Захаванне працоўных калектываў - галоўная задача — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Захаванне працоўных калектываў - галоўная задача

26 мая 2015 - Administrator
article1722.jpg

 

У Мінску 21-22 мая прайшоў VII з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У Палацы культуры прафсаюзаў сабраліся больш за 500 дэлегатаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны і галіны народнай гаспадаркі. У рабоце з'езда таксама прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі дырэктарскага корпуса, замежныя госці з 14 дзяржаў - лідары міжнародных прафсаюзных арганізацый, нацыянальных прафцэнтраў краін блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый. На пасяджэнні была зацверджана Праграма дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2015-2020 гады. З'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выбраў старшынёй арганізацыі Міхаіла Орду.


Лукашэнка: прафсаюзы былі і застаюцца адной з асноўных апор грамадзянскай супольнасці

Прафсаюзы былі і застаюцца адной з асноўных апор грамадзянскай супольнасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VII з'ездзе ФПБ.

"Менавіта таму яны павінны ўзяць на сябе частку той вялізнай работы, якую давядзецца ў бліжэйшым будучым выканаць нашай краіне", - лічыць Прэзідэнт.

"Прафсаюзы застаюцца адной з апор нашай грамадзянскай супольнасці. Нас некалі папракалі ў тым, што ў нас няма грамадзянскай супольнасці. Гэтыя нашы партыі, або, як іх у народзе называюць, партыйкі, у асноўным апазіцыйныя, пятая калона", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі разам з прафсаюзамі грамадзянскую супольнасць складаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ветэранская арганізацыя і Беларускі саюз жанчын. "Яны што, па колькасці меншыя, чым гэтыя партыі? Ды ніхто нават не ведае, якая ў іх (апазіцыйных партый. - Заўвага БЕЛТА) колькасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Апазіцыйныя партыі лепш не слухаць". Вельмі яны далёкія ад народа, адзначыў Прэзідэнт. Прафсаюзы ж з'яўляюцца асноўнай апорай дзяржавы. "Я толькі што сказаў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў, што вы - партыя нашых працоўных. Вы з'яўляецеся асноўным правадніком дзяржаўных ідэй. Вам павінна быць да ўсяго справа", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў рэспубліканскім, галіновым абласным аб'яднанням прафсаюзаў, тым, хто вылучыў яго кандыдатуру і выбраў дэлегатам гэтага форуму.


Паводле яго слоў, з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адыгрывае важную ролю ў жыцці дзяржавы. Гэта самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны. Яна аб'ядноўвае ў сваіх радах больш за 90 працэнтаў актыўнага насельніцтва Беларусі - прыкладна 4 млн 100 тыс. чалавек.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў таксама вялікую ролю прафсаюзаў і сказаў, што ў Беларусі выбудавана выразная сістэма рэгулявання працоўных адносін. У яе аснове - генеральнае пагадненне паміж урадам, аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. Для абароны і забеспячэння сацыяльнай гарантыі працоўных вядзецца пастаянная работа па развіцці і ўмацаванні сацыяльнага партнёрства на ўсіх узроўнях.

Прэзідэнт нагадаў, што ў нядаўнім Пасланні беларускаму народу ён абазначыў ключавыя выклікі, з якімі сутыкнулася наша дзяржава ва ўмовах чарговага сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу і эканамічных санкцый супраць Расіі, і падзей ва Украіне.


Лукашэнка: вопыт Беларусі ў пераадоленні эканамічнага спаду ва ўмовах крызісу і санкцый супраць Расіі ўнікальны

Ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу і эканамічных санкцый супраць Расіі вопыт Беларусі ў пераадоленні эканамічнага спаду быў унікальным, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Беларускі вопыт пераадолення эканамічнага спаду, па сутнасці, быў унікальным, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У ЗША, Заходняй Еўропе адзначаліся масавыя скарачэнні. Сотні тысяч людзей раптоўна страцілі работу, але мы выстаялі тады і цяпер справімся".

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь - краіна з адкрытай эканомікай, і знешнія фактары аказваюць на яе моцны ўплыў. "Цяпер мы перажываем пэўныя цяжкасці, звязаныя перш за ўсё з крызісам, што ўзнік у нашых асноўных гандлёвых партнёраў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, "іх праблемы непазбежна закранулі айчынныя прадпрыемствы". "Тым не менш у нас ёсць вопыт работы ў такіх умовах", - сказаў Прэзідэнт.


Асноватворным момантам развіцця эканомікі цяпер з'яўляецца забеспячэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на знешніх рынках, гэта задача ў ліку найважнейшых, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць важным у сучасных умовах павышаць прадукцыйнасць працы, забяспечваць высокую якасць тавараў і паслуг, змяншаць выдаткі, эканоміць рэсурсы, узмацняць персанальную адказнасць і матывацыю кожнага на сваім рабочым месцы.


Лукашэнка патрабуе захавання працоўных калектываў, чаго б гэта ні каштавала

"Трэба захаваць працоўныя калектывы, чаго б нам гэта ні каштавала", - заявіў Аляксандр Лукашэнка на VII з'ездзе ФПБ. Ён адзначыў, што цяпер краіна зведвае цяжкасці, звязаныя перш за ўсё з крызісам, які ўзнік у асноўных гандлёвых партнёраў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта захаванне вытворчасцей і працоўных калектываў было ключавым момантам праблемнага перыяду ў гісторыі Беларусі і беларускі вопыт пераадолення праблем у эканоміцы аказаўся вельмі важным. "Мяне многія крытыкавалі за празмерную занятасць, але крызісы прыходзяць і адыходзяць. Калі пасля крызісу пачнецца аднаўленне, калі на вашу прадукцыю пойдзе попыт, у вас не будзе каму ствараць тавар, таму, чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць працоўныя калектывы", - дадаў Прэзідэнт.


Лукашэнка лічыць недапушчальным звальненне людзей з прадпрыемстваў з-за нейкіх складаных сітуацый у эканоміцы

"Наша агульная першачарговая мэта - не дапусціць, каб з-за нейкіх складаных сітуацый у эканоміцы людзей звальнялі з прадпрыемстваў. І тут вельмі значная роля прафсаюзаў", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ва ўсім свеце актуальна праблема скарачэння работнікаў. Не ўсе наймальнікі ставяць у аснову  інтарэсы тых, каму яны далі работу. Лёсы людзей часта прыносяць у ахвяру інтарэсам прыбытку і эфектыўнасці.

"Але для гэтага і існуе сістэма стрымлівання і процівагі ў асобе прафсаюзных арганізацый, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта яны, дзейнічаючы строга ў рамках закона, павінны не дапусціць неабгрунтаванага скарачэння людзей. Зразумела, што тут неабходна дзейнічаць з пазіцыі разважлівасці. Імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі, і некаторыя рабочыя функцыі знікаюць натуральным чынам: іх проста пачынаюць выконваць машыны. Але тады вызваленым работнікам трэба знайсці новае прымяненне".


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры скарачэнні людзей галоўная задача кіраўніка - дапамагчы чалавеку з працаўладкаваннем. Чалавек не павінен быць выкінуты на вуліцу і не павінен аказацца сам-насам са сваімі праблемамі - кіраўніцтва прадпрыемстваў, прафсаюзы, мясцовыя органы ўлады павінны сумесна вырашаць гэтыя праблемы. "Прафсаюзы, дарэчы, сумесна з цэнтрамі занятасці маглі б узяць на сябе клопат па іх перападрыхтоўцы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што прафсаюзы павінны знайсці сваё месца ва ўзаемадзеянні з цэнтрамі занятасці.

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Права на працу - адно з фундаментальных правоў грамадзян. У незалежнай Беларусі мы збераглі гэта права для нашых людзей. І справа не толькі ў тым, што яно запісана ў Канстытуцыі. Уся сацыяльна-эканамічная палітыка ў нашай краіне падпарадкавана дасягненню гэтай мэты, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы рабілі часам немагчымае для таго, каб права на працу не засталося на паперы, а было рэалізавана ў жыцці".


Прэзідэнт перакананы, што захаванне рабочых месц - пастаяннае ключавое патрабаванне да любога кіраўніка незалежна ад таго, прыватнік гэта ці дзяржаўны ўласнік.


Прэзідэнт Беларусі патрабуе ад прафсаюзаў рэальнай абароны інтарэсаў працоўных калектываў

"Мы шмат гаворым аб ролі наглядальных саветаў на прадпрыемствах, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Прафсаюзныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у вырашэнні надзённых праблем у рамках дзейнасці гэтых структур. На вашых плячах не толькі грамадскія работы, але і рэальныя задачы па кантролі за прадукцыйнасцю працы, яе ўмовамі, адказнасць за вынікі".


Прэзідэнт лічыць, што прафсаюзам неабходна актыўна ўключыцца і ў працэсы кантролю якасці прадукцыі, своечасовай выплаты заработнай платы і нават пошуку новых рынкаў збыту, разгрузкі складоў. "Ні ў якім разе нельга эканоміць на людзях, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Усё, што імі зароблена, павінна быць выплачана поўнасцю і ў тэрмін. Усё гэта і ёсць рэальная абарона інтарэсаў працоўных калектываў".

Гаворачы аб сітуацыі, калі калектыўны дагавор у арганізацыях распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў незалежна ад членства ў прафсаюзе, Прэзідэнт сказаў: "Мы гэту праблему вырашым так, каб гэта было справядліва".


Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад прафсаюзаў абараняць у першую чаргу правы тых, хто хоча працаваць. "У аснове вашай пазіцыі павінна быць справядлівасць. Дзейнічайце справядліва, калі не хапае таго або іншага закона або нарматыўнага прававога акта", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прафсаюзам разам з органамі ўлады ўсур'ёз заняцца работай па захаванні рабочых месц. "Так, складана, цяжка, мы тут стогнем, ім (працоўным калектывам. - Заўвага БЕЛТА) нялёгка, але яны будуць бачыць, што мы праз не магу пераступілі і зрабілі галоўнае для іх - усялілі ў іх надзею, што яны на гэтым прадпрыемстве і заўтра будуць працаваць і што яны няхай і невялікую зарплату, але будуць атрымліваць пры захаванні, а недзе і адкаце цэн на асноўныя прадукты", - сказаў Прэзідэнт. "Мы павінны захаваць працоўныя калектывы і даць чалавеку ўпэўненасць у тым, што заўтрашні дзень у яго будзе не горшы, чым учарашні", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.


Што датычыцца вырашэння жыллёвага пытання, то Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прыярытэт тут будзе аддавацца шматдзетным сем'ям і ваеннаслужачым. "Што ў нас ёсць, мы выдзяляем на жыллёвае будаўніцтва і будзем гэта рабіць. Будзе больш сродкаў, яны будуць накіраваны перш за ўсё на жыллё", - сказаў Прэзідэнт.


Прэзідэнт: эканомія на жыцці і здароўі людзей недапушчальна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным эканомію на здароўі і жыцці людзей і патрабуе жорсткага выканання бяспечных умоў працы.

"Бяспечныя ўмовы працы - гэта тое, што, безумоўна, павінна быць створана на любым рабочым месцы. Скажам адкрыта, часам гэтым пагарджаюць з-за нядбайнасці і бесклапотнасці, часам таму, што хочуць сэканоміць. Але калі размова ідзе аб жыцці і здароўі людзей, то эканомія зусім недапушчальна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, дасканала сачыць за гэтым павінны прафсаюзныя камітэты, у якіх для гэтага ёсць прававыя магчымасці.


Прэзідэнт звярнуў увагу на спробы кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў утаіць вытворчыя траўмы, каб не выплачваць пацярпелым належныя кампенсацыі. Паводле яго слоў, тэхнічнай інспекцыяй працы Федэрацыі прафсаюзаў за апошнія пяць гадоў былі выяўлены 17 утоеных ад расследавання эпізодаў. Па патрабаванні інспекцыі перааформлены з невытворчых у вытворчыя 31 няшчасны выпадак са смяротным канцом. Па кожным з іх была праведзена праверка. "Але такія факты ў далейшым недапушчальныя! І нам трэба павышаць адказнасць кіраўнікоў за такія выпадкі, тады іх будзе менш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму п'янства на рабочых месцах. Ён адзначыў, што па-ранейшаму высокі працэнт няшчасных выпадкаў на вытворчасці, якія адбыліся па віне нецвярозых работнікаў. Так, у 2014 годзе загінулі амаль 150 чалавек, пры гэтым практычна кожны пяты быў у нецвярозым стане. "Гэта ненармальна! Змагацца з гэтай згубнай прывычкай трэба разам. Кіраўнікам прадпрыемстваў і прафсаюзным камітэтам неабходна праводзіць паўсюдную прафілактычную работу, у тым ліку павышаючы калектыўную адказнасць. П'яніцам і разгільдзяям не месца на прадпрыемстве!" - сказаў Прэзідэнт.

"Да гэтага часу выяўляюцца факты пакрывання вінаватага, аднак, закрываючы вочы на іх, калегі і непасрэдны начальнік рызыкуюць жыццём і здароўем людзей", - дадаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка: да сярэдзіны 2016 года ва ўсіх працоўных калектывах павінны быць прафсаюзныя арганізацыі

"Да сярэдзіны будучага года ва ўсіх працоўных калектывах, няважна якой формы ўласнасці, павінны быць прафсаюзныя арганізацыі. Трэба гэта ў законе прапісаць, давайце прапішам, не будзем хаваць, як страусы, галаву ў пясок. І я гэта кажу не для папулізму", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта пытанне ў краіне закраналі ўжо не адзін раз. "Я сказаў кіраўніку нашых прафсаюзаў: вы непасрэдна мне напішыце, хто не хоча стварэння гэтых прафсаюзных арганізацый. Мы ведаем, як на іх уздзейнічаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што замежныя арганізацыі, якія працуюць у Беларусі, павінны працаваць на беларускі народ. "З намі лепш па-добраму гаварыць і разумець, што прыйшоў у краіну працаваць. А то прыходзяць і тут пачынаюць арудаваць. У нас хабарамі вялікіх начальнікаў не купіш, і трэба разумець: калі кіраўнік дзяржавы гаворыць, што галоўнае - гэта гарод, значыць, гэты народ павінен быць галоўным у краіне, перш за ўсё, для іншаземцаў, якія сюды прыходзяць. Паспрабуйце ў Амерыку прыйсці і не выканаць не тое што пункт закона, хоць адну коску прапусціць - ты вылеціш адтуль, пры поўнай дэмакратыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


"Таму да сярэдзіны будучага года прафсаюзы не павінны больш ставіць пытанне на вялікіх нарадах у прысутнасці Прэзідэнта аб тым, што нешта не атрымліваецца па стварэнні пярвічак у прыватных арганізацыях, акцыянерных таварыствах і інш. На беларускай зямлі працуеш, працуе ў цябе наш чалавек, значыць, павінна быць арганізацыя, якая яго будзе абараняць. Гэта павінны быць нашы прафсаюзы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў краіне ўжо ёсць такі станоўчы вопыт. У прыватнасці, адзіная прафсаюзная арганізацыя працуе ў ААТ "Амкадор", пярвічная прафсаюзная арганізацыя створана ў ТАА "Еўраторг", дзе штат складае больш як 30 тыс. супрацоўнікаў.

"Прыватны сектар эканомікі ў Беларусі пастаянна павялічваецца. Да нас прыходзяць замежныя інвестары, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы і філіялы буйных замежных карпарацый. На іх працуюць нашы суайчыннікі. І яны маюць поўнае права на абарону сваіх інтарэсаў", - лічыць беларускі лідар.


Паводле слоў Прэзідэнта, трэба звярнуць увагу на недзяржаўны сектар эканомікі і з іншага боку: тут нярэдка парушаюцца патрабаванні заканадаўства аб працы. "Кіраўнікі некаторых кампаній і фірм у пагоні за прыбыткам не ўдзяляюць належнай увагі ўмовам работы, вытворчаму быту, медыцынскаму абслугоўванню. Часта перашкаджаюць стварэнню пярвічных прафсаюзных арганізацый, ухіляюцца ад афармлення дагаворных адносін з работнікам, выплачваюць зарплаты ў канвертах. Вынік гэтага - пазбаўленне чалавека законнага права на сацыяльную падтрымку і фарміраванне гарантаванага пенсійнага забеспячэння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка: прафсаюзы павінны працягваць руку дапамогі чалавеку ў любой жыццёвай сітуацыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адводзіць значную ролю сацыяльнай накіраванасці дзейнасці прафсаюзнага руху.

"Справа прафсаюзаў - быць побач з чалавекам і працягнуць яму руку дапамогі ў любой жыццёвай сітуацыі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы павінны дайсці да кожнага: дапамагчы ў вырашэнні пытання выдзялення месца ў дзіцячым садзе дзіцяці, пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер, аказаць садзейнічанне ў санаторна-курортным лячэнні працоўных - усё гэта вашы непасрэдныя задачы".


Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу прывёў сітуацыю ў Гомелі, дзе прафсаюз работнікаў гандлю ўзяў шэфства над чатырма дзецьмі, у якіх памерла маці, а праз два гады дзеці засталіся і без бацькі, толькі з бабуляй. "Прафсаюз не пакінуў гэту сям'ю: падтрымлівае і дапамагае ў вырашэнні праблем, радуецца поспехам падрастаючых дзетак", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Але гэта адна сям'я. Напэўна, у нас не вельмі шмат такіх, але яны ёсць. Знайдзіце гэтыя сем'і, акажыце ім падтрымку. Калі ў вас няма на гэта сродкаў, дзяржава заўсёды знойдзе, як падтрымаць такія сем'і. Там, дзе дзіця і стары - гэта наша задача, гэта наша праблема, мы ім павінны абавязкова працягнуць руку дапамогі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, штонеабходна развіваць далей мэтавыя сацыяльныя праекты. У прыватнасці, такія, як дабрачынная акцыя "Прафсаюзы - дзецям", дзякуючы якой на пастаяннай аснове арганізавана шэфства над дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі і сацыяльнымі прытулкамі.

Прэзідэнт заклікаў прафсаюзы звярнуць увагу і на маладых спецыялістаў, тых, хто толькі ўчора прыйшоў у працоўныя калектывы, а таксама на ветэранаў працы. Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне тым фактам, што ў Беларусі практычна ўсе працоўныя калектывы захавалі добрыя адносіны да ветэранаў працы.


Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Федэрацыя прафсаюзаў і Міністэрства адукацыі ўнеслі добрую прапанову ўключыць у школьную праграму абавязковае наведванне значных мясцін Беларусі. "Гэтым трэба займацца, гэта частка патрыятычнага выхавання", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што такі вопыт быў у Савецкім Саюзе, аднак цяпер яго пачалі забываць. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў арганізоўваць паездкі ў тым ліку ў шосты школьны дзень - суботу.

Беларускі лідар таксама запатрабаваў захаваць сацыяльныя аб'екты, замацаваныя за прадпрыемствамі. "Прадпрыемствы не павінны скідваць сацыяльныя аб'екты і сацыяльную сферу. Гэта мой прынцып. Нармальны кіраўнік ніколі ні санаторый, ні спартыўны аб'ект нікуды перадаваць не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: усе пераўтварэнні будуць накіраваны на забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і падтрымку працоўных

Усе пераўтварэнні, новыя рашэнні і падыходы перш за ўсё будуць накіраваны на забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці, абарону і падтрымку працоўных. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"У гэтым галоўны сэнс і сутнасць беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І ад гэтых прынцыпаў мы не адступім ніколі". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі заўсёды будзе чалавек працы. Дзяржава для народа - не лозунг, а кіраўніцтва да дзеяння, падкрэсліў Прэзідэнт. "Менавіта для чалавека працы створана наша палітычная сістэма, якая гарантуе мір і парадак, эканамічная мадэль, што забяспечвае магчымасць працаваць і зарабляць. Мы стварылі магутную сацыяльную сістэму - даступную медыцыну, адукацыю, жыллё, надзейную сацыяльную абарону", - сказаў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што так будзе і ў далейшым.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што прафсаюзам трэба сачыць за выкананнем дагаворных адносін. "Адстойваючы пазіцыю работнікаў, вы павінны быць аб'ектыўнымі. Важна захаваць баланс інтарэсаў усіх бакоў - і наймальніка, і работніка", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.


Захоўваючы лепшае, ФПБ прадоўжыць пошук больш эфектыўных форм работы

Аб гэтым заявіў старшыня ФПБ Міхаіл Орда ў ходзе VII з'езда ФПБ.

"На з'ездзе неабходна абмеркаваць і прыняць праграму дзеянняў на пяць гадоў. Яна абмяркоўвалася ў шырокім коле прафсаюзнага актыву, агучана шмат цікавых прапаноў, у якіх адлюстраваны ўсе напрамкі нашай работы: сацыяльнае партнёрства, аплата працы, бяспека рабочых месц, міжнародная і інфармацыйная работа і многае іншае. Калі мы толькі пачыналі працаваць над гэтым дакументам, вызначылі, што праграма павінна быць прыземленай і рэальнай", - падкрэсліў Міхаіл Орда.

Раней абмяркоўвалася і знайшло падтрымку рашэнне Прэзідыума ФПБ аб увядзенні ў прафсаюзах рэжыму эканоміі, скарачэнні непершарадных мерапрыемстваў прафарганізацый усіх узроўняў. "Вызваленыя сродкі мы вырашылі накіраваць на падтрымку тым членам прафсаюзаў, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы з-за ўвядзення ў арганізацыях рэжыму няпоўнай занятасці", - заўважыў Міхаіл Орда.

Паводле яго слоў, таксама прынята рашэнне выкарыстоўваць магчымасць перанавучання, перапрафілявання кадраў для працаўладкавання работнікаў на сваіх або іншых прадпрыемствах горада ці раёна. "У сваю чаргу мы звяртаемся да наймальнікаў з просьбай па прыняцці мер для захавання рабочых месц, незніжэння сацыяльнай абароненасці работнікаў, захавання абавязацельстваў калектыўных дагавораў і пагадненняў і, па магчымасці, іх поўнага выканання", - сказаў ён.


Старшыня ФПБ Міхаіл Орда: неабходна ўзмацніць работу пярвічнага звяна

"Пярвічная прафесійная арганізацыя - наша самае галоўнае звяно. Наколькі там будуць добрыя ў рабоце прафсаюзныя лідары, настолькі аўтарытэтным будзе наш прафсаюзны рух", - заўважыў Міхаіл Орда.

Паводле яго слоў, для таго каб быць запатрабаванымі, прафсаюзныя арганізацыі павінны ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам сваіх членаў. "Неабходна аператыўная рабочая сувязь паміж усімі арганізацыйнымі структурамі прафсаюзаў, у тым ліку для выяўлення праблем, якія наспяваюць, і адэкватнага прадухілення іх несправядлівага вырашэння. Яшчэ неабходна ўдасканальваць сістэму аператыўнага давядзення рашэнняў выбарных органаў да членаў прафсаюзаў", - лічыць старшыня ФПБ.

Ён таксама дадаў, што неабходна забяспечыць дастойнае прадстаўленне інтарэсаў усіх членаў прафсаюзаў.


Орда прапануе ўвесці адміністрацыйную адказнасць для наймальніка ў выпадку процідзеяння прафсаюзам

Звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіл Орда адзначыў: "Мы просім падтрымаць нас у частцы ўдакладнення працоўнага заканадаўства. Просім увесці норму ў Працоўны кодэкс і прадугледзець адміністрацыйную адказнасць для наймальніка, калі з яго боку ёсць процідзеянне рабоце прафсаюзных арганізацый", - сказаў ён.

"У гэтым пытанні хачу растлумачыць: мы не звяртаемся з просьбай абавязаць усіх наймальнікаў ствараць прафсаюзныя арганізацыі, але мы бачым, што з іх боку ідзе процідзеянне таму, каб у людзей была прафсаюзная арганізацыя. У гэтай частцы мы просім падтрымкі", - удакладніў старшыня ФПБ.


ФПБ нацэлена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з прыватнымі арганізацыямі - Орда

Міхаіл Орда падкрэсліў, што прафсаюзы нацэлены на канструктыўнае ўзаемадзеянне з прыватнымі арганізацыямі і зацікаўлены ў абароне правоў працоўных, а не ў стварэнні канфліктных сітуацый з кіраўніцтвам прыватных кампаній. Да таго ж, паводле слоў старшыні ФПБ, многія людзі зацікаўлены ў дапамозе прафсаюзаў - яны задумваюцца аб сваёй будучыні і, напрыклад, не хочуць атрымліваць зарплату ў канвертах, таму што ў будучым гэта паўплывае на памер іх пенсіі. Ён звярнуў увагу, што ў прыватных кампаніях ужо створана каля 3 тыс. прафсаюзных арганізацый. "Прафсаюзы ў прыватных арганізацыях - не адзінкавыя выпадкі, яны ёсць і паспяхова дзейнічаюць", - адзначыў ён.

Акрамя таго, ФПБ гатова адстойваць інтарэсы прыватных кампаній і іх супрацоўнікаў на ўзроўні ўрада і парламента. "Калі мы будзем рабіць гэта калектыўна, мы будзем мець большую сілу", - упэўнены ён.

"Нейкай небяспекі прыватным арганізацыям мы не нясём. Наадварот, мы ідзём з добрай прапановай. І гэта абсалютна шчыра", - рэзюмаваў Міхаіл Орда.


Орда адзначае важнасць правядзення прафілактычнай работы па недапушчэнні парушэнняў умоў працы і тэхнікі бяспекі

Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, яшчэ адзін прыярытэтны напрамак дзейнасці, які мае агульнадзяржаўнае значэнне і таксама датычыцца непасрэдна кожнага чалавека, - ахова працы. Нягледзячы на праводзімую ў дзяржаве органамі нагляду і кантролю, наймальнікамі, прафсаюзнымі камітэтамі работу, няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у тым ліку са смяротным і цяжкім канцом, пакуль пазбегнуць не ўдаецца. Таму так важна аб'ектыўнасць пры расследаванні і прафілактычная работа.

Паводле слоў Міхаіла Орды, з боку прафсаюзаў гэту работу ажыццяўляюць 125 штатных тэхнічных інспектараў. За пяць гадоў тэхнічныя інспектары правялі амаль 34 тыс. праверак і маніторынгаў у арганізацыях і на прадпрыемствах як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці. Выяўлена каля 266 тыс. парушэнняў патрабаванняў аховы працы, прыпынена эксплуатацыя 20 вытворчых участкаў і больш за 1 тыс. адзінак абсталявання, якое пагражала жыццю і здароўю работнікаў.


Старшыня ФПБ таксама звярнуў увагу, што кожны год тэхнічныя інспектары кантралююць выкананне заканадаўства аб ахове працы ў розных арганізацыях, у час уборкі ўраджаю, праводзяць праверкі дзіцячых аздараўленчых лагераў, студэнцкіх атрадаў. "У гэтым годзе пачалі працаваць мабільныя групы федэрацыі, і мы прапануем, каб вынікі комплексных праверак мабільных груп тэхнічных інспектараў сталі прадметам шырокага разгляду і на пасяджэннях мясцовых выканкамаў, дэпутацкіх камісій. Ад гэтага агульная справа арганізацыі аховы працы толькі выйграе", - упэўнены ён.

"Там, дзе эфектыўна працуе тэхнічная інспекцыя, няма траўмаў і няшчасных выпадкаў, паколькі ні адзін кіраўнік не адмахнецца ад парады па паляпшэнні бяспечных умоў працы", - рэзюмаваў Міхаіл Орда.


Орда патрабуе вырашыць пытанне з заключэннем калектыўных дагавораў да канца 2015 года

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў ходзе VII з'езда ФПБ запатрабаваў, каб да канца 2015 года калектыўны дагавор быў у кожнай арганізацыі, дзе ёсць прафсаюз.

Як адзначыў Міхаіл Орда, важным інструментам для эфектыўнай прафсаюзнай работы з'яўляецца калектыўны дагавор. У краіне заключана і дзейнічае каля 18 тыс. калектыўных дагавораў, дзеянне якіх распаўсюджваецца на больш як 19 тыс. арганізацый. Падтрымку і сацыяльныя гарантыі праз іх атрымліваюць 4 млн чалавек. Разам з тым, паводле яго слоў, у арганізацыях пры рэалізацыі пагадненняў і дагавораў ёсць недахопы, над устараненнем якіх трэба будзе працаваць у бліжэйшы час.


"Яшчэ сустракаюцца пагадненні і дагаворы, у якіх не прапісаны гарантыі сацыяльнай абароны, прынятыя на ўзроўні краіны, рэгіёна, галіны. Гэта нават у тых выпадках, калі не патрабуецца вялікіх фінансавых затрат. У некаторых пярвічных прафарганізацыях калектыўныя дагаворы не заключаюцца наогул, што ў нашай прафсаюзнай рабоце проста недапушчальна. Хачу звярнуцца да актыву: да канца года пытанне з калектыўнымі дагаворамі павінна быць вырашана. У адваротным выпадку мы будзем лічыць, што прафсаюз, мякка кажучы, недапрацоўвае або не працуе наогул", - падкрэсліў Міхаіл Орда.


"Моцны бок прафсаюзаў - у нашым адзінстве, разам мы абараняем правы працоўных, і не выпадкова гэты пасыл закладзены ў аснову з'езда. Мы разам адказваем за стабільнасць і дабрабыт краіны", - лічыць старшыня ФПБ. Ён таксама звярнуў увагу, што гэты год з'яўляецца палітычным годам для Беларусі, гэта год прэзідэнцкіх выбараў, які павінен вызначыць паслядоўнасць развіцця беларускай дзяржавы.


ФПБ лічыць несправядлівым распаўсюджванне калектыўнага дагавора ў арганізацыях незалежна ад членства ў прафсаюзе

Паводле слоў Міхаіла Орды, да гэтага часу застаецца нявырашаным пытанне, як і на каго распаўсюджваецца калектыўны дагавор. "Прафсаюзны актыў, члены прафсаюза лічаць несправядлівым, што ён распаўсюджваецца на ўсіх, незалежна ад таго, знаходзіцца чалавек у прафсаюзе ці не. Прафсаюз вядзе перагаворы, б'ецца за сацыяльныя гарантыі, заключае калектыўныя дагаворы з наймальнікам. Але вось у чым парадокс: сацыяльнымі гарантыямі калектыўнага дагавора нараўне з членамі прафсаюза карыстаюцца і тыя, хто не знаходзіцца ў прафсаюзах", - сказаў ён.


У многіх гэта пытанне выклікае недаўменне, адзначыў старшыня ФПБ. "Людзі гавораць: мы ўдзельнічаем у прафсаюзных мерапрыемствах, плацім узносы, а іншыя нічога гэтага не робяць. Атрымліваецца несправядліва. Гэта пытанне разумеюць усе галіновыя прафсаюзы і просяць на заканадаўчым узроўні ўдакладніць такую норму Працоўнага кодэкса", - сказаў Міхаіл Орда. Ён дадаў, што ў сувязі з гэтым Беларуссю вывучаўся вопыт іншых краін, у прыватнасці Турцыі, Даніі, Германіі, Расіі.

Старшыня ФПБ звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які прысутнічае на з'ездзе, з просьбай падтрымаць прафсаюзы ў гэтым пытанні.


Захаванне працоўных калектываў з'яўляецца галоўнай задачай прафсаюзаў - дэлегат з'езда ФПБ

Аб гэтым заявіў старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ "Гомсельмаш" Пётр Ахраменка, выступаючы на пасяджэнні VII з'езда ФПБ.

"Галоўнай задачай як дырэктарскага корпуса, так і прафсаюзаў сёння з'яўляецца захаванне прафесійнага кадравага патэнцыялу і прымнажэнне прафесійнай кампетэнцыі кожнага работніка. Бо самая вялікая небяспека для чалавека - гэта застацца без работы", - адзначыў Пётр Ахраменка.

У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Святлана Клачок адзначыла, што дзякуючы ўзаемадзеянню наймальнікаў і прафсаюзаў у працоўных калектывах няма сацыяльнай напружанасці. Пры гэтым яна падкрэсліла, што наймальнікам і прафсаюзам варта паступова ўзмацняць узаемадзеянне. Яна выказалася за тое, каб прафсаюзы больш актыўна адстойвалі інтарэсы працоўных у тых выпадках, калі кіраўніцтва прадпрыемства прымае рашэнне аб змяншэнні або пазбаўленні работніка стымулюючых выплат. "Прапаную прадугледзець абавязковы ўдзел прафсаюзаў пры разглядзе гэтых пытанняў", - сказала Святлана Клачок.


Калектыўны дагавор у арганізацыях распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў незалежна ад членства ў прафсаюзе. "Прапаную ўнесці змяненні ў працоўнае заканадаўства і ўстанавіць для работнікаў, якія не з'яўляюцца членамі прафсаюзаў, абавязковыя штомесячныя адлічэнні грашовых сродкаў у памеры, устаноўленым калектыўным дагаворам", - дадала яна.


Праблему замацавання маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы ўзняў старшыня прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Аляксей Пагоцкі. Гаворачы аб медыцынскіх работніках, ён звярнуў увагу на неабходнасць максімальна хуткага вырашэння жыллёвага пытання маладых спецыялістаў. Прапанаваў пры выдачы крэдытаў на будаўніцтва жылля прадугледзець адтэрміноўку або змяншэнне выплат па крэдыце ў першыя два-тры гады.


Раённыя прафсаюзы павінны больш увагі ўдзяляць замацавальнасці маладых спецыялістаў - дэлегат з'езда ФПБ

Такое меркаванне выказаў дэлегат VII з'езда ФПБ, старшыня прафкама супрацоўнікаў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Уладзімір Аўдачонак.

"Да гэтага я 13 гадоў узначальваў студэнцкі прафсаюз ВНУ, таму прадаўжаю глядзець у бок моладзі. Бо гэта адна з найбольш стратэгічна важных частак грамадства. Але калі маладыя спецыялісты трапляюць на вытворчасць, чамусьці гэты рэсурс губляецца: па шэрагу прычын моладзь ідзе з прафесіі, падаецца ў камерцыю. Якраз у плане замацавальнасці спецыялістаў любой сферы прафсаюзы, мне здаецца, крыху недапрацоўваюць. Дык чаму б створаным нядаўна раённым аб'яднанням не ўзяць на сябе гэту задачу? Тым больш гэта будзе правільна ў Год моладзі", - растлумачыў сваю пазіцыю Уладзімір Аўдачонак.


Ён лічыць, што тэрытарыяльным прафсаюзным аб'яднанням будзе прасцей узяць шэфства над моладдзю, якая прыйшла ў раён, унікаючы ў яе клопаты і дапамагаючы ў вырашэнні пытанняў. Бо галіновыя арганізацыі адсочваюць толькі прадстаўнікоў сваіх прафесій.

Пярвічная арганізацыя ветакадэміі ўключае амаль 100 працэнтаў супрацоўнікаў ВНУ. Мэты і задачы карэлююцца з мэтамі і задачамі федэрацыі. У першую чаргу, гэта заключэнне калектыўных дагавораў. "У лютым у нас быў сход, на якім заключаны новы калектыўны дагавор, дзе мы стараліся не толькі захаваць сацыяльныя гарантыі і льготы, якія былі, але і прыўнесці дадатковыя бонусы", - адзначыў Уладзімір Аўдачонак.


Напрыклад, апошнія 10 гадоў сярод супрацоўнікаў ВНУ практычна няма чаргі на жыллё. Большасць змаглі пабудаваць або купіць кватэры, у тым ліку з выкарыстаннем бязвыплатнай разавай матэрыяльнай дапамогі акадэміі. Гэта прапісана ў калектыўным дагаворы, выкарыстоўваюцца сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці. "Мы наўмысна акцэнтавалі ўвагу ў дагаворы на тым, што члены прафсаюза карыстаюцца льготамі і бонусамі. Хоць і без гэтага давер людзей арганізацыі вялікі, і нават са зменай прафактыву адносіны не памяняліся. Яны ўпэўнены, што прафсаюз працуе і, калі раптам адбылася бяда, заўсёды можна атрымаць дапамогу або кансультацыю", - дадаў субяседнік.


Тэрытарыяльным прафсаюзным аб'яднанням трэба ўзмацніць каардынацыю работы з пярвічкамі - дэлегат з'езда ФПБ

Тэрытарыяльныя прафсаюзныя аб'яднанні маюць патрэбу ва ўзмацненні каардынацыі работы з пярвічнымі арганізацыямі ў раёнах, органамі ўлады і іншымі грамадскімі фарміраваннямі. Такое меркаванне выказаў дэлегат VII з'езда ФПБ старшыня Віцебскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Сямёнаў.

"Як кіраўніка гарадскога аб'яднання, якое было створана толькі ў гэтым годзе, мяне хвалюе пытанне ўзмацнення каардынацыі дзеянняў з органамі ўлады і грамадскімі фарміраваннямі, а таксама пярвічнымі арганізацыямі ў раёнах. Галіновы прынцып у нашай рабоце з'яўляецца галоўным, а тэрытарыяльная раз'яднанасць патрабуе пастаяннай каардынацыі, таму што ў кожным рэгіёне ставяцца нейкія свае канкрэтныя задачы. І пошук рашэнняў залежыць ад дзеянняў мясцовых пярвічных арганізацый", - растлумачыў Аляксандр Сямёнаў. У тым жа Віцебску больш за 800 пярвічак, большасць з якіх аб'яднаны ў звыш 20 галіновых прафсаюзаў і налічваюць каля 100 тыс. членаў. Разам з тым больш за 100 пярвічных арганізацый не маюць абласных прафорганаў і непасрэдна ўваходзяць у склад рэспубліканскіх камітэтаў Беларускага прафсаюза ў Мінску (напрыклад, транспарту і дарожнага будаўніцтва). Яны таксама патрабуюць пэўнай каардынацыі работы - праз савет гарадскога аб'яднання.

Аляксандр Сямёнаў дадаў, што створаны з прадстаўнікоў найбольш шматлікіх прафсаюзаў горада прэзідыум савета штомесяц разбірае бягучыя пытанні. Яны датычацца стварэння пярвічных арганізацый, аказання кансультацыйнай дапамогі тэрытарыяльным прафсаюзным аб'яднанням праз прававых інспектараў, арганізацыі мерапрыемстваў, рэалізацыі пуцёвак у санаторыі і г.д.


Праграма дзейнасці прафсаюзнага руху на 2015-2020 гады зацверджана ў Беларусі

Праграма дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2015-2020 гады зацверджана 22 мая на пасяджэнні VII з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па выніках галасавання яго дэлегатаў.

Асноўная мэта праграмы - прадаўжэнне выбранага прафесійнымі саюзамі курсу барацьбы за дастойную працу, дастойнае жыццё і сацыяльную справядлівасць, высокаэфектыўную эканоміку.

Асобны блок праграмы прысвечаны ўдасканаленню сістэмы аплаты працы. Важныя моманты, рэалізацыі якіх будзе дабівацца ФПБ, - паэтапнае збліжэнне ўзроўню зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый і ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне для паэтапнага дасягнення суадносін не менш як 90 працэнтаў, забеспячэнне своечасовай выплаты заработнай платы, выплаты ўзносаў па дзяржаўным сацыяльным страхаванні ў арганізацыях любых форм уласнасці. Прадугледжваецца таксама ўзмацніць ролю калектыўных дагавораў і пагадненняў у рэгуляванні пытанняў аплаты працы, павышэння адказнасці наймальнікаў за іх невыкананне.


Згодна з праграмай, прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў павінны ўзмацніць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, патрабавальнасць да наймальнікаў, якія парушаюць працоўныя правы работнікаў, аператыўна рэагаваць на выпадкі парушэння працоўнага заканадаўства.

Акрамя таго, прафсаюзы будуць садзейнічаць развіццю рынку працы і занятасці насельніцтва, забяспечваць сацыяльныя гарантыі работнікам пры прыватызацыі і рэфармаванні арганізацый, прававую абарону інтарэсаў работнікаў, у тым ліку ў пытанні пашырэння правоў прафсаюзаў пры рэфармаванні заканадаўства.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прадоўжыць развіваць супрацоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй працы, міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі, замежнымі нацыянальнымі прафсаюзнымі цэнтрамі.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий