У Авальнай зале Дома Урада… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У Авальнай зале Дома Урада…

25 декабря 2017 - Administrator
article3630.jpg

 “Навука ў лес не вядзе…” – у праўдзівасці гэтых слоў мелі магчымасць упэўніцца 18 навучэнцаў гарадскіх школ і ліцэя Івацэвіцкага раёна, якія між іншым яшчэ і актывісты, пераможцы раённых і абласных алімпіяд, актыў БРСМ. 


Дык куды прывяла навука самыя светлыя галовы раёна на мінулым тыдні? У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт? Нацыянальную бібліятэку? Бярыце вышэй: у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе іх сустрэлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Анатолій Уладзіміравіч Ткачук і загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы Валерый Валяр'янавіч Гамеза. 

Рабятам распавялі пра гісторыю ўзвядзення і архітэктурныя асаблівасці Дома Урада, а таксама правялі з імі захапляльную экскурсію па трэцім паверсе Палаты, дзе размешчана багатая экспазіцыя кніг, дакументаў, перыядычных выданняў, фотаздымкаў, падарункаў з розных краін свету, якія расказваюць пра станаўленне парламентарызму ў Рэспубліцы Беларусь, пра  Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і яго дзейнасць. Магчымасць 
дакрануцца да галоўных дакументаў краіны, перагарнуць старонкі выбарчых лістовак і прачытаць аўтабіяграфіі важных дзеячаў Палаты рабіла неабходныя акцэнты на ўрачыстасці і ўнікальнасці падзеі – трапіць у месца, дзе нараджаюцца планы і рэалізуюцца задачы дзяржаўнага значэння.
Менавіта ў Авальнай зале, дзе адбываюцца галоўныя падзеі краіны, падчас адкрытага дыялогу Анатолій Уладзіміравіч Ткачук пазнаёміў падлеткаў з дзейнасцю парламента, з сістэмай прыняцця законапраектаў, паўнамоцтвамі дэпутатаў і выказаў асноўнае пажаданне падлеткам: “Калі вы хочаце стаць студэнтамі Мінска, самае галоўнае для вас, канешне ж, – вучоба. Толькі праз неймаверныя намаганні, пераадоленне цяжкасцей і духоўнае сталенне можна дасягнуць нават недасяжных вышынь”. Адказ нашых вучняў не мог не парадаваць дэпутата: “Мы будзем і надалей імкнуцца толькі наперад. Мы абяцаем старацца і праславіць у хуткім часе Івацэвіцкі край”. З гумарам пранеслася між імі мара вярнуцца ўжо ў сталым узросце ў веліч і значнасць гэтых сцен не сённяшнімі слухачамі, а паўнапраўнымі прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу. Як знаць…

Яшчэ адной важнай падзеяй стала наведванне музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці – зусім маладога, але незвычайна яркага і багатага на экспанаты, які распавядае аб гісторыі нашай дзяржавы, пачынаючы з першых дзён яе станаўлення. Поўныя бляску і раскошы вітрыны,  незвычайныя мініяцюры галоўных гісторыка-культурных будынкаў краіны, каштоўныя сувеніры заварожвалі кожнага без выключэння, дэманструючы высокія дасягненні, паважлівы ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця і багацце духоўнага здабытку беларусаў. 
Дзень навучэнцаў, які распачаўся задоўга да першых промняў сонца і сустрэў першыя зоры, надоўга запомніцца падлеткам і стане сімвалічным адлікам новых дасягненняў на шляху да галоўнай мэты: славіць свой край.
Аляксандра Гардзейка, в. а. 1-га сакратара РК ГА “БРСМ”.
Комментарии (0)
Добавить комментарий