Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі

2 ноября 2015 - Administrator
article2041.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў 30 кастрычніка на аператыўным зборы каманднага складу Узброеных Сіл Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта першая сустрэча ў такім фармаце пасля праведзеных у краіне прэзідэнцкіх выбараў. "Вынікі народнага волевыяўлення пацвердзілі давер грамадства да дзеючай улады і тым самым прадвызначылі стратэгічны курс развіцця Беларусі на бліжэйшае будучае", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка: надзейнае забеспячэнне нацыянальнай бяспекі па-ранейшаму з'яўляецца адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы

"Адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы ва ўсе часы было надзейнае забеспячэнне яе нацыянальнай бяспекі. Цяпер гэты тэзіс як ніколі актуальны, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы з вамі з'яўляемся сведкамі геапалітычных працэсаў перадзелу сфер уплыву, якія непазбежна вядуць да трансфармацыі існуючай сістэмы міжнароднай бяспекі".

 

Прэзідэнт закрануў тэму стварэння і развіцця ААН, якая была заснавана пасля Другой сусветнай вайны з мэтай падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

"І на той час ААН як вяршэнства сістэмы, якая склалася пасля Вялікай Айчыннай вайны, адпавядала сітуацыі, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Савецкі Саюз выйшаў з вайны асноўным пераможцам. Здаецца, не прайграўшымі аказаліся і Злучаныя Штаты Амерыкі, і Вялікабрытанія. Зразумела, што Савецкі Саюз быў спустошаны і не было неабходнасці далейшага руху па шляху Вялікай Перамогі. Заходнікі і іншыя разумелі, што перад імі стаіць вельмі магутная сіла, далейшага сутыкнення быць не павінна. Сілы былі ўраўнаважаны. Селі за стол перагавораў, дамовіліся і стварылі адпаведную сістэму бяспекі, цэнтрам якой стала ААН. Тады свет быў ураўнаважаны ў выніку страшэннай і кровапралітнай вайны".

 

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Сёння мы назіраем працэс таго ж разбалансавання абстаноўкі і сітуацыі. Знік Савецкі Саюз, і ўсё на нашых вачах адбывалася, мы гэта ведалі, мы гэта бачылі. І помню, тут, у гэтай зале, літаральна праз год пасля выбрання Прэзідэнтам, у сярэдзіне 90-х, я ад вашага імя заявіў аб тым, што нам трэба быць гатовымі абараняць сваю Айчыну. Мы заявілі аб непрымальнасці парушэння норм міжнароднага права і руху НАТА на ўсход. Мы першыя аб гэтым загаварылі. Справа зусім не ў беларускай "дыктатуры" і не ў тым, што мы камусьці не падабаемся. Справа ў тым, што мы з таго часу, ужо на працягу 20 гадоў, займаем пэўную пазіцыю. У нас не было ні віхлянняў, ні крыўлянняў, як гэта было ва ўсіх постсавецкіх рэспублік - ва ўсіх без выключэння. Мы былі абсалютна шчырымі і абсалютна сумленнымі - і перад сваім народам, і перад нашымі партнёрамі, і, можа, верагодным праціўнікам. Вось з таго часу нас пачалі абвінавачваць і ў дыктатуры, і ў спробах адраджэння Савецкага Саюза. І што мы бачым праз 20 гадоў? Мы бачым тое, што было, прабачце, прадказана тады, у сярэдзіне 90-х".

 

Прэзідэнт падкрэсліў, што "гэта сістэма стрымлівання проціваг крайне разбалансавана". "І вельмі не хацелася б, каб новая сістэма бяспекі ў свеце ўзнікла ў выніку крывавай бойні. Не хацелася б яшчэ і таму, што гэта будзе не тая бойня, якая была ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Гэта будзе вайна з прымяненнем ядзернай зброі. Нам гэта абсалютна не патрэбна, як і любому іншаму народу, які жыве на гэтай планеце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Ён нагадаў, што на нядаўнім саміце ААН па ўстойлівым развіцці была адкрыта выказана пазіцыя Рэспублікі Беларусь адносна палітыкі так званых "уладных людзей". У сваім імкненні да дамінавання любымі сродкамі і спосабамі яны часта пераходзяць рысу нацыянальнага эгаізму, дапускаюць дзеянні, здольныя паставіць свет на мяжу глабальнага ваеннага канфлікту, лічыць Прэзідэнт.

 

Лукашэнка: Беларусь неабходна захаваць як незалежную дзяржаву, дзе забяспечваюцца мір, стабільнасць і бяспека

Беларусь адбылася як незалежная, суверэнная еўрапейская дзяржава, дзе надзейна забяспечваюцца мір, стабільнасць і бяспека,  заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Наша задача чаго б гэта ні каштавала, цаной свайго жыцця захаваць гэта дасягненне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абарона Айчыны прадугледжвае ўсенародны характар. Таму выхаванне ў грамадзян пачуцця адказнасці за бяспеку Радзімы з'яўляецца ключавой задачай у сістэме мер па падрыхтоўцы краіны да абароны, лічыць Прэзідэнт.

 

"Да чаго вядзе адсутнасць выразных ідэалагічных і патрыятычных арыенціраў, страта гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцей, мы бачым на прыкладзе падзей у нашых бліжэйшых суседзяў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у многім гэта стала вынікам забыцця Вялікай Перамогі, што ў беларускім грамадстве абсалютна недапушчальна. "Памяць аб Перамозе савецкага народа над фашызмам з'яўляецца тым каштоўнасным арыенцірам, вакол якога неабходна кансалідаваць грамадзян незалежнай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што найважнейшай мэтай ідэалагічнай работы, праводзімай Узброенымі Сіламі ў грамадстве, трэба разглядаць фарміраванне патрыятычнай свядомасці ў моладзі. Галоўным яе вынікам павінна стаць далейшае павышэнне даверу народа да сваёй арміі. "Кожны грамадзянін Беларусі павінен адчуваць і разумець сваю асабістую адказнасць за бяспеку Айчыны і быць гатовым паўстаць на яе абарону, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І не забывайце самае галоўнае, што будзе важна для нашага салдата і афіцэра: вы павінны абараніць сваю сям'ю, сваіх дзяцей, сваіх родных і ні ў якім разе не аддаць наша насельніцтва на ганьбаванне каму б там ні было, як гэта было ў мінулай вайне".

Міністр абароны павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

 

Прэзідэнт адзначыў: "Гэта ваша перамога. І вы павінна разумець, што ўпівацца і радавацца гэтай перамозе нельга. Мы павінны звярнуць увагу на тое, чым незадаволены народ". "Мы будзем сапраўднымі абаронцамі для нашых дзяцей, сем'яў, для нашых старых, жанчын, каб ніколі ў жыцці не несці і не адчуваць ганьбы, што мы не змаглі абараніць гэты кавалачак зямлі і нашых людзей", - сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

 

Прэзідэнт Беларусі: проціборства на сусветным інфармацыйным полі па інтэнсіўнасці не ўступае рэальным баявым дзеянням

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасных умовах неад'емнай часткай дэструктыўнага ўздзеяння на дзяржаву стала інфармацыйная экспансія. "Яна з'яўляецца магутнай зброяй для дасягнення палітычнай, эканамічнай і ваеннай перавагі ў любым процістаянні", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне, Сірыі дэманструюць прыклады актыўнага проціборства на інфармацыйным полі. "Па сваёй інтэнсіўнасці яно не ўступае рэальным баявым дзеянням. Урон, наносімы пры гэтым, непараўнальны са стратамі канфліктуючых бакоў у фізічнай просторы: паколькі барацьба вядзецца за свядомасць людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Інфармацыйная прастора Беларусі не з'яўляецца выключэннем, адзначыў Прэзідэнт. Чарговая хваля інтэрнэт-атак адчувалася ў час выбарчай кампаніі. "І хоць гэтыя патугі скончыліся поўным правалам, важнасць і значнасць інфармацыйнага проціборства неабходна ўлічваць, асабліва ў сферы ваеннай бяспекі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць важным, што, нягледзячы на пералічаныя негатыўныя тэндэнцыі, у Беларусі сёння захоўваецца мір, згода і стабільнасць, у чым ёсць заслуга і афіцэраў.

 

Лукашэнка: дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку ў Еўропе па-ранейшаму аказвае імкненне ЗША замацаваць за сабой вядучую ролю ў светаўладкаванні

Асноўны дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку ў Еўропе па-ранейшаму аказвае імкненне Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў замацаваць за сабой вядучую ролю ў сучасным светаўладкаванні, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

 

"Менавіта ў гэтым кантэксце трэба разглядаць прагрэсіруючую мілітарызацыю рэгіёна, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Прыкладамі таго з'яўляюцца стварэнне аператыўных штабоў НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы, нарошчванне ваеннай прысутнасці, у тым ліку амерыканскай ядзернай зброі, у еўрапейскіх дзяржавах". На думку Прэзідэнта, палітычнае кіраўніцтва гэтых краін імкнецца максімальна выкарыстоўваць уяўную пагрозу з Усходу для атрымання дывідэндаў у выглядзе разгортвання дадатковых воінскіх кантынгентаў НАТА, а таксама для мадэрнізацыі існуючых і стварэння новых аб'ектаў ваеннай інфраструктуры. "Вось чаму вельмі важна бачыць украінскі напрамак, таму што на заходнім і паўночна-заходнім напрамку ў нас і так праблем хапае",  - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што такая актыўнасць ЗША па ўдасканаленні свайго ваеннага патэнцыялу парушае існуючы ў рэгіёне баланс сіл. "Гэта не толькі аказвае негатыўны ўплыў на расійска-амерыканскія адносіны, але і з'яўляецца крыніцай ваеннай пагрозы для Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў

У Беларусі неабходна пастаянна ўдасканальваць сістэму абароны краіны, у тым ліку і тэрытарыяльную. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Як кіраўнік дзяржавы я не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў, - сказаў Прэзідэнт. - Не час, і гэтага не патрэбна. Трэба займацца рэальнай абаронай, а не паказушнай. І вось тут мы гатовы з Расіяй на любыя мерапрыемствы".

 

"У плане процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам трэба разлічваць перш за ўсё на ўласныя сілы. Ніхто і ніколі нас не "расхістае", калі мы самі не створым для гэтага перадумовы", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Паглядзіце вакол. Ні адзін сучасны канфлікт не пачынаўся ўварваннем замежных армій на тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. Цяпер прымяняюцца больш дасканалыя спосабы ўздзеяння, але сцэнарый адзін і той жа - разваліць дзяржаву знутры, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму галоўная задача ў тым, каб забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу і любой дэстабілізацыі абстаноўкі".

 

Беларусь не можа не закранаць крызіс ва Украіне - Лукашэнка

На думку кіраўніка дзяржавы, існуючыя геапалітычныя рэаліі аказваюць непасрэдны ўплыў на Беларусь. "У сувязі з гэтым трэба спыніцца на шэрагу негатыўных тэндэнцый, якія нясуць у сабе рызыкі і выклікі нашай нацыянальнай бяспецы, а значыць, патрабуюць асаблівай увагі і адэкватнага рэагавання, - адзначыў Прэзідэнт. - Пры гэтым вельмі важна ўлічваць асаблівасці развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне".

 

"Перш за ўсё нашу краіну не можа не закранаць крызіс ва Украіне, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем рэжысёраў і рэальных удзельнікаў учыненага там дзяржаўнага перавароту і распачатай пасля гэтага вайны".

Прэзідэнт падкрэсліў, што захоўваецца патэнцыял і актыўнасць радыкальных нацыяналістычных груповак, якія то тут, то там імкнуцца сілавымі метадамі змагацца за перадзел сфер уплыву ў бізнесе. Расце злачыннасць і некантралюемае распаўсюджванне зброі. Адзначаюцца спробы яе ўвозу на нашу тэрыторыю.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што відавочная знешнепалітычная пераарыентацыя нашай паўднёвай суседкі ў бок Захаду можа прывесці да размяшчэння на яе тэрыторыі замежных воінскіх кантынгентаў.

 

Лукашэнка: для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны баланс адносін з Масквой і Кіевам

Для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае падаграваемая звонку нацэленасць Кіева на канфрантацыю з Масквой. "Гэта ўжо замацавана на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, у новай рэдакцыі ўкраінскай ваеннай дактрыны Расія называецца ваенным праціўнікам", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Ён лічыць, што фактычна ўпершыню на постсавецкай прасторы існуе канфлікт, развіццё якога, без перабольшання, уплывае непасрэдна на бяспеку Беларусі.

"У гэтых умовах для нас вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам. Пры любым развіцці сітуацыі мы не павінны быць уцягнутымі ў іх процістаянне", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што актыўны і рацыянальны ўдзел Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу па заслугах ацэнены і падтрыманы сусветнай супольнасцю. Прэзідэнт, які адказвае непасрэдна за бяспеку краіны, паабяцаў прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць гэтыя пазіцыі, перш за ўсё, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.

 

Лукашэнка: з ваеннага пункту гледжання расійская авіябаза на нашай тэрыторыі не патрэбна ні Беларусі, ні Расіі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мірны час у Беларусі ёсць дзяжурныя сілы ППА, у складзе якіх і расійскі кампанент. На аэрадроме ў Баранавічах штосутачна знаходзяцца беларускія экіпажы МіГ-29 і расійскіх Су-27. "Яны са сваёй задачай па ахове дзяржграніцы ў паветранай прасторы спраўляюцца, у тым ліку ў інтарэсах абароны Расійскай Федэрацыі", - сказаў беларускі лідар.

 

"Мы не ўтойваем, што ў выпадку развязвання ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, лічы і супраць Расіі, будзе прыменена сумесная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных Сіл, па плане, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінуты вялікія сілы расійскай арміі, у тым ліку значная колькасць расійскай авіяцыі. Але ў выпадку канфлікту або наспяваючага канфлікту", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што для гэтага аэрадромы ў Беларусі ўтрымліваюцца ў нармальным стане і гатоўнасці прыняць сотні самалётаў, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі для забеспячэння абароны Расіі і Беларусі.

 

"Гэта значыць узнятая шуміха ў сродках масавай інфармацыі мае, я лічу, чыста палітычны характар", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у выпадку размяшчэння расійскай базы на беларускай тэрыторыі Беларусь, як і Расія, будзе мець больш мінусаў, чым плюсоў.

 

Лукашэнка: беспрэцэдэнтнае абвастрэнне адбылося ў адносінах па лініі Расія - Захад

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе прынята новая амерыканская нацыянальная ваенная стратэгія, дзе ў якасці адной з прыярытэтных задач упершыню замацавана процідзеянне "рэвізіянісцкім дзяржавам". Да іх прылічана і Расія, якая настойліва спрабуе ўнесці карэктывы ў існуючую архітэктуру міжнароднай бяспекі.

 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што зноў разгараюцца раней тлеўшыя канфлікты ў Закаўказзі. Новую вастрыню набыла нагорна-карабахская праблема, а яе проціборствуючыя бакі Арменія і Азербайджан - блізкія палітычныя партнёры Беларусі, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, "з'яўленне чарговай зоны нестабільнасці ў дадатак да прыднястроўскай праблемы можа ініцыіраваць унутрыпалітычныя хваляванні ў Малдове".

 

У паласе вострых супярэчнасцей па пытаннях падзелу зямельных і водных рэсурсаў знаходзяцца дзяржавы Цэнтральнай Азіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, удзельнікі гэтых канфліктаў зноў жа нашы партнёры - Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан і Туркменістан. Прэзідэнт лічыць, што вайна ў Сірыі, пагаршэнне сітуацыі ў Афганістане вядуць да росту тэрарыстычнай актыўнасці. Вялікі трафік зброі і наркотыкаў, дзясяткі тысяч узброеных людзей на граніцах, прагназуемая перакідка значных сіл, што ваююць у Сірыі і Іраку, на тэрыторыі паўночнага Афганістана - усё гэта нясе пагрозу суседзям - Таджыкістану, Туркменістану, а таксама іншым дзяржавам. "Перш за ўсё - пагрозу радыкалізацыі", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, павышаюцца таксама рызыкі, звязаныя з распаўсюджваннем міжнароднага тэрарызму і ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне.

 

Лукашэнка: пагражальнай тэндэнцыяй стала ўзмацненне ўплыву на геапалітычныя працэсы недзяржаўных суб'ектаў дэструктыўнага толку

На думку кіраўніка дзяржавы, рост тэрарыстычнай актыўнасці, нацыянальнага і рэлігійнага экстрэмізму стаў рэальнай пагрозай планетарнага маштабу. Штодзень сусветныя СМІ стракацяць паведамленнямі аб "Ісламскай дзяржаве", "Аль-Каідзе", "Бока хараме" і іншых арганізацыях, якія сеюць хаос і смерць. Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад думак у духу, што "гэта недзе далёка і не мае да нас ніякіх адносін".

 

Ён падкрэсліў, што трывожныя сігналы гучаць непасрэдна каля граніц Беларусі і трэба быць гатовымі да адпаведнага рэагавання на новыя выклікі і пагрозы.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэту тэму абмяркоўвалі як найбольш вострую на нядаўнім саміце АДКБ у Душанбэ, а таксама ў двухбаковых фарматах з прэзідэнтамі Таджыкістана і Расіі. "Відавочна, што яе эфектыўнае вырашэнне магчыма толькі сумесна, у рамках саюзніцкіх дамоўленасцей", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

 

Прэзідэнт Беларусі: двайныя стандарты нязменна дамінуюць у сусветнай палітыцы

Кіраўнік дзяржавы лічыць відавочным няздольнасць і нежаданне лідараў вядучых дзяржаў несці адказнасць за свае рашэнні. На яго думку, прыкладаў таго дастаткова. "Пад фальшывымі лозунгамі аб пагрозах сусветнай супольнасці і надуманымі прычынамі для пашырэння "дэмакратыі" знішчаны Ірак і Лівія. Паўночная Афрыка і Блізкі Усход ахоплены хаосам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

На яго думку, беспрэцэдэнтныя па сваёй тонкасці крокі прымаюцца супраць Сірыі. Такім чынам, відавочна, што двайныя стандарты нязменна дамінуюць у сусветнай палітыцы.

Як канстатаваў Прэзідэнт Беларусі, вынікі такой "дэмакратызацыі" сумна вядомы. Сёння мільёны мігрантаў рынулі на еўрапейскі кантынент, што стала найвастрэйшай міжнароднай праблемай.

 

Лукашэнка: асноўным інструментам дасягнення палітычных мэт для многіх сталі санкцыйныя войны

Санкцыйныя войны сталі асноўным інструментам дасягнення палітычных мэт для многіх удзельнікаў міжнародных адносін у 21-м стагоддзі, адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

 

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што характар эканамічнай сітуацыі ў стратэгічных партнёраў і ў свеце ў цэлым не можа не паўплываць на Беларусь. "Не трэба забываць, што наша эканоміка - адна з самых адкрытых у свеце, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Значыць, зведвае ўдары эканамічных бур з усіх бакоў".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пад уздзеяннем комплексу неспрыяльных знешніх фактараў у краіне ўтварыліся новыя і абвастрыліся старыя фінансава-эканамічныя праблемы.

 

"Наперадзе ў нас сур'ёзная работа па забеспячэнні стабілізацыі і паступальнага росту ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым рацыянальнае выкарыстанне існуючых у нас матэрыяльна-фінансавых рэсурсаў, у тым ліку ў галіне ваеннага будаўніцтва, становіцца як ніколі актуальным".

 

У Беларусі гатовы праект новай Ваеннай дактрыны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да канца 2015 года гэты дакумент павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Савета бяспекі.

