Аб гатоўнасці ўстаноў адукацы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Аб гатоўнасці ўстаноў адукацы

29 августа 2018 - Administrator
article4162.jpg

 да новага навучальнага года і нарыхтоўцы другаснай сыравіны

24 жніўня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, падчас якога былі  разгледжаны  два актуальныя пытанні з жыцця і дзейнасці раёна: “Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года” і  “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы “Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў” Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады”.  Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, а пры разглядзе пытанняў  прысутнічаў намеснік старшыні Беларускага  вытворча-гандлёвага  канцэрна  лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Генадзь Дзікавіцкі.

Навучальныя ўстановы раёна гатовы да новага навучальнага года 
Па першым  пытанні “Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года” дакладваў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ігар Куіс. Як паведаміў выступоўца, у новым навучальным годзе ў раёне будуць працаваць, як і ў мінулым годзе, 63 установы адукацыі, з іх 29  устаноў  агульнай сярэдняй адукацыі, 29 – дашкольнай адукацыі, тры ўстановы дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр. Да заняткаў першага верасня прыступяць 6004 навучэнцы, у першы клас пойдуць 637 вучняў.
 Усе навучальныя ўстановы гатовы прыняць сваіх навучэнцаў. Выкананы касметычныя рамонты класаў, калідораў, харчаблокаў, спартыўнага абсталявання. Тэрыторыі і стадыёны прыведзены ў належны стан. 

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года на бягучы рамонт было запланавана 552,25 тысячы рублёў. За кошт пазабюджэтных сродкаў  закуплена матэрыялаў для правядзення рамонту  на суму 21 172,44  рубля. 
Усе ўстановы адукацыі ўкамплектаваныя пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, прыборамі ўліку цяпла, вады, рэгулявання цеплавой энергіі, усюды праведзены электрафізічныя вымярэнні. Гарачым харчаваннем будуць забяспечаны навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі раёна. У новым навучальным годзе будзе арганізаваны падвоз 743 школьнікаў і 163 выхаванцаў з 63-х населеных пунктаў раёна. Для гэтага будуць задзейнічаны 20 школьных аўтобусаў.  Усе транспартныя сродкі падрыхтаваныя для бяспечнай перавозкі дзяцей.

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 10 ліпеня 2018 года №797 выдзелена 67 536,00 рублёў у памеры 42 рублі на кожнага навучэнца на аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць трох і болей дзяцей.  Выплаты атрымалі 771 сям’я (1608 дзяцей).
 У гэтым годзе ва ўстановы адукацыі раёна на працу накіравана 18  маладых спецыялістаў, тры з іх паступілі ў магістратуру, пятнаццаць працаўладкавана. 
У цэлым, запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года  выкананы. 

Неабходна актывізаваць работу па нарыхтоўцы і здачы другаснай сыравіны
У рамках другога пытання “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы “Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў” Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады” была прааналізавана сітуацыя па нарыхтоўцы другаснай сыравіны і выкананні раёнам даведзенага задання па яе здачы на перапрацоўчыя прадпрыемствы. 

Па выніках  работы за сем месяцаў бягучага года маем наступныя паказчыкі  па здачы другаснай сыравіны. План здачы адходаў паперы і кардона раёнам выкананы  на 40,2 працэнта, шкла – на 31,4 працэнта, палімерных адходаў – на 61,5 працэнта, зношаных шын – на 40,7 працэнта, адпрацаваных масел – на 21,3 працэнта і бытавой тэхнікі – на 6,6 працэнта. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес, які дакладваў па гэтым пытанні, па ўсіх відах другаснай сыравіны, акрамя бытавой тэхнікі, маем рост за адпаведны перыяд мінулага года. Таму Івацэвіцкаму райста трэба актывізаваць работу па нарыхтоўцы бытавой тэхнікі. 

Нягледзячы на станоўчую дынаміку, ёсць шэраг  арганізацый і прадпрыемстваў, якія марудзяць з работай па здачы другаснай сыравіны, а некаторыя ўвогуле яшчэ не здавалі другасную сыравіну на нарыхтоўчыя пункты ці толькі прыступілі да яе здачы. Пры гэтым кожнае прадпрыемства ці арганізацыя штомесяц павінны даваць справаздачы ў ЖКГ па здачы адходаў.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук падкрэсліў, што работа ў дадзеным кірунку павінна весціся сістэмна і мэтанакіравана. Кіраўнікі ўсіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна павінны ўзяць пад асабісты кантроль выкананне даведзеных заданняў па здачы другаснай сыравіны. У мэтах актывізацыі работы ў гэтым кірунку ў раёне з 1 па 30 верасня гэтага года плануецца  правядзенне  месячніка па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
 Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий