойвае высокія ідэалы дабра, гуманізму і стварэння. Няхай гэты год, аб'яўлены ў Туркменістане Годам нейтралітэту і міру, стане адпраўным пунктам для многіх наступных стагоддзяў міру і працвітання не толькі на гасціннай туркменскай зямлі, але і на ўсёй нашай планеце", - пажадаў Прэзідэнт Беларусі.

Комментарии (0)
Добавить комментарий