Акрамя таго, да канца года запланаваны разгляд новага Плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў на Вышэйшым дзяржсавеце. "Да яго трэба падысці ўважліва, рэальна ўзважыўшы нашы магчымасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Не трэба забываць, што мы забяспечваем не толькі свой суверэнітэт, але і цесна ўзаемадзейнічаем, асабліва ў фармаце Саюзнай дзяржавы", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

"Наяўнасць саюзнікаў і дружалюбных краін-партнёраў для нас з'яўляецца важным фактарам забеспячэння ваеннай бяспекі. Менавіта таму Беларусь разглядае свой удзел у такіх міждзяржаўных структурах як дзейсны фактар стрымлівання ў ваеннай сферы. Аднак работа механізма калектыўнай абароны павінна выбудоўвацца з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка патрабуе арыентацыі на айчынную вытворчасць ваеннай прадукцыі і павышэнне якасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад ваенных арыентавацца на айчынную вытворчасць ваеннай прадукцыі, мадэрнізацыю і рамонт існуючых рэсурсаў. "Не зразумела, напрыклад, чаму мы закупляем тыя ж бронекамізэлькі ў Расіі, калі навучыліся іх рабіць у сябе?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ёсць інфармацыя аб плануемых пастаўках беспілотнікаў і бранятэхнікі. "Я задаю простае пытанне: навошта гэта патрэбна? У нас што, сваёй не хапае? Мадэрнізуйце яе", - сказаў беларускі лідар. "Нельга раскідвацца грашамі! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба па-гаспадарску да ўсіх падыходзіць і па-гаспадарску да ўсяго адносіцца".

 

"Магчыма, якасць нашага абароннага сектара эканомікі яшчэ не дацягвае да сусветных брэндаў. Але і кошт крыху даражэйшы замежнай. Дык трэба сумеснымі намаганнямі давесці айчынную прадукцыю да патрэбнай якасці. У тым ліку ў ходзе яе эксплуатацыі ў войсках. Любы выраблены выраб у ВПК трэба неадкладна аддаваць у армію і там яго добра прастэціраваць", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на аб'ектыўныя цяжкасці, прадаўжаецца пастаўка ў войскі новых узораў узбраення, і работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы.

 

Ацэньваючы ў цэлым дзейнасць Міністэрства абароны, Прэзідэнт адзначыў нармальную дынаміку развіцця Узброеных Сіл. На належным узроўні праведзены вучэнні ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі "Шчыт Саюза-2015" і "Баявая Садружнасць-2015", высокі ўзровень паказалі сілы спецыяльных аперацый у ходзе вучэнняў АДКБ у Таджыкістане і міратворчага падраздзялення ў Арменіі. Акрамя таго, праведзеныя праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў пацвердзілі высокую здольнасць злучэнняў і часцей да выканання прызначаных задач. "Гэта галоўны паказчык у ваеннай справе, і яму па-ранейшаму неабходна ўдзяляць першарадную ўвагу", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: працэс аптымізацыі Узброеных Сіл Беларусі не павінен "застыць"

Далейшая аптымізацыя Узброеных Сіл Беларусі павінна быць накіравана на павышэнне якаснага стану арміі, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гады суверэннага існавання Беларусі Узброеныя Сілы падвергліся значнаму скарачэнню. Паступова, без рэзкіх узрушэнняў колькасць арміі зменшана з чвэрці мільёна да 65 тыс. чалавек. "Мы прыйшлі да намечанага аптымальнага паказчыка, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта адказ тым, хто сёння ў эканоміцы падкідвае жудасныя прапановы па рэфармаванні. Гэтак жа і тады было".

 

"Але працэс аптымізацыі не павінен "застыць", - падкрэсліў Прэзідэнт. - Патрабую яшчэ раз прааналізаваць склад усялякіх кіраўніцкіх і забеспячальных структур, так званы абоз. За яго кошт узмацніць баявыя часці. Падзеі ва Украіне паказалі, наколькі важны ў складзе Узброеных Сіл баявы кампанент, здольны ў самыя кароткія тэрміны выканаць пастаўленую задачу". Ён дадаў, што пры існуючай колькасці неабходна праводзіць структурныя пераўтварэнні.

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна пазбаўляцца ад тэхнікі і маёмасці, выкарыстанне якіх ужо немэтазгодна, але рабіць гэта па-гаспадарску, з відавочнай выгадай. Акрамя таго, неабходна прадаўжаць работу па аптымізацыі расходаў, скарачэнні запасаў непрымяняемых узбраення і тэхнікі.

"Нагадаю яшчэ адно маё патрабаванне - ваенныя расходы павінны быць усебакова ўзважаны і падлічаны. Як кажуць у народзе: "Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж". Мы не можам сабе дазволіць, напрыклад, як Расія, столькі грошай траціць на абарону, нам гэтага і не трэба, ды і грошай такіх у нас няма і ніколі не будзе", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Міністэрству абароны неабходна мэтанакіравана рухацца па вызначаным шляху якаснага пераўтварэння арміі і падрыхтоўкі войскаў.

 

Лукашэнка не задаволены фізічнай падрыхтоўкай афіцэраў: "некаторыя ў люк не ўлазяць!"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу ўзмацніць патрабаванні да падрыхтоўкі афіцэраў і падраздзяленняў.

Кіраўнік дзяржавы лічыць захаванне кадравага патэнцыялу Узброеных Сіл адной з важнейшых задач. "Сапраўдны афіцэр - гэта патрыёт і прафесіянал. Без яго армія, няхай нават суперсучасная, не патрэбна", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што дзяржава, як бы ні было цяжка, забяспечвае сацыяльную абарону ваеннаслужачых.

 

У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў насцярожанасць некаторымі момантамі, у прыватнасці ўзроўнем прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэраў. "Перш за ўсё здзіўляе ўзровень фізічнай падрыхтоўкі маладых афіцэраў ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. "Дасягненні" больш як 50 працэнтаў з іх ацэнены на "здавальняюча" і "нездавальняюча". У многіх афіцэраў слаба развіта вынослівасць. Значная колькасць мае залішнюю вагу. Як гэта разумець? - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. - Не мне ж вам тлумачыць, што няма ні афіцэра, ні салдата без належнай фізічнай падрыхтоўкі. У нас жа некаторыя афіцэры-танкісты, камандзіры БМП і іншыя ў люк не ўлазяць!"

"Разбярыцеся, такое становішча нікуды не варта і мяне як Галоўнакамандуючага не задавольвае!" - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для фізічнай падрыхтоўкі не патрэбны вялікія ўкладанні: у кожнай воінскай часці ёсць спартыўныя гарадкі, палосы перашкод, трэнажорныя залы і бегавыя дарожкі. Прэзідэнт дадаў, што сёння патэнцыял арміі ў спартыўных спаборніцтвах, у спартыўнай славе беларускай дзяржавы набліжаецца да нуля.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па некаторых іншых напрамках падрыхтоўкі ваеннаслужачыя паказваюць нядрэнныя вынікі, аднак месцамі прасочваюцца спрашчэнства і фармалізм.

 

"Так справа не пойдзе. Армію цяпер нішто не ліхаманіць. У вас ёсць усе магчымасці планамерна займацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што афіцэры павінны падаваць прыклад па захаванні таго, што створана, і ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. У кожнай воінскай часці павінны падтрымлівацца жалезны парадак і дысцыпліна, а прызванаму ў армію грамадзяніну неабходна стварыць нармальныя, але не цяплічныя ўмовы для службы.

 

Лукашэнка: сутнасць эканамічнай рэформы - у вытворчасці якаснага тавару і яго рэалізацыі па добрай цане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць сутнасць эканамічнай рэформы ў краіне ў вытворчасці якаснага тавару і яго рэалізацыі па добрай цане.

"Урад удзяляе ўвагу гэтай праблеме і спрабуе рэалізаваць план Прэзідэнта па развіцці эканомікі і сур'ёзным яе ўдасканаленні. Але яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы знаходзімся ў няпростай сітуацыі, таму не атрымаецца падмяніць рэальную работу ў эканоміцы нейкімі рэформамі (у тым ліку радыкальнага характару), якія абсалютна непрымальныя, асабліва ў крызісны перыяд", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

 

Паводле яго слоў, трэба цвёрда разумець, што рэформы сёння ў адным - трэба вырабіць якасны тавар і прадаць яго за добрыя грошы. "Гэта найважнейшае пытанне, якое стаіць перад урадам, эканамічным блокам, ды і ваенна-прамысловым комплексам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий