Электронны рэцэпт — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Электронны рэцэпт

28 ноября 2016 - Administrator
article2814.jpg

 У лістападзе ўсе паліклінікі Мінска пачалі выдаваць электронныя рэцэпты. Многія пацыенты атрымалі пластыкавую картку для медыцынскага абслугоўвання. Сёння паліклінікі ідуць з ініцыятывай да пацыента, каб тыя скарысталіся гэтай паслугай. У абласцях да электроннага рэцепта далучыліся 28 паліклінік. У далейшым паліклінічныя ўстановы будуць паэтапна далучацца да сістэмы "Электронны  рэцэпт" па меры іх інфарматызацыі. Плануецца, што поўная інфарматызацыя паліклінік будзе завершана да 2020 года".

Выдача пластыкавай карткі ажыццяўляецца ў рэгістратуры паліклінік па месцы абслугоўвання. Для яе атрымання неабходна пры сабе мець пашпарт, а таксама падпісаць форму інфармаванай згоды пацыента аб выкарыстанні пластыкавай карткі для медыцынскага абслугоўвання. Картка з'яўляецца ўласнасцю паліклінікі і перадаецца пацыенту на бязвыплатнай аснове. Укараненне сістэмы "Электронны рэцэпт" забяспечыць аптымізацыю абслугоўвання насельніцтва ў паліклініках і аптэках.

У цэлым стратэгія развіцця інфармацыйнага грамадства да 2022 года прадугледжвае, што да 2020 года доля медыцынскай дакументацыі, прадстаўленай у электронным выглядзе, павінна дасягнуць 100 працэнтаў, доля арганізацый аховы здароўя, падключаных да адзінай карпаратыўнай сеткі арганізацый аховы здароўя, - 100 працэнтаў. Для рэалізацыі гэтых задач зацверджана дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады. Падпраграмай "Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь" прадугледжана выкананне мерапрыемстваў па інфарматызацыі арганізацый аховы здароўя.

Папяровыя рэцэпты ў Беларусі будуць выпісваць як мінімум да канца 2017 года

Аб гэтым паведаміў кіраўнік аддзела арганізацыйна-метадычнага і сістэмна-тэхнічнага суправаджэння інфарматызацыі аховы здароўя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя Сямён Палякоў.

"Як мінімум да канца 2017 года ўсё ж такі яшчэ захаваецца выпіска папяровага рэцэпта", - адзначыў Сямён Палякоў. Ён падкрэсліў, што гэта дакумент, і проста так адмовіцца ад яго прымянення не атрымаецца.

Тым больш што ў замежных краінах, дзе электронныя рэцэпты сталі нормай жыцця і атрымалі шырокае распаўсюджанне, ад папяровых таксама не адмаўляюцца. У пацыента заўсёды ёсць магчымасць яго выпісаць, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. У Мінску на гэты час у электронным выглядзе выпісваюцца ўсе рэцэпты, ільготныя і не льготныя. Пры гэтым яны дубліруюцца папяровымі.

Электронныя рэцэпты будуць выдаваць і прыватныя медцэнтры Беларусі

Сямён Палякоў адзначыў, што ўсе медыцынскія цэнтры і аптэкі незалежна ад формы ўласнасці будуць працаваць з электроннымі рэцэптамі. "У любой медустанове будзе такая магчымасць", - дадаў ён. Прыватнікі дэманструюць зацікаўленасць ва ўдзеле ў праекце па ўкараненні тэхналогіі электроннага рэцэпта. Многія камерцыйныя сеткі, улічваючы, што пілотны праект яшчэ не завершаны, атрымалі рабочыя дакументы. "Мы іх забяспечваем рабочымі дакументамі, каб яны ўжо маглі пачынаць нешта рабіць, дапрацоўваць праграмнае забеспячэнне, - сказаў кіраўнік аддзела. - Тое, да чаго неабходна прыйсці, - усе павінны выпісваць электронныя рэцэпты".

Пакуль электронныя рэцэпты выдаюцца толькі ў мінскіх паліклініках, на гэты момант выраблена каля 700 тыс. картак.

Што датычыцца больш аддаленых перспектыў інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя, Сямён Палякоў расказаў, што электронныя рэцэпты будуць паступова замяняць па меры ўвядзення ў Беларусі біяметрычных пашпартоў. Калі яны з'явяцца, трэба будзе выканаць некаторую перапрацоўку праграмы. "Пластыкавыя карткі - гэта часовае рашэнне. Пастаянным будзе электроннае пасведчанне асобы для медыцынскага абслугоўвання, якое пачнуць уводзіць у 2018 годзе", - растлумачыў ён.

Гэтым тлумачыцца таннасць і прастата цяперашніх электронных рэцэптаў. На рукі пацыентам выдаюць пластыкавыя карткі, якія каштуюць 24 капейкі за штуку. На іх няма ні магнітных палос, ні чыпаў. Затое ёсць унікальны штрыхкод, дзякуючы якому ў аптэцы ідэнтыфікуюць кліента і назначаны яму прэпарат.

Прыватныя аптэкі Беларусі пачнуць абслугоўваць кліентаў з электроннымі рэцэптамі па меры тэхгатоўнасці

Аб гэтым паведаміла начальнік інфармацыйна-фармацэўтычнага цэнтра РУП "Белфармацыя" Іна Звярко.

"Аптэкі недзяржаўнай формы ўласнасці падключацца да абслугоўвання такіх кліентаў, калі будуць тэхнічна гатовы да гэтага, аснашчаны праграмным забеспячэннем і змогуць ажыццяўляць абмен інфармацыяй паміж аптэкай і лячэбна-прафілактычнымі арганізацыямі з выкарыстаннем міжнародных стандартаў, так, як гэта зроблена сёння ў Мінску", - сказала Іна Звярко.

Яна нагадала, што ў Мінску ўсе аптэкі РУП "Белфармацыя" абслугоўваюць кліентаў з электроннымі рэцэптамі. Яны падключыліся да рэалізацыі праекта па ўкараненні гэтай тэхналогіі ў 2015 годзе.

Дзяржаўныя аптэкі ў рэгіёнах рыхтуюцца ўключыцца ў праект. "Калі будуць гатовы паліклінікі ў пілотных зонах, усе аптэкі адразу пачынаюць працаваць", - растлумачыла Іна Звярко.

Беларусы ў перспектыве атрымаюць анлайн-доступ да некаторых сваіх медыцынскіх даных

У Беларусі плануецца стварыць адзіную цэнтральную інфармацыйную платформу аховы здароўя, дзе будуць збірацца медыцынскія даныя пацыентаў, своеасаблівы "архіў" на кожнага хворага. Такім чынам пацыент атрымае магчымасць заводзіць свой асабісты кабінет і атрымліваць зваротную сувязь з паліклінікай і абмежаваны доступ да сваёй медыцынскай інфармацыі, расказаў Сямён Палякоў. Чалавек зможа самастойна скласці, напрыклад, выпіску з гісторыі хваробы, хоць гэта папера і не будзе лічыцца афіцыйным дакументам.

Акрамя таго, дзякуючы адзінай платформе ўдасца наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж установамі аховы здароўя, палепшыць якасць абслугоўвання пацыентаў, таму што будзе забяспечвацца пераемнасць лячэння.

Гэтыя і іншыя пераўтварэнні прадугледжаны праектам па мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя, на які Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка адобрыў выдзяленне Беларусі пазыкі ў памеры $125 млн.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